Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека
(cybermeditation)
Тацяна Урублеўская
Iнтэрнэт -- усеагульны сродак сувязі, новая цацка ўсяго чалавецтва, пабудаваная па геніяльна простым прынцыпе.
Зрэшты, менавіта такой была задума ягоных вынаходнікаў. Спраўдзілася даўняя мара чалавека пра ўладу над сусьветам, пра беззаганнае пранікненьне ў таямніцы рэальнасьці, пра дасягненьне ўнівэрсальнай веды, веды “пра ўcё”.
Ягонае зьяўленьне выглядае даволі сымптаматычным: рана ці позна ў чалавеку павінна была прачнуцца прага тытанізму. Стагодзьдзі, што мінулі з часоў эпохі Адраджэньня, пакінулі яскравае сьведчаньне таго, што сам чалавек зь ягонай душою і розумам ня можа стаць тытанам. Да таго ж час тых тытанаў і не патрабаваў. Але неразумнае дзіця чалавек тупала ножкай і еньчыла: “Хачу!”. I зьявілася ідэя: калі ў рамках наяўнай прасторы й рэальнасьці немагчыма паўставаньне усемагутнай істоты, то можна самому зрабіць для яе і рэальнасьць, і прастору.
www.rozdum/01/01.html
Тэлефон альбо пейджэр як сродкі сувязі ня маюць той містычнай прыцягальнасьці, якой валодае Iнтэрнэт. Парадаксальна й нязвыкла гучыць, напрыклад, наступнае: “Стаміўся. Усю ноч прасядзеў на тэлефоне”. У лепшым выпадку гэта значыць, што ён -- тэлефонны “вар’ят”, у горшым -- што ў яго здарылася нешта непрыемнае.
Зусім іншая справа -- Iнтэрнэт. Ён стварае ўражаньне шматсяброўства для прагнучых пазбаўленьня ад адзіноты, ўражаньне шматзнаўства для жадаючых усё ведаць, нарэшце, уражаньне вядомасьці -- з тваім тварам, целам, з тваімі думкамі можа, пры жаданьні, пазнаёміцца ўвесь сьвет.
Iнтэрнэт -- містычная пастка, якая зацягвае й змушае жыць у ягонай/іншай рэальнасьці.
Iнтэрнэт -- цалкам сканструяваная, штучная рэч, якая, тым ня менш, мае існаваць у чалавечай рэальнасьці, створанай не па тэхнічных, але па прыродных і сацыяльных законах. Падваеньне сьвету, ад чаго, здаецца, не так даўно цярпелі тэорыі Плятона, Бэрклі і Канта, адбываецца ізноў. Чалавек жа й цяпер наступае на тыя граблі ў пошуках крыніцы веды, а значыць і ўлады.
Праўда, зь цягам часу “другі сьвет” відавочна страціў свой онталягічны статус. Калі даўней трансцэндэнтная рэчаіснасьць разумелася як прынцыпова не спазнавальны сьвет сапраўдных форм, то прастора Iнтэрнэту ў гэтым сэнсе -- максымальна дэміталягізаваная і дэонталягізаваная рэальнасьць, у якую можа патрапіць кожны. Ці ня ёсьць гэта апошнім “Бывай!” усім надзеям на магчымасьць онталёгіі як такой наогул, добрым падцьверджаньнем адсутнасьці ў гэтым сьвеце ўсяго пэўнага, стацыянарнага? Нібыта жывы прыклад для тых, хто яшчэ меў які-небудзь сумнеў. Прыклад найвялікшай сканструяванай рэчаіснасьці, адрознай ад наяўнай.
www.rozdum /01/02.html
Iнтэрнэт ёсьць іншай рэчаіснасьцю, няхай сабе й пазбаўленай мітаў у вышэй азначаным разуменьні. Але прырода “іншага сьвету” ўсё роўна патрабуе розных заганаў. З гэтага вынікае патрэба ў новых таямніцах. Зрэшты, наша новая рэальнасьць ёсьць самай прыдатнай глебай для нараджэньня новых мітаў, пра якія, дарэчы, даведаецца цэлы сьвет. Такіх мітаў, выкрыцьцё якіх ёсьць проста дурной справай. Размова больш ня можа ісьці пра магчымасьць усеагульнай ісьціны альбо пра ступені праўдзівасьці; натуральна, гэта ня ёсьць праблемным пытаньнем. Libenter hominis id quod voiunt credunt[1]. Адзінае, што застаецца, -- гэта разважаць аб слушнасьці самога міту, бо выхад за яго межы наўрад ці можа адбыцца.
Спробу стварэньня зусім іншай рэальнасьці, якая б функцыянавала па іншых правілах, можна лічыць даволі ўдалай. А якія яны, гэтыя правілы? Калі не браць у разлік вядмую інтэрнэтаўскую прыказку : “Правайдэр можа ня мець рацыі, але ён заўсёды правайдэр”, а звярнуцца да законаў жыцця на прасторах сеткі, то можна ўбачыць даволі цікавую рэч. Iнтэрнэт зьмяшчае ў сабе бясконцую колькасьць магчымасьцяў. Асноўным прынцыпам існаваньня такой патэнцыйнай неабмежаванасьці зьяўляецца абсалютная адсутнасьць якіх-кольвек маральных установак. Завітаўшы ў Iнтэрнэт, можна пакінуць у бабуліным куфры ўсе свае “добра”, “дрэнна”, “нельга”. Тут жывуць згодна са словам “магчыма”. Гэта, калі хочаце, прастора “па-за дабром і ліхам”. Этычны бінарны падзел, да скасаваньня якога імкнуліся цягам доўгіх гадоў, нарэшце быў цалкам пераадолены ў межах новай рэальнасьці.
Можа паўстаць пытаньне наконт ўседазволенасьці, і яно абавязкова зьявіцца, калі глядзець на Iнтэрнэт звонку, адкуль, як вядома, мала што можна ўбачыць. Зь іншага гледзішча, відавочная ягоная беспадстаўнасьць. Панятак “магчыма”, як вядома, ня мае ў сабе ніякай адзнакі, акрамя патэнцыйнасьці.
www.rozdum /01/03.html
Наша віртуальная рэальнасьць ёсьць увасабленьнем даволі добра наладжанага механізму падману. Здаецца, вось яно, вось, нарэшце, доўгачаканая мэта… Бах! I яна зьнікла, яна -- зусім ня тое, чаго ты шукаў. Гэта тое самае ўражаньне “шматсяброўства”, “шматзнаўства”, “вядомасьці” і яшчэ іншыя -- усе памкненьні тут стаюцца проста відочнасьцямі, цэласнасьць якіх можна захаваць максымум у межах сеткавай прасторы. Папярэджаньні пра хітрыкі такога кшталту лётаюць па сетцы у выглядзе малюнкаў ды гумарыстычных вершыкаў, але яны ня маюць ніякага ўздзеяньня, таму што не павінны ні на каго ўплываць, і гэта таксама адметная рыса Iнтэрнэту. Яна сьведчыць пра тое, што чалавек чалавеку проста nick-name.
“Паўставаньне дзьвюх рэальнасьцяў у сьвеце, дзе жывуць людзі “адной прасторы”, нясе з сабой шмат палярных вынікаў і адзнак” -- гэта, у пэўным сэнсе, даволі слушная заўвага. Сапраўды, жыць у старым сьвеце й наведваць новы -- Iнтэрнэт -- справа ня зь лёгкіх. Відавочна, заўсёды ня проста трапляць у сьвет “іншага”, дзе пануюць немаведама якія законы. Мала хто з нас можа адчуваць сябе ўтульна ў няхай сабе й зразумелым, але прыродна далёкім асяродзьдзі. Такія думкі могуць паўстаць толькі калі разглядаць Iнтэрнэт як цалкам іншую рэальнасьць. Але ён ёсьць нечым вытворным ад прыроды самога чалавека. Гэта ўжо не падваеньне сьвету ў сэнсе сьвету ідэй і сапраўдных формаў, але ў сэнсе сьвету, дзе ўсё можа адбывацца інакш, чымся па гэты бок манітора.
Згадайма даўно вядомую тэзу: “Мова апісаньня фармуе прастору”. Iнтэрнэт быў сканструяваны па іншых, чымся наша прастора, правілах. Пабудаваны ён згодна вышэйзгаданым прынцыпам неонталягічнасьці, адкрытасьці і па-за-этычнасьці. Не вельмі праўдзівым у дадзеным выпадку выглядае сцьверджаньне, што ўсе гэтыя паняткі былі наўмысна вынайдзеныя для стварэньня “якой-небудзь мадэлі сьвету на зайздрасьць усім, якая, аднак не працуе”. Хутчэй за ўсё, гэтыя паняткі шмат часу фармаваліся ў розных галовах ды тэорыях. Iх увасабленьнем стала віртуальная прастора, яна канчаткова падцьвердзіла небеспадстаўнасьць інтэлектуальнай работы некаторых мысьляроў.
Атрымалася так, што Iнтэрнэт стаўся той прасторай, якую чалавек заўсёды шукаў стагодзьдзямі. Гэтая рэчаіснасьць ёсьць натуральным працягам яго, чалавека, сутнасьці, ягоным памкненьнем да свабоды, праэкцыяй ягонай прагі тытанізму, жаданьня ўладарыць над сьветам, у прыватнасьці над сьветам сапраўднага, няхай сабе й дэонталягізаваным дзеля гэтага.
www.rozdum/01/04.html
Калі Iнтэрнэт -- прастора, то лягічным выглядае пытаньне: “А хто жыве ў гэтай прасторы? “ Ці можам мы “за так” аддаць гэтае жытло простым гіпэртэкстам, розным web-старонкам ды “хатам-спрачальням” (chat’aм)? Натуральна, такія жыхары -- не жывыя істоты, а нехта слушна назаве іх саміх “домам” (domain).
Нашмат цікавей і авантурней выглядае ідэя пасяліць у сетцы Чалавека. Дарэчы, шмат хто прыходзіць у “іншы сьвет” толькі за тым, каб знайсьці некага (нешта?) роднага, блізкага.
Па лёгіцы ранейшых разважаньняў, відавочнай стаецца схема “чалавек -- адкрыты праэкт”. Ён -- той, хто можа быць кім заўгодна. Ён -- пэрсона кшталту галоўных герояў фільмаў “Колер ночы” і “Сьвяты” (дарэчы, раю паглядзець).
I-net-чалавек увасабляе ў сабе ўсе рысы, якіх бракуе тут, у нас. Ён ёсьць тым, каго шукалі скрозь стагоддзі тыя дзівакі, якіх не задавальняла сядзеньне ў замку з назвай “чалавечая сутнасьць”, за самотнымі мурамі якога розныя пачвары з роду “пэўнае” жылі й апраўдвалі жудасныя злачынствы. Калі хочаце, ён ёсьць разбурэньнем гэтага замку і ўсталяваным сцьверджаньнем адсутнасьці гэтай “сталай, толькі мне вядомай сутнасьці [прыроды чалавека]”.
Праз усю гісторыю свайго жыцьця чалавек толькі й рабіў, што гуляўся ў розныя гульні, выконваў шматлікія ролі. Разам з гэтым, некаторыя разумнікі папярэджвалі яго пра небясьпеку страціць сваё “Я” ў гэтых жартах. Яны не дапускалі думкі пра тое, што гэтага “Я” (у тым сэнсе, які яны ў яго ўкладалі) няма. Чалавек сам па сабе ёсьць адкрытым праэктам. Проста калі ён ім ня будзе, ён больш не будзе чалавекам. Ягоная прырода -- гульня ў самога сябе, эксперымент, спрадвечны пошук.
Відавочна, што толькі ў прасторы “па-за дабром і ліхам” магло спраўдзіцца такое вальнадумства, як “чалавек -- адкрыты праэкт “ (альбо, як нехта скажа “чалавек -- немаведама што”).
Адначасова з прасторай, якую чалавек знайшоў у выглядзе Iнтэрнэту (прастора агульнай магчымасьці), ён знайшоў (але хутчэй можа знайсьці) і самога сябе. На роспачны енк: “Шукаю чалавека!” прастора адгукнецца рэхам: “Шукай! Як шукаеш сябе…” Чалавек ідзе да сябе, і ідучы знойдзе, але згубіць, як толькі спыніцца. “Усемагчымасьць” ёсьць ягоным атрыбутам.
[1] Чаго людзі жадаюць, у тое і вераць.(лац.)