|
Аддзел атамана Трухана і паўстаўшая вайсковая арганізацыя Люцька
П. Дзеравенскі
Гэты партызанскі аддзел паўстае адразу пасьля Слуцкага Паўстаньня.
Камандзер аддзелу Якуб Трухан 1, пасьля адыходу Слуцкай паўстанцкай дывізіі 2 за раку Лань, на тэрыторыю Беларусі, захопленую Польшчай, арганізуе з паўстанцаў дывізіі 40-асабовы партызанскі аддзел і вяртаецца ў Случчыну.Тут адразу-ж і пачынаецца збройная партызанская барацьба з расейска-бальшавіцкім акупантам.
Аддзел дзее па ўсёй паўдзённай Случчыне. Партызанскі асяродак знаходзіцца недалёка вёскі Працавічы. Партызаны атамана Трухана зьнішчалі чырвонагвардзейскія карныя аддзелы, якія забіралі сялянскі хлеб; нападалі на бальшавіцкія абозы, адбіралі нарабаванае сялянскае дабро і вярталіяго собсьнікам, вызвалялі паарыштаваных сялян, расстрэльвалі бальшавіцкіх камісараў і завадатых.
Дзякуючы даносу, у 1927 годзе атаман быў схоплены агентамі ГПУ ў аднэй вёсцы, бяз зброі і свайго аддзелу, сябры якога таіліся па асобных сёлах і хутарох. 3 Засуджаны тройкай ГПУ на 10 год катаргі ў Сібіры, атаман Трухан, па выладаваньні з цягніка, уцякае ў тайгу Прыбайкальля. Па нейкім часе ён, крадучыся, вяртаецца на радзіму, але ў вельмі цяжкім стане здароўя: апухлыя ногі і пад[обнае]. Ачуняўшы, праз пару месяцаў Трухан зноў пачынае навязывацькантакты з былымі сябрамі свайго аддзелу, якія засталіся жывымі і перахоўваліся на Случчыне па вёсках, каб узнавіць партызанскае дзеяньне.
У 1929 годзе, зноў такі па даносу, атамана Трухана ізноў арыштоўваюць. Ня гледзячы на нялюдзкія катаваньні, Трухан ні да каго не прызнаецца, засуджаецца і зноў вывозіцца ў Сібір. На гэты раз ён даконвае ўцёкаў з дарогі і ўжо на вясну 1930 году зьяўляецца на Случчыне. Аднаўляе партызанскую арганізацыю, якую стварыў у 1928 годзе пасьля павароту з Сібіры. Гэта ўжо арганізацыяіншага тыпу, чым першы партызанскі аддзел атамана Трухана, які існаваў у 1920—1927 гадох.
Новая арганізацыя, прыстасоўваючыся да зьмяніўшыхся абставінаў, ня выступае збройна вялікімі групамі і не хаваецца ў лясох, але знайходзіцца на мейсцы ў вёсках і трымаецца формы нелегальнае сялянскае збройнае арганізацыі. Заданьні арганізацыі — не вялікія збройныя выступы, але падрыхтоўка вайсковых кадраў да адпаведнага моманту. Апрача гэтага арганізацыя выконвае ў асобных выпадках зьнішчэньне агентаў, камуністычных асяродкаў, сабатаж бальшавіцкіх акцыяў і г. д.
Аддзел атамана Трухана навязывае сувязі з іншымі партызанскімі аддзеламі і арганізацыямі на Палесьсі, плянуючы арганізаваць шырокае супрацьбальшавіцка-маскоўскае паўстаньне.
Арганізацыя атамана Трухана наладжвае сувязь з беларускімі нацыянальнымі аддзеламі Савецкае арміі ў Слуцку і Менску. На чале патайной вайсковай арганізацыі становіцца аднавясковец атамана Трухана, у той час камандзір роты Люцька.
Камандзер Люцька пашырае беларускую паўстанцкую акцыю на іншыя ротыў сваім палку і ў суседнія вайсковыя часткі. Адозвы арганізацыі атаманаТрухана распаўсюджваюцца нат сярод студэнтаў Беларускага ДзяржаўнагаЎнівэрсытэту ў Менску.
Пашырэньне дзейнасьці арганізацыі на войска і студэнтаў, яе выдавецкая дзейнасьць: адозвы, лістоўкі і пад., навялі на сьлед яе ГПУ.
Пачалося з правалу камандзера Люцька сэксотам ОО (асобы аддзел) Дывізіі. Але сябры вайсковай беларускай арганізацыі мелі сваё вуха і ў ОО Дывізіі і камандзер Люцько быў папярэджаны аб прадбачаным уначы ягоным арышце. Забраўшы ручны кулямёт, усю колькасьць набояў, якая мелася да кулямёту,і некалькі зьвязкаў ручных гранатаў, камандзер Люцько і пара ягоных супрацоўнікаў уцякаюць у Слуцкія лясы, мяркуючы прарвацца праз мяжу на польскі бок.
Аднак ня спалі ГПУ і ОО. З Слуцку высылаецца адумысловая карная пагоня— аблога за Люцко 4 і ягонымі таварышамі, а мяжу з Польшчай вартуюць павялічаныя аддзелы ГПУ і пагранічнае аховы. Малая група камандзера Люцько была выкрытая ў прыгранічных балотах з дапамогаю адпаведна дрэсыраваныхсабакаў савецкіх пагранічнікаў. Абложаныя з усіх бакоў беларускія нацыянальныя змоўшчыкі адбіваліся каля 2 дзён з пазыцыяў у балоце. КамандзерЛюцька згінуў у баі. Ягоны сябра — старшыня роты быў схоплены цяжка параненым у палон. Доля іншых удзельнікаў групы дагэтуль невядомая. Пасьля захопу пазыцыяў чырвоныя каты там болей нікога не знайшлі. Страты чырвоных былі вялікія і іх затоілі ад ваколічнага сялянства, бо забытых і параненых вывозілі з мейсца бою толькі ўночы, калі выхад з хатаў насельніцтву быў забаронены.
У той самы час у Слуцку, Случчыне і ў Менску ГПУ праводзіць масавыя арышты і хапаецца некалькі сот людзей.
Падлечаны крыху цяжка паранены старшына, пад катаваньнямі выдае некаторыя дадзеныя арганізацыі і колькі імёнаў сяброў яе. ГПУ лютуе і зноў хапае соткі людзей. Падлечаны было старшына быў расстраляны разам з іншымі схопленымі людзьмі.
Атамана Трухана НКВД ужо здолела схапіць толькі ў 1938 годзе, калі і быў засуджаны на 20 год катаргі, вывезены ў адзін з концаў поўначы, дзе і згінуў.5
Плян паўстаньня арганізацыі, меркаваны на 1930 год, прадбачыў [наступнае]:усё пачыналася ў палку камандзера Люцька да якога, праз паўстанскія групы ў вайсковых частках, далучыліся-б аддзелы з усяе дывізіі. Адначасна, партызаны Случчыны захапілі-б усе апорныя пункты па вёсках у правінцыі. Разьлічвалася, што паўстаньне ў Случчыне выкліча збройныя выступы па ўсёй Беларусі, сялянства якой у той час гвалтоўна гналі ў калгасы. Меліся нейкія сувязі і з Менскам, але аб гэтым яшчэ ня час гаварыць, бо некаторыя яго ўдзельнікі жывуць яшчэ сяньня. Разьлічалася, што гэтыя збройныя выступы выльлюцца ў суцэльнае агульнанароднае супрацьбальшавіцкае паўстаньне, якое прывядзе да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі.
Застаецца дакінуць колькі слоў аб загінуўшым сьмерцю гэроя ў баі камандзеры Люцько. Паходзіў ён з Случчыны і ў 1924-25 годзе скончыў Аб’яднаную Беларускую Ваенную Школу (АБВШ) ў чыне камандзера ўзводу, а пазьней дастаў падвышку на камандзера роты.6
Перадрукоўваецца паводле публікацыі: Дзеравенскі П. Беларускі Партызанскі Рух у Усходняй Беларусі // Дакуманты і факты (Таронта — Нью-Ёрк), 1955, № 8, ліпень-жнівень, б. 42-43.
Спасылкі:
1 Былы ўдзельнік ягонага партызанскага аддзелу Алесь Яцэвіч у сваіх успамінах называў Трухана Якавам. Паводле Яцэвіча, ат. Трухан быў былым камандзірам аддзелу арміі генэрала Булак-Балаховіча (Змагар А. Мой жыцьцяпіс //Юрэвіч Л. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999). Гэтая і наступныя заўвагі — “БР”.
2 Насамрэч, брыгады.
3 Частку сваіх людзей ат. Трухан яшчэ ў пачатку 20-х легалізоўваў. Алеся Яцэвіча і Ільлю Кобера ён адправіў у Менск паступаць у БДУ, і яны там уладкаваліся (Змагар А. Мой жыцьцяпіс // Юрэвіч Л. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999).
4 Аўтар успамінаў у тэксьце ўжывае некалькі варыянтаў прозьвішча паўстанца.
5 Паводле Алеся Змагара (Яцэвіча), атаман Якуб Трухан актыўна дзейнічаўда 1937 году (Змагар А. Вызвольныя шляхі. Кліўлянд, 1965. б. 46).
6 Пра арганізацыю П. Люцко ў сваіх успамінах згадвае Аўген Калубовіч (Накрыжовай дарозе // Спадчына, 1992, № 3, б. 78; На крыжовай дарозе. Менск, 1994, бб. 31-32.):
“У 1930 г. у беларускім пяхотным палку ў Слуцку ГПУ выкрыла вайсковую арганізацыю. Полк гэты (у вадрозьненьне ад кадравых войск Чырвонай арміі) належыў да г. зв. беларускіх тэрытарыяльных вайсковых фармаваньняў, што засталіся яшчэ ад часоў грамадзянскае вайны й першых гадоў БССР. Падобна іншым такім аддзелам, ягоныя жаўнеры й афіцэры — беларусы. На чале арганізацыі стаяў ротны камандзер П. Люцко, які паходзіў із с. Працавічы Слуцкагараёну. Па сканчэньні Аб”яднанай беларускай вайсковай школы ймя ЦВК БССРу Менску ён быў прызначаны на камандзера роты ў гэты полк, рэзыдаваны ў ягоным родным Слуцку й Случчыне. У найбольшы разгар прымусовае калектывізацыі й масавых арыштаў і вывазаў сялян у Сібір ён, разам із сваімі вайсковымі сябрамі, уплянаваў узьняць роту ў Слуцку на паўстаньне, спадзяючыся,што да іх далучацца іншыя роты палка й сяляне. Змову, аднак, хтось зрадзіў.Калі пра гэта стала ведама, П. Люцко і ягоны бліжэйшы сябра, старшына зь ягонае роты, добра ўзброіўшыся, вырашылі перайсьці ў Заходнюю Беларусь.Блізка мяжы іх насьцігла пагоня пагранічнікаў і аддзелу ГПУ. У перастрэлцы П. Люцко быў забіты, а старшына, цяжка паранены, схоплены й пасьля допытаў расстраляны. Лёс рэшты арыштаваных змоўнікаў невядомы. (Хутка пасьлятаго як ненадзейныя былі расфармаваныя й тыя беларускія тэрытарыяльныя вайсковыя аддзелы: усе яны былі ўлучаныя ў кадравыя войскі).
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|