БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

БЕЛАРУСКІ РЭЗЫСТАНС НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Беларускі Рэзыстанс 1 / 2004 г.

“Мы павінны былі падрыхтаваць народ”
Размова Міколам Рулінскім

Беларускі вайсковы рух часоў Другой сусьветнай вайны застаецца маладасьледаванай старонкай найноўшай гісторыі Беларусі. Гісторыкамі яшчэ не растаўленыя акцэнты: каго трэба лічыць калябарантам, а каго — ўдзельнікам нацыянальнага Супраціўленьня. Па-ранейшаму вельмі павольна ідзе назапашваньне ведаў пра гэты пэрыяд, вельмі мала ўводзіцца ў навуковы зварот дакумэнтаў і сьведчаньняў.А тым часам адыходзяць апошнія вэтэраны, многія зь якіх так і не напісаліўспамінаў. У 2002 годзе памёр лейтэнант беларускага спэцыяльнага батальёну “Дальвіц” Мікола Рулінскі. Ён таксама не пакінуў мэмуараў, але захаваўся дыктафонны запіс ягоных успамінаў, які мы і прапануем увазе чытачоў “БР”.
Мікола Рулінскі нарадзіўся ў 1923 годзе на Баранавіччыне ў сям’і праваслаўнага сьвятара (па іншых зьвестках — дыякана) Максіма Рулінскага. Пачатковую школу скончыў у Любчы, на Наваградчыне. У 1936 г. бацька адправіў яго паступаць у Віленскую беларускую гімназію, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат Зьміцер. Вучыўся аж да пачатку Другой сусьветнай вайны, калі змушаны быў вярнуцца на Наваградчыну. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, быў на курсах СБМ у Альберціне, а ў канцы 1943-га ўступіў у эскадрон Барыса Рагулі. Улетку 1944 г. М.Рулінскі трапіў у дэсантны батальён “Дальвіц”, атрымаў рангу лейтэнанта, стаў сябрам падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Удзельнічаў у ратаваньні з акружанай бальшавікамі Рыгі архіву генэрал-маёра К.Езавітава. У траўні 1945 году з Чэхіі перабіраецца ў Польшчу, дзе легалізаваўся пад сваім прозьвішчам.. У 1949 г. быў арыштаваны дзяржбясьпекай і самалётам дастаўлены ў Маскву. Яго асудзілі да 25 гадоў канцлягераў, зь якіх вызваліўся ў 1957-ым. Дарэчы, бальшавікі двойчы судзілі ягонага бацьку, у 1945 і 1951 гг.“за антысавецкую агітацыю”, і з канцлягераў ён ужо не вярнуўся. Максіма Іванавіча Рулінскага, 1899 года нараджэньня, ураджэнца в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёну, рэабілітавалі ў чэрвені 1956 г.
Мікола Рулінскі жыў у Грыгішках каля Вільні. У маладосьці марыў стаць лекарам альбо архітэктарам, а давялося да пэнсіі працаваць на мясцовай папяровай фабрыцы. Рулінскі пісаў вершы, маляваў краявіды, добра сьпяваў (з дзяцінства — у царкоўных хорах). З канца 80-х удзельнічаў у працы беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Вільні, быў дэлегатам Першага зьезду беларусаў сьвету, зьездаў беларусаў краінаў Балтыі. У ліпені 1997 г. ён быў ганаровым госьцем віленскай сэсіі Эўрапейскага Сэктару Рады БНР. Апошні год жыцьця Рулінскі жыў у дачкі ў Бярозаўцы (Гарадзеншчына), дзе і памёр 23 кастрычніка 2002 г. Яго пахавалі ў Вільні, як беларускага афіцэра — дамавіну накрылібел-чырвона-белым сьцягам з выявай “Пагоні”.

— Спадар Мікола, раскажыце пра лёс батальёну “Дальвіц”.

— У 1945-ым мы арганізаваным парадкам пачалі адступаць на Захад. І ўсе жаўнеры “Дальвіца” памаленьку-памаленьку ішлі на Захад...

— Усе разам ці групамі?

— Усе разам.

— А хто тады камандаваў?

— Тады Родзька камандаваў... Апынуліся мы ў Чэхаславакіі. Тут ужо канец вайны, фронт набліжаўся. Вырашылі ісьці на Захад. І Родзька нас вёў. І вось у адным месцы ў Чэхаславакіі Родзька гаворыць: “Я пайду ў разьведку ў гэтае мястэчка”. А там ужо партызаны чэскія занялі ўсю тэрыторыю. Мы яго чакаем. А зброі ў нас было поўна — “па зубы” былі ўзброеныя. Каб ведалі, што нас там чакае, мы пайшлі б з боем. Ён вяртаецца, кажа: “Прапусьцяць нас”. Родзька дагаварыўся зь імі. Мы прыходзім у мястэчка, там такі рынак быў вялікі, а тут нас акружылі і кажуць: “Скласьці зброю! А не, дык мы вас тут інтэрніруем. Афіцэры могуць пакінуць сабе пісталеты”.

Я памятаю, што я меў два пісталеты. Бо пасьля яны ашукалі нас. Калі ўсё аддалі, яны кажуць: “Пісталеты таксама кідайце!” Я кінуў адзін пісталет, а другі ў мяне быў яшчэ...

Прапусьцілі нас бяз зброі. Пайшлі мы кілямэтры два ў лес, затрымаліся там.Родзька кажа: “Сытуацыя такая, браткі, што гіблая справа нам. Хто куды хоча і як хоча, разьбягайцеся. Хто ведае польскую мову, можа прыкінуцца за паляка. Падбірайце сабе групу”. Мы сабраліся ўтрох: Мілюць, я і Фарботка. Мелі цывільнае адзеньне, пераапрануліся. Мы добра ведалі польскую мову, бо за палякамі жылі. І вырашылі неяк прайсьці праз Эльбу.

— На Захад?

— На Захад. Тры кілямэтры не дайшлі да Эльбы, тут савецкія жаўнеры нас затрымалі: “Куды ідзеце?”... Мы кажам: “Тут, у баўэра працавалі і хочам пайсьці, забраць нашы рэчы, якія там засталіся”. Ён кажа: “Не. Спачатку ідзіце ўгэты лягер”. А ў лягеры, куды нас загналі, сабраліся прадстаўнікі самых розных нацыянальнасьцяў, якіх затрымлівалі, нават французы былі.

— А там Вы не спаткалі хлопцаў з “Дальвіца”?

— Не, нікога са знаёмых мы не спаткалі. Там кажуць, што “не прызнавайцеся, калі будуць тут фільтраваць, што вы дзе-небудзь зь Віленшчыны. Кажыце, што з Польшчы”.

— А хто Вам парадзіў так зрабіць?

— Там палякі былі. Мы гаварылі ім, што мы з “Віленшчызны”. “Не прызнавайся, — гаворыць, — бо вас не прапусьцяць!” Спыталіся ў мяне пасьля адкуль я. Кажу: “З Седлеца (гэта каля Варшавы)”. Усе нашыя сябры прыдумалі сабе легенды. І так нас адпусьцілі. Мы там сабраліся. Найшлі яшчэ паляка, якіехаў ад баўэра, меў двух коней і вялікую павозку. Мы яму кажам: “Ідзем разам”. “Сядайце, паехалі”, — прапануе ён у адказ. І так мы, як “палякі”, дабраліся да Кракава. Тады працавала камісія па рэпатрыяцыі, якая накіроўвала людзей на “землі одзысканэ” (“нованабытыя землі”), былыя нямецкіятэрыторыі, далучаныя да Польшчы. І вось мы тады паехалі ў Еленію Ліпніцу. Я тады ўладкаваўся працаваць у міністэрства “зямель адзысканых”. Там добра мне было...

— І доўга Вы так хаваліся?

— І так да 1949 году. А пасьля выйшлі на мяне...

— А што было з гэтымі хлопцамі з “Дальвіца”?

— Яны іх таксама арыштавалі. Мы ў розных месцах жылі. Фарботка ўтапіўся ў Нёмане, у Любчы, ужо пасьля вяртаньня зь лягероў...

— А пра Ігара Будахоўскага што Вы ведаеце?

— Гэта мой вельмі добры сябра. Ведаю, што ён дзесьці ў Беларусі жыве.А як знайсьці яго, ня ведаю. Сіўко мне казаў, што Будахоўскі жыве. А я яго спаткаў у Польшчы. Будахоўскага там таксама арыштавалі.

— А пра Міхася Зуя што можаце сказаць?

—Я зь ім карэспандэнцыю вёў. Ён памёр у Аўстраліі, пакінуў двух дзяцей. Гэта ж я яго ажаніў, мая гэта праца! Ён піша: “Ты часта езьдзіш у Польшчу...”. Даў мне адрас у Лорэнге. Там была дзяўчына-беларуска, якая туды пераехала. “Паедзь, паглядзі, што гэта за дзяўчына, ці яна вартая мяне”, пісаў Зуй. Аў Аўстраліі можна было завочна вянчацца. І яна паехала туды, але Зуй ёй неспадабаўся. І ён, каб дзяўчына там не загінула, пазнаёміў яе зь нейкім хахлом, і яна выйшла за яго замуж. А да таго гэтая беларуска пазнаёміла Зуя зь іншай “полькай”. І гэтыя дзеці ў Зуя ад яе.

— А вы ведаеце, што ён да 1948 году хаваўся ў Польшчы? 

— Гэтага я ня ведаю.

— Вернемся да “Дальвіца”. Раскажыце, як Вы ў яго трапілі?

— У “Дальвіц” я трапіў пасьля таго, як наш швадрон эвакуяваўся з Наваградку. Я ехаў на адной машыне з Б.Рагулем, на “Татры”. Акрамя нас, у ёй яшчэ была яго будучая жонка й Васіль Рагуля-старычок, былы сэнатар польскагаСойму. З Наваградку я выехаў на матацыкле, але пасьля мяне заўважыў Барыс:“Садзіся, — кажа, — у мяне месца ёсьць”. Так мы прыехалі ў Горадню, перайшлі мост, і там нас спаткаў Родзька.

— Ён адзін быў?

— Ён быў адзін. І нас усіх накіравалі ў Варшаву, дзе мы былі 3-4 дні, і за тры дні перад пачаткам Варшаўскага паўстаньня мы паехалі ў Дальвіц. Інакш бы там загінулі... Вось так я туды трапіў.

— Сп. Мікола, якія інструктары былі ў батальёне?

— Інструктары былі беларусы. І я сам быў інструктарам, бо быў ужо афіцэр, лейтэнант.

— Чаму вучылі?

— Вучылі разьведцы, мінаваньню, радыёсправе й шмат іншаму.

— Кожны мог працаваць на рацыі?

— Ня кожны. Там былі адмысловыя групы, якія школіліся на радыстаў. Наогул, нас усіх шыкавалі даволі грунтоўна. А Вайтовіча адправілі на разьведку...

— А хто яго адпраўляў у Беларусь?

— Барыс Рагуля.

— Калі Вы ўпершыню спаткаліся зь Вітушкам?

— Вітушка прыехаў да нас у Дальвіц трохі пазьней.

— Як ён выглядаў?

— Ён быў невысокага росту, меў прыемны твар. У скуранцы быў з пагонамі маёра.

— Ён меў “Жалезны крыж”?

— Ня меў, у аднаго толькі Родзькі ён быў. Аж да дэсанту Вітушка быў сярод старшага афіцэрства. А я тады быў афіцэр “новасьпечаны”. Толькі далімне гэтую рангу. Вось я больш і сябраваў з сваімі сяржантамі. Але да мяне падышлі й сказалі: “Тваё тут ня месца. Ты ідзі ў афіцэрскі корпус”. Вось так.

— Хто сфармаваў групу Вітушкі?

— Наша кіраўніцтва.

— А хто, Геруліс?

— Геруліс толькі ўсё падтрымоўваў. Ён быў начальнікам зь нямецкагабоку. А ўсё рабілі Родзька і Рагуля.

— Каго Вы памятаеце з дэсантнікаў Вітушкі?

— Памятаю Мішу Шунько, бо зь ім вучыўся. Прапаў ён недзе.

— А Грыгарцэвіча памятаеце?

— Не памятаю. Ведаеце, я ўжо ня ўсё памятаю...

— Гэта былі ўсе наваградзкія хлопцы?

— Усе наваградзкія, так. Праўда, былі яшчэ з поўначы, адсюль, ад Глыбокага. Бо ў нас, у “Дальвіцы”, быў падзел на дзьве групы: “Паўднёвая” і “Паўночная”. Першая — гэта наваградчане й іншыя з тых мейсцаў, а другая — хлопцы з Глыбокага, Полацку, Віцебску.

— А са Слоніма былі хлопцы?

— Са Слоніма ня памятаю.

— Што было перад адпраўкай? Калі Вам сказалі, што ляціце на Беларусь?

— Калі падабралі групу, нас аддзялілі ад усіх астатніх і рыхтавалі.Тлумачылі, якое мы маем заданьне на Беларусі, што мусім рабіць. І ўсё былоарыентавана на тое, што вайна скончыцца, але яна прыйдзе зноў. І мы павінны былі падрыхтаваць народ, каб пасьля было на што абапірацца...

— А які псеўданім Вы атрымалі?

— Ніякага псеўданіма ў мяне не было.

— А ў БНП Вы былі?

— Быў.

— А там быў нейкі псеўданім?

— Я не памятаю, але, здаецца, ня браў ніякіх псеўдаў.

— А хто Вас прымаў у партыю?

— Мяне прымалі Рагуля, Родзька і, здаецца, Луцкевіч (добра ня памятаю) у лесе, у Дальвіцы.

— Луцкевіч Лявон?

— Не, Юрка, ён быў афіцэрам.

— Як вас узбройвалі перад адпраўкай, што там было? 

— Узбраеньне было ў нашай групы надта добрае. Кожны меў пісталет, аўтамат, гранаты.

— Мінамёты былі?

— Ня было. Так што зброя ў нас была на ўзроўні, вельмі добрая.

— Раскажыце, як дэсантаваўся аддзел? Ці гаварыў вам што Вітушка перад адпраўкай ці ў самалёце?

— У самалёце не, бо мы стаялі адзін за адным у шэрагу. Вітушка быў першы, а я — у канцы. І кожны прычэплены быў...

— Вы былі яго намесьнікам?

— Так. Ён быў першым, а я — апошнім, павінен быў даглядаць, каб усё было ў парадку.

— А перад адлётам нічога ён не гаварыў?

— Нічога. Толькі пра заданьне, якое было ў нас.

— Спакойны ён быў?

— Спакойны. Ніхто там асабліва не хваляваўся.

— І што там здарылася, калі Вы павінны былі дэсантавацца?

— Вітушка скокнуў з парашутам першы.

— А хто за ім?

— Я ўжо ня памятаю.

— А маёр Багдановіч якую пасаду ў групе займаў? Ці яго ня было з вамі?

— Багдановіч, лекар, быў у гэтай групе.

— А Гінько Янка быў?

— Ня памятаю...

— Дык у вас парашут сапсаваўся?..

— У мяне парашут выляцеў з упакоўкі. Я гавару немцу, што мой парашут не ў парадку, а той бярэ нож і абразае шнур. Гаворыць: “Яго ўжо немагчыма скласьці”. Я другому хлопцу, што скакаў, аддаў дакумэнты, грошы (а іх я меў шмат), пячаткі савецкія (сельсаветаў і іншых установаў). Усё аддаў яму. Прозьвішча яго не памятаю. Кажу: “Перадай, бо я не змагу ляцець”. Ну і ўсё. Выкінулі ўсіх, а я вярнуўся назад.

Прыходжу, а Родзька ахнуў: “Што такое?!” Ну я расказваю яму, што нас тры чалавекі вярнуліся. Ён кажа: “Ну вось цяпер я табе дам камандзіроўку, паедзеш у Бэрлін да Барыса Рагулі. Чаму Барыс нас кінуў?”. Ён ужо пачаў на Барыса гаварыць...

Я гавару: “Добра”. І мне далі на два тыдні адпачынак. Я ўзяў камандзіровачныя, паехаў у Бэрлін, спаткаўся там з беларусамі. Мне кажуць, што Барыса ўжоняма, ён ужо ў дывізію Зыглінга паехаў. У Беларускай Цэнтральнай Радзе мне кажуць: “Едзь туды”. Я туды, праўда, і паехаў. Там спаткаўся са шматлікімібеларусамі, яны былі з паліцыі, з нашага аддзелу былі.

— А Рагулю сустрэлі?

— А Барыса якраз ня было. Кудысьці ён паехаў. І вось пабыў там і вярнуўся назад.

— І што Родзька Вам сказаў?

— Ну я яму распавёў, што такая справа. Так ён кажа: “Ну што ж, давай будзем працаваць далей”. І так я быў у “Дальвіцы” да самага канца, пакуль нас усіх не разагналі...

— А калі Вы езьдзілі за архівам у Рыгу?

— У 1944 г.

— А хто вам даваў заданьне?

— Мы ўжо былі не ў Дальвіцы, а ў Вальбушы — пераехалі. І тут прыйшоў загад. Мяне выклікае Родзька і кажа: “Ёсьць загад табе зьявіцца ў Бэрлін, уБеларускую Цэнтральную Раду”. Загад мне і Філіпу Давідчыку. Мы паехалі туды. Там нас сустрэлі Астроўскі, Рагуля, Езавітаў і яшчэ нейкія афіцэры. Іяны кажуць: “Ёсьць такое вялікае вам заданьне. Трэба паехаць у Рыгу і забраць архіў Езавітава. Што вы там знойдзеце каштоўнага, тое бярыце”. Сёньня,гледзячы на той час, гэта быў рызыкоўны крок — чалавек ехаў проста на сьмерць. Таму што там, каля Рыгі, ужо фронт быў... Нам выдалі ў Бэрліне “жалезныя паперы”...

— А што гэта такое?

— Гэта значыць, што зь нямецкага боку мы атрымалі ўсялякія даведкі,каб нам падчас падарожжа садзейнічалі ўсе улады, каб дапамагалі. Гэта асноўнае, дзякуючы чаму мы і даехалі. Дакумэнты вельмі дапамаглі. Спачаткумы прыехалі ў Шаўляй, а далей патрапілі ў Лібаву. А там нам сказалі, што ідзе карабель зь Лібавы да Рыгі. І трэба ж было нам вярнуцца, куды нам было ехаць?! А мы паехалі туды, селі на гэты карабель. У Рыгу прыплылі. А там ужо быў перакрыты шлях бальшавікамі, мы яшчэ пасьпелі туды перабрацца.

Прыехалі ў Рыгу. Там Бог нас з Давідчыкам выратаваў. Бо мы ў караблі пазнаёміліся з двума нямецкімі афіцэрамі-маракамі. Нам трэба было затрымацца на ноч у жаўнерскім гатэлі, а перад ім стаяў дом маракоў. І вось які лёс. Калімы падыйшлі да іх будынку, гэтыя афіцэры кажуць: “Гэта наш гатэль, наш рэстаран, пойдзем хлопцы, вып”ем, пасядзім, а пасьля пойдзеце, вам тут недалёка — кілямэтар”. Нешта намі кіравала. Мы з Давідчыкам кажам: “Не, сябры, дзякуй вам за запросіны, мы пайшлі”. І адыйшлі ад гэтага гатэлю паўдарогі, чуем: самалёты ляцяць і скідаюць бомбы якраз там, дзе быў гэты гатэль. Мы з-пад бамбёжкі выйшлі і дабраліся да месца, там пераначавалі. Назаўтра праходзілі каля гатэлю маракоў, там усё было разбурана. Вось пайшлі б мы туды і насня было б...

— Як вы знайшлі хату Езавітава?

— Мы мелі адрас настаўніцы, яго сяброўкі. Яна павінна была нас адвесьці да дому, дзе жыў Езавітаў. І мы яе знайшлі, паказалі паперы, расказалі чаму прыехалі. Яна кажа: “Вельмі прыемна”. Паехалі мы на месца, а жыў Езавітаў у вільле на ўскраіне Рыгі. З гаспадыняй дому размаўляла гэтая настаўніца, яна зь ёй ужо была знаёмая — раней наведвала Езавітава. І тая гаспадыня кажа: “Калі ласка, вось яго пакой, рабіце, што вам трэба”. Мы як зайшлі ў пакой, убачылі, што там усе сьцены, шафы ўсе закладзеныя кнігамі. А час у насбыў абмежаваны — Чырвоная Армія абкружала Рыгу, ужо пад горад бальшавікі падыйшлі, але немцы іх адбілі. Вось мы там два дні і дзьве ночы выбіралі кнігі. Ужо не памятаю, якія.

— А дакумэнты?

— І дакумэнты, перапіску ягоную, трошкі асабістых рэчаў узялі. І намужо трэба было ехаць назад. Гаспадыня нам пасадзейнічала і мы зрабілі, зьбілі тры скрыні (паўтары мэтры на мэтар кожная).

— Як вы з гэтымі скрыямі ўправіліся?

— А што нам тады, маладым, гэта было! Адзін бы пацягнуў тыя скрыні... Знайшлі мы аднаго латыша, заплацілі яму грошы і пасьля кажам: “Завязі нас на вакзал”. “Добра”, — адказвае. Прыяжджаем туды, а там ужо ніякія цягнікі неідуць. Стаіць эшалон Люфтваффэ, лётчыкаў. І ходзіць каля яго адзін маёр-немец. Мы да яго падыйшлі: “Вы можа возьмеце нас з сабой?” Ён гаворыць: “Я не магу, у мяне жаўнерамі ўсё занята. Хочаце, вось вагоны ёсьць са зброяй, са снарадамі. Вось на снарады можаце лажыцца і ехаць”. І мы тады гэтыя свае скрыні загрузілі. І даехалі да крэпасьці Лібава, а там ужо нікога не выпускаюць.. Нікога! Асабіста генэрал, начальнік гэтай крэпасьці, дае візу, каго прапусьціць на караблі. Бо там ужо ехаць далей было немагчыма — перакрыта бальшавікамі дарога. Шлях заставаўся адзін — морам, толькі морам. Вось тут нам гэтыя “жалезныя дакумэнты” і дапамаглі. Мы туды прыйшлі, замэльдаваліся, хто мы такія і што робім. Паказалі гэтыя дакумэнты. Ён нам піша рэзалюцыю: “Пагрузіць на першы карабель”. І мы выходзім. А там афіцэры нямецкія плачуць — іх не пускаюць на караблі. І тут яшчэ нам пашанцавала. Калі мы пераходзілі на вакзал, то нямецкія жаўнеры дзесьці некалькі скрыняў гарэлкі знайшлі. Яны ўбачылі, што афіцэры ідуць, і спалохаліся. Але мы кажам: “Ня бойцеся”. Узялі мы сабе нешта 6 паўлітраў гарэлкі. І вось гэтая гарэлка насвыратавала, бо калі мы прыехалі ў порт, мы далі таму немцу, які прапускаў, тры бутэлькі, і ён пагрузіў нашыя скрыні. Апусьцілі кран з сеткаю, туды мы паставілі скрыні, а самі прайшлі на карабель. І так мы дабраліся да Гданьска.

— Не бамбілі па дарозе?

— Не бамбілі, але папярэджвалі нас, каб былі гатовыя да таго, што могуць бамбіць. Дабраліся мы да Гданьска, а адтуль ужо было прасьцей — селі на цягнік і паехалі ў Бэрлін. Зноў туды, адкуль мы выяжджалі, дзе нам загад далі. Тыя ўсе зьдзівіліся: “Адкуль жа вы?” Мы кажам: “А куды ж вы нас паслалі былі, вы ж на сьмерць нас паслалі!”

— А з кім вы спаткаліся па прыезьдзе ў Бэрліне?

— Тыя ж самыя людзі былі. Сярод іх быў і Езавітаў. Ён нас абняў. Мы ж яго рэчы асабістыя прывезьлі: кашулі, патэфон з пласьцінкамі, сярод якіх была і пласьцінка “Мы выйдзем шчыльнымі радамі!”. Ён вельмі задаволены быў, кажа: “Хлопцы, вы з таго сьвету зьявіліся!”. А я гавару: “Вось бачыце, а як вы так нас з лёгкай рукі камандзіравалі туды?!”…

— Узнагародзілі вас неяк?

— Спачатку нічога не далі. Мы вярнуліся ў “Дальвіц”, у Вальбуш. Празьмесяц пасьля таго далі мне мэдаль беларускі “За воінскую доблесьць” зь мячамі”.

— А што Вы пра Родзьку яшчэ можаце распавесьці? 

— Мы з Родзькам часта гулялі ў карты, у брыдж. Рагуля, я, Родзька — гэта старыя карцёжнікі былі. А ў брыдж ня кожны мог гуляць. Як вольная хвіліна была, заўсёды гулялі.

— Якіх афіцэраў “Дальвіца” вы памятаеце?

— Гелду, Будахоўскага, Вітушку, Родзьку, Рагулю, Багдановіча.

— У 1945-ым Міхась Ганько ўжо быў у “Дальвіцы”?

— Быў. Афіцэрам.

— І куды ён пасьля прапаў?

— У Цэнтральную Раду паехаў у Бэрлін. І дзе ён там апынуўся, невядома.

— У канцы, калі раззбройваліся, яго ня было?

— Не было.

— Вы хацелі распавесьці пра Праскі зьезд, які праводзіў Уласаў...

— Гэта было, здаецца, у 1944 годзе. Тады існавалі два кірункі паміж беларусамі. Бо Ўласаў казаў: “Я вас предупреждаю, я воюю за единую и неделимую Россию”. Ну тут украінцы, беларусы, грузіны выступілі: “Як гэта, недзелімую?! А з намі што? Мы хочам сваю дзяржаву мець!” “Мне с вами нет разговора”, — адказаў Уласаў. “Ну ў такім разе і нам з вамі няма пра што гаварыць”, — сказалі яны. Сабраліся і зьехалі.

— А некаторыя беларусы засталіся?

— Няшмат. Гэта тыя, асабліва васточныя, якія згодныя былі на супрацоўніцтва. Там яны і засталіся. А мы з Уласавым так і ня мелі кантакту...

— А Родзька хацеў зь ім кантакт наладзіць? 

— Пра гэта мы нічога ня ведалі. Магчыма, ён дзейнічаў іншым шляхам. Атады ў Празе мы з Уласавым не пагадзіліся, і беларускія, украінскія, грузінскія атрады адыйшлі ад яго. Паколькі ён меў кліч “единая и неделимая Россия” і хацеў, каб усё было пад яго камандаваньнем. Я сам бачыў Уласава тады ў Празе. Пасьля ж ангельцы аддалі ўвесь ягоны штаб бальшавікам,а яны іх павесілі...

— На колькі гадоў Вас засудзілі?

— На дваццаць пяць.

— А дзе адбываўся суд?

— У Менску. Маё сьледзтва спачатку пачалі ў Маскве, ужо адтуль мяне прывезьлі ў Менск, у “амэрыканку”. І тут ужо вялі сьледзтва.

— У чым Вас абвінавачвалі?

— Ва ўдзеле ў Саюзе беларускай моладзі, у швадроне Рагулі...

— А пра “банды” ў Вас не пыталіся? Можа яны думалі, што Вы ўсе гэтыя гады партызанілі?

— Не. Мяне толькі запыталіся, ці быў я ў Беларускай незалежніцкай партыі. І куды мне было падзецца, калі сьледчы чытае паказаньні Родзькі, іншых?.. Я кажу: “Быў”. А ён кажа: “А какое задание имел, можешь не говорить,мы и так знаем”.

— Дзе Вы адбывалі зьняволеньне?

— У нас у лягеры ўсе былі 25-гадавікі. Спачатку быў у Альжэрасе (Кузбас), а пасьля перавезьлі нас у Омск. 15 тысячаў палітзьняволеных з усёй Расеі будавалі нафтаперагонны завод, першы ў Сібіры. Калі здавалі, загадалі нампаздымаць курткі, фатаграфіравалі. Булганін прыехаў. І ўсюды пісалі: “Передовая комсомольская стройка”. Мы адзін з другога кпілі: “Вось, брат, камсамольцы”...

Начальнік лягеру быў капітан, франтавік, меў раненьне, чалавекам быў. Ён нам паціху дазваляў на сьвяты прывезьці гарэлкі. А быў у нас такі старшы сяржант, скаціна. І ты ведаеш, што хлопцы зрабілі? Спалілі яго ў катле. Ён усюды лез. І там ужо дамовіліся як яго ўзяць. У кацельні ж цёпла зімою, і там заўсёды гарэлку хлопцы мелі. І вось ён прыйшоў імі камандаваць, а яго раз і схапілі. Кінулі ў кацёл і зварылі. Яго расшуквалі месяцы два, ніяк не маглі знайсьці, дзе ён прапаў, гэты верны сабака. А яго спалілі.

Прыгадваю, што ў лягеры пазнаёміўся з двума савецкімі маёрамі і капітанам, маладымі хлопцамі-лётчыкамі, яны з намі дружылі. Лётчыкі рапавядалі: “Унас жа ў кожнай групе ёсьць нейкі шпіён-скаціна. І вось мы пасьля кожнага палёту мелі тры дні адпачынку. І што рабілі? Пілі ды з жанчынамі гулялі”. І вось, гаворыць, аднойчы напіліся і пачалі страляць па партрэту Сталіна. Адзін другому кажа: “Ты пападзі ў правае вока Сталіну”. Ён два разы стрэліў— міма. “Няўмееш страляць”, — кажа. Узяў пісталет: “Глядзі, заразу нос патраплю”. І патрапіў... Назаўтра іх усіх арыштавалі. І ўсім далі па 25 гадоў.

Як Сталін памёр, стварылі камісію па перагляду справаў. Адвакат быў, які пазнаёміўся з маёй справай і прадстаўляў мяне на камісіі. Я прыходжу ў пакой, дзе сядзела камісія. Адвакат гаворыць: “Перед вами Рулинский Микола”. Кажа, якога я году нараджэньня, якая справа, у чым мяне абвінавачваюць. Пасьля яны гаварылі паміж сабой. Прыгадваю, што ў камісіі быў Палянскі, першы сакратар Омскага абкаму партыі (пасьля ён быў у ЦК). Ён тады кажа:“Ну ясно, это ярый белорусский националист. Что ему дадим?” І паміж сабою радзяцца. Зачытваюць прысуд: “Ограничиться до отсиженного”. А я з 25 гадоў адсядзеў 6 гадоў, бо я меў “зачоты”. Мне гэта падказалі ў лягеры — я ў бухгальтэрыі працаваў, але лічыўся асінізатарам, які атрымліваў год за тры. Бухгальтар “продстала” — гэта быў “туз” у лягеры!

— У якім годзе Вы вызваліліся?

— У 1957-ым. І адразу прыехаў у Вільню. Тут спатыкаліся з сябрамі. Памятаю, што прыяжджаў да нас, у Вільню, Гінько, высокі такі ён быў...

Дыктафонны запіс зроблены ў Вільні 5 ліпеня 1997 г. Захоўваецца ў прыватным архіве Сяргея Ярша.


Публікацыі Пра Міколу Рулінскага

Мілаш Л. “Лёсам падараваная сустрэча” // Голас Радзімы, 1993, № 52, 30 сьнежня;

Мальдзіс А. Лёс архіва Кастуся Езавітава // Беларускі дайджэст (ЗША), 1996, № 10 (34),кастрычнік;

Рулінскі М. Я ратаваў архіў генерала Езавітава [урывак з інтэрвію, публікацыя і ўступ С.Ярша] // Пагоня (Горадня), 1998, № 18, 10 сакавіка;

Ён быў намесьнікам Вітушкі // Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск-Слонім, 1998, бб. 46-49;

Ёрш С. Успамін пра Віленскую сустрэчу // Голас камбатанта (Слонім), 2000, № 1, студзень;

Мілаш Л. “Яны — нявывучаная старонка гісторыі” // Наша слова, 2000, № 38, 27 верасьня;

Ёрш С. Пра лёс архіву генэрала Езавітава // Беларус (Нью-Ёрк), 2003, № 480, студзень;

С.Ё. In memoriam // Наша ніва, 2003, № 1, 10 студзеня.

Мілаш Л. Гартаючы старонкі жыцця // Наша слова, 2003, № 4, 29 студзеня.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі Беларускага Рэзыстансу

 кантакт: rezystans2004@yahoo.com 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster