Некаторыя
асаблiвасцi беларускай лiтаратурнай мовы на сучасным этапе
(па матэрыялах мiнскай перыёдыкi)
Адна з найважнейшых рыс нашай лiнгвiстычнай гiсторыi ёсць больш чым двухсотгадовы разрыў сувязi памiж старабеларускай i новай лiтаратурнымi мовамi. Сучасная літаратурная мова сфарміравалася на аснове жывых народных
гаворак. На цяперашнiм этапе яна вызначаецца ўжо наддыялектнасцю,
поліфункцыянальнасцю, нарматыўнасцю.
На жаль, сёння беларуская літаратурная мова зноў
перажывае перыяд нейкай анархіі, калі сродкі масавай інфармацыі, дзяржаўныя і
недзяржаўныя выдавецтвы парушаюць яе нормы. А літаратурная мова, калі яна
сапраўды з’яўляецца найвышэйшай формай нацыянальнай мовы, «мае адзіныя,
замацаваныя даведнікамі і абавязковыя для ўсіх яе носьбітаў лексічныя,
граматычныя, арфаэпічныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя нормы».
Нацыянальныя рысы мовы адлюстроўваюцца ў яе лексіцы,
фанетыцы і граматыцы. Лексіка найбольш гібкая, падатлівая да змен. Пры
неабходнасці словы запазычваюцца з іншых моў. «Але ўвядзенне ў літаратурную
мову запазычанняў пры наяўнасці ўжо гатовага слова – гэта недаравальная
абыякавасць да роднай мовы, несвядомае збядненне і прыніжэнне роднай мовы».
Бяздумнае
запазычванне польскай і рускай лексікі ўжо ставіла беларускую мову на грань
адмірання. І сёння пагроза паланізацыі і русіфікацыі беларускага народа
застаецца рэальнай. У сродках масавай інфармацыі, у дзелавым стылі і нават у
мове мастацкай літаратуры нямала чужых слоў, якія ўводзяцца без усякай патрэбы,
вельмі часта парушаецца граматычны лад нашай мовы. Нягледзячы на намаганні
некаторых беларускіх лінгвістаў (В. Лемцюговай,
І. Лепешава, А. Падлужнага, П. Шубы і інш.) перасцерагчы ад
неўласцівых нашай мове граматычных формаў і лексічных агрэхаў, у сучасным
беларускім друку вельмі шмат моўных памылак, у тым ліку і традыцыйных,
г. зн. перш за ўсё дапушчаных пад уплывам рускай мовы.
Звернемся да найбольш пашыраных няправiльнасцей ў галіне
лексікі, фразеалогіі і граматыкі. Ілюстрацыйны матэрыял прыводзіцца, галоўным
чынам, з часопісаў «Беларусь», «Маладосць», «Полымя», «Роднае слова» і газет
«Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Народная воля», «Наша слова». Спасылкi
даюцца ў самым тэксце артыкула, у дужках.
Традыцыйныя
памылкі ў галіне лексікі і фразеалогіі. Рускія словы інтэнсіўна пранікаюць у мову сучасных беларускіх выданняў.
Ствараецца ўражанне, што да друку дапускаюцца аўтары, якія слаба валодаюць
беларускай мовай і не могуць нават карыстацца перакладнымі слоўнікамі. Бо як
можна растлумачыць ужыванне такіх рускіх слоў, для якіх ёсць у нашай мове
добрыя свае адпаведнікі?! У газетах і часопісах сустракаем, напрыклад: абасоблена (замест адасоблена); у фінансавай вобласці
(замест галiне); даны факт (замест гэты факт);
займаць (у значэннi «пазычаць»); злашчасны; корчыцца ў сутаргах (замест курчыцца); лачуга; пагэтаму; паўвека (у значэннi «паўстагоддзя»); дзейнасць на полі
распаўсюджвання ведаў (замест на ніве);
прахалоднае паветра (замест халаднаватае); у свеце гэтага; ссуда; мяккі стул (у значэннi «мяккае крэсла»);
таянне снегу; угнаць аўтамабіль (замест украсці); упраўляць (у
значэннi «кіраваць, распараджацца»); чоткі
(у значэннi «выразны, дакладны»); чыстаган;
шчыкатанне; нават упаўне замест зусім, уверх замест угору і г. д. і да т. п.
Нельга таксама апраўдаць уцісканне ў беларускую мову
такіх рускіх лексем, якія не маюць у нас адпаведнікаў той жа часціны мовы і
перакладаюцца іншымі часцінамі мовы або словазлучэннямі, змяняючы пры
неабходнасці канструкцыю сказа. Асабліва гэта датычыць менш уласцівай для
беларускай мовы катэгорыі дзеепрыметнікаў. Прыведзем кiлька прыкладаў (у
квадратных дужках тут i далей адзначаючы адпаведныя лiтаратурныя формы): усіх блізляжачых [сумежных цi блiжэйшых] плямён і народаў (Маладосць.
1998. № 4. С. 229); выступаючыя
на з’ездзе дэлегаты [дэлегаты, што выступалі на з’ездзе] (Звязда. 1997. 15 крас. С. 2); Беларускія выкладчыкі былі рэпрэсаваны, а
цудам застаўшыяся [тыя, што цудам
засталіся] вялі лекцыі на расейскай
мове (Роднае слова. 2000. № 1.
С. 2); той
непераходзячай [вечнай] роллю (ЛіМ. 1996.
5 лiп. С. 13); біць нашмат пераўзыходзячага
[мацнейшага] ворага (Тамсама. 1997. 23 мая. С. 5); перад сабраўшыміся [прысутнымі] (Наша
слова. 1998. 25 лiст. С. 2).
Непрымальныя, на наш погляд, і лексiка-марфалагiчныя
калькi рускiх слоў: гатовыя служыць каму
заўгодна [каму хочаш цi абы-каму] (Полымя.
1998. № 2. С. 106); пасля
агалашэння [абвяшчэння] прыгавору (Тамсама); змірэнна [пакорна] прымаць смерць
(Наша слова. 1997. 1/15 лiст. С. 4).
Даволi дрэнная справа i з царкоўнай тэрмiналогiяй: адпраўляць [выконваць] набажэнствы
(Тамсама. 1998. 25 лiст. С. 6); рукапакладзены
[пасвечаны] ў прасвітара (Тамсама); Я спавядаю і культывую
наступны прынцып (Звязда. 1996. 7 сак. С. 7) — спавядаюць толькi ў царкве, у звычайнай
мове гэтае слова мае значэнне «ушчуваць за што-небудзь», «сварыцца на каго-небудзь».
Найбольш выразны выпадак: права Кіева пакладаць у Полацк сваіх
епіскапаў (Беларусь. 1992. № 8. С. 15) — аўтару яўна не прыйшло ў
галаву, што пакладаць гэта, уласна
кажучы, «кастрыраваць».
Многiя пісьменнікі, журналісты, выдаўцы не ўлічваюць
міжмоўную аманімію і полісемію, сугучнасць розных слоў. Вось найбольш пашыраныя
з недахопаў падобнага гатунку. Грунтоўнае
абгаварэнне праблем народнай творчасці (ЛіМ. 1998. 10 лiп. С. 1)
— абгаварыць у сучаснай мове значыць
«абылгаць»; было адчынена 8 дзiцячых дамоў
(Полымя. 1994. № 12. С. 193; аналагiчны прыклад: Наша слова. 1998.
14 кастр. С. 2) — адкрыта (адчынiць можна дзверы цi акно); Штукары не адрозніваліся [не
вызначалiся] буйнай фантазіяй (Звязда. 1995. 21 кастр. С. 5); Але галоўны герой аповесці… паказаны ў блізкім яму асяродку (ЛіМ.
1998. 25 снеж. С. 7) — у
асяроддзі (асяродак – унутраная
частка, сярэдзіна прадмета); радавы
мясцовай ваеннай [вайсковай] часці (Звязда. 1998. 11 жн.
С. 7); Валера панёс вузел уніз
(Полымя. 1998. № 2. С. 102)
— клунак (вузел хiба на канцы ніткі); грамадзянскае
[цывільнае] насельніцтва (Маладосць. 1998. № 1. С. 210); зварочваць сваю дзейнасць (ЛіМ. 1997.
25 крас. С. 2) — згортваць
(зварочваюць з дарогі цi якія-небудзь
прадметы у адно месца); Вершы Янкі Купалы
не згубілі сваёй актуальнасці (Наша слова. 1998. 4 лiст. С. 3) — не страцілі (згубiць магчыма тое, што можна знайсцi: згубiў аловак); гандлёвыя
кропкі (вельмі часта) — не адразу дагадаешся, што гэта гандлёвыя пункты (кропка
— толькi пунктуацыйны знак); быць
падманутым у трэці раз [ашуканым трэцi раз] (Звязда. 1999. 25 сак. С. 5); цяжкiя сваiмi паследкамi [вынiкамi] хiбы (ЛiМ. 1996. 5 студз. С. 15); Міжнародная
акадэмія навук выбрала сапраўднага [правадзейнага] члена (Тамсама. 1998. 8 мая. С. 3); захаванне законнасці ў пытаннях свабоды сумлення [веравызнання] (Полымя. 1996. № 11.
С. 232); сярод уласнага [свайго] народа (Маладосць. 1998. № 11. С. 224).
Прыведзены матэрыял сведчыць аб тым, што некаторыя аўтары
слабавата ведаюць беларускую мову і, карыстаючыся перакладным руска-беларускім
слоўнікам, бяруць першае, што трапляецца, значэнне мнагазначнага слова ці
проста вельмі абыякавыя ўвогуле да слова, ды i да паняцця, якое за iм стаiць.
Адсюль цэлы шэраг новаўтварэнняў газетнай мовы: нiзкапробныя, вадзенькiя ў мастацкiх адносiнах… выданнi
(ЛiМ. 1983. 16 снеж. С. 17) — у аўтара яўна было наўме нешта накшталт
рус. жиденькие; Конь, запрэжаны ў колы [у калёсы] (Тамсама. 1996. 2 жн. С. 11); хатні асёл (Звязда. 1998. 30 чэрв.
С. 4) — хутчэй усё ж свойскі
асёл, бо ў хаце жыве, вiдавочна, не ён, а гаспадар.
У асобных выпадках мы сустракаем феномен т. зв.
звышпiсьменнасцi, калi аўтар, перабiраючы ў думках розныя словаформы, спыняецца
на той, якая менш падобная да рускага аналага, i арыентуецца, такiм чынам, не
на рэальную беларускую лiтаратурную норму, а на нейкi негатыў рускай —прыкладна
тое, што калiсьцi В. Шчэпкiн, у дачыненнi да палеаграфii, назваў
антырусiзмам,— верагодна,
гэта часткова i ёсць прычына памылак, якiя мы бачылi ў парах адчынiць/адкрыць i кропка/пункт. Вось яшчэ некалькi прыкладаў: у спецыяльна знятай дзеля гэтага [для гэтага] двухпакаёвай
кватэры (Маладосць. 1998. № 5. С. 23); У падставе [аснове] канцэпцыi прыхiльнiкаў шчыльнай [цеснай] сувязi… (Тамсама. № 11.
С. 228); адправiўся ў шлях [дарогу] (Звязда. 1999. 12 студз. С. 8).
Яшчэ горшыя справы з ужываннем устойлівых словазлучэнняў,
фразеалагізмаў, ідыяматычных выразаў, якія яскрава, вобразна адлюстроўваюць
з’явы рэчаіснасці і ў пэўнай меры вызначаюць нацыянальны воблік мовы.
Фразеалагізмы па сваёй семантыцы суадносяцца са словам (як снег на галаву — нечакана),
але не тоесныя яму. У беларускай і рускай мовах ёсць фразеалагізмы, тоесныя
семантычна і структурна (сам не свой,
віляць хвастом), але бываюць і такія,
што адрозніваюцца лексічным складам, а па значэнні могуць поўнасцю не супадаць
(блр. дабраць розуму — рус. взять в толк). Ёсць фразеалагізмы,
уласцівыя толькі адной мове. Яны перакладаюцца звычайна апісальна або адным
словам (рус. несть числа —
блр. безліч; рус. попасть впросак —
блр. трапіць у няёмкае становішча).
Памылкі ва ўжыванні фразеалагізмаў і ўсіх устойлівых
спалучэнняў звязаны звычайна з паслоўным перакладам іх. Трэба не перакладаць
іх, а падбіраць у сваёй мове адпаведныя або блізкія па значэнні спалучэнні.
Даслоўны пераклад разбурае фразеалагізм, калечыць нашу мову. Прыкладаў таму
сапраўды безлiч: Цвік праграмы (Наша
слова. 1998. 14 кастр. С. 2) — павiнна быць галоўнае ў праграме (рус. гвоздь
программы); куфэрак проста
адкрываецца (ЛіМ. 1983. 16 снеж. С. 4) — разгадка была простая (рус. ларчик просто открывался); кацiся на ўсе чатыры бакі (Звязда. 1996.
24 лютага. С. 1) — каціся куды
хочаш (рус. катись на все четыре
стороны); як з рога багацця (ЛіМ.
1996. 26 лiп. С. 4) — як з рога
дастатку (рус. как из рога изобилия); браць да ўвагі (Тамсама. 14 чэрв.
С. 4) — звяртаць увагу (рус.
брать во внимание); Хваробы, голад,
холад рабілі сваю справу (Маладосць. 1998. № 1. С. 217) — …рабілі сваё (рус. …делали свое дело); больш чым
дастаткова (Звязда. 1997. 27 мая.
С. 4) — больш чым трэба (рус. более чем достаточно).
Некаторыя ўстойлівыя і ідыяматычныя выразы рускай мовы
зусім не перакладаюцца праз нашых аўтараў — тут мы сустракаем нават не русiзмы,
а фактычную рускую цытацыю, iншамоўныя ўстаўкi ў беларускi тэкст: слава богу (Полымя. 1981. № 3.
С. 8; блр. дзякуй Богу); за трыдзевяць зямель (ЛіМ. 1983.
17 чэрв. С. 4; блр. за край
свету, за блiзкi свет); канула ў Лету
(Тамсама. 1990. 23 сак. С. 3; блр. сцерлася з памяці); Яшчэ б!
(Тамсама. 1996. 8 сак. С. 13; блр. Вядома!, Дзіва што!); Як бы
не так! (Тамсама. 1998. 18 вер. С. 6; блр. Чаму не!, Чаму не так!); Вось,
аказваецца, дзе «сабака зарыты» (Народная воля. 1997. 11 снеж.
С. 3); сышло на нет (Звязда.
1999. 7 крас. С. 4; блр. сышло
на нішто).
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, такое ўжыванне
перакладзеных ці запазычаных з рускай мовы фразеалагізмаў і ідыяматычных
выразаў не ўзбагачае нашу мову, а, наадварот, разбурае яе, выклікае ў адных
яхідную ўсмешку, а ў другіх — пачуццё горычы.
Граматычныя,
арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі. Граматыка, як вядома, аб’ядноўвае два моўныя ўзроўні — марфалогію і
сінтаксіс. Граматычныя памылкі, такім чынам, могуць адносіцца да абодвух гэтых
сфер, прычым няправільнае ўжыванне, напрыклад, прыназоўнікава-склонавай формы
назоўніка (марфалагічная катэгорыя) прыводзіць да няправільнай будовы словазлучэння
(а гэта катэгорыя сінтаксічная). Таму мы лічым мэтазгодным аналізаваць
граматычныя памылкі ў сучасным друку ў адпаведнасці з разглядам некаторых
граматычных катэгорый часцін мовы.
У сучаснай беларускай мове род адушаўлёных назоўнікаў
з’яўляецца матываваным, паколькі адлюстроўвае адрозненні паводле біялагічнага
полу (вучань/вучаніца, заяц/зайчыха), род жа неадушаўлёных
назоўнікаў не заўсёды залежыць ад лексічнага значэння слова. Размеркаванне
неадушаўлёных назоўнікаў па трох родах ажыццяўляецца на аснове фармальных
прымет: характару асновы і канчатка. У блізкароднасных мовах многія словы маюць
аднолькавыя карані, але адрозніваюцца граматычна — канчаткамі, характарам
асновы і, адпаведна, граматычным родам. Акрамя таго, нават аднолькавыя лексемы
могуць адносіцца да розных граматычных родаў. Гэта з’яўляецца прычынай памылак
ва ўжыванні родавай формы некаторых назоўнікаў ва ўмовах беларуска-рускай
інтэрферэнцыі. У наяўнасцi пэўная экспансiя рускiх родавых форм у беларускую
мову. Часцей за ўсё гэта выяўляецца ва ўжываннi наступных лексем: блр. боль (м. р.) — рус. боль (ж. р.); блр. грыпа (ж. р.) — рус. грипп (м. р.); блр. дроб (м. р.) — рус. дробь (ж. р.); блр. пачак (м. р.) — рус. пачка (ж. р.); блр. подпіс (м. р.) — рус. подпись (ж. р.); блр. сабака (м. р.) — рус. собака (ж. р.); блр. цень (м. р.) — рус. тень (ж. р.); блр. шафа (ж. р.) — рус. шкаф (м. р.); блр. яблык (м. р.) — рус. яблоко (н. р.).
Хоць у аснове граматычнай катэгорыі ліку назоўнікаў
ляжаць колькасныя адносіны прадметаў, але назіраецца несупадзенне формаў ліку
некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах (пар. блр. крупы, чарніцы, грудзі i рус. крупа, черника, грудь). I тут мы
бачым выразны ўплыў рускай мовы: Нарысы,
прысвечаныя лёсам семнаццаці чалавек (ЛіМ. 1994.
25 лiст. С. 6); Многія
даверылі гэтым людзям свае лёсы і жыцці (Тамсама. 1997. 23 мая. С. 12); высілася ля сцяны драбіна (Тамсама. 1999. 26 сак.
С. 9).
Розныя значэнні ў рускай і беларускай мовах можа мець
адна і тая ж граматычная форма ступені параўнання прыметнікаў — гэта міжмоўная
граматычная аманімія. Вельмі часта механічна перакладаюць рускую форму
найвышэйшай ступені параўнання беларускай формай вышэйшай ступені параўнання. У
беларускай жа мове прыметнікавыя формы тыпу багацейшы,
буйнейшы, важнейшы нарматыўна ўжываюцца толькі для параўнання якасці двух
прадметаў, найчасцей у канструкцыях з за ці чым (важнейшы за яго; багацейшы,
чым ён). Для перадачы значэння найвышэйшай ступені трэба ўжываць формы найважнейшы або самы важны, найбагацейшы
або самы багаты i да т. п. У
друку ж бачым вельмi часта: злейшага
ворага праваслаўя (Наша слова. 1997. 1/15 лiст. С. 3); з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю (Звязда. 1998. 27 лiст. С. 3); важнейшая наша задача (Тамсама); са старажытнейшых часоў
(Тамсама).
Пад уплывам рускай мовы дапускаюць памылкі і пры
ўтварэнні ступеняў параўнання якасных прыслоўяў: …у якім знаходзіліся людзі. Дакладней [больш дакладна] целы людзей (Тамсама.
11 снеж. С. 1); …што
знаходзіўся заходней [на
захад ад] мястэчка Азарычы (Маладосць. 1998. № 1. С. 210).
Не ўласцівыя беларускай літаратурнай мове і формы
загаднага ладу дзеясловаў у выказніку са значэннем умоўнага ладу: Да будзь я сто разоў прэзідэнт (ЛіМ.
1996. 18 кастр. С. 16); Не
будзь беларусы народам інтэрнацыяналістычным па сваёй прыродзе (Тамсама. С. 18) замест Калі б я быў…; Калі б
беларусы …i да т. п.
Нічым нельга апраўдаць пашырэнне ў нашым друку зваротнай
формы некаторых дзеясловаў: За год, што мінуўся
пасля нашай рэгістрацыі (ЛіМ. 1996. 15 лiст. С. 12); «Мае ўспаміны» сталіся асновай
спектакля (Народная воля. 1997. 9 снеж. С. 1); Янка Бiруковiч стаўся старшынёй
вайсковага суда (Наша слова. 1998. 25 лiст. С. 7).
Дапускаюцца няправiльнасцi ва ўжыванні суфіксаў: выслухваць (ЛіМ. 1995. 10 лiст.
С. 6; замест выслухоўваць); падміргіваць (Наша слова. 1997.
1/15 лiст. С. 4; замест падміргваць);
для фармавання асобы (Роднае слова.
1998. № 8. С. 8) — фарміравання
(фармаваць можна не чалавека, а
цэглу, цеста ці іншы прадмет, надаючы яму адпаведную форму).
Уплыў рускай мовы адбіваецца і на кіраванні, асабліва
дзеяслоўным: А. Трусаў падзякаваў
Соўпель Лідзію Антонаўну [Соўпель
Лідзіі Антонаўне] (Наша слова.
1998. 30 снеж. С. 2); Згодна
Закона аб мовах [з Законам аб мовах]
(Тамсама. 1997. 1/15 лiст. С. 2); гэта сведчанне таму, што [таго, што] (Полымя. 1997.
№ 12. С. 265); прабачце нас [прабачце нам] (БГА. 1997. Сш. 1/2. С. 236; тыя ж прыклады: Маладосць.
1998. № 5. С. 52; Звязда. 1999. 7 крас. С. 4).
Вельмі пашыраныя хiбы, што звязаныя з ужываннем
прыназоўнікаў: з'явіўся якраз да абеду
[на абед] (Маладосць. 1998.
№ 5. С. 33); па вясне [вясной] (Тамсама. С. 19; Звязда. 1999. 8 крас.
С. 3); па прыездзе на радзіму [прыехаўшы на радзіму] (Наша слова. 1998.
4 лiст. С. 3); прыязджаў на
Беларусь [прыязджаў у Беларусь]
(Тамсама); Куранят лічаць па восені [увосень] (ЛіМ. 1995. 27 кастр. С. 2); яны маюць час і
магчымасць даглядаць за імі [даглядаць
іх] (Звязда. 1998. 12 жн. С. 2); у час пільнага назірання за чым-небудзь [назірання чаго-небудзь] (Тамсама. С. 4); бацькам не
варта спяшацца за пакупкай [па пакупкі] (Тамсама. 11 жн. С. 3); які знаходзіцца ўсяго ў 20 кіламетрах [за 20 кіламетраў] ад Маладзечна (Наша слова. 1998. 4 лiст. С. 3); А ці варта за прыкладамі [па
прыклады] ісці далёка? (Звязда. 1999. 24 крас.
С. 3); здзек над незалежнымі сродкамі [з незалежных сродкаў] масавай
інфармацыі (Народная воля.
1997. 11 снеж. С. 1).
Пашыраная з’ява ў нашым друку гэта неразмежаванне злучальнага і далучальнага злучнікаў,
злучнікаў і пытальнай часціцы ці,
прыназоўнікаў для і дзеля. Характэрныя выпадкi: Няма ніякіх іншых праблем ды [i] клопатаў
(ЛіМ. 1999. 23 крас. С. 4); Дзяржава і
рынак: вечнае супрацьстаянне або [цi] магчымы кампраміс (Тамсама. 1996.
5 студз. С. 2); Падстаў дзеля
[для] гэткага
меркавання нямала (Тамсама. 1995. 7 крас.
С. 2).
Нярэдка аўтары дапускаюць акцэнталагічныя памылкі і,
адпаведна, няправільна ўжываюць канчаткі: статак
барaнаў [бараноў], дасталося [дастaлася], сабралося [сабрaлася], паляглi ў траве [палeглі ў
траве], прыйшлося запрагчы [прыйшлося запрэгчы].
Такая вялікая колькасць і разнастайнасць парушэнняў
нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы пад уплывам рускай выклікана
шматгадовай русіфікацыяй беларускага грамадства, якая з’яўлялася дзяржаўнай
палітыкай і была спосабам ажыццяўлення на практыцы антынавуковых таталітарных
догмаў пра «зліццё культур і моў». А моўная палітыка, з’яўляючыся, як вядома,
адным з важных фактараў функцыянавання мовы, уплывае і на развіццё самой моўнай
сістэмы, стымулюючы выкарыстанне і развіццё адных элементаў і затрымліваючы
выкарыстанне другіх.
У апошні час у пэўных колах беларускага грамадства
назіраецца абвастрэнне ахоўнай рэакцыі на дамінантны уплыў рускай мовы. Актуалізавалася тэндэнцыя да нацыянальнай
індывідуалізацыі, выявілася свядомае імкненне аддаваць перавагу тым моўным
сродкам, якія адрозніваюцца ад рускіх. Урэшце, пры гэтым вельмі часта свядома
ці несвядома ўжываюцца формы не беларускія, а польскія. Але гэта тэма асобнай
публікацыі. Адзначым иолькi некаторыя формы такога гатунку: заарыштаваны (блр. арыштаваны), наведнікі
(блр. наведвальнікі), ладзіць экспедыцыі (блр. наладжваць, арганізоўваць), зліквідацыя (блр.
ліквідацыя), патлумачэнне (блр. тлумачэнне),
зрыхтаваў (блр. падрыхтаваў), эмацыйны
(блр. эмацыянальны), спартовы (блр. спартыўны), нармалёва
(блр. нармальна), культуровы (блр. культурны), мовіць (блр. гаварыць) і г. д. Вельмі адвольна
выкарыстоўваецца і лексіка: супольныя
высілкі (блр. агульныя намаганні),
фатэль (блр. крэсла), валіза (блр. чамадан), філіжанка («кафейны кубачак»), сігнэт («пярсцёнак з пячаткай»),
размаіты (блр. разнастайны) і да
т. п.
Паколькі беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай, дзяржава
абавязана ствараць усе умовы, неабходныя для яе нармальнага развіцця і
функцыянавання, забяспечваць такі ўзровень валодання лiтаратурнай мовай, які
даваў бы магчымасць карыстацца ёю ва ўсіх сітуацыях грамадскай і вытворчай дзейнасці.
Змены ў літаратурнай мове неабходныя і непазбежныя, але яны павінны не
ажыццяўляцца індывідуальна-партызанскім спосабам, а каардынавацца дзяржавай у
асобе Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёння, калі
колькасць носьбітаў беларускай мовы імкліва змяншаецца, што выклікана сучаснымі
сацыяльна-палітычнымі ўмовамі, у тым лiку моўнай палітыкай дзяржавы на сучасным
этапе, асабліва важна захаваць найважнейшую якасць беларускай літаратурнай мовы
— яе ўнармаванасць, без якой яна не зможа выконваць тыя функцыі, якія пакуль
што яшчэ выконвае. Дзяржава павінна несці адказнасць за сваю дзяржаўную мову.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"