|
Партызанскі аддзел лейтэнанта Бандыка. 1944 год
Летам 1944 г. у Аўгустоўскай пушчы ўтварыўся беларускі партызанскі аддзел лейтэнанта Бандыка, які налічваў каля 150 байцоў. Лёс гэтага аддзелу невядомы.
Пра ягонага камандзіра Антона Бандыка вядома ня шмат. Ён нарадзіўся ў 1913 годзе. Падчас Другой сусьветнай вайны ўключыўся ў беларускі вайсковырух. У верасьні 1942 г. Бандык скончыў другі афіцэрскі курс Беларускай Самааховы ў Менску і застаўся ў сталіцы служыць зьвязовым (НА РБ, ф.3500, в.2, спр.46, арк..201). Калі ў пачатку 1943 г. пачаў стварацца 13-ты беларускі паліцыйны батальён пры СД, Бандык стаў яго афіцэрам. Служыў спачатку ў Менску, а пасьля — у Вялейцы, камандаваў ротай у ранзе лейтэнанта. Ф.Кушаль прыгадвае канфлікт,які ўзьнік у Вялейцы паміж Бандыкам, падтрыманым афіцэрамі-беларусамі, і немцам-камандзірам батальёну. Залагодзіць яго здолеў толькі прэзыдэнтБЦР Р.Астроўскі (Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. Менск, 1999,б.66-67).
Летам 1944 г. падчас эвакуацыі зь Беларусі, роты 13-га батальёну павінны былі сабрацца каля Аўгустова. Менавіта там, нібыта, зноўку з-за канфлікту зь нямецкім камандаваньнем, лейтэнант Бандык аддаў загад сваёй роце сыходзіць у лес. Разам зь ім пайшлі 150 добра ўзброеных жаўнераў і 3 афіцэры (Іваніцкі, Мохарт і Дрозд). Вядома, што на наступны дзень лейтэнанты Мохарт і Дроздвыйшлі зь лесу і далучыліся да сваіх сем’яў, якія адступалі на Захад. Аднак былі распазнаныя і расстраляныя немцамі (Спробы стварэньня беларускага войска, б.68; Акула К. Змагарныя дарогі. Менск, 1994, б.33).
Пра тое, што аддзел Бандыка ня думаў далучацца да савецкай партызанкі,а меў на мэце арганізацыю беларускага партызанскага аддзелу, фактычна, сьведчыць Кушаль: “Афіцэры, якія пакінулі батальён у Аўгустове, ня мелі намеру здрадзіць” (Спробы стварэньня беларускага войска, б.68). Варта зазначыць, што 13-ты батальён браў удзел у баях супраць партызанаў у Беларусі, меў немалы вайсковы досьвед. Таму, калі партызаны Антона Бандыка летам-восеньню 1944 г. разгарнулі антысавецкую барацьбу, дык, верагодна, прынесьлі бальшавікам немалыя клопаты.
У справаздачы з акцыі “Бура” акругі “Ольхы” аддзела 1-га палка ўланаў крэхавэцкіх Арміі Краёвай ад 25 лютага 1945 г., праўдападобна, згадваецца ротаБандыка. У дакумэнце паведамляецца пра пераход 14 ліпеня 1944 г. на бок польскіх партызанаў каля Аўгустова роты 11-га беларускага батальёну СС (4 афіцэры, 19 падафіцэраў, 90 шэрагоўцаў). Тут відавочная памылка, бо вядзецца якраз пра 13-ты батальён. Польскія партызаны ў сваёй справаздачы пасьпяшылі прыпісаць на сваю карысьць заслугі ў пераходзе ў лес беларускага аддзелу (нібыта, спрацавалі ўлёткі АК). Але ў гэта слаба верыцца — байцы Бандыка, відаць, натрапілі на акоўцаў ужо ў лесе. З дакумэнта вынікае, што за аддзелам Бандыка ішла яшчэ адна рота, якая “заблукала ў лесе”, і яе не знайшоў патруль АК.
Палякі не пакінулі асобную беларускую вайсковую адзінку, а сфармавалі на яе аснове атрад “Шчапа” пад камандаваньнем падпаручніка Станіслава Кота (складаўся з 60 чалавек і дзеяў на прамежку Саенэк — Аўгустоў, Балінка — Кольніца — Аўгустоў). Яшчэ да таго акоўцы вельмі апэратыўна праверылі нацыянальны склад бандыкаўцаў і высьветлілі, што сярод іх 60% — беларусы, 40% — палякі. Нам падаецца, што гэты падзел рабіўся хутчэй па канфэсійнай прыналежнасьці байцоў і большасьць гэтых “палякаў” былі каталікамі. Ужо 15 ліпеня атрад “Шчапа” раззброіў пастарунак чыгуначнай варты на станцыі Саенэк, здабыўшы зброю, боепрыпасы і 7 палонных. У той жа дзень партызаны зрабілі засаду на шашы Саенэк — Ліпск, у выніку якой зьнішчылі 4 нямецкіх аўтамашыны, і адыйшлі на базу бяз страт. Па разьвязаньні АК усе партызаны гэтага атрада былі дэмабілізаваныя і распушчаныя па хатах.. (A.Suchcitz. Dzieje 1 pulku ulanow krechowieckich. 1941 — 1947. Londyn, 2002. S. 295-297)
Са згаданай справаздачы ўсё ж не ясны лёс большасьці беларускіх жаўнераў. Калі дапусьціць, што ў атрадзе “Шчапа” сярод 60 партызанаў усе былі бандыкаўцамі (а гэта малаверагодна, падпаручніка Кота не маглі прызначыцьу аддзел аднаго), дык застаецца невядомым лёс яшчэ паўсотні чалавек і самога Бандыка. Альбо іх раскідалі па іншых аддзелах, альбо некаторыя на наступны дзень вярнуліся, як Мохарт і Дрозд, альбо арганізаваным парадкам частка роты накіравалася на ўсход, на беларускія землі. У апошнім выпадкусьлед групы мог застацца ў апэратыўных дакумэнтах дзяржбясьпекі.
Сяргей Ёрш, Юры Грыбоўскі
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|