БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
БЕЛОРУССКИЙ СБОРНИК N* 1

Выдавецкая дзейнасць Вiленскай навучальнай акругi па матэрыялах Аддзелу рукапiсаў Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi

В. А. Бабук

               У Аддзеле рукапiсаў Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi захоўваецца шэраг дакументаў, якiя датычаць дзейнасцi Вiленскай навучальнай акругi (далей — ВНА) у другой палове XIX ст. Гэта перш за ўсё фонды папячыцеляў ВНА Iвана Пятровiча Карнiлава (ф. 377) i Пампея Мiкалаевiча Бацюшкава (ф. 52), а таксама акружнога iнспектара Мiкалая Мiкалаевiча Навiкова (ф. 523) i вядомага археографа Пятра Андрэевiча Гiльтэбрандта (ф. 181).

               Асноўная частка дакументаў гэтых фондаў прысвечана пытанням народнай адукацыi ў 1860—1900-я гг. Цыркуляры, дакладныя запiскi, паведамленнi, распараджэннi, iнструкцыi для настаўнiкаў народных вучылiшчаў, ведамасцi, справаздачы, афiцыйная перапiска аб арганiзацыi навучальнага працэсу, вынiках рэвiзiй, аб складзе настаўнiкаў i вучняў — такi асноўны характар матэрыялаў, што датычаць службовай дзейнасцi Навiкова, Бацюшкава i Карнiлава. Асобна вылучаны праблемы жаночай адукацыi i адукацыi яўрэяў i духавенства. У фондзе Карнiлава знаходзяцца дакументы, якiя дастаткова поўна адлюстроўваюць дзейнасць Вiленскай публiчнай бiблiятэкi i музея, Цэнтральнага архiву ў Вiльнi. У фондах Гiльтэбрандта i Бацюшкава прадстаўлены матэрыялы аб выданнях вядомых у свой час зборнiкаў “Памятники русской старины в западных губерниях империи” i “Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае”. Мэта нашай работы — паказаць адну, дастаткова плённую галiну шматпланавай дзейнасцi ВНА — выдавецкую дзейнасць.

               У гэты час, менавiта ў 1860—70-я гг. на Беларусi панавала iдэалогiя “заходнерусiзму”, крынiцу якой трэба шукаць у XVIII ст., калi ўпершыню сярод беларускiх унiятаў пачаўся рух да зблiжэння з праваслаўнай Масквой. У перыяд, якi нас цiкавiць, “заходнерусiзм” набыў сваё уласнае iмя i падвёў пад сваю палiтычную праграму навуковы падмурак. Сутнасць гэтай з’явы вызначыў А. Цьвiкевiч: “Свае iдэолёгiчныя пазiцыi “западно-руссизм” зазначыў падвойна: па-першае — безагляднай ганьбай усяго польскага на Беларусi i, па-другое — бязьмернай хвальбой Расii як iдэалу, у якiм тоiцца ўвесь сэнс, уся сутнасць iснаваньня Беларусi”[1]. Такiм чынам “заходнерусiзм” як палiтычная сiла з’явiўся антытэзай сiлам паланiзуючым, якiя iшлi з Захаду i намагалiся даказаць, што Беларусь — частка Польшчы, а беларуская культура — не iнакш як польская. “У гэтым сэнсе культурная гiсторыя Беларусi ў XIХ—XX cтст. i была выражэньнем узаемнае барацьбы русыфiкацыйных i полёнiзуючых начал за гегемонiю ў Беларусi”[2].

               Пасля паражэння паўстання 1863 г. перад вiленскiм генерал-губернатарам М. Мураўёвым паўстала вельмi цяжкая задача: зламаць агромнiстую культурную традыцыю, якая перашкаджала самой справе абрусення “Паўночна-Заходняга краю”. Тое, што гэта была мэтанакiраваная палiтыка, бясспрэчна. Дастаткова пералiчыць асноўныя мерапрыемствы ўраду, каб упэўнiцца ў гэтым: захаванне ў краi ваеннага палажэння i грамады рускiх войск, праграма агульнага знiшчэння польскай землеўласнасцi на Беларусi, прызначэнне на Беларусь расiйскiх чыноўнiкаў, настаўнiкаў i духавенства, стварэнне рускiх школ, адкрыццё расiйскiх кнiжных крам, бiблiятэк, будаванне праваслаўных цэркваў i iнш. Значна актывiзуецца i выдавецкая дзейнасць, i перш за ўсё, публiкацыя крынiц па гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага з мэтай даказаць неабгрунтаванасць прэтэнзiй палякаў на землi Беларусi, Лiтвы, Украiны, а разам з тым законнасць гаспадарання ў гэтых землях Расii. I ў гэтым сэнсе выдавецкая дзейнасць з’яўлялася наiбольш яркiм адлюстраваннем палiтыкi царызму ў заходнiх губернях.

               Адной з праграмных работ новага накiрунку стаў артыкул Iвана Карнiлава “Заметкi о русификации литературной и издательской деятельности Виленского учебного округа”, у якiм прагледаецца даволi вызначаная пазiцыя “главного русификатора”. Адзначаючы тое, што ва ўсiх губернях Заходняга краю не было нiводнай рускай кнiжнай крамы, а ў губернскiх друкарнях друкавалiся афiцыйныя ведамасцi i цыркуляры, ён падкрэслiвае: “...русская умственная деятельность здесь необходима как самое действительное орудие для противодействия враждебной нашему государству польской и католической пропаганды, для служения правительственным интересам и для внушения уважения иноверцам к русским нравственным силам”[3]. Гэты артыкул таксама прадстаўляе цiкавасць як гiстарычны нарыс выдавецкай дзейнасцi ВНА, i таму мы яшчэ неаднаразова будзем звяртацца да яго.

               Значнай падзеяй у культурным жыццi Вiльны было выданне серыi публiкацый гiстарычных крынiц пад назвай “Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси”. На працягу 1867—1904 гг. выйшлi ў свет 14 тамоў. Асноўная маса апублiкаваных дакументаў была запазычана з рукапiснага аддзелу Вiленскай публiчнай бiблiятэкi, а таксама з Радзiвiлаўскага архiву ў Нясвiжы, Лiтоўскай духоўнай семiнарыi, Жыровiцкага манастыра i iнш. Пачатку работ над публiкацыяй зборнiка папярэдзiлi вельмi iнтэнсiўныя пошукi ў межах Беларусi i Лiтвы. У 1864—1866 гг. упраўленне акругi арганiзоўвала археаграфiчныя экспедыцыi, у вынiку якiх, у прыватнасцi, М. Сакалоў знайшоў Тураўскае Евангелле XI ст., а камандзiраваны ў Вiцебскую i Магiлёўскую губернi А. Рачынскi выявiў летапiс, названы Летапiсам Аўрамкi[4].

               У дакладной запiсцы П. Гiльтэбрандта, Ф. Елеонскага i А. Мiратворцава Карнiлаву ад 10 снежня 1866 г. паведамляецца аб рабоце над “Археографическим сборником...”, якая праводзiлася на стадыi спiсвання актаў, яшчэ не прыгатаваных да выдання. Але ўжо ў 1867 г. з’яўляецца першы том зборнiка, якi атрымаў высокую адзнаку М. Кастамарава. Першыя чатыры тамы былi выдадзены ў перыяд папячыцельства Карнiлава, якi iмкнуўся праз надрукаваныя дакументы паказаць, што Вялiкае княства Лiтоўскае было краем рускiм i праваслаўным,— выдавалiся ў першую чаргу крынiцы па гiсторыi праваслаўнай царквы. Але ўжо ў пятым томе (у свой час ён планаваўся як дадатковы) з’яўляюцца юрыдычныя дакументы ВКЛ, пераклады дзённiкаў пасольства Рэчы Паспалiтай у Маскву ў 1635 г. Аб гэтым мы даведваемся з дакладной запiскi Гiльтэбрандта тагачаснаму папячыцелю ВНА М. Сергiеўскаму ад 24 верасня 1870 г.: “Крайне скудная сумма, отпускаемая учебному округу..., дозволит напечатать в 1871 году только один полный том, именно — пятый. Между тем, лиц, желающих послужить делу продолжения издания “Археографического сборника”, столь успешно поведенному округом, есть достаточно... Начиная с 10-го тома... цельность и идея в подборе документов составят первейшее и обязательное условие для издателя. При сем считаю долгом засвидетельствовать, что для выполнения этой задачи документов в заведываемым мною рукописном отделе имеется достаточно”[5]. Далей Гiльтэбрандт гаворыць аб неабходнасцi друкаваць мясцовыя гiстарычныя хронiкi (i iх пераклады са старажытнарускай мовы), якiя захоўваюцца не ў Вiльнi, а ў Маскве i Пецярбургу, i хадайнiчае аб запатрабаваннi рукапiсаў з пецярбургскай Публiчнай i Маскоўскай сiнадальнай бiблiятэк.

               Яшчэ ў адным афiцыйным лiсце Гiльтэбрандта Карнiлаву ад 1 лютага 1868 г. мы знаходзiм iнфармацыю аб зборнiку, якi планаваўся ўпраўленнем ВНА, але не быў выдадзены. Называўся ён “Западнорусский летописец”. Задумка выходзiла за межы традыцыйных археаграфiчных выданняў, падобных да “Актов Виленской археографической комиссии“ i “Археографического сборника...”, таму што, па-першае, планавалася публiкаваць дакументы прыватныя i больш познiя, як, напр., дыярыўшы, мемуары, матэрыялы па гiсторыi ВНА i г. д., а па-другое, акрамя крынiц мелася змяшчаць у зборнiку нарысы, артыкулы, даследваннi краязнаўчага характару, больш таго — пераклады прац польскiх вучоных i бiблiяграфiю выданняў, што датычылi да Паўночна-Заходняга краю. Зборнiк павiнен быў выходзiць штомесячна. Па якой прычыне гэта задума не здзейснiлася — дасёння невядома.

               Вясной 1901 г. Карнiлаў выдае зборнiк  дакументаў “Русское дело в Северо-Западном крае”. Гэта своеасаблiвы дыфiрамб М. Мураўёву. У прадмове з натхненнем гаворыцца: “Правительственные акты великих государственных людей суть также проявления их творческой силы и светлого разума и вдохновение их гения, а потому они так же драгоценны, как и произведения великих поэтов и ученых”[6]. У фондзе Карнiлава захоўваюцца чарнавыя накiды прадмовы, асноўныя думкi якiх увайшлi ў канчатковы варыянт. Значная частка дакументаў склала другi раздзел зборнiка, што прысвечаны г. зв. “мураўёўскай эпосе” (май 1863 — сакавiк 1868 г.), астатнiя ж у асноўным асвятляюць дзейнасць генерал-губернатараў да i пасля Мураўёва. Другое, дапоўненае выданне “Русского дела...” планавалася ў двух выпусках, другi з каторых (якi не ўбачыў свет) павiнен быў змясцiць справаздачы папячыцеля ВНА за 1863—1867 гг., i некалькi артыкулаў i лiстоў, датычных да вучэбнай дзейнасцi акругi за азначаны перыяд.

               ВНА друкавала таксама выданнi археалагiчнага i этнаграфiчнага характару. Па загаду Карнiлава мясцовыя мастакi i настаўнiкi прыступiлi да замалёвак помнiкаў старажытнасцi: праваслаўных цэркваў, абразоў, фрэсак, царкоўных рэчаў, развалiн замкаў. У вынiку ў 1867 г. пачалася работа па падрыхтоўцы зборнiкаў “Замечательности Северо-Западного края” i “Памятники русской старины в западных губерниях империи”. Першы з iх, складзены i выдадзены пры Карнiлаве, змяшчае 14 малюнкаў, зробленых настаўнiкам Кудраўцавым i мастакамi I. Пятровым i I. Трутневым, i тэкст, якi напiсаў М. Сакалоў. У прадмове зазначаецца, што малюнкi старажытных помнiкаў зроблены на высокiм прафесiйным узроўнi i заслугоўваюць поўнай веры пры вучоных даследваннях па археалогii[7]. “Памятники русской старины...”, што выдадзены П. Бацюшкавым на грошы, ахвяраваныя Аляксандрам II, складаюцца з малюнкаў, зробленых з натуры мастаком Стукавым i хромалiтаграваных у Пецярбургу, абавязкова з тлумачальным тэкстам. Да пятага i шостага выпускаў малюнкi друкавалi ў Берлiне, а таксама ў пецярбургскай друкарнi А. Траншэля. Аб значэннi гэтага выдання пiша Бацюшкаў у сваёй запiсцы “О предпринятом по высочайшему повелению издании памятников русской старины в западных губерниях”: “Не мало с 1863 года восстановлено в настоящем виде фактов, преднамеренно искаженных врагами нашего отечества, и немало также представлено неопровержимых доказательств правоты русского дела на западе России... Памятники западнорусской старины... служат красноречивым подтверждением той непреложной истины, что пространство, занимаемое ныне западными губерниями, есть древле русское достояние и что господствовавшая там вера, с самого введения на месте христианства, была православная”[8]. У фондзе Бацюшкава мы найдзем таксама шмат дакументаў, у якiх прасочваецца гiсторыя гэтага выдання. Гэта справаздачы, фiнансавыя разлiкi, гiстарычныя сведчаннi аб розных цэрквах i абразах, матэрыялы, звязаныя з удзелам у выданнi мастака Трутнева, гiсторыка В. Г. Васiльеўскага, друкара Траншэля i г. д. З-за недахопу грошай i з прычыны значнага кошту i цяжкасцяў з продажам, выданне высачайша загадана было спынiць. Але ў лiсце ад 14 снежня 1883 г. мiнiстр унутраных спраў Дз. Талстой хадайнiчае перад iмператарам аб дазволе працягваць выданне, паколькi Бацюшкаў сабраў шмат матэрыялаў аб Холмшчыне. Сам Бацюшкаў звярнуўся да рускiх дзеячаў Забужжа i мясцовых абывацеляў з запрашэннем паведамляць звесткi па гiсторыi, геаграфii, статыстыцы, апiсаннi праваслаўных старажытнасцяў, адрыўкi з рукапiсаў[9]. У вынiку ў 1885 г. з’явся сёмы выпуск, а потым i восьмы, якiя па сваiх маштабах i навуковай каштоўнасцi перавышаюць папярэднiя. Праз два гады Бацюшкаў выдае кнiгу прафесара Кiеўскай духоўнай акадэмii М. Пятрова “Холмская Русь”, што была напiсана на падставе матэрыялаў гэтых выпускаў. “Подобная книга, — пiсаў Бацюшкаў у справаздачы для Мiнiстэрства ўнутраных спраў, — несомненно будет противоядием тем возмутительным брошюрам, картинкам и другим произведениям подпольной прессы, издаваемым в Кракове, Львове и других местностях. Ознакомясь с содержанием книги, читатель оценит по достоинству польско-иезуитскую кривду, честное же и открытое отношение к делу принесет несомненно более пользы, чем все предупредительные и карательные меры, которые служат только поводом к раздражению масс и редко достигают цели”[10]. 

               У дакументах фонду Карнiлава таксама ўспамiнаецца “Учено-художественный сборник о Супрасльском монастыре”. Падрыхтоўка да яго выпуску пачалася прыблiзна ў 1867 г. У запiсцы К. Гаворскага Карнiлаву падрабязна агаворваецца план выдання[11], да якога павiнен быў быць дадаткам альбом з фатаграфiчнымi здымкамi, зробленымi мастаком I. Пятровым. Аб гэтым альбоме, якi захоўваўся ў Вiленскай публiчнай бiблiятэцы i быў пасланы на выставу 1-га Археалагiчнага з’езду, гаворыць Я. Галавацкi[12]. Аб самым жа зборнiку больш нiякiх сведчанняў няма.

               Думка аб “правоте русского дела” у Заходнiм краi i неабходнасцi выкрываць хлусню польскай публiцыстыкi i гiстарычнай навукi кiравала В. Кулiным пры складаннi “Виленского сборника”. У дакладной запiсцы Карнiлаву ад 16 студзеня 1867 г. ён дае поўны пералiк артыкулаў, якiя павiнны былi ўвайсцi ў гэтае выданне. Аднак чамусьцi ў першым i адзiным выпуску з запланаванага мы знаходзiм толькi ўспамiны аб паўстаннi 1863 г.[13]

               У “Виленский сборник” павiнны былi ўвайсцi таксама i беларускiя песнi з заўвагамi Гiльтэбрандта. Атрымалася так, што некалькi раней, у 1866 г., яны выйшлi асобнай кнiгай пад назвай “Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае”. Аб рабоце па збору матэрыялаў да гэтага этнаграфiчнага выдання, пачатага рэдакцыяй “Виленского вестника”, паведамляе афiцыйны лiст Гiльтэбрандта Карнiлаву, напiсаны ў 1866 г. У iм гаворыцца аб колькасцi крынiц i iх варыянтаў, аб неабходнасцi прыцягнення да гэтай справы дырэктараў народных вучылiшчаў тых губерняў, адкуль менш за ўсё або зусiм няма помнiкаў народнай творчасцi, аб магчымасцi дадатку да зборнiка тутэйшых народных матываў з фартэпiянным акампанiментам i г. д.[14]

               ВНА выдавала таксама кнiгi, якiя прызначалiся для народных вучылiшчаў i скарыстоўвалiся ў якасцi падручнiкаў. З надрукавання аднаго з iх, уласна кажучы, i пачалася выдавецкая дзейнасць акругi, як паведамляе Карнiлаў у “Заметке о русификации...”[15] “Книга для чтения в народных училищах Виленского учебного округа” дае вучням магчымасць пазнаёмiцца з славянскай граматай, свяшчэннай гiсторыяй, апавяданнямi i вершамi рускiх пiсьменнiкаў, народнымi песнямi, казкамi. Больш таго — застаўся ў планах дадатак да кнiгi, з карыснымi звёсткамi аб праваслаўных цудатворных абразах, аб адкрыццi сялянскiх вучылiшчаў, бiяграфiямi вядомых людзей, парадамi па вядзенню сялянскай гаспадаркi. Доказ таму — нататка Карнiлава аб неабходнасцi такога дапаўнення. Трэба адзначыць, што падобнае выданне рыхтавалася i для лiтоўскiх народных вучылiшчаў. Фiлолаг С. Мiкуцкi ў “Записке по поводу замечаний на жемайтийско-литовский букварь и программы предполагаемой Книги для чтения в народных литовских училищах” (1864 г.) пiша: “Умиротворителю и устроителю Северо-Западного края угодно было вникнуть в положение и нужды литовского народонаселения, обратить внимание на его язык и быт, позаботиться о нравственном и умственном образовании сего доброго и во многих отношениях замечательного народа”[16].

               Нельга не сказаць i яшчэ аб адным выданнi, якое называецца “Сборник русских народных гимнов и песен для народных училищ”. Складальнiкi яго — дырэктар Вiленскай дырэкцыi народных вучылiшчаў А. Садокаў i настаўнiк Маладзечанскай настаўнiцкай семiнарыi Ю. Крачкоўскi — карысталiся перш за ўсё зборнiкам кампазiтара М. Балакiрава, з ягонага дазволу, i былi ўпэўнены ў важным выхаваўчым значэннi гэтага выдання ў справе народнай адукацыi i развiццi ў маладым пакаленнi рускага духу i рускiх пачуццяў. У суправаджальных лiстах Карнiлава да розных асоб гаворыцца аб тым, што гэты першы вопыт быў зроблены ў Вiльнi, дзе не толькi не было i няма рускiх кампазiтараў, якiя маглi б дапамагчы парадамi, але нават i рускiя ноты толькi ў нядаўнi час сталi распаўсюджвацца ў продажы. Пры тым i самое друкаванне нот, распачатае ў Вiльнi ўпершыню, патрабавала пераадолення многiх цяжкасцяў: трэба было выпiсаць з-за мяжы нотны шрыфт, прывучаць наборшчыкаў, карэктараў i г. д.[17]

               Падагульняючы, трэба адзначыць, што друкаванне ВНА археалагiчных i этнаграфiчных зборнiкаў, альбомных i вучэбных выданняў i асаблiва гiстарычных крынiц дало моцны iмпульс развiццю выдавецкай справы ў канцы XIX i пачатку ХХ ст. i спрыяла актывiзацыi выдавецкай дзейнасцi ў заходнiх губернях увогуле



[1] Цьвiкевiч А. “Западно-руссизм”. Нарысы з гiсторыi грамадзкай мысьлi на Беларусi ў XIX i пачатку ХХ в. Мн., 1993. С. 215.

[2] Тамсама. С. 16.

[3] ОР РНБ, ф. 377, д. 260, л. 2.

[4] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 150.

[5] ОР РНБ, ф. 181, д. 28, л. 9.

[6] Корнилов И.П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Вилен. учеб. окр. преимущественно в муравьевск. эпоху. 2-е изд. СПб., 1908. С. VI.

[7] Замечательности Северо-Западного края. Вып. 1. Вильна, 1868. С. 4.

[8] ОР РНБ, ф. 52, д. 79, л. 7—7об.

[9] Там же, д. 91, л. 1.

[10] Там же, д. 83, л. 11—12.

[11] Там же, ф. 377, д. 275, л. 1.

[12] Головацкий Я.Ф. Об археологических трудах и исследованиях в Северо-Западном крае // Труды Первого Археологического съезда в Москве. 1869. Т. 1. М., 1871. С. 148.

[13] ОР РНБ, ф. 377, д. 265.

[14] Там же, ф. 181, д. 26, л. 1.

[15] Там же, ф. 377, д. 260, л. 1.

[16] Там же, д. 277, л. 1.

[17] Там же, д. 266—270.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"

 кантакт з рэдакцыяй: papers@nlr.ru 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія