БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

БЕЛАРУСКІ РЭЗЫСТАНС НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Беларускі Рэзыстанс 1 / 2004 г.

Варшанская перамога

Кастусь Рамановіч

Увазе чытачоў прапануецца ўрывак з успамінаў вэтэрана беларускага вызвольнага руху Кастуся Рамановіча, прысьвечаны пасьляваеннаму антысавецкаму падпольлю. КастусьРамановіч — інжынэр-будаўнік, актывіст дэмакратычнага вэтэранскага руху, жыве ў Пінску. Пакуль дазваляла здароўе, браў актыўны ўдзел у дзейнасьці мясцовых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. У 2003 г. закончыў напісаньне сваіх успамінаў, якія цяпер рыхтуюцца да друку.

Ён нарадзіўся 1 студзеня 1927 году ў в. Лозкі на Наваградчыне. Вучыўся ў роднай вёсцы пад польскай, савецкай і нямецкай акупацыямі. Зь верасьня 1942 г. — навучэнец Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. У 1943-44 гг. — сябра СБМ. Вясной 1944 году паступіў у афіцэрскую школу БКА ў Менску. На Захад не адступаў, застаўся ў Беларусі, вучыўся ў Наваградзкай пэдвучэльні. У ноч з 13 на 14 сьнежня 1944 г. Рамановіч быў арыштаваны за ўдзел у СБМ і навучаньне ў афіцэрскай школе. Быў этапаваны ў канцлягер у Варкуту. Афіцыйна асуджаны быўтолькі ў чэрвені 1946-га на тры гады турмы, але ўжо ў верасьні 1946 г. вызвалены.

На Радзіму вяртаўся праз Маскву, а на баранавіцкім вакзале сустрэўстарога знаёмага з Наваградка Міхася Агейку. “Ня думай, Міхась, што яны мяне запалохалі турмамі, лягерамі, — сказаў яму Рамановіч. — Я вяртаюся састалінскага лягера на радзіму з мэтай весьці барацьбу за вольную Беларусь”. Агейка прамаўчаў, баючыся правакацыі. Ён ужо быў сябрам падпольнай “Чайкі”. Праз колькі месяцаў стане адным з ініцыятараў падпольнага “Саюзу Вызваленьня Беларусі” Кастусь Рамановіч. Пра тое, што было далей, успамінае сам Рамановіч.

Зь вялікім хваляваньнем я пераступіў парог роднай хаты. Дома мяне ніхто не чакаў. Са сьлязьмі радасьці павісла на мне маці. Маленькі двухгадовы хлопчык, мой брацішак Андрэйка, якога я ўбачыў першы раз, на ўсялякі выпадак схаваўся пад ложак ад незнаёмага дзядзькі...

Я ўжо сядзеў за сталом, калі ў хату зайшоў бацька. Ён павітаўся і пайшоў у суседні пакой. Не пазнаў тата свайго “блуднага” сына. Мабыць, за два гады ямоцна зьмяніўся, пасталеў. А можа ён думаў, што ўжо загінуў у турме, бо вестак ад мяне не было?..

Хацелася вучыцца. Са спазьненьнем, у кастрычніку 1946 году, па даведцы, што ў 1944 г. я вучыўся на трэцім курсе пэдагагічнай вучэльні, паступіў у Наваградку ў 10-ю клясу вячэрняй школы рабочай моладзі. Тут я сустрэў Гену Казака, зьякім калісьці ня толькі вучыўся ў адной групе Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, але і сябраваў. Ён жыў у вёсцы Брацянка (гэта кілямэтры тры адНаваградка), а на вучобу ў горад хадзіў пешшу. Часта я разам зь ім хадзіў у Брацянку. Калі-нікалі і начаваў там, у ягонай хаце.

У 10-й клясе ўсе прадметы выкладалася па-расейску, што нам не падабалася. Амаль усе настаўнікі былі “ўсходнікамі”. Да нас з Генай далучыліся тры былыя франтавікі: Міхась Кожыч, Саша Ўсюкевіч і Пятрусь Дземянчук. Яны таксама вучыліся ў 10-й клясе, але былі трохі старэйшыя за нас з Генай. Хлопцы былі на фронце, ваявалі, пабачылі, як жывуць людзі на Захадзе. Пабачыў гэта і Гена Казак. Адзін я, самы малодшы зь іх, бачыў толькі сталінскі ГУЛАГ.

І мы, пяць юнакоў, стварылі арганізацыйны камітэт беларускай падпольнайпатрыятычнай арганізацыі “Саюз Вызваленьня Беларусі” (СВБ). Дземянчук, Кожыч і Ўсюкевіч жылі разам на адной кватэры, якая стала нашым штабам, дзе праводзіліся амаль усе кансьпірацыйныя паседжаньні. На гэтай кватэры, напершым паседжаньні арганізацыйнага камітэту, кіраўніком арганізацыі “Саюз Вызваленьня Беларусі” быў абраны Генадзь Казак. Усе прынятыя рашэньні фіксаваліся пратаколамі, якія зьберагаліся тут жа, у кватэры хлопцаў.. Арганізацыйны камітэт распрацаваў статут і праграму СВБ. Уся дакумэнтацыя была рукапіснаю. Канчатковай мэтай праграмы было адзьдзяленьне (безтэрору) БССР ад СССР (што, дарэчы, не пярэчыла Канстытуцыі СССР) і стварэньне самастойнай Сувэрэннай Рэспублікі Беларусь.1 Нашымі сымбалямі былі герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сьцяг і гімн — “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Гэтыя сымбалі мы прапанавалі будучай вольнай Рэспубліцы Беларусь.

Кожны сябра арганізацыйнага камітэту кіраваў якім-небудзь аддзелам. Мне быў даручаны фінансавы аддзел, які ня меў ні капейкі грошай, што, аднак, пазьней не замінала сьледчаму называць мяне “міністрам фінансаў”. Усе атрымалі мянушкі. Так я стаў “Сокалам”. Кожнаму было даручана вэрбаваць новых сябраў арганізацыі, захоўваючы ўстаноўленую кансьпірацыю. СВБ будавалася з “троек”, таму кожны ўдзельнік арганізацыі не павінен быў ведаць больш двух сябраў. Аднак нашая праца абмежавалася вярбоўкай новых людзей і прапагандай беларускага патрыятызму.

Сябра СВБ Адам Чабоцька зрабіў круглую пячатку арганізацыі з выявай “Пагоні” . Завэрбаваў яго ў СВБ журналіст наваградзкай раёнкі Самсон Пярловіч. Гэта ён прыняў у арганізацыю свайго калегу, рэдактара баранавіцкай газэты Аляксандра Бажко.

Нягледзечы на “кансьпірацыю”, па-юнацку недасьведчаную, на наш сьлед выйшла МГБ. Чэкістам нас здаў Аляксандар Б., які аказаўся правакатарам. Ноччу 30 траўня 1947 году, пасьля першага іспыту на атэстат сталасьці, мяне арыштавалі другі раз. У кайданках прывялі ў памяшканьне наваградзкага МГБ. Там ужо сядзеў на падлозе Гена Казак. Неўзабаве прывялі сюды Дземянчука, Кожыча і Ўсюкевіча. Тут прасядзелі мы да раніцы. А тады ўжо нас загналі ў грузавую машыну, пасадзілі на падлогу ды павезьлі ў Баранавічы, вядома, пад канвоем і ў кайданках. Чакала нас “знакамітая” ў той час баранавіцкая сьледчая турма, так званае “Крывое кола”.

У баранавіцкай турме нас пасадзілі ў адзіночныя камэры. Неўзабаве пачаліся допыты, хаця нас можна было судзіць і бяз допытаў. Справа ў тым, што з кватэры, дзе жылі Дземянчук, Кожыч і Ўсюкевіч, чэкісты забралі ўсе пратаколы паседжаньняў арганізацыйнай групы, статут, праграму, пячатку з выявай“Пагоні” і бел-чырвона-белы сьцяг. Доказаў нашай “віны” было дастаткова.Вось такая была нашая юнацкая кансьпірацыя...

Мяне трымалі ў нейкім карцэры, фактычна, у каменным мяху, дзе магчыма былотолькі сядзець. Тут не было вакна. Над галавою сьвяціла лямпачка, а выключальнік у калідоры знаходзіўся ў надзіральніка. Амаль штохвілінна адчыняўся “глазок” і чуўся вокрык надзіральніка: “Ня спаць!” Зьдзекі гэтыя працягваліся даволі доўга. Днём у камэры спаць не давалі, а ўсю ноч трымалі ў сьледчага.

Пасьля таго, як адчыняліся дзьверы камэры, чулася каманда: “Рукі назад!” На руках “чыркаюць” кайданкі. З турмы канваіры вядуць у будынак сьледчага.. Шлях ідзе па высокім, зьбітым з дошак і зачыненым зьверху калючым дротам, калідоры. На стале ў сьледчага, мабыць для запалохваньня, ляжыць іржавы нямецкі кінжал і пісталет. Садзяць мяне на самы вугалок табурэткі і пачынаецца допыт. А так як пытаць няма чаго, дык сьледчы чытае газэту, зачыніўшы твар, а я паціхеньку, паціхеньку падсоўваюся з ражка на сярэдзіну табурэткі. Сьледчы адклаў газэту і крычыць: “Ты как сидишь?” Я ізноў сеў на ражочак табурэткі. І так усю ноч. Аднойчы я заснуў на табурэтцы і ўпаў на падлогу, пры гэтым разьбіў лоб. У кабінэт тады заходзіў нейкі вышэйшы начальнік,спытаўся ў мяне: “Что, тебя били?” “Не, – кажу, – заснуў, упаў і разьбіў лоб”. Дарэчы, ня ведаю чаму, але мяне ніхто ніколі ня біў, ні сьледчыя, ні блатныя ў лягерах. Ніколі нікога не чапаў і я, і ня толькі ў лягеры, але і на працягу ўсяго жыцьця.

29-30 жніўня 1947 году Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці асудзіў нас, 18 чалавек, па артыкулу 63-1 КК БССР на тэрміны ад 8 да 25 гадоў пазбаўленьня волі, з адбыцьцём пакараньня ў ВПЛ (выпраўча-працоўных лягерах). Дваццаць пяць гадоў далі кіраўніку СВБ Гене Казаку. Я быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі ды на 5 гадоў пазбаўленьня правоў з высылкай і з канфіскацыяй маёмасьці. Маёмасьці ў мяне ніякай не было, толькі падчас арышту забралі стары фотаапарат “Фотакор”, падарунак майго дзядзькі Гальяша Аляшкевіча, расстралянага немцамі за сувязь з савецкімі партызанамі.

Суд быў зачынены. На ім я ўпершыню пабачыў усіх арыштаваных сябраў СВБ (18 чалавек). Не было сярод іх на лаўцы падсудных толькі правакатара Аляксандра Б., які ў той час працаваў у рэдакцыі баранавіцкай газэты. Ад адваката на судзе мы адмовіліся.

Пасьля суду амаль усе мы сядзелі ў адной камэры агульнай турмы ў Баранавічах. Не сумавалі, нават было весела, бо сьпявалі беларускія патрыятычныя песьні, у тым ліку і гімн — “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Тады я даведаўся пра арышты другіх маладых патрыётаў Беларусі.

Больш месяца мне давялося сядзець у Баранавічах у гарачай (за сьцяной была кухня), душнай, цёмнай (не было вакна) камэры, але з мноствам, як у вульлі пчолаў, блашчыцаў. Разам са мною карміў блашчыцаў у гэтай камэры былы студэнт баранавіцкага пэдагагічнага інстытуту Вячаслаў Краскоўскі. З Краскоўскім я быў знаёмы і раней, бо два гады мы вучыліся разам у адной групе Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Ён быў асуджаны за ўдзел у падпольнай беларускай патрыятычнай арганізацыі “Чайка”, у яе суполцы, арганізаванай ў Баранавіцкім пэдінстытуце (кіраўнік — Аляксандар Барэйка). Канчатковай мэтай “Чайкі” таксама была незалежная і дэмакратычнаяБеларусь.

Блашчыцы не давалі нам спаць, вельмі ж яны былі ненажэрныя, моцна кусаліся. Іх шмат, а ахвяры толькі дзьве... Мы пабудавалі супраць блашчыцаў сапраўдную абарону: паставілі нашыя ложкі ножкамі ў бляшанкі з вадой. Дык яны ў ваду не палезьлі, а папаўзьлі па сьцяне на столь, адкуль трапна сыпаліся нанашыя целы. Злосныя, як сабакі, кусалі нас яшчэ мацней, сквапна смакталі кроў. Мы жартавалі, што такім чынам камуністы блашчыцамі высмоктвалі з насбеларускі патрыятызм... Так як у камэры нам з Вечыкам Краскоўскім блашчыцы не давалі спаць, дык мы зь ім бавілі час за гульнёй у даміно.

Больш за месяц мне давялося сядзець у адзіночнай камэры “знакамітай” менскай турмы “амэрыканка”. Прывезьлі адмыслова на вочную стаўку з Валяй Рубан, сяброўкай СБМ. Яна паходзіла зь вёскі Шчорсы Наваградзкага раёну. Рубан падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Цяпер Валя Рубан (прозьвішча дзявочае) жыве ў Малдове.

У “амэрыканцы” запомнілася круглая, вінтавая, як глыбокі калодзезь, лесьвічная клетка, кожны паверх якой быў перакрыты нацягнутай мэталічнай сеткай. Гэтая сетка, мабыць, мусіла быць перашкодай супраць самазабойстваў палітычных вязьняў.

Амаль усіх сябраў СВБ пазвозілі ў перасыльную турму ў Воршу. Толькі Генадзя Казака на перасылцы не было. Наогул, пасьля суду я яго ўжо больш ня бачыў. Казалі, што пасьля катаваньняў ён загінуў на этапах. Быў Казак 1926 года нараджэньня (па іншых зьвестках — 1924 г. н. — рэд.).

У Воршы нас разьмясьцілі разам з блатнымі-крымінальнікамі ў вялікітурэмны барак.

Мы занялі нары ў тарцы барака, дзе было ўзвышша над падлогай, падобнае да сцэны. Блатныя разьмясьціліся ў другім тарцы барака на падлозе. Усе астатнія вязьні таксама ляжалі на падлозе. І тут блатныя яшчэ і нашыя нары захацелі заняць ды забраць лепшае адзеньне і харчы. У іх руках заблішчэлі нажы і кінжалы, а ў нас зброі ніякай... Давялося ламаць нары. Зброяй нашай сталідошкі і брускі з нараў.

Завязалася бойка з блатнымі. Да нас далучыліся былыя франтавікі (ваеннапалонныя-чырвонаармейцы), некаторыя яшчэ ў вайсковай форме. Мы перамаглі.Усё скончылася без ахвяраў. Пасьля гэтага бандыты, злодзеі ў законе нас больш не турбавалі. Такія бойкі турэмная і лягерная ахова ўчыняла адмыслова з мэтай хутчэйшага фізычнага зьнішчэньня палітычных зьняволеных.

З Воршы павезьлі па этапах. Пагрузілі нас у таварныя вагоны (цялятнікі), на гэты раз з двухяруснымі нарамі. Дарога была мне ўжо знаёмая — везьлі на поўнач у напрамку Варкуты. Усё ішло па знаёмаму мне з першага арышту колу. Толькі на гэты раз да Варкуты, да тундры не давязьлі — выгрузілі нас у тайзе Пячорлагу, недалёка ад гораду Пячора. На адзін лагпункт са мной трапілісябры — Пятро Дземянчук і Міхась Кожыч.


1 Арыгіналы статута і праграмы СВБ знаходзяцца ў архіве УКДБ па Гарадзенскай вобласьці.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі Беларускага Рэзыстансу

 кантакт: rezystans2004@yahoo.com 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster