БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
БЕЛОРУССКИЙ СБОРНИК N* 1

Жазэф дэ Местр i Полацкая езуiцкая акадэмiя

А. С. Катлярчук



               У чэрвенiiпенi 1810 г. амбасадар сардынскага караля Вiктара-Эмануiла ў Пецярбургу Жазэф дэ Местр звярнуўся да мiнiстра народнай асветы А. К. Разумоўскага з некалькiмi лiстамi, дзе была выкладзена канцэпцыя сiстэмы асветы ў Расii. Першы лiст дае аналiз становiшча ў асвеце iмперыi, другi прысвечаны навучальнай сiстэме Францыi, трэцi — хiбам еўрапейскай асветы, нарэшце чацвёрты лiст няўскосна датычыцца езуiтаў, а пяты — пытанняў беларускай Суполкi Езуса[1]. У яскравым эпiсталярным стылi з выкарыстаннем строгай сiстэмы лагiчных доказаў i спасылак на крынiцы дэ Местр стварае хiба першую ў Расii апалагетыку гiсторыi ордэну.

               Аўтар лiставання належыць да выдатнейшых кансэрватыўных мысляроў XIX ст. Ягоныя творы зрабiлi значны ўплыў на прадстаўнiкоў еўрапейскай думкi, у т. л. расiйскай (М. С. Лунiн, М. Ф. Арлоў, П. Я. Чаадаеў, Ф. I. Цютчаў, Л. М. Талстой, Л. П. Карсавiн). Але мала вядома аб ролi дэ Мэстра ў стварэннi Полацкай езуiцай акадэмii i захаваннi ордэна езуiтаў на Беларусi.

               З 1803 па 1817 г. дэ Местр жыве ў Пецярбургу. Тут ён распачынае актыўную дзейнасць, нейкi час мае ўплыў на Аляксандра I, Разумоўскага, на асяродак вышэйшага пецярбургскага шляхетства[2]. Так, у 1811—1812 гг. дэ Местр супрацьдзейнiчаў пашырэнню функцый Дзяржаўнага савета як рэвалюцыйнаму прынцыпу ў напрамку дзейнасцi ўлад (аналагiчную пазiцыю, як вядома, займаў М. М. Карамзiн). Услед за генералам Суполкi Езуса Г. Груберам дэ Местр актыўна прапагандуе ў Пецярбургу iдэю злучэння цэркваў. Аб неабходнасцi адзiнства царквы iдзе гаворка ў ягоным лiсце наступнаму генералу ордэна Т. Бжазоўскаму ў Полацк (студзень 1816 г.)[3]. Як падкрэслiвае С. Якавенка, “при Александре I католицизм превратился в своего рода моду в аристократических кругах русского общества. Этому немало способствовал... граф Жозеф де Местр”[4].

               У перспектыве “еўрапеiзацыi манархii ў Расii” вядучую ролю дэ Местр збiраўся надаць беларускiм езуiтам. Мэта ягоных зваротаў да iмператара, сяброў урада — ахова невялiчкай фiлii езуiтаў, якая засталася, пасля скасавання Суполкi ў 1773 г., толькi ў Расiйскай iмперыi, на Беларусi. Захоўваючы ордэн, Кацярына II прамовiла фатальны маналог: “У Петра в свое время были, конечно, достаточные основания для издания этого закона (аб забароне перабывання езуiтаў у Расii.— А. К.), у меня же теперь есть достаточные основания, чтобы его отменить. Пусть иезуиты останутся; если же они потом в чем-либо провинятся, то будут выдворены. Для этого нам не понадобятся ни пушки, ни многочисленные войска”[5].

               Такiм чынам у межах Расii на 1773 г. засталiся 201 езуiт, 6 калегiюмаў (Полацк, Вiцебск, Ворша, Амсцiслаў, Магiлёў, Дынабург) ды 9 мiсiй. Калi 30 чэрвеня 1775 г. спецыяльным прывiлеям, насупраць кананiчнага права, мiтрапалiт рымска-каталiцкай царквы ў Расii Станiслаў Богуш-Сестранцэвiч дараваў ордэну правы навiцыяту (сродак пашырэння сяброў), у Полацк пачалi збiрацца езуiты з усiх краiн Еўропы. У 1812 годзе лiк езуiтаў узрос да 400 сяброў. Намаганнямi Грубера папа Пiй VII выдае ў 1801 г. брэве аб адбудаваннi Суполкi Езуса ў Расii. У студзенi 1803 г. пры касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу адчыняецца езуiцкi калегiюм. Але ў колах улады iснуе моцная апазiцыя езуiтам у асобе обэр-пракурору Сiноду А. М. Галiцына ды апякуна Вiленскага унiверсiтэту Адама Чартарыйскага[6]. Разумеючы даволi хiсткае становiшча каталiцкага ордэну ў праваслаўнай iмперыi, дэ Местр iмкнецца ў лiставаннi зацвярдзiць у вачах ураду практычную карысць з iснавання Суполкi у Расii i дамагаецца адкрыцця вышэйшай езуiцкай навучальнай установы — Полацкай акадэмii.

                Пытанне аб акадэмii вырашалася паступова на працягу 1810—1812 гг. 18 (30) лiпеня 1810 г. дэ Местр закранаў гэтае пытанне ў лiсце Разумоўскаму. 24 жнiўня да Разумоўскага звярнуўся Т. Бжазоўскi[7]. 6 кастрычнiка 1811 г. дэ Местр накiраваў аналагiчную па зместу запiску Галiцыну, а 16 кастрычнiка запiску Галiцыну падае Бжазоўскi — пазней яна была ўхвалена на паседжаннi Камiтэту мiнiстраў. У ёй мiж iншым адзначаецца, што за ўтварэння акадэмii “уся навакольная шляхта будзе ўдзячна... Гэта будзе добрым таксама дзеля Полацка, якi шмат страцiў ад пераносу губернскай управы ў Вiцебск i, такiм чынам, атрымае пэўнае ўзнагароджанне”[8]. 6 лiстапада 1811 г. запiска дэ Местра Галiцыну была абвешчана iмператару ў палацы мiнiстра фiнансаў Гур’ева. Пры асабiстай сустрэчы з дэ Местрам Аляксандр I выказаў задавальненне ад чытання.

               Высiлкi дэ Мeстра здзейснiлiся. Пастановай Аляксандра I ад 12 студзеня 1812 г. Полацкi калегiюм атрымаў правы yнiверсiтэту з пераходам у стан акадэмii i зверхнасцю над усiмi школамi езуiтаў на Беларусi. У прэамбуле стварэнне акадэмii аргументавалася “желанием белорусского дворянства”[9]. 1 сакавiка 1812 г. Полацкая акадэмiя атрымала прывiлей i наданне правоў на тры факультэты: мовазнаўчага, свабодных навук, тэалогii[10].

               Пры канцы мая 1812 г. дэ Местр выяжджае з Пецярбурга ў Полацк дзеля ўдзелу ў святкаваннi адкрыцця акадэмii. У перапынку (з 31 мая па 3 чэрвеня) ён робiць падарожжа з Полацка ў Вiцебск. Там дэ Местр спыняецца ў Рыскай гасцёўнi, палуднуе ў “уладара Беларусi” герцага Аляксандра Вюртэмбергскага, вячэрае i начуе ў вiцебскiх езуiтаў. 9 (21) чэрвеня дэ Местр пiша з Полацка да княгiнi А. Беласельскай-Белазерскай: “...Сёння герцаг-губернатар урачыста прыяжджае ў Полацк, каб прысутнiчаць на адкрыццi акадэмii, свята тое павiнна адбыцца з усiмi цывiльнымi i рэлiгiйнымi цырымонiямi... падзея велiчная, нават фiлосаф знойдзе, што асэнсаваць падчас фэсту...”[11] 10 чэрвеня 1812 г. адбылося свята. Апiсанне ўрачыстасцяў захавалiся ў афiцыйнай запiсцы Бжазоўскага мiнiстру Разумоўскаму. У святочнай цырымонii сярод iншых прымалi ўдзел Аляксандр Вюртэмбергскi i полацкi yнiяцкi арцыбiскуп Красоўскi. Iмшу служыў мiнскi каталiцкi бiскуп Дзядзерка. Цырыманiяльнае шэсце студэнтаў упрыгожвалi 70 сцягоў губерняў i народаў Расii, з асаблiвай пашанай неслi афiцыйныя граматы. На сямi мовах (у т. л. беларускай) гучалi прамовы ў гонар iмператара, губернатара Беларусi герцага Вюртэмбергскага, Разумоўскага, Бжазоўскага, самаго дэ Местра. Касцёлы i трыумфальныя брамы былi ўпрыгожаны сымбалямi i эмблематамi ў гонар iмперыi, Аляксандра I, Полацкай акадэмii. На заканчэнне адбыўся фейерверк, у небе лунаў шар-аэрастат з надпiсам “tutus Alеxandri auspiciis eo laetus ad astra” (пад аховай Аляксандра павольна i вясёла лячу пад зоркi)[12].

               Згодна статуту, акадэмiя мела магчымасць прымаць вучняў усiх сасловiй i канфесiй. Па заканчэнню надаваўся чын 14-га класу, а таксама навуковыя ступенi. Лiк студэнтаў налiчваў каля 600, выкладчыкаў 39. У мурах акадэмii мясцiлася адна з найвялiкшых у краi бiблiятэк (40 тыс. тамоў на 1811 г.), друкарня, фiзiчны, хiмiчны, механiчны кабiнеты. Акадэмiчны музеўм  меў зборы: аптычных прылад, музычных iнструментаў, калекцыю старажытнай зброi i мастацтва. Усе 8 гадоў iснавання акадэмiя праз пецярбургскую фiлiю езуiтаў падтрымлiвала шчыльныя сувязi з дэ Мeстрам, Сестранцэвiчам, Разумоўскiм. Два выхаванцы акадэмii, Ян Баршчэўскi i Гаўдэнтый Шапялевiч, заснавалi ў 1840-я гг., разам з Рамуальдам Падбярэскiм, першы гурток беларусiстаў у Пецярбургу[13]. Верагодна, што панегерык у гонар дэ Местра на адкрыццi Полацкай акадэмii казаў менавiта Баршчэўскi. Як занатаваў пра яго Падбярэскi, “яшчэ ў Полацку, у калегii езуiтаў, будучы малым хлапчуком, ён пiсаў ужо вершы... Там пры кожнай урачыстасцi выступаў з вершамi, з арацыяй, так што была гэта фiгура святочная, урачыстая, якую нераз ўзнiмалi да годнасцi лаўрэата”[14].

               Трэба дадаць, што дагэтуль Баршчэўскага лiчаць выхаванцам Полацкага калегiюма. Але калi прымаць найбольш абгрунтаваны тэрмiн нараджэння (1794 г.) цi версiю лiтаратуразнаўцы М. Хаўстовiча аб 1796 цi 1797 г. яго нараджэння[15], то выпадае, што Баршчэўскi заканчваў ужо менавiта акадэмiю.

               Выхаванцам Полацкага калегiюму быў таксама Ф. П. Талстой (1783—1873 гг.) — рускi скульптар, медальер, вiцэ-прэзiдэнт Акадэмii мастацтваў, аўтар медаля на 100-я ўгодкi Пецярбургскай Акадэмii навук (1826 г.). З 1824 па 1830 г. у Пецярбургу жыў i навучаўся ў Акадэмii мастацтваў выхаванец Полацкай акадэмii беларускi мастак В. М. Ваньковiч (1800—1842 гг.).

               Тым часам кола Клiо хутка завярнула ў iншы бок. Баючыся ўзмацнення ўплыву езуiтаў на элiту расiйскага грамадства i шматлiкага пераходу ў каталiцтва пецярбургскага шляхецтва, урад выдаў 20 снежня 1815 г. пастанову аб зачыненнi езуiцкiх калегiюмаў у Пецярбургу i Маскве i аб высылцы езуiтаў з абедзвюх сталiц. Цяпер у Полацкай акадэмii мусiлi навучацца толькi каталiкi. У маi 1817 г., пасля асабiстай сустрэчы з Аляксандрам I, дэ Местр падаў адозву аб адстаўцы i 15 чэрвеня 1817 г. пакiнуў Расiю.

               Выкарыстаўшы смерць (24 студзеня 1820 г.) Т. Бжазоўскага, мiнiстр духоўных спраў i народнай асветы А. М. Галiцын робiць даклад Аляксандру I аб шкодным уплыве ў школах езуiтаў на юнацтва. 13 сакавiка цар выдае пастанову аб лiквiдацыi ордэну, якая была апублiкавана ў Полацку, Вiцебску, Магiлёве, Воршы i iншых месцах Беларусi: “1. Иезуитов, как забывших священный долг не только благодарности, но и подданнической присяги, и потому недостойных пользоваться покровительством российских законов, выслать, под присмотром полиции, за пределы государства и впредь ни под каким видом и наименованием не впускать в Россию. 2. Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить”[16].

               Апошнiя 100 беларускiх езуiтаў знайшлi прытулак на выгнаннi ў Аўстрыйскай Галiцыi. Кнiгазбор акадэмii быў у 1830 г. разбураны на часткi i перавезены ў бiблiятэкi Пецярбурга, Масквы, Сiмбiрска, Кiева, Вiцебска. Акадэмiчная друкарня апынулася ў Кiеве. Славуты полацкi арган перавезены ў Вiльню ў касцёл св. Яна. У будынку акадэмii праз 15 гадоў размясцiўся Полацкi кадэцкi корпус.

               На наш погляд, беларуская гiсторыяграфiя “стаiць на ганку” неаканцэпцыi ролi езуiтаў у культуры Беларусi. Прыгадаем, што менавiта з езуiтамi звязана стварэнне ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм драматычнага i iнтэрмедыйнага тэатру, высокаякаснай сiстэмы асветы, сеткi бясплатных шпiталяў, бiблiятэк i зельняў. Патрабуюць аналiзу адносiны Суполкi Езуса да беларускай мовы, погляды езуiтаў на польскую i ўнiяцкую справы. Але калi б у гiсторыi адбылася альтэрнатыва, сёння Беларусь мела б унiверсiтэт у Полацку, накшталт славутага ў Лувэне, а даследнiкi — унiкальныя архiвы i кнiгазборы



[1] Maistre J. de. Oeuvres complètes. Nouv. éd. T. 8. Lyon, 1884. P. 163—232. Тры першыя лiсты ў рускiм перакладзе: Местр Ж. де. Петербургские письма. СПб., 1995. С. 137—154.

[2] Феоктистов Е.М. Жозеф де Местр в Петербурге // Русская речь. 1861. 27, 28.

[3] Maistre J. de. Oeuvres complètes. Nouv. éd. T. 13. Lyon, 1886. P. 216—219.

[4] Яковенко С. Иезуиты в России. “Записки” по истории Общества Иисуса в царствование Екатерины II // ЕА 1991. М., 1991. С. 161.

[5] Там же. С. 164.

[6] Щебальский П. Виленский университет и иезуиты // Наше время. 1860. 3.

[7] Аўтограф гэтага лiста захоўваецца ў Iнстытуце рускай лiтаратуры ў Пецярбургу.

[8] Толстой Д.А. Римский католицизм в России: Ист. исслед. Т. 2. СПб., 1876. С. 42 2-й араб. паг.

[9] ПСЗ. Т. 32. [СПб.], 1830. С. 10.

[10] Там же. С. 208.

[11] ОР РНБ, Собр. автографов.

[12] Морошкин М. Иезуиты в России, с царствования Екатерины II-й и до нашего времени. Ч. 2. СПб., 1870. С. 512.

[13] Зямкевiч Р. Ян Баршчэўскi, першы беларускi пiсьменьнiк XIX сталецьця: (Успамiн у 60-летнюю гадаўшчыну сьмерцi). Вiльня, 1911. С. 6.

[14] Падбярэскi Р. Беларусь i Ян Баршчэўскi // Баршчэўскi Я. Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С. 348—349.

[15] Хаўстовiч М. Каля самых вытокаў // Тамсама. С. 367.

[16] ПСЗ. Т. 37. [СПб.], 1830. С. 117.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"

 кантакт з рэдакцыяй: papers@nlr.ru 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія