|
Нацыянальна-патрыятычны рух беларускіх вайскоўцаў
у канцы 1980-х – першай палове 1990-х гадоў
Міхась Варанец
Досі ўжо браты чужынцам мы служылі,
Досі ўжо пашаны ім прыдбалі.
Не сваю, чужую долю баранілі.
Пад чужымі сьцягамі ўміралі.
М. Багдановіч
Асноўнай крыніцай для напісаньня гэтага дасьледаваньня зьяўляюцца дакумэнты, што выпрацоўваліся нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямівайскоўцаў. Іншая крыніца — пэрыядычны друк. Аб’ектыўнасьць гэтых крыніцаў пацьвярджаецца пры аналізе дакумэнтаў і выступленьняў у друку апанэнтаў нацыянальна-патрыятычнага руху вайскоўцаў. Асаблівасьцю данай працы зьяўляецца тое, што яна напісаная, вобразна кажучы, па сьвежых сьлядах. Таму ў яе ўключаныя шматлікія неапублікаваныя матэрыялы, а інфармацыя пра многія факты была запісаная са слоў непасрэдных удзельнікаў нацыянальна-патрыятычнага руху. Асноўным чыньнікам, што гарантуе аб’ектыўнасьць такіх вусных сьведчаньняў зьяўляюцца рэальныя, агульнавядомыявынікі такой дзейнасьці.
Актуальнасьць данага дасьледаваньня тлумачыцца найперш тым, што цяпер (1996 г.), калі нашая маладая дзяржава робіць першыя крокі на шляху самастойнага разьвіцьця, калі ўсё яшчэ існуе пагроза незалежнасьці Беларусі (найперш — унутраная), найважнейшай задачай зьяўляецца патрыятычнае выхаваньне як ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, так і ва ўсім грамадзтве. Асабліва важная справа — выхаваньне моладзі. А моладзь ахвотней успрымае дзейнасьць сучасьнікаў, чымсьці далёкіх і ня вельмі далёкіх продкаў.
Міхась Варанец — палітык, грамадзкі дзеяч, гісторык, адзін з заснавальнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, маёр запасу. Жыве ў Слоніме.. З гэтага нумару “БР” распачынае публікацыю яго дасьледаваньня напісанага ў 1996 годзе і прысьвечанага беларускаму вайсковаму руху 1980 — 1990-х гг. М.Варанец даводзіць, што з 1988 году ва Ўзброеных Сілах СССР, а потым ва Ўзброеных Сілах Беларусі існаваў арганізаваны нацыянальна-патрыятычны рух, дзейнасьць якога была скіравана на здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, на стварэньне і ўмацаваньне беларускага войска. Нацыянальна-патрыятычны рухвайскоўцаў быў сапраўдным народным рухам, які ўзьнік і разьвіваўся зьнізу і ня быў прыўнесены ў войска звонку. Дзейнасьць яго ўдзельнікаў-вайскоўцаў была накіравана на абарону беларускай дзяржаўнасьці, дэмакратыіі правоў чалавека. Цягам 9 гадоў аўтар не аддаваў сваю працу ў друк, каб не нашкодзіць сябрам па нацыянальна-патрыятычнаму руху. Па гэтай жа прычынеў дасьледаваньні ня згадваюцца імёны многіх актывістаў руху. — “БР”
ПЕРШЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНА-ПАТРЫЯТЫЧНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ ВАЙСКОЎЦАЎВА ЎЗБРОЕНЫХ СІЛАХ СССР (1988 – 20.08.1991 гг.)
Дзе раней мы былі?
Ды баланду па турмах хлябалі,
Па бясконцых этапах брылі
І ў сібірскіх сьнягах паміралі.
Дзе раней мы былі?
Трохі ў родных палетках і хатах.
Ну, а рэшта? У чорнай зямлі
У праклятых навек Курапатах.
Дзе яшчэ мы былі?
Ды псіхушкі цішком абжывалі,
Ці гарэлку бяз спыну пілі,
Ці ў адчаі зацятым маўчалі.
Як народу жылося,
Мы таксама жылі.
Ды вось выцяў мароз
па чырвонай чуме
І мы зноў, нібы Фенікс, паўсталі.
І ўвесь зброд бальшавіцкі
ад жаху зьнямеў
Бо нас бачыць жывымі даўно
не чакалі.
Ну а зараз,
як шок з іх паціху зышоў,
Зашыпелі і крык паднялі
І вішчаць
Як пра самы сьмяротны з грахоў:
“Дзе раней вы былі”
С. Суднік
Прычыны ўзьнікненьня першых нацыянальна-патрыятычных арганізацый вайскоўцаў
На працягу ўсяго часу існаваньня СССР у яго Ўзброеных Сілах служыла шмат беларусаў. Жаўнерамі-беларусамі камплектаваліся найбольш адказныявіды і роды войскаў. Так, напрыклад, у Ваенна-марскім Флоце СССР у 1980-х іх колькасьць даходзіла да 50% ад агульнага складу (па падліках гісторыка Алега Трусава). У тыя ж гады па колькасьці афіцэраў Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту, у працэнтных адносінах да колькасьці сваёй нацыі, беларусы былі на першым месцы. На першым месцы беларусы былі і па адноснай колькасьці загінуўшых у Афганістане. Агульнавядомы як высокі ўзровень ваеннай вывучкі беларусаў, так і іх надзейнасьць.
У савецкія часы гэта былі людзі, выхаваныя ў духу савецкага патрыятызму і пралетарскага інтэрнацыяналізму. У пераважнай большасьці зь іх былопачуцьцё сваёй беларускай адметнасьці, але ніхто над гэтым не задумваўся і ня змог бы асэнсавана адказаць — у чым заключаецца яго беларускасьць.
Эдуард Дубянецкі тлумачыў гэта тым, што, пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя, “значная частка беларускага народу апынулася ў стане нацыянальнага анабіёзу, калі энэргія, воля беларусаў былі паралізаваны, ня маючы належныхварункаў для свайго разьвіцьця і практычнага ўвасабленьня”.1 На думку Э.Дубянецкага, вельмі трапна такі стан ахарактарызаваў беларускі палітык часоў БНР Аляксандар Цьвікевіч, які адзначаў, што Беларусь “...нацыянальна не памірала, але і не жыла. 2 Але нават сярод вайскоўцаў-афіцэраў былітакія, хто і ў задушлівыя 1970-я і 1980-я гады паслугоўваліся беларускай мовай усваіх сем’ях. Відавочна, што нацыянальны дух сярод беларусаў-вайскоўцаў ва Ўзброеных Сілах СССР патэнцыяльна існаваў. Але дзеля таго, каб ён праявіўся, патрэбны былі адпаведныя ўмовы. Такой умовай стала палітыка “галоснасьці”, распачатая тагачасным генэральным сакратаром ЦК КПСС М.Гарбачовым. Яна спрыяла распрыгоньваньню сьвядомасьці людзей, дазволіла імдаведацца праўду пра сваю гісторыю. Гэта паступова вяло да абуджэньня інацыянальнай сьвядомасьці, у тым ліку і сярод вайскоўцаў-беларусаў.
Нацыянальныя арганізацыі беларускіх вайскоўцаў за межамі Беларусі
Рокаш беларускіх вайскоўцаў у Казахстане
Першая нацыянальна-патрыятычная суполка беларусаў-вайскоўцаў за межамі Беларусі ўзьнікла ў г. Прыазёрску Казахскай ССР (вайсковая часьць 03866).Заснавальнікам яе быў афіцэр, ураджэнец Нясьвіжчыны Станіслаў Суднік.
Усё сваё сьвядомае жыцьцё С.Суднік зьяўляецца патрыётам Беларусі. З 1977 году ён быў сталым падпісчыкам беларускамоўных газэтаў “Звязда” і “Літаратура і мастацтва”. Але патрыятызм гэты быў большай часткай пасіўны. Пералом адбыўся ў 1988 годзе (прычына — перапляценьне акалічнасьцяў асабістых з вонкавымі, грамадзкага кшталту — “галоснасьць” і г.д.). Пасьля некаторага перапынку С.Суднік піша вершы (з 1985 г. нічога не пісаў), якія ўжо клічуць да актыўнай дзейнасьці: 15 траўня 1988 году — “Пагоня за мову” (надрукаваны ў часопісе “Полымя” за 1992 г., № 4); 18 траўня 1988 г. — “Ці не падумалі панове” (не апублікаваны); 28 траўня 1988 г. — “Суд” (надрукаваны ў газэце “Рокаш”, 1990, жнівень, № 1 і ў газэце “Наша слова”, 1990, верасень, № 7). Верш “Суд” стаўся для аўтара праграмным у яго нацыянальна-патрыятычнай дзейнасьці:
Гэй, устаньце беларусы,
На суд мацяры-зямлі,
Адкажыце беларусы,
Вы за колькі прадалі
Мову нашу, мову маці,
Мову пушчаў і бароў
Мову Койданаўскай раці
І Грунвальдскіх ваяроў?...
...Вас спытаюць вашы дзеці
Што пакінулі вы ім,
А ў адказ вы зазванеце
Срэбрам Юдавым сваім. 3
З гэтага часу пачалася энэргічная дзейнасьць С.Судніка на карысьць беларускага Адраджэньня. У 1988 годзе ён паступае ў вайсковую акадэмію ў горадзе Калінін (цяпер — Цьвер) і на прыватнай сустрэчы з аднакашнікамі, выпускнікамі Менскай вышэйшай інжынэрнай зянітна-ракетнай вучэльні чытаесвае травеньскія, 1988 году, вершы. Аднакашнікі пазнаёмілі Судніка з падпалкоўнікам Вінцэнтам Чорным, лідэрам беларускага зямляцтва ў акадэміі. У кастрычніку 1988 г. С.Суднік, будучы на Радзіме, адмыслова заязджае ў Гомель да свайго сябра Алеся Міткаўца (выгнанага ў свой час з унівэрсытэту за “нацыяналізм”), а ў Менску праз газэты знаходзіць Ігара Чарняўскага, зь якім быў знаёмы яшчэ з 1975 г. па клюбу аматараў піва Менскага ўнівэрсытэту. Гэта былі важныя сустрэчы, на якіх ішла гутарка аб сытуацыі ў Беларусі і шляхах нацыянальнага Адраджэньня. З усім гэтым багажом (інфармацыя, літаратура, асабістыя ўражаньні) Суднік паляцеў у Казахстан.
У вайсковай часьці С.Суднік азнаёміў з літаратурай афіцэраў — ураджэнцаў Беларусі і, найперш, Ігара Супаненку, сьвядомага афіцэра-беларуса. Такая прапагандысцкая работа сярод вайскоўцаў-землякоў вялася няспынна.. З 1989 году з ініцыятывы Судніка (ён быў намесьнікам камандзіра вайсковай часьці) ў ленінскім пакоі вяліся падшыўкі беларускамоўных газэтаў “Літаратура і мастацтва” (ЛіМ), “Звязда”, часопіса “Вожык”, а пазьней — газэтаў “Наша слова”, “Навіны Беларускага народнага фронту за перабудову “Адраджэньне”, “Свабода”, “Голас часу” (Англія), часопіса “Полацак” (ЗША). Літаратура зь Беларусі (найперш неафіцыйная) паступала ад Алеся Міткаўца іІгара Чарняўскага.
У гэтым жа 1989 годзе С.Суднік праз Вінцэнта Чорнага выйшаў на Міколу Міхноўскага — літкансультанта камісіі “Спадчына” Саюза пісьменьнікаў Беларусі — і ўжо ў жніўні атрымаў ад яго статут грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ), а потым і адпаведную літаратуру.
У пачатку 1989 г. у былым СССР пачалася кампанія за наданьне нацыянальныммовам статуса дзяржаўных. С.Суднік і яго найбліжэйшы паплечнік І.Супаненка вырашылі паспрыяць гэтаму ў адносінах да беларускай мовы. Вясной 1989 году яны сабралі 21 подпіс вайскоўцаў пад лістом да Вярхоўнага Савету БССР за дзяржаўнасьць беларускай мовы, які быў надрукаваны на Бацькаўшчыне.4 Устудзені 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах у БеларускайССР”. Дакладчыца, намесьніца старшыні Савету Міністраў БССР Ніна Мазай зачытала вытрымкі з ліста (два апошнія абзацы) ад афіцэраў “...Савецкіх Узброеных Сіл беларускага паходжаньня, якія служаць у Казахскай ССР”, для абгрунтаваньня неабходнасьці прыняцьця Закону.5 Для С.Судніка і яго сяброў гэта азначала, што беларусы-вайскоўцы маглі разьлічваць на дзяржаўную падтрымку.
Падбадзёраныя гэтым Суднік і Супаненка ў пачатку траўня 1990-га падрыхтавалі зварот з лістамі да ўсіх народных дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССРі даслалі яго ў рэдакцыі газэтаў “ЛіМ” і “Звязда”.6 Пра зьмест “Звароту” можна меркаваць па яго загалоўках:
першы аркуш — “Аб рэспубліканскай нацыянальнай палітыцы...”
другі аркуш — “Аб нацыянальнай валюце...”
трэці аркуш — “Аб палітычным суверэнітэце Беларусі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця рэспублікі...”
чацьвёрты аркуш — “Аб нацыянальных сімвалах...”
пяты аркуш — “Аб рэабілітацыі беларускага правапісу...”
“ЛіМ” увогуле прамаўчаў, а “Звязда” даслала ад імя рэдакцыі ліст, дзе выказала сваё нэгатыўнае стаўленьне да зьместу “Звароту...”.
Але, маючы маральную падтрымку землякоў, С.Суднік і І.Супаненка ў чэрвені 1990 г. прымаюць рашэньне наладзіць выпуск газэты. І вось у жніўні 1990 году выйшаў першы нумар газеты “Рокаш” — органа Прыазёрскай гарадзкой Рады ТБМ імя Францішка Скарыны. Фармальны сход па стварэньні суполкі ТБМ не зьбіраўся, але ўжо з 1989 году фактычна існавала нацыянальна-патрыятычная супольнасьць вайскоўцаў-беларусаў колькасьцю да 30 чалавек.
Эпіграфам для газэты сталі словы паэта Максіма Багдановіча “Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, Не давайце чужынцамі быць...”.
У рэдакцыйным артыкуле першага нумару газэты напісана:
“Рокаш” — старабеларускае слова і абазначае бунт, паўстанне. Газета “Рокаш” будзе клікаць вас на духоўны бунт, на бунт супраць тых, хто нішчыў і нішчыць нашу мову, нашу культуру, нашу дзяржаву”.7 Газэту атрымоўвалі на Беларусі, у Казахстане, Летуве, Эстоніі, больш дзесяці месцаў Расеі ўключна з Якуцкам, Тынду, Хабараўскам. Газэта паступала ў Ленінградзкую публічную бібліятэку імя Салтыкова-Шчадрына, у Лёнданскую бібліятэку імя Францішка Скарыны, у Беларускую дзяржаўную бібліятэку імя У.Леніна. У верасьні 1990 г. выйшаў другі нумар газэты. Усяго ж да жніўня 1991-га было выдадзена 8 нумароў газэты “Рокаш”: 1990 г. – 2, 1991 г. – 6, уключна з сьвяточным, прысьвечаным 73-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Сталымі аўтарамі “Рокаша” быліСтаніслаў Суднік, Ігар Супаненка ды іншыя. У газэце зьмяшчаліся вершы С.Судніка, гістарычныя артыкулы, аналітычныя матэрыялы аб падзеях на Беларусі, нататкі з жыцьця беларусаў Прыазёрску. Газэта выпускалася кампутарным спосабам, з “выкарыстаньнем” службовага становішча С.Судніка (намесніка камандзіра часьці).
Але і гэтага ўжо было мала. Суднік і Супаненка, параіўшыся з вайскоўцамі-беларусамі, і атрымаўшы іх падтрымку, вырашылі адчыніць нядзельную беларускую школу. Вось вынятка з другога нумару “Рокаша”:
“16 верасня ў горадзе Прыазёрску Джэзказганскай вобласці Казахскай ССР прайшлі першыя 3 гадзіны заняткаў у беларускай нядзельнай школе. У першы дзень на заняткі прыйшло 16 дзяцей і двое дарослых, гэта не ўсе, але больш чым чакалася.
...Заняткі праводзяцца па трох прадметах:
- беларускай мове;
- беларускай літаратуры;
- беларусазнаўству (гісторыя, геаграфія, грамадазнаўства Беларусі)...8 Мыпросім чытачоў нашай газеты аказаць нам дапамогу і даслаць па колькі падручнікаў па беларускай мове і літаратуры...
Рада ТБМ г.Прыазёрска”9
Але ў арганізатараў (яны ж выкладчыкі) акрамя мастацкай літаратуры быўтолькі адзін падручнік — “Белорусский язык для небелоруссов”. Таму з самага пачатку школа была пад пагрозай закрыцьця. Але, будучы ў адпачынку, І.Супаненка 10 верасьня 1990 г. адмыслова трапіў на ўстаноўчую канфэрэнцыю міжнароднай грамадзкай арганізацыі “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (ЗБС “Бацькаўшчына”), дзе выступіў і папрасіў дапамогі. У выніку прывёз некалькі падручнікаў для школы як узор. Крыху пазьней С.Суднік, таксама будучы ў адпачынку ў Беларусі (восень 1990 г.), зьвярнуўся з афіцыйнымзапытам у навукова-пэдагагічную бібліятэку (яе каардынаты ў верасьні разьведаў Супаненка) і ў хуткім часе ў Прыазёрск былі дасланыя 100 падручнікаў. Ужо праз 2 месяцы школу падзялілі на дзьве клясы: малодшую і старэйшую. Упершай выкладаў І.Супаненка, у другой — С.Суднік. Колькасьць вучняў стала больш дваццаці. Трэба дадаць, што школе дапамаглі падручнікамі 32 прыватныя асобы, газэта “ЛІМ”, 9 грамадзкіх арганізацый і 3 дзяржаўныя ўстановы на Беларусі, а таксама ініцыятыўная група ЗБС “Бацькаўшчына” з Алма-Аты. *[Хочацца быць аптымістам // Рокаш, 1991, люты, № 3; Шчыры дзякуй // Рокаш, 1991, жнівень, № 8].
У гэтым жа 1990 годзе нацыянальна-патрыятычная арганізацыя беларусаў-вайскоўцаў выйшла за межы асьветніцкай дзейнасьці. Яе сябры выступалі за
- “стварэнне беларускай нацыянальнай арміі...
- Беларусь: моцная ядзерная дзяржава...
- стварэнне грамадскага вакуума вакол нацыянальных адшчапенцаў і нігілістаў...”.10
Важнай падзеяй у жыцьці арганізацыі сталася сьвяткаваньне ў сакавіку 1991 году 73-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Аб тым, як яно праходзіла, распавядаецца ў рэдакцыйным артыкуле “Пад знакам “Пагоні” 5-га нумара “Рокаша”:
- У сходзе прыняў удзел 21 чалавек: адзін жаўнер, 18 афіцэраў і два генэралы.Вядучы С.Суднік распавёў пра гісторыю стварэньня БНР, а потым зрабіў справаздачу аб дзейнасьці Таварыства беларускай мовы г.Прыазёрска. Ад беларускіх вайскоўцаў гораду Цьвер сход прывітаў падпалкоўнік Вінцэнт Чорны. Быў арганізаваны гандаль беларускімі кнігамі, часопісамі і слоўнікамі. Кожнаму ўдзельніку быў уручаны сьвяточны бюлетэнь, падрыхтаваны рэдакцыйным калектывам газэты “Рокаш”. Былі падрыхтаваныя красворды з цыклю “Перакладзіце на беларускую мову”. У канцы сходу ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю. Варта адзначыць, што ўсе выступоўцы ўжывалі толькі беларускуюмову, хоць некаторым гэта было цяжкавата.
Нацыянальна-патрыятычная арганізацыя беларускіх вайскоўцаў у Прыазёрску актыўна ўдзельнічала ў працы ініцыятыўнай групы “Бацькаўшчына”г.Алма-Аты, у першую чаргу ў выпрацоўцы статутных дакумэнтаў. І ў траўні 1991году ў сталіцы Казахстана быў створаны і зарэгістраваны рэспубліканскі культурны асяродак “Беларусь”. 26 ліпеня 1991-га Рада культурнага асяродку“Беларусь” афіцыйна заснавала арганізацыю ТБМ у горадзе Прыазёрску Казахскай ССР і зьвярнулася да старшыні Прыазёрскага гарадзкога Савета народных дэпутатаў з прозьбай зарэгістраваць яе. Рэгістрацыя адбылася ўпершай палове жніўня 1991 году.
Важным чыньнікам для далейшай дзейнасьці арганізацыі сталі паездкі на Беларусь Супаненкі (травень-чэрвень 1991 г.) і Судніка (чэрвень-ліпень тагож году). Адной з мэтаў паездак была неабходнасць “выйсьці” на Міколу Статкевіча. З нататкі ў газэце “Свабода” (1991, травень, № 9) было вядома, што ён узначальвае вайсковую сэкцыю партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”. У канцы траўня 1991 г. у Менску адбылася сустрэча І.Супаненкі з М.Статкевічам, а ў чэрвені — сустрэча С.Судніка з М.Статкевічам і С.Чыславым. Вайскоўцы гаварылі пра канцэпцыю стварэньня беларускага войска, аб дзеяньнях па яго стварэньні ў супрацы з існуючымі нацыянальна-дэмакратычнымі грамадзкімі і палітычнымі структурамі, аб каардынацыі дзеяньняў паміж усімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў. Гэтым жа часам, 14-15 чэрвеня 1991 году, С.Суднік прыняў удзел у 2-ім зьездзе ТБМ.
У жніўні 1991 году (падчас путчу ГКЧП) выданьне газэты “Рокаш” і, адпаведна,дзейнасьць арганізацыі ў такім напрамку, былі забаронены. Сам С.Суднік быў выкліканы да начальства і абвінавачаны ў распальваньні беларускаганацыяналізму.
Згуртаваньне беларусаў-вайскоўцаў г. Масквы (ЗБВ)
Увосень 1990 году сярод сяброў Маскоўскай суполкі БНФ (існавала з 1989 г.) пачала выкрышталізоўвацца група вайскоўцаў. Адзін зь іх, лейтэнант Віктар Нагнібеда, па ўласнай ініцыятыве, ад імя аргкамітэту Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў (хаця насамрэч аргкамітэту яшчэ не было) склаў “Зварот дабеларускіх вайскоўцаў” і ў студзені 1991 г. даслаў у газэту “Свабода”. “Зварот...” быў зачытаны ў эфіры радыёстанцыі “Свабода” і надрукаваны ў газэце“Свабода” (1991, студзень, № 1-2). Кароткую інфармацыю пра стварэньне ў Маскве арганізацыйнага камітэту Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў дала газэта “ЛіМ” (1991, 1 лютага, № 5). Празь месяц той жа “ЛіМ” надрукаваў больш падрабязную інфармацыю пра зьмест “Звароту...” і вытрымку зь яго: “Мы звяртаемся даўсіх беларускіх вайсковых згуртаванняў, да ўсіх свядомых афіцэраў беларусаў з прапановай дасылаць лісты са звесткамі пра беларускі вайсковы рух і прапановы па правядзенні ўстаноўчага з’езду беларускіх вайскоўцаў”.11
На гэты зварот Віктар Нагнібеда атрымаў больш 40 лістоў. Мікалай Статкевіч у сакавіку 1991 году адмыслова прыехаў у Маскву дзеля наладжваньня сувязяў з мясцовымі вайскоўцамі-беларусамі. Пасьля гэтых лістоў і сустрэчы з М.Статкевічам, 13 красавіка 1991 г. сабраўся сход беларусаў-вайскоўцаў горада Масквы. Сход пастанавіў стварыць Згуртаваньне беларусаў-вайскоўцаў г.Масквы (ЗБВ), прыняў Статут ЗБВ і выбраў каардынацыйны камітэт у складзе трох чалавек на чале з палкоўнікам Васілём Астаповічам.12
Статут ЗБВ прадугледжваў наступныя напрамкі дзейнасьці:
“ – культурна асветніцкая праца сярод беларусаў-вайскоўцаў па захаванню і распаўсюджванню беларускай мовы, прапагандзе беларускай гісторыі і культуры.
- выяўленне і даследаванне выпадкаў парушэння правоў грамадзян Беларусі ў войску, дзеянняў войска супраць інтарэсаў беларускага народу”.13
На другім сваім паседжаньні ў гэтым жа месяцы каардынацыйны камітэт ЗБВ прыняў зварот да беларусаў-вайскоўцаў, у якім абвяшчаў свае мэты і заклікаў да стварэньня гурткоў беларусаў-вайскоўцаў у вайсковых часьцях.14Тады ж быў прыняты і зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР, у якім былі выкладзены прапановы па ажыцьцяўленьні 10-га артыкула “Дэклярацыі абДзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР”.15 Усе гэтыя дакумэнты адразу жбылі разасланыя ў арганізацыі і да асобаў, зь якімі ЗБВ мела сувязі.
Надалей арганізацыя займалася накапленьнем інфармацыі і прапагандай сваіх ідэй. Падчас жнівеньскага путчу сябры маскоўскай арганізацыі прынялі чынны ўдзел у абароне “Белага Дому” у Маскве.
Варта згадаць таксама, што ў 1980-х гадах у горадзе Калінін (Цьвер), у вайсковай акадэміі існавала шматлікае беларускае зямляцтва. З 1989 году на яго аснове сфармавалася нацыянальна-патрыятычная арганізацыя на чале з падпалкоўнікам Вінцэнтам Чорным. Але расповед пра дзейнасьць гэтай і іншых арганізацый, што існавалі па-за межамі Беларусі — тэма будучых дасьледаваньняў.
Нацыянальныя арганізацыі беларускіх вайскоўцаў у чырвонасьцяжнай Беларускай вайсковай акрузе
Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў
Першаштуршком для стварэньня першай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі вайскоўцаў на Беларусі сталіся падзеі 30 кастрычніка 1988 году, калі БССРаўскія ўлады разагналі ў Менску жалобны мітынг з нагоды “Дзядоў” — Дня памінаньня продкаў. Менавіта абурэньне дзеяньнямі ўладаў і крыўда засвой народ згуртавалі ў лістападзе 1988 г. пяцёх сяброў, курсантаў 5-га курсаМенскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні (далей у тэксце— ВИЗРУ). Гэта былі стыхійныя, непадрыхтаваныя сустрэчы, на якіх ішла размова аб тым, як распавесьці праўду аб падзеях 30.10.1988 году. Сярод пяцёх сяброўвызначаўся сваёй актыўнай пазыцыяй у падтрымку “Перабудовы”, прыхільнасьцю да беларушчыны, Сяржук Чыслаў, які задаваў тон, быў лідэрам групы.
Першым дзейсным крокам сяброў групы быў выпуск насьценнай газэты. Газэта была вывешана ў інтэрнаце 5 курсу і ўяўляла сабой выразкі з афіцыйнайпрэсы, у якіх расказвалася пра падзеі 30 кастрычніка. Гэта выклікала эмацыйныя абмеркаваньні ня толькі ў курсанцкім, але і ў афіцэрскім асяродку: ці страляў бы ў свой народ?!, як быць з прысягай і ваенным загадам?!, і г.д.
У хуткі часе, праз суседа С.Чыслава (Чыслаў — менчук), рабочага трактарнага заводу, да сяброў трапіла “Адозва...” аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне” (БНФ). З дазволу выкладчыка, Сяржук Чыслаў зачытаў яе на занятках па навуковаму камунізму. Хаця гэтая інфармацыя падавалася як адна з праяваў “Перабудовы” (“Адозва...” пачыналасясловамі, што “Перабудова” распачатая “лепшымі сіламі КПСС”), але ўсё жгэта было нязвыкла, і таму абмеркаваньня сярод курсантаў не адбылося. Вывесіць “Адозву...” на факультэце не дазволіў начальнік палітычнага аддзелу.
У сьнежні 1988 г. сябры вырашылі далучыцца да БНФ і 30 сьнежня іх група была зарэгістраваная ў аргкамітэце па стварэньні Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”, як група падтрымкі Фронту. Наступным крокам групы была спроба нейкім чынам адзначыць угодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Карыстаючыся часовай адсутнасьцю начальніка палітычнага аддзелу, са згоды яго намесьніка, у вучэльні былі вывешаныя аб’явы наступнага зьместу:
Шаноўныя сябры!
- усіх, хто неабыякава ставіцца да лёсу роднай культуры ды мовы
- усіх, каго цікавіць старажытная ды сучасная гісторыя Беларусі
- усіх, хто шануе духоўную спадчыну продкаў
запрашаймо ўзяць удзел у працы
літаратурна-асветніцкай суполкі
ПРАЛЕСКІ
Першае паседжанне адбудзецца ў пятніцу, 24 сакавіка ў пакоі № 216 (катэдра гісторыі КПСС) у 16.00
У праграме:
- “Кастусь Каліноўскі” – каго любіш?
- Беларуская народная Рада – праўда ды хлусня пра першы народны ўрад.
- Абмеркаванне праграмы суполкі ды іншых арганізацыйных пытанняў.
Рада Суполкі”.16
Назва “Пралескі” была вынайдзена напярэдадні і атаясамлівала групу,якая арганізацыйна аформілася менавіта зімой, з першымі пралескамі, якія прабіваюцца з-пад сьнегу. Гэта была назва для начальства: у палітычным сэнсе яна (назва) была нэйтральная, а значыць прымальная для камандаваньня. У сваім асяродку яны называлі сябе “Рух-63”, лічачы сябе нашчадкамі Кастуся Каліноўскага. Хлопцы насілі значкі з выявай К.Каліноўскага, што быліпрысьвечаныя 150-годзьдзю з дня яго нараджэньня. На значках замест лічбы “150” сябры групы намалявалі бел-чырвона-белы сьцяжок. Яны ж прытрымліваліся паўстанцкага дэвізу: “Каго любіш? — Люблю Беларусь”.
24 сакавіка 1989 году пакой № 216 быў апячатаны, а арганізатары (С.Чыслаў і яшчэадзін курсант) — выкліканы да начальніка палітаддзела. Да гэтага сябрызнаходзіліся каля 216-га пакою, дзе тлумачылі курсантам сутнасьць справы ібралі каардынаты ў тых, хто актыўна цікавіўся мерапрыемствам і яго арганізатарамі. У палітаддзеле С.Чыславу задавалі пытаньні накшталт: Хто такія? Адкуль гэта ў вас узялося? Што за “праўда ды хлусня”? Што за “ўрад народны”?, і г.д. У наступныя дні атмасфэра станавілася ўсё больш напружанай, алеўрэшце ўсё абышлося. Адзін з палітработнікаў сказаў шчыра: “Мы ня будземвыключаць вас з вучэльні, каб не рабіць з вас нацыянальных герояў”.
Але ўсё ж высілкі С.Чыслава і яго сяброў не былі дарэмныя. Аб існаваньнісуполкі даведалася ўся вучэльня, што спрыяла, у прыватнасьці, пашырэньню шэрагаў арганізацыі. На гэты час (канец сакавіка 1989 г.) група паднялася на якасна новы ўзровень. Калі дагэтуль яе сябры ў большай ступені ўсьведамлялі сябе як групу сяброў, прыхільнікаў “Перабудовы”, то зараз яны бачылі сябе ўжо членамі канкрэтнай арганізацыі з канкрэтнымі мэтамі: асьветніцкая дзейнасьць і другая, неафіцыйная мэта — незалежнасьць Беларусі і нацыянальнае войска. Гэтаму паспрыяла, у прыватнасьці, паездка С.Чыслава ўлютым 1989 году ў горад Вільню, адкуль ён прывёз бел-чырвона-белы сьцяг.
Ужо ў красавіку 1989 году дакладна акрэсьлілася структура арганізацыі: кіруючае ядро з трох чалавек на чале з Чыславым, на якое замыкаліся, акрамясяброў з 5-га курсу, курсанты з трох факультэтаў 4-га курсу, цывільны работнік адной з кафэдраў Валеры Палсьцюк і бібліятэкарка Марыя Пятроўна Зыкава. Вакол іх у сваю чаргу групаваліся прыхільнікі (1-3 чалавекі). Такім чынам, ядро арганізацыі, тыя, хто ня толькі яе падтрымліваў, але і выконваў розныя даручэньні, складала 10 чалавек, а ўсяго налічвалася каля 20 чалавек. Сьпісаў арганізацыі не было, а сяброўства ў ёй вызначалася паводле стаўленьня чалавека да ідэяў, мэтаў арганізацыі праз асабістыя кантакты.
Пасьля 25 сакавіка 1989 г. камандаваньне дазволіла “пралескаўцам” вывесіць у інтэрнаце стэнд пад назвай “Пражэктар Перабудовы”, хаця зноў жа разьмяшчаць на ім можна было матэрыялы толькі з афіцыйнай прэсы.
У красавіку адбылася яшчэ адна важная падзея ў дзейнасьці групы С.Чыслава. Яна пад назвай “Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў” (ВЗВ) увайшла ў толькі што створаную Канфэдэрацыю беларускіх суполак (КБС), вальны Сойм якой адбыўся ў Вільні. Знаёмства з канфэдэрацыяй адбылося праз газэту, выдадзеную аргкамітэтам КБС, а сталыя стасункі падтрымліваліся праз сябра Рады КБС Караліну Мацкевіч.
На красавік-чэрвень 1989 г. прыпадае найбольш плённы этап дзейнасьці арганізацыі:
- былі падрыхтаваныя прапановы на ўстаноўчы зьезд БНФ (па шырокім спэктры праблемаў);
- быў падрыхтаваны варыянт эмблемы Фронту: скарынаўскае сонца з месяцам;
- прынялі ўдзел (Сяржук Чыслаў) у імпрэзе КБС у Ракаве. Была напісаная нататка ў друкаваны орган КБС, у якой быў заклік да вайскоўцаў не разганяць зьезд БНФ (меркавалася, што ён пройдзе ў Менску);
- супрацоўнічалі (з лютага 1989 г.) з суполкай “Сьвітанак” (узначальваў А.Гуркоў) і яе друкаваны орган “Студэнцкая думка” распаўсюджвалі сярод курсантаў вучэльні. У газэце “Студэнцкая думка” была нататка, якая заклікалавучыцца беларускай лацінцы. І С.Чыслаў захапіўся лацінкай, навучыўся пісаць на ёй, а ўсе сябры арганізацыі прынамсі ўмелі расьпісвацца на лацінцы.
- прадстаўнік арганізацыі ўваходзіў у Першамайскую Раду БНФ г. Менску,а сябры групы Сяржук Чыслаў і яшчэ адзін сябра рэгулярна ўдзельнічалі ўпрацы гэтай Рады;
- 1 траўня 1989 году сябры арганізацыі прынялі ўдзел у дэманстрацыі, што ладзіў БНФ. Гэта потым каштавала ім чарговымі непрыемнасьцямі, выклікамі ўпалітаддзел і г.д. Так, начальнік палітаддзела вучэльні падчас “выхаваўчай” размовы паказваў ім фотаздымкі, на якіх усе трое былі зафіксаваныя падчас удзелу ў дэманстрацыі (відавочна фотаздымкі перадалі з КДБ);
- сябры арганізацыі бралі пасільны ўдзел у выбарчай кампаніі ўвесну 1989 году: вывешвалі ўлёткі, задавалі пытаньні на сустрэчах з кандыдатамі, вялі актыўную прапаганду сярод курсантаў;
- выпусьцілі “баявы лісток” на беларускай мове (праўда, больш дзеля жарту) пад назвай “Марнае выданне”. А перад выпускам з вучэльні, у чэрвені 1989 году, група С.Чыслава сабрала сярод курсантаў вучэльні 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы. Гэтыя подпісы былі перададзеныя падчас 1 зьезду ТБМ (26 чэрвеня 1989 г.) аднаму з арганізатараў ТБМ Міколе Міхноўскаму. Дарэчы, на 5 курсе з 70 чалавек подпісы паставілі больш 60-ці чалавек.
- сябры арганізацыі ўдзельнічалі ў працы Ўстаноўчага зьезду БНФ (24-25.06.1989 г..), які адбыўся ў Вільні. Дэлегатам ад групы падтрымкі БНФ быў выбраны Валеры Палсьцюк. Як не вайсковец, ён меў магчымасьць паехаць на зьезд. У апошні момант выпала такая магчымасьць і С.Чыславу. І ён удзельнічаў у працы зьезду ўжо як дэлегат ад Вольнага згуртаваньня вайскоўцаў па лініі КБС.
На гэтым закончыўся першы, найбольш актыўны, этап дзейнасьці першай натэрыторыі Беларусі нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі вайскоўцаў, створанай у лістападзе 1988 году. Маладыя лейтэнанты, заснавальнікі арганізацыі, разьехаліся па гарнізонах, а самы актыўны зь іх — Сяржук Чыслаў — у самае глухое месца: у пасёлак Мірны Чыцінскай вобласьці Расейскай фэдэрацыі.
У другой палове 1989 г. група працягвала дзейнічаць. Яе ўзначаліў АляксейПісьмянкоў, ужо курсант 5 курсу. Але ўмовы дзейнасьці былі яшчэ больш неспрыяльнымі. Камандаваньне ставілася да арганізацыі ўсё больш нэгатыўна.Пасьля ўдзелу ў 1-ым зьездзе БНФ быў вымушаны звольніцца з працы ў вучэльні Валеры Палсьцюк. Па ініцыятыве А.Пісьмянкова курсантскі хор пачаў развучваць “Пагоню” М.Багдановіча, але гэта скончылася выклікам Аляксея ў асобы аддзел, пагрозамі пасадзіць яго на гауптвахту. Неўзабаве памёрла Марыя Пятроўна Зыкава, якая аказвала значны ўплыў на сяброў арганізацыі.
Зьвестак пра дзейнасьць арганізацыі ў гэты пэрыяд непасрэдна ад саміх тагачасных яе сябраў пакуль няма.
Дзейнасьць першай на тэрыторыі Беларусі нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі вайскоўцаў аказала значны ўплыў на многіх вайскоўцаў ВИЗРУ. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць надпісы-пажаданьні ад выпускнікоў у асабістым фотаальбоме С.Чыслава. 31 чалавек пакінулі там свае пажаданьні. У 26 пажаданьнях, у той ці іншай ступені, узгадваецца грамадзкая дзейнасьцьЧыслава, а дзесяць пажаданьняў напісаныя на беларускай мове. Напрыклад,сябры суполкі “Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў” зычылі Чыславу:
“Сяржук!
Не трэба адчайвацца і сумаваць, бо Навасібірск — не назаўсёды, усяму свой час, прыйдзе і час Адраджэння.
А пакуль жывуць такія хлопцы як ты, — жыве Беларусь! Куды б ні закінуў цябе лёс, з табой заўсёды будзе наша родная краіна, а для ўсіх астатніх ты будзеш часцінай гэтай Краіны. Памятай аб гэтым і будзь заўсёды вартым называцца ганаровым імем Беларуса... на працягу ўсіх 5 гадоў ты быў надзейным сябрам, дзякуй табе!”
“Сяржук!
...Дзякуй табе за ўсё тое, што ты зрабіў для нашай суполкі, для Беларусі”!
А вось пажаданьні аднакашнікаў, якія не былі сябрамі ВЗВ:
“...я всегда уважал заинтересованных, преданных делу людей… мне кажется, что ты больше бы пользы принёс здесь — а не вдали от своей Радзімы”.
“Дорогой друг Сергей!
Ты великий сын белорусского народа, и я хочу от имени всех Грузинов и отсебя лично сказать одно: береги свою нацию и свой язык”.
Ваенная сэкцыя БСДГ
6 ліпеня 1990 г. у газэце “Літаратура і мастацтва” пад рубрыкай “Думка чытача” быў надрукаваны артыкул вайскоўца С.Гарбаўца “Ці патрэбна нацыянальнае войска?”, а 5 кастрычніка 1990-га — працяг тэмы пад назвай “Дзе і як служыць беларусам”. Аўтар гэтых двух матэрыялаў — старэйшы выкладчык ВИЗРУ падпалкоўнік Мікалай Статкевіч, які карыстаўся псэўданімам “С.Гарбавец” (дзед Статкевіча па маці, які прапаў у засьценках НКВД).
Паводле кароткай “Гісторыі БЗВ”, “увосень 1989 года ў Мінску з афіцэраў той жа інжынернай вучэльні ўзнікла група, якая адразу паставіла на мэце ўтварэнне беларускага войска. Групу ўзначальваў кандыдат тэхнічных навук Мікалай Статкевіч. У яе ўваходзіў кандыдат тэхнічных навук падпалкоўнік Мікалай Бірукоў (зараз — намеснік старшыні БЗВ). Група працавала ў падполлі. Яна займалася распрацоўкай дэталёвай канцэпцыі стварэння беларускага войска. ...У пачатку 1991 года група, якую ўзначальваў М.Статкевіч, прыняла рашэнне аб выхадзе яе кіраўніка з падполля”.17
Дзеля вырашэньня задачаў групы было вырашана абаперціся на Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, якая ў той час стваралася і мела сваю фракцыю ў парлямэнце, карысталася ўплывам у СМІ і ў той жа час не знаходзілася пад такім кантролем з боку ўладаў, як БНФ.18
1 сакавіка 1991 г. Мікалай Статкевіч напісаў заяву аб выхадзе з КПСС і на ўстаноўчым зьездзе партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” (2-3 сакавіка 1991 г.) заявіў аб неабходнасьці стварэньня беларускага войска ў сакавіку 1991 г.. Неўзабаве пасьля ўстаноўчага зьезду БСДГ, Сяржук Чыслаў (у пачатку 1991 году ён звольніўся з савецкага войска па скарачэньні і вярнуўся наРадзіму) праз актывіста БСДГ Мікалая Кійку пазнаёміўся з Мікалаем Статкевічам. 30 сакавіка 1991 году Цэнтральная Рада БСДГ прыняла рашэньне аб утварэньні ў складзе партыі ваеннай сэкцыі. Задачы сэкцыі:
“- стварэнне суполак сяброў і прыхільнікаў БСДГ сярод вайскоўцаў;
- вядзенне агітацыйнай працы па перакананню грамадскасці рэспублікіў неабходнасці стварэння рэспубліканскага войска;
- аказанне дапамогі парламенцкай фракцыі Грамады ў заканадаўчай працы па вайсковай праблеме;
- аказанне пры неабходнасці практычнай дапамогі органам улады Рэспублікі ў рэалізацыі вайсковай рэформы.19
Паведамленьне распаўсюджвалася сябрамі партыі. Інфармацыя пра ваенную сэкцыю была і ў інтэрвію М.Статкевіча газэце “Знамя юности”20 і ў менскай гарадзкой газэце “Добры вечар”21, а таксама ў газэце “Свабода” (1991, травень, № 9). Доступ да шматтыражных газэтаў “Знамя юности” (наклад — 500 250 асобнікаў), “Добры вечар” (30 087) і на радыё быў атрыманы з дапамогай БСДГ. У чэрвені 1991 году М.Статкевіч сустракаўся ў Каўнасе з міністрам абароны Летувы, даў інтэрвію летувіскай газэце, а таксама выступіў па мясцовым тэлебачаньні са зваротам да вайскоўцаў. На Беларусь летувіскія тэлеканалы не трансьляваліся і ў нас гэты выступ шырокага рэзанансу ня меў.
Ваенная сэкцыя вяла працу па наладжваньні сувязяў з беларускімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў па ўсёй тэрыторыі СССР.. Агулам да жнівеньскага путчу меліся сувязі з арганізацыямі Масквы, Цьвяры, Мардовіі, Якуціі (РСФСР), Прыазёрску (Казахская ССР), з арганізацый вайсковага гарадка Печы (г. Барысаў, Беларуская ССР) і дзесяткамі асобных людзей.
Але з пачаткам гэтай працы пачаўся перасьлед М.Статкевіча, паўстала пытаньне аб звальненьні яго з войску. За “непрыняцьцё захадаў” да Статкевіча быў звольнены начальнік ВИЗРУ генэрал-маёр Л.Клімаў. Начальніка вучэльні не ўратавала нават заступніцтва фракцыі БСДГ у Вярхоўным Савеце.22
Адначасова, дзеля далучэньня як мага большай колькасьці вайскоўцаў да беларускай справы, было вырашана выкарыстоўваць ТБМ. У красавіку 1991 г. у ВИЗРУ была створаная суполка ТБМ, якую ўзначаліў актыўны сябра групы Статкевіча, кандыдат тэхнічных навук падпалкоўнік Мікалай Бірукоў.
Вызначальнай для дзейнасьці ваеннай сэкцыі БСДГ зьявілася ўжо згаданая сустрэча Мікалая Статкевіча і Сяржука Чыслава са Станіславам Суднікам. Суднік меў кантакты з большасьцю замежных беларускіх арганізацыяў. Гэтая сустрэча азначала, што практычна ўсе дзейсныя беларускія нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі вайскоўцаў былі зьвязаныя між сабой.
У траўні 1991 году нацыянальна-патрыятычныя вайскоўцы стварылі арганізацыю ТБМ у вайсковым гарадку Печы (г. Барысаў) у колькасьці 5 чалавек. А яшчэ за месяц да таго яе арганізатары ўстанавілі кантакт з М.Статкевічам.
Распрацоўка канцэпцыі стварэньня Беларускага войска
Нацыянальнае войска — сымбаль дзяржаўнасьці
Важным чыньнікам у дзейнасьці першых нацыянальна-патрыятычных арганізацый была распрацоўка канцэпцыі стварэньня беларускага войска. Праўда, варта адразу зазначыць, што адмыслова гэтым займаліся толькі група Статкевіча і арганізацыя Судніка. Прычым група Статкевіча па сутнасьці ібыла створаная дзеля гэтай мэты. Таму з разгляду канцэпцыі гэтай групы іварта пачаць.
Першыя разьдзелы канцэпцыі М.Статкевіч перадаў у рэдакцыю “ЛІМ” у сакавіку 1990 году. Яны былі надрукаваныя, як ужо адзначалася, 6 ліпеня 1990-га. Гэтыяразьдзелы ўключалі ў сябе, акрамя абгрунтаваньня неабходнасьці стварэньня беларускага войска, наступныя палажэньні:
- “Нацыянальныя вайсковыя злучэнні павінны стварацца на аснове дагавораў паміж Саюзам і рэспублікамі, уваходзіць у склад аб’яднаных Узброеных Сіл Саюза і мець двайное падпарадкаванне — прэзідэнту Саюза і прэзідэнту рэспублікі”.
- “У сувязі з пераходам нашага грамадства да шматпартыйнасці, палітаддзелы ў войску павінны быць скасаваны”.
- “Стварэнне нацыянальнага войска можна ажыццявіць у даволі кароткі тэрмін на матэрыяльнай базе тых вайсковых злучэнняў, што размешчаны на тэрыторыі рэспублікі зараз”.
- “ У форме... можа быць... шырока выкарыстана нацыянальная сімволіка. Мовай службовых узаемаадносін, дакументацыі нацыянальных вайсковых злучэнняў павінна быць дзяржаўная мова рэспублікі”.
- Для пераадоленьня крызісу мы павінны кансалідавацца як нацыя. Галоўнай кансалідуючай ідэяй павінна быць “ідэя, якая стаіць вышэй, чым інтарэсы розных груп насельніцтва і палітычных групіровак. Гэта ідэя нацыянальнага выжывання”. Сам факт існаваньня нацыянальнага войска прыблізіцьнас да асэнсаваньня гэтай ідэі: “Нацыянальнае войска можа стаць сімвалам нашай дзяржаўнасці, сродкам аднаўлення нацыянальнай годнасці, школайсапраўды патрыятычнага выхавання”.23
Прадбачлівасьць аўтараў канцэпцыі і жыцьцёвасьць іх ідэй былі пацьверджаныя вельмі хутка. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю“Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, артыкул 10-ты якой абвяшчаў: “Беларуская ССР мае права на ўласныя Узброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы грамадскай і дзяржаўнай бяспекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР.
Беларуская ССР мае суверэннае права вызначаць парадак і ўмовы праходжання яе грамадзянамі вайсковай службы, службы ў органах дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, вырашаць пытанні размяшчэння войск і ўзбраення на сваёй тэрыторыі.
Ніякія вайсковыя фарміраванні іншых краін, іх ваенныя базы і пабудовыне могуць быць размешчаны на тэрыторыі Беларускай ССР без згоды яе Вярхоўнага Савета.
Беларуская ССР ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а рэспубліку – нейтральнай дзяржавай”.24
У газэце “ЛіМ” (№ 48 ад 30 лістапада 1990 г.) былі надрукаваныя водгукі чытачоўна ліпеньскі артыкул С.Гарбаўца (М.Статкевіча) “Ці патрэбна беларускае войска”. За выключэньнем адной крытычнай заўвагі, водгукі былі станоўчыя.
А перад гэтым, у кастрычніку 1990 году, быў апублікаваны працяг канцэпцыі.Аўтар яе адзначае, што Беларусь дэкляравала неабходнасьць стварэньня беларускага войска, але далей дэклярацыі справа пакуль не пасунулася. Таму С.Гарбавец прыводзіць наступны аргумэнт на карысьць неадкладнага стварэньня беларускага войска:
- “З развалам Варшаўскага пакта мы рэальна апынемся на пярэднім рубяжысупрацьстаяння двух самых магутных у свеце ваенных машын. Раней ролю фарпоста у такім супрацьстаянні можна было хоць неяк апраўдаць з пункта гледжання пануючай ідэалогіі. Цяпер жа гэтае пытанне трэба разглядаць толькі з боку мэтазгоднасці такога становішча для беларускага народа. Інтарэсы рэспублікі патрабуюць адмаўлення ад ролі, якую нам навязвае цэнтр”.
- “З-за павялічэння колькасці войск на Беларусі ўзнікае, акрамя іншага,шэраг экалагічных і дэмаграфічных праблем”.
- “Пра неабходнасць стварэння беларускага войска сведчыць і існуючаестановішча з прызывам нашых юнакоў у армію”, у якой служаць салдаты з рэгіёнаў, ахопленых міжнацыянальнымі канфліктамі. Салдаты з гэтых рэгіёнаў могуць вырашаць разборкі між сабой і зброяй.
- Трэба прыняць меры “па абмежаванні раёнаў службы беларускіх прызыўнікоў граніцамі рэспублікі”.
- Трэба “абудзіць у маладых салдат нацыянальную самасвядомасць і менавіта на ёй будаваць выхаваўчую работу, рэалізаваўшы такім чынам Дэкларацыю аб суверэнітэце ў той яе частцы, дзе гаворыцца аб стварэнні нацыянальнага войска, таму што “ідэалогія, якая раней ляжала ў аснове выхаваўчайработы ў арміі і грунтавалася на супрацьстаўленні “двух лагераў”, дала трэшчыну”.25
Асноўныя палажэньні, ідэі гэтай канцэпцыі па магчымасьці прапагандаваліся ў СМІ. У траўні 1991 г., адказваючы ( як сябра выканкаму Цэнтральнай РадыБСДГ) на пытаньні журналісткі Галіны Айзенштадт, М.Статкевіч аргумэнтаваў ранейшыя палажэньні канцэпцыі і выказаў шэраг новых:
- Стварыць на Беларусі вайсковыя адзінкі з татар-караімаў і яўрэяў.
- Удакладніў, што “у рэспубліканскіх частках павінны служыць усе грамадзяне і ўраджэнцы Беларусі, незалежна ад нацыянальнасці”.
- Канкрэтызаваў свой ранейшы тэзіс аб двайным падпарадкаваньні рэспубліканскіх часьцей:
а) “Рэспубліка займаецца камплектаваннем кадраў, вядзе выхаваўчую работу, пабудаваную на нацыянальным патрыятызме, навучанне”.
б) “Без згоды Вярхоўнага Савета ніхто не павінен мець права перакідацьрэспубліканскія часткі ў іншыя рэгіёны краіны”.
в) “Усімі астатнімі пытаннямі павінна распараджацца Міністэрства Абароны СССР”.
- выказаў меркаваньне, што “відаць, распад Саюза непазбежны. І адным з нестабільных месцаў можа стаць Расія... І калі ў Расіі пачнецца гвалтоўная барацьба за ўладу, яна можа быць перанесена і на тэрыторыю Беларусі”.
- “Шмат якія праблемы ўдалося б вырашыць, калі б армія будавалася (маецца на ўвазе Савецкая Армія — М.В.) па тэрытарыяльна-нацыянальнай прыкмеце”.26
Варта яшчэ раз сказаць, што слушнасьць канцэпцыі і прадбачлівасьць яеаўтараў пацьвердзіліся і пацьвярджаюцца жыцьцём: беларуская армія створаная і створаная яна на базе Чырвонасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі (ЧБВА); палітаддзелы ў войску скасаваныя; да 1995 году ў войску часткова выкарыстоўвалася нацыянальная сымболіка і, хаця зусім нязначна, беларуская мова; сам факт існаваньня Ўзброеных Сіл Беларусі наблізіў і набліжае нас да асэнсаваньня нацыянальнай ідэі; беларускія хлопцы служаць толькі на Радзіме; бяз згоды Вярхоўнага Савету ніхто цяпер ня мае права пасылаць нашых воінаў за межы Беларусі; распаўся Савецкі Саюз і Расея стала “адным з нестабільных месцаў” — там ідзе грамадзянская вайна. І яна не перанесена на тэрыторыю Беларусі таму, што мы — незалежная дзяржава, маем уласнае войска. На сёньня гэта галоўны здабытак беларускага народу.А свой пасільны ўнёсак дзеля гэтага зрабілі і сябры першых нацыянальна-патрыятычных арганізацый беларускіх вайскоўцаў.
Не ўсё з вышэй пералічанага зроблена і робіцца належным чынам. Узброеныя Сілы Беларусі так і ня сталі пакуль тым “войскам”, “сымбалем”, “сродкам”, той “школай”, пра што марылі беларускія патрыёты ў пагонах. І гэта ня дзіўна. Лёс распарадзіўся так, што гэтую канцэпцыю ажыцьцяўляюць іншыя людзі, якія ні ідэйна, ні маральна, ні псыхалягічна непадрыхтаваныя да гэтага.
Але нават іх жыцьцё штурхае далей разьвіваць тое, што калісьці высьпела ня ў іх сэрцах. У траўні 1991 году М.Статкевіч казаў пра “тэрытарыяльна-нацыянальны” прынцып камплектаваньня Савецкай Арміі. Але ні ён, ні хто іншы іня мог падумаць тады, што з 1995 г. тэрытарыяльны прынцып камплектаваньня будзе ўведзены ў беларускай арміі. Камплектаваньне па тэрытарыяльнаму прынцыпу, акрамя эканамічнай выгады, павышэньня баяздольнасьці войскаў, дало яшчэ і зьніжэньне на 28% надзвычайных здарэньняў і злачынстваў (у 1995 годзе, у параўнаньні з папярэднім годам).
Трэба аддаць належнае аўтарам канцэпцыі, сьмеласьці іх думак. Бо канцэпцыя была апублікаваная ў часы, калі СССР быў яшчэ моцнай дзяржавай, а пачала пісацца раней — яшчэ да адмены ў сакавіку 1990 году славутага шостага артыкулу Канстытуцыі СССР аб панаваньні КПСС.
Беларусь — моцная ядзерная дзяржава
У 1991 годзе ў газэце “Рокаш” зьявіліся матэрыялы, дзе разглядаліся пытаньні будаўніцтва нацыянальнага войска. Канешне ж “казахстанцы” чыталі “ЛіМ”. У той ці іншай форме прапановы С.Гарбаўца ёсьць і ў іх. Па-другое, з канцэпцыяй групы Статкевіча азнаёмілася хоць і нешматлікая, але самая актыўная і нацыянальна сьвядомая частка беларускага грамадзтва. Канцэпцыяж арганізацыі С.Судніка, з-за малога накладу “Рокаша”, цяжкасьцяў у распаўсюдзе, не атрымала належнага водгуку на Беларусі.
Тым ня менш, варта разгледзець тыя палажэньні “казахстанцаў”, якія не пераклікаюцца з канцэпцыяй групы Статкевіча, а дапаўняюць яе.
Галоўнае і прынцыповае адрозненьне канцэпцыі арганізацыі Судніка адканцэпцыі групы Статкевіча — гэта дакладная і цьвёрдая пазыцыя наконтядзернай зброі на Беларусі: “Беларусь — моцная ядзерная дзяржава”.27
Група ж Статкевіча гэтае пытаньне ў 1990 годзе ўвогуле не закранала, а ў 1991 годзе выказалася за тое, што “...ядзерная зброя павінна быць у юрысдыкцыі або ўсяго Саюза, або (што нават было б лепей) — адной Расіі”.28
Сутнасьць пазыцыі “казахстанцаў” па пытаньні ядзернай зброі выклаў на старонках “Рокаша” актыўны сябар арганізацыі Ігар Супаненка. Гэтая пазыцыя заключаецца ў тым, што “Беларусь, Украіна, Расея вызначаюцца як суверэнныя дзяржавы і свае ўзаемаадносіны ладкуюць на блокаваму прынцыпу.Заключаюць паміж сабой ваенна-палітычны Саюз, утвараюць агульнае камандаванне, выпрацоўваюць палітычную і ваенную дактрыну, дзе кожная дзяржава возьме на сябе пэўныя абавязкі. Дзеляць зброю, у тым ліку і ядзерную. Ядзерныя сілы утвараюць на базе тых часцей, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі. Агульнымі застаюцца аб’екты, неабходныя для выкарыстоўвання кожнай дзяржавай. Гэта: інстытут ядзерных даследаванняў, палігоны, асобныя стратэгічныя базы”. 29
Такі падыход аўтар абгрунтоўвае ня толькі з пункту гледжаньня абароназдольнасьці рэспублікі, а і
- з мэтай узьняцьця прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне (“Беларусь стане у адзін шэраг з такімі дзяржавамі як Францыя, Велікабрытанія”);
- з мэтай пазбаўленьня комплексу непаўнавартасьці (“Народ Беларусі усвядоміць, што ён усё ж не халуйскага гатунку, як гэта было на працягу амаль усёй гісторыі, а будзе трымаць у сваіх руках адказнасць за лёс свету”);
- з мэтай мець права рабіць палітыку згодна з уласнымі інтарэсамі (Ці здолее наш народ “...пайсці на такі крок пасля чарнобыльскай трагедыі... . Ці дакажуць тры славянскія дзяржавы, што яны не толькі нацыянальныя кватэры,але і суверэнныя дзяржавы, дзве з іх заснавальніцы і ўдзельніцы ААН, што ўсе яны маюць права быць у Савеце Бяспекі...”). 30
Ігар Супаненка лічыць, што адказ на гэтыя і іншыя пытаньні можна будзедаць толькі ў 1995 годзе. Акрамя таго ён адзначае яшчэ тры моманты, зьвязаныяз гэтай праблемай:
а) Не ўсялякая ядзерная зброя патрэбна Беларусі, а толькі ракеты малойдальнасьці. Гэта некалькі супакоіць далёкіх суседзяў і паменшацца выдаткі на ўтрыманьне ракет (міжкантынэнтальныя ракеты нашмат даражэйшыя);
б) У сувязі з тым, што Беларусь ракетнае войска можа ўтрымаць толькі ў шчыльным Саюзе з Украінай і Расеяй, трэба, адпаведна, заплюшчыць вочы на старыя раны і з улікам гэтага весьці палітыку;
в) Калі ядзерныя сілы будуць падпарадкаваныя рэспубліканскаму кіраўніцтву, тады ўжо парлямэнт Беларусі будзе вырашаць канчаткова яе лёс. Ня трэба будзе лашчыцца і вымольваць на каленях, каб нам дазволілі стаць нэйтральнай і бяз’ядзернай. 31
Можна толькі зьдзіўляцца такому высокаму ўзроўню мысленьня капітанаСавецкай Арміі. Па шляху, абгрунтаванаму Ігарам Супаненкам, пайшла Ўкраіна. Яна прыдбала ўсе вышэйзгаданыя дадатныя моманты ды яшчэ выйграла эканамічна. І, нааадварот, Беларусь, як вядома, усё гэта прайграла.
Але і тады ўжо, улічваючы стан нашага грамадзтва, склад Вярхоўнага Савета БССР, “казахстанцы” лічылі варыянт “ядзернай дзяржавы” (варыянт № 5) малаверагодным і распрацавалі варыянт № 4 — Узброеныя Сілы нэйтральнай бяз’ядзернай дзяржавы:
“Рэспубліка ажыццяўляе Дэкларацыю аб суверэнітэце. Становіцца нарэшце суверэннай дзяржавай, адмаўляецца ад саюзаў і блокаў, выводзіць ядзерную зброю. Прынцып калектыўнай бяспекі становіцца стратэгічным напрамкам у палітыцы рэспублікі”. 32 Прынамсі такі варыянт афіцыйна зьдзяйсьняецца цяпер. Якім чынам? Гэта ўжо іншае пытаньне.
Гэты чацьвёрты варыянт прадугледжваў ладкаваньне Узброеных Сілаў з двух відаў войскаў:
- Сухапутныя войскі,
- Ваенна-паветраныя сілы (ВПС), у склад якіх уваходзяць войскі супрацьпаветранай абароны (СПА).
Падрыхтоўку кадраў для сухапутных войскаў меркавалася ажыцьцявіць на базе Менскай палітычнай вучэльні і ў вайсковай вучэльні, створанай набазе адной з дывізій Сухапутных войскаў. Таксама прадугледжвалася, асабліва на першым часе, выкарыстоўваньне ваенных установаў на тэрыторыі іншых саюзных рэспублік для падрыхтоўкі сваіх спэцыялістаў.
Падрыхтоўка кадраў ВПС, на думку аўтара, адна з самых дарагіх рэчаў у сучасных арміях. Таму падрыхтоўка спэцыялістаў СПА прадугледжвалася на базе Менскай ВИЗРУ, а вось “…утвараць вучылішча ваенна-паветраных сіл, альбо рыхтаваць невялікую колькасць спецыялістаў за мяжой можна толькі ўсё грунтоўна зважыў, прааналізаваўшы ўнутрана-эканамічнае і знешне-палітычнае становішча на Беларус 33
Падрабязна быў распрацаваны і варыянт № 3, калі рэспублікі самі ўтвараюць і кантралююць Цэнтар, аддаюць яму стратэгічныя сілы, забіраюць сабе частку сілаў для фармаваньня рэспубліканскіх арміяў. Асновай такіх арміяў станавіліся б унутраныя войскі. Частка сухапутных войскаў, якая апынулася па-за стратэгічнымі сіламі СССР, таксама ўвайшла б у склад гэтых арміяў.
Варыянт № 2 і № 1, якія практычна пазбаўлялі Беларусь рэальнага сувэрэнітэту — толькі называліся, але не разглядаліся.
У шостым нумары “Рокаша” (травень 1991 г.) былі зьмешчаныя разважаньні Вацлава Сярпінскага: “ТРЭБА БРАЦЬ, або чым напоўніць суверэнітэт Беларусі”.. У артыкуле падрабязна выкладзеныя этапы фармаваньня беларускага войска па варыянту № 3.
Першы этап:
1. Дабіцца, каб прызыўнікі служылі на Беларусі;
2. Часткі Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі атрымліваюць двайное падпарадкаваньне. У прыватнасьці, члены Ваенных саветаў ЧБВА, арміяў у складзе ЧБВА павінны прызначацца Ўрадам БССР;
3. Намесьнікі па палітчастцы павінны быць замененыя афіцэрамі па сувязях з грамадзкасьцю і прызначацца Ўрадам Беларусі;
4. Камандуючы ЧБВА павінен быць членам Ураду БССР па абароне;
5. Беларусь бярэ на сябе рэалізацыю часткі бюджэту Міністэрства Абароны СССР, якая будзе прызначаная для ўтрыманьня гэтых войскаў.
Другі этап:
6. Усе войскі МУС на тэрыторыі БССР пераходяць пад уладу Міністэрства ўнутраных справаў БССР з паступовай заменай афіцэрскага складу і пераходам на беларускую мову і форму;
7. Рэарганізацыя структураў і выдзяленьне часьцей ЧБВА ў Беларускае Войска, як частку Узброеных Сілаў СССР; паступовая “нацыяналізацыя” афіцэрскага складу, пераход на беларускую мову, на нацыянальную форму і адзнакі;
8. Камандуючы Беларускім Войскам зьяўляецца намесьнікам Міністра Абароны СССР;
9. Часьці Беларускага Войска ўдзельнічаюць у вучэньнях і баявых дзеяньнях Узброеных Сілаў СССР на любым участку тэрыторыі СССР па плянах, зацьверджаных Міністрам Абароны СССР і ўзгодненых з Урадам Беларусі;
10. На тэрыторыі Беларусі, са згоды Ўраду Беларусі, могуць разьмяшчацца ічасьці Ўзброеных Сілаў другіх рэспублік. Пры гэтым Беларусь атрымоўваеарэндную плату за затраты на іх утрыманьне;
11. Вытворчасьць ці закупка ўзбраеньня — згодна з дамоўленасьцю з іншымі рэспублікамі;
12. Вярхоўны Савет Беларусі павінен прыняць Закон аб нацыянальным войску.
Як ужо адзначалася і як бачна з параўнальнага аналізу абедзьвіх канцэпцыяў — яны не супярэчаць адна адной. Можна адзначыць, што канцэпцыя арганізацыі Судніка больш шырокая і больш дэталізаваная, а канцэпцыя групыСтаткевіча — больш сыстэмная і больш лягічная.
Важна адзначыць і тое, што сябры нацыянальна-патрыятычных арганізацый, распрацоўваючы гэтыя канцэпцыі, мелі на ўвазе, што ажыцьцяўляць іх мусяць законнаабраныя існуючыя ўладныя структуры.
Такім чынам, як бачым, афіцэры-патрыёты па ўласнай ініцыятыве, на грамадзкіх пачатках, займаліся распрацоўкай канцэпцыі стварэньня беларускага войска.
А што ж тыя, каму належала гэта рабіць па пасадзе, па службоваму абавязку? Сьведчаньняў, што такая праца вялася ў Вярхоўным Савеце БССР, ва УрадзеБССР і ў штабе ЧБВА — няма. А сьведчаньняў адваротнага кшталту — шмат. Прывядзем адно зь іх — выказваньні камандуючага ЧБВА генэрала Анатоля Кастэнкі ў інтэрвію газэце “ЛіМ”: “Але ж Беларусь з’яўляецца суверэннай дяржавай у складзе СССР, навошта ж ёй мець нацыянальнае войска? Дзеля прэстыжу? Ніхто ж яе суверэнітэту ў краіне не пагражае. Што ж тычыцца небяспекі, якая заўсёды пагражала нам з захаду, дык тут Беларусь можа спакойна абаперціся на Узброеныя Сілы краіны, якія не дадуць яе ў крыўду. Мае апаненты (маецца на ўвазе С.Гарбавец — М.В.) — прыхільнікі нацыянальных беларускіх фарміраванняў — не ўлічваюць усіх акалічнасцей гэтай справы. Свае Узброеныя Сілы? У такім выпадку ў рэспубліцы трэба будзе стварыць Міністэрства абароны з усімі адпаведнымі структурамі, ваенныя акадэміі і вучылішчы, бо не будзеш жа запрашаць ваенных спецыялістаў з іншых рэгіёнаў краіны. А ўзбраенне? Як вядома, у рэспубліцы не вырабляюцца ні сучасная ракетная тэхніка, ні танкі, ні самалёты і верталёты... Логіка падказвае, што функцыі абароны краіны павінны належаць Цэнтру, якому іх дэлегуюць рэспублікі, у тым ліку і Беларусь. Я прыхільнік адзінай саюзнай арміі...”.34
Гэтая доўгая цытата прыведзеная ня толькі дзеля паказу “ўзроўню” і “лёгікі” аргумэнтацыі генэрала, а таму, што праз пэўны час (менш году), яго аргумэнтацыя дзіўным чынам памяняецца на супрацьлеглую.
На шляху да адзінай арганізацыі
У адказ на вышэйзгаданае інтэрвію Анатоля Кастэнкі, Ігар Супаненка напісаў у газэту “Рокаш” артыкул “Рэспубліка, Суверэнітэт, Армія”. Аўтар цьвяроза ацэньваў сытуацыю на Беларусі і, у прыватнасьці, пісаў:
“Цяперашні склад Вярхоўнага Савета сведчыць аб тым, што... чакаць ад ягокрокаў да сапраўднага суверэнітэту наўрад ці можна. Усё залежыць ад таго, у якім стане Беларусь падойдзе да наступных выбараў, ці саспее на самавызначэнне народ, як пройдуць гэтыя выбары і хто на іх пераможа.
У любым выпадку трэба рыхтавацца да будучых вялікх спраў. Гуртавацца трэба афіцэрам беларускага паходжання, пашыраць і наладжваць сувязі сярод вайскоўцаў, якія служаць і якія ў запасе. У будучым ёсць сэнс правесці сход, альбо з’езд беларусаў вайскоўцаў, дзе больш падрабязна абмеркаваць вайсковыя пытанні, дапамагчы будучаму (а мо ўсё ж і цяперашняму) парламенту і ўраду стварыць нацыянальную Армію”. 35
У лісьце ад 9 жніўня 1991 году на імя М.Статкевіча (у Менск ліст прыйшоў падчас путчу — 20.08.1991 г.) І.Супаненка ставіць пытаньне больш канкрэтна: “На Украіне адбыўся сход афіцэраў (і былых таксама). У нас ніякіх адтуль (маецца на ўвазе зь Беларусі — М.В.) вестак. Што вы можаце сказаць аб гэтым? Ці зможам мы правесці такі сход, ці ёсць перспектыва яго правесці ў будучым? Што наконт гэтага растлумачыць сваім хлопцам?”. 36
Прыведзеныя вытрымкі сьведчаць:
- што сябры нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі ў горадзе Прыазёрску ня думалі, што пытаньне практычнага стварэньня беларускага войска паўстане так хутка;
- што пакуль яны ня ставілі наўпрост пытаньне аб стварэньні адзінай арганізацыі, хоць і меркавалі правесьці сход усіх афіцэраў беларускага паходжаньня. І, як можна меркаваць, правесьці гэта ў цеснай лучнасьці з беларускімі ўладамі і дзеля дапамогі ім. Усё ж было спадзяваньне, што досьвед беларусаў-вайскоўцаў і іх адданасьць Радзіме спатрэбяцца.
Праца па наладжваньні сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі з іншых месцаў СССР вялася адразу пасьля практычнага згуртаваньня вайскоўцаў у горадзе Прыазёрску. Былі наладжаныя сувязі з арганізацыямі і проста невялікімі групамі-зямляцтвамі: 1989 год — г. Цьвер; 1990 год — г. Кастрама, Уладімірская вобласьць (гл. “Рокаш”, № 2, верасень 1990 г.); 1991 год — Летува, Эстонія, г. Ленінград, г. Тында, г. Хабараўск, г. Лёндан (гл. “Рокаш” № 8, жнівень 1991 г.), а таксама Масква і Менск.
З студзеня 1991 году такую ж працу і ўжо з канкрэтнай мэтай — стварэньне адзінай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі (праўда, не было акрэсьленых тэрмінаў і падыходаў па яе стварэньні) — пачала маскоўская арганізацыя. Дзякуючы Звароту, падрыхтаванаму Віктарам Нагнібядой, сувязь з маскоўскай арганізацыяй устанавілі больш за сорак групаў і асобных людзей, утым ліку група Статкевіча, арганізацыя Судніка, Сяргей Чыслаў (Чыцінская вобласьць Расеі) і г. д.
Як ужо адзначалася, пасьля ўстаноўчага зьезду БСДГ група Статкевіча, ужо як ваенная сэкцыя БСДГ, пачала весьці прадуманую працу па стварэньніарганізацыі нацыянальна-патрыятычна настроеных вайскоўцаў у рамках структураў партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”. Дарэчы, на той час БСДГ была адзінай дэмакратычнай партыяй, якая адмыслова займалася вайсковым пытаньнем. Кіраўніцтва партыі, сам М.Статкевіч, і пасьля сустрэчы ў чэрвені 1991 году Статкевіча і Чыслава з Станіславам Суднікам, па-ранейшаму лічылі, што “БСДГ павінна ўзяць на сябе гэтую справу, дапамагчы людзям сабрацца, уз’яднацца, знайсці адзін аднаго”. 37
Але жыцьцё ўнесла свае карэктывы, паскорыла працэс аб’яднаньня патрыётаў-вайскоўцаў, падказала прынцыпы гэтага аб’яднаньня.
(працяг у наступным нумары)
Спасылкі:
1 Дубянецкі Э. Выйсці з нацыянальнага анабіёзу // Літаратура і мастацтва, 1992, 5 чэрвеня, № 23
2 Тамсама
3 Суднік С. Суд // Наша слова, 1990, верасень, №7
4 Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР, рэдакцыі газеты “ЛіМ” // Літаратураі мастацтва, 1989, 8 сьнежня, № 49
5 Даклад намесніцы старшыні Савета Міністраў БССР дэпутаткі Н.Н.Мазай на 14-ай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 11-га склікання // Звязда, 1990, 27 студзеня
6 Зварот да народных дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР // Рокаш, 1990, жнівень, № 1; Архіў БЗВ. Фонд 2, 1990 г., дакумэнт №1
7 “Рокаш” – старабеларускае слова... // Рокаш, 1990, жнівень, №1
8 Дарэчы, беларусазнаўства, як прадмет, пачалі выкладаць на Беларусі ў вышэйшых навучальных установах пазьней, у 1991 годзе.
9 Беларуская нядзельная школа ў Казахстане // Рокаш, 1990, верасень, № 2
10 Прамова на Ўстаноўчай канфэрэнцыі згуртаваньня “Бацькаўшчына” Ігара Супаненкі // Рокаш, 1990, верасень, № 2
11 Адгалоскі: Беларускія вайскоўцы яднаюцца // Літаратура і мастацтва, 1991, 1сакавіка, № 9
12 Пастанова сходу ініцыятыўнага камітэту беларусаў-вайскоўцаў г.Масква, 13 красавіка 1991 года // Архіў БЗВ. Фонд 2, 1991 г., дакумэнт № 2
13 Статут згуртавання беларусаў-вайскоўцаў г.Масквы // Архіў БЗВ. Фонд 2, 1991 г.., дакумэнт № 3
14 Каардынацыйны камітэт ЗБВ, “Да беларусаў вайскоўцаў” // Архіў БЗВ. Фонд 1, 1991 г., дакумэнт № 2
15 Зварот Каардынацыйнага камітэту згуртавання беларусаў-вайскоўцаў (ЗБВ) да Вярхоўнага савета БССР // Архіў БЗВ. Фонд 1, 1991 г., дакумэнт № 1
16 Архіў БЗВ. Фонд 1, 1989 г., справа № 1
17 Гісторыя БЗВ (складзена кіраўніцтвам БЗВ 14 чэрвеня 1994 г.) // Архіў БЗВ. Фонд 3, 1994 г., дакумэнт № 14, б. 3-4
18 Тамсама, б. 4
19 Шаноўны спадар! Сябры камісіі БСДГ па вайсковых пытаннях: народны дэпутат БССР Віталь Малашка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Чыслаў // Архіў БЗВ. Фонд 3, 1991 г., дакумэнт № 1
20 Айзенштадт Г. Диалог без ретуши. “Свою” армию — в штыки?” // Знамя юности, 1991, 17 траўня, № 94
21 Лаўрынавічус Йонас. Чаму нам патрэбна беларускае войска. Сваімі думкамі дзеліцца падпалкоўнік Савецкай Арміі, кандыдат тэхнічных навук, член Цэнтральнай Рады БСДГ М.Статкевіч // Добры вечар, 1991, 27 ліпеня, № 86
22 Гісторыя БЗВ, б. 4
23 Гарбавец С., ваеннаслужачы. Думка чытача. Ці патрэбна нацыянальнае войска // Літаратура і мастацтва, 1990, 6 ліпеня, № 27
24 Декларация Верховного Совета Белорусской Советской Социалистической Республики “О государственном суверенитете Белорусской Советской Социалистической Республики” // Советская Белоруссия”, 1990, 30 ліпеня
25 Гарбавец С. Дзе і як служыць беларусам // Літаратура і мастацтва, 1990, 5 кастрычніка, № 40
26 Айзенштадт Г. Диалог без ретуши. “Свою” армию – в штыки? // Знамя юности, 1991, 17 траўня
27 Прамова на Устаноўчай канферэнцыі згуртавання “Бацькаўшчына” Ігара Супаненкі // Рокаш, 1990, верасень, № 2
28 Добры вечар, 1991, 27 ліпеня, № 86
29 Супаненка І. Рэспубліка, Суверэнітэт, Армія // Рокаш, 1991, люты, № 3]
30 Рокаш, 1991, люты, № 3
31 Тамсама
32 Тамсама
33 Тамсама
34 Замскі М. Рэспубліка, суверэнітэт, армія. Гутарка з камандуючым ЧБВА, народным дэпутатам СССР А.І.Кастэнкам // Літаратура і мастацтва, 1990, 30 лістапада, № 48
35 Супаненка Ігар. Рэспубліка, Суверэнітэт, Армія. // Рокаш, 1991, люты, № 3
36 Архіў БЗВ. Фонд 5, 1991 г., дакумэнт № 4
37 Лаўрынавічус Йонас. Чаму нам патрэбна беларускае войска. Сваімі думкамі дзеліцца падпалкоўнік Савецкай Арміі, кандыдат тэхнічных навук, член Цэнтральнай Рады БСДГ М.Статкевіч // Добры вечар, 1991, 27 ліпеня, № 86
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|