|
Ці ёсьць у Беларусі палітыка?
Элеанора Народная
Гэтак мусіў быў пачынацца любы артыкул пра якія-кольвечы “палітычныя падзеі ў Беларусі”. То бок – з аналізу перадумоваў, з дэфініцыяў, генэалёгіяў і да т.п. І тут нашаму гіпатэтычнаму аўтару, які паспрабаваў бы настолькі грунтоўна падыйсьці да сваёй справы (гэта значыць да таго, як пісаць пра нешта, здуміцца над праблемай існаваньня аб’екта свайго дасьледваньня), давялося б запытаць у сябе: што ёсьць палітыка й палітычнае наагул; якая частка словазлучэньня “беларуская палітыка” зьяўляецца вызначальнай; ці ня будзе гэтае спалучэньне толькі фармальным прыпісваньнем суб’екту “палітыка” прэдыката “беларуская” (а само яно ня мае адпаведнікаў у рэчаіснасьці й наагул пазбаўленае сэнсу) і г.д. і да т.п. Дзякуючы таму, што ніводны палітычны аглядальнік у здаровым розуме не стаўляе сабе такога кшталту пытаньні, мы маем магчымасьць штотыдзень атрымліваць тузін палітычных навінаў, аглядаў, аналітыкі, каб наталіць сваю прагу “быць у курсе падзеяў”, якія адбываюцца на палітычнай сцэне (ці хутчэй “арэне”) Беларусі. Відавочна, што гэткага кшталту пытаньні сьмяротна небясьпечныя для беларускае журналістыкі й паліталёгіі, бо ставяць пад сумнеў аб’ект іх разгляду. Таму перавага аддаецца захаваньню status quo на падставе маўклівага пагадненьня пра зыходныя аксіёмы: “а ўсё-ткі яна ёсьць”, што дае шматлікім аўтарам магчымасьць ня толькі спакойна спаць, але й сумленна зарабляць на свой кавалак хлеба.
Аднак праблема ўжо закранутая, а значыць быў зададзены першаштуршок, пайшлі пэўныя незваротныя працэсы, і застаецца толькі працягваць здумляцца, ставіць пытаньні, знаходзіць ключавыя вузлы праблемы, магчыма, пакуль не спрабуючы даць нейкі адказ.
Пачнем з банальнага: якім чынам можна вызначыць палітыку як такую? Найбольш распаўсюджанае спасярод шырокіх публічных колаў вызначэньне акрэсьлівае гэтую зьяву як барацьбу за ўладу. То бок мэта выступае папярэдне прадвызначанай, а на ролю палітыкі й палітыкаў застаецца адно толькі распрацоўка пэўных тактыкаў, тэхналёгіяў, скіраваных на яе дасягненьне. Што ў выніку атрымліваем? А тое, што ўсе праграмныя мэты, інтарэсы і грамадзкія каштоўнасьці, спавяданыя той ці іншай палітычнай сілай,падпарадкоўваюцца адзінай мэце атрыманьня ўлады (дарэчы, досыць мітычнае істоты), а значыцца, становяцца ня больш як сродкамі “на шляху да”, то бок чыстае вады праклямацыямі, слёганамі для заахвочваньня сваіх чальцоў і выбарцаў, і ў выніку – зьявай зьменьлівай ды залежнай ад павеваў часу, каньюнктуры й палітычнае моды. Айчынная паліталёгія, а за ёю й палітычная журналістыка, працягвае спавядаць састарэлае, узьніклае яшчэ ў вэбэраўскія часы, разуменьне палітыкі. Нашыя палітыкі спрабуюць ажыцьцявіць яго на практыцы, б’ючыся галавой у сьцяну, пра што не безь яхідзтва пішуць нашыя журналісты й са зьдзіўленнем, спрабуючы знайсьці прычыну й выйсьце, канстатуюць нашыя палітолягі. Замкнёнае кола круціцца колькі гадоў, а ў ім віруе ўсё так званае “палітычнае жыцьцё краіны”. Такім чынам з пэўнасьцю можна сьцьвярджаць, што беларуская палітыка існуе.
Але нешта тут муляе, перашкаджае задаволіцца такім адказам (тым болей, што напачатку было абацяна задаваць пытаньні, эксплікаваць праблемы). У вышэйапісаным колазвароты адчуваецца адсутнасьць чагосьці: гэты мэханізм працуе дарма, то бок такая “палітычная дзейнасьць” мае вынікам нуль, нічога (акрамя новых газэтных опусаў са старой рыторыкай). Калі доўгі час упарта біць рукою або галавою ў чыгунную браму, што можна атрымаць у выніку? Натуральна, тузін гузоў і пісягаў. Хтосьці скажа, што гэта таксама карысна ў якасьці пэўнага досьведу. Згода, але толькі калі той досьвед адразу ж выкарыстаць, то бок – пашукаць іншага ўваходу або нават спыніцца й падумаць, ці варта наагул ламіцца туды, дзе цябе не чакаюць. Апошняя мэтафара дазваляе дакладней высьветліць праблему: існуе патрэба ў выразным усьведамленьні ўласных мэтаў, прыярытэтаў, каштоўнасьцяў і спосабаў іх ажыцьцяўленьня. Такая неабходнасьць выяўляецца ў любой дзейнасьці, асабліва ў буйнамаштабнай, арыентаванай ня толькі на дзень сёньняшні, але й на пэрспэктыву, на тое, што завецца будучыняй. А хіба не зьяўляецца палітыка менавіта такога кшталту дзейнасьцю, і чаму тады яна зводзіцца альбо да сродка задавальненьня найбліжэйшых патрэбаў, альбо да схемы “правакацыя – рэакцыя” і наадварот?
Звычайна палітыкай у шырокім сэнсе называюць пэўныя стратэгіі ў самых розных сфэрах быцьця чалавека: культурная палітыка, экалягічная палітыка, адукацыйная палітыка, яшчэ кажуць выхаваўчая палітыка бацькоў, палітыка ўзаемнай дапамогі, палітыка замоўчваньня й г. д. Такім чынам, у палітыцы перадусім вылучаюць яе стратэгічны характар. А што мае на ўвеце стратэгія як такая? Ня толькі распрацоўку пэўных мэтодаў для дасягненьня нейкае мэты, але перш за ўсё – вызначэньне гэтае мэты. Каб вызначыць яе, неабходна выразна асэнсаваць, сфармуляваць свае каштоўнасьці й інтарэсы, што почасту стаецца найбольш праблемным, асабліва калі справа вядзецца на ўзроўні цэлага грамадзтва. Таму ў якасьці праблемы (як і было абяцана) трэба адзначыць, што ў беларускай палітыцы, якая паводле свайго прызначэньня мусіць акрэсьліваць мэты й прыярытэты разьвіцьця грамадзтва, адсутнічае стратэгічны сэнс. Адсюль выснова: беларускай палітыцы не стае “палітычнасьці”, яе палітыкам – стратэгічнае сьвядомасьці, асэнсаваньня двух найістотных пытаньняў: не адвечнага расейскага “што рабіць?” і “хто вінаваты?”, але найперш чаго мы хочам? і навошта нам яно?
|