|
Гарадзiшча Радагошча — магчымы папярэднiк Наваградка
С. А. Пiваварчык
Да гэтага
часу нявырашаным з’яўляецца пытанне: у адносінах да
якога цэнтра Наваградак (Новогородок) названы «Новым». Як магчымыя варыянты
прапанавалiся дзве версіі (гэта не выключае і іншых) — утварэнне гарадскога
паселішча шляхам зліяння некалькіх сельскіх (працэс сінайкізму) і перанос
паселішча з больш ранняга. Па першай версіі аўтар выказваў свае меркаванні
падчас выступленняў на канферэнцыях у Таропцы (1990 г.) і Наваградку (1993 г.).
Археалагічныя даследаванні, што былi праведеныя ў апошнія гады, даюць
магчымасць для больш грунтоўнага разгляду другой версіі.
У якасці папярэднікаў гарадскога цэнтра могуць выступаць
некалькі гарадзішчаў у наваколлі Наваградка. Адно знаходзіцца на паўночны ўсход
ад горада, каля в. Гарадзечна на мысе пры ўпадзенні ручая ў раку Валоўку.
Культурны пласт пашкоджаны сядзібай; намі сабрана тут кераміка ХІІІ–ХV ст. Другое гарадзішча знаходзіцца
на паўночны захад, каля в. Байкі. Яно займае ізаляванае ўзвышша, памер
пляцоўкі 30×35 м. З заходняга
боку прасочваюцца рэшткі вала. Культурны пласт тут нязначны (0,2 м), у шурфах выяўлены фрагменты
штрыхаванай керамікі і дробныя косці жывёлы. Як відаць са сказанага, адно
гарадзішча мае матэрыялы ранняга жалезнага веку, другое — позняга сярэднявечча.
Такім чынам, паселішча ў Х–ХІ ст. не магло быць перанесена з гэтых
помнікаў на Замкавую гару і Малы Замак — цэнтры старажытнага Наваградка. На
нашу думку, найбольш верагодным папярэднікам горада, так званым «Гарадком» магло
быць гарадзішча каля в. Радагошча ў 15 км на поўдзень ад Наваградка.
Гарадзішча
ля Радагошчы было адкрыта ў 1957 г. Ф. Гурэвіч, абследавалася
П. Рапапортам, М. Ткачовым. Стацыянарныя раскопкі пачаў праводзіць
Э. Зайкоўскі. У 1998 г. гарадзішча даследавалася сумеснай экспедыцыяй
Інстытута гісторыі АН Беларусі, Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта і
Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі пад кіраўніцтвам
Э. Зайкоўскага і С. Піваварчыка.
Помнік знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад в. Радагошча на мысе карэннага левага берага.
Закругленая ў плане пляцоўка мае памеры 55×80 м і ўзвышаецца над далінай ракі на 20 м. З поўначы і ўсходу па краі пляцоўкі часткова прасочваецца
вал, вышыня якога не перавышае 0,5 м,
у некаторых месцах ён не бачны. З гэтых бакоў, а таксама з паўднёвага ўсходу за
валам размешчаны роў, за ім — знешні вал. Вынікі раскопак да 1998 г. далі
падставы Э. Зайкоўскаму выказаць меркаванні, што дадзены помнік мог
выконваць функцыі паганскага свяцілішча.
Паводле археалагічных матэрыялаў устанаўліваюцца этапы функцыянавання гэтага
гарадзішча. Упершыню помнік выкарыстоўваўся непрацяглы час насельніцтвам, якое
пакінула кераміку са штрыхоўкай. Паўторна пляцоўка гарадзішча была заселена ў
часы існавання культуры тыпу Лукі-Райкавецкай. Знаходкі ляпной гладкасценнай
керамікі, падпраўленай на ганчарным коле, і шкляных пацерак дазваляе датаваць
гэты этап ІХ–Х ст. Гэта самае ранняе сведчанне аб з’яўленні славян на Панямонні. Урэшце, дачыненне да
гарадзішча ў гэты час мелі не толькі славяне, але і балты, аб чым сведчыць
выяўлены Э. Зайкоўскім скарб бранзалетаў. Гарадзішча згарэла ў выніку
нейкіх баявых дзеянняў у сярэдзіне ХІ ст., аб чым сведчыць пласт пажару,
абгарэлыя драўляныя канструкцыі, знаходкі двушыпных наканечнікаў стрэлаў,
баявой сякеры, фрагментаў керамікі ХІ ст. Больш жыццё на помніку не
аднаўлялася. Як жа суадносяцца паселішчы каля Радагошчы, на Замкавай гары і
Малым Замку ў Наваградку?
Усе яны ўзніклі ў выніку славянскай каланізацыі
Панямоння. Паколькі славянская хваля ішла з поўдня, першым узнікла Радагошча ў
канцы ІХ цi пачатку Х ст., затым — не пазней канца Х ст. — пасяленне
на пагорку Малы Замак, якое было не ўмацаваным (дакладней, умацаванні былі
самыя простыя — у выглядзе драўлянага вастракола). Суседняя Замкавая гара
засялілася пазней, прыкладна ў першай палове ХІ ст. Пэўны час усе яны
існавалі разам. Больш старажытная Радагошча выступала для астатніх як цэнтр
акругі, сваеасаблівы протагарадскі цэнтр — Гарадок. Пасля пажару жыццё на ім не
аднаўлялася, а перамесцілася на наваградскія пагоркі, якія былі больш
зручнейшыя. Як сцвярджала Ф. Гурэвіч, да сярэдзіны ХІ ст. на Замкавай
гары ўзвялі вал з драўлянымі ўмацаваннямі — гароднямі, і паселішча стала
дзядзінцам старажытнага горада, пад аховай якога знаходзіўся неўмацаваны пасад
— паселішча на Малым Замку. Паблізу размяшчаўся курганны некропаль — Брацянка.
Такім чынам, у сярэдзіне ХІ ст. Навагрудак набыў планавую структуру, якая
была характэрная для ўсходнеславянскага горада, і стаў Новым Гарадком у
адносінах да Гарадка старога — Радагошчы — і адным з першых старажытнарускiх
гарадоў на Панямонні.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"
|