|
Беларуска-польскія перамовы ў сакавіку 1944 году
Дачыненьні польскага і беларускага нацыянальнага рухаў падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гг. застаюцца малавывучанымі. Ёсьць згадкі пра перамовыз падпольлем АК прадстаўнікоў Арганізацыі беларускіх нацыяналістаў. Менш вядомыя факты кантактаў паміж польскімі партызанамі і беларускімівайсковымі фармацыямі. Антыбеларускі тэрор, які разгарнула на Лідчыне польскае падпольле, мог справакаваць адэкватныя захады з боку беларускіх збройных сілаў. З мэтай недапушчэньня гэтай “малой вайны” у 1944 г. адбываліся перамовы паміж беларускімі і польскімі вайскоўцамі.
Паводле былога камандзіра Наваградзкага беларускага эскадрону Барыса Рагулі, у сакавіку 1944 г. галоўны камандзір БКА Ф.Кушаль паслаў яго ў Вільню на перамовы з кіраўніцтвам польскай АК. Сустрэча з “Вількам” (палкоўнікам Аляксандрам Крыжаноўскім, камандантам Віленскай акругі АК) адбылася на кансьпірацыйнай кватэры. Рагуля паведаміў, што ён прыбыў ад Кушаля.“Падчас перамоваў я спытаў, ці могуць палякі нам дапамагчы зброяй, — успамінае Б.Рагуля. — Зброі яны не маглі нам даць, бо самыя атрымоўвалі яе аднемцаў. Я запатрабаваў, каб яны спынілі антыбеларускі тэрор. Сказаў, што калі яны яго будуць працягваць супраць беларусаў на Лідчыне, дык мы можам зьнішчыць палякаў на Наваградчыне, дзе мымаем больш сілы. Палякі пачалі казаць, што не яны забіваюць беларусаў, а нейкія бандыты. Я мусіў пагадзіцца, што гэта робіцца бяз іх загаду” (Паведамленьне Б.Рагулі аўтару ад 5 ліпеня 1997 г., Вільня). Пра імкненьне Кушаля ў 1943—1944 гг. устанавіць сувязь з польскім эміграцыйным урадам сьведчыў на допыце ў турме савецкай дзяржбясьпекі маёр БКА Ўсевалад Родзька. У Вільні перамовы з кіраўніцтвам польскага падпольля вясной 1944 г. вёў Станіслаў Грынкевіч, які, нібыта, дзейнічаў упаразуменьні з прэзыдэнтам БЦР Р.Астроўскім. Акрамя выключна палітычных прапановаў зь беларускага боку быў і пункт пра падзел “зонаў уплыву” беларускіх вайсковых аддзелаў і польскай партызанкі, спыненьня “ўсялякіх варожых дзеяньняў паміж імі” і распрацоўкі сумеснага пляну “барацьбы як супраць немцаў, так і супраць чырвоных партызанаў”. Але перамовы аказаліся безвыніковымі (Акшевский И., Сенюков Г. Откровения бургомистра Витебска // Белорусская нива, 1994, 20 студзеня).
У тым жа сакавіку 1944-га беларуска-польскія перамовы праходзілі і на Наваградчыне. Яны праходзілі па схеме віленскай сустрэчы, калі ніякіх пісьмовых дамоўленасьцяў не прымалася, а ішло толькі абмеркаваньне тагачасных беларуска-польскіх стасункаў. Беларусы патрабавалі спыніць антыбеларускі тэрор, пагражалі, а палякі ўсё адмаўлялі. Пагаварылі, пабразгалі зброяй і разыйшліся. Як бачым, беларускія вайскоўцы былі настроеныя вырашыць гэтую праблему мірным шляхам. Адпраўляючы ў Бярозаўку аддзел Уладзімера Сіўка, Рагуля сказаў яму, каб “ён пастараўся не праліваць крыві, бо яеўжо шмат праліта” .
У гэтым нумары “БР” мы друкуем успаміны пра беларуска-польскія перамовы ў сакавіку 1944 г. на Наваградчыне. Адным з аўтараў гэтага тэксту, які ўпершыню быў надрукаваны ў эміграцыйным часопісе “Наперад!” (1953, № 24-26; перадрук— Юрэвіч Л. Жыцьцё пад агнём. Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі. Менск, 1999) пад псеўданімам “Рагулявец”, быў Барыс Рагуля. З-за таго, што ўсе тры ўдзельнікі перамоваў зь беларускага боку апынуліся пасьля ў савецкіх канцлягерах, успаміны пісалі не непасрэдныя сьведкі тых падзеяў, адсюль памылкі і недакладнасьці.. Іх выпраўляе сваім камэнтаром Уладзімер Сіўко. Ягоныя ўспаміны друкуюцца ўпершыню.
Сяргей Ёрш
Аднэй сакавіковай раніцы прыйшла ў Наваградак навіна, што Палякі перайшлі Нёман і занялі шкляную гуту ў Бярозаўцы. Гэта была першая паважная акцыя польскіх партызанаў зь Лідчыны ў Наваградзкай Акрузе. Тут трэба даць колькі словаў паясьненьня адносна польскага партызанскага руху ў тых ваколіцах. Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і незважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла ўсю пэрфіднасьць тактыкі польскага клеру, але сярод шырэйшых масаў гэта пакінула ці малы сьлед. Тыя нешматлікія беларускія каталіцкія сьвятары, якім нейкім цудам удалося здабыць сьвятарскі сан, залежалі ад польскай каталіцкай герархіі,якая пры першай праяве нацыянальнай дзейнасьці гэткага сьвятара высылала яго ў польскія асяродкі.
Вось гэная акцыя польскага клеру і падрыхтавала падатны грунт для польскіх партызанаў у Лідчыне. У часе нямецкае акупацыі Палякі захапілі ўсе ключавыя адміністрацыйныя і гаспадарскія становішчы. Яны абставілі Немцаў сваімі перакладнікамі, засноўвалі польскія школы. Касьцёлы сталіся асяродкамі польскае акцыі. Беларускія патрыёты прадстаўляліся Палякамі як камуністыя, былі перасьледаваныя нямецкім СД. Наваградзкая Акруга старалася дапамагаць у меру магчымасьцяў беларускаму актыву Ліды, высылаючы туды першым чынам маладых настаўнікаў. Трэба адцеміць, што яны прарабілі там вялізарную нацыянальную працу. Нельга не адцеміць той фізычнай і духовай апоры для Беларусаў Лідчыны, якую ім даў чыгуначны баталён,зарганізаваны ў Наваградку капітанам Сажычам1, ды высланы ў Ліду. Зразумела, што насельніцтва Наваградзкае Акругі зь непакоем сачыла за падзеямі ў Лідчыне. Кажны новы атэнтат Палякаў на беларускі актыў выклікаў хвалю абурэньня й жаданьне помсты. Змаганьне аднак было тым цяжэйшае, што пачынаючы ад канца 1943 году польскія партызаны зьмянілі тактыку й спынілі змаганьне супраць Немцаў, дамовіўшыся з апошнімі на супольную акцыю супраць чырвоных партызанаў. Немцы давалі ім зброю, амуніцыю й уніформы, а таксама пакрывалі іх крымінальныя вычыны ў дачыненьні да беларускага жыхарства.
Зусім зразумела, што заняцьце шкляной гуты ў Бярозаўцы Палякамі выклікала абурэньне сярод наваградчан. Жаўнеры эскадрону дамагаліся неадкладнага дзеяньня. Гульня Немцаў была тут ясная: Палякі занялі гуту із згодай нямецкіх уладаў, якім залежала адначасна аслабіць эскадрон.
Для эскадрону сутычка з добра ўзброенымі Палякамі, нат пераможная, была нявыгадная. Аднак пакінуць Палякаў на “сваёй” тэрыторыі было абсалютна недапушчальна. На нарадзе камандзераў зьвязаў з камандзерам эскадрону было пастаноўлена здабыць гуту, але раней папрабаваць прымусіць Палякаў пакінуць гуту бяз бою. Каманду пераняў ст. лейт. С[іўко].2 Цэлы дзень кіпела рыхтоўля да маршу. Папаўняліся стужкі “максімаў”, набівалісядыскі “дзехцяроў”. На сьвітаньні эскадрон выйшаў у паход. Каля паўдня перад жаўнерамі зарысаваліся коміны гуты, а на найвышэйшай зь іх вісеўпольскі сьцяг. Заціснуліся рукі на стрэльбах.
Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачацьбой.
Ст. лейтэнант С[іўко] меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу Палякаў за Нёман. С[іўко] падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну.За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах.
Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы.
Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С[іўко].
— Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць якнайхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўкуз паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняцьпершыя забудовы ўправа ад гуты! — палі апошнія словы С[іўко].
Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках.
Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. [...]
На наступны дзень Палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С[іўко] пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў Палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С[іўко] ў таварыстве лейт. М. і падахвіц. У.роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў,і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару.
Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце Палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для Беларусаў адзіны выхад —гэта супрацоўніцтва цяпер з Палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С[іўко] паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.
— За нашон вольносьць і вашон, ня так? — папытаў ён.
— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.
— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С[іўко]. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, штовы атрымоўваеце зброю ад Немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно ”але”: вы змагаецеся першым чынам супраць Беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадкутаксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за Немцаў, але за лепшуюбудучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна Беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў Беларусаў.
Маёр быў выразна занепакоены.
— Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець…
— Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяцасустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мыбудзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня Палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў. Разьвітваючыся, С[іўко] дaдaў: — Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашыаддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак.3
Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з Палякамі становішчы.
Спасылкі:
1 Язэп Сажыч (нар. у 1917 г.) — актыўны ўдзельнік беларускага вайсковага руху часоў Другой сусьветнай вайны, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 г. жыў на эміграцыі. У 1982-97 гадах ачольваў Раду БНР, генэрал. Жыве ў ЗША.
2 Уладзімер Сіўко (1916 — 2003) — беларускі вайсковы дзяяч, паэт. Летам 1944 г. ня змог выехаць на Захад, жыў у Вільні. Арыштаваны ў жніўні 1945 г., зьняволеньне адбываў на Калыме. Памёр у Магілёве.
3 Сам Ул.Сіўко, пасьля прачытаньня гэтага тэксту ў ліпені 1996 г., прапанаваў такую вэрсію таго, як праходзілі перамовы: “Акоўцы першыя прапанавалі нам сустрэцца. Ад іх на сустрэчы былі “Жбік”, “Рысь” і “Вільк”, а са мною прыехалі Язэп Крака і Іван Прасьняк. Канешне, у часопіснай публікацыі тут пераблыталі, бо я не магу не памятаць, хто там быў са мной. Крака тады яшчэ быў падафіцэрам. Сустракаліся мы з палякамі не на хутары, а ў палацы графа Штольле (месьціўся ў кілямэтры ад Бярозаўкі). Акоўцы ведалі, што я падхарунжы польскі, і што Крака — былы падафіцэр. Ён служыў у “Першым пулку шолізераў Язэпа Пілсудскего”, гэта быў такі род войскаў, кавалерыйская частка. Былым польскім падафіцэрам быў і Прасьняк.
Мы сядзелі з палякамі за сталом, выпівалі (стол сарганізавалі яны). І мы дагаварыліся, каб яны нас не трывожылі, тады й мы іх трывожыць ня будзем. Няхай яны сядзяць там, за Нёманам, хай твораць там сваю “рэспубліку”. А мы будзем бараніць Бярозаўку, так, як нам і загадана. А ў Бярозаўцы жыло польскае насельніцтва, каталікі. І яны мелі сувязь з АК. Мы іх ня крыўдзілі, не рабілі ім нічога дрэннага. Так што нашых хлопцаў бярозаўцы нават у госьці запрашалі. Былі такія факты.
Іван Прасьняк быў родам з Запольля Ятранскага. Яго пасьля судзілі бальшавікі. Адсядзеў і вярнуўся на Наваградчыну. Працаваў Прасьняк у Запольлі. Зь ім я спаткаўся толькі аднойчы, калі ён прыяжджаў у Любчу. Прасьняк ужо памёр. Язэп Крака родам зь вёскі Віньніца, што знаходзіцца недалёка ад Наваградку. Нарадзіўся ён, прыблізна, у 1914 годзе. Быў ён лейтэнантам, як і ўсе камандзіры зьвязаў. Калі пачалася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, Крака быў прыкамандзіраваны ў Любчу. Тут таксама быў арганізаваныбатальён. Язэпа Краку арыштавалі саветы. Сядзеў ён у лягерах, а пасьля быўу Комі, у Карэліі. Жыў на Ўкраіне, некалькі разоў прыяжджаў да мяне”. (Паводле дыктафоннага запісу ўспамінаў Ул. Сіўка ад ліпеня 1996 г. Захоўваецца ў асабістым архіве С. Ярша)
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|