Публiкацыя Э.
Ажэшка ў газеце “Русь” у сувязi з
польска-беларускiмi i
польска-лiтоўскiмi адносiнамi пачатку
ХХ ст.
А. Ф. Смалянчук
Асобныя публiкацыi прадстаўнiкоў польскай
iнтэлiгенцыi Беларусi i Лiтвы ў пецярбургскай газеце “Русь” (у iх
лiку артыкулы Элiзы
Ажэшка) дазваляюць паразважаць наконт адносiн вярхоў польскага
грамадства да беларускага руху. А гэтае пытанне ў сваю чаргу
закранае цiкавую праблему аб умовах, у якiх iшло “беларускае адраджэнне”
пачатку XX ст.
Пасля частковай адмены ў пачатку
рэвалюцыi 1905 г. нацыянальных абмежаванняў на
Беларусi i Лiтве шматнацыянальны край быццам абудзiўся. Амаль
усе народы Беларусi i Лiтвы былi захоплены працэсамi нацыянальнага адраджэння.
I вярхi польскага насельнiцтва раптам адчулi, што знаходзяцца ў шматэтнiчным
грамадстве. Паступова ўсё
больш значнае месца ў iх
дзейнасцi набывае беларускае пытанне. Адносiны да беларускага нацыянальнага
руху з боку польскiх землеўладальнiкаў, iнтэлiгенцыi,
каталiцкага касцёлу адчуваюцца ў падыходах да самых розных праблем
культурнага, эканамiчнага, палiтычнага i рэлiгiйнага жыцця. Гэта праблемы мовы
касцёльнага набажэнства, аграрнае пытанне, земскае пытанне i iнш.
Легалiзацыя культурнай i палiтычнай дзейнасцi польскiх
землеўладальнiкаў i iнтэлiгенцыi
паказала, што сапраўднага
адзiнства сярод iх не было. Вiдавочным гэта стала падчас выбараў у 1-ю
Дзяржаўную
думу. Значная частка прадстаўнiкоў польскага
грамадства Беларусi i Лiтвы галоўныя мэты сваёй дзейнасцi звязвала
не з Польшчай, а з родным краем. Яны атрымалi назву “краёўцаў“.
Гэтыя людзi дэкларавалi сваю прыналежнасць да польскай
культуры, але калi справа даходзiла да нацыянальнага вызвалення, то польскасць
саступала месца краёвай асаблiвасцi. Iх свядомасць у значнай меры вызначалася
формулай: gente Ruthenus (або Lithuanus) natione Polonus.
Вось, што, напр., пiсаў у 1905 г.
Р. Скiрмунт: “Акрамя тых, хто ўсiмi сiламi iмкнецца, як да роднай
мацi, да Польскага каралеўства, i адзiнак, якiя робяць стаўку на
Расiю, сярод шляхты ёсць група людзей, сэрцам i душою адданых сваёй Радзiме —
Лiтве i Русi”.
Адразу пасля з’яўлення на грамадскай i палiтычнай
арэне “краёўцаў“ стала
вiдавочным iснаванне сярод iх значных разбежнасцяў. Мы маем
права сцвярджаць iснаванне даволi ўплывовай групы “краёўцаў-кансерватараў“ i актыўную
прысутнасць у грамадскiм жыццi невялiкай групы “краёўцаў-дэмакратаў“.
Сярод землеўладальнiкаў панавалi
кансерватыўныя
погляды. Для большасцi з iх “краёвасць” абмяжоўвалася
рамкамi ўласнага
маёнтку. I, выступаючы з пазiцый краёвых iнтарэсаў, яны
безумоўна
разлiчвалi захаваць сваё пануючае становiшча на Беларусi i Лiтве. У гэты час
тон сярод iх задавалi i I. Корвiн-Мiлеўскi, Э. Вайнiловiч, Р. Скiрмунт,
С. Ваньковiч, Ч. Янкоўскi
i iнш.
Але былi i iншыя “краёўцы”, якiя
прытрымлiвалiся глыбока дэмакратычных поглядаў i змагалiся
супраць любога нацыянальнага шавiнiзму, у т. л. i польскага. Адзiн з iх,
вiленскi адвакат Т. Урублеўскi падчас выбараў у 1-ю Думу
наступным чынам сфармуляваў сваю пазiцыю: “Па пытаннях
культуры буду салiдарны з палякамi, а ў палiтычных i грамадскiх справах
буду зыходзiць з iнтарэсаў карэннага насельнiцтва, паколькi
адчуваю сябе жыхаром Лiтвы”.
Найбольш вядомымi дзеячамi краёўцаў-дэмакратаў былi З.
Пяткевiч, Л. Абрамовiч, М. Ромер, Б. Крыжаноўскi i iнш.
Аднак яны былi заўсёды
ў
меньшасцi.
Iншай плынню польскага руху была мясцовая “эндэцыя”.
Яе прадстаўнiкi
займалi шавiнiстычныя пазiцыi, былi па сутнасцi рупарамi Партыi нацыянальных
дэмакратаў
(ПНД), адной з наiбольш уплывовых польскiх палiтычных партый. Аб iх поглядах
можна мяркаваць на аснове звароту ПНД “Да братоў-палякаў Белай
Русi” (1902 г.), дзе размова iшла аб паланiзацыi беларусаў.
Пэўная
частка польскiх землеўладальнiкаў,
iнтэлiгенцыi, каталiцкага духавенства падзяляла гэтыя думкi.
Не было адназначнасцi i ў дзейнасцi
касцёлу. Тут можна знайсцi i “краёўцаў“ i “эндэкаў“, але
трэба адзначыць i тое, што асобныя прадстаўнiкi каталiцкага
клiру, асаблiва сярод вышэйшага духавенства, кiравалiся, у першую чаргу,
iнтарэсамi каталiцызму наогул i мелi ўласны погляд на беларускае
пытанне.
Высвятлiць погляды “краёўцаў“ на
беларускае пытанне дапаможа аналiз публiцыстыкi вядомай польскай пiсьменнiцы
Элiзы Ажэшка. Яна не стаяла ў баку ад грамадска-палiтычнага
жыцця, удзельнiчала ў
польска-лiтоўскай
палемiцы.
Вясной 1905 г. пецярбургская газета “Русь” надрукавала
артыкул пiсьменнiцы, у якiм яна адстойвала права ўжывання
польскай мовы ў
грамадскiм жыццi края.
Артыкул выклiкаў
абурэнне прадстаўнiкоў лiтоўскага руху.
Яны абвiнавацiлi Ажэшку ў
пагардзе да лiтоўскай
мовы, назвалi яе “госцем, якi зневажае гаспадароў“. У лiпенi
1905 г. Ажэшка надрукавала свой адказ. Вось некаторыя радкi з яго: “...Аб
першынстве польскай мовы перад iншымi ў маiм артыкуле няма нiводнага
слова. Аб магчымасцi такога першынства, аб тым, каб дамагацца яго, нiколi не
пiсала... таму, што з’яўляюся
гарачай i даўняй
прыхiльнiцай роўнасцi
ўсiх
людзей, народаў i
моваў.
Законы, па майму мяркаванню, не павiнны нi ўздымаць, нi
прынiжаць мовы, нi падштурхоўваць, нi затрымлiваць iх развiццё.
Адзiнай перавагай, якая можа быць у мовы з’яўляецца
перавага культурная, г. зн. больш высокi ўзровень унутранай апрацоўкi (духоўнага
развiцця) i большая вага створанай на ёй лiтаратуры. У свеце пастаянна
адбываюцца падзеi, калi асобныя мовы з прычыны агульнай перавагi выходзяць
наперад i ахоплiваюць шырокiя прасторы думкi i творчасцi, аказваюць больш моцны
ўплыў. Але такое
першынство, якое з’явiлася як вынiк працы i творчасцi, нiчым iншыя мовы не
прынiжае...
...Аўтар артыкулу назваў мяне
“мiлым госцем” края. За эпiтэт дзякуй, але звання, з якiм ён звязаны, не
прымаю. Я з’явiлася ў
гэтым доме 500 гадоў
таму, i няма на свеце законаў, якiя б чалавека, пражыўшага ў доме
столькi гадоў,
усё ж лiчылi госцем. Акрамя таго я ўвайшла ў дом не з
мечом i полымям, а з крыжом i пiсьменнасцю. I за гэты час выканала шмат
карыснай i патрэбнай працы...
...Не будзем паўтараць старыя чалавечыя памылкi,
не будзем кiдаць зерне нянавiсцi, якая нiчога не стварае, не будзем узаемна
папракаць i абвiнавачваць адзiн аднаго. Лепш напiшам на нашым агульным сцягу
старажытны, але заўсёды
актуальны заклiк сяброўства
i ўзаемнай
дапамогi. Хто ведае, цi не будзе гэта больш карысна, нават па практычных
вынiках, чым палiтычныя камбiнацыi ў пошуках толькi ўласнай
карысцi”.
Думкi
пiсьменнiцы, выказаныя на выдатнай польскай мове, многiя палякi ўспрынялi з
хваляваннем. Так яны ўспрымаюцца
i сёння. Але паспрабуем паглядзець на ўсё гэта вачыма жыхароў краю
пачатку XX ст. I паспрабуем зразумець, чаму лiтоўскiя дзеячы
не адрэагавалi на заклiк сяброўства i ўзаемнай дапамогi,
як не ўспрынiмалi яны (а
беларусы таксама) аналагiчных зваротаў iншых польскiх аўтараў.
Прычыны гэтага хавалiся, у першую чаргу, у самой
пазiцыi краёвай польскай iнтэлiгенцыi. Яна бачыла вытокi распаўсюджвання
польскай культуры на Беларусi i Лiтве толькi ў больш
высокiм яе ўзроўнi, у тым,
што яна несла з сабою ўзоры
палiтычных свабод польскага народу. Нiякай вiны палякаў у
апалячваннi лiтоўцаў i беларусаў няма,
тлумачыў
вядомы публiцыст Л. Васiлеўскi. Наадварот, польскiя дзеячы
лiчылi, што на Беларусi i Лiтве разгортваецца барацьба цывiлiзаванага Захаду i
“барбажынскага” Усходу. I якраз польская культура здавалася iм носьбiтам еўрапейскай
цывiлiзацыi. Яны апалагiзiравалi Рэч Паспалiтую, лiчылi яе польскай дзяржавай,
якая, на iх думку, прынесла Беларусi i Лiтве адну толькi карысць.
У дыскусii з Ажэшка лiтоўскiя дзеячы
(у далейшым i беларускiя ў аналагiчных дыскусiях) адчувалi
тое, чаго не адчувала сама пiсьменнiца. Заклiкаючы да роўнасцi, яна
выступала, як старэйшая сястра ў спрэчцы з малодшымi неразумнымi
братамi. Вiдаць, не выпадкова ў сваiм лiсце ад 22 чэрвеня 1906 г.
яна называе беларусаў i
лiтоўцаў
“народзiкамi”.
Вытокi гэтай знявагi ў
пачуццi сваёй прыналежнасцi да больш высокай культуры.
Прадстаўнiкi беларускай i лiтоўскай
iнтэлiгенцыi добра разумелi, што заклiкi да роўнасцi, да
зблiжэння нацый — гэта толькi словы, а справамi можна лiчыць актыўнае
супрацьдзеянне ўвядзенню
лiтоўскай
i беларускай мовы ў
касцёльнае
набажэнства. I вось што адказаў польскiм апанентам адзiн з
прадстаўнiкоў лiтоўскага руху А. Якшцiс: “Мы глядзiм
на палякаў не
вачыма Мiцкевiча i бачым, што iх мэтай з’яўляецца
культурная перамога над намi, знiшчэнне нашага руху, пашырэнне польскасцi на
Лiтве”.
I сапраўды, заклiкаў i зваротаў аб
неадходнасцi дапамагаць беларусам шмат. Але iх аўтары
хiтравалi. Галоўных
праблем — панавання польскага памешчыцкага землеўладання,
польскай мова набажэнства ў касцёле — яны не закраналi. Гэта
можна зразумець. I першае, i другое ў доўгiя гады
ганенняў
успрымалася польскiм грамадствам у якасцi краевугольнага каменя польскiх
пазiцый на Беларусi i Лiтве. I вось, каб быць да канца паслядоўнымi ў абвешчаных
дэмакратычных прынцыпах, трэба было згадзiцца на аграрную рэформу, якая б
уключала ў
сябе адчужэнне памешчыцкiх земляў i на ўвядзенне
беларускай мовы ў
набажэнства. Пайсцi на гэтыя ахвяры яны не здолелi. “Краёвасць” у кансерватыўным
выкананнi ў
дачыненнi да беларускага пытання перажывае крызiс.
“Краёўцы-дэмакраты” выступалi з iншых
пазiцый. Яны былi прыхiльнiкамi сапраўднай роўнасцi
нацый, заснаванай на шырокiх дэмакратычных правах i свабодах. Яны неаднаразова
выказвалiся ў
падтрымку беларускага i лiтоўскага нацыянальнага рухаў. Аднак яны
заўсёды
былi ў
меншасцi.
Падводзячы некаторыя вынiкi i абапiраючыся пры гэтым
на аналiз вiленскага польскага руху пачатку XX ст., на вывучэнне архiўных матэрыялаў, звязаных
з дзейнасцю польскiх палiтычных партый i арганiзацый i ўспамiны
дзеячоў
польскага руху, можна сцвярджаць наступнае: негледзячы на разбежнасць поглядаў “краёўцаў-кансерватараў“ i “эндэкаў“ на
беларускае пытанне, на спрэчкi памiж iмi, мэта iх дзейнасцi была аднолькавай —
не толькi захаваць, але i ўзмацнiць пазiцыi вярхоў польскага
грамадства на Беларусi i Лiтве. Але, калi “эндэкi” разлiчвалi дамагчыся гэтага
праз барацьбу з нацыянальнымi рухамi iншых народаў, то “краёўцы-кансерватары”
лiчылi, што трэба iсцi праз дэклараванне роўнасцi i
братэрства ўсiх
народаў,
пашыраючы пры гэтым ужо заваяваныя пазiцыi ў
эканамiчным, рэлiгiйным i культурным жыццi края. Магчыма, што ў гэты
перыяд беларусы, украiнцы i лiтоўцы наогул не ўспрымалiся
як асобныя нацыi. “Для iх (палякаў. — А.С.) украiнцы, беларусы, лiтоўцы з’яўляюцца
толькi этнаграфiчным матэрыялам, з якога як кураняты з яйка праклюнуцца з часам
сапраўдныя
палякi,”— зазначаў
лiтоўскi
друк[8].
Каталiцкi касцёл, выкарыстоўваючы тыя магчымасцi, што давала рэвалюцыя, iмкнуўся ўмацаваць свае ўласныя пазiцыi i пры гэтым заставаўся моцным фактарам паланiзацыi. Аднак пазiцыя
бiскупаў Ропа i Данiшэвiча, якiя марылi аб пашырэннi каталiцызму,
не звязваючы яго нi з якай нацыянальнасцю, супрацьстаяла русiфiкатарскай
палiтыцы i спрыяла пашырэнню нацыянальных настрояў сярод беларусаў-каталiкоў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"