БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ЧАСОПІС ПАМІЖ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ПАМІЖ       N* 2   2002 г.

Часопіс ПаміжКаханак Вялікай Мядзьведзіцы

 

Jednak to co przeżył, to jest coś tak piekielnego,
że aż wierzyć się nie chcę, że on jeszcze istnieje.
Stanisław Ignacy Witkiewicz


Апошнім часам мяне нешта вельмі стала раздражняць чытаньне мастацкае літаратуры. Таму што пісьменьнікі – гэта ці не найбольшыя ў сьвеце ілгуны, здаецца, нават большыя за палітыкаў альбо каханкаў. Ня верце пісьменьнікам – пісьменьнікі ілгуць. Бо як можна пісаць нешта пра іншых людзей ды прэтэндаваць на тое, каб напісанае нейкім чынам было блізкае да праўды? Ці можна пісаць нешта больш-менш аб’ектыўнае не пра сябе самога? А ці можна пісаць праўду пра сябе самога? Мастацкая літаратура – гэта фантастычныя вобразы, што насяляюць фантастычны сьвет, які чамусьці прагне быць блізкім да дакладнасьці адбіткам рэальнасьці.

У тэксьце, які я зараз пішу, ня будзе ніводнага майго ўласнага слова, ніводнае маёй асабістае думкі. Бо ўсе словы можна знайсьці ў слоўніку, а ўсе думкі ці падслуханыя, ці падчытаныя ў каго-небудзь, ці проста нахабна скрадзеныя шляхам тэлепатыі. Калі пасядзець, папрыгадваць, дык можна паіменна назваць тых, у каго ўзятая кожная з гэтых думак, калі тыя самі, у сваю чаргу, не пазычылі іх у каго яшчэ. Цікава, калі ўсе гэтыя думкі пра адно ды тое ж, дык чаму яны такія розныя? Зразумела, што й назва тут таксама не мая – ягоная.

Ён – Чалавек, якому прысьвечаны гэты тэкст, – адначасова герой і ахвяра сваіх твораў. Яны шмат чаго далі яму, адначасова й шмат што адабралі, пераблыталі рэальнасьць і фантазіі. Напісанаму нельга верыць.

Сяргей Пясецкі нарадзіўся 1 чэрвеня 1899 году, прынамсі так высечана на ягоным надмагільным помніку, ці ў 1901, як ён сам дапісаў алоўкам на раздрукоўцы сваёй аўтабіяграфіі. Падобна, што адбылося гэта ў Ляхавічах, хаця згадваюць Баранавічы й нават Менск. Пазашлюбны дзіцёнак зрасейшчанага паляка шляхецкага паходжаньня (ну як жа ў такой гісторыі ды бяз гэтага) Міхала Пясецкага й Клаўдзіі Кукаловіч. Ён ніколі ня бачыў сваёй маці, нягледзячы на тое, што да адзінаццаці год меў ейнае прозьвішча. Выхоўвала яго мачыха, якая, хаця й была пекнай і пабожнай каталічкаю, ня вельмі любіла свайго пасынка, часта й тонка зьдзеквалася зь яго. Гэтая акалічнасьць дала мне здольнасьць адчуваць аўру садызму ў паветры, зрабіла мяне абаронцам перасьледаваных і пакінула нянавісьць да ўсялякае тыраніі й крывадушнасьці.

Бацька ягоны быў загадчыкам паштовага адзьдзяленьня. Ён даволі часта зьмяняў месца працы, так што сям’я жыла й у Менску-Літоўскім, і ў Бабруйску, потым у цэнтры Расеі, ва Ўладзіміры-на-Клязьме й Пакрове. Сяргей карыстаўся выключна расейскаю моваю, хадзіў у расейскія школы ды праваслаўную царкву. Вучыўся ён вельмі слаба, навука яму не падабалася, зь цяжкасьцю пераходзіў з клясы да клясы.

Дадатковыя складанасьці прыносіла ягонае паходжаньне. Я быў вельмі зьдзіўлены, бо хлопцы з клясы паставіліся да мяне вельмі непрыхільна. Адразу зрабіўся сярод іх белай варонаю. Мяне абдорвалі пагардлівымі эпітэтамі: “Палячок!”, “Палячышка!”, “Лях!”... Хаця ж быў я тады цалкам зрусіфікаваны... Пра Польшчу меў толькі тое ўяўленьне, якое мне прышчыпілі расейцы: пагардлівае й зьняважлівае. Нічога ня ведаў пра сваё паходжаньне. Але вельмі ж мне балелі тыя мянушкі...

Так што па-за ўдзелам у шматлікіх бойках, адна зь якіх скончылася пераводам у іншую школу, будучы пісьменьнік, як у іх, будучых пісьменьнікаў, заведзена, любіў займацца гімнастыкай, бегаць па навакольнах лясох, купацца ў Нёмане ці Бярэзіне, карміць беспрытульных сабакаў і чытаць кнігі. Са школьнае праграмы на яго найбольшае ўражаньне зрабілі “Адрынутыя” Гюго й “Монтэ Крыста” Дзюма, а вось Трылёгія Сянкевіча не пакінула аніякіх успамінаў.

Навучаньне завершылася ў сёмай клясе гімназіі, калі яму ледзь споўнілася 16 ці 17, гледзячы, хто адкуль лічыць... Камэдыя маёй адукацыі скончылася трагедыяй. Сур’ёзна, трагедыяй. Наўпрост са школы, у сьветлым гімназічным паліто й сіняй фуражцы з пальмавымі лістамі, я патрапіў у вязьніцу. Справа мая не была звычайнаю. Я ўчыніў узброены напад на інспэктара гімназіі й кляснага кіраўніка. Я меў на тое сваю рацыю, хаця гэта й не апраўдвае такі ўчынак. У хуткім часе я ажыцьцявіў фантастычна глупыя, бо яны мне ўдаліся, уцёкі зь вязьніцы й патрапіў у вір авантурнага жыцьця й рэвалюцыі... Далей ужо вучыўся з кнігаў жыцьця, а пэдагогамі маімі былі людзі незвычайныя й цікавыя. Некаторыя зь іх нават чытаць ня ўмелі, аднак валодалі “глыбіннай ведаю” пэўных праяваў жыцьця. Ня маю дыплёмаў з тых “школаў”, але даведаўся сапраўды цікавых рэчаў, вучыўся добра, і “настаўнікі” былі задаволеныя.

Ён патрапляе ў рэвалюцыйную Маскву, пэўны час жыве як беспризорник, потым вяртаецца на радзіму. Пра гэты час напіша пасьля ў рамане “Mgła”, так званай “злодзейскай трылёгіі”, што складаецца з трох частак, названых паводле песьняў таго часу: “Jabłuszko”, “Spojrzę ja w okno...”, “Nikt nie da nam zbawienia...”, пра жыцьцё бандыцкага Менску ў 1918-1919 гадох, пра нямецкую акупацыю, а потым пра яшчэ больш страшную – бальшавіцкую.

Эх, молодость, моя ты молодость, бабы, карты, пистолет…

Эх, молодость, моя ты молодость, где мои семнадцать лет…

У 1918 годзе Сяргей Пясецкі партызаніць у атамана Дзеркача ў “Зялёным дубе”. У жніўні 1919 яго раняць у вулічных баёх падчас за- няцьця Менску палякамі. Верасьнем 1919 ён уступае ў беларускі ад- дзел у польскім войску. Вясною наступнага году яго накіроўваюць на дзевяцімесячныя курсы падхарунжых у Варшаву. У кароткім часе патрапляе на савецка-польскі фронт, удзельнічае ў абароне польскай сталіцы, пасьля падпісаньня Рыскае мірнае дамовы ад 18 сакавіка 1921 яго дэмабілізуюць. Раман “Żywot człowieka rozbrojonego” апісвае перажытае пісьменьнікам у той час. Гэта гісторыя жаўнера, дэмабілізаванага пасьля пераможнае вайны, які апынаецца ў сытуа- цыі бяз працы, без прафэсіі, бяз грошаў і яшчэ якіх сродкаў да жыць- ця. Яму няма месца ў гэтай цынічнай, абыякавай, няўдзячнай і бязь- літаснай сыстэме. Герой рамана галадае, жыве ў брудных скляпень- нях і бандыцкіх малінах, апускаецца да крадзяжоў, пазуе для парна- графічных здымкаў, займаецца падробкамі, карыстаецца яшчэ шмат якімі сродкамі заробку, у большасьці сваёй нелегальнымі, і, урэшце, патрапляе да вязьніцы. Але, у адрозьненьні ад свайго героя, аўтару шчасьціць не патрапіць за краты, а знайсьці свой жыцьцёвы шлях, аповеды пра які зробяць яго потым знакамітай, загадкавай і леген- дарнай асобаю.

Невядома, што было раней: ці спачатку з дапамогаю франтавых сяброў ён знаёміцца з рамяством кантрабандыстага, а потым яго вярбуе польская вайсковая выведка, Oddział II Sztabu Generalnego, знакамітая тады “dwуjka”, што большасьць сваіх дзеяньняў скіровала супраць Савецкае Расеі; ці, наадварот, спачатку яго завербавала выведка, а потым дзеля прыкрыцьця й лепшага заробку ён пачаў займацца кантрабандаю.

– Што вы кажаце? – ухапіўся Саўчук і з напружанай цікавасьцю пачаў разглядаць паперы. – Гэта ж ня толькі кантрабандысты, але шпіёнская й шкодніцкая арганізацыя. Ды яшчэ з удзелам, як кажуць, нейкай суседняй дзяржавы.

Яму вельмі дапамагала веданьне расейскае мовы й памежных тэрыторыяў Меншчыны. Ён вызначаўся адвагаю, энэргіяй і вынаходлівасьцю і неўзабаве атрымаў падвышэньне на падпаручніка. Вось як потым адгукалася пра яго “двуйка”: ...Праца Пясецкага была выключнаю... Ён здабываў інфармацыю, што мела вялікую важнасьць... Выказаў вялікую адданасьць польскай справе... Адзначаўся адвагаю. Службу спаўняў з замілаваньнем. Даручаныя заданьні выконваў не шкадуючы ані жыцьця, ані здароўя. Гэтая даведка пасьля ўратуе яго ад сьмерці.

Калегі-кантрабандыстыя й уявіць сабе на маглі, што Пясецкі займаецца чым-небудзь яшчэ, акрамя таго, што перапраўляе ў Расею какаін і вяртае адтуль футры, а ягонае вайсковае кіраўніцтва заплюшчвала вочы на заняткі кантрабандаю. Абодва гэтыя заняткі адначасова былі для яго й зручным алібі. Сяргей некалькі разоў патрапляў у вязьніцы па абодвух бакох мяжы, але атрымоўваў параўнальна кароткія тэрміны, бо ў Польшчы ён быў заслужаным шпегам, а ў Беларусі звычайным кантрабандыстым, а не варожым агентам. Нягледзячы на гэта, ён у той час агулам праседзеў тры гады. Найбольшы тэрмін адбыў у Наваградку за разьбіцьцё й абрабаваньне банды канкурэнтаў-кантрабандыстых. Пасьля вызваленьня зноў вяртаўся да сваіх справаў. Падобна, што быў рэкардсмэнам па пераходах мяжы. Шалёная адвага прыносіла вялікія заробкі ад кантрабанды, але яны хутка разыходзіліся на ўтрыманьне кансьпіратыўных кватэраў на савецкім баку й на разгульны лад жыцьця на польскім, на кабет, алькаголь і наркотыкі. ...Кантрабандыстыя мелі самых прыгожых дзяўчынаў у месьце... Калі забава робіцца ўжо нямілаю, грошы перастаюць граць хаця б якую ролю.

Bo kontrabandzista błękitne ma oczy, narusza on prawo, pracując co nocy.

I kontrabandzista stalowe ma nerwy, gdy grę ryzykowną prowadzi bez przerwy...

Пясэцкі распавядае пра такі лад жыцьця ў сваіх найбольш вядомых раманах. “Kochanek Wielkiej Miedzwiedzicy” – апавядае пра жыцьцё кантрабандыстаў, а “Piąty etap” і “Bogom nocy rуwni”, аб’яднаныя пасьля ў адзін, – пра жыцьцё шпега. Тут, у буфэце, – абеды, памаранчы й чакаляда... Там – фарбаваная вада з содаю, салоджаная сахарынаю. Тут – бліскучыя паркеты, цэнтральнае ацяпленьне(...). Там – запляваныя падлогі, усланыя дываном сьмецьця, сабачы холад, куродымныя лямпы. Тут – парфумы, ядваб, панчохі на нагах у кабетаў. Там – смурод брудных, палатаных кажухоў, махоркі й дзёгцю (...), адзнака голаду ды нястачы на тварах людзей, што былі асуджаныя на тое, каб жыць там.

У лютым 1926 года Пясецкага звальняюць з выведкі з-за нейкага канфлікту з кіраўніцтвам. Прыкладна ў той жа час мяжу шчыльна перакрываюць з абодвух бакоў, паклаўшы тым канец як кантрабандзе, так і ўзаемным дывэрсійным акцыям. Каралі мяжы мусяць шукаць новага занятку. З таго боку – Сяргей Пясецкі, з гэтага – Кірыла Арлоўскі й Станіслаў Ваўпшасаў.

6. За один только 1924 год по моей инициативе и мной лично было убито больше 100 чел. жандармов и помещиков.

Пясецкі зноў застаецца бяз сродкаў да існаваньня. Ён спрабуе выехаць у Францыю, уступіць у Замежны Легіён, але гэтыя спробы правальваюцца. Залежнасьць ад какаіны, якую ён набыў падчас супольнага баўленьня часу з савецкімі афіцэрамі, прыводзіць да таго, што ён зазнае галечу й голад. З маёмасьці ў яго застаецца толькі наган.

У адчаі, пад узьдзеяньнем какаіны, ён зьдзяйсьняе ўзброены напад на двох жыдоўскіх гандляроў, што ехалі фурманкаю на кірмаш. Рабуе 1054 злотых... Прабіраецца ў Наваградак, каб заплаціць заклад за свайго зьняволенага сябра – Антонія Невяровіча. Калі даведваецца, што той ужо на волі, знаходзіць яго, і разам яны трацяць тыя грошы. Потым ладзяць чарговы напад на чыгунцы-вузкакалейцы. Але на гэты раз іх хутка арыштоўваюць.

Вось што было напісана ў тагачаснай газэце: “паводзяць сябе вельмі спакойна, а адносіны Пясецкага да Невяровіча – рыцарскія; увесь час яго бароніць, сьцьвярджаючы, што ён сам складаў плян нападу, падгаворваў таго. Характэрна, што падсудныя карыстаюцца пэўнай зычлівасьцю й нават сымпатыяй прысутнае ў залі публікі, сярод якой пераважаюць нэўрастэнічныя кароткавалосыя фараоны. Прызнаюцца ва ўсім, сьцьвярджаюць, што да нападу іх падштурхнула адсутнасьць працы.”

Суд прызнае іх вінаватымі ў нападзе з рабаваньнем. Крымінальны кодэкс падае за такое злачынства ад 3 да 5 гадоў зьняволеньня, але ж тут, на памежжы, дзейнічае надзвычайнае становішча, таму абодва атрымліваюць сьмяротныя прысуды. Аднак з улікам былых заслугаў ў выведцы, дзякуючы заступніцтву “Другога аддзелу”, сьмяротнае пакараньне Пясецкаму замяняюць на 15 год зьняволеньня.

Я шэсьць разоў быў у вязьніцах. Агулам адседзеў чатырнаццаць гадоў. Апошні раз сядзеў адзінаццаць — безь перапынку. Падчас гэтага апошняга зьняволеньня дзесяць разоў мяне пераводзілі зь вязьніцы ў вязьніцу. Пяць гадоў адседзеў у адзіночных камэрах, шэсьць – у агульных. Два гады знаходзіўся ў строгай ізаляцыі. Адзін раз адзінаццаць месяцаў безь перапынку. Адбыў шмат тыдняў карцэраў у розных вязьніцах. Як кіраўніка равіцкага бунту мяне пад узмоцненай аховаю выслалі ў Коранава. (Пясецкі тры разы – у Лідзе, Равічу й Коранаве быў кіраўніком вязьніцкіх бунтаў, удзельнічаў у шматлікіх галадоўках і пратэстах супраць жорсткіх адносінаў да вязьняў.) Як кіраўніка коранаўскага бунту мяне пад узмоцненай вартай выслалі на Сьв. Крыж (найбольш знакамітая, самая суворая вязьніца ІІ Рэчы Паспалітай, блізу 20% зьняволеных там памірала да заканчэньня тэрміну пакараньня. Адначасова зь Пясецкім там сядзеў і Сьцяпан Бандэра)...

Толькі пасьпяховая акцыя прэсы вырвала мяне зь няволі, пасьля адзінаццаці год знаходжаньня за кратамі. А каб я ішоў на кампраміс зь вязьнічнымі ўладамі, папросту: выракся барацьбы за правы й годнасьць чалавека ў вязьніцы, як гэта зрабіла шмат “інтэлігентаў”, дык мог бы мець там добрыя матэрыяльныя ўмовы й значна скарочаны тэрмін пакараньня. Надзвычай цяжкія ўмовы зьняволеньня прыводзяць да зьяўленьня сухотаў. Шматлікія галадоўкі пагаршаюць стан арганізму. Неяк я далікатна выклаў начальніку, што зараз самы час, каб чалавек дапамог чалавеку ў вязьніцы зноў зрабіцца чалавекам, што зараз час, каб спыніць зьдзекі зь безабаронных зьняволеных (...), пасьля чаго пачаў галадоўку.

Ягоная творчасьць пачалася ў вязьніцах у Равічу й Вронках, але толькі ў найбольш суворай вязьніцы Польшчы зьявіліся тыя творы, што ў хуткім часе зрабіліся літаратурнай сэнсацыяй і спрычыніліся да таго, што іх аўтар атрымаў волю.

Цікава, што ён ніколі раней не валодаў правільнаю, ня тое што “літаратурнаю”, польскаю моваю. Да 18 год ён нават ня чуў гэтае мовы, а карыстацца ёю пачаў ужо пасьля 20. Таму ягоныя першыя літаратурныя спробы сталі й ягоным першым досьведам пісьма па-польску. Мне вельмі перашкаджае маё веданьне расейскае мовы й тое, што да гэтага часу я ня меў зносінаў зь людзьмі, якія б правільна размаўлялі па-польску, бо ўжо больш за дзесяць год я жыву ў асяродках людзей, што карыстаюцца дзіўнымі гаворкамі ці апэруюць гратэскавай мяшанкаю некалькіх моваў.

Цяжка ўявіць сабе навучаньне ў камэры памерам пяць квадратных мэтраў, дзе ўтрымліваецца 18 вязьняў. Тым больш, што ў кожнай новай вязьніцы былі ўсё больш жорсткія правілы. Так забаранялася мець больш за адзін сшытак. Каб атрымаць новы, вязень павінны быў аддаць стары вязьнічнай цэнзуры. Сшытак мусіў быць скрэплены, старонкі пранумараваныя, а закрэсьленыя месцы заставацца чытэльнымі. Адсюль узялося запісваньне тых самых старонак паміж радкамі ды карыстаньне “атрамантам” іншага колеру ўласнае вытворчасьці. Нельга было пісаць пра тое, што адбываецца ў вязьніцы, а таксама падаваць што-кольвек, што магло б дапамагчы ў падрыхтоўцы да ўцёкаў. Быў сталы недахоп паперы ды прыладаў для пісьма, а зь літаратуры ў бібліятэцы – толькі рэлігійныя выданьні.

Калі Пясецкі знайшоў кавалак газэты з абвяшчаньнем конкурсу на напісаньне раману, дык у красавіку 1934 за дваццаць восем дзён зьявіўся ягоны першы аўтабіяграфічны раман аб працы агента закардоннае выведкі на савецкім памежжы пад назваю “Piąty etap”.

Аднак на конкурс гэты раман не патрапіў, бо цэнзура вязьніцы стварыла гэтаму перашкоды. У 1935 зьявілася яшчэ два раманы: “Żywot człowieka rozbrojonego” (канчаткова скончаны й выдадзены толькі праз больш чым дваццаць год) і “Kochanek Wielkiej Miedzwiedzicy” (напісаны за паўтары месяцы ў кастрычніку-лістападзе).

Пра таленавітага вязьня-пісьменьніка даведваецца Мэльхёр Ваньковіч (Melchior Wańkowicz), журналіст і выдаўца, які ў той час быў саўладальнікам Towarzystwa Wydawniczego “Rуj”.

Атрымаўшы пасьля доўгага цэнзураваньня рукапіс “Wielkiej Miedzwiedzicy”, у лютым 1937 ён наведаў Пясецкага ў вязьніцы Сьвятога Крыжа. Вынікам гэтай сустрэчы стала падпісаньне дамовы аб друку рамана й пачатак кампаніі адначасова па вызваленьню Пясецкага й рэкляме ягонага твора. Так 30 траўня 1937 года Ваньковіч друкуе ў “Вядамосьцях Літэрацкіх” (“Wiadomości Literackie”) вялікі, ілюстраваны здымкамі артыкул пад назваю “Wielka Miedżwiedzica świeci w okna więzienne”.

Гэты рэпартаж, а таксама аўра загадкавасьці й сэнсацыйнасьці, якою атачылі пісьменьніка, спавадавалі тое, што кніга, першы экзэмпляр якой аўтар атрымаў у камэры, зрабілася вялікім бэстсэлерам. Яе першае выданьне было распрададзенае за месяц, а за два гады выйшла тры перавыданьні. Твор прыязна прынялі як чытачы, так і крытыкі. Акцыю па вызваленьню хворага на сухоты “вязьня-літаратара” падтрымалі вядомыя пісьменьнікі й публіцыстыя.

Трэцяя па ліку пэтыцыя да прэзыдэнта з просьбаю вызваліць пісьменьніка, паручальніцтвам за яго й забавязаньнем выдавецтва “Rуj” выдаць наступныя ягоныя кнігі, была разгледжаная міністрам юстыцыі. 2 жніўня 1937 года Сяргей Пясецкі атрымаў ўмоўнае вызваленьне й пакінуў муры Сьвятога Крыжа. Першае, што ён зрабіў на волі — даслаў пасылкі з харчам і тытунём таварышам па камэры.

Мельхёр Ваньковіч атрымаў дэпэшу з такім зьместам: “За зьняцьцё з крыжа дзякуй, дзякуй, дзякуй”. Аднак адносіны паміж пісьменьнікам і выдаўцом потым былі не такімі ўжо й простымі. Выяўляюцца прэтэнзіі як да зьменаў у тэксьце “Каханка”, так і да вядзеньня фінансавых справаў.

Жыцьцё на волі Пясецкі пачаў зь лячэньня сухотаў, спачатку ў Аточку, потым у Закапаным. Людзі хацелі бычыць у ім найперш былога вязьня Сьвятога Крыжа, героя ўласных твораў, а не звычайнага чалавека. Да таго ж, ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Таму жыў на правінцыі, трымаўся ня вельмі кампанейска й прыязна. Падчас наведваньня нейкіх публічных месцаў заўсёды сядаў паасобку ў куце, не размаўляў ні з кім, што многія лічылі за грубіянства.

На лячэньні ў Закапаным Пясецкі сутыкнуўся з прадстаўнікамі тагачаснага польскага літаратурнага Парнасу, але сышоўся толькі са Станіславам-Ігнацы Віткевічам. Віткевіч выканаў некалькі партрэтаў Пясецкага, а той неўзабаве адказаў прысьвячэньнем у сваёй новай кніжцы: “Станіславу-Ігнацы Віткевічу: кароль мяжы й бог ночы, які апусьціўся да ўзроўню польскае літаратуры ”. У астатніх літаратараў пакінуў па сабе прыкладна такія ўспаміны: “Кажуць, што ён – ганарлівы, што пагардліва ставіцца да інтэлігентаў...”, на што быў адказ: “Што вы, курва, ведаеце пра жыцьцё й пісаньне кнігаў”.

“Rуj” выдае ягоныя наступныя кнігі. Пісьменьнік перажывае апагей папулярнасьці. Кнігі перакладаюцца на шмат моваў. Падобна, што ў 1938 годзе ягоная кандыдатура бралася пад увагу на ўганараваньне Нобэлеўскай прэміяй. Аднак далейшае разьвіццё творчасьці было перарванае выбухам вайны. Верасень 1939 застаў мяне на Віленшчыне, у маёнтку Раготна пад Наваградкам, я перажыў акупацыю літоўскую, савецкую, нямецкую й зноў савецкую. Увесь час я працаваў у кансьпірацыі, літаратурнай дзейнасьцю не займаўся, толькі што пісаў у падпольнай прэсе на Віленшчыне й у цэнтры краіны, напрыклад у “Polska w Walce”. У 1943 годзе атрымаў Крыж Заслугі зь Мячамі.

У верасьні 1939 Пясецкі дабрахоць пайшоў у войска – ён быў намесьнікам камандзіра роты ў батальёне KOP (Korpus Ochrony Pogranicza). Потым да свайго ад’езду з Польшчы ў 1946 годзе актыўна ўдзельнічаў у польскім узброеным супраціве на Віленшчыне. Спачатку належаў да ZWZ (Związek Walki Zbrojnej), а потым супрацоўнічаў з АК (Armia Krajowa) ды іншымі больш дробнымі кансьпірацыйнымі арганізацыямі. Недзе ў гэты час перайшоў у каталіцтва, што разглядаюць як вялікі ўнутраны пералом, канчатковы разрыў з Усходам.

У траўні 1945 Пясецкі пад рознымі фальшывымі прозьвішчамі перабіраецца ў цэнтральную Польшчу, а адтуль на прыяднаныя ад Нямеччыны землі. 30 красавіка 1946 пісьменьнік, схаваны ў грузавіку, пераправіўся за мяжу, пакінуўшы на Радзіме двухгадовага сына. Вось як ён матываваў гэтае сваё рашэньне: ...да ўцёкаў мяне змусілі абставіны, бо як літаратар, які цэніць свабоду слова, я ня мог надрукаваць у Польшчы ані слова. Я зьбег у Эўропу, каб мець магчымасьць працаваць як літаратар і, па магчымасьці, спрычыніцца да вызваленьня ад акупантаў нашага нешчасьлівага Краю. І яшчэ: Я буду выказвацца там, дзе сам гэтага хачу, а ня там, дзе й як мне загадвае Міністэрства прапаганды.

Праз Чэхаславаччыну й Нямеччыну перабраўся да Італіі, дзе з дапамогаю Ваньковіча быў прыняты ў ІІ Польскі Корпус. Разам з транспартам жаўнераў дабіраецца да Глязгаў, праводзіць пэўны час у Ангельскіх лягерох для перасунутых асобаў, каб па дэмабілізацыі застацца ў Лёндане. Да сваёй сьмерці пісьменьнік так ужо й не пакінуў Брытанскіх выспаў. Пасьля вайны ягоныя кніжкі працягваюць перакладацца на розныя мовы (сярод іншых на італійскую, швэдзкую, нямецкую, гішпанскую) і выдавацца ў розных краінах, нават у Мэксыцы ў 1963 годзе выйшаў “Żywot człowieka rozbrojonego” . Творчасьцю Пясецкага быў асабліва зацікаўлены пазьнейшы Нобэлеўскі ляўрэат Camilo Jose Cela. Аднак, насуперак сваёй міжнароднай папулярнасьці, аўтар “Каханка Вялікай Мядзьведзіцы” жыў надзвычай бедна, да канца жыцьця здымаў кватэры, са старых знаёмых ў яго мала хто застаўся. 1954 год прайшоў у мяне фатальна. Я скончыў яго цяжкай фізычнай працаю ад цямна да цямна, пасьля якой меў абдзертыя пазногці, усё цела ў ранах і сінякох, працаваць мусіў безь перапынку нават па нядзелях. Тая праца скончылася 25 сьнежня а першай па палудні. Я працаваў нават хворы на грып. Глытаў пігулікі, абліваўся потам, але пераломваў хваробу. Заплацілі даволі добра, таму зараз можна пару тыдняў пісаць далей. І ёсьць што...

У эміграцыі Пясецкі стварыў яшчэ некалькі раманаў. Сярод іх: дылёгія “Wieża Babel”, якая апісвае ваенную кансьпірацыю на Віленшчыне; “Siedem pigułek Lucyfera” апавядае, як сасланы ў Народную Польшчу 1945-1946 гадоў д’ябал робіць там кар’еру; “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” (“Zapiski oficera Armii Czerwonej”) – збор тагачасных польскіх жартаў пра чырвонаармейцаў, напісаны нібыта як дзёньнік савецкага афіцэра. З 1947 году быў сябрам Зьвязку Польскіх Пісьменьнікаў на Чужыне (Związek Pisarzy Polskich na Obczyźnie). У 1951-1952 гадох востра выступаў супраць Чэслава Мілаша й заарганізаваў дыскусію на тэму “новай” эміграцыі. Аднак у дзейнасьці эміграцыйных асяродкаў наўпрост амаль ня ўдзельнічаў, толькі што дасылаў артыкулы, пазьбягаў публічных выступленьняў.

Пад канец жыцьця здароўе пісьменьніка істотна пагоршылася. Далі напамін пра сябе гады ў няволі, цяжкае жыцьцё, дрэннае харчаваньне, празьмернае паленьне. Ён пакутваў ад кружэньня галавы й гарачкі. З пачатку 1964 знаходзіўся ў розных лёнданскіх лякарнях, а пад канец патрапіў да Польскага Шпіталя ў Penley ва Ўэльсе, дзе памёр ад рака 12 верасьня 1964 году. На ягоным надмагільным камяні высечаная Вялікая Мядзьведзіца.

Równi bogom nocy są swymi jedynymi panami.
Sergiusz Piasecki

Кампіляцыя Тацяны Крэмень

 кантакт: czasopis_pamiz@tut.by 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія