|
Група беларускіх нацыяналістаў на Вялейшчыне. 1943 год
Падчас нямецкай акупацыі ў шэрагу раёнаў Беларусі ўтварыліся нацыянальныя падпольныя і партызанскія групы, якія змагаліся і супраць нацыстаў, і супраць бальшавікоў. Сьлед такой групы на Вялейшчыне знайшоўся ў архіўных дакумэнтах.
Камандзір савецкай партызанскай брыгады зь Вялейшчыны Фёдар Маркаў1у пачатку вясны 1943 году паведамляў у Маскву пра сытуацыю ў раёне сваёй дзейнасьці:
“Акрамя польскіх арганізацыяў існуе група беларускіх нацыяналістаў,якія вядуць барацьбу супраць немцаў і савецкай улады. Гэтая група выпусьціла за ўвесь час толькі адну недапісаную ўлётку. Гэтая бязыменная група ня мае ніякага значэньня”.2 Заслугоўвае ўвагі згадка, што ўдзельнікі групы “вядуць барацьбу” з акупантамі, значыць, іх дзейнасьць не абмежавалася выпускам улёткі (верагодна, “непадпісанай”, а не “недапісанай”). На жаль, больш ніякай інфармацыі пра “групу беларускіх нацыяналістаў” выявіцьняўдалося.
Ёсьць зьвесткі пра існаваньне на Вялейшчыне групы нейкай “беларускай нелегальнай арганізацыі”, сябрам якой быў беларускі дзяяч Пётра Радзевіч, зьнішчаны нацыстамі вясной 1943 г. Радзевіч, нібыта, да арышту “шырака вядзець антынямецкую працу”.3 Верагодна, гэта была мясцовая суполка Арганізацыі беларускіх нацыяналістаў.4 Яшчэ адным сябрам вялейскай арганізацыі мог быць беларускі дзяяч Аляксандар Калодка, які, праўдападобна, і схаваўся пад псеўданімам “Алесь Маханеўскі”.
Зноў жа ў архіве ўдалося выявіць яшчэ адзін цікавы дакумэнт — “Уласнаручныя паказаньні затрыманага Калачова” савецкім партызанам ад красавіка 1943 г. пра ягонае знаходжаньне ў Вялейскай турме, дзе яму давялося сядзець у адной камэры з А.Калодкам.
“На другі дзень майго знаходжаньня ў турме да нас у камэру быў пасаджаны міравы акружны судзьдзя Вялейскага Гэбіта, да гэтага начальнік Вялейскай паліцыі, юрыст, беларус, нацыяналіст, гр. Калодка Аляксандар Андрэевіч, — пісаў Калачоў. — Асоба аўтарытэтная і ўсёй беларускай інтэлігенцыяй паважаная. Зьяўляецца нам[есьнікам] старшыні Белар[ускай] Нар[однай] Самапомачы Вялейскага Гэбіту. Пасьля некалькіх дзён сумеснага знаходжаньня ў турме мы сталі сьмела выказваць свае палітычныя погляды на розныяпытаньні. З гутаркі высьветлілася, што ў Кал[одкі] было кола сваіх знаёмыхбеларусаў-інтэлігентаў, начальнік Вялейскага раёну, начальнік Вялейскай паліцыі і шэраг іншых вядомых асобаў. Пры сустрэчах паміж сабой яны выказвалі незадавальненьне палітыкай немцаў у Беларусі, што дагэтуль няма і не прадастаўлена самастойнасьць Беларусі, што няма беларускага ўраду, што шалее нечуваны тэрор, што толькі зь беларусаў-сялянаў бяруць, а даваць нічога не даюць. Што яму вядомы даклад нач-ка тайнай паліцыі Вялейскага Гэбіта пры СД (был[ога] расейскага палкоўніка Перамыкіна) шэфу Гэстапа пры тое, што ўсім беларусам верыць нельга, што ўсе беларусы зьяўляюцца памочнікамі партызанаў і г. д., і што яму, Перамыкіну, вядома, што на яго рыхтуюць замах і ачольвае гэтую змову той жа Калодка. Гэта ўсё ён мне перадаў на словах, што калі я выйду раней з турмы, каб я перадаў яго сябру і таварышу [нечытэльна] Вялейскай [нечытэльна] — Крэсла. Я гэта зрабіў. Мне таксама [нечытэльна] паведамілі, што [нечытэльна] Вялейскага р-ну расстраляны, а за Калодку хадайнічае Менск, рэдакцыя газэты “Беларускі Голас” і г. д.
На маё наўпроставае пытаньне да Калодкі пра тое, што ён, адукаваны, культурны чалавек, і да гэтага часу не разабраўся ў палітыцы фашызму і не абраў правільны палітычны шлях — гэта савецкая ўлада і камуністычная партыя, ён мне адказаў, што ён падзяляе погляды і палітыку Сав[ецкага] ўраду, алеяму не падабаліся два пытаньні з боку Савецк[ай] Улады: гэта вывазы народаў НКВД і сьпешная калектывізацыя. Пры далейшых размовах ён шкадаваў прасвае палітычныя памылкі, цалкам пагадзіўся са мной, назваў сябе ідыётам,што ён патрапіў у турму — у яго была магчымасьць ўцякчы. Я зь ім разьвітаўся па-сяброўску і [мы] далі слова на далейшае, калі яго не расстраляюць, сустракацца таварышамі”.5
СЁ
Спасылкі:
1 Фёдар Маркаў (1913—1958), герой Савецкага Саюзу. З 1944 г. быў намесьнікам старшыніВялейскага аблвыканкаму.
2 НА РБ, ф. 3500, в.2, спр.46, арк. 79, 80.
3 Маханеўскі А. Вялейская турма // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1948, 25 сакавіка.
4 За й супраць // Бацькаўшчына, 1948, 18 красавіка.
5 НА РБ, ф. 3601, в.1, спр. 21, арк. 31адв.-33. Рукапіс. Пераклад з расейскай.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|