Пункціры вэрбальна-чалавечага сусьвету
Эла Кулеш
Думка ідзе ўслед за жыццём, жыццё --
услед за думкай, але гэта не рух па
крузе, гэта рух усім кругам -- у новую
якасць, у новае вымярэнне.
Слова бесперастанна становіцца “целам”,
і гэтаксама --
бесперастанна і ўзаемна -- “цела”
становіцца “словам”.
А.Разанаў
З тэорыі стварэньня
Чалавек і Слова, быццам браты-блізьняты, народжаныя ад адной сутнасьці, але ў розных вымярэньнях, ідуць поруч з самага пачатку. Згодна псыхалёгіі, Homo Sapiens узьнік тады, калі ўзьнікла вярбальнае мысьленьне. Слова-думка стварыла чалавека Чалавекам у яго сучасным разуменьні. Потым і павялося з нейкага нявызначанага моманту: Чалавек выказвае сваю сутнасьць праз слова, Слова ж выказваецца праз чалавека. Гэтак з кропкі нарадзіўся бінарны вярбальна-чалавечы Сусьвет.
“Спачатку было Слова…”-- сьцьвярджае Біблія. Але што такое Слова? І што падштурхнула яго выказацца, стацца целам?.. Што нас прымушае гаварыць? -- Вядома ж, пачуцьцё, інтэнцыя. Таму Слова -- гэта ня проста вынік інтэлектуальнай працы, а яшчэ і працы душы. Зрэшты, як і Чалавек. Інакш -- мы (словы і людзі) нешта кажам, недзе існуем, але не жывем і не прамаўляем.
“Спачатку было Слова, і Слова было Богам, і Слова было ў Бога”. Першасная інтэнцыя любога Бога любой рэлігіі -- гэта стварэньне чагосьці. Таму і Чалавек, і Слова нясуць у сабе/могуць вызначацца праз гэтую здольнасьць.
Ісьціна стварэньня заўсёды хаваецца на мяжы супрацьлегласьцяў: створанае -- нястворанае. Даведацца, чым ёсьць сьвятло, можна толькі запаліўшы яго ў цемры. Зразумець дабро можна толькі параўнаўшы яго зь ліхам. Гэтак узьніклі і Чалавек, і Слова. Назовы людзей і людскіх плямёнаў, як вядома, заўсёды зьяўляліся паміж імі і толькі потым пераходзілі ў саманазоў.
Мы клічам Чалавека, калі яго няма. Мы адчуваем/чуем Слова, калі…
Напоўніцу выказанае Слова можа параўнацца толькі з Маўчаньнем.
Маўчаньне пра Слова
Аднойчы Богу сталася сумна, і пасьля неакрэсьленага бязмоўя ён задумліва ўздыхнуў. У подыху Бога нарадзіўся сьвет. Слова праз творчы выдых сталася “целам”. Вайю, Одын, Барэй… Богі ветру. Імёны ветру. Ад іх/праз іх “уцелясьняліся” цэлыя народы.
Слова вызначаецца праз Маўчаньне. Яно адштурхаецца ад Маўчаньня, быццам страла ад лука. Разасобленыя, і страла і лук губляюць свой сэнс, выпадаюць з рэчаіснасьці, перастаюць быць Асобамі. Яны існуюць толькі ва ўзаемадзеяньні аднаго з другім. Гэтак немагчыма спазнаць Слова, ня ведаючы, чым ёсць Маўчаньне. Маўчаньне ж -- гэта адсутнасьць слова, “гэта тое ж слова, але са знакам мінус, яго страта, яго сьлед…”[1] Таму цалкам зразумелай робіцца няўдача сярэднявечных вучоных у спробе пачуць мову багоў ад дзяцей, узгадаваных у поўным бязмоўі, па-за бінарнай сыстэмай Слова -- Маўчаньне.
Каб сказаць, трэба пачуць. А пачуць немагчыма ня слухаючы.
Фатальнае братэрства
Псыхалягічную сутнасьць сувязі Чалавека й Слова адлюстроўвае архэтыпны грэцкі міт пра братоў-блізьнятаў Кастара і Полукса.
Дыялягічнасьць, сацыяльнасьць зьяўляецца адметнай рысай чалавечай асобы. У кожным як бы існуюць дзьве істоты -- пазачасавае (а значыцца несьмяротнае), нявыказанае -- Полукс і часовае, прамоўленае -- Кастар.
-- Хто гэта?
--Я.
-- Хто “я”?
-- Я, чалавек.
-- А хто кажа “я, чалавек”?
-- Мой язык.
-- Чый “мой”?
Гэты зьдзек можна працягваць да бясконцасьці. Тым самым ён выдатна ілюструе зьвяз сьмяротнага Кастара й несьмяротнага Полукса ў чалавечай асобе. Чалавек -- гэта несупынны дыялог паміж Словам і Маўчаньнем. Слова вынікае са зьвязу Маўчаньня й Чалавека. І Слова, і Чалавек могуць быць Асобамі творчасьці.
Агучанае Слова зьяўляецца невялічкім фрагмэнтам непрамоўленага, але патэнцыйна магчымага. Адно слова цягне за сабой мноства асацыяцый і сувязяў як зь іншымі словамі, гэтак і зь іншай рэчаіснасьцю. Кожнае слова першасна было асабовым, Асобай. Пазьней жа многія зь іх ва ўзаемадзеяньні зрабіліся паняткамі, што тлумачаць Слова. Гэтак і людзі знаходзяцца ў разнастайных стасунках між сабой, хоць усе -- з чалавечай прыроды.
Калісьці ўсе Словы/словы былі людзьмі і рэчамі. А значыць мова -- гэта ўцелясьнёныя ў гук і новую форму нашыя продкі, дзяды, наш Дом Быцця, наша Прастора, наш Час. Набываючы новую форму, яны існуюць цяпер, у новай рэальнасьці, а значыць зьяўляюцца намі. Адсюль можна ўявіць сабе, наколькі несьмяротнае Слова ў параўнаньні з фізычным жыцьцём Чалавека. Гэтак Полукс сыходзіць у Аід сьледам за братам. А Кастар, у сваю чаргу разьдзяліўшы несьмяротнасьць Полукса, вяртаецца на Алімп.
Сваё -- Чужое
Ужо сёньня кожны разумее, што растлумачыць фэномен існаваньня чалавека з дапамогай скальпеля немагчыма. Гэтаксама немагчыма спазнаць Слова праз, скажам, фанэтычны разбор. Слова -- гэта і гук, і літара, і кантэкст, і пачуцьцё. У Слова, як і ў Чалавека, таксама ёсць свая падсьвядомасьць. Словы злучаюцца ў мову, як людзі ў народ. Але ёсьць як людзі, так і словы, што стаяць асобна ад усялякіх супольнасьцяў, адзінокія й нікому незразумелыя сірацінкі. Ёсць як народы, так і мовы, якія трапляюць альбо ў рабства, альбо за калючы дрот рэзэрвацыі, альбо пад атамныя бомбы прагавітага суседа. Кожны Чалавек/Народ мае свой адметны псыхатып: тэмпэрамэнт, характар, зьнешнасьць. Гэтак і Слова/Мова маюць свой псыхатып: інтанацыю, артыкуляцыю, мэлодыку, знакі. А значыць трэба згадаць пра інтэлектуальную, псыхалягічную й фізычную сумяшчальнасьць. Паставіўшы Слова ў ролю Асобы, можна казаць не толькі пра адпаведную сумяшчальнасць паміж Словамі й Мовамі, але й пра сумяшчальнасьць Слова й Чалавека, Мовы й Народа. Строга кажучы, у кожнага чалавека існуе свая асабістая мова. Сумяшчальнасьць асабістых моваў, падабенства ў слоўным выказваньні Непазнанага аб’ядноўвае людзей у народы.
Цалкам магчыма весьці дыялог з кімсьці вельмі чужым. Дый Мовы не могуць паўнавартасна замяняць адна другую: яны заўсёды самадапаўняюцца і саматлумачацца адна праз адну. Але чужая мова руйнуе чалавека, бо чалавек пазбаўляецца натуральнага працэсу: калі Маўчанне стварае Слова, Слова стварае Чалавека, Чалавек у Маўчаньні ізноў стварае Слова. Чужая мова заціскае рот і адбірае творчы выдых. Чалавек камянее, робіцца незваротна мінулым -- быццам трапляе ў кола Сансары. Можа, адсюль гэтае адчуваньне Нішто (Нідзе, Ніколі, Ніяк, Нікога, Няма)? Можа, пошукі сэнсу жыцьця з таго, што чалавек перастае быць Творцам? Зрэшты, можа, таму ён старыцца й памірае?
Але ж на самой справе ня ўсё можа быць намалявана такімі чорнымі фарбамі. Чужыя Словы падобныя да натоўпу незнаёмых людзей. Толькі ў незнаёмым натоўпе адчуваеш сапраўдную адзіноту. Толькі чужыя словы, як ніхто іншы, прымушаюць Маўчаць. Але ж Маўчаньне імкнецца сказаць Слова. Адсюль -- сацыяльныя крызісы. Адсюль -- зьяўленне непаўторных Творцаў у часы перамен.
Словатворчасьць
Створанае слова мусіць само па сабе несці творчы патэнцыял, а значыць утрымліваць зьвяз “Слова -- Маўчаньне”. Толькі ў гэтым выпадку яно мае магчымасьць быць Асобай творчасьці. Створанае Слова -- гэта ня створанае “цела”, а цела, якое ўтрымлівае дух, дух творчасьці. Цела Слова -- прамоўленае і напісанае. Гукі і літары -- гэта як зьнешнасць і паводзіны чалавека. Існуе мноства людзей, падобных адзін да аднаго зьнешне, але іх непраяўленае розьніцца. Адно і тое ж слова, напрыклад “мама”, якое ўжо створана ў кантэксьце чалавецтва, можа/ня можа быць створана ў межах існаваньня асобнага чалавека.
“Усё жывое расьце знутры… Кірунак слова, як і зярняці,-- знутры”[2]. Пакуль яно не прыйшло знутры, яно ня створана і вымушана быць усяго толькі сродкам, усяго толькі сукупнасьцю гукаў і літар, нагадваючы сабой мёртванароджанае дзіця -- матэрыяльную абалонку без душы. Калі ўносіць гэтую думку ў сацыяльна-палітычны кантэкст, можна сказаць, што мова-захопнік прапісвае прыгнечаны народ у трупярні. Хаця зь іншага боку народ-захопнік аддае сваю мову ў фізычнае рабства, дзе яна -- толькі сродак камунікацыі.
Наколькі ж блізкае нашаму Маўчаньню сучаснае ўцелясьненьне беларускай мовы? Наколькі яна нам родная? Наколькі яна нам чужая ў параўнаньні зь іншымі мовамі? Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Але міжволі ўзгадваецца тое, як мноства беларусаў / крывічоў / ліцьвінаў натхняюцца мовай Ластоўскага, быццам габрэі, народжаныя й ўзгадаваныя ў пустыні, што здалёк убачылі Зямлю абяцаную. Гэтак Маўчаньне праз уцелясьнёнае Слова кліча Чалавека да Творчасьці.
[1] А.Разанаў “Зномы”.
[2] Тамсама.