|
За кожнай хвояй я бачыла брата
Размова з Галіна Філістовіч
На пачатак лістапада 2003г. прыпалі 50-ыя ўгодкі з часу правядзеньня бальшавікамі судовага працэсу над Янкам Філістовічам. Лічыцца, што сябра Рады БНР Філістовіч быў расстраляны чэкістамі ў сакавіку 1953 г., ці не ў дзень сьмерці Сталіна. Але, паводле дакумэнтальных крыніцаў, гэтая вэрсія не адпавядае сапраўднасьці.
Нагадаем, што Янка Філістовіч, жаўнер адной з беларускіх збройных фармацый, патрапіў на Захад па вайне. У Парыжы ён паступіў у Сарбонскі ўнівэрсытэт — хацеў стаць гісторыкам. Там жа заснаваў папулярную моладзевую арганізацыю, выдаваў часопіс “Моладзь”. Кантактаваў з прэзыдэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам, які жыў у Парыжы. Але ў 1951 г. быў завэрбаваны ў спэцшколуЦРУ ў Нямеччыне і амэрыканскім самалётам закінуты ў Беларусь. Па адной вэрсіі, на Бацькаўшчыну хацеў вярнуцца сам, па іншай — паляцеў ледзьве ніпрымусам.
На Беларусі дзейнічаў цэлы год, ствараў падпольную сетку, заснаваў нелегальную збройную арганізацыю, спрабаваў выдаць газэту “Жыве Беларусь”. Але ў верасьні 1952-га быў затрыманы чэкістамі і, нібыта, у сакавіку 1953-га расстраляны. Пра гэта, прынамсі, напісаў у 1997 г. у кнізе “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста” Аляксандар Лукашук. Гэтая вэрсія патрапіла ў шматлікія публікацыі, прысьвечаныя Янку Філістовічу. Насамрэч, ён быў жывы яшчэ ў лістападзе таго году. Суд над 27-гадовым эмісарам беларускага эміграцыйнага ўраду, камандзірам антысавецкай партызанскай групы на Маладэчаншчыне праходзіў у Менску 4-5 лістапада 1953 г. Трыбуналам Беларускай вайсковай акругі Янка Філістовіч (псеўда “палкоўнік Іван Слуцкі”) быў засуджаны на сьмерць. Прысуд мог быць выкананы вясной 1954-га. Месца пахаваньня Філістовіча па-ранейшаму трымаецца ў сакрэце.
Увазе чытачоў “БР” прапануецца інтэрвію з сястрой Янкі Філістовіча Галінай (Сірафімай), якая ўжо амаль 60 гадоў жыве ў Польшчы. Запіс зробленыў чэрвені 2001
году.
— Раскажыце, калі ласка, пра Вашага бацьку.
— Тата быў добры чалавек — Андрэй Філістовіч, сын Габрыэля і Барбары. А “па-вулічнаму” яго звалі “Андрэй Чачотка”... Бацька заўсёды казаў: “Дзеткі, малітва і праца. Праца ўзбагачае чалавека. Каб быць добрым чалавекам, трэба працаваць”.
— Ён ваяваў у першую сусьветную вайну?
— Так. І ў яго была здольнасьць прадчуваць нядобрае. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся зь ім у нямецкім палоне. Ён сядзеў у лягеры, гаварыў са сваім сябрам. Раптам зь ім нешта зрабілася, ён замаўчаў і, нібы, заснуў, седзячы,ці згубіў прытомнасьць. А потым прачнуўся. Сябар пытаецца: “Андрэй, што з табою? Што было?”. “Ведаеш, браце, я быў у сваёй хаце, бачыў, маці мая памерла, ляжыць у труне...”. Той гаворыць: “Вазьмі запішы гэта ўсё”. Тата запісаў. Помню, як прыйшлі саветы і я навучылася чытаць па-руску, то прачытала той запіс.. Усё супала: год, месяц, дзень. Ён нават апісаў у чым была апранутая маці і колькі сьвечак гарэла...
— Калі ён вярнуўся з палону?
— Напэўна, ужо была Польшча.
— Сям’я ў Вашага бацькі была вялікая?
— Вялікая. Брат ягоны Фёдар жыў у Сібіры. Сястра Каця ў Краснадары жыла. Іван — у Ленінградзе, здаецца, быў інжынэрам-электрыкам, зьбіраўся пераехаць перад вайной у Паняцічы, электрыфікаваць нашу гаспадарку, але нешта не атрымалася. У Ленінградзе жыла Сіма, якая памерла ў Пінску. Была яшчэ сястра Маня. Максім быў прафэсарам у Краснадары, пісаў вершы. Толькі тата, самы старшы брат Фёдар і сятра Каця ня мелі адукацыі, а так усе вывучыліся.
Каб усе браты засталіся ў Паняцічах, то кожны ўзяў бы сабе палоску зямлі. А так усе раз’ехаліся, зямля засталася ў таты. Ён да таго яшчэ зямлю купляў.. Дакумэнты я маю.
— Колькі дзяцей было ў Вашых бацькоў?
— Старэйшая Верка, 1924 году нараджэньня, пасьля Янка — 1926-га, за ім я — 1928году. Яшчэ былі Каця, якая цяпер жыве ў Даніі, Аляксандар, які памёр тут, у Польшчы, і Ганна.
— Раскажыце пра Янку.
— Янка вучыўся спачатку ў Паняцічах, а пасьля — у Вязыні…
Памятаю, у суботні вечар сядзім у Паняцічах на дварэ каля нашага дому. На ганак выносілі стол, гарбату пілі ці рабілі кампот. Сядзім. А ў нас ластаўкі пад дахам вілі сабе гняздо. І якраз у гэтае гняздо ўлез верабей, раздуўсяі сядзіць там, а ластаўкі ніяк ня могуць яго выкінуць… Мы глядзім на гэта,а Янка аж трасецца… Тады ластаўкі пачалі залепліваць уваход у гняздо і хутка заляпілі да канца. Памятаю, як Янка плакаў: “Тата, глядзі, яны яго залепяць!” А тата кажа: “Нічога, нічога, паглядзім, што яны зробяць”. А яны яго заляпілі і паляцелі. Янка тады пабег па драбіну, паставіў яе пад дах і вызваліў з палону таго вераб’я… Яшчэ памятаю, што ён усіх шпакоў ведаў у нашым садзе. Па галасах іх пазнаваў…
Згадваю, Янка неяк напісаў ліст, што цяжка ім у Вялейцы. Дык я ўсе грошы, штомела, паслала яму. Калега яго прыяжджаў. Янка пасьля мне напісаў: “Мая сястрыца, як толькі мне цяжка, ты заўсёды дапаможаш мне”.
— Як арыштавалі Вашага бацьку?
— Людзі-беднякі — гэта бяда. Яны ж цёмныя, неадукаваныя. Тата ім усёжыцьцё дапамагаў, а яны... Як прыйшлі саветы, на бацьку напалі, што ён — кулак. Але сказаць пра яго нічога дрэннага не маглі. Таму яго і трымалі ў вялейскай турме бяз суда, не расстралялі.
Як пачалася вайна, усіх вязьняў выганялі з турмы за Вялейку. Там за мостамстаялі фурманкі. Ім сказалі энкавэдзісты, што, хто ня можа несьці свае рэчы, кладзіце іх на фурманкі, будзем везьці. Яны так і зрабілі. Але фурманкі тыя адразу паехалі наперад і яны іх больш ня бачылі...
Быў сярод вязьняў адзін доктар, на кастылях хадзіў, хворы. Хацелі яго вязьні пасадзіць на фурманку — ён ня мог ісьці, як і іншыя, бо доўга сядзелі ў турме, іх катавалі. Дык энкавэдэ пачало іх карабінамі біць. Доктара скінулі з воза і недалёка за Вялейкай расстралялі. Тата вельмі плакаў па тым доктары. Шкада, прозьвішча я ўжо ня памятаю. Кожнага, хто ня мог ісьці, стралялі ў патыліцу...
— Гэта Ваш бацька расказваў?
— Так. Казаў, што разам зь ім гналі сто пяцьдзесят вязьняў, палітычных. Ішлі, як маглі. Толькі прысядзеш, ужо ляціць энкавэдыст... Вязьні адзін другога падтрымлівалі. З Кавенева быў чалавек, ён з Амэрыкі прыехаў, купіў сабе гаспадарку, у яго былі 3 ці 4 дачкі. Дзесьці за Ільлёй ён прысеў. Тата кажа яму: “Ідзі, ідзі! Можа яшчэ некалькі крокаў і будзе канец нашым пакутам. Можа Бог нам дапаможа, вызваліць нас!” Так падтрымліваў яго. Але пасьля ён сеў на дарогу і кажа бацьку: “Браток Андрэй, ідзі, можа ты дойдзеш, ая далей не магу...”. Зараз прыйшоў энкавэдыст і стрэліў таму мужчыну ў галаву...
Так яны выйшлі за Хаценчыцы. Тут на іх наляцелі нямецкія самалёты, трохі пастралялі. А калі праляцелі нізка і ўбачылі, што ідуць цывільныя, паляцелі далей. Энкавэдысты спынілі людзей, загналі ў лес, на нейкую палянку. Паставілі кулямёты і ўсіх вязьняў расстралялі.
Тата і ня ведаў, як застаўся жывы. Напэўна, ён страціў прытомнасьць яшчэ да таго, як пачалі страляць. А пасьля яго прыкрылі трупы. Ён нам расказваў: “Прачнуўся я, чую, як птушкі песьні пяюць. Думаю, Божа, дзе я ёсьць? Хіба ў небе,хіба ў раю? Раптам чую, людзі ідуць. І мне лёгка зрабілася (напэўна, трупы зьмяне зьнялі), я вочы адкрыў, сонца сьвяціла. Чую шэпт: “Гэты жывы!” І яны пайшлі другім бокам. А я перавярнуўся на жывот, паляжаў трохі і папоўз у кусты,а пасьля далей — у лес. Баяўся, каб тыя людзі не сказалі, што адзін уцёк...”.
Так тата поўз, пакуль сілы яго не пакінулі. Ляжаў каля нейкага ручая, быланоч. Чуў ён, што дзесьці брэшуць сабакі. Значыць недалёка мусіць быць вёска ці хутар.
Раніцай разглядзеў хату. Была яна мохам крытая, з угнутай страхой. Тата кажа: “Божа, як трапіць на людзей багатых?!” Бедных ён баяўся. Баяўся, што прададуць. Людзі ж цёмныя, не сьвядома зробяць дрэннае...
Скрыпнулі дзьверы. З хаты зь вядром у руках выйшла жанчына і пайшла ў бок бацькі. Калі яна параўнялася зь ім, тата кажа: “У імя Хрыста, дапамажыце!” Яна спалохалася, глядзіць, а пасьля стала плакаць. У яе муж таксама быў арыштаваны. Паслала яна свайго сына да суседзяў, у якіх былі тры дужыя сыны. Дала яму паесьці, але ён есьці ня мог... Хлопцы зрабілі насілкі і занесьлі яго да сябе. Там у саломе зрабілі яму сховішча, бо баяліся, каб не зайшлі да іх бальшавікі. Яны адступалі, на шасэ гул стаяў ад іх машынаў. Там тата і ляжаў, яму прыносілі есьці. А, калі саветы зьніклі, яго павезьлі ў Ільлю, на Зарэчча, да цёткі Вольгі.
Адтуль нам перадалі вестку, што тата жыве. А мы ўжо зьбіраліся ісьці ў Вялейку. Бо нам гаварылі, што там была камора, залітая крывёю людзкой. Што там людзей мардавалі...
— З-за арышту бацькі Вашу сям’ю не чапалі бальшавікі?
— Памятаю, прыходжу ў школу, а на дошцы краты намаляваны, а за імі арол польскі сядзіць, гэта значыць Андрэй Філістовіч... У нас былі настаўнікамі ў Паняцічах жыды, за саветаў перад вайной — Шура і Іван. Яны надта добрыя былі да нас, а дзеці ў школе зласьлівыя бываюць. І, наогул, дакучалі дзеці мне і Каці. Калі я плакаць пачынала, гэты жыд, Іван яго звалі, мяне супакойваў: “Не плач, што ты, Сіма, гэта дурні!” І ён пайшоў па хатах да іх бацькоў: “Што ж вы робіце, нават калі іх бацька вінаваты, у чым дзеці вінаватыя?” І ўсё.Бацькі дзяцей прытрымалі, накрычалі і яны перасталі.
— Янка дома быў, калі бацька вяртаўся?
— Дома быў. Усе мы былі ў Паняцічах. Толькі Верка ў Ільлі пачала працаваць у надлясьніцтве, пры саветах. А як прыйшлі немцы, Верка таксама вярнулася дахаты і ўсе мы былі разам.
У мяне і цяпер перад вачыма гэтая сцэна. Пад вечар едзе цётка на кані, сядзіць на возе, чорны конь, саломы шмат насьцелена. І не відаць, хто ў саломе ляжыць. Мы стаім, мама, бабуля, дзеці ўсе. Прыйшлі два браты мамы, сусед Васіль, бацька Жэнькі. Стаім.
А цётка кажа: “Што ж вы так стаіце?” А мы стаім, бо не бачым бацькі. А яго палажылі на воз і павязьлі. А ён сам ня можа падняцца. “Падыдзіце, памажыце!” —кажа цётка.
Мужчыны тады паляцелі да возу. Паднялі яго, паставілі. Саша і Аня, як стаялі, то схапілі маму за спадніцу: “То не наш тата”. Не пазналі, бо выйшаў на дарогу кавалак такога страшнага чалавека! Босы, распухшыя ногі, з пальцаў кроў цячэ. Столькі кілямэтраў ён ішоў...
— Ён доўга хварэў?
— Доўга. Бабуля нейкімі травамі яго лячыла. Бацька спачатку есьці нічога ня мог... Спаць ня мог, кашмары ў яго былі. Усё сьніўся той расстрэл...
І пры немцах на нас пачалі пісаць даносы. Аднойчы на легкавых машынах прыехала нямецкая жандармэрыя. Загадалі людзям здаць зброю, калі ў каго ёсьць. Бацьку немцы прапанавалі зноў быць солтысам. Тата гаворыць: “Я быў солтысам, але больш не хачу, бо за гэтага солтыса сядзеў у турме”. А яны ўгаворвалі. Нехта яшчэ быў падаў, што ён, нібыта, камуніст. Вось і дом у ягоновы пабудаваны. “Вось паглядзіце, які я камуніст, толькі з турмы вярнуўся”, — кажа бацька. Тлумач гаворыць: “Вы мусіце быць солтысам, пазьней можа памяняем, а цяпер мусіце быць вы”. А яны ўжо па вёсцы пасьпелі прайсьці. “Я— хворы, я не магу быць”, — гаворыць бацька. “То вазьміце сабе памочніка”, — кажуць яму.
Ну і здавалі людзі зброю (а яе тады па адступіўшых саветах шмат валялася),прыносілі да нас. Бо немцы сказалі, што хто ня здасьць, дастане кулю ў лоб...
У вёску нашу прыслалі двух галяндцаў у жоўтых мундзірах: Дэгі і Бэнэка. Янка іх называў “венік” і “дзяркач”. Адзін быў высокі і худы, а другі — маленькі з “брухам”. Яны сачылі за выкананьнем здачы падаткаў. Спачатку яны ўнас начавалі, а пасьля — у маёнтку.
Тата застаўся солтысам. Немцы ўсё дапытваліся: “Скажыце, хто вас выдаў?” Бацька ведаў, але не хацеў называць. “Скажыце, вас так мучылі, а вы...” —настойвалі немцы. “Я не хачу помсьціцца, таму над намі Бог, які мяне выратаваў”, — такі быў адказ бацькі. І калі пасьля немцы неяк дазналіся і арыштавалі больш дзесятка тых людзей, то бацька паехаў іх вызваляць і вызваліў.
— А чым Янка займаўся ў гэты час?
— Працаваў на гаспадарцы.
— А калі Вы зь ім разлучыліся?
— Ён служыў у беларускім батальёне ў Вялейцы. А летам 1944-га была эвакуацыя. Мы ня ведалі, дзе ён і што зь ім было... Пасьля прыехалі ў Маладэчна. На ўскраіне гораду ўбачыла калегу Янкі з батальёну, які ехаў са сваімі бацькамі. Я яго трохі ведала і запыталася пра брата. Ён кажа: “Мы ўсе тут былі, я да бацькоў прылучыўся, і Янка тут быў недалёка, але пайшоў на чыгунку, на цягнік”.
Каб трохі раней мы прыехалі, то спаткаліся б... Ну што-ж. Паехалі мы далей. Тата “паляцеў” на чыгунку, але той цягнік ужо адыйшоў і ён спазьніўся. Янку я бачыла яшчэ... А тады мы прыехалі і надта цяжка працавалі ў немцаў.
— І куды вы прыехалі?
— Ва Ўсходнія Прусы. Там прапаноўвалі паехаць пад французскую мяжу.. Але тата не хацеў ехаць далёка ад Беларусі. Ён ня быў палітыкам. Ён думаў, што пасьля вайны будзе Польшча, як і раней...
— А Вера была з вамі?
— Так. Яна, яе муж — Жаўняровіч і яго бацька. Яны сваім возам ехалі. Нас разабралі немцы на працу. Мы былі ў адным месцы, а Вера — у іншым маёнтку,недалёка ад нас. Наш гаспадар быў нядобры чалавек, прымушаў нас вельмі цяжка працаваць. Там я падарвала сваё здароўе...
— Вы ў тым месцы заставаліся да канца вайны?
— Так.
— І Янка ніколі там не паказваўся?
— Не, ніколі. Мы яго шукалі, але не маглі знайсьці... Як немцы адступалі, выехаў і немец-гаспадар. І нас пагналі на захад. Але мы пасьля вярнуліся. “Чаго ж я буду ўцякаць?” — казаў тата. А пасьля прыйшоў малады нямецкі лейтэнант з пісталетам: “Вы што, засталіся камуністаў чакаць? Калі не паедзеце, застрэлю!” Паехалі мы ў бок Гданьска.
— А Вера з вамі паехала?
— Не. Яна засталася. З мужам і яго бацькам. А мы паехалі. Памятаю, сядзелі дзесьці ў сутарэньнях, разам зь нямецкімі сем’ямі. Прыйшлі нямецкіявайскоўцы і кажуць: “Мы адступаем. Хто хоча, ідзіце з намі”. Усе маўчалі. Тады яны пытаюцца: “Усе тут немцы, няма замежнікаў?” Усе зноў маўчалі. І яны пайшлі. Раніцай прыйшлі рускія. Яны чапляліся да дзяўчатаў, жанчынаў. Прычапіліся і да нас. Нейкі рускі пры бацьках кажа мне: “Пойдем в другую комнату!” “Нікуды я з табой не пайду!” — кажу. Рускі пачаў ужо зброяй палохаць. А бацька маўчыць — баіцца... На шчасьце, прыйшоў малады лейтэнант-беларус зь Менску. Ён мяне абараніў. Гэты хлопец быў высокі, з перавязанаю галавою. Шкада, што ўжо ня памятаю ягонага прозьвішча…
— Вы яму казалі, што вы зь Беларусі?
— Так, казалі. А той рускі, адыходзячы, палохаў: “Сегодня ничего, а завтра, когда будете ехать конвоем назад, я тебя там и так возьму!” Назаўтра едзем мы да той рускай заставы, бацькі схавалі мяне на падводзе, закідалі рэчамі. Пад’яжджаем. Маці кажа: “Дачушка, стаіць гэты, на кані, там, дзе правяраюць!” Але адначасова з намі пад’ехала вайсковая машына. У ёй сядзеў нейкі вялікі вайсковы чын, а побач зь ім той афіцэр-беларус. Ён нешта сказаў, адсалютаваў нам і нас прапусьцілі…
— І куды вы паехалі?
— Мы вярнуліся да Гданьску і паехалі на Т., дзе быў зборны пункт бежанцаў. Тут мы затрымаліся на праверку. Тата падыйшоў да нейкага паляка, які там працаваў. “А што пан тут робіць?” “Ды вось, з сям’ёй еду на радзіму, на Віленшчыну”. “А дзе ж пан даедзе да той Віленшчызны?! Дай Божа, каб пан у Сібіры не апынуўся”… Ён параіў тату застацца ў Польшчы.
Мы прыехалі ў гарадок Трэплін. А там ужо рускія ўсё забіраюць з вазоў, самае лепшае цягнуць. Коні бяруць… Зрабіў тата дакумэнт, што ён польскі грамадзянін, стаў працаваць у Трэпліне. Быў ён майстра на ўсе рукі.
— А што зь Верай было, вы ня ведалі?
— Нічога ня ведалі. Так мы засталіся ў Трэпліне. На другі дзень прыходзяць рускія, сказалі сабрацца ўсёй моладзі: “Пойдем очищать вокзал”.І мяне забралі…
Там я бачу: Янка, брат мой! О, Божа мой!.. А тата нас усіх папярэджваў, каб быліасьцярожныя. Бо бальшавікі вельмі каварныя. “Калі Янку ўбачыце, то не падавайце віду, што яго пазналі. Бо яго бальшавікі могуць зьнішчыць. І ён можа не прызнавацца, што ён Філістовіч”, — казаў тата. І вось Янка, разам зь іншымі, ачышчаў вакзал…
— А як ён быў апрануты?
— У цывільным. Так, як ён дома быў.
— А ён вас убачыў?
— Можа і бачыў. Але ён не глядзеў па баках. Толькі насіў і складаў… А рускія стаяць, назіраюць… Думаю: засьпяваю песьню, што мы дома разам сьпявалі. Але збаялася…
Скончылі мы працу, пагналі нас дадому. Я кажу сваім: “Мама, тата, Янку я бачыла”… Я пераапранулася, узяла сястру Кацю і кажу: “Пайду шукаць”. Выйшлі мыў горад, трохі прайшлі, бачым, стаіць на тратуары савецкая машина, а каля яе — рускія. Адзін хапае мяне і цягне ў машыну. Я яго драпала, біла, неяк вырвалася. Уцяклі мы назад.
Пасядзела дома пару гадзінаў, супакоілася і кажу сяброўцы: “Дуська, давай пройдземся па горадзе”. Выйшлі мы. А я адчувала, што Янка знаходзіцца ў будынку мясцовай школы. Але недалёка ад той школы злавілі нас рускія. Я пасьпела толькі сказаць сяброўцы: “Не гавары, што я з сям’ёй”.
Прывялі нас у будынак, а там маёр сядзіць. Даныя нашы запісаў. Я назваласяКарнакоўскай Станіславай. А ён пачынае з намі зайграваць. Я думаю: “Божа, як вырвацца, каб пайсьці, шукаць брата?!” А тут і другі афіцэр прыйшоў, лысы. Ён мяне схапіў і на канапу кладзе. А я малюся: “Маці, Прысьвятая Багародзіца, Маці Божая Вострабрамская, памажы!” І зараз прыходзіць салдат, салютуе ім і кажа, што генэрал іх выклікае… Яны: “Извините”. І пайшлі. А мы выйшлі з будынку і вярнуліся дамоў…
Тады прыдумала я плян, каб хто пайшоў пад вокны школы выгукваць усе нашыяімёны. Спадзявалася, што Янка пачуе. Але зноў нічога не атрымалася. Так мыі не сустрэлі там Янку. Пасьля ўжо ў кніжцы Пасьлядовіча я чытала, што Янка тут працаваў у гміне. Пасьля дастаўся ў Шлёнск, дзе меў прыяцеля-чэха і ёндапамог яму перайсьці нямецкую мяжу.
— А хто вам кніжку Пасьлядовіча даслаў?
— Міхал Чаеўскі з Англіі напісаў, што ёсьць такая кніжка. Ён родам з вёскі Чэхі каля Вязыні, з намі ў школу хадзіў. І Скабей з Аўстраліі напісаўмне таксама. І я напісала ў беларускую кнігарню ў Беласток, папрасіла прыслаць кніжку. Прыслалі мне кніжку…
— Значыць, Вы толькі з кніжкі даведаліся пра лёс брата?
— Толькі з кніжкі… Можа, каб я яго знайшла, ён бы тады з сям’ёй злучыўся. Можа інакш склаўся б ягоны лёс…
Пасьля мы з гораду пераехалі ў вёску. Бо ў горадзе было поўна рускіх — мыбаяліся. Я не магла выйсьці ў горад… Спадзяваліся, што на вёсцы будзе ціхаі спакойна.
— А бацькі ня думалі зьмяніць прозьвішча?
— Не. Толькі мы, дочкі, памянялі. А я і імя зьмяніла. Серафіма — імя няпольскае, таму я стала Галінай.
— А як удалося вам знайсьці Веру?
— Калі мы ўладкаваліся на новым месцы, пачалі шукаць Верку, пісаць. Аяшчэ, калі разьвітваліся, тата сказаў, што калі выжывем, будзем зьвязвацца праз маміну сястру, якая жыла каля Мёраў. Там будзем кантактавацца. А тую цётку немцы былі вывезьлі, а вёску спалілі. Але пазьней яна вярнулася. Спачатку мы шукалі Верку праз Чырвоны Крыж. У Польшчы яе ня было. Тадымы згадалі пра цётку Кацю. Напісалі. Яна адказала, што Верка была, але ўжо выехала на Ўкраіну. У яе ўжо была сям’я, дзьве дзяўчынкі. Яна спачатку нядрэнна жыла, муж быў афіцэр. Але пасьля ён сапсаваўся…
— Дзе Ваш тата працаваў?
— Спачатку мы ўзялі гаспадарку — 5 гэктараў зямлі. Зямля была добрая, але тата ўжо ня мог цяжка працаваць. Я яму дапамагала. Я і касіла, і баранавала. Разам з бацькам. Толькі гараць я няўмела. Людзі дзівіліся зь мяне… Голад быў, цяжка нам спачатку жылося, бо мы нічога ня мелі. Тата вельмі любіўчытаць. У яго была вялікая бібліятэка. У Гданьску была міжнародная кнігарня, ён у ёй замаўляў кнігі і яму дасылалі іх.
— У якім годзе Вы езьдзілі ў Англію?
— У 1975-ым. У Лёндан. Адмыслова да Лашука. Была і ў Чаеўскага ў Ротэрдаме…
— І што Вы ў Англіі даведаліся?
— Нічога. Я нават глядзела картатэку. Але, калі дайшла да Янкі літары, Лашук забраў яе ў мяне. Не паказаў.
— А астатнія людзі, з кім Вы сустракаліся, штосьці расказвалі Вам пра брата?
— Лашук дзіўна сябе паводзіў. Кажа: “Паедзем да знаёмых, але ты не гавары, што ты — сястра Янкі. Бо, між намі, ня вельмі яны добра з Янкай жылі”. Я думаю, што там нешта іншае было. Яны, відаць, добра ведалі, што ён (Лашук) — непрыяцель Янкі. Ён, нібыта, рабіўся прыяцелем, але некаторыя словы яго былі… Пару словаў кінуў такіх, што мяне аж укалола…
Памятаю, пры немцах гэта яшчэ было. У Ільлі. Прыйшла да нас Юлька Камінская, Скабея швагра дзяўчына: “Цёця Зося, ідзіце да нас, прыйшла да нас надта добрая варажыха. Можа і вам паварожыць”. З мамай пайшла я. Варажыха расклалакарты і гаворыць так: “Чэрвенны мужчына, малады мужчына — сын. Перад ім ёсьць дзьве дарогі: адна вельмі сьветлая і добрая, а другая, калі ён паслухае, нібы, свайго калегу, сябра старэйшага, чорнага. Калі паслухае, то марна прападзе”. А мама адразу кажа: Лашук! У гэтага Лашука маці была беларуска, а бацька быў жыд.
— Ён ужо памёр?
—Памёр. Апошні ліст даслаў мне ў 1994 годзе якраз перад пахаваньнем брата Сашы. Перад тым я яму пісала, а пасьля спыніла перапіску. Пісаў ён мне па-польску:
“Шаноўная пані Галіна!
Цяжка сёньня высьветліць прычыны спыненьня карэспандэнцыі пасьля 12 гадоў перарыву. Калі пані вырашыць аднавіць кантакт, прашу напісаць, бо тагопатрабуе справа сьветлай памяці Янкі. Некалькі тыдняў па радыё (па беларускай праграме Радыё Свабода — П.К.) перадавалі п’есу аб іх (абЯнку і яшчэ кімсьці — Г. Ф.). праектуецца выданьне кніжкі. Пані можа дапоўніць яе новымі ведамасьцямі. […] Адначасна патрэбныя даныя аб ягоным дзіцятку. Дзе яно цяпер жыве, як? Ужо, напэўна, мае ўласную сям’ю. […]”.
— Вы яму не адказалі на гэты ліст?
— Не, не адказала. Я думаю, што ён хацеў, каб я прыехала па справе грошай па Янку. Гэтыя грошы можна было дастаць… На арганізацыю, на Беларусь.
— Ён Вам сказаў пра грошы?
— Не, я яму згадала. А ён мне тады сказаў: “Якія гэта грошы? Дзе ж тыя грошы?!” Я кажу: “Я чула, што Янка быў застрахаваны”.
Лашук вельмі хацеў, каб я нагаварыла на касэту ўспаміны пра Янку. Ён, як даведаўся, што я маю ліст Польскага Чырвонага Крыжу пра Янку, дык адразу ж папрасіў выслаць яго яму ў Англію. І ён вельмі прасіў, каб я прыехала і прывезла гэты ліст:
“25 красавіка 1959 г. Варшава. Макатоў.
У адказ на аб’яўлены пошук Філістовіча Яна, сына Андрэя, народжанага… 1926году ў Паняцічах, з жалем паведамляем, што ў адпаведнасьці з данымі Савецкага Чырвонага Крыжу ў Маскве, Філістовіч Ян, сын Андрэя, народжаны ў 1926 г. уПаняцічах, памёр дня 19 сакавіка 1954 году на тэрыторыі СССР. Прыносім Вам шчырыя спачуваньні.
Падстава: ліст Савецкага Чырвонага Крыжу ў Маскве (нумар і дата). Іншымі зьвесткамі Савецкі Чырвоны Крыж не дыспануе”.
— Але ж Аляксандар Лукашук пісаў, што Янку расстралялі ў сакавіку 1953-га…
—Некаторыя сьведкі, якія праходзілі па справе, казалі, што Янка, сапраўды, у той час яшчэ жыў. Быў у турме. Бачылі ці ведалі, што ён яшчэ жывы. Нават у пазьнейшы час.
— Дык можа яго не расстралялі?
— Ведаеце, што маглі зрабіць? У той час выпрабоўваліся першыя савецкія спадарожнікі. Хочаш жыць — паляціш. Вернешся, так вернешся, а не, дык не…
— А хто Вам гэта гаварыў?
— Гаварылі людзі. Нават вайсковыя, тут, у Польшчы. Вы ж ведаеце, якімінебясьпечнымі былі першыя запускі тых ракетаў…
Калі Вера першы раз прыехала да нас, мы паехалі ў Г., да сястры. А там была вядомая варажбітка, якая, нібыта, у Пэрсіі была. Вельмі добра ведала Кабалу…
Я на Янку паставіла. Яна намалявала крыж на паперы, папрасіла, каб падала ёй дзень, месяц і год нараджэньня таго, пра каго хочаце даведацца. Я перад ёй яго фотакартку паклала, напісала, калі ён нарадзіўся — перад Калядамі,увечар перад Калядамі — 24 сьнежня. Але гэта “польскія” Каляды, а нашыя надва тыдні пазьней…
Варажбітка кажа, што год правільны, але дзень і месяц — не. Ну тады я сказала, што дзесьці 6 студзеня. “Ну цяпер добра”, — кажа. Глядзіць яна, глядзіцьна фотакартку, а пасьля выдыхае: “О, Божа мой! Ён вайсковы?” “Быў вайсковы”.“Бедны. Ён ні то штогадзіну, ён штомінуту прасіў Бога аб сьмерці. Ён прасіў Бога. Ён надта шкадаваў, што нарадзіўся… Вы не ўяўляеце, што ён прайшоў. Але ён жыве. Ён жыве. І ён будзе вельмі стары, як вы аб ім даведаецеся. І ён будзе ехаць з краіны ў краіну, пакуль завітае да вас… Яму дапамагла чорная жанчына ў турме…”.
Ведаеце, гэта выглядае, як басьня, але я — яго сястра і мне так хацелася, каб гэта была праўда!
— Яна сказала, што ён жыве?
— Так. Хтосьці памёр іншы. І зрабілі, што памёр Янка. А ён выйшаў на волю пад іншым прозьвішчам. “Ён жыве. — сказала яна. — Толькі, што ён будзе вельмі стары, як вы даведаецеся, што ён жыве…”.
— У якім годзе Вы хадзілі да той варажбіткі?
— Дзесьці ў канцы 50-х — у пачатку 60-х гадоў. І мы ніколі абедні за яго не замаўлялі. Аднойчы я была ва Ўроцлаве са сваёй дачкой у Камінскага, сваяка Скабея з Ільлі. І пайшлі мы ў праваслаўную царкву. І я хацела паставіць сьвечку за Янку. Запаліла сьвечку і паставіла. А мяне ў гэты час ўсю трэсла.Камінская мне казала пра гэта. Нават архіерэй-біскуп заўважыў, як мая рука са сьвечкай трэслася… Я ледзьве яе паставіла. Нічога ня помніла. Малілася. Пасьля пыталася ў Камінскай: “Цётка Маруся, ці Вы бачылі, гарэла тая сьвечка?”. Сказала, што нібыта гарэла.
Адзін раз з мамай паехалі ў касьцёл Пятра і Паўла ў Вільню. Там у катакомбах віленскія мучанікі пахаваныя. І там мама ставіла сьвечкі, за маму сваю, за бацьку і за сына Янку. Тры сьвечкі паставіла. Дзьве сьвечкі, за дзеда і бабу, гарэлі, а за Янку гарэла ясна, добра, а пасьля хутка пацямнела і патухла…
Мама мая, як жыла, калі сьніла тату, заўсёды пыталася: “Тата, скажы, дзе мой сынок?” І так некалькі разоў. Увесь час дзед адварочваўся, не хацеў гаварыць і ўцякаў. А раз так ужо мама яго прасіла і плакала, што ён загаварыў: “Дай спакою мне сваім сынам Янкам! Што ты хочаш даведацца? Што ты хочаш? Вось тутляжыць…”. І паказаў нейкую магілку ці нават не магілку, а нейкі капец…
Пару гадоў таму я хацела яго неяк памянуць, імшу па ім заказаць. Але ня ведала, як зрабіць, як даведацца, што ён сапраўды не жыве?.. Аднойчы ўвечары паставіла сьвечку, крыж, яго фотаздымак і моцна малілася, прасіла: “Браток, акажыся да мяне, скажы, прыйдзі да мяне”. І ўначы сьню. Іду я дзесьці, бачу: Янка ідзе. Малады такі, прыгожы, такі, якім я яго бачыла ў Вялейцы апошні раз. Ішоў ён зь нейкай дзяўчынай. Толькі апрануты інакш. Я на яго: “Янка! Браток, так ты жывеш?! Янэчку!”. І я да яго дакрануцца хацела, але тут ягоны вобраз у паветры растварыўся і зьнік… Я абудзілася…
У нас на сьвята Ўсіх Сьвятых усю радню памерлую памінаюць. Напісала ўсіхі я. Толькі ніяк не змагла напісаць імя Янкі…
Калі мама памірала, прасіла Бога… Бо ўся радня яе, сёстры, браты, пакутвалі за яе сына. Прасіла Бога, каб ён даў ім лёгкую сьмерць, а яна згодная была ўсё ўзяць на сябе…
Мама цяжка хварэла, перад сьмерцю ляжала ў шпіталі і я ўначы каля яе дзяжурыла. Я ў яе спытала: “Мамачка, ці Янка не прыходзіць да цябе?” Яна ўсьміхнулася. Відаць, што сьнілася ёй штосьці. Гаворыць: “Мая дачушка, дзе ж ён да мяне прыйдзе, сынок мой. Яго ўжо няма…”.
А паміраючыя маюць дар яснабачаньня… Аднойчы мама ранкам кажа: “Божа мой, што мне сьнілася! На неба гляджу, а на захадзе — чырвонае неба. У зараве — Янкі твар. І ён кажа: “Мама, помні Парыж!”. І так тры разы паўтарыў”.
— І калі Ваша мама гэта прысьніла?
— Калі яго завэрбавалі…
— Калі Вы першы раз прыехалі на Беларусь з Польшчы?
— Першы раз я прыяжджала з мамай, у 1977 годзе. Тады зь Вільні мы ў Менск ехалі. У Паняцічах былі. 12 гадоў назад прыяжджала я з Ганнай. Узялі таксоўкуі паехалі ў Паняцічы. Там пайшлі на могілкі, дзе мамы маці пахаваная, дзяды.. Магілу бабулі я адразу адшукала. Пайшла я далей, хацела пашукаць магілы іншых сваякоў. Ідзем з Ганнай далей, і раптам — у мяне мароз па скуры. Ня ведаю, што гэта было. Вярнуліся мы да машыны. Таксіст стаяў каля плоту.. Ня ведаю, можа ён у той момант што дрэннае падумаў, а я адчула…
— Хата Ваша ў вёсцы яшчэ доўга стаяла?
— Там школа была да самага канца. А пасьля людзі павыяжджалі ў Вялейку, Маладэчна. Ня было дзяцей ужо і школу скасавалі…
— Вы даўно ня былі на Беларусі?
— Даўно. Я цяпер моцна захварэла… Памятаю, калі ехала ў Паняцічы праз лес, усё углядалася. За кожнай хвояй бачыла брата…
— Вашую сям’ю ў Польшчы ніколі не турбавалі, да вас ніхто не прыходзіў?
— Не. Толькі ў той час, калі Янку схапілі там, калі была аблава. Там, дзе жылі бацькі, у двары кіёск стаяў, у якім прадавалі ўсякую-усячыну. Так тады каля гэтага кіёску поўна міліцыі было, польскай. Я з мужам ішла з гораду (мы тады за горадам жылі), зайшлі да бацькоў. То за намі адразу двух міліцыянтаў увайшлі ў хату, нібыта, “пагрэцца”, “бо холадна”. Мама тады яшчэ сказала: “Ня ведаю што такое, і ўчора тут было поўна паліцыі”…
— Гэта былі палякі?
— Ну, з намі яны па-польску гаварылі. На нас з мужам уважліва глядзелі.. Пасьля мы даведаліся, у чым была справа. Дзядзька Максім зьезьдзіў у Паняцічы і напісаў тату ліст. Што Янка там быў, хадзіў і яго арыштавалі. Я памятаю, тады ўсе сядзелі ў мяне дома, калі тата чытаў ліст. Мама была, я з 8-месячнай дачкой…
Дзядзька Максім піша, што быў у Паняцічах, пазнаў усіх людзей. Ён-жа калісьці таксама мусіў уцякаць з Паняцічаў, казаў, што нейкае пракляцьце вісіць над нашай сям’ёй. Ён добра гаварыў па-нямецку і па-французску. У першуюсусьветную, як прыйдуць у вёску нямецкія салдаты, забіраюць карову, сьвіньню, авечку, людзі да Максіма прыбягаюць: “Максімка, сынок (ці браток), ратуй!”. І ён ідзе да тых немцаў, просіць. Іншы раз удавалася дапамагчы. А калі прыйшлі бальшавікі, сказалі, што ён зь немцамі быў. А ён-жа людзям дапамагаў…
Дык вось, дзядзька Максім напісаў, што на Захадзе маладых людзей бяруць, адурманьваюць, пасылаюць на падрыўную работу ў Савецкі Саюз: “Так было, браток, і з тваім сынам”. Вельмі далікатна так напісаў. Мама загаласіла: “Ах,сынок! Ах, сынок!”. Тата шэры зрабіўся, мне стала дрэнна, аж дзіця на каленяхняўтрымала, губляла прытомнасьць…
Плакалі. Некалькі месяцаў. З таго часу я мала плачу — ужо не магу.
Я вельмі перажывала за брата. Хацела ісьці ў кляштар. Тата не пускаў. Я Янку вельмі любіла, мы дружныя былі з дзяцінства. І калі тата яго за штосьці пачынаў біць, я так плакала, бараніла яго, што тата ўжо за мяне браўся, а я няплакала…
— Вера часта прыяжджала пасьля ў Польшчу?
— Рэдка. А пасьля яна з мужам разыйшлася…
— А ён прыяжджаў?
— Не, не прыяжджаў. А яна хацела з усімі дзецьмі прыехаць, але не дазволілі. Найменшых дзяўчынак пакінулі, не далі. Бо адчувалі, што яна ў Польшчы застанецца. Яна б засталася, каб прыехалі ўсе дзеці, а так баялася…
— Продкі Вашыя заўсёды жылі ў Паняцічах?
— Ня ведаю. Памятаю, што нас “Чачоткі” называлі. Бо ў родзе бацькі ўсе мужчыны былі добрымі сталярамі. І прадзед казаў, што на бочку, акно ці дзьверы патрэбнае лепшае дрэва — чачотка, лепшае бярозавае дрэва. Так у насгэта і засталося. А мамы бацька, мой дзядуля, пры цары быў бурмістрам у Хаценчыцах. Багатыя яны былі…
— Прозьвішча Філістовіч засталося ў кагосьці з Вашых сваякоў?
— У брата Аляксандра — два сыны. Малодшы — Войтэк, Войцэх, жыве ў Т., а старшы — Адам Філістовіч — у Нямеччыне.
— Яны сябе за каго ўважаюць, за беларусаў ці палякаў?
— За палякаў…
— Вы чулі, што, нібыта, у Янкі было дзіця?
— Гаварыла мне цётка пра тое, што, нібыта, Янка меў дзіця ад Соні Самаль. Гэта была нашая далёкая крэўная. І яна была нашмат старэйшая за яго. І такая непрыгожая. У яе брат быў Васіль, вось ён быў прыгожым хлопцам… І я няведаю, як гэта ў яе з Янкам магло быць…
Яна пасьля вайны выйшла замуж у Ярмолічы. Цёткі мае, як былі жывыя, расказвалі. Але яна вельмі праклінала Янку. Ня ведаю, чаму. Цёткі казалі, што яе былі забралі. А неяк быў у мяне цёткі сын зь Вільні, Ілья Крэнь. Я яму гавару пра гэта, пытаюся, ці ня ведаеце што? А ён кажа: “Што ты слухаеш?! Якое там дзіця! Ніякага дзіцяці не было!”…
Запіс зроблены Пятром Казаком у чэрвені 2001 г.
Фотаздымкі з архіву сям’і Філістовічаў.
ДАКУМЭНТ
Зьмяшчаем дакумэнт з архіву Галіны Філістовіч, які пацьвярджае, што Янка быў асуджаны да расстрэлу ў лістападзе 1953-га году. На аркушы машынапісу стаіць штамп Упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму (уваходны № 1-22, пазначаны 14 лютага 1992 году).
“[...] СЕРАФИМА
[...]
Ответ на Ваше
заявление
Сообщаем, что Филистович Иван Андреевич, 1926 года рождения, уроженец дер. Понятичи Ильянского района бывшей Молодеченской области 4-5 ноября 1953 года Военным трибуналом БВО по ст. ст. 63-I, 70, 71 и 76 УК БССР, ст. 2 Указа Президиума Верховного Совета СССР от 4.06.1947 года “Об уголовной ответственности за хищение государственного и общественного имущества” и ст. 2 ч. 2 Указа Президиума Верховного Совета СССР от 4 июня 1947 года “Об усилении охраны личной собственности граждан” был осужден к высшей мере наказания. Приговор приведенв исполнение.
В процессе следствия и судебного разбирательства было установлено, чтов период Великой Отечественной войны Филистович И. А. проживал на временно оккупированной территории[,] в мае 1943 года добровольно поступил на службу в созданный гитлеровцами 13 белорусский батальон СД. При отступлении немецко-фашистских войск, бежал вместе с ними. Проживая во Франции, а затемв Бельгии, Филистович в 1951 году был завербован американской разведкой с целью использования его в шпионской и диверсионной деятельности противСССР.
Пройдя трехмесячную специальную подготовку, Филистович, вооруженный немецким автоматом, двумя пистолетами[,] снабженный портативным фотоаппаратом, антисоветскими газетами и материалами, средствами тайнописи, географическими картами, крупной суммой советских денег и иностранной валюты, фиктивными документами, 24 сентября 1951 года на американском военном самолете был заброшен на территорию Ильянского района бывшей Молодечненской области, где занимался сбором шпионской информации, созданием подпольной организации, возглавил банду, действующую в этот период в Ильянском районе и активизировал ее террористическую деятельность.
ЗАМ. НАЧАЛЬНИКА УПРАВЛЕНИЯ
ЮСТИЦИИ МИНГОРИСПОЛКОМА —— М. М. ГЕРМАНОВИЧ”
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|