|
Савецкія агентурныя дадзеныя пра СБМ
У гэтым нумары “БР” мы зьмяшчаем падборку архіўных дакумэнтаў да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), які дзейнічаў у 1943-44 гг. на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Дагэтуль дзейнасьць СБМ неадназначна ацэньваецца гісторыкамі і нярэдка выкарыстоўваецца прапагандыстамі, як яскравы прыклад “калябарацыі беларускіх нацыяналістаў з акупантамі”. Пазыцыя ж былых сябраў СБМ і некаторых дасьледчыкаў адназначная: гэта была патрыятычная арганізацыя,якая выхоўвала ў маладых пакаленьняў беларусаў любоў да Бацькаўшчыны, ане да “новай Эўропы”. Аднак дамо слова дакумэнтам.
КАМАНДЗІРУ ЗЛУЧЭНЬНЯ —
В. І. К А З Л О В У.
НАЧАЛЬНІКУ АА1 ЗЛУЧЭНЬНЯ —
МАЁРУ Ж У К А В У.
Ад АЛЯКСАНДРА АСАДЧАГА.
А г е н т у р н а е данясеньне.
С А Ю З Б Е Л А Р У С К А Й М О Л А Д З І (СБМ).
На чале Саюзу знаходзіцца штаб, які зьмяшчаецца ў г. Менску, вуліца Вызваленьня, у будынку б. школы № 34. Шэф-кіраўнік гэтага штабу — Ганько Міхаіл — заходнік з Маладэчна, 1916 г. нараджэньня, беспартыйны, да вайны быў у Чырвонай Арміі ўсяго тры месяцы. Падчас вайны патрапіў у палон. Добра валодае нямецкай мовай. У цяперашні час Ганько знаходзіцца ў Менску.
Ад’ютант Ганько Гарэлік Валодзя — родам з Палесься, беспартыйны, адукацыя сярэдняя.
Першы намесьнік Ганька — Стэльмах Зьміцер — беларус, быў у Чырвонай Арміі, вайсковая ранга “лейтэнант”, падчас вайны патрапіў у палон. У 1942 г. Стэльмах быў немцамі вызвалены з палону і прывезены разам з Ганьком у Менс[к]для арганізацыі працы ў якасьці прапагандыста.
Арганізацыйным аддзелам кіруе Цыкуноў Васіль Пракоф’евіч, 1918 г. нараджэньня, ураджэнец Магілёўскай вобласьці, беларус, в[айсковая] ранга ў Чырвонай Арміі — ст. ваенфэльдчар. У палон патрапіў у 1941 г. каля в. Оржыца на Ўкраіне, адукацыя сярэдняя, сябра УЛКСМ.
Сацыяльны аддзел вядзе Аляксандар Кароткі, са Слонімскага раёну, адукацыя сярэдняя, выкладчык, 1923 г. нараджэньня.
Гаспадарчы аддзел вядзе Швядзенка Мікалай, беларус, 1920-21 г. нараджэньня, беспартыйны, па спэцыяльнасьці бухгальтар, адукацыя сярэдняя.2
Брэль Васіль — 1919 г. нараджэньня, кіраўнік фізкультурнага аддзела, пакуль што апошні знаходзіцца ў Слоніме, лягер “Альбэрцін”.3
Уся Беларусь падзяляецца на 11 “гэбітаў” — акругаў.
1 — Менск, кіраўнік арганізацыі СБМ — Бузак Сяргей, беларус, 1918 г. нараджэньня, быў у Чырвонай Арміі, патрапіў у палон, немцамі вызвалены ў 1943 г. у лютымм-цы і накіраваны ў Менск для працы. Яго памочнік — Беланоўскі Ўладзімер— 1918 г. нараджэньня беларус, сябра УЛКСМ.
Каплуноў Фёдар зьяўляецца кіраўніком СБМ па г. Менску. Каплуноў 1918 г. нараджэньня, адукацыя сярэдняя, быў у Чырвонай Арміі, кадравік, з палону выйшаўу лютым м-цы і накіраваны ў Менск.
2 — Баранавічы — кіраўнік Шпак, пражывае ў г. Баранавічы, 1918 г. нараджэньня,беларус, вызвалены з палону немцамі ў 1942 г. і працаваў у Баранавічах у якасьці прапагандыста. За добрую працу ў 1943 г. узнагароджаны немцамі мэдалём.
3 — Слонім, кіраўнік Суравы Барыс, 1909 г. нараджэньня, адукацыя вышэйшая, выкладчык, нарадзіўся і пражывае ў Слоніме, Студэнцкая вул., 45. Яго памочнік Фралоў Георгі Емельянавіч, канд. УКПб з 1942 г., па нацыянальнасьці беларус, у палон патрапіў у 1942 г. пад Харкавым. Фралоў Георгі Емельянавіч ў цяперашні час знаходзіцца ў партызанах, у атрадзе ім. ВАРАШЫЛАВА, 3-й Менскай брыгады.
4 — Ліда, кіраўнік Бабкоў Максім, 1915г. нараджэньня, беспартыйны, вучыўся ў Маскве, дзе ў цяперашні час знаходзяцца яго бацькі і сваякі, інжынэр-мэханік па торфе, в[айсковая] ранга лейтэнант, у Крыме быў пры штабе фронту 1-га Аддзелу4.
5 — Наваградак, кіраўніком быў Каляда Мікіта Мікітавіч, сябра УКПб з 1940 г., ураджэнец в. Вадапойнае, Пакроўскага с/с, Чыстаазёрнага раёну, Навасібірскай вобласьці, выкладчык, у палон патрапіў 16 траўня 1942 г. пад Керччу, у цяперашні час Каляда знаходзіцца ў партызанах, у атрадзе ім. ВАРАШЫЛАВА, 3-йМенскай брыгады. З сыходам Каляды ў партызаны на яго месцы апынуўся яго намесьнік Жамойцін Іван, 1922 г. нараджэньня, пражываў у 30 км ад Ліды, адукацыя незакончаная сярэдняя.
6. Глыбокае — кіраўнік Мацюшонак Яўген, заходнік з м. Глыбокае.
7. Ганцавічы — кіраўнік Дзьячкоўскі Барыс, 1916 г. нараджэньня, родам з [м.] Ганцавічы, адукацыя сярэдняя, выкладчык, у Чырвонай Арміі ня быў.
8. Вялейка — кіраўнік Сьценьнік, заходнік, адукацыя сярэдняя, выкладчык, у Чырвонай Арміі ня быў, 1914 г. нараджэньня.
9. Слуцак — кіраўнік Манько, адукацыя вышэйшая, працаваў перакладчыкам на біржы, выкладчык літаратуры і мовы, добра ведае нямецкую мову, часта выступае з антысавецкімі дакладамі і лекцыямі.
10. Барысаў — нікога няма [напісана алоўкам — “БР”]5
Усе гэтыя кіраўнікі, акрамя Ганька, зьяўляюцца арганізатарамі і кіраўнікамі СБМ мужскога полу. Кіраўніком моладзі жаночага полу — Абрамава. Апошняя знаходзіцца ў Менску.
У Слоніме каля в. Альбэрцін у будынку б. пана знаходзіцца ўсебеларускі лягер моладзі мужскога полу. (Прыкладаю фотаздымак будынку гэтага лягеру).
Гэты лягер рыхтаваў кіраўнікоў СБМ у межах той вытворчасьці, дзе ён працуе альбо вучыцца. Туды зьяжджаліся прадстаўнікі з усіх акругаў і пасьляпрахаджэньня навучаньня яны раз’яжджалісяпа сваіх месцах для працы на месцы сярод моладзі. Лягер праводзіў сваю работу пэрыядычна, пачынаючы з 15 жніўня лягер павінен быў пачаць сваю працу толькі з моладзьдзю Віцебскай вобласьці. Першая партыя дзяўчатаў у падрыхтоўцы кіраўнікоў СБМ праходзіла курс навучаньня ў гэтым лягеры “Альбэрцін”. Другі лягер моладзіжаночага полу знаходзіцца ў Драздах. Расклад дня ў лягерах: 6.00 — пад’ём, у 6.05 фіззарадка, у 6.45 туалет, 7.00 — пад’ём сьцягоў, беларускі (бел-чырвона-белысьцяг) і нямецкі, у 7.15 сьняданак — суп бяз тлушчаў і хлеба 150 гр., 7.40 — дзьве працоўныя гадзіны — праводзяць абарончыя працы вакол лягеру, нарыхтоўваюць дровы, чысьцяць дарогі і г. д. З 10 да 11 даклады на палітычны[я] тэмы; напрыклад: чаму вайна са Сталіным, на гістарычныя тэмы Беларусі, статут СБМ, арганізацыйная структура СБМ, чыталі даклады толькі Ганько, Цыкуноўі Гарэлік. З 11 да 12 развучваньне беларускіх песень, напрыклад: “У гушчарах”, “Беларусь — наша маці-краіна”, з 12 да 12.30 абед — суп бяз тлушчаў, хлеба 150 гр., з 12.30 да 14.00 — асабісты час, з 14.00 да 16.00 шыхтавыя заняткі, з 16.00 да 18.00 фізкультура і прапрацоўка статута і арганізацыйнай структуры СБМ, у 18.00 апусканьне сьцягоў, у 18.00—18.40 — вячэра, альбо суп бях тлушчаў, альбо кава, хлеб 100 [грамаў]. Іншы раз у лягерах праводзілі так званыя сяброўскія вечары. Праграма вечара — дэклямацыя, танцы, песьні, гульні.
Форма сябраў саюзу:
Штаны лыжнай формы зялёнага колеру, фрэнч па баках дзьве кішэні, на грудзях дзьве кішэні, з пасам, зялёнага колеру, фуражка польскай формы зялёнага колеру, абутак — боты, верх скураны, падэшва драўляная — у мужчынаў, у жанчынаў — на галаве хусьцінка блакітная, блузка блакітная зь белымі яблычкамі, спадніца зялёная, фрэнч як у мужчынаў, на нагах басаножкі,прычым падэшва драўляная, адрозьненьне — мужчыны — на левай руцэ вышэй локця носяць павязку бел-чырвона-белую, пасярэдзіне гэтай павязкі шчыт.На гэтым шчыце — шасьціканечны крыж жоўтага колеру і пасярэдзіне шчыта чырвоная палоска. Кіраўнікі СБМ носяць пагоны. Ранга шэф-праваднік, пагоны цёмна-карычневыя, адрозьненьне пяціканечная зорка стальнога колеру, на ёй рыдлёўка і меч. Старшы праваднік — дзьве палоскі, падправаднік — адна палоска. (Прыкладаю пагоны падправадніка).6
Вышэй павязкі на левай руцэ мужчыны носяць трохкутнік, у якім абазначаюцца адносіны сябра СБМ да ўзроставай групы і на ім дубовы лісток з жалудом. Сябры СБМ: 1. З 10-ці да 14 гадоў трохкутнік зялёнага колеру, з 14 да 18 гадоў — сіні колер, з 18 да 20 гадоў — чырвоны колер. Для дзяўчатаў на трохкутніку няма дубовага ліста, а кветка васілька. Сябры СБМ носяць на левым баку грудзей і на галаўным уборы эмблему. (Прыкладаю ўлётку, дзе абазначана эмблема).
Мэта СБМ — як тлумачаць кіраўнікі СБМ, мэта саюзу — стварэньне нацыянальнай Беларусі ў хаўрусе зь Нямеччынай, але насамрэч, як тлумачыць адзінз кіраўнікоў СБМ — Каляда, мэта саюзу зусім іншая.
1. Арганізацыя моладзі для адпраўкі моладзі ў Нямеччыну ў арганізаванымпарадку, уцягваньне ў паліцыю і самаахову. Сябрам саюзу можа быць моладзь з 10 да 20 гадоў. Кожны сябра саюзу павінен плаціць унёскі 25 пфэнінгаў.
Кожны сябра саюзу дае прысягу. Тэкст прысягі:
“Маю шчырае жаданьне і моцную волю служыць, працаваць і змагацца за шчасьце і дабрабыт беларускага народу і бацькаўшчыны і заўсёды хачу быць паслушным маім кіраўнікам”.
Прыкладаю фотаздымак кіраўнікоў Усебеларускага лягеру моладзі ў в. Альбэрцін.
Подпіс: ———- (АЛЯКСАНДАР АСАДЧЫ)
27.8.43 году.
[На дакумэнце ёсьць рукапісныя пазнакі, якія сьведчаць, што данясеньне было накіраванае ў разьведаддзел “Беларускага штабу партызанскагаруху” таварышу Зімяніну, а таксама для складаньня спэцданясеньня П.Панамарэнку ў кастрычніку 1943 г. “НКГБ БССР учтено 22.XI.43 г.”, — гэты запіс у канцы дакумэнта сьведчыць, што цікавасьць да яго праявілі і чэкісты.]
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.69, 70. Машынапіс, арыгінал. Пераклад з расейскай.
***
Пра арганізацыю “СБМ” у Луполава
Па паведамленьні т. Іванова ад 25.9.43, у прадмесьці Магілёву Луполава існуе арганізацыя “СБМ” (відаць, “Саюз Беларускай Моладзі”), колькасьць 12 чалавек, створаная ў ліпені 1943 г. Кіраўнік арганізацыі Алісеўчык Філіп Мікалаевіч, у мінулым старшы лейтэнант, сябра гітлераўскай арганізацыі, праходзіў курсы ў Бэрліне. Праводзіцца праца па яе разлажэньні.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.68а. Машынапіс, незавераны. Разьведзводка № 58 (89) ад 4 кастрычніка 1943 г. Пераклад з расейскай.
***
Даведка
т. Ляшчэня 10.1.44 г. паведамляе, што тэрарыстычнай групай забіты Казлоўскі, рэдактар “Беларускай газэты”, Іваноўскі, старшына гораду. Рыхтуецца забойства старшыны рады — Астроўскага, работніка СБМ Шульц, Ганька, Абрамавай.
Ст. пам. нач. РА БШПР
маёр Дзярж. бясьпекі
Ліванаў
14.1.44 г.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.200. Рукапіс. Пераклад з расейскай.
***
Даведка
Як паведаміў Сурганаў 19.1.44 г. за № 86 — па дадзеных Цыкунова са спэц. аддзелу прапаганды Цэнтральнага штабу С.Б.М. — Мароз Сяргей вывезены ў Бэрлін для працы сярод беларускай моладзі, вывезенай у Нямеччыну. Лідзкі акруговы кіраўнік С.Б.М. — Бабкоў перайшоў на бок партызанаў у брыгаду Кірава.. Наваградзкі акруговы кіраўнік С.Б.М. — Каляга7 — пайшоў у партызаны Менскай вобласьці.
Ст. пам. нач. ад. па Спэцінфармацыі
Б. Ш. П. Р. — капітан [неразборліва — “БР”]
25.1.44 г.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.201. Рукапіс. Пераклад з расейскай.
***
З паведамленьня т. Фёдара ад 12.1.44 г. № 81
Радыёграма увах. № 638.
“На Картонажнай фабрыцы Альбэрцін (пад Слонімам) існуе цэнтральнаяшкола інструктараў СБМ”.
Намі дадзеныя ўказаньні пра зьнішчэньне фабрыкі і ліквідацыі гэтай школы.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.202. Рукапіс. Пераклад з расейскай.
***
Даведка
18.1.44 году тав. Сурганаў паведамляе, што ў яго знаходзіцца загадчык цэнтральнага штабу Саюзу Беларускай Моладзі, ён жа кіраўнік пастаянных курсаў кіруючых работнікаў С.Б.М. у Альбэрціне — Цыкуноў Васіль. Прадстаўляевялікую цікавасьць. Першым самалётам накіравалі [ў] Маскву. Перайшоў таксама на бок партызанаў заг. вайскова-спартыўнага аддзела цэнтральнага штабу С.Б.М. Брыль.8
Ст. пам. нач. РА БШПР
Маёр Дзярж. бясьпекі Ліванаў
19.1.44 г.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.205. Рукапіс. Пераклад з расейскай.
***
З у с [і м] с а к р э т н а
К А М А Н Д З І Р У Б Р Ы Г А Д Ы І М [Я] П А Н А М А Р Э Н К І
лейтэнанту тав. С Е Н Ь К І Н У
Н[а]м. Н[а]ч. ш т а б а б р ы г а д ы тав. РЫГІНУ.
Копія: камандзіру і камісару атрада “Савецкая Беларусь”.
Д А К Л А Д Н А Я З А П І С К А.
Пра фашысцкую арганізацыю “Саюз Беларускай Моладзі”.
Данашу, што “Саюз Беларускай Моладзі”, галоўны штаб якога знаходзіцца пры Генэральным Камісарыяце Беларусі ў Менску, на тэрыторыі Слонімскага раёну ў м. Альбэрцін мае пастаянна дзеючы лягер, дзе рэгулярна рыхтуюцца кіруючыя кадры “СБМ”, так званыя “малодшыя камандзіры”. Прычым, падрыхтоўка кадраў праводзіцца на дзяржаўныя сродкі і за кошт мясцовых рэсурсаў акругі.
У прыватнасьці матэрыяльную грашовую дапамогу Альбэрцінскаму лягеру аказваюць “БНС” і ўсемагчымыя райарганізацыі. Усе курсанты апранутыя паформе. Альбэрцінскі лягер штомесяц выпускае 70-80 чал., так званых малодшых камандзіраў — кіраўнікоў “СБМ”, якія павінны праводзіць працу па выхаваньню моладзі ў нацыянал-фашысцкім дусе і наступным адпраўленьні гэтай моладзі ўглыб Нямеччыны. Тыя, хто закончыў курсы, накіроўваюцца ў розныя раёны Беларусі.
“Саюз Беларускай Моладзі” у сваіх шэрагах павінен аб’яднаць моладзь Беларусі ва ўзросьце ад 11 да 19-21 гадоў.
Уступаючы ў “СБМ” прадастаўляе заяву, аўтабіяграфію, запаўняе анкету і прымае прысягу. Пасьля ўсяго гэтага атрымлівае сяброўскі білет і абавязаны рэгулярна ўплочваць грашовыя сяброўскія складкі.
Саюз Беларускай Моладзі” па Слонімскаму гэбіту (акрузе) ачольвае нехта С у р а в ы, былы дырэктар школы ў м. Дзярэчын.
Колькасны склад сяброў “СБМ” невядомы, бо ў падаўляючай большасьці месцаў ён арганізуецца нелегальна, з мэтай пазьбегнуць у адносінах да іх магчымых рэпрэсіяў з боку Сав[ецкага] актыву і партызанаў.
Наш чалавек пакуль яшчэ не ўступіў у “СБМ”. Пры атрыманьні новых даных пра “Саюз Беларускай Моладзі” атрымаеце чарговую інфармацыю.
Нам. Нач. штабу атрада
“Савецкая Беларусь” па
агентурна-апэратыўнай рабоце
Палітрук —
/М е л ь н і к а ў/
24. 2. 1944 г.
НАРБ, ф.3500, в.2, спр.32, арк.139. Машынапіс, арыгінал. Пераклад з расейскай.
***
Пра Саюз Беларускай Моладзі
[З паведамленьня намесьніка начальніка штабу атрада “Савецкая Беларусь” па
агентурна-апэратыўнай рабоце палітрука Мельнікава ад 27 сакавіка 1944 г.]
СБМ, створаны немцамі ў Слоніме, Быцені, Івацэвічах і іншых месцах, праводзіць працу легальна. Пра нелегальны СБМ пакуль што зьвестак няма. Наша крыніца “Іваноў”, які зьяўляецца сябрам СБМ, дамагаецца зьвестак і пра нелегальны СБМ.
Структура СБМ такая:
СБМ, які існуе пры школе альбо гімназіі, мае свайго кіраўніка, які праводзіць працу па інструктажу і пад кантролем павятовага СБМ.
Гэтым кіраўніком сябр[ы] СБМ разьбітыя на дружыны. У дружыне 10-13 чалавек. [У] пазавучэбныя гадзіны, пад выглядам [заняткаў] спортам і драмдзейнасьцю, яны пэрыядычна зьбіраюцца ў школы і клюбы, дзе шырока прапагандуюцца матэрыялы пра “Новую Эўропу” і выхоўваецца нянавісьць да Савецкага Саюзу.
Колькасьць сябраў СБМ па Слоніму, Быцені, Івацэвічах і г. д. цяпер паведаміць ня можам, пераправяраем праз агентуру.
НАРБ, ф. 3500, в.2, спр.32, арк.165. Машынапіс, арыгінал. Пераклад з расейскай.
1 Асобага аддзела. — Заўвага “БР”.
2 У іншым дакумэнце савецкай разьведкі падаецца дакладная датанараджэньня М.Швядзенкі — 1920 г.: НАРБ, ф. 3500, в.2, спр. 46, арк. 282.
3 Паводле іншых рапартаў, Брэль — ураджэнец Слонімскага раёну:НАРБ, ф. 3500, в.2, спр. 46, арк. 282.
4 Насамрэч, служыў у 1-м аддзеле штаба фронту.
5 У іншым дакумэнце савецкай разьведкі зазначаецца, што месцазнаходжаньне 11-й акругі невядомае: НАРБ, ф. 3500, в.2, спр. 46, арк. 283.
6 Захоўваюцца ў архіўнай справе.
7 Трэба — Каляда.
8 Насамрэч, яго прозьвішча “Брэль”.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|