|
Спроба ўтварэньня Беларускага Вызвольнага Цэнтру ў Швэдыі.
1943-1945 гг.
В. Дубноўскі
Беларускі вызвольны рух у часы Другой сусьветнай вайны ня меў свайго палітычнага прадстаўніцтва ні ў ЗША, ні ў Ангельшчыне. Таму ўзьняць “беларускае пытаньне” перад урадамі заходніх саюзьнікаў не было каму. Праўда, як паказала далейшае разьвіцьцё падзеяў, нават Польшча і прыбалтыйскія краіны, якія мелі на эміграцыі прадстаўніцтвы і ўрады, не пазьбеглі савецкай акупацыі. Але падчас вайны ніхто ня мог прадбачыць такой сытуацыі, таму беларускія незалежніцкія палітыкі спрабавалі наладзіць кантакты з Захадам. Паводле эміграцыйных крыніцаў, у жніўні альбо ў верасьні 1941 г. свайго дэлегата на выезд на Захад у якасьці прадстаўніка Беларускага Рэзыстансу зьбіралася выслаць незалежніцкая група Вінцэнта Гадлеўскага. Пасьля адмовы Гадлеўскага, у Стакгольм праз Нарвэгію паехаў Альберт Асоўскі, а ў 1942 г. — Васіль Лукашык і Язэп Федарчук. Асоўскі, на даручэньне Гадлеўскага, напісаў лісты ў Чыкага да мясцовых беларускіх дзяячоў Чарапука, а.Рэшаця ды іншых з заклікам арганізавацца і актывізавацца ў справе беларускае незалежнасьці перад заходнімі саюзьнікамі. Гэта было выканана, і ўжо 7 верасьня 1941 г. была зарганізаваная Беларуска-Амэрыканская Нацыянальная Рада ў ЗША (Беларускія навіны (Парыж), 1945, № 1, 25 сьнежня; “Беларуская царква” (Чыкага), 1965, № 28, б. 76-77, 93-94). Гісторык Ю.Туронак лічыць, што роля А.Асоўскага ў гэтым надуманая ды спасылаецца на ліст а.Рэшаця да В.Лукашыка ад траўня 1945 г., у якім ён піша, што ў часе вайны не атрымліваў зьвестак ад беларусаў з Эўропы (Беларускі гістарычны агляд (Менск), 1999, Т. 6, Сш. 1-2 (10-11), сьнежань). Аднак ёсьць падставы меркаваць, што нейкія кантакты паміж групай Гадлеўскага і беларусамі ў ЗША маглі быць. Той жа падпольны “Бюлетэнь БНП” (№ 2, [1942 г.]) надрукаваў артыкул “Беларусы ў Амэрыцы”, у якім паведамляў пра дзейнасьць “Беларускага Камітэту” у ЗША.
Паводле В.Дубноўскага, артыкул якога мы прапануем чытачам “БР”, выезд Асоўскага ў Швэцыю адбыўся ў 1943 г., і Гадлеўскі ўжо ня мог мець да яго ніякагадачыненьня. Паводле гэтай вэрсіі, выслалі яго туды кіраўнікі бэрлінскіхбеларускіх арганізацыяў. Артыкул Дубноўскага цікавы і тым, што ў ім згадваецца зусім невядомы праект стварэньня БНК у Швэцыі ў 1944 г. Аднак і гэтая,і іншыя спробы беларускіх нацыянальных дзеячоў (у тым ліку і тыя, што рабіліся праз польскае падпольле АК) навязаць сувязь з заходнімі саюзьнікамі і ўтварыць у вольнай ад нямецкай акупацыі заходняй альбо паўночнай Эўропе беларускае прадстаўніцтва, не дасягнулі жаданага выніку. Апошняя спроба выслаць дэлегатаў на Захад была зьдзейсьненая кіраўніцтвам падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі ў канцы 1944 — у пачатку 1945 гг., але было ўжо запозна. Заходнія саюзьнікі сумесна з Савецкім Саюзам ужо вырашылі лёс ня толькі Беларусі, але й Польшчы. Беларускія палітычныя цэнтры на Захадзе паўстануць у пасьляваенны час і будуць утвораныя новай хваляй эміграцыі.
Адсутнасьць вялікіх скупінаў беларускае палітычнае эміграцыі на Захадзе вельмі адмоўна адбівалася на ўсім беларускім пытаньні сярод вольнага сьвету. Беларускаму актыву на Бацькаўшчыне і ў Нямеччыне было ясна, што дзеля таго, каб належна паставіць беларускую справу ў паваенных вырашэньнях вольнага сьвету, неабходна стварыць беларускае нацыянальнае прадстаўніцтва па-за межамі засягу гітлераўскае Нямеччыны, пад якой з мусу апынулася Беларусь і амаль увесь беларускі нацыянальны актыў.
Адсутнасьць гэткага прадстаўніцтва пагражала тым, што бальшавіцка-маскоўская агентура ачэрніць перад прадстаўнікамі Захаду ўвесь беларускі нацыянальны рух, як “нямецкіх калябарантаў”, а сваю агентуру прадставіць за праўдзівых беларускіх патрыётаў, што магло-б нанесьці беларускай справе неаблічоныя шкоды.
Каб неяк выратавацца з пагражаючай сытуацыі, на патаемнай нарадзе беларускага актыву ў Бэрліне (1943 г.), у якой прыймалі ўдзел прадстаўнікі розных беларускіх арганізацыяў, як “Беларускае прадстаўніцтва” (інж. Шкутка, падаем толькі ачольваўшых прадстаўніцтвы), БНСамапомач (сп. М.Шкялёнак), былы прадстаўнік БНР у Нямеччыне (сп. Бароўскі), Беларуская камісія па вызваленьню ваеннапалонных (сп. В.Камароўскі) ды інш. Нарада пастанавіла перакінуць у Швэдыю, дзе ўжо знаходзіўся, уцёкшы перад тым з Беластоку ягоны першы беларускі бурмістр, беларускі нацыянальны працаўнік сп. Лукашык1,у дапамогу першаму, сп. інж. А.Асоўскага2.
Дзеля гэтага А.Асоўскага ўладжваюць на працу ў нямецкую паўваенную будаўнічую арганізацыю “Тодт” у аддзел, які накіроўваецца ў захопленыя немцамі Данію і Нарвэгію. З тым, што ён, пры нагодзе, мае перайсьці швэдзкую мяжу ды навяжыць лучнасьць з сп. Лукашыкам ды іншымі, якія маюць быць перакінутыя туды беларускімі эмігрантамі. Ды арганізуюць Беларускі Нацыянальны Камітэт, які-б мог свабодна дзеіць у абароне беларускай справы сярод хаўрусьнікаў Захаду ды інфармаваць вольны сьвет аб запраўдным становішчы Беларускага Народу і ягоных імкненьнях.
Замер перакідкі інж. А.Асоўскага ўдаўся, але, на жаль, не ўдалася іншая частка праекту беларускага актыву, бо сп. Асоўскі БНК у Швэдыі не арганізаваў.
У 1944 г., калі ў Нямеччыне апынуліся ўвесь беларускі актыў, беларускія вайсковыя часткі ды масы ўцекачоў, патрэба стварэньня БНК на нэўтральным груньце сталася яшчэ больш палкай. Хадзіла ўжо ня толькі аб інфармаваньнівольнага сьвету, але і аб ратаваньні прадбачаных пераходах на бок хаўрусьнікаў беларускіх вайсковых частак, якія немцы мусам перакідалі на францускі фронт, а разам і аб магчымасьцях стварэньня беларускіх збройных адзінак на баку хаўрусьнікаў.
Аб патайным пасланьні групы людзей ня было і мовы, бо гэта было тэхнічна немагчыма, а таму пачалі шукаць іншыя магчымасьці. Сама пастанова аб новай спробе прарыву з ціскоў гітлероўскай Нямеччыны была на гэты раз прынятая групаю “Двупагоні” (Грамада) 3, якая кіравала на той час афіцыйнай беларускай установай “Беларускае Інфармацыйнае Бюро”, якое падлягала БЦР.
Грамадаўцы навязваюць блізкі кантакт з прадстаўніком нямецкіх антыгітлероўскіх колаў — баронам Танэнфэльдам. Барон Танэнфэльд — б[ылы] афіцэр нямецкага войска, але касмапаліт паводле паглядаў, рамантык і паэта, удзельнічаў у беларускім русе яшчэ ў 1918—20 гг., калі ўступіў у армію Балаховіча ды належыў да ягонага “першага ўраду Беларусі”, як міністр замежных спраў. Як экспэрт беларускіх спраў ён працуе ў 1943—1944 гг. пры аддзеле Міністэрства прапаганды ў Бэрліне “Вінэта”. Барон Танэнфэльд поўнасьцю падтрымоўвае думку “двупагоньнікаў” аб неабходнасьці стварэньня БНК у Швэдыі.
Да нямецкага Міністэрства прапаганды быў паданы ад імя Беларускага Інфармацыйнага Бюро мэмарыял, у якім прасілася дазволу перакінуць у Швэдыю беларускіх працаўнікоў, каб яны там стварылі БНК, які неабходны дзелябарацьбы там з бальшавіцкай прапагандай. Прадбачачы, што нямецкія ўладыня згодзяцца на гэткі праект самастойнага існаваньня БНК у нэўтральнайкраіне, дзе немцы не змаглі-б яго прымусіць выконваць іхныя загады, мэмарыял прапанаваў таксама пасылку разам з беларусамі аднаго немца, які-б кантактаваў міністэрства з БНК і ўзгадняў працу. Кандыдатам на гэтую пасаду БІБюро прапанавала вызначыць барона Танэнфэльда, як ведаюча[га] беларускую мову.
Па даўжэйшай цяганіне па міністэрствах БІБ атрымала на мэмарыял катэгарычную адмову, а барон Танэнфэльд, як падтрымліваючы гэтыя прапазыцыі (ён, як экспэрт беларускіх справаў, склаў сваю апінію аб неабходнасьці падтрыманьня немцамі гэтае ініцыятывы БІБ) быў звольнены з працы ў Міністэрстве прапаганды. Як выявілася пазьней, міністэрства Гэбельса было нат згоднае дапусьціць гэтую перакідку беларусаў па-за межы нямецкага засягу, але гэтаму супрацьставілася Ўсходняе Міністэрства і Міністэрства нутраных спраў, якія катэгарычна адкідалі падобную магчымасьць.4
Такім чынам Беларусы, на час заканчэньня ваенных падзеяў, ня мелі свайго нацыянальнага незалежнага воргану па-за тэрыторыямі нямецкае акупацыі, які-б змог быць прадстаўніком Беларускага Народу перад хаўрусьнікамі. Адбілася гэта жахліва на долі нашых масаў уцекачоў і вайскоўцаў, якіх сілаю выдавалі бальшавіком на сьмерць і кананьне ў концах, або загонам у шэрагі польскіх аддзелаў, пазьней кінутых таксама на сьмерць пад Монтэ Касіно, або гінучых і сяньня ў шэрагах Чужаземнага францускага легіёну ў джунглях Інда-Кітаю.
Беларускі Нацыянальны Камітэт у Швэдыі5, але мясцовага значэньня, зарганізаваўся толькі пару год па вайне, як арганізацыя беларускае эміграцыі ў Швэдыі. Ачолілі яго ўжо ўспомненыя сп. сп. Лукашык і Асоўскі6, але значнейшае ролі ў беларускім нацыянальным русе на эміграцыі гэты БНК не адгуляў і ня мае ўплываў да сяньня, дзеля малой колькасьці беларускае эміграцыі ў Швэдыі, або дзеля яе далейшага расьсяленьня.
Дакуманты і факты (Нью-Ёрк — Таронта), 1957, студзень-сакавік, № 11.
Спасылкі:
1 Васіль Лукашык (1905 — 1975), беларускі палітычны дзяяч. Паходзіў з Сакольшчыны. На пачатку нямецкай акупацыі быў бурмістрам Беластоку, удзельнічаў узаснаваньні ў Менску падпольнай арганізацыі “Беларуская Народная Грамада”. Быў арыштаваны гэстапа, але здолеў уцячы з канцлягеру Асьвенцым. Затрыманы ў Варшаве паўторна, але дзякуючы фальшывым дакумэнтам, ня быў распазнаны, адпраўлены на прымусовую працу ў Нарвэгію. У 1944 г. з групай з 10 беларускіх хлопцаў уцякае праз горы ў Швэцыю (Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, 2002, б. 221-222; Котлярчук А. Суполка “Беларуская Грамада” ў Швэцыі 1948 — 1975-х гадоў // Беларус (Нью-Ёрк), 2002, № 470, сакавік). Таму вэрсія Пануцэвіча не адпавядае сапраўднасьці, як і няясная вэрсія Дубноўскага, бо Асоўскі ў 1943 г. яшчэ ня мог ехаць у Швэцыю да Лукашыка, бо апошняга там ня было. Арганізацыю “Беларуская Грамада” Лукашык разам з Федарчуком засноўваюць у Швэцыі толькі ў канцы 1948 г.
Даволі нечаканай зьяўляецца вестка Барыса Данілюка з ЗША пра прыезд В.Лукашыка ў Бэрлін у канцы 1944 году:
“Лукашыка, што прыязджаў із Швэдыі, я бачыў у Берліне пад канец 1944-га году.. Не памятаю толькі, ці ў канцылярыі Езавітава, у якой я працаваў, ці ў харчоўні ТОДТу, у якой працаўнікі БЦР сталаваліся. Зь ім я не размаўляў, а ад іншых даведаўся, што ён сьпяшаў і зараз-жа паехаў з Бэрліну” (З ліста Б. Данілюка да С. Ярша ад 18 кастрычніка 2004 г.).
2 Альбэрт Асоўскі — архітэктар, удзельнік “Першага беларускага штурмовага зьвязу”, спэцыяльнага дывэрсійнага аддзелу, які ў чэрвені 1941 г. быў закінуты на тэрыторыю БССР. Пра яго жыцьцё і дзейнасьць у Швэцыі нічога невядома.
3 Маецца на ўвазе падпольная нацыянальная арганізацыя “Беларуская Народная Грамада” альбо “Грамада”, якая ў 1941—1944 гг. дзейнічала на тэрыторыіБеларусі (кіраўнікі — Юльян Саковіч, Сяргей Хмара), а ў канцы 1944-га аднавілася ў Бэрліне пад назвай “Двупагоня” (сымбаль барацьбы супраць ворагаў з усходу і захаду).
4 Рэальнасьць гэтых падзеяў пацьвярджаюць архіўныя дакумэнты Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. У першай палове верасьня 1944 г. беларускі прапагандовы аддзел сувязі “Вінеты” падрыхтаваў да друку адозву “Браты Беларусы” (Адозва Беларускага Камітэту ў Швэдыі), якая, відаць, пасьляскандалу і звальненьня Танэнфэльда, не была надрукаваная (НА РБ, ф, 383, воп.1,спр.2, арк.14).
5 Насамрэч, арганізацыя “Беларуская Грамада” у Швэдыі.
6 Пра ўдзел у гэтай арганізацыі Асоўскага нічога невядома.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|