|
Беларуская мастацкая плынь ў фармаваннi еўрапейскага абрысу музычнай культуры Санкт-Пецярбурга
I. У. Мацiеўскi
Ёсць прынцыповая рознiца памiж этнакультурнымi абрысамi Санкт-Пецярбурга i Масквы цi iншых буйных гарадоў Расii. У фармаваннi ментальнасцi i культуры гэтых апошнiх таксама вялiкую ролю iгралi прадстаўнiкi розных этнасаў (напр., вядома велiзарнае значэнне беларускiх i украiнскiх музыкантаў, вучоных, лiтаратараў, друкароў i г. д. у стварэннi культуры Масквы, Нiжняга Ноўгарада, Яраслаўля). Але ўсёж-такi генеральная накiраванасць гэтых культур заставалася вялiкарускай, расiйскай, у якую паспяхова iнтэгравалiся iншаэтнiчныя дасягненнi. I гэта зразумела. Па-першае, да XVIII ст. пераезды ўкраiнцаў i беларусаў да Масквы нiколi не былi масавай з’явай. Па-другое, iншаэтнiчнае ўрастала ва ўжо iснуючую маскоўскую, расiйскую традыцыю, якая даўно сфармiравалася i ўпарта падтрымлiвалася.
Зусiм iншая рэч — культура Санкт-Пецярбурга. Пецярбург — фарпост i сцяг еўрапейскай пераарыентацыi Расii. Тут усё будавалася адкрыта нанова.
Зразумела, велiзарнай была роля заходнееўрапейскiх культурных дзеячоў. Чэхi, немцы, французы i асаблiва iтальянцы адыгралi выдатную ролю ў фармаваннi ў Пецярбурзе еўрапейскай оперы, камерна-iнструментальнай i сымфанiчнай музыкi. Аднак былi яны хаця i шматлiкiмi, але ў аснове сваёй — адзiнкамi, якiя самi па сабе нiколi не змаглi б стварыць грунтоўны культурна-мастацкi фонд i жыватворны фон, на якiм толькi й маглi б заблiшчэць самаўпраўныя творчыя iндывiдуумы вялiкiх майстроў мастацтва, i ў тым лiку музычнага мастацтва Пецярбурга — такiх як Дз. Бартнянскi, В. Казлоўскi, М. Глiнка, М. Мусаргскi цi П. Чайкоўскi.
Быў патрэбны вялiкi атрад добра падрыхтаваных спецыялiстаў — харыстаў, аркестрантаў, ансамблiстаў...
Менавiта такiмi i былi беларускiя (як i ўкраiнскiя) музыканты еўрапейскай школы ў XVIII i пачатку XIX ст. ў Пецярбурзе.
I гэта — не выпадковасць. Заходнееўрапейская культура прыйшла ў Беларусь, таксама як на Украiну цi Польшчу, на некалькi стагоддзяў раней, чым у Расiю. Вялiкае княства Лiтоўскае, Рэч Паспалiтая — даўно адкрытыя Еўропе — ужо ў XVII ст. мелi разгалiнаваную сетку прыдворных, гарадскiх i прыгонных сiмфанiчных аркестраў, оперных тэатраў, камерных ансамблей i аркестраў, развiтыя формы цэхавай арганiзацыi народных музыкантаў-iнструменталiстаў[1]. У той жа час еўрапейскiх формаў музыкi дапятроўская Расiя практычна не ведала, а народная iнструментальная музычная культура згодна з нарматывамi праваслаўнай расiйскай iдэалогii паслядоўна праследвалася i, нарэшце, славутым указам Аляксея Мiхайлавiча ўвогуле была забаронена. Цэхавыя арганiзацыi беларускiх гарадскiх музыкантаў накшталт еўрапейскiх вядомыя яшчэ ў cярэднявеччы; у XVII ст. iснавала т. зв. “Смаргонская акадэмiя” народных музыкантаў-iнструменталiстаў. З сярэдзiны XVIII ст. доўга трымаў славу гарадзенскi прыгонны аркестр графа Тызенгаўза, якiм паспяхова кiраваў (спачатку як канцэртмайстар, а пазней як салiст-скрыпач i дырыжор) выдатны музыкант Леон Сiтаньскi з Гродна (1743—1800 гг.), якi вучыўся ў славутых музыкантаў Ф. Бэнды, П. Нардзiнi ў Германii, Iталii, Францыi. Варта ўспамянуць таксама й прыгонны аркестр палкоўнiка Бжазоўскага (в. Матэўшы на Магiлёўшчыне), музычныя капэлы, тэатры Агiнскiх у Нясвiжы, Слонiме, славуты шклоўскi прыгонны сiмфанiчны аркестр графа Зорыча ў канцы XVIII ст. — адзiн з вядучых аркестраў тагачаснай Еўропы. У кантэксце культуры гэтых аркестраў i тэатраў трэба лiчыць i вядомы прыгонны сiмфанiчны аркестр з в. Шмакава — маёнтка А. Глiнкi, дзядзькi славутага Мiхайлы Глiнкi, якi атрымаў у гэтым аркестры першыя музычныя ўяўленнi i навыкi, слухаў у яго iнтэрпрэтацыi апрацоўкi мясцовых народных песень i шляхецкiх танцаў, сам граў з аркестрам на флейце i скрыпцы i з гэтага часу на ўсё жыццё звязаў сябе з народнай музыкай сваёй бацькаўшчыны — Смаленшчыны. Са Смаленшчынай звязаны першыя гады жыцця i Аляксандра Даргамыжскага. Як i М. Глiнка, ён шмат што ўзяў у вясковых музыкантаў — i пасля пераезду ў Пецярбург яго настаўнiкам па скрыпцы быў прыгонны артыст П. Варанцоў (а па фартэпiяна — вядомы ўкраiнскi пiянiст i кампазiтар А. Данiлеўскi). Пад уплывам першых расiйскiх музычных класiкаў музыка Смаленшчыны стала сiмбалам народнай музыкi ўвогуле, i нават у найбольш вядомым зборы народных песень ужо “сапраўднага расейца” М. Рымскага-Корсакава смаленскiм песням належыць найбольшае колькасна месца (зразумела, праўда, што яны надрукаваны ў рускай рэдакцыi i падаюцца як расiйскiя).
Але не толькi шмакаўскi, але i iншыя прыгонныя аркестры Смаленшчыны таму садзейнiчалi. Гэта i аркестр I. Забароўскага з в. Сiнцова, якiм кiраваў I. Вараб’ёў, прыгонны дырыжор i кампазiтар, аўтар адной з раннiх iнструментальных апрацовак “Камарынскай” (у яго Другiм рускiм квартэце). I аркестр В. Багдановiча ў в. Карачарава (у 1820—30-я гг. ён налiчваў 70 музыкантаў). У гэтым жа кантэксце i аркестр Салагуба ў маёнтку Грыгорац на Магiлёўшчыне. I вядомы яшчэ ў 1731 г. старадубскi аркестр М. Корсака, i аркестр Г. Радзiвiла ў Слуцку, М. Радзiвiла ў Нясвiжы... У беларускiх, украiнскiх, польскiх прыгонных капэлах i тэатрах паступова выспявала практыка паяднання еўрапейскага i народнага, нацыянальнага, рэгiянальнага, мясцовага.
I не дзiва — культура прыгонных аркестраў, музыканты якiх адначасова былi нярэдка народнымi, вясельнымi артыстамi, была носьбiтам еўрапейскай культуры ў Беларусi, Украiне, Польшчы, а пазней — i Расii, крышталiзавала ў сабе зародак новай нацыянальнай музычнай культуры — на еўрапейскiм грунце. I не выпадкова пецярбургская музычная класiка пачынаецца з сiмфанiчнай “Камарынскай” М. Глiнкi, i мелодыка, i рытмiка, i нават музычная форма якой не проста маюць фальклорную абнову, але ёсць карэнныя менавiта для беларускай народнай iнструментальнай музыкi, для танца “Камарынская”, пад рознымi назвамi (у т. л. — i “Лявонiха”) вядомага ўсёй Беларусi.
Сталася гэта ў Пецярбурзе не толькi таму, што М. Глiнка трапiў у гэту сталiцу i што менавiта тут стваралася новая расiйская музыка на еўрапейскай аснове. Але таму, што Глiнка папаў тут на адпаведны грунт, у фармаваннi якога велiзарную ролю адыгралi музыканты еўрапейскай музычнай традыцыi з Беларусi.
I на самой справе. Пачынаючы з часоў Феафана Пракаповiча, якi перанёс з Кiева ў Пецярбург iдэю Пятра Магiлы — развiцця праз спалучэнне Захаду i Усходу, Захаду i славянскага свету,— будуецца пецярбургская культура не толькi за кошт уплываў магутных музычных традыцый Вiльнi, Кiева, Варшавы, але i дзякуючы моцным, колькасна i якасна, людзкiм улiванням.
Прыехаўшы на мяжы 1784 i 1785 г. у Пецярбург дзеля стажыроўкi, гарадзенскi аркестр Л. Сiтаньскага засеў там на доўгiя дзесяцiгоддзi i зрабiў iстотны ўплыў на фармаванне аркестравай культуры паўночнай сталiцы. Шмат музыкантаў аркестра Бжазоўскага (з Матэўшаў), сярод iх i славуты “салiст Iосiф”, сталi артыстамi iмператарскiх аркестраў i тэатраў горада. Сыны выдатнага салiста шклоўскага аркестра К. Падабедава пасля смерцi Зорыча новым гаспадаром А. Чэрваевiчам былi адпушчаны на волю i сталi вядучымi артыстамi Пецярбурга. Скрыпач Мiхайла Падабедаў — артыст iмператарскага аркестра — быў у такой ступенi папулярны i патрэбны, што нават пачаў трацiць зрок, не атрымаў адпачынку i на пенсiю пайшоў, толькi калi канчаткова аслеп... Iван Падабедаў — вiяланчэлiст, прапрацаваў у iмператарскiх тэатрах 33 гады, быў вядомым настаўнiкам у пецярбургскай тэатральнай школе i кадэцкiм корпусе. Адзiн з вядучых вiяланчэлiстаў, I. Падабедаў iстотна ўплываў на вiяланчэльную культуру Пецярбурга. Яго месца побач з Карлам Давыдавым (родам з Латвii), Мацеем Вiельгорскiм, Аляксандрам Вержбiловiчам (абодва — польскага паходжання), якiя заклалi падмурак славутай пецярбургскай вiяланчэльнай школы, выхаванцы якой Леапольд Растраповiч (бацька Мсцiслава), С. Казалупаў (настаўнiк М. Растраповiча), А. Глен (настаўнiк найзнакамiцейшага вiяланчэлiста XX ст. Рыгора Пяцiгорскага) зрабiлi расiйскай школе славу сусветнай.
Побач з украiнцамi выдатную ролю ў стварэннi пецярбургскай харавой культуры адыгралi беларускiя пеўчыя, рэгенты, настаўнiкi спеваў. Яшчэ ў першай палове XVIII ст. велiзарным аўтарытэтам карысталiся ў Пецярбурзе Парфенiй Радкевiч (iераманах Пiмен) з Оршы, Товiй Данскi з-пад Смаленска, “стародубский казацкий сын” Лявонцiй Лiснеўскi (iераманах Варнава Архiярэйскi), ягоны зямляк Iаан (Iпацiй) Пячэрскi, смалянiн Iаан Мажайскi (iераманах Iаанiкiй); праз Беларусь праклалi сабе дарогу ў паўночную сталiцу выдатныя музыканты XVIII ст. украiнец Лявонцiй Лiўчынскi i Юзэф (Восiп) Казлоўскi. Бурхлiвая бiяграфiя першага — пеўчага, рэгента, дырыжора, настаўнiка — праводзiла ягоны шлях праз Пераяслаў, прыдворную капэлу iмператрыцы Кацярыны I у Пецярбурзе, капэлу герцагiнi Анны Iаанаўны ў Мiтаве, унiяцкi Троiцкi кляштар у Вiльнi, дзе ён праславiўся як выдатны рэгент (i за “здраду праваслаў‘ю” быў высланы ў Волагду), потым зноў у Пецярбурзе — ужо ў Аляксандра-Неўскiм кляшторы, потым у кляшторы Кiева-Сафiйскiм... Iстотны ўплыў на фармаванне пецярбургскай кампазiтарскай школы праз выхаванцаў з Беларусi мела дзейнасць выдатных музыкантаў XVIII ст. Мацея Радзiвiла i Мiхала Казiмiра Агiнскага. Можна ўспамянуць тут i Мiхала Клеафаса Агiнскага, паланэз якога яшчэ i зараз абмяркоўваецца як адзiн з варыянтаў дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь. Але немалаважна, што настаўнiкам Мiхала Клеафаса Агiнскага i творцам самога жанру гераiчнага паланэзу быў якраз вышэй памянёны Ю. Казлоўскi — вялiкi кампазiтар Расii. Пасля шматгадовай працы ў Нясвiжы Казлоўскi тут, у Пецярбурзе, заклаў асновы шэрагу тыповых жанравых сфер расiйскай музыкi. Побач з паланэзам гэта жанр расiйскага рамансу, якi пайшоў ад цыклу Казлоўскага “Расiйскiя песнi”. Гэта i праграмная сiмфанiчная музыка, ад якой — прамы шлях да “Камарынскай” i “Iспанскiх уверцюр” М. Глiнкi. Казлоўскi — i аўтар славутага канту, сiмвалу кацярынiнскай Расеi “Гром победы раздавайся” на словы Г. Дзяржавiна. З’яўленне М. Глiнкi, А. Даргамыжскага, М. Мусаргскага, П. Чайкоўскага (незалежна нават ад iх беларускага цi ўкраiнскага паходжання) i фармаванне новай нацыянальна-еўрапейскай музыкi Расеi, магутным мастом да будаўнiцтва якой сталася дзейнасць беларускiх музыкантаў, было заканамерна.
I мост гэты нiколi не разводзiўся. У XVIII ст. праз гэты мост прайшоў Эрнэст Ванжура, кампазiтар i клавесiнiст чэскага паходжання, якi ўдзельнiчаў у канцэртах пры двары, выдаваў музычны часопiс, быў стваральнiкам камiчнай оперы i “pасiйскай сiмфонii на ўкраiнскiя тэмы”, працаўнiком Дырэкцыi iмператарскiх тэатраў — пасля добрай школы ў тэатры графа С. Зорыча ў Шклове. Побач — выдатны знаўца каталiцкiх абрадавых традыцый, вучоны, лiтаратар, настаўнiк Радзiвiлаў, мiтрапалiт рымска-каталiцкай царквы ў Расii, сябра Акадэмii навук i Пецярбургскай медыка-хiрургiчнай акадэмii Станiслаў Богуш-Сестранцэвiч. На мяжы вякоў гэта выдатны расiйскi гiтарыст-класiк Андрэй Сiхра, чэх, якi нарадзiўся, вучыўся i пачаў канцэртную дзейнасць у Вiльнi (спачатку як арфiст),— пецярбургскi вiртуоз, кампазiтар, складальнiк нотных збораў i школ для 7-струннай гiтары, выдавец пецярбургскага часопiса для гiтарыстаў, рэфарматар гiтарнага мастацтва, 50-гадовая педагагiчная дзейнасць якога стварыла расiйскую гiтарную традыцыю.
Дзевятнаццатае i дваццатае стагоддзi для выканаўцаў з Беларусi — прынцыпова iншая эпоха. Пецярбург цяпер — не толькi месца творчых i кар’ерных рэалiзацый, абумоўленых патрэбамi пецярбургскага культурнага развiцця. Сюды едуць з Беларусi не толькi каб вучыць, але i каб вучыцца, тым больш, што паступова яго перавага над колiшнiмi цэнтрамi беларускай еўрапейскай культурнай арыентацыi — Вiльнай i Варшавай — робiцца ўсё больш вiдавочнай, а шляхi ў сталiцу — усё лепш пратаптанымi. Гэтаму спрыяла i зачыненне Вiленскага унiверсiтэту, i перавод каталiцкай духоўнай акадэмii з Вiльны ў Пецярбург, i стварэнне там першай расiйскай кансерваторыi, i поспехi ў музычным свеце пецярбургскiх мастацкiх школ.
У Пецярбурзе вучылася i працавала як канцэртантка выдатная скрыпачка XIX ст. гарадзенка Тэафiля Юзэфовiч. Яе называлi “Паганiнi ў жаночай сукенцы”. Партыю фартэпьяна ў яе першым канцэрце ў Пецярбурзе — ёй тады было толькi 13 год — выканаў пiянiст i кампазiтар Антон Абрамовiч (1811—1854 гг.). Жывучы большую частку жыцця ў паўночнай сталiцы, Абрамовiч заставаўся свядомым беларусам. Больш таго, ён зрабiў першыя спробы стварэння нацыянальнай беларускай прафесiйнай музыкi на аснове мелодый беларускiх народных танцаў i песен. Сярод яго дасягненняў фартэпьянныя пьесы “Беларускiя мелодыi”, “Зачараваная дуда”, праграмная цыклiчная кампазiцыя “Беларускае вяселле” (у 8 частках), рамансы на вершы яшчэ аднаго выдатнага пецярбургскага беларуса Яна Баршчэўскага “Дзеванька” i “Гарэлiца”— цi не першыя кампазiтарскiя творы на вершы, напiсаныя жывой беларускай народнаю моваю. Станаўленне нацыянальнага беларускага музыканта ў Пецярбурзе не ёсць з’ява выпадковая. Першая палова XIX ст. — бурны росквiт рамантызму. Мастакi паўночнай сталiцы актыўна звяртаюцца да нацыянальных, народных крынiц. Цiкавасць да Беларусi, да разбураных, некалi буйных Вялiкага княства Лiтоўскага, Рэчы Паспалiтай, да Польшчы i Ўкраiны аб’ядноўваюць выхадцаў з гэтых краёў у пошуках i творчых здзяйсненнях, а таксама асабiстых кантактах — Я. Баршчэўскага, беларускага мастака з Радашкавiч I. Аляшкевiча, А. Мiцкевiча, Т. Шаўчэнка. Яны часта сустракаюцца i ў салоне М. Вiельгорскага, слухаюць iгру М. Шыманоўскай, выкананне М. Глiнкам рамансу М. Шыманоўскай на вершы А. Мiцкевiча (якi потым ажанiўся з яе дачкой), захапляюцца артыстычным талентам Вiельгорскага, якога Мiхал Клеафас Агiнскi ставiў вышэй найвыдатнейшых вiяланчэлiстаў тагачаснай Еўропы — Ромбэрга, Дзюпора, Ламара, разважаюць, захапляюцца, перажываюць, дыскутуюць...
Вiленскi пагодак А. Абрамовiча Вiктар Кажыньскi (1812—1867 гг.) быў вядомы ў Пецярбурзе як дырыжор аркестра Александрынскага тэатру, пiянiст (адзiн з першых выканаўцаў у Расii твораў Шапэна), крытык i музыказнаўца (аўтар манаграфii аб гiсторыi iтальянскай оперы), афiцыйны музычны сакратар вандроўнай мiсii князя А. Львова ў Германii. Гарадзенец Аляксандр Бернард (1816—1901 гг.) пасля вучобы ў Дж. Фiльда застаўся ў Пецярбурзе, дзе праявiўся як педагог фартэпiяна i гiсторыi музыкi, кампазiтар, музычны пiсьменнiк, рэдактар часопiса “Нувеллист”, пiянiст, якi канцэртаваў таксама ў Маскве. Мiкола Зарэмба (1821—1879 гг.), што нарадзiўся на Вiцебшчыне, вучыўся ў Пецярбурзе i Берлiне, у сярэдзiне XIX ст. быў адным з наiбольшых музычных аўтарытэтаў расiйскай сталiцы. Кампазiтар, тэарэтык музыкi, арганiзатар i педагог, Зарэмба ўпершыню ў Расii распачаў выкладанне тэорыi музыкi на рyскай мове, сфармаваў вучэбны працэс i структуру Пецярбургскай кансерваторыi (па ягонай “Iнструкцыi” кансерваторыя працавала шмат дзесяцiгоддзяў), быў яе прафесарам (сярод яго вучняў П. Чайкоўскi i Г. Ларош) i дырэктарам. Выдатнымi тэарэтыкамi, гiсторыкамi музыкi, крытыкамi i музычнымi пiсьменнiкамi Пецярбурга i Расii другой паловы XIX i пачатку XX ст. былi таксама выхадцы з Беларусi: Вiктар Чэчат з Магiлёва — вучань А. Сярова, кампазiтар, аўтар сiмфонiй i опер, “Урачыстага маршу да стагоддзя А. Мiцкевiча”; Уладзiмiр Баскiн з Вiльнi — загадчык музычнага аддзелу “Петербургской газеты”, аўтар манаграфiчных нарысаў аб А. Рубiнштэйне, А. Сярове, П. Чайкоўскiм, М. Мусаргскiм, востры палямiст, паслядоўны працiўнiк У. Стасава, iдэалагiчна скiраваны якраз на еўрапейскiя шляхi развiцця расiйскай музыкi; Васiль Ястрабцаў з Магiлёва — найбуйнейшы даследчык творчасцi М. Рымскага-Корсакава, вядучы дзеяч Пецярбургскага таварыства музычных сходаў, загадчык музеяў М. Глiнкi i А. Рубiнштэйна пры кансерваторыi. Iх паслядоўнiкамi ўжо ў савецкi час былi Барыс Загурскi (1901—1968 гг.), родам з Касцюковiчаў на Магiлёўшчыне, вядомы i як грамадскi дзеяч, дырэктар Ленiнградскай кансерваторыi i Малага опернага тэатру, начальнiк Упраўлення па справах мастацтва Ленгарвыканкама, i выдатны савецкi музычны, лiтаратурны i тэатральны крытык-энцыклапедыст Iван Салярцiнскi (1902—1944 гг.), што, як i ягоны паслядоўца на пасадзе лектара Ленiнградскай фiлармонii, таленавiты музычны крытык i папулярызатар Юлiян Вайнкоп, нарадзiўся ў Вiцебску.
Вялiкую кар’еру ў Пецярбурзе ў канцы XIX i ў першай палове ХХ ст. зрабiлi мiнскiя скрыпачы Мiхайла Сербулаў i Раман Фiдэльман (апошнi стаў вучнем i паслядоўнiкам вялiкага Леапольда Аўэра — заснавальнiка новай пецярбургскай i амерыканскай скрыпiчнай школы), выдатны спявак — салiст Марыiнскага тэатру (родам з в. Новы Двор Рэчыцкага павету Мiнскай губернi) i бацька найбуйнейшага кампазiтара XX ст. Фёдар Стравiнскi (1843—1902 гг.), вiленчукi загадчык кафедры кампазiцыi Ленiнградскай кансерваторыi, настаўнiк шэрагу айчынных кампазiтараў, у т. л. Дз. Шастаковiча, Максiмiлiян Штэйнберг (1883—1946 гг.) i выдатны дзеяч у галiне музычнага выхавання Н. Гродзенская, славуты канцэртмайстар Яўген Вiльбушэвiч (1874—1933 гг.) з Дзвiнска i шмат iншых артыстаў, народжаных беларускай зямлёй. Увогуле, цяжка азначыць, чый ўносак быў большы: беларусаў ва ўзмацненне адной з музычных сталiц Еўропы, цi Пецярбурга — у набыццi выхадцам з Беларусi еўрапейскага ўзроўню i славы. Велiзарнае значэнне ў станаўленнi музычнай культуры Ленiнграда мела дзейнасць народжаных Беларуссю Карла Элiясберга (з Мiнска) i Барыса Гутнiкава (з Вiцебска). Першы — выдатны дырыжор, мастацкi кiраўнiк сiмфанiчнага аркестру Ленiнградскага радыё, а пад час Вялiкай Айчыннай вайны — галоўны дырыжор фiлармонii. Пад яго кiраўнiцтвам у сценах блакаднага гораду была выканана Сёмая, “Ленiнградская” сiмфонiя Дз. Шастаковiча. Другi — славуты скрыпач, прафесар Ленiнградскай кансерваторыi, свайго роду рэкардсмэн — уладальнiк першых прэмiй у трох найпрэстыжнейшых мiжнародных конкурсах: iмя Ф. Ондржычэка (у Празе), iмя Ж. Цiбо (у Парыжы), iмя П. Чайкоўскага (у Маскве).
Шмат выхадцаў з Беларусi, атрымаўшы высокую адукацыю i паспяхова папрацаваўшы ў Пецярбурзе-Ленiнградзе, зрабiлi немалы ўносак у станаўленне музычнай культуры Масквы, узмацнiўшы ў ёй еўрапейскую арыентацыю. Сярод iх: салiстка Марыiнскага, а потым Вялiкага тэатраў Валянцiна Бiянкi (1839—1884 гг.) з Вiльнi — абсальвэнтка Парыжскай кансерваторыi; Канстанцiн Iсачэнка (1882—1959 гг.), родам са Старадубшчыны, прафесар Пецярбургскай-Ленiнградскай кансерваторыi, мастацкi кiраўнiк Чырвонасцяжнага ансамбля Савецкай Армii; Аляксандр Батурын (нарадзiўся ў 1904 г. ў Ашмянах) — выхаванец Ленiнградскай кансерваторыi i рымскай акадэмii “Санта Чэчылiя”, салiст Вялiкага тэатра, прафесар Маскоўскай кансерваторыi; выдатны майстар смыкавых iнструментаў Данiла Тамашоў (1875—1926 гг.), якi нарадзiўся ў в. Палашкова пад Клiмавiчамi на Магiлёўшчыне, працаваў у Пецярбурзе, у Кiеве, апошнiя дваццаць год — у маскоўскiм Вялiкiм тэатру; выдатны скрыпач, вучань Л. Аўэра Анiсiм Берлiн (1896—1961 гг.), родам з Дарагабужа на Смаленшчыне, першы скрыпач “Новага петраградскага квартэту”, потым канцэртмайстар аркестру Маскоўскай фiлармонii i Дзяржаўнага сiмфанiчнага аркестру СССР; выдатная пiянiстка, якая нарадзiлася i нярэдка апрабоўвала свае канцэртныя праграмы ў Невелi, Марыя Юдзiна (1899—1970 гг.) — выхаванка Петраградскай, прафесар Ленiнградскай i Маскоўскай кансерваторый; мiнчук Барыс Хайкiн (1904—1978 гг.) — адзiн з буйнейшых савецкiх дырыжораў, прафесар Ленiнградскай кансерваторыi, апошнiя 24 гады жыцця — у Маскве (кансерваторыя, Вялiкi тэатр); яго вiцебскi пагодак i калега, выхаванец Ленiнградскай кансерваторыi (вучань М. Малько) Гаўрыiл Юдзiн — дырыжор ленiнградскiх i маскоўскiх оперных тэатраў.
Пэўнае кола народжаных на Беларусi музыкантаў неслi пецярбургскiя музычныя традыцыi ў iншыя гарады i краiны. Ураджэнка Суража на Вiцебшчыне кампазiтар Клара Кацман, якая вучылася ў М. Юдзiна, паспяхова працавала ў Свярдлоўску. Выдатны пецярбургскi вiяланчэлiст Зыгмунд Буткевiч (1872—1921 гг.), родам з Лiды, салiст iтальянскай оперы, пасля рэвалюцыi працаваў у Познанi. У той жа час у Познань пераехаў яго зямляк-лiдчанiн, вучань Л. Аўэра i М. Рымскага-Корсакава, скрыпач i кампазiтар Кастусь Горскi (1859—1924 гг.), якi канцэртаваў па ўсёй Еўропе i выкладаў у Пензе, Саратаве, Тбiлiсi, Харкаве. Вiленчук Мiхал Букша (1869—1953 гг.) пасля вучобы (у т. л. ў Рымскага-Корсакава i А. Лядава) i працы ў Пецярбурзе, Маскве i Тбiлiсi становiцца (у 1927 г.) дырыжорам Тэатра оперы i балету i прафесарам кансерваторыi ў Коўне (Каўнасе). Вучанiца П. Даха (у Вене), Т. Лешэцiцкага i А. Есiпавай (у Пецярбурзе) мiнчанка Iзабэла Вагнер (1877—1950 гг.) пасля шматгадовай канцэртнай i педагагiчнай працы ў Пецярбурзе паспяхова выкладае ў Iнстытуце музыкi Кертыс (Фiладэльфiя, ЗША); сярод яе выхаванцаў класiкi амерыканскага музычнага мастацтва Леанард Бернстайн i Самюэл Барбер. Але мабыць найбольшай славы ў Амерыцы сярод выходцаў з Беларусi займеў вiленчук, якi з 1917 г. жыў у ЗША,— найбуйнейшы скрыпач XX ст. Яша Хейфец. З трохгадовага ўзросту ён вучыўся ў свайго бацькi Рувiма, з чатырохгадовага — у вiленскай музычнай школе Э. Малкiна, з дзевяцiгадовага (у 1910—1917 гг.) — у Пецярбургскай кансерваторыi ў Л. Аўэра.
Нямала было i артыстаў, якiя, засвоiўшы пецярбургскiя дасягненнi i ўнёсшы ў iх сваю лепту, вярталiся або перыядычна вярталiся на Беларусь. Такiмi былi выдатны скрыпач, адзiн з найбуйнейшых вiртуозаў пачатку XX ст., “русский Сарасате” Карл Грыгаровiч (1868—1921 гг.). Вучань Й. Iаахiма, кiраўнiк славутага “Мекленбургскага квартэту” у Пецярбурзе, маэстра Грыгаровiч апошнiя гады жыцця працуе ў якасцi прафесара Вiцебскай кансерваторыi. Пасля вучобы ў Варшаве (у Г. Фрiмана i славутага скрыпача С. Барцэвiча), заканчэння Пецярбургскай кансерваторыi ў Рымскага-Корсакава, працы ў Елiзавецiнскiм iнстытуце ў Пецярбурзе кампазiтар i грамадскi дзеяч Мiхайла Анцаў (1865—1945 гг.; родам са Смаленска) жыве ў Вiцебску, выкладае харавыя спевы i дырыгаванне, рэдагуе газету “Витебские губернские ведомости”. Неаднаразова вяртаецца на Беларусь выхаванец Ленiнградскага тэатральнага iнстытута, вядомы савецкi кампазiтар-песеннiк вiцеблянiн Марк Фрадкiн, працуе як актор i загадчык музычнай часткi Мiнскага тэатра юнага гледача, вывучае кампазiцыю ў Беларускай кансерваторыi ў М. Аладава. Апошнi — адзiн з многiх карэнных пецярбуржцаў-ленiнградцаў, якiя прысвяцiлi сваю працу i жыццё Беларусi. Але гэта ўжо iншая тэма.
Музычныя сувязi Пецярбурга i Беларусi былi складаныя i разнастайныя. Зразумець своеасаблiвыя абрысы музычнай культуры кожнага з iх на аснове параўнаўчага аналiзу разнастайных сфер музычнага жыцця ў яго гiстарычным развiццi — важная задача музычнай культуралогii, гiстарычнага беларуса- i пецярбургазнаўства.
1. “Нi ў воднай краiне, апроч Англii, няма гэтулькi вялiкiх i малых аркестраў, як у Польшчы,”— нават у 1806 г., калi Рэч Паспалiтая была ўжо разбурана, пiсаў Д. Шубарт (цыт. па: Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1. М., 1950. С. 258).
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"
|