Сённяшнія клопаты беларускай гістарыяграфіі
В. П. Грыцкевiч
Гiстарычная навука займае ў фармаваннi
нацыянальнай свядомасцi значнае месца. Згодна мяркаванню польскага даследчыка
Ю. Хлябоўчыка,
навуковае гiстарычнае асэнсаванне мiнулага з’яўляецца, ўздагон за
лiнгвiстычнай фазай утварэння нацыi, ягонай другой фазай. Таму варта
паспрабаваць разабрацца ў асноўных
накiрунках развiцця беларускай нацыянальнай гiстарычнай навукi.
Спробы асвятлiць напрамкi развiцця беларускай гiстарыяграфii XX ст. былi зроблены аўтарам гэтых
радкоў у
серыi артыкулаў на
працягу 1988—1996 гг.
Апошнiм часам у Расii i Польшчы з’явiлася яшчэ некалькi аглядаў або пэўных прац,
або пэўных
пытанняў
беларускай гiстарыяграфii сучаснага перыяду
(менавiта ў
якi сiтуацыя ў
гiстарычных ведах значна змянiлася), але ў гэтых аглядах не была зроблена
спроба ахапiць агульныя тэндэнцыi развiцця беларускай гiстарычнай навукi. Сёння
падобны агляд можна палiчыць патрэбным у сувязi з тым значэннем, якое надаецца
дзяржаўнай
уладай Беларусi гiстарычнай адукацыi.
15 жнiўня 1995 г. Галоўнае ўпраўленне
грамадска-палiтычнай iнфармацыi прэзiдэнта Беларусi перадало па каналах
агенцтва “Белiнформ” аб маючым быць зняццi з навучання падручнiкаў i
дапаможнiкаў
1992—1995 гг. па грамадскiх i гуманiтарных дысцыплiнах i вяртаннi да старых,
савецкiх. Каб зразумець прычыны, па якiх гэтая справа набыла цяпер на Беларусi
дзяржаўнае
значэнне, варта вярнуцца ў мiнулае i ўспомнiць,
што ўласна
беларуская гiстарычная навука пачала фармавацца толькi на пачатку XX ст., пад
час спроб вызвалення беларусаў з-пад нацыянальнага прыгнёту. Яе
развiццё з канца 1920-х гг. было спынена, а яе дзеячы рэпрэсаваны. У
гiстарычных ведах рэспублiкi зноў запанавала даўняе
расiйскае адмаўленне
самастойнасцi гiстарычнага лёсу Беларусi.
Паколькi канкрэтныя формы ўплыву
iдэалагiчнай палiтыкi камунiстаў на гiстарычную навуку Беларусi
былi разабраны намi ў
шэрагу ранейшых публiкацый, звярнем увагу выключна на асноўныя зрухi ў беларускай
гiстарычнай думцы апошнiх некалькiх год. Даўгачасная
палiтызацыя гiстарычных ведаў ва ўсiм
Савецкiм Саюзе прывяла да насаджэння схемы разгляду ўсяго
мiнулага (як i сучаснага) выключна ў чорна-белых колярах, да
аднабаковага выкарыстання крынiц i iх некрытычнай iнтэрпрэтацыi, да
недастатковага знаёмства гiсторыкаў з замежнымi даследваннямi.
Адносна ж Беларусi i iншых прыяднаных Расiяй нерускiх тэрыторый гiстарычная
дактрына камунiзму фактычна звярнулася да старой iдэi немагчымасцi iхняй
самастойнасцi i развiцця па-за межамi апекi Расii.
Мэтанакiраваны адбор гiсторыкаў,
адпаведных запатрабаванням рэжыму, прывёў да таго, што з 662-х гiстарычных
доктарскiх i кандыдацкiх дысертацый у Беларусi 1961—1987 гг. 90% былi абаронены
па спецыяльнасцi “Гiсторыя КПСС”, прычым i сярод астатнiх пераважаючая бальшыня
мала чым адрознiвалася ад папярэднiх, бо была прысвечана гiсторыi БССР або
класавай барацьбы. Як пiшуць складальнiкi адпаведнага бiблiяграфiчнага спiса,
дысертацыйная распрацоўка
праблем гiсторыi за гады Савецкай улады “прошла плодотворный путь развития на
основе марксистско-ленинской методологии и достигла больших творческих успехов
“.
Аб гэтых поспехах сведчаць нават загалоўкi, значная колькасць якiх
пачынаецца са слоў
“Дзейнасць Камунiстычнай партыi Беларусi”, пасля чаго йдуць выразы тыпу: “па
паляпшэнню складу партыйных шэрагаў“, “па прыцягненню працоўных да
кiравання дзяржавай”, “па развiццю творчай актыўнасцi
народных мас”, “па iдэйна-палiтычнаму выхаванню сялянства” i г. д.
Вядома, што найбольш сфальсiфiкаванымi ў савецкай
гiстарычнай навуцы былi менавiта гiсторыя камунiстычнай партыi i блiзкая да яе
гiсторыя савецкага перыяду ў Расii, на Беларусi i ў iншых
саюзных рэспублiках. У беларускай гiстарыяграфii, у адрозненне ад рускай, гэта ўсведамляюць
недастаткова. Пры аб’ектыўным жа разгледжаннi практычна не
застаецца анiводнага эпiзода, якi б гiсторыя КПСС цi гiсторыя СССР асвятлялi б
у адпаведнасцi з праўдаю.
Абедзве гэтыя дысцыплiны поўнасцю пазбавiлiся крытычнага
аналiзу фактаў.
Кожны пастулат даказваўся
цытатаю з выступаў
кiруючых дзеячоў,
матэрыяламi з’ездаў i
пленумаў ЦК
КПСС[4].
У гэтых умовах творчая свабода не была цалкам падаўлена толькi
ў
часткi гiсторыкаў,
якiя аддалi перавагу сумленню перад “хатняй ганьбаю” (пазычу словы Цыпрыяна
Норвiда, якiя прывеў Я.
Тшандаль у сваiм iнтэрв’ю з польскiмi
пiсьменнiкамi). I яны адшуквалi сваю “экалагiчную нiшу”, уходзячы ў вывучэнне
ранейшых перыядаў.
Мала каму ўдалося
не толькi захаваць сваю асабiстасць, але i стварыць такiя працы, якiя па-сапраўднаму
рухалi наперад навуку; ды і то было магчыма хiба па-за межамi
гiстарычных iнстытутаў i
кафедр унiверсiтэтаў
БССР —“кольцаў i
вiнцiкаў”
сiстэмы на чале з ЦК КПСС i ЦК КПБ[5].
Кiруючыя колы, адчуваючы наблiжэнне эканамiчнай i
палiтычнай катастрофы, вымушаны былi пайсцi на пэўныя ўступкi,
трохi адпусцiўшы
iдэалагiчныя цуглi, у якiх трымалi людзей. Нечаканы дазвол пiсаць тое, што
думаеш, даў
магчымасць з канца 1980-х гг. тым беларускiм гiсторыкам, якiя i раней разумелi
непаўнавартаснасць
гiстарычных ведаў
пра мiнулае Беларусi, выступаць у друку i прапанаваць выйсце з iх крызiсу.
Адначасова рэзка актывiзавалась выдавецкая дзейнасць у гэтай галiне.
Пачатак склалi энцыклапедыi i даведнiкi па гiсторыi i памежных
дысцыплiнах. Выйшлi ў
свет “Францыск Скарына i яго час” (Мн., 1988; пераклад на рускую мову: Мн.,
1990), “Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588” (Мн., 1989),
“Этнаграфiя Беларусi” (Мн., 1989), “Беларусь у Вялiкай Айчыннай вайне
1941—1945” (Мн., 1990), “Археалогiя i нумiзматыка Беларусi” (Мн., 1993),
“Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi. X—XIX стагоддзі” (Мн.,
1995). У пэўнай
меры падагульняючай (на дадзеным этапе) працай з’явiлася шасцiтомная
“Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi” (Т. 1—4. Мн., 1993—1997). З 1992 г. выдаецца
бiблiяграфiчны штогоднiк “Новая лiтаратура па гiсторыi i гiстарычных навуках
Беларусi”.
Былi надрукаваны гiстарычныя альманахi “З гiсторыяй на
“Вы” (Вып. [1]—3. Мн., 1991—1994) i “Адраджэнне” (Мн., 1995). Пачалося выданне
новых часопiсаў i
перыядычных зборнiкаў: у
Мiнску сталi выходзiць “Беларуская мiнуўшчына”, “Беларускi гiстарычны
агляд”, “Беларускi гiстарычны часопiс”, “Годнасьць”, “Байрам. Татары на зямлi
Беларусi”, “Спадчына”; у Вiцебску “Вiцебскi сшытак”; у Гродне “Гарадзенскiя
запiсы”, “Наш радавод” i “Сьвiцязь”; у Магiлёве “Магiлёўская даўнiна”; у
Полацку “Полоцкий летописец”; у Беластоку “Białoruskie
zeszyty historyczne”.
Разгорнулася выданне i перавыданне даўнiх i
класiчных прац беларускай гiстарыяграфii, якiя хавалiся ў архiвах
або друкавалiся на Захадзе i знаходзiлiся ў БССР пад
забаронай. Сярод iх адзначым “Беларусь в исторической, государственной и
церковной жизни” А. Мартаса (Мн., 1990), “Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi” У.
Iгнатоўскага
(Мн., 1991), “Кароткую гiсторыю Беларусi” В. Ластоўскага (Мн.,
1992), “Беларусь учора i сёння” Я. Найдзюка i I. Касяка (Мн.,
1993), “Западно-руссизм”. Нарысы з гiсторыi грамадзкай мысьлі на
Беларусi ў
XIX i пачатку XX в.” А. Цьвiкевiча (Мн., 1993), “Асновы дзяржаўнасцi
Беларусi” i “Гiсторыю Беларусi” М. Доўнар-Запольскага (абедзве — Мн.,
1994), “Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного
движения белорусов” Ф. Турука (Мн., 1994).
З’явiўся i шэраг новых манаграфiй па
малавядомых або спрэчных праблемах гiсторыi: напр., працы М. Ермаловiча — “Па
слядах аднаго мiфа” (Мн., 1989; 2-е выд. Мн., 1991), “Старажытная Беларусь.
Полацкi i новагародскi перыяды” (Мн., 1990), “Старажытная Беларусь. Вiленскi
перыяд” (Мн., 1994); Ю. Туронка — “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (Мн.,
1992); В. Кiпеля — “Беларусы ў ЗША” (Мн., 1993); Г. Сагановiча —
“Войска Вялiкага княства Лiтоўскага ў XVI—XVII
ст.” (Мн., 1994) i “Невядомая вайна. 1654—1667” (Мн., 1995); калектыўныя “Нарысы
гiсторыi Беларусi” пад рэдакцыяй М. Касцюка i iнш. (Ч. 1—2. Мн., 1994—1995); i г. д.
Нарэшце, новая сiтуацыя ў гiстарычных ведах зрабiла ўплыў i на вучэбную i масавую лiтаратуру. Выйшлi
дапаможнiкi для школьнiкаў,
абiтурыентаў,
студэнтаў.
Названыя працы адлюстроўваюць галоўныя
тэндэнцыi развiцця беларускай гiстарычнай навукi апошнiх гадоў, што дае
падставу абмежавацца тут спробай аналiзу гэтых тэндэнцый на аснове пералiчаных
некалькiх дзясяткаў
выданняў.
На мой пункт погляду, у гiстарыяграфii Беларусi сёння
наглядаюцца чатыры галоўныя
накiрункі.
Першы — крытычны — прадстаўляюць лiчаныя навукоўцы
старэйшага пакалення, якiя працавалi, адвяргаючы марксiсцкiя догмы, насуперак
панаваўшым
пры таталiтарным рэжыме ўстаноўкам i раней
адстойвалi ўяўленнi аб
Беларусi як краi з адметнымi шляхамi гiстарычнага развiцця i асобнай культурай
(Анатоль Грыцкевiч, Мiкола Ермаловiч, Генадзь Кiсялёў, Арсень
Лiс, Адам Мальдзiс, Мiхась Ткачоў, Iосiф Юхо). Да iх можна далучыць
беларускiх дыяспарных гiсторыкаў Янку Запруднiка, Вiтаўта Кiпеля,
Юр’я Туронка.
Менавiта прадстаўнiкi гэтага кола пiсалi прадмовы i
пасляслоўi
да большасцi цяперашнiх перавыданняў класiкаў
дэмакратычнай беларускай гiстарыяграфii першай трэцi XX ст., паколькi
працягвалi ў
сваёй творчасцi традыцыi гэтай гiстарыяграфii. Да iх далучылiся гiсторыкi
маладзейшага ўзросту,
сярод якiх варта назваць А. Краўцэвiча, М. Нiкалаева, Г.
Сагановiча, А. Сiдарэвiча, С. Тарасава, а ў Польшчы А.
Латышонка, А. i Г. Мiрановiчаў. У часткi гэтых гiсторыкаў веданне
гiстарычных крынiц i даследванняў спалучаецца з нядрэннымi ведамi
немарксiсцкай метадалогii гiсторыi. Аб гэтым сведчыць, у прыватнасцi,
друкаванне ў
рэдагуемым Г. Сагановiчам часопiсе “Беларускi гiстарычны агляд” арыгiнальных i
перакладных прац высокага метадалагiчнага ўзроўню. Кожны з
iншых пералiчаных вышэй гiстарычных часопiсаў выконвае
добрую выхаваўчую
ролю, за выключэннем рускамоўнага
“Полоцкого летописца”, якi адзначаецца на рэдкасць нiзкай прафесiйнай якасцю
публiкацый у параўнаннi з iншымi
гiстарычнымi выданнямi.
Зразумела, згодна традыцыйным устаноўкам
савецкай гiстарыяграфii, прыхiльнiкi памянёнага накiрунку расцэньваюцца ў
акадэмiчных i унiверсiтэцкiх колах як “нацыяналiсты”. Рускі аўтар Дз. Валадзiхiн
нядаўна
надрукаваў
свае назiраннi над працэсамi, што працякаюць у сучаснай беларускай гiстарычнай
навуцы, i грэблiва назваў
Iнстытут гiсторыi Акадэмii навук Беларусi “законодателем мод” ва ўмовах
“очевидного взлета авторитета исторической науки в Белоруссии, связанного с
необходимостью наполнения историческим содержанием официальной идеологии
Белорусского государства”.
Такая характэрыстыка заснавана на непаразуменнi. Яна абвяргаецца шматлiкiмi
публiкацыямi ў
беларускiм друку, дзе Iнстытут гiсторыi падвяргаўся
абгрунтаванай крытыцы за петрыфiкацыю старых палажэнняў
дарэвалюцыйнай русiфiкатарскай школы.
Дазволю сабе дапусцiць, што Дз. Валадзiхiн iранiчна
адгукнуўся
аб гэтым iнстытуце таму, што намеснiк яго дырэктара, доктар гiстарычных навук
М. Бiч апублiкаваў у
канцы 1991 г., ужо пасля абвяшчэння незалежнасцi, “Канцэпцыю нацыянальнай
гiсторыi Беларусi” i, такiм чынам, далучыўся да нацыянальна асэнсоўваючых
гiсторыю навукоўцаў. Трэба
прызнаць, што канцэпцыя, распрацаваная пад кiраўнiцтвам М.
Бiча, сапраўды
з’яўляецца
сур’ёзным крокам наперад у беларускай гiсторыяграфii ў параўнаннi са
старымi поглядамi на мiнулае Беларусi як правiнцыi Расii (а потым Савецкага
Саюза).
Падобна да таго, што менавiта гэта i выклiкала незадаволенасць Дз. Валадзiхiна.
Iнакш ацанiў канцэпцыю М. Бiча маскоўскi
гiсторык Ю. Барысёнак. Ён падкрэслiў, што аўтар
канцэпцыi, адвяргаючы “прарасiйскiя вялiкадзяржаўныя ўстаноўкi
беларускай савецкай гiстарыяграфii”, заклiкаў прыняць на
ўзбраенне
асноўныя
палажэннi беларускiх аўтараў пачатку XX
ст. (iснаванне беларускага этнасу ў дамангольскiя часы, княствы
Верхняга Панямоння як ядро ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага,
каланiяльнае палажэнне Беларусi ў складзе Расiйскай iмперыi і інш.). Можа
скласцiся ўражанне,
адзначае Ю. Барысёнак, што ў гэтым пункце М. Бiч крочыць за
тымi гiсторыкамi i лiтаратарамi, якiя з канца 1980-х гг. актыўна
развiваюць гэтыя погляды. Аднак у Бiча канцэпцыя нацыянальнай гiсторыi (якая
прэтэндуе на ролю афiцыйнай) набывае трохi iншыя рысы. “Несмотря на филиппики
против “марксистско-ленинско-сталинской” методологии и заверения в верности
гуманистическим и общечеловеческим ценностям, взгляды Бича по сути дела имеют
отчетливо выраженный марксистский характер, о чем свидетельствует как
терминология автора, так и многочисленные апелляции к наследию К. Маркса при
рассмотрении средневековой истории восточных славян”.
Пад уплывам абвяшчэння незалежнасцi Беларусi часткова
адмовiлiся ад сваiх поглядаў некаторыя гiсторыкi, якiя да тае
пары выступалi супраць спроб перагляду русацэнтрычнай дактрыны. Гэта атрымала
адлюстраванне ў пэўных
раздзелах кнiг “Нарысы па гiсторыi Беларусi” (Ч. 1—2. Мн., 1994—1995) і “Дапаможнік па гісторыі Беларусі для
паступаючых у ВНУ” (Мн., 1995), але, падкрэслiваю, толькi ў частцы
раздзелаў.
Такое становiшча можна растлумачыць тым, што гэтыя кнiгi напiсаны, па добрай
савецкай звычцы, грувасткiм калектывам аўтараў: у першым
выпадку з Беларускага i Гродзенскага унiверсiтэтаў, а ў другiм — з
Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук Беларусi. Менавiта пра працу падобных штучна
складзеных калектываў
акадэмiк У. Вернадскi пiсаў калісьці ў сваiм
дзённiку: “Работа Института “коммунистическая”— дорого стоит и плохого
качества. Много сотрудников, которые ничего не делают”.
Мазаiчнасць, пярэстасць, стракатасць, няроўны ўзровень
гэтых выданняў
адлюстроўваюць
стары прынцып безадказнасцi аўтараў за
раздзелы сваiх сааўтараў i
абязлiчкi тэксту. Тут пераважае дзейнасць гiсторыкаў, творы
якiх можна аднесцi да трэцяй — вычакальнай — плынi.
Яны засталiся на ўзроўнi лёгкай,
казытаючай крытыкi “асобных памылак i недахопаў“
камунiстычнага рэжыму, разлiчваючы на магчымасць ягонага паляпшэння пры больш
разумным кiраўнiцтве.
Гэта тэндэнцыя існавала
ў
рускай савецкай гiстарыяграфii семь-восемь гадоў таму i
зараз трывала там забыта. У памянёных жа “Дапаможнiку” i “Нарысах” падобны падыход
цвiце яркiм цветам. Там можна сустрэць адмаўленне
iснавання пэўных
гiстарычных фактаў
(Слуцкага ўзброенага
чыну 1920 г.),
iдэнтыфiкацыi падзей на Беларусi з падзеямi ў Расii i на
Украiне,
замоўчвання
ўдзелу
бальшавiцкага кiраўнiцтва
ў
лiквiдацыi БССР пад час савецка-польскай вайны 1919—1920 гг. цi нават самой
савецка-польскай вайны[16],
і г.
д.
Па-старому гiсторыя Заходняй Беларусi ў складзе
Другой Рэчы Паспалiтай Польскай разглядаецца як суцэльнае няшчасце, хаця
падобнае асвятленне абвяргаецца ў iншых раздзелах кнiг дадзенымi аб
пэўных
поспехах беларускай адукацыi i друку ў Заходняй Беларусi ў 1919—1939
гг. Па-старому фальсiфiкуецца сутнасць выбараў у Народны
сход Заходняй Беларусi (як i ўвогуле кожных выбараў у савецкiя
часы), якiя нiбыта былi свабодным волевыяўленнем народу. “Дапаможнiк” i
“Нарысы“ абмяжоўваюцца
тут чыста прапагандысцкiмi тэрмiнамi — “воля народу”, “воля працоўных мас”,—
без улiку ані
дадзеных сацыялогii i псiхалогii, ані саміх
тагачасных з’яў
савецкай рэчаiснасцi. Пры выкладаннi iнфармацыi не ўказваецца
шматзначнасць паняццяў,
дыскусiйнасць ацэнак, няма павагi да чужых мяркаванняў.
У памянёных кнiгах нельга сустрэць сацыялагiчных
характарыстык аўтарытарызму
i таталiтарызму, нiбы гэтыя паняццi не маюць нiякага дачынення да гiсторыi
Беларусi. Трагедыя беларускага народу ў савецкi перыяд тлумачыцца
“сталiнскiм рэжымам”, дэфармацыямi ўвогуле слушнага камунiзму цi
пазанавуковым тэрмiнам “дзейнасць антыбеларускiх сiл”. Асабліва падкрэслівае гэту
тэндэнцыю вылучэнне з лiку камунiстычных кiраўнiкоў Ю.
Андропава, К. Мазурава, П. Машэрава, якiя нiбыта хацелi навесцi ў савецкай
дзяржаве нейкi парадак, нiбыта такi ў ёй магчымы.
Па-старому суцэльна iгнаруюцца пытаннi аб становiшчы
нацыянальных меншасцяў у Беларусi
(як у “Нарысах”, так i ў
“Дапаможнiку”). Здзiўляюць
раздзелы, прысвечаныя нiбыта самастойнай знешняй палiтыцы Беларускай ССР, або
актыўнасцi
камунiстычных i падкамунiстычных арганiзацый, здзiўляе падмена
апiсання рэальных падзей у БССР падлiкам працэнтаў i
пералiкам прозвiшчаў
перадавiкоў
вытворчасцi, навукоўцаў (апошнiх —
амаль суцэльна са складу Акадэмii навук), лiтаратараў, мастакоў. Тут зноў паўтараюцца
жданаўскiя
ацэнкi творчасцi мастакоў,
якая не ўлазiла
ў
пракрустаў
ложак сацыялiстычнага рэалiзму. Гэтыя выданнi традыцыйна дэперсанiлiзуюць
гiсторыю згодна марксiсцка-ленiнскiм канонам.
Я не назваў яшчэ прадстаўнiкоў чацвёртага
— захаваўчага
— напрамку беларускай гiстарычнай навукi — людзей, што, як калiсьцi Бурбоны,
нiчога не навучылiся i наўрад цi навучацца. Гэтыя гiсторыкi
актыўна
абараняюць марксiсцка-ленiнскiя погляды на мiнулае. Тыповым прыкладам падобнай
творчасцi могуць служыць манаграфiя А. Залескага i П. Кобрынца “О национальных
отношениях в Советской Белоруссии” (Гродно, 1992) цi вынiкi рэдактарскай працы ў апошнiх тамах
“Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi” i ў першых тамах унiверсальнай
18-томнай “Беларускай энцыклапедыi” (Т. 1—4. Мн., 1996—1997).
Здаецца, менавiта прадстаўнiкi гэтага
накiрунку i будуць прыцягнутыя да напiсання новых (па сутнасцi старых)
дапаможнiкаў па
гiсторыi i адпаведных навуковых прац для ўзнаўлення
мадэрнiзаванай у 1930-я гг. расiйскай iмперскай канцэпцыi гiсторыi, якая
адпавядала ўстаноўкам КПСС на
злiццё моў i
культур выхаванага ў
камунiстычным духу насельнiцтва былога СССР. Iдэя па сутнасцi неаславiсцкая.
Яна адлюстроўвае
курс на лiквiдацыю дзяржаўнасцi Беларусi на карысць Расii, а
беларускай мовы на карысць рускай, пазбаўлення беларусаў
гiстарычнай свядомасцi i канцэпцыi самастойнай, нацыянальнай культуры.
Дз. Караў пiша, што падзеi другой паловы
1980-х гг. паказалi памылковасць ранейшых гiстарычных канцэпцый, што прывяло
“значную колькасць беларускiх даследчыкаў старэйшага i нават сярэдняга
пакалення ў
стан часовага шоку”.
Але тэксты “Дапаможнiка”, “Нарысаў“, гродзенскай “Гiсторыi Беларусi”
не падцвярджаюць гэтага тэзiсу. Пасля шоку такога, што напiсана ў гэтых
выданнях, не пiшуць. Хутчэй за ўсё, аўтары
падобных тэкстаў
разглядаюць 1991—1995 гг. як выпадковасць, як вымушанае часовае адступленне,
пасля чаго зноў
можна будзе вярнуцца да старых ацэнак, ад якiх
не так ужо далёка i адыйшлi (другiя ж проста не мянялi сваiх пазiцый,
паколькi духоўна
засталiся ў
той эпосе, калi прынятая сiстэма вартасцяў здавалася ўсталяванай
раз i назаўсёды).
Цiкава, што размежаванне па накiрунках беларускiх гiсторыкаў натуральна
адлюстроўвае
iхняе размежаванне па ўзроўню
метадычнай, прафесiйнай падрыхтоўкi. Чым вышэйшы ўзровень
гэтай падрыхтоўкi,
тым больш ангажаваны носьбiт гiстарычных ведаў у
стварэннi аб’ектыўна
напiсанай гiсторыi Беларусi.
Трэба чакаць адпаведных перамен у асяроддзi беларускiх
гiсторыкаў, паколькi аўтарытарная ўлада на Беларусi пачынае свае дзеяннi супраць
нацыянальна арыентаванай гiстарыяграфii. Адно толькi ясна, што ўжо не ўдасца затаймаваць той працэс узнаўлення беларускай нацыянальна свядомай гiстарычнай навукi, якi пачаўся некалькi год назад. Можна выкiнуць са школьных i унiверсiтэцкiх
бiблiятэк непажаданыя кнiгi, але з замежных i хатнiх бiблiятэк iх так проста не
выкiнеш. Праiгнараваць той комплекс прац, што з’явiлiся пасля распрыгоньвання
гiстарычнай навукi Беларусi i адлюстроўваюць яе паступовае развiццё, магчыма толькi пры
рэстаўрацыi таталiтарызму.