|
Выкрыцьцё антысавецкай групы капітана Чугунова
Летам 1944 г. вайсковая пракуратура Беларускай вайсковай акругі выкрылападпольную антысавецкую афіцэрскую групу, якая на гэты момант дзейнічала ўжо восем месяцаў.
Паводле “Агляду пра судзімасьці афіцэрскага складу па БВА за III квартал і кастрычнік месяц 1944 году”, падрыхтаванага ў лістападзе 1944-га старшым памочнікам ваеннага пракурора БВА падпалкоўнікам юстыцыі Ўласавым, група дзейнічала ў 7-ым гвардзейскім мэханізаваным корпусе, які дысьлякаваўся ва Ўсх. Беларусі. Сябрамі яе былі, прынамсі, тры чалавекі: “нач. ПФС брыгады” старшы лейтэнант Іпатаў, намесьнік камандзіра батальёну па шыхтавойчастцы капітан Чугуноў і малодшы лейтэнант Сінюкоў. Толькі Чугуноў быў сябрам камуністычнай партыі, астатнія — беспартыйныя. Са сьнежня 1943 г. янывыдавалі “нелегальны часопіс “Пшено” антысавецкага кірунку”, нібыта, таксама займаліся антысавецкай прапагандай.
У чэрвені 1944 г. адбылося штосьці незразумелае. Сябры групы вырабілі нейкія пячаткі і штампы, зрабілі дакумэнты, з дапамогай якіх Чугуноў 11 чэрвеня “дэзэртыраваў”. Альбо ён адчуў, што ім зацікавіліся асабісты, і ўцякаў адмагчымага арышту, альбо шукаў кантакты з антысавецкім падпольлем. Два месяцы шукалі капітана Чугунова, пакуль урэшце не схапілі 12 жніўня. Праўдападобна, на допытах ён назваў сяброў. А ўжо 15 верасьня ўсе тры афіцэры былі пазбаўленыя вайсковых рангаў і асуджаныя на 10 гадоў зьняволеньня кожны.
“Такім чынам на працягу 8 месяцаў антысавецкая група мела магчымасьцьправодзіць сваю варожую працу, ня будучы выкрытай”, — пісаў падпалкоўнік Уласаў.* Многія расейскія, беларускія ды ўкраінскія антысавецкія арганізацыі ў 1944-1945 гг. спадзяваліся на магчымую “рэвалюцыю ў Чырвонай Арміі”. Спадзяваліся дарма, бо ўсе армейскія “вальнадумцы” у афіцэрскім асяродзьдзі альбо знаходзіліся пад кантролем савецкіх спэцслужбаў, альбо арыштоўваліся на самым пачатку сваёй дзейнасьці. Нешматлікія “рэвалюцыйныявыступленьні” хутка падаўляліся “Сьмершам” і войскамі НКВД, а “паўстанцы” у лепшым выпадку пасьпявалі сыйсьці ў лес.
Аляксей Кавалёў, г. Менск
Спасылка:
*НА РБ, ф.4, в.37, спр.157, арк.113. Машынапіс.
Арышт у Менску актывіста БНП. 1945 год
У сьценаграме аднаго са сходаў партактыву Менскага гаркаму КП(б)Б ад 1945году ёсьць тэкст выступу сакратара партарганізацыі НКГБ Марозкіна. Ён, у прыватнасьці, паведаміў камуністам пра выкрыцьцё у сталіцы “небясьпечнага злачынцы”, які аказаўся сябрам Беларускай незалежніцкай партыі.
Прозьвішча гэтага чалавека Марозкін не называе, пазначыўшы яго літарай “В”. “Некаторы час таму назад да аднаго савецкага грамадзяніна, на нацыянальнасьці беларус[а], папрасіўся на кватэру нехта [...] у форме вайскоўца”, — пачаў ён свой расповяд. Неўзабаве гаспадар кватэры заўважыў дзіўныя паводзіны свайго кватаранта: “вайсковец, а ня мае пэўных заняткаў”. Ён паведаміў пра свае падазрэньні ў НКГБ.
“Дзякуючы пільнасьці гэтага грамадзяніна і добра праведзенай праверкі “В”, было ўстаноўлена, што “В” у гады нямецкай акупацыі з 1942 г. зьяўляўсяактыўным сябрам нямецка-беларускай нацысцкай арганізацыі, т. зв. “БНП”, па заданьням якой праводзіў вярбовачную работу і ўцягнуў у “БНП” некалькі чалавек. Пасьля, як сябра гэтай арганізацыі быў залічаны ў адзін з батальёнаў т. зв. “БКА” на камандную пасаду. Удзельнічаў у баях супраць сыноў беларускага народу — беларускіх партызанаў”, — гаварыў таварыш Марозкін.
Летам 1944 г. згаданы сябра БНП дзесьці “з-пад Менску” адступіў у Польшчу, дзе быў накіраваны ў распараджэньне варшаўскага Беларускага камітэту. Тады ж ён патрапіў у разьведвальную школу ва Ўсходняй Прусіі (праўдападобна — Дальвіц), якой кіравалі і немцы, і “ўпаўнаважаныя “БНП”. Паводле Марозкіна, “школа рыхтавала тэрарыстаў, дывэрсантаў і яны ж павінны былі быць арганізатарамі і кіраўнікамі падпольных ячэек “БНП”. “В” быў закінутына тэрыторыю Беларусі, але, як вынікае з гэтага дакумэнту, неўзабаве быў арыштаваны. (Дзяржаўны архіў Менскай вобласьці, ф. 69-П, в.1, спр. 28, арк. 165, 166).
На жаль, выкладзеная вышэй інфармацыя не дае магчымасьці ўстанавіць прозьвішча арыштаванага сябра Беларускай незалежніцкай партыі.
Падрыхтаваў Людвіг Цыбульскі, г. Менск
Дывэрсіі на лініях сувязі ў Беларусі ў лістападзе 1945 году
Восеньню 1945 году ў БССР пачасьціліся выпадкі пашкоджаньняў лініяў сувязі невядомымі асобамі. У верасьні-кастрычніку паміж вёскамі Пеліпы і Земцы ў Шаркоўшчынскім раёне Полацкай вобласьці былі зафіксаваныя 4 выпадкі зьняцьця дратоў з унутрыраённай тэлефоннай лініі. 1-2 лістапада 1945-га падобная дывэрсія адбылася ў Папоўскім сельсавеце (Шаркоўшчына), дзе невядомыя зьнялі тры пралёты дроту ў трох месцах лініі, а паміж вёскамі Курыловічы і Земцы, каля Гарадзішча, разьбілі ізалятары.
14 лістапада 1945 г. на ўчастку Ашмяны — Меднікі (3 км ад Меднікаў) былі сьпілаваныя два слупы і зьняты дрот. У выніку дывэрсіі, было парушана дзеяньне магістральнай тэлеграфна-тэлефоннай сувязі Менск — Горадня, Масква — Вільня, Масква — Кэнігзбэрг. Праз пяць дзён, 19 лістапада 1945 г., на ўчастку Фаніпаль — Дзяржынск на 590 слупе быў зроблены наўмысны накід тонкага чорнага дроту, які быў выяўлены пасьля доўгіх пошукаў. Некалькі гадзінаў не працаваў магістральны ланцуг Менск — Берасьце — Варшава — Бэрлін. А менавіта праз гэтыя тэлефонныя і тэлеграфныя каналы Масква трымала сувязь са штабамі акупацыйных войскаў у Польшчы і Нямеччыне.
Упаўнаважаны наркама сувязі СССР пры СНК БССР Краўчук пісаў 4 сьнежня 1945-га ў лісьце да сакратара ЦК КП(б)Б Маліна і наркама ўнутраных спраў БССРБельчанкі:
“Улічваючы, што ўсе сродкі сувязі, асабліва ў цяперашні час, у сувязі з правядзеньнем падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў у Вярхоўны Савет Саюза ССР неабходна ўзмоцніць барацьбу са зламысьнікамі і ўзмацніць назіраньне за лініямі сувязі з прыцягненьнем на гэты час мясцовага партыйнага, савецкага і камсамольскага актыву” (НА РБ, ф.4, в.18, спр.50, арк.22).
Падрыхтаваў Людвіг Цыбульскі
Падпольная беларуская арганізацыя дзеяла 10 гадоў
У кнізе INFORMATOR o nielegalnych antypanstwowych organizacjach i bandach zbrojnych dzialajacych w Polsce Ludowej w latach 1944-1956 (Ministerstwo Spraw Wewnetrznych, Biuro”C”, Tajne!, Warszawa, 1964), перавыдадзенай у Любліне ў 1993 годзе, ёсьць згадка пра невядомую нам дагэтуль беларускую падпольную арганізацыю — “Bialoruscy Nacionalisci” (“Беларусы Нацыяналісты”). Паведамляецца, што арганізацыя мела разьведвальны характар і дзейнічала ў Быдгашчы, Лодзі і Варшаве ў 1944 — 1954 гадах. Гэта значыць 10 гадоў! “Беларусы Нацыяналісты” налічвалі каля 25 чалавек. У кнізе называюцца і некаторыя яе кіраўнікі: Завадзкі (ён жа Яворскі – Zawadski vel Jaworski), Васіль Макарэвіч (Bazyli Makarewicz) і Дзіянісі Зыбайла (Dionizy Zybajlo) (б. 181).
Колькі слоў пра самую кнігу. Яна была выпушчаная пад грыфам “сакрэтна”ў якасьці навучальнага дапаможніка для супрацоўнікаў польскай дзяржбясьпекі. Пераважная частка кнігі прысьвечаная акаўскім, эндэкаўскім і іншым польскім антысавецкім групоўкам, а таксама ўкраінскім, гітляроўскім і клерыкальным арганізацыям, бандам бяз вызначанай ідэалягічнай афарбоўкі, якія дзейнічалі на тэрыторыі ПНР у пэрыяд з 1944-га да 1956 г. Толькі адна арганізацыя мае відавочна беларускую арыэнтацыю — гэта згаданыя вышэй“Беларусы Нацыяналісты” (раздзел “Маладзёжныя арганізацыі – Organizacje mlodziozowe).
Інфармацыя пра гэтую нелегальную беларускую арганізацыю была зьмешчаная і ў бюлетэні Instytuta Pamieci Narodowej: http://www.ipn.gov.pl/biuletyn/3/biuletyn3_34.html Там пазначана, што яна дзейнічала ў 1945 — 1954 гадах.
Алесь Раманюк
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі
Беларускага Рэзыстансу
|