|
Справа Фармашова
Ніжэй зьмяшчаецца вытрымка зь яшчэ нядаўна зусім сакрэтнага дакумэнта пра ўдзел у 1947 годзе намесьніка міністра замежных спраў Беларускай ССР Вячаслава Фармашова ў інцыдэнце, які адбыўся ў калгасе “Камунізм” (Лагойскі раён). Дакумэнт з расейскагаархіву датуецца 9 траўня 1949 г.
“[…] Па паведамленьні МДБ БССР, Фармашоў Вячаслаў Іванавіч, займаючы пасаду намесьніка міністра замежных спраў БССР, у чэрвені месяцы 1947 г. праваліў плян мерапрыемстваў Савета Міністраў Беларускай ССР па наведваньню замежнымі карэспандэнтамі аднаго з калгасаў Лагойскага раёну Беларускай ССР. Карэспандэнтам па гэтаму пляну павінны былі паказаць калгас імя Сталіна Лагойскага раёну Менскай вобласьці, у якім былі праведзеныя адпаведныя мерапрыемствы па іх сустрэчы. Аднак, насуперак гэтаму пляну, выконваючы абавязкі намесьніка міністра замежных спраў БССР Фармашоў 25 чэрвеня 1947 г. павёз замежнікаў у іншы і самы адсталы калгас “Камунізм” Лагойскага раёну. Пасьля прыезду ў калгас “Камунізм” карэспандэнтаў сустрэў старшыня калгаса Рымша Антон, які па свайму зьнешняму выгляду быў брудны, абарваны і босы. Рымша запрасіў усіх прыехаўшых у сваю кватэру, якая знаходзілася ў скрайне антысанітарыйным стане, з-за чаго замежнікі не пажадалі спыніцца ў ёй і адразу ж выйшлі на вуліцу, дзе і адбывалася іх размова састаршынёй калгасу. На пастаўленыя карэспандэнтамі пытаньні пра матэрыяльнае і бытавое становішча калгасьнікаў старшыня калгасу Рымша адказаў, што калгасьнікі ў мінулым годзе на працадзень атрымалі толькі па 180 г жыта і больш нічога і што насельніцтва перажывае вялікія матэрыяльныя цяжкасьці. Вакол замежнікаў сабралася вялікая колькасьць калгасьнікаў, інекаторыя зь іх выкрыквалі, што яны ня маюць хлеба, вараць і ядуць траву, што жывуць вельмі кепска і т. п. Перад ад’ездам замежнікаў іх абступіў натоўп калгасьнікаў, якія крычалі і скардзіліся, што пухнуць з голаду, ядуцьхлеб з травы, а адна калгасьніца падыйшла да карэспандэнта газэты “Нью-Ёрк трыбюн” Нісмана і паказала яму ляпешку, прыгатаваную з бульбы з травой і заявіла, што калгасьнікі харчуюцца такім хлебам. Такім чынам, па сутнасьці, Фармашовым сьвядома была дапушчаная правакацыйная вылазка асобных па-антысавецку настроеных калгасьнікаў перад замежнікамі з мэтай дыскрыдытацыі калгаснага ладу. Бюро ЦК КП(б) Беларусі аб’явіла Фармашовувымову са зьняцьцем з пасады намесьніка міністра замежных спраў БССР[…].
Старшы рэфэрэнт 2-га сэктару аддзела кадраў Камітэту інфармацыі МЗС СССР В. Аляксееў”.
Расейскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі, ф.17, в.118, спр..409, арк.138—139. Друкуецца паводле публікацыі: “Книга для учителя. История политических репрессий и сопротивления несвободе в СССР. Масква, 2002, бб. 330—331. Пераклад з расейскай.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|