БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ЧАСОПІС ПАМІЖ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ПАМІЖ       N* 1   2001 г.

Часопіс ПаміжУтульнасьць нігілізму Тацяна Сьлінка

1.

 

о гэтыя сны на руінах сьвету
Ігар Бабкоў

***

Нігілізм паўстае на руінах сьвету з прадчуваньня, што больш нічога ня будзе. Ёсьць перасьцярога, што сьвет не складзецца ў адно цэлае і што ў руінах няма аніякага сэнсу. Але мы і не зьбіраемся шукаць сэнс у руінах. Нігілізм -- гэта калі я сяджу на асфальце, а побач кавалкі неба, птушкі, дрэвы (можна дакрануцца рукою!), і мне ўтульна.

***

Нігілізм паўстае як суцэльны абвал сэнсу. Ранейшыя асновы бытнага пахіснуліся, усё стала няпэўным. Інакш кажучы, за фіранкай -- пустэча. Мы застаемся сам-насам з гэтай пустэчай, і ўсе нашыя спробы вытлумачыць ці вызначыць яе патрапляюць у лягічную пастку “альбо -- альбо”, на якую ўказаў яшчэ Кіркегар (мы разважаем прыкладна такім чынам: “альбо нішто ёсьць, альбо яно ўяўляе сабой нешта не вартае ўвагі”), у выніку чаго сутнасьць “прадмету” застаецца па-за нашым разуменьнем. І таму трэба адкінуць усе шаблонныя высновы і штампы тым самым гэстам, якім мы адхінаем фіранку (“гэсты валодаюць намі” -- Кундэра).

***

Але што такое фіранка?

Фіранкай зазвычай захінаюць вакно на зьмярканьні, што стварае ілюзыю завершанасьці прасторы ў сярэдзіне нас саміх, “сярод словаў”. Менавіта з гэтага адчуваньня завершанасьці паўстае ўтульнасьць. Па сутнасьці фіранка -- гэта ілюзыя з рознымі назвамі кшталту “Бог”, “Будучыня”, “Праўда”. Мы захінаем фіранку, каб у мяккім фатэлі ня згадваць пра сьцюдзёны вецер, каб у (штучна замкнёнай) прасторы нашага будзённага жыцьця не зважаць на цемру і бязгучны шэпт сьнегу за тканінай уласных мрояў.

***

Але нігілізм паўстае як гэст адсоўваньня фіранкі й вынікае з расчараваньня ў несапраўднай утульнасьці. Паводле Ніцшэ, нігілізм як псыхалягічны стан агортвае нас тады, калі мы шукаем ва ўсім нейкі сэнс, якога там няма. Найперш мы расчароўваемся ў вялікай мэце нашага станаўленьня. Мы разгублена спыняемся й ня ведаем, куды далей ісьці, бо калі няма Мэты, то ці можа быць які-кольвечы шлях, і куды шлях? Нашае жыцьцё раптам згубіла сэнс, і мы разгублена азіраемся у пошуку нейкай усеагульнай (а таму бясспрэчнай) каштоўнасьці, каб далучыць сябе да яе, але ў роспачы разумеем, што яе таксама няма. Сьвет стаўся некаштоўным, і тады мы шукаем ратунку ад гэтага некаштоўнага сьвету ў лепшым, пазаісным, каб пераканацца, што і яго няма. Нашыя жарсьці ды пазбаўлены ўсяго “вялікага” сьвет -- вось адзіная рэальнасьць, нам дадзеная. Усё (і найперш мы самі) страціла сваю каштоўнасьць і значнасьць.

Усе магчымыя сэнсы абваліліся. Бог памёр. За фіранкай -- пустэча.

***

Далейшы працяг трагедыі немажлівы

І яшчэ:

Камень дасягнуў вяршыні, але табе
Ніколі ня ўбачыць яго падзеньня,
Яго ня будзе.

Міхась Баярын

І з гэтага моманту нігілізм у кантэксьце нашага жыцьця зьнікае як тэорыя і паўстае як мэтафара.

***

Па-за далучанасьцю да “вялікіх” сэнсаў нашае жыцьцё сталася падобным сну. Адмысловае спалучэньне падзеяў больш не вытлумачаецца лёсам. Падзеі могуць разьмяшчацца ў любой пасьлядоўнасьці, у тым ліку і ў абсурдовай. Для нас гэта анічога не вырашае, апрача пэўнае зьмены адчуваньняў. Як вядома, сны можна аналізаваць і тлумачыць, але найперш трэба хаця б прачнуцца. Магчыма, гэта адбудзецца. А пакуль мы толькі адхінулі фіранку, каб усьвядоміць, што мы як сон, які ніхто ня сьніў.

На мапе -- зіма. Сьцежка цябе вядзе
Пустым -- праз адлегласьці -- калідорам
Словаў. Замкнутай прасторы, дзе
Туга падаецца вечным маторам
Сэрца. А сэрца -- сьляпы камяк--
Нібы іртуць, мацуе свае уцёкі
Ў сусьветны холад, у якім, няўзнак,
Сон ашчадна хавае крокі.

Ігар Бабкоў

Патрапляючы ў незнаёмую прастору, мы мусім яе асвойваць. А як адбываецца асваеньне пустэчы?

Нігілізм як усьведамленьне некаштоўнасьці сьвету ёсьць працягам праграмы “пазбаўленьня ад прывязанасьцяў” (Ф.Ніцшэ). І ў такім выпадку нігілізм можа разглядацца альбо як абвал вышэйзгаданае праграмы (бо пазбаўленьне ад прывязанасьцяў адбывалася дзеля пэўнага шляху да вялікае мэты, а нігілізм ёсьць разуменьнем, што шляху няма), альбо нігілізм -- гэта яе адпаведны працяг, яшчэ адзін крок да вызваленьня прасторы (для мысьленьня?), у якой чалавек усьведамляе самога сябе (недасканалага й некаштоўнага, не апраўданага аніякай ідэяй і аніякім шляхам) не патрэбным гэтай прасторы, але патрэбным самому сабе.

Ня маеш нічога
Урочаны час: бачыш прысутнасьць сваю
У сьвеце
Толькі прысутнасьць.

І яшчэ:

вочы заплюшчы пад небам халодным маўклівым
рукі ў ціш апусьці, слухай
енк галодных сабак за сьценамі сэрца
с'пянелага цеплынёю, у якім
так доўга ты жыў, небарака,
дзе тваё неба?

Ігар Бабкоў

Нігілізм вызваляе ад страху.

Чалавек, што стаіць на даху шматпавярховага дома (а хіба засталіся іншыя вяршыні ў гэтым горадзе?), раптам адчувае вусьціш -- ён можа ўпасьці і разьбіцца. Чалавек, які глядзіць уніз з вакна сваёй кватэры, да прыкладу, на трэцім паверсе, у сполаху адыходзіць -- ён можа ўпасьці й пабіцца. Той, хто сядзіць на асфальце, не баіцца, яму няма куды падаць і зь ім ня можа здарыцца анічога. Усе вялікія сэнсы ўжо пакінулі яго. Фіранка адхінутая. Засталася толькі пустэча.

***

Але:


У пустэчы нябёсаў плывуць хмары і кружляюць птахі.
Дзякуючы пустэчы пераўтварэньні могуць адбывацца бясконца.
Гэткае ж і Тао мудрага.

Гуань-Інь Цзы

***

Зрэшты, адсутнасьць шляху дае чалавеку свабоду -- ён можа рухацца ў любым напрамку: прастор расхінуты. Той, хто сядзіць на асфальце, можа рабіць любыя крокі. Але ён застаецца ў пэўнай кропцы і не кранаецца зь мейсца (зразумела, у мэтафізычным сэнсе: краявіды і людзі могуць зьмяняцца). Ён захапляецца і расчароўваецца, але пры гэтым адбываецца (такое звыклае ў грамадзтве, хворым на шызафрэнію) падваеньне асобы на актора і гледача: тады як “адзін зь іх” заглыбляецца з галавою ва ўласныя жарсьці, “другі” іранічна аналізуе кожны ягоны крок. Захопленасьць і самааналіз дзеяцца ў адначасьсе, і ў тым, што іронія ні на хвіліну не пакідае нас, ёсьць пэўная нязьменнасьць.


час запынены ў таннай кавярні ўжо колькі тыдняў
на тым жа самым стале
нейкі нумар газэты бяз даты разьлітае ў шклянкі віно
акцэнтуе адсутнасьць гадо дурняў больш не знайшлося

Міхась Баярын

***

Між тым вызваленьне ад прывязанасьцяў адбываецца не дзеля свабоды (свабода як вольны палёт з даху, канчатковай мэтай якога ёсьць бясконцасьць?), а дзеля ўтульнасьці. І гэта цалкам адпавядае тэзе Валянціна Акудовіча аб тым, што “насамрэч мы прагнем не свабоды, а ўтульнасьці, і нават калі мы прагнем няўтульнасьці, то толькі таму, што нам у ёй утульна”.

Няўтульна жыць у хісткім будынку зь вялікіх сэнсаў, які ў любое імгненьне можа абваліцца. Няўтульна, калі пустэча захінутая фіранкай з ілюзыяў (ненадзейная заслона!). Мне ўтульна сядзець на асфальце і глядзець у пустэчу. Побач кавалкі неба, птушкі і дрэвы (можна дакрануцца рукою!). Нігілізм -- гэта ўтульнасьць пустэчы.

2.


а гэтая вада гэтыя словы
што яны могуць што яны могуць княжа

Зьбігнеў Гэрбэрт

***

Нігілізм вызваляе ад страху. Але адзінае, чаго мы яшчэ баімся, -- гэта быць падманутымі. І адзіная фіранка (бо насамрэч іх шмат), якая застаецца перад нашымі вачыма, -- гэта мова. Мы глядзім на сьвет праз мову. Словы валодаюць намі. Яны ствараюць пэўную карціну сьвету й фарміруюць нас саміх, прынамсі, нашу сьвядомасьць. Мова лёгацэнтрычная паводле сваёй будовы і ўгрунтаваная на бінарных апазыцыях. У мове ёсьць слова “Бог”, але мы ня верым, што яно пазначае хоць нешта апрача пустэчы. У мове аддзеленыя адно ад аднаго праўда й аблуда, веда й няведа, дабро і ліха, чорнае і белае. Аднак мы ведаем, што ўсё адносна й залежыць ад кропкі адліку (заўсёды магчыма адшукаць тую, зь якой усё будзе выглядаць іначай). Мова падманвае нас. Яна, як голас Дзяўчыны ў вершы Лесьмяна, вабіць і кліча нас кудысьці, але, зруйнаваўшы ўсе перашкоды, мы знаходзім нішто.


I była zgroza nagłych cisz! I była próżnia w całym niebie!
A ty z tej próżni czemu drzwisz, kiedy ta próżnia nie drzwi z ciebie?

Bolesław Leśmian

***

З таго моманту, як мы ўсьведамляем адноснасьць усіх словаў, яны робяцца пустымі, яны больш анічога не выражаюць. Калі праўда -- гэта толькі праўда ў кантэксьце нечага, то мы ўжо не можам ведаць, што праўда.

Усьлед за гэтым паўстае праблема тыражаванасьці слова. Слова анічога не гаворыць, бо яно выцьвілае і сьцёртае ад шматразовага ўжываньня (“пажухлыя словы, што некалі ружаю пахлі” Ніцшэ). Вынайдзеная некім трапная мэтафара спажываецца мноствам людзей без аніякага асэнсаваньня, ператвараецца ў схему і губляе свой зьмест. Але тут небясьпека не толькі ў паўсталай некаштоўнасьці словаў, а і ў тым, што такія ды й іншыя схемы фарміруюць сьвядомасьць грамадзтва. (А калі схема -- гэта калька зь іншай мовы / мовы калянізатара? А калі іх мноства і зь іх амаль напоўніцу складаецца наш лексычны запас? Пытаньні рытарычныя й не патрабуюць адказу.)

Менавіта таму гэст нігілізму знаходзіць свой працяг у адмаўленьні пустых і выцьвілых словаў. Калі мова падманвае нас, трэба адмовіцца ад мовы і сысьці ў маўкліню. Зрэшты, пустэча і маўкліня -- гэта толькі розныя найменьні адной і той жа прасторы.

***

Але чаму мы так баімся быць падманутымі? Хіба нігілізм не вызваляе ад страху? Мы шукаем Праўды? Тады што Праўда і дзе Праўда? Адхінуўшы фіранку, мы сузіраем пустэчу…

Насамрэч гэта мы падманваем мову. І каб гэта ўбачыць, дастаткова адхінуць чарговую фіранку, зруйнаваўшы схему: мова -- сродак зносін. (Хіба мова -- толькі сродак?) Мы разглядаем мову, як і ўсё вакол нас, у “кантэксьце абсталяваньня” (Гайдэгер), і менавіта таму большая частка яе прасторы застаецца па-за увагай. Нашае спасьціжэньне мовы (хутчэй, вывучэньне -- па граматыках, слоўніках etc.) падобнае да спробаў даведацца, чым ёсьць цёмны пакой, па сьлядах пры ўваходзе ці праз зазіраньне ў заледзянелыя шыбы. А трэба проста ўвайсьці ў пакой, змружыць вочы і слухаць, як нешта напаўняе цябе -- як сон, ці як сьвятло.

***

Але мы ня верым мове. Мы зачыненыя ад яе. І менавіта таму нам застаюцца толькі пустыя, выцьвілыя словы. Бо мова -- ня толькі сродак зносін, а слова -- ня толькі пэўны парадак гукаў, які нешта пазначае (як вучаць нас “мовазнаўцы”). Мова -- гэта яшчэ і прастора, у якой мы існуем (“мова -- дом быцьця” Гайдэгер). Слова -- гэта яшчэ й энэргетыка, закладзеная ў яго падчас прамаўленьня/напісаньня.

І калі мы спустошаныя, як гліняны збан, які напаўняецца нейкімі словамі, то і словы трэба спустошыць дарэшты, каб кожны раз наноў напаўняць іх сабой. І тады адбываецца прыкладна так.


…словы складуцца і поўня
залямантуе, заплача: ўспаміны пра неба

Ігар Бабкоў

Бо мы спальваем старыя словы, каб знайсьці іншыя. Дакладней, мы проста забываемся на іх (Ніцшэ казаў пра неабходнасьць забываньня), каб пасьля адкрыць наноў. Мы сыходзім у маўкліню не дзеля маўкліні, як і руйнуем састарэлыя каштоўнасьці не дзеля руйнаваньня. Мы шукаем іншыя словы, як і іншыя каштоўнасьці (пустэча як каштоўнасьць?),-- тыя, што захапляюць і зачароўваюць. Тыя, у якія мы паверым.

 кантакт: czasopis_pamiz@tut.by 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія