|
Памяць раённага маштабу
(Памяць. Наваградскi раён. Мн.: Беларусь, 1996)
В. В. Антонаў, М. В. Нiкалаеў
Гэтая кнiга[]—
чарговы, здаецца, ужо больш чым дваццаты том хронiкi “Памяць”— не можа быць
ардынарнай, адной з многiх падобных, хаця i рыхтавалася ў рамках добра вядомай серыi.
Па-першае, не ў крыўду iншым гарадам i раёнам, Наваградак ёсць справа асаблiвая. Лёс даўняй сталiцы Вялiкага княства Лiтоўскага,
роля Наваградчыны ў гiсторыi i, у
прыватнасцi,
этнiчнай
гiсторыi Беларусi
настолькi
ж значныя i
выразныя, наколькi i цьмяныя, загадкавыя, ахутаныя густой смугой легенд, апокрыфаў цi
простага маўчання крынiц. З другога боку, сама “Памяць” на працягу дванаццацi год
свайго iснавання
не заставалася нязменнай. Раслi патрабаваннi да серыi, пашыралiся яе задачы, набываўся вопыт. Досыць параўнаць, напр., адзiн з першых выпускаў — пра Шумiлiнскi раён —
шэрую (у любым сэнсе) кнiжыцу, скрозь прысвечаную поспехам у камунiстычным будаўнiцтве, з iлюстрацыйным
матэрыялам, што, як дзве кроплi вады, нагадваў стэнд нагляднай агiтацыi на плошчы якога-небудзь раённага гарадка (таго ж Шумiлiна),
а ўся
дакастрычнiцкая
гiсторыя
змясцiлася
на дзевяцi
(мы не жартуем) старонках, з цяперашнiм, важкiм наваградскiм томам, да работы над каторым прыцягвалiся буйнейшыя спецыялiсты (iмёны Л.
Побаля, В. Чамярыцкага, М. Ермаловiча самi за сябе гавораць), са значным даведачным i картаграфiчным апаратам, нават бiблiяграфiяй, —
каб бачна ўразумець
пройдзены “Памяццю” шлях i яе дасягненнi.
Змест
кнiгi вельмi
разнастайны не толькi тэматычна, але i, так сказаць, у жанравым аспекце. Ёсць главы, па сутнасцi арыгiнальныя
даследаваннi, пра асобныя перыяды гiсторыi гораду i краю, ёсць дробныя нарысы па адносна частковых пытаннях (напр., бiяграфiчныя),
спiсы
ахвяр фашысцкага i бальшавiцкага тэрору, слоўнiк
населеных пунктаў Наваградчыны, публiкацыi дакументаў i
шмат iншага,
каштоўнага
i
часта унiкальнага.
Аднак сама гэтая разнастайнасць — пры, шчыра кажучы, пэўных недахопах рэдактарскай
працы — вядзе калi-нiкалi да нейкай якаснай пярэстасцi, няўзгодненасцi асобных частак тэксту, некаторых змястоўных лакун.
Том
пачынаецца, пасля блоку каляровых фотаздымкаў i кароткай храналогii,
са слова “Да чытача” галоўнага рэдактара М. Касцюка. Напiсана яно ў крыху лiрычным стылi i настроi — таму прабачым аўтару i “векавыя дубровы” (гэта аб некалькiх выпадкова ацалелых дасёння
кругом горада дубах), i спасылкi на Яву з Суматрай i “шматлiкiя
сузор’i Галактыкi“, нават сур’ёзны пераказ старой школьнай байкi пра падземную раку памiж Свiцяззю i морам. Горай, калi М. Касцюк тычыцца рэчаў больш канкрэтных. Адкуль ён, напр., узяў, што са Свiцязi не выцякае “нi адна рачулка” (с. 18), i куды тады дзець Сваротву, якую, дарэчы, ясна вiдаць на карце раёна ледзь
не на суседняй старонцы (с. 22)?
Дзе тыя археолагi, што, паводле нашага аўтара, адносяць “з’яўленне першых пасяленцаў на месцы цяперашняга Наваградка... да 2—3 тысячагоддзяў да
нашай эры” (с. 19)? Знаходкi крымянёвых прылад 3—2 тысячагоддзяў (менавiта ў такiм парадку, мяркуем, варта весцi адлiк да нашай эры) ля Белiцы, Чарэшлi, Свiцязi дачынення да гораду XI ст., зразумела, не маюць, а датаваць Наваградак
больш раннiм
часам няма нiякiх
падстаў.
Нарыс
А. Мядзведзева “З глыбiнi
тысячагоддзяў“ прасочвае гiсторыю краю ад мусцьерскай эпохi, але пачынае не з Наваградчыны — на той час па клiматычных прычынах чалавеку
немагчыма было тут жыць (“на жаль”, як прастадушна заўважае аўтар),— а з Паўднёвай
Беларусi.
Далей успамiнаюцца стаянкi каменнага веку ў Чарэшлi, Белiцы, Васiлевiчах,
Панямонi, пры апiсаннi каторых, на нашу думку, перабольшана (як для
навукова-папулярнага выдання) спецыяльных тэрмiнаў i катэгорыяў: пералiчваюцца,
без асаблiвых
растлумачэнняў, культуры Лiнгбi i арэнсбургская, помнiкi тыпу Дубiчай або Лысай Гары,
дабраборскi этап нёманскай неалiтычнай культуры, мясцовы мезалiтычны
субстрат... У археолага за кожным з названых слоў стаiць багаты
гiсторыка-культурны змест, а для шырокага чытача яны мала што значаць. Недзе ў
сярэдзiне тэксту аказалася паведамленне пра культуру штрыхаванай керамiкi,
носьбiтаў
якой “звязваюць са старажытнымi ўсходнiмi балтамi” (с. 26). Падкрэслiм гэтыя словы — гэта адзiная ва ўсiм тоўстым
томе згадка пра балтыйскае насельнiцтва Наваградчыны, найбольш важную i складаную праблему даўняй гiсторыi Беларусi. Што
праблема ляжыць на паверхнi, сведчыць сама этымалогiя назваў навакольных вёсак: Суляцiчы (лiтоўскае
sula ‘сок з дрэва’), Пукачы (pыkas ‘пух’), Галынь (galas, galыnл ‘канец, край’)
Мотча (moиia - мацi, хавальнiца роду), Рэцемля (“reitimas” ‘скрутак тканiны, сувой’) i г. д.
Глава
“Скарбы Наваградчыны” (аўтар Л. Побаль) уяўляе спробу каталога знойдзеных на Наваградчыне рымскiх манет.
Каталог вельмi цiкавы,
але было б значна лепш, калi б ён пазбавiўся
нечакана шматлiкiх
памылак друку i не толькi друку пры перадачы i перакладзе лацiнскiх i
грэчаскiх
тэкстаў.
Возьмем, напр., першае з апiсанняў — дынарый Траяна з Вераскава, згодна аўтару, 112—117 гг. (с. 27—28).
Прывядзем надпiс з падзелам на словы: “IMP. CAES. NER. TRAIANO OPTIMO AUG. GER. DAC. P. M. TR. P. SPQR”. Тэкст, як бачым, абсалютна ясны: “Iмператару Цэзару Нерве Траяну Найлепшаму Аўгусту Германскаму Дакiйскаму, вялiкаму пантыфiку з трыбунскай уладай, рымскi сенат i народ”. У перакладзе ж усе ўскосныя склоны (датыў i аблатыў) замененыя на назоўны, агульнавядомы тытул Траяна “Optimus” (“Найлепшы”) перададзены, зусiм абсурдна, як “арыстакрат”, i
г.
д.
Не спыняемся на рознага гатунку арфаграфiчных ляпсусах; зазначым, урэшце, што i датаванне манеты можна iстотна ўдакладнiць. Паколькi Траян
тытул Найлепшага атрымаў у 114 г., а ў 116 г. да яго прыбавiўся
“Парфянскi“,
каторы ў
надпiсу
адсутнiчае,
то, вiдавочна,
вераскаўская
манета адчаканеная якраз у гэты прамежак часу.
Археалогiя
i
гiсторыя
X—XIII ст., якiм прысвечаны тры наступныя главы,— хiба не найлепш распрацаваная
дзялянка наваградскай гiстарычнай мiнуўшчыны. Дзякуючы 25-гадовым раскопкам Ф. Гурэвiч мы добра ведаем
матэрыяльную культуру гораду дамангольскага часу, iншыя археолагi шмат
даследвалi архiтэктуру (П. Рапапорт, А. Каргер, М. Малеўская-Малевiч, М. Ткачоў) i
пахаваннi ў
вакольных курганах (К. Паўлава). Вынiкi гэтай работы досыць прафесiйна рэзюмавалi Я. Звяруга i Т.
Бубенька. Пры гэтым адчуваецца аддаленасць аўтараў археалагiчнай часткi ад уласна
наваградскай праблематыкi i адсутнасць у iх замiлавання да гiстарычнага краязнаўства:
ёсць апiсанне абраду пахавання, але не выкарыстана цiкавая i важная работа —
рэканструкцыя аблiчча чалавека XII ст. па чэрапу, што знойдзены ў адным з
навакольных курганаў[3]; пералiк рэчаў, якiмi карысталiся гараджане, замяняе рэканструкцыю побыту i г. д.
Бясспрэчна, паўнату гiстарычнай карцiны дадаюць нарысы М. Ермаловiча, В. Насевiча i В.
Чаропкi
з палiтычнай гiсторыi XIII ст. Але iх аўтарам ужо не да мясцовага побыту — тут крыжуюцца розныя погляды на паўстанне
Вялiкага княства Лiтоўскага. Можа праз гэта не прагучала нi ў археалагiчным (Я. Звяруга) нi ў
прысвечаным Войшалку (В. Чаропка) кавалках тэксту слушнае, на наш погляд,
мяркаванне Ф. Гурэвiч, што знайдзены
пры раскопках Замка абразок-лiцiк звязаны з паломнiцтвам Войшалка ў святую
гару Афон.
На жаль, няма i рэпрадукцыi гэтай каштоўнай рэлiквii.
Эпоха
ВКЛ (раздзелы “Перыяд станаўлення. XIII—XV стст.” i “Наваградчына ў XVI—XVIII стст.”)— час росквiту Наваградка. Будуецца Замак, узносяцца
цэрквы i касцёлы, фармiруюцца вулiцы, квiтнеюць рамёствы i гандль. Потым, пад
час войнаў
або эпiдэмiй усё гiне, iдзе з полымям, занепадае. Потым iзноў жыццё
адраджаецца — на месцы драўляных храмаў ставяцца мураваныя, людзi ўпрыгожваюць свае святынi. Дзеючы ў дзяржаве вярхоўны суд (Трыбунал) рэгулярна збiраецца ў Наваградку, прыцягваючы сотнi
людзей з усяе краiны i гэтым даючы гараджанам не толькi заработак i апошнiя
навiны, але i магчымасць непасрэдна ўдзельнiчаць (часцей, канечне, як маўклiвыя сведкi) у найважнейшых
падзеях. Шляхта павету час ад часу з’яжджаецца на павятовыя сеймiкi i на
судовыя “рочкi”, каб разсудзiцца памiж сабой i з магнатамi, сфармуляваць свае
патрабаваннi паслам на агульнадзяржаўны сейм, абраць з-памiж сябе суддзю, падсудка i пiсара, пагаварыць, хто
будзе на наступныя гады харужым, а значыць у выпадку паспалiтага рушэння
павядзе (пад “пелiстым з Пагоняй” сцягам) у бой наваградскую шляхту.
Пра
многае з гэтага ў кнiзе напiсана. Кожны з аўтараў у межах сваёй тэмы паведамляе факты. Аднак цэльны малюнак гiстарычнага працэсу
атрымлiваецца
з цяжкасцю.
Глава
“Ад сталiцы княства да цэнтра ваяводства” пачынаецца вельмi высокамоўнай
фразай пра “самаадданую працу беларускага i лiтоўскага народаў,
гераiзм iх мужных вояў i
актыўную
дзейнасць лiтоўска-беларускiх князёў...” (с. 68). Нiжэй аўтар (В. Чамярыцкi) ужо пiша пра беларускую народнасць XIV—XV ст. Што
такое ёсць гэтая народнасць, якiмi прыкметамi яна вызначаецца, якiя яе
тэрытарыяльныя межы, не сказана. I не дзiўна.
Добры знаўца
царкоўнаславянскай
i старабеларускай мовы i тэкстаў крынiц, В. Чамярыцкi выдатна ведае, што, напр., тыя цi iншыя моўныя асаблiвасцi, нават наймацнейшыя, могуць
служыць адзнакай этнiчнага адасаблення, толькi калi ўсведамляюцца
ў
гэтай апошняй якасцi носьбiтамi мовы. (Таму вельмi наiўнымi
выглядаюць вучоныя, каторыя ў пацвярджэнне iснавання беларускага этнасу ў XII—XIII ст. зазначаюць мову полацкiх грамат — мiжволi адчуваеш:
такi
аўтар
у глыбiнi душы
хавае дзiцячую
ўпэўненасць,
што былi
часы без анiякiх моўных асаблiвасцяў). Застаецца па-старому спаслацца на “пануючае становiшча ў Вялiкiм
княстве Лiтоўскiм
беларускай мовы” ды яшчэ ганарыцца тым, што “утварэнне Лiтоўска-Беларускай дзяржавы... на
цэлае стагоддзе апярэдзiла аналагiчны працэс у Маскоўскай Русi“ (с. 68). Тым часам аўтар так i не паказаў, калi i
як было створана Наваградскае ваяводства, у чым яго спецыфiка ў параўнаннi з iншымi, як змянялiся яго
гранiцы.
У спiсе
лiтаратуры
(с. 92—93) не ўспамянута спецыяльная манаграфiя Г. Лаўмяньскага[5].
Раздзел
“Наваградчына ў XVI—XVIII стст.” наогул некалькi асаблiвы. Досыць буйны (с. 93—163), напоўнены багатым i
разнастайным матэрыялам, ён не ўяўляе
цэласнага гiстарычнага выкладу, а распадаецца на шэраг асобных артыкулаў, якiя адзiн з другiм па
сутнасцi
не звязаны — сярод iх “Паны i прыгонныя” М. Спiрыдонава, “Герб места Наваградка” А. Цiтова, “Пачатковая гiсторыя
унiяцтва
i
Наваградак” С. Палуцкай, “Архiтэктурныя помнiкi
Наваградчыны” Т. Габрусь (гэты апошнi, нам здаецца, ёсць адзiн з найлепшых ва ўсёй
кнiзе
— яго сцiсласць,
iнфарматыўнасць,
умелае выкладанне пры, само сабой зразумела, грунтоўнай эрудыцыi аўтара
вартыя высокай ацэнкi). Такая раздробленасць вядзе да вельмi дзiўных вынiкаў
— у “гiсторыка-дакументальнай
хронiцы”
цалкам адсутнiчае гiсторыя другой паловы XVII i ўсяго
(!) XVIII ст. Цяжка паверыць, але факт: ад друкара Мiхала Слёзкi да Iаахiма Храптовiча пераход самы непасрэдны i
нязмушаны. (Ëсць, праўда, яшчэ невялiкi
нарыс аб вальным сейме 1773 г., аднак ён чамусьцi знаходзiцца ў самай сярэдзiне наступнай главы “Наваградчына ў складзе Расiйскай iмперыi“— мяркуйце самi пра логiку i зручнасць падобнага размяшчэння).
Гiпотэза
А. Цiтова аб сувязi “Чорнага Анёла” на гербе Наваградка з найменнем “Чорная
Русь”, як i
выснова аб выключнасцi такога гербу (с. 136), не выдаецца вельмi даказальнай. Выява Мiхаiла
Архангела з вагай i мячом стала моднай для геральдыкi Вялiкага княства канца
XVI i
пачатку XVII ст. Перш (у 1593 г.) такi герб атрымаў маленькi гандлёвы гарадок
недалёка Вiльны Новая Воля. Адрозненне ад наваградскага гербу — ў колярах
адзежы архангела i ў тым, што на гербе Новай Волi той трымае меч лязом долу. Потым герб з
гэтым самым сюжэтам атрымалi Наваградак (1595 г.) i Ёнiшкi (1616 г.).
Застаецца, аднак, загадкай, чаму
менавiта гэтыя гарады злучылiся падобнымi памiж сабой гербамi.
Несумненна
важнай акалiчнасцю ў жыццi Наваградка было размяшчэнне ў iм рэзiдэнцыi заходнерускiх
(кiеўскiх)
мiтрапалiтаў. Мiтраполiя мела ў горадзе некалькi пляцоў, падаткi з якiх iшлi ў даход мiтрапалiту. Побач жылi месцiчы магдэбургскага падпарадкавання,
якiя плацiлi падаткi дзяржаве, побач — жыдоўская абшчына, што плацiла свае
падаткi асобным ад гораду рахункам. Наяўнасць у параўнальна невялiкiм населеным пункце некалькiх самастойных юрысдык было,
на нашу думку, адной з важных прычынаў эканамiчнай слабасцi гораду. Зрэшты, аўтары абыйшлi сваёй увагай гэтае
пытанне. Больш таго — звестка пра тое, што ў Наваградку была рэзiдэнцыя
мiтрапалiта паўтараецца не менш як у пяцi месцах Хронiкi (с. 69, 80, 101, 142—143, 152), а вось што пры гэтай
рэзiдэнцыi быў сабраны i доўгi час знаходзiўся мiтрапалiчы архiў, якi захаваўся да нашых дзён, i ў iм мноства дакументаў, непасрэдна датычных мiтрапалiчых маёмасцяў у Наваградку i ваколiцах, i
што да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Пецярбургу выдадзены двухтамовы вопiс гэтага архiву
(трэцi том не выдадзены, але iснуе ў рукапiсе)— пра гэта нiхто з паважаных аўтараў не паведамiў. I
гэтых дакументаў не выкарыстаў.
Гiсторыя
XIX i
пачатку XX ст. ставiць новыя праблемы. Калi для больш аддаленых часоў колькасць захаваных крынiц
досыць абмежаваная i кожная з iх “на вагу золата”, то тут галоўная
цяжкасць у iншым — з многiх крынiц выбраць найбольш важныя, сцiсла i збалансавана падаць вялiзны
матэрыял. Аўтары гэтага раздзелу ўпэўнена
спраўляюцца
са шматлiкiмi
складанасцямi. Знiкае фрагментарнасць, апавяданне зноў набывае паўнату i сiстэматычны
характар. Вельмi нядрэнна, без звычайных агульных фраз выкладзены падзеi 1812 г.
Аднак не варта пры гэтым трацiць увагу i да гiстарычнага фону мясцовых здарэнняў — тады б не трапiлi ў
тэкст прыкрыя недахопы, як машынальны, верагодна, паўтор даўняга навуковага непаразумення
адносна пераправы Напалеона праз Нёман нiбы без абвяшчэння вайны (с. 168)
або сцвярджэнне, што губернi падчас напалеонаўскай акупацыi “пераўтваралiся ў правiнцыi“ (с. 169), калi ўжо
побач бачым правiльную назву “дэпартамент”(с. 171).
У главе пра Наваградчыну эпохi капiталiзму
асаблiва
адчуваецца прыхiльнасць аўтара (У. Фiлякова) да сацыяльнай i эканамiчнай гiсторыi — стану гаспадаркi, удзелу выхадцаў з Наваградчыны ў
рэвалюцыйных падзеях у расiйскiх i ўкраiнскiх гарадах. Больш агульна ахарактарызаваныя побыт i культура.
Пры апiсаннi асветы i санiтарнага стану аўтар не назваў нi аднаго настаўнiка цi доктара, а гэта ж была мясцовая iнтэлiгенцыя — людзi, якiя
працавалi доўгiя гады i якiх ведала ўсё наваколле. У якiм цяжкiм становiшчы аказалася, напр., Любча, калi з
яе ў
1914 г. адначасова прызвалi на вайну ўрача Х. Скалабана i фельчара М. Снiтко! Варта было б таксама ўспомнiць
ветэрынарную службу, якая мела непараўнальна
(з сённяшнiм) большае значэнне i большы ахоп работы; у 1895—1914 гг. яе ўзначальваў
павятовы ветэрынарны ўрач Уладзiмiр Фролавiч Пракаповiч. Пры яго непасрэдным удзеле ў горадзе
ў
1907 г. была адчынена ветэрынарная лячэбнiца. Шкада, што не паведамлена пра
iснаванне (з 1911 г.) Наваградскага земства — яно шмат зрабiла працы па добраўпарадкаванню
дарог, паляпшэнню арганiзацыi пошты, займалася аграномiяй, школамi, аптэкамi,
бiблiятэкамi i г. д. З 1913 г. земства прадпрымала захады па арганiзацыi ў павеце
тэлефоннай сувязi. Актыўным супрацоўнiкам земства быў Аляксандр Ксавер’евiч Яштольд-Гаворка — бацька будучага вядомага
савецкага вучонага, аўтара неаднойчы перавыдадзенага ў Маскве падручнiка па фатаграфii. Таксама па-за межамi кнiгi застаўся такi
актуальны на пачатку XX ст. для гарадскiх уладаў Наваградка клопат, як
канкурэнцыя з Баранавiчамi. Мiзэрнае мястэчка дзякуючы чыгуначнай станцыi хутка
перарасло павятовы горад i па колькасцi жыхароў, i па абаротах гандлю, ды й
мела сваiмi жыхарамi багатых i адукаваных чыноўнiкаў — прынамсi са складу
раскватараванага ў Баранавiчах штабу вайсковай чыгуначнай брыгады i двух чыгуначных
батальёнаў.
У студзенi 1911 г. было нават паднята пытанне аб змене гранiц Наваградскага
павету i аб пераносе павятовага цэнтру з Наваградка ў Баранавiчы. Гэтая “гiстарычная
спрэчка” перакрочыла ў наступны перыяд i тлумачыць з’яўленне ў свой час Баранавiцкай вобласцi.
I
сёння па розных прычынах цяжка пiсаць пра падзеi другой сусветнай вайны. Жывыя
яшчэ сучаснiкi,
жывая памяць пра страты. Нялёгкую задачу спынiць варожасць у сваiх душах вырашаюць многiя ўдзельнiкi
вайны. Так, польскi i нямецкi народы, сабраўшы прадстаўнiкоў сваiх урадаў i
духавенства, зрабiлi замiрэнне, абапiраючыся на формулу “Przebaczamy i prosimy
o przebaczenie”. Нельга сказаць, што Хронiка не спрабуе ажыццявiць пэўныя крокi ў
гэтым кiрунку
— узяць хоць бы сур’ёзныя заўвагi аб падставах пераходу “некаторых грамадзян Наваградчыны” на службу да
гiтлераўцаў (с.
289). Але вось iншы прыклад. Расказваецца пра змаганне чырвоных партызан з атрадам
Барыса Рагулi. У фарбах апiсана жудаснае забойства ля в. Ваўковiчы партызана Юрчыка, “труп якога два зiмнiя тыднi вiсеў каля дарогi
Наваградак — Карэлiчы для запалохвання насельнiцтва” (с. 298). А потым каротка i холадна пра разбiтых рагулеўцаў:
“На полi бою засталося 18 варожых трупаў...“ (с. 299). Хай палiтычныя погляды, а то i проста нешчаслiвы лёс
развялi людзей на розныя бакi барыкадаў. Але ж тыя, хто ваяваў у Рагулi, таксама тутэйшыя людзi. Значыць, пасля таго бою ў 18 навакольных вясковых хатах
стаяла труна i была смерць. Цi не час i нам сказаць: “Прабачаймо, i прабачце
нас”...
I
другi
бок тойсамай праблемы. Для гiсторыка гэтай вайны часам цяжка пераадолець уплыў лiтаратурнай (iдэалагiчнай па
паходжанню) традыцыi, косных, хаця звычных i зручных поглядаў, ацэнак, шаблонаў. “Напярэдаднi нашэсця,— пiша У. Несцярэнка,— вораг пераўзыходзiў нашы сiлы ў заходнiх пагранiчных
акругах па колькасцi войск у 1,8, па сярэднiх i
цяжкiх
танках — у 1,5 раза, па баявых самалётах новых тыпаў — у 3,2 раза” (с. 285). Не будзем нават дашуквацца да крынiцы гэтых
лiчбаў
— яны, безумоўна, не адпавядаюць рэчаiснасцi. Да 22 чэрвеня 1941 г. суадносiны сiл i
сродкаў
Заходняга фронту i войск групы армiй “Цэнтр” у яго паласе, як цвёрда ўстаноўлена, былi прыкладна роўныя, за выключэннем танкаў, па каторых савецкi бок пераўзыходзiў працiўнiка ў 2,7 разы.
Такiм
чынам, справа не ў колькаснай перавазе, а ў тым, што, як рэзюмiруе сучасны даследчык, “группировка войск в ЗапОВО больше подходила для
наступления, чем для обороны”.
Нам могуць запярэчыць, што ўсё
гэта вышэйшыя стратэгiчныя разважаннi, якiя маюць няшмат дачынення да ўласна Наваградчыны. Не пагадзiмся. Напр., якраз у раён Наваградка пачалося яшчэ 20 чэрвеня 1941 г. высоўванне (з-пад Магiлёва) 13-й
армii, аб чым Хронiка ўвогуле не ўспамiнае. Тым часам, фiгуры замоўчвання iншы раз проста скажаюць стан рэчаў. Вось iдзе гаворка пра абарону Беластоцкага выступу: “На 10-ую армiю...
наступалi
чатыры армейскiя карпусы працiўнiка —
7-ы, 9-ы, 13-ы i 42-i” (с. 286). Гэта робiць уражанне. Пакуль не прыгадаеш, што сама савецкая 10-я армiя налiчвала,
апроч iншых
злучэнняў,
пяць карпусоў, да таго ж пры 1315 танках — у паўтары разы больш, чым ва ўсёй групе
“Цэнтр” супраць Заходняга фронту!
Мы,
вядома, не маем тут магчымасцi закрануць, нават бегла, кожны раздзел, нарыс, артыкул кнiгi. На
заканчэнне скажам хiба толькi пра рэч, можа, асобную, але даволi важную,
на што рэдка звяртаюць увагу крытыкi, — картаграфiчны апарат выдання. Ён не малы, асаблiва ў параўнаннi з нядаўнiм
часам, калi
поўная
савецкая сакрэтнасць усяго тапаграфiчнага матэрыялу ператварала краязнаўства ў навуку тэарытычную да
схаластыкi.
У кнiзе
змешчаны 36 карт i планаў — уступная, так сказаць, агульнадаведачная карта раёну, 10 гiстарычных
карт i
планаў
гораду, 6 планаў дробных аб’ектаў (археалагiчныя помнiкi,
сядзiба,
парк) i
19 картаграфiчных рэпрадукцый, г. зн. публiкацый фрагментаў геаграфiчных карт ад С. Мюнстэра (1540 г.) да сучасных тапакарт, дзе паказана
Наваградчына або яе асобныя мясцовасцi (з якiх, зрэшты, пашанцавала толькi Нягневiчам i Шчорсам). Гэтая апошняя, iлюстрацыйная частка бадай што лепшая, найбольш цiкавая з усёй картаграфii
наваградскай Хронiкi.
Вельмi
павучальна i карысна прасачыць адлюстраванне Наваградчыны ў старадрукаваных атласах, на
генеральных картах XVIII—XIX ст., на вайсковых расiйскiх, нямецкiх, польскiх картах першай паловы ХХ ст.
Уласна гiстарычныя
карты, зробленыя ў абсалютнай большасцi выдатным знаўцай у гэтай галiне М. Спiрыдонавым, падобнага ўражання, на жаль, не ствараюць. Наогул няма карт, якiя б
паказвалi
асноўную,
калi
можна так выразiцца, геаграфiчную тканiну гiсторыi кожнага краю — яго ўнутранае адмiн |