|
Сцежкамi Сержпутоўскага
(Побыт беларусаў сумежжа Случчыны i Мазыршчыны па матэрыялах А. Сержпутоўскага i доследах Салiгорскага краязнаўчага музея)
Л. У. Бойка
Iмя Аляксандра Казiмiравiча Сержпутоўскага,
выдатнага беларускага этнографа i фалькларыста, добра вядома навукоўцам i
даследчыкам нашай культуры. Для мяне ж асабiста гэтае iмя набыло канкрэтны
змест на пачатку 80-х гадоў, калi я прыехала ў цудоўны горад на
Няве, каб азнаёмiцца з яго славутасцямi. У экспазiцыi “Беларусы” Музею
этнаграфii народаў
СССР я з хваляваннем чытала назвы знаёмых вёсак,
разглядала вырабы нашых продкаў. Тады i даведалася, што ўсё гэта
сабраў на
пачатку XX ст. А. Сержпутоўскi. У навуковай лiтаратуры часта
пiшуць, што ён вывучаў
побыт, звычаi i вераваннi сялян Случчыны i Мазыршчыны. Дык вось сучасны
Салiгорскi раён i
знаходзiцца на сумежжы двух былых паветаў. На поўначы раёна
— Жываглодавiчы (зараз Першамайск), мястэчка Вызна (з 1923 г. Чырвоная
Слабада), побач — Бялевiчы, радзiма Сержпутоўскага
(зараз гэта Слуцкi раён).
А на поўднi
— добра вядомыя даследчыкам вескi Гоцк, Гаўрыльчыцы,
Вялiкi i Малы Рожаны. Трошкi далей, ужо ў суседнiм раёне — Чудзiн
i Чучэвiчы. Мне захацелася больш даведацца пра фонд Сержпутоўскага, i я
шчыра ўдзячная
супрацоўнiкам
Музею этнаграфii, якiя дапамаглi мне здзейснiць задуманае.
Аляксандр Казiмiравiч прыяжджаў у нашую
мясцовасць неаднаразова. Так, у 1906 i 1910 гг. ён прывёз адсюль
шмат земляробчых прылад працы, цяслярнага i бандарнага iнструменту,
прыстасаванняў
для палявання, бортнiцтва, рыбалоўства, разнастайнае адзенне i рэчы
хатняга побыту. Усё
гэта ўяўляе вялiкую
цiкавасць для нас, таму што сёння шмат з таго, чым карысталiся
раней, знiкла. Я, напр., упершыню ўбачыла "валюшу"— ручную
сукнавальню (жалоб з парожкамi, выдзеўбленымi з дубу),
"карытца"— дзiцячую соску (у канец маленькага драўлянага
карытца ўстаўлена
саломiнка, абкручаная анучкай), "свецец"— самаробную жалезную лямпу,
люлькi з драўнiннага
наросту з драўлянымi
цыбукамi — ды хiба ўсё
пералiчыш! А колькi новых слоў у дачыненнi да адзення! Тут табе
i “корзат” i “капота” (жаночыя безрукаўкi), “каратыш” i “курцiк” (верхняе
адзенне), “плаценка” i “сукманiна” (тканiны хатняга вырабу). У Жываглодавiчах i
наваколлi
Вызны Сержпутоўскi сабраў шматлiкiя ўзоры
вышывання (фрагменты кашуль, фартухоў, ручнiкоў), адзенне
розных груп насельнiцтва (сялян, шляхты, жыхароў мястэчка).
I яшчэ — зрабiў
шмат фотаздымкаў.
Так, дзякуючы яму мы ўбачылi,
як выглядала ў
той час драўляная
царква ў
Вызне, якая каплiца была пабудавана над крынiцай з гаючай вадою, а якая — над
каменем з выяваю следа (называлася гэтая каплiца “прошча”, а сам камень —“Божа
ножка”). Сержпутоўскi
здымаў не
толькi вулiцы, хаты, ветракi, могiлкi, але зрабiў шмат
групавых, сямейных, асобных партрэтных здымкаў. Ён даў нам
магчымасць наблiзiць той час, акунуцца ў яго. Дарэчы, сёння многiя з гэтых
здымкаў
выкарыстаныя ў
экспазiцыi Салiгорскага краязнаўчага музею.
Вялiкая заслуга Аляксандра Казiмiравiча i ў захаваннi
нашага фальклору. У канцы XVIII ст. нарадзiўся ў вёсцы
Вялiкi Рожан казачнiк Рэдкi, якi пражыў каля 115 гадоў
(1795—1910). Дзякуючы Сержпутоўскаму мы сёння амаль у кожным
зборы беларускiх казак прачытаем “запiсана ад Рэдкага”. Даследчык народнай
творчасцi выдаў
зборнiкi “Казкi i апавяданнi беларусаў-палешукоў“, “Казкi i
апавяданнi беларусаў са
Слуцкага павету”, “Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў“.
Захавалася шмат рукапiсных матэрыялаў, сабраных Сержпутоўскiм у
розныя гады.
Знаёмства з навуковай спадчынай Сержпутоўскага
падштурхнула мяне прайсцi яго сцёжкамi, высветлiць, што ў побыце i
звычаях мясцовых жыхароў
змянiлася, i ў
якой ступенi. Некаторымi назiраннямi я i хачу падзялiцца.
Па-першае, як жа выглядаюць сёння беларусы-палешукi,
што можна сказаць пра народны касцюм гэтага рэгiёну — своеасаблiвы “вонкавы
пашпарт”? Безумоўна,
мясцовыя жанчыны апрануты сёння не так, як у часы Сержпутоўскага.
Недзе ў
1930-я гг. вышываныя сарочкi сталi шыць без каўняра i
насiць падыспад. Замест традыцыйнага пакрою (з трох полак, з палiкамi —
плечавымi ўстаўкамi) стаў пераважаць
пакрой з гесткай (какеткай), якую рабiлi на падшэўцы з
крамнай тканiны. У фондах нашага музею захоўваецца
некалькi такiх сарочак, пашытых у 1930—50-я гг. Цiкава, што ў iх
выкарыстаны багата арнаментаваныя рукавы старых кашуль канца XIX i пачатку XX
ст. Зверху на вышытыя сарочкi надзявалi “кофту”— сарочку з крамнай тканiны
(часцей з паркалю, сацiну, бумазеi), зiмой яшчэ i “сведар”— куплёны цi вязаны ўручную
жакет. У канцы 1960-х гг. трыкатажныя нiжнiя сарочкi канчаткова замянiлi
ранейшыя вышываныя. Змянiўся i мужчынскi касцюм. Праўда, кашулi
з вышыванымi манiшкамi (“манешкамi”) у 1930—40-я гг. яшчэ не хавалi падыспад. У
нас захоўваюцца
некалькi мужчынскiх кашуль таго часу — з белага паркалю, з настрочанай зверху
вышытай крыжыкам манiшкай (асобная дэталь). Ёсць таксама i невыкарыстаныя наборы
для кашуль — вышытыя каўняры,
каўнерцы
(манжэты), манiшкi.
Але, як вядома, найбольш яскрава адлюстроўвае
рэгiянальныя асаблiвасцi адзення жаночы касцюм. I сёння няцяжка пазнаць у
горадзе жанчыну, якая прыехала па нейкiх сваiх патрэбах з Гоцка цi Хорастава:
спаднiца ў
складкi з штучнай шаўковай
тканiны яркага колеру, карацейшая, чым у жанчын з iншых вёсак; куртка
балоневая; дзве хусткi, верхняя, цяплейшая, напалову ссунутая назад. Дарэчы, у
гэтых вёсках iснуе сапраўдны
культ хустак. Iх не толькi купляюць у падарунак з любой нагоды, але шырока
выкарыстоўваюць
у абраднасцi. Так, пры пахаваннi труну абiваюць спачатку белай тканiнай, потым
кладуць “капу” (пакрывала), на яе тры-чатыры хусткi — абавязкова пад галаву i
пад ногi, адну-дзве — пад бокi. Калi ёсць вялiзная хустка, то найперш
засцiлаюць яе, потым дзве меньшыя — пад галаву i пад ногi. Века спадыспаду
абiваюць белым, потым у верхняй частцы (над галавой) — хусткай. Так хаваюць i
жанчын, i мужчын. Праўда,
апошнiм часам мужчынам замест хустак могуць заслаць гардзiннае палатно (запiсана ад Е.
I. Валасевiч,
1926 г. нар., i В.
П. Нагорнай, 1930 г. нар., в. Гоцк, 1991 г.).
Галаўныя ўборы жанчын
заўсёды
адыгрывалi выключную ролю ў характарыстыцы iхняга становiшча.
Замужнiм не дазвалялася з’яўляцца на людзях з непакрытай
галавой. Цiкава прасачыць, як паступова мянялася функцыя “наметкi” (намiтка —
даўнi
галаўны ўбор
замужняй жанчыны, доўгае
вузкае палатно, якое адмыслова “завiвалi”, прыбраўшы спачатку
валасы пад чапец). Калi на пачатку XX ст. сталi пашырацца хусткi, намiтку яшчэ
доўгi
час выкарыстоўвалi
ў
абрадах. Так, у фондах нашага музею захоўваюцца намiткi 1930-х гг. з Гоцка
i Гаўрыльчыц.
Яны рабiлiся, “каб сватоў
павязаць”. Адна з iх iльняная, другая з паркалю, але ўпрыгожаны
яны традыцыйна — вузкi чырвоны геаметрычна-рамбiчны арнамент на канцах, вышыты
процягам (“натыканне”), даўжыня — каля трох метраў. Намiткi
прыносiлi таксама ў
падарунак парадзiхам, адорвалi “бабу”, якая прымала дзiця. Выкарыстоўвалi iх i ў
пахавальнай абраднасцi: “Раней, калi хавалi, то пакрывалi нябожчыка палатном
вузкiм, або наметкай, на якой вышывалi крыжык. А зарах ужо гардзiну паложаць —
путайся потым у ёй. Я-то сама зрабiла сабе пакрывала вузкае з паркалю, нашыла
процягам, як раней наметкi” (А. А. Грудзько, 1915 г. нар., в. Гоцк, 1991 г.).
Дарэчы, пра “зручнасць” для нябожчыкаў казала i В. Нагорная, калi Е.
Валасевiч апавядала мне, што раней ногi проста абкручвалi белымi анучкамi i
чырвонымi каснiкамi: “Думаеш зручна? Паразматвалiся, то зараз босыя там
ходзяць”. Цiкава, што ў
iншых вёсках намiткi, якiя калiсьцi рабiлiся з самага тонкага кружэльнага
палатна, выкарыстоўвалi
iнакш — мы маем у фондах некалькi жаночых кашуль, пашытых у 1910—20-я гг. з
намiтак. Закончыць гаворку на гэту тэму я б хацела, працытаваўшы П.
Багатырова: “ ...так как костюм со своими функциями является лишь частью общей
структуры бытия, структуры, основывающейся, в частности, на мировоззрении
нации, на экономической системе и т. д., то ясно, что искусственно сохранять
одну из частей структуры, изменившейся в целом, нельзя. Поэтому все попытки
сохранить в той или иной форме старый костюм, когда в общей структуре бытия для
этого нет условий, будут безуспешны”.
Але не толькi народны касцюм дадзенага рэгiёну
выклiкае цiкавасць. На пачатку XX ст. Сержпутоўскi пiсаў: “В так
называемой Полесской Белоруссии, по среднему течению р. Припяти и ее левым
притокам... более, чем в других местностях, сохранились древние обычаи,
суеверия, предрассудки и старинный уклад домашней жизни”.
Пра гэта сведчаць i нарысы даследчыка — “Талака”, “Сябрына”, “Бонда”, “Каўтун” i iнш.
Што ж сёння азначаюць гэтыя словы для мясцовых жыхароў?
Талака, як калектыўная
дапамога аднавяскоўцаў, часткова
захавалася, але працаёмкiя работы (напр. пабудова хаты), выконваюцца за плату.
Сябрына — своеасаблiвае духоўнае радство, заснаванае на
сумесным валоданнi пчоламi, пароднай жывёлай, пашай i iнш.— таксама саступiла
месца звычайнаму сяброўству.
Цiкавыя змены адбылiся са словам “бонда”, якое азначала частаванне сваякоў i суседзяў свежыной,
мёдам, садавiнай. Сам звычай, якi, на думку Сержпутоўскага,
сведчыць пра агульнасць маёмасцi пры радавым ладзе, застаўся, але
слова гэтае не ўжываецца.
У адных вёсках яго зусiм забылi, а ў Гоцку, напр., яно замацавалася ў больш
вузкiм значэннi: “Бондай у нас называюць карову, якую даюць маладой у пасаг.
Мая цётка пайшла замуж у Хорастава, прывяла карову i кажа: “Гэта мая бонда”.
Дык з яе смяялiся, бо ў iх
так не гавораць, а цётку як празвалi “Бондай”, так да смерцi i насiла гэтую
мянушку” (А. А. Грудзько, в. Гоцк, 1991 г.).
У свой час Сержпутоўскi
спрабаваў
даследваць прычыны i сутнасць такой з’явы, як каўтун. Сам ён
лiчыў каўтун праявай
хваробы, уласцiвай Палессю, хаця i пiсаў, што пытанне гэтае навукай
канчаткова не высветлена. Амаль не змянiлiся з таго часу i погляды мясцовых
жыхароў:
“Каўтун?
Ён i зараз ёсць. У мяне ў
самой галава ўсё
балела, косцi ламала, то я думала, можа каўтун якi,
пайшла да бабы адной, яна “завязала” i не звiўся. А
сястра мая памёрла
ад каўтуна.
Што нi рабiлi, бабы (знахаркi.— Л. Б.)
кажуць, што прырабiлi ёй гэта. Хлопец, за якога яна пайшла, перад тым да другой
сватаўся.
Вось, кажуць, i прырабiла тая. Сястра мая казала, што як зайшла на двор да
маладога першы раз, дык быццам снегам яе абсыпала, пачало трэсцi, а потым i
валасы ў каўтун
збiлiся. I ў
царкве ёй гэты каўтун
абрэзвалi, усё роўна
нiчога не памагло, так i памёрла. А ў суседкi
маёй — вялiзарны каўтун,
так i ходзiць з iм, бедная” (А. А. Грудзько, в. Гоцк, 1991 г.).
Можна было б i далей параўноўваць звёсткi
Сержпутоўскага
i тое, што я ўбачыла
цi пачула ў
нашых вёсках. Можна было б узгадаць непiсьменную жанчыну з Вялiкага Рожана
Магдалену, якая мае дзiўную
звычку рыфмаваць усё што гаворыць, ствараючы часам цэлыя паэмы. Можна было б
прасачыць асобныя элементы ўзораў вышыўкi,
сабраных Сержпутоўскiм
у Жываглодавiчах (зоркi, крыжы ў ромбах, клетках, зубчастыя лiнii)
на посцiлках, вытканых там жа ў 1950—80-я гг. Так, для навуковых
даследванняў
тут можна знайсцi шмат цiкавага. Я ж зрабiла толькi спробу прайсцi сцёжкамi
Сержпутоўскага.
I хачу адзначыць галоўнае
— не гледзячы на ўсе
змены, якiя адбылiся ў XX
ст., беларуская вёска прываблiвае сваёй традыцыйнай шчырасцю. Сержпутоўскi, як i
iншыя даследчыкi, адзначаў: “Белорус отличается добротой и
состраданием; у него мягкий, покладистый характер”.
Сустракаючыся з беларусамi-палешукамi, заўсёды адчуваеш iхнюю
добразычлiвасць, ветлiвасць. Але апошнiм часам бачыш у вачах гэтых людзей сум i
занепакоенасць. Чарнобыль ахiнуў сваiм крыллем i поўдзень
Салiгорскага раёну. Тэрыторыя трох сельсаветаў адносiцца
да зоны дынамiчнага кантролю. Гэта самыя багатыя i цiкавыя ў
этнаграфiчных адносiнах вёскi — Гоцк, Хорастава, Гаўрыльчыцы,
Вялiкi Рожан i iнш. Цудоўна,
што Аляксандр Казiмiравiч Сержпутоўскi ў свой час
не прамiнуў
наш край, добра, што ў
фондах Салiгорскага краязнаўчага музея захоўваецца шмат
рэчавых помнiкаў.
Але што будзе далей? Сум агортвае душу.
I ўсё ж закончу словамi нашага цудоўнага паэта i фiлосафа Алеся Разанава: “Чалавечыя цывiлiзацыi — не
дарога, якая ведае, куды вядзе, i якая не пакiдае нiкога ў мiнулым, а сляды самотнага падарожнiка: мiж iмi — адлегласць, i з’ядноўваюцца яны мiж сабой не нацянькi, не суцэльнай лiнiяй, а праз таго, хто
iдзе i не пакiдае аб сабе iншых сведчанняў, апроч слядоў”.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"
|