|
Першы летапіс БКА
Гісторыя стварэньня ідзейнасьці Беларускай Краёвай Абароны (БКА), якая паўстала вясной 1944 году,дагэтуль атрымлівае неадназначныя ацэнкі ды інтэрпрэтацыі. Дзесяткі гадоў савецкая прапаганда імкнулася прадставіць вайскоўцаў БКА, як “здраднікаў”, “ворагаў народу” і г. д. Беларускія эміграцыйныя гісторыкі і непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей, якія апынуліся на Захадзе, наадварот, даводзілі, што БКА змагалася не за “новую Эўропу”, а за незалежную Беларускую дзяржаву.
За апошняе дзесяцігодзьдзе на Бацькаўшчыне пабачылі сьвет некалькі кнігаў, у якіх праўдзіва алюстравана паўстаньне, мэты і задачы беларускага войска — Беларускай Краёвай Абароны. Аднак, разам з тым, у афіцыйных выданьнях не перастаюць зьяўляцца публікацыі, у якіх усяляк ачарняецца, фальсыфікуецца гісторыя БКА. У гэтай сытуацыі вельмі важнай справай ёсьць друкаваньне першакрыніцаў па названай тэматыцы — дакумэнтаў і ўспамінаў.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца ненадрукаваныяўспаміны афіцэра БКА Сьцяпана Шнэка, якія сёньня прапануюцца ўвазе чытача. Некалькі словаў пра іх аўтара.
Сьцяпан Міронавіч Шнэк нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Лядна Малышэўскага сельсавету на Случчыне. Вучыўся ў Ленінградзкай вайсковай акадэміі, служыў у Чырвонай Арміі. Напярэдадні нямецка-савецкай вайны Шнэк жыў у Слуцку, выкладаў матэматыку і вайсковую справу ў сярэдняй школе1. Падчас нямецкай акупацыі — начальнік беларускай паліцыі ў Слуцку і Слуцкай акрузе.
У лютым 1944-га Сьцяпан Шнэк быў прызначаны акруговым начальнікам БКА ў Слуцку, ён ствараў беларускія вайсковыя аддзелы. У пастанове БЦР ад 25 лютага 1944 г. Шнэк названы капітанам, а ў пратаколе паседжаньня акруговых намесьнікаў БЦР і акруговых начальнікаў БКА ад канца сакавіка 1944-га старшым лейтэнантам... І сапраўды, толькі пастановай № 22 ад 5 красавіка 1944 г. прэзыдэнта БЦР Шнэк атрымаў рангу капітана2. На названым паседжаньніакруговых начальнікаў Беларускай Краёвай Абароны 28-30 сакавіка ў Менску выступіў і Шнэк:
“Ст. лейтэнант Шнэк (Слуцк): Пры правядзеньні мабілізацыі перашкод з бокупартызан амаль ня было. Пазвана было больш 7.000 чалавек, пасьля ўсякіх звальненьняў у казармах засталося 3.982 ч., у тым ліку 80 афіцэраў і 188 падафіцэраў. Батальёнаў маем 5.
Дрэннае ўражаньне мае на змабілізаваных звальненьне ад мабілізацыі камісіямі і акруговым камісарам.
Гаспадарчае становішча змабілізаваных ня дрэннае. Горш з санітарным становішчам. Заняткі са змабілізаванымі пачаліся на 3-ці дзень. Утварэньне сапёрных батальёнаў вельмі дрэнна адбілася на мабілізаваных тым больш, што яны накіраваны ў Баранавіцкую Акругу.
Наша прапаганда працуе вельмі слаба, не выкарыстоўваецца маючыся прапагандовы матар’ял”3.
12-13 траўня 1944-га ў Менску зноў сабраліся намесьнікі і начальнікі Беларускай Краёвай Абароны. У пратаколе адзначалася: “У справаздачы з дзейнасьці акруговых начальнікаў БКА ў Слуцку і Вялейцы выясьніліся вялікія цяжкасьці ў арганізацыі працы БКА па прычыне недахопу зброі і адсутнасьцівопраткі. Для змаганьня з партызанамі неабходны моцныя і добра ўзброеныя вайсковыя адзінкі”.
У траўні ж узьнікла справа з “узброенымі вёскамі” у Слуцкай акрузе. Прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі 25 траўня 1944 г. пісаў да генэральнага камісара Беларусі генэрала Готбэрга: “Будучы ў Слуцку, я даведаўся, што тамашні Гэбітскамісар арганізуе так званыя “Узброеныя вёскі”, пры чым узбраеньне гэтых вёсак палягае на 5-10 паломаных вінтоўках. Такая “збройная сіла”, зразумела,ня можа супроцьставіцца добра ўзброеным партызанскім аддзелам і ў выніку — гінуць ня толькі добраахвотнікі, якія прыймаюць такую зброю ад Гэбітскамісара, але й іх семьі.
У сувязі з гэтым, я ветліва прашу Вас, г. генерал, спыніць такую шкодную дзейнасьць Слуцкага Гебітскамісара, а я дам адпаведны загад Акруговаму Афіцэру БКА Слуцкае акругі паслаць лепш у небясьпечныя вёскі ў паразуменьні з Гебітскамісарам, адпаведна ўзброеныя аддзелы батальёнаў БКА”.
У адказ, 6 чэрвеня Готбэрг паведаміў Астроўскага: “Я зусім згаджаюся з Вамі ў справе так званых “узброеных вёсак” і ўжо даў адпаведны загад Слуцкаму Гебітскамісару, каб ён у гэтай справе паразумеўся з Вашым акруговым афіцэрам у Слуцку”. Ужо 8 чэрвеня 1944-га Р. Астроўскі піша загад:
“Слуцкаму Акруговаму афіцэру Б.К.А. у Слуцку,
...загадываю:
У тыя вёскі, якім найболей пагражаюць партызаны выслаць, у паразуменьніз Гебітскамісарам, адпаведна ўзброеныя аддзелы батальёнаў БКА, пад камандаю найболей дасьведчаных афіцэраў.
Аб выкананьні паведаміць” 4.
Летам 1944-га С. Шнэк, разам з многімі іншымі вайскоўцамі БКА, пакідае Беларусь. Увосень ён трапляе ў Бэрлін, дзе з 28 лістапада 1944 г. быў прызначаны выконваючым абавязкі заступніка камандзіра 1-га Кадравага Батальёна БКА павайсковай падрыхтоўцы5 . 10 сьнежня 1944 г. браў удзел у сходзе Статутовай Камісіі Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР. А 1 студзеня 1945 году С. Шнэк, у адпаведнасьці з загадам палкоўніка К. Езавітава, атрымаў рангу маёра беларускага войска6.
Пасьля вайны Шнэк са сваёй сям’ёй спачатку жыў у Нямеччыне, Францыі, а пасьля, у траўні 1950-га, выехаў у Аўстралію. Там яму давялося цяжка працаваць, каб зарабіць на дах над галавой і пракарміць сям’ю. Па сьведчаньні беларускага дасьледчыка з Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча, Сьцяпан Шнэк пісаў допісы ў газэты “Бацькаўшчына” і “Беларускае слова”, падпісваўся псеўданімам “Янка Нясьцерпны”.
24 студзеня 1952 году Сьцяпан Шнэк трагічна загінуў...
Успаміны (у архіўнай справе яны праходзяць, як “артыкул”) “Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны” былі напісаныя Сьцяпанам Шнэкам, праўдападобна, у другой палове 1944 году ў Бэрліне. Пісаліся яны альбо па замове палкоўніка Кастуся Езавітава, альбо па ўласнай ініцыятыве Шнэка. 16 аркушоў паперы былі сьпісаныя дробным, акуратным почыркам Шнэка, які паспрабаваў па “гарачых сьлядах”, прааналізаваць посьпехі і няўдачы,плюсы і мінусы беларускага вайсковага руху на Случчыне падчас нямецкайакупацыі 1941-44 гг.
Успаміны захоўваліся ў архіве Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў Беларускай Цэнтральнай Рады, у той яго частцы, якая была захоплена бальшавікамі. Цяпер яны — у фондах Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь у Менску (ф.383, в.1, спр.11, арк.1-16). Справа мае назву “Статья С. Шнэк “Вооруженная Случчина” к истории Белорусской Краевой Обороны”. Самыя раньнія запісы, пакінутыя на справе савецкімі “архівістамі”, адносіцца да 1946 г.: “Итого в деле пронумеровано 16 (шестнадцать) листов. 16/I – 1946 г. Кузнецова” і “арх№ 12 Разработано 18/II – 46 г.”. У той час яшчэ былі жывыя Кастусь Езавітаў і Сьцяпан Шнэк...
Пішучы гэтыя ўспаміны ў фашыстоўскім Бэрліне, Шнэк не пра ўсё мог у іх згадаць. Напрыклад, пра тое, што ён вясной 1944-га быў арыштаваны нацыстамі. Ягоны сын, у пачатку 1990-х начальнік Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Фронту, палкоўнік Уладзімер Шнэк пісаў у сваіх успамінах:
“З падтрымкай акруговых гэбітс-камісараў, мясцовай жандармерыі, аддзелы СД хватаюць зьнянацку найвыдатнейшых афіцэраў БКА, і паводле фальшывых абвінавачваньняў у сувязі з партызанамі, закатоўваюць да сьмерці, як то сталася ў Слуцку з заступнікам акруговага начальніка БКА капітанам Янкам Калядой. Альбо высылаюць у канцлагер, як то сталася з лейтэнантамі Алесем Адзярыхай і Анатолем Куліком.
У Слуцку акруговы начальнік БКА Сьцяпан Шнэк быў схоплены ў пастцы ўстроенай у ягоным асабістым кабінеце, і ўсьлед, арыштоўваюць яго сям’ю. Толькі дзякуючы сваечасоваму і безкампраміснаму ўмяшаньню Прэзыдэнта БЦРР. Астроўскага, ён пасьля двухмесячнага знаходжаньня у Менскай турме, нарэшце быў вызвалены і вернуты ў шэрагі БКА”7.
Сяргей Ёрш
1 Белорусская Центральная Рада. Создание, деятельность, крах. Менск, 1995, б. 174.
2 За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960, б.. 100-101.
3 Тамсама, б. 97.
4 Тамсама, б. 113-114.
5 НАРБ, ф. 383, в. 1, спр. 3, арк. 50.
6 Тамсама, арк. 20.
7 У. Шнэк. Гісторыя БКА // Рокаш (Джэзказганская вобл., Казахстан), 1992, ліпень, № 12.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|