|
Пра лёс сына правадыра нацыянал-сацыялістаў
З дакладной запіскі, якую 23 сакавіка 1943-га, з нагоды забойства Акінчыца, накіраваў П.Панамарэнку начальнік “Беларускага штабу партызанскага руху” П.Калінін, вынікае, што ў нацыянал-сацыяліста было двое дзяцей: “У Гродзенскім павеце Беластоцкай вобласьці Акінчыц меў свой маёнтак, дзе ўвесь час пражывала ягоная жонка з двума дзецьмі”1. У “Даведцы пра кіраўніка “Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі — Акінчыца Фабіяна”, падрыхтаванай 18 сакавіка 1943 г. маёрам дзяржбясьпекі Фармашовым, удакладняецца, што сям’я Ф.Акінчыца “пражывала ў невялікім асабістым маёнтку”2.
Але інфармацыя гэтая адносілася даваеннага часу. Вядома, што Кастусь Акінчыц у 1932 г. закончыў Віленскуюбеларускую гімназію3. Але ўжо ў сярэдзіне 30-х гг. сын Акінчыца вучыўся ў Варшаве, дзе стаўся актывістам... польскай ультранацыяналістычнай арганізацыі “Фалянга”. Пра гэта сьведчыць у сваіх успамінах эміграцыйны дзяяч Лявон Галяк.
Другая сусьветная вайна прывяла сына Акінчыца ў беларускае войска. Больш таго, ён стаў афіцэрам. Загадам Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраўБЦР № 15 ад 18 сьнежня 1944 г. “афіцэр Акінчыц Канстантын” быў накіраваны ў “распараджэньне Камандаваньня Беларускай Краёвай Абароны”4. А загадам Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР № 20 ад 1 студзеня 1945 г. надаецца
“Ранга л е й т э н а н т а:
1.Спадару АКІНЧЫЦУ Канстантыну, падпаручыку рэзэрвы пяхоты польскае арміі, са старшынством ад дня 1-га сьнежня 1944 г.”5
Пасьля вайны Кастусь Акінчыц жыў у ЗША, у Чыкага. Быў жывы яшчэ ў пачатку 80-х. Далейшы лёс сына правадыра беларускіх нацыянал-сацыялістаў невядомы.
Падрыхтаваў Іван Шухно
1 НАРБ, ф. 3500, в.1, спр.2, арк. 31, пераклад з расейскай.
2 НАРБ, ф. 3500, в.1, спр.2, арк. 35, пераклад з расейскай.
3 Шлях моладзі (Вільня), 1932, № 5, травень.
4 НАРБ, ф.383, в.1, спр.3, арк. 11.
5 НАРБ, ф.383, в.1, спр.3, арк. 21.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|