БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

БЕЛОРУССКИЙ СБОРНИК НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 БЕЛОРУССКИЙ СБОРНИК N* 3

БЕЛОРУССКИЙ СБОРНИК N* 3Праваслаўнае школьніцтва на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага да канца XVIII ст.

А. Мірановіч


Стан ведаў аб праваслаўным школьніцтве на тэрыторыі ВКЛ з’яўляецца адлюстраваннем агульнага стану даследаванняў мінулага ўсходняй царквы. Аб дзейнасці праваслаўных школ пісалі К. Харламповіч, С. Мірапольскі, Я. Мядынскі, А. Савіч, І. Крып’якевіч, І. Паўлоўскі, А. Ваньчура [1]. Школьніцтва на рускіх землях разглядаецца галоўным чынам у кантэксце дзейнасці царкоўных брацтваў. Асноўнымі трэба палічыць працы аўтарства І. Флёрава, А. Папкова, І. Ісаевіча, А. Мірановіча i iнш. [2] Пытанне царкоўнага школьніцтва ўзнімалася пры нагодзе пісання манаграфій паасобных рэлігійных цэнтраў або звязаных з імі асобаў [3].

Развіццё манастырскага і прыхадскога, пад патранатам мяшчан і царкоўных брацтваў, школьніцтва пачалося ў ВКЛ у канцы XV і ў XVI ст. Гэта не было выпадковай з’явай, паколькі выпала на перыяд рэлігійных спрэчак і барацьбы за захаванне нязменнасці догмаў паасобных веравызнанняў. Абараніць сваю веру, старажытную царкоўнаславянскую мову можна было толькі шляхам развіцця свайго школьніцтва. Важнае значэнне для праваслаўнай асветы мелі пастановы Брэсцкага сабора ад 26 чэрвеня 1594 г., згодна з якім сінод епіскапаў з духоўнымі асобамі «у Божым пісанні навучанымі» штогод апрача царкоўных спраў павінны разглядаць пытанні навукі і школьніцтва [4]. На гэтым жа сінодзе епіскапы абавязаліся засноўваць брацкія школы, друкарні і шпіталі ў сваіх епархіях. У адпаведнасці з рашэннямі сабора ў кожным горадзе павінна была быць школа, а на іх утраманне мітрапаліт, епіскапы і ігумены манастыроў штогод павінны былі адводзіць дзясятую частку сваіх даходаў [5]. Некалькі месяцаў пазней князь Канстанцін Астрожскі папракаў епіскапаў, што «пастановы сабораў у справах школ, друкарняў і іншых важных для царквы спраў зусім не выконваюцца» [6]. Уладыкі не жадалі перадаваць школы свецкім асобам, таму 2 жніўня 1595 г. атрымалі ад Жыгімонта ІІІ прывілею, у адпаведнасці з якой улада епіскапаў пашыралася на брацтвы і давалася ім выключнае права «засноўвання школ і семінарый грэчаскай і славянскай моў» [7].

Праваслаўнае школьніцтва XVI–XVIII стст. можна падзяліць на тры катэгорыі: манастырскае, царкоўнае і брацкае. Асобную катэгорыю на тэрыторыі Рэчы Паспалітай складалі цэнтры вышэйшага школьніцтва — Астрожская і Магілянская акадэміі.

Найбольш устойлівымі былі манастырскія школы. Ахоплівалі яны невялікую колькасць моладзі, на практыцы некалькі або больш за дзесятак вучняў, якіх вучылі элементарным ведам. Апрача чытання і спеваў вучылі царкоўнаславянскай, рускай, а часам грэчаскай і польскай мовам. Аб’ём навукі абмяжоўваўся дыдактычнымі ўмеласцямі манахаў. Школы гэтай катэгорыі дзейнічалі пры гарадскіх манастырскіх цэнтрах, якім былі патрэбны адукаваныя кадры. Вялікія цэнтры манаскага жыцця, што iснавалi здалёк ад гарадоў, такіх школ не вялі.

Царкоўныя школы арганізаваліся з мэтай адукацыі двух-трох вучняў. Вучылі яны парадку царкоўных службаў, чытання і пісання ды асноўным прынцыпам веры. Узровень такіх школ залежаў ад адукацыі і таленавітасці святара або дыякана. У элементарных школах вучні дзяліліся на тры групы: першая вучылася складаць літары, другая — чытаць з памяці, а трэцяя — гаварыць, абмяркоўваць і думаць [8]. Выхаванцы прыхадскіх школ прымалі духоўны сан або выконвалі ў царкве дапаможныя функцыі.

Самае вялікае значэнне для развіцця праваслаўнага школьніцтва мелі асветныя ўстановы, арганізаваныя царкоўнымі брацтвамі. Узнікненне брацкіх школ пры манастырах і прыходах выклікана было не толькі патрэбамі царквы, але і неабходнасцю выхавання маладога пакалення ў праваслаўным духу. Нічога тады дзіўнага, што ў другой палове XVI ст. поўнасцю змяніліся характар і роля школ. Брацкія школы выконвалі ролю сярэдняга школьніцтва. Іх узровень абумоўлены быў фінансавым становішчам брацтваў і магчымасцямі прыдбання адпаведных настаўніцкіх кадраў. Першая брацкая школа адкрылася ў 1584 г. ў Вільні. Стэфан Баторый прысвоіў брацтву прывілею на заснаванне школы, у якой вучылі б рускай, грэчаскай, лацінскай і польскай мове [9]. Неўзабаве ў Вільні ўзніклі дзве элементарныя школы і першая на гэтых землях праваслаўная гімназія з гуманістычным ухілам. Віленскія школы сталі ўзорам для іншых брацкіх школ. Прывілея Стэфана Баторыя, дадзеная брацтву ў 1585 г., была пашырана на ўсіх праваслаўных вернікаў. Выдаваліся тады дазволы на будову шпіталяў і школ «з дрэва, так і з каменя» [10]. Асаблівае значэнне ў фарміраванні праваслаўнай эліты мелі згаданыя віленскія школы пры Свята-Троіцкім і Свята-Духавым брацтвах і манастырах [11]. У віленскай брацкай школе выкладчыкамі працавалі, між іншым, Стэфан Зізаній, Кірыла Лукарыс, Іван Барэцкі, Мялецій Сматрыцкі, Феафіл Леантовіч. Выпускнікі школы папаўнялі рады выдатных рэлігійных і культурных дзеячаў (Афанасій Брэсцкі, Сільвестр Косаў, Юзаф Нелюбовіч Тукальскі, Феадосій Васілевіч). Яе абітурыенты працавалі выкладчыкамі ў іншых брацкіх школах Рэчы Паспалітай.

Падобную ролю выконвала брацкая школа ў Львове. У прывілеі патрыярха Іераміі ІІ 1589 г. аб наданні львоўскаму брацтву Успення Багародзiцы статусу стаўрапігіі вырашаны былі таксама справы школьніцтва. Прывілея давала права на стваранне школ для дзяцей членаў брацтва і загадвала трымаць для навукi толькі «благочестивых» духоўных [12]. У праграме гэтай школы асаблівая ўвага адводзілася славянскай і грэчаскай мовам. Галоўным арганізатарам школы быў грэк, мітрапаліт эласонскі Арсеній. Мэтай школы было даставіць навуку «дзецям хрысціянскім, каб не адышлі ад сваёй веры, п’ючы ў чужых крыніцах ваду навук паганскіх, пасля чаго паўсюдная згуба прыбліжаецца» [13]. У Львове не вучылі латыні і не дазвалялі карыстацца «мовай паспалітай».

Важную ролю ў гісторыі праваслаўнага школьніцтва адыграла брэсцкая школа. Яе заснавальнікамі былі брэсцкія мяшчане, якія 6 ліпеня 1590 г. атрымалі прывілею ад уладзімірска-брэсцкага епіскапа Мялеція Храптовіча. У адпаведнасці з дакументам, брэсцкія мяшчане былі «ктиторами церкви соборной» і жадалі мець сваю школу з адным або двума настаўнікамі. Школа гэтая мела служыць не толькі мяшчанам, але таксама ўсім жадаючым у ёй вучыцца [14]. З каралеўскай прывілеі ад 28 студзеня 1591 г. вынікае, што мяшчане пабудавалі школу на гарадскіх грунтах насупраць царквы св. Мікалая і звярнуліся да караля з просьбай вызваліць школьны дом і прыналежныя яму грунты ад усялякіх падаткавых павіннасцей. Жыгімонт ІІІ просьбу брэсцкіх мяшчан задаволіў [15]. Дзякуючы намаганням тадышняга брэсцкага кашталяна Адама Пацея (пазнейшага епіскапа Іпація) узнікла царкоўнае брацтва, якое стала апекавацца дзейнасцю гэтай школы. Адным з настаўнікаў брэсцкай школы ў 1592 г. быў выкладчык львоўскай брацкай школы Лаўрэнцій Зізаній, вядомы аўтар палемічных твораў [16].

У школе, апрача заняткаў па царкоўных службах і спевах, вучылі некалькім мовам: царкоўнаславянскай, рускай, грэчаскай, польскай і латыні. У канцы XVI ст. брэсцкая школа сваім узроўнем раўнялася з львоўскай і віленскай. Запрашэнне на працу ў школе добрых настаўнікаў было магчымае дзякуючы багатым ахвяраванням роду Пацеяў [17]. Пасля смерці Мялецiя Храптовіча ў 1593 г. епіскапам уладзімірскім стаў Іпацій Пацей, які імкнуўся падпарадкаваць сваёй уладзе школу і брацтва. У склаўшайся сітуацыі частка настаўнікаў вымушана была пакінуць Брэст і падацца ў Вільню. Аб іх так 25 сакавіка 1595 г. Іпацій пісаў князю Канстанціну Астрожскаму: «Сия школа разорилася через самых же професоров школьных, которые за лакомством удавшися до Вильни на сытые пироги отбегли, а тут к большой ганьбе и жалю убогого христианства, на уругание противников наших все покинули, без жадное слушное причины» [18]. Брацтва і школа, якія абаранялі каноны праваслаўнай царквы, былі Іпаціем названы «ерэтыкамі ад царквы Божай праклятымі». Пасля прыняцця уніі 3 кастрычніка 1596 г. ён забараніў духавенству кантактавацца са школай [19] і прыняў меры па адабранні школы ў брацтва. Скарыстоўваючы каралеўскую падтрымку, уніяцкі епіскап ажыццявіў свой намер 26 чэрвеня 1597 г. [20] З таго часу школа страціла самастойнасць і ў руках Пацея стала інструментам для прапагандавання уніі. А само брацтва згуртавалася вакол царквы Нараджэння Багародзiцы, пры якой у 1641 г. была заснавана школа для праваслаўных вернікаў. Пасля захопу школы ў канцы XVII ст. уніятамі праваслаўныя карысталіся манастырскімі школамі. Дзейнічалі яны пры манастырах св. Сімяона і Нараджэння Хрыста Збавіцеля. Манастырскія школы былі адзінымі асветнымі цэнтрамі для праваслаўных жыхароў Брэста.

Кіеўская школа паўстала пры брацкім манастыры ў 1588 г. Знішчаная ў час пажару ў 1614 г., год пазней была адноўлена дзякуючы даравальным запісам Анны Гугулевічанкі. У 1620 г. іерусалімскі патрыярх Феафан прысвоіў брацкай школе спецыяльную прывілею, у якой адзначыў патрэбу адукацыі маладога пакалення, у прыватнасці пазнавання догматаў веры. Пасля ўступлення Пятра Магілы на прастол кіева-пячэрскага архімандрыта пачаўся працэс уводжання ў рускае школьніцтва польскай мовы і латыні [21].

Луцкае брацтва мела сваю школу ўжо ў 1617 г., а у 1624 г. распрацавала рэгламент яе дзейнасці. Тут выкладаліся грэчаская і славянская мовы, парадак царкоўных служб (устав), рыторыка і дыялектыка. Школа ў Луцку датрымалася да пачаткаў XVIII ст. [22]

Вялікае значэнне ў развіцці праваслаўнай асветы адыграла магілёўская брацкая школа пры царкве св. Спаса. Прывілею на яе стварэнне мяшчане Магілёва атрымалі ад Стэфана Баторыя 28 студзеня 1578 г. [23] Год пазней брацтва атрымала ад канстанцiнопальскага патрыярха Іераміі ІІ прывілею на заснаванне школы. 21 сакавіка 1597 г. Жыгімонт ІІІ згадваў, што «школе братской детей братии уписаной и убогих и сирот, языка и писма словенского, руского, грецкого, лацинского и польского накладом братским дармо учити повинны, ведлуг постановления нашаго братского, также и людей в писме убогих, особ духовных и светских, для навуки школьной, до проповеди слова Божого, для науки детей и до спевания, в справе и в звыклости своей хвалити мает» [24]. Пасля Брэсцкага сінода пратасінкел ад патрыяршага прастола Нікіфар, заўважыўшы важную ролю школы, забараніў у гэтую брацкую ўстанову прымаць уніятаў або іх прыхільнікаў [25]. Аб ролі школы ў фарміраванні рэлігійнай свядомасці праваслаўнай грамадскасці красамоўна сведчыць той факт, што тадышні (у 1601–1618 гг.) полацкi уніяцкі архiепiскап Гедэон Бральніцкі абвінаваціў яе ў выхоўванні бунтаўнікоў і адцягванні моладзі ад царкоўнай уніі [26]. Дзейнасць школы ў Магілёве была спынена ў 1619 г., калі Жыгімонт ІІІ падпарадкаваў брацкія ўстановы новаму полацкаму архіепіскапу Iасафату Кунцэвічу [27]. Пасля забойства Кунцэвіча канцлер ВКЛ Леў Сапега загадаў (у 1624 г.) падпарадкаваць брацтва уніяцкаму ігумену манастыра Св. Спаса.

Магілёўская брацкая школа карысталася пашыранай праграмай навучання. Вучылі ў ёй граматыцы, рыторыцы, дыялектыцы, геаметрыі, астраноміі і музыцы [28]. Апрача яе на тэрыторыі горада дзейнічала некалькі элементарных школ, у якіх адукацыя абмяжоўвалася да навучання царкоўнаславянскай, рускай і польскай мовам. У гэтых школах асаблівая ўвага адводзілася разуменню Святога Пісання і літургіі.

Важным цэнтрам праваслаўнага элементарнага і сярэдняга школьніцтва быў Мінск. Мінскае шпітальнае брацтва 11 верасня 1592 г. атрымала каралеўскую прывілею на заснаванне школы з мэтай «навукі дзяцей малых, утрымання бакалаўра і навучання ў ёй пісьма грэчаскага і рускага» [29]. Гэтая школа, якую пісьмовыя крыніцы згадваюць яшчэ ў 1601 г., перастала існаваць як праваслаўная ў 1612 г.[30] У 1613 г. на месцы брацтва пры саборнай царкве ўзнікла новае брацтва свв. Пятра і Паўла пры аднайменным манастыры. Брацтва мела школу «для памнажэння Божай славы і практыкавання дзяцей» [31]. У 1614 г. мінскае брацтва прыняло статут віленскага брацтва, што паўплывала на пашырэнне праграмы навучання на грэчаскую і лацінскую мовы. Уніяты і мінскі ваявода Пятро Тышкевіч прабавалі падпарадкаваць праваслаўную школу сваёй юрысдыкцыі. Нягледзячы на гэта праваслаўная школа ў Мінску далей дзейнічала пад управай брацтва і ігумена манастыра, а 18 сакавіка 1633 г. брацтва атрымала каралеўскую прывілею, якая пацвярджала яго выключнае права на школу і друкарню [32]. Праваслаўныя школы праіснавалі на тэрыторыі горада аж да падзення Рэчы Паспалітай. Апорай для іх дзейнасці ў XVIII ст. былі манастыр свв. Пятра і Паўла і царква св. Мікалая [33].

Апрача пералічаных вядомыя былі праваслаўныя школы шырэйшага, чым элементарны, профілю ў Вінніцы, Любліне, Бельску, Пінску (пры Богаяўленскай царкве, пачатак XVII ст.), пры Цэпрскім манастыры Навагрудскага павета (1618 г.), у Еўі каля Вільні (1619 г.), у Шклове (1625 г.), пры Баркулабаўскім манастыры (1626 г.), у Буйнічах (1633 г.), пры Куцеінскім манастыры (1630 г.) і ў Полацку (1633 г.) [34].

У брацкіх школах асноўны націск рабіўся на навучанне моў. У ліку свецкіх прадметаў вучылі граматыкі, паэзіі, рыторыкі, дыялектыкі і элементаў філасофіі. Прывілея Жыгімонта ІІІ ад 13 кастрычніка 1592 г. для львоўскай школы пералічвае яшчэ логіку, арыфметыку, музыку, геаграфію і астраномію [35]. Асноўныя заняткі датычылі царкоўных навук. Вучылі статуту царквы, чытання і тлумачэння Святога Пісання, разумення літургіі, царкоўнай традыцыі, навукі св. айцоў царквы, жыцій святых і царкоўнага спеву. На патрэбы брацкіх школ Лаўрэнцій Зізаній выдаў у Вільні ў 1596 г. «Грамматiку словенскую». Падобныя кнігі выдалі львоўскае брацтва ў 1591 г. і Мялецій Сматрыцкі ў 1619 г.

Брацкія школы адыгрывалі важную ролю ў жыцці праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Рыхтавалі яны духоўных, дыяканаў і псаломшчыкаў для патрэб прыходаў, асабліва ў перыяд заняпаду праваслаўнай іерархіі пасля ўвядзення Брэсцкай уніі. Значная частка выпускнікоў выконвала дапаможныя функцыі пры цэрквах. Найлепшыя ішлі працаваць настаўнікамі ў іншыя школы: брацкія, дворскія, прыхадскія, манастырскія. З гэтых школ выйшлі самыя выдатныя рэлігійныя палемісты і царкоўныя дзеячы — Стэфан Зізаній, Іоў Барэцкі, Ісаiя Капінскі, Сільвестр Косаў, Захарыя Капысценскі, Феафіл Леантовіч. Дзейнасць праваслаўных школ спрычынілася такім чынам да абароны правоў царквы і яе ўладанняў. Школы пасадзейнічалі росту рэлігійнай самасвядомасці рускага насельніцтва і фарміраванню антыунійных настрояў.

Самым важным цэнтрам рэлігійнага жыцця праваслаўя ў апошняй чвэрці XVI ст. была Астрожская акадэмія. Вучэльня была заснавана князем Канстанцінам Астрожскім у 1580 г., але яе поўная дзейнасць пачалася пасля 1585 г. [36] Праграма навучання ў акадэміі была набліжана да праграм заходніх вышэйшых навучальных установаў. Выкладаліся там класічная праграма — трывіум (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і квадрывіум (арыфметыка, геаметрыя, музыка і астраномія), — вучылі рускай, лацінскай і грэчаскай мовам [37]. Першым рэктарам быў Герасім Сматрыцкі, а потым Сава Флячын і Кірыла Лукарыс — грэк з вострава Крыт. У ліку выкладчыкаў значную групу таксама складалі грэкі: пасланец патрыярха мітрапаліт Нікіфар, палемiст Эмануіл Ахілеас. Выдатнымі былі i мясцовыя выкладчыкі: аўтар «Перасцярогi» Юрый Рагатынец, палемічны пісьменнік Васіль Малюшыцкі, Іоў Княгіцкі. Акадэмія наладзіла шчыльныя кантакты з манастырамі ў Дзярмані, Дубне, Слуцку, а пазней у Пачаеве. Выпускнікамі школы былі, між іншым, рэлігійны палеміст Захарыя Капысценскі, гетман Пятро Канашэвіч Сагайдачны, епiскапы Гедэон Балабан і Мялецій Сматрыцкі. Акадэмія спалучала ўсходнюю візантыйскую традыцыю з заходняй асветнай мадэллю, садзейнічала развіццю рускай культуры і літаратуры, асабліва дзякуючы выхаду друкам у 1581 г. Бібліі на царкоўнаславянскай мове.

Вопыт Астрожскай акадэміі выкарыстаў мітрапаліт Пятро Магіла пры заснаванні акадэміі у Кiеве. Ён імкунуўся стварыць сучасную школу падобнай на езуіцкія калегіі. Дзеянні Магілы выклікалі абурэнне праваслаўнага духавенства, якое неахвотна прымала лацінскія ўзоры. Школу абвінавачвалі ў нядобранадзейнасці ў адносінах да праваслаўя. Манаскае духавенства не разумела патрэбы аб’ядноўвання заходняй культуры з грэчаскай верай. У выніку спалучэння абедзвюх школ — манастырскай (магілянскай) і брацкай (кіеўскай) — паўстала адна ўстанова. Кіеўская школа, у адпаведнасці з узорамі іншых еўрапейскіх школ, вяла заняткі па навучанні класічным мовам, многа месца адводзілася польскай. Школу складалі пяць ніжэйшых класаў: інфімы, граматыкі, сінтаксімы, рыторыкі і паэзіі і вышэйшага класа філасофіі [38]. У школе выкладалі Сільвестр Косаў, Ігнацiй Аксенавіч-Старушыч, Сафроній Пачапскі, Антон Пацэўскі, Язэп Канановіч-Гарбацкі. У 1632 г. рэктарам быў прыбылы са Львова Ісаiя Казлоўскі, выкладчык філасофіі. Гэтак званае «Атэнэум Магілянскае», якое згуртавала вакол мітрапаліта выдатных гуманістаў, стварыла падмурак праваслаўнай акадэміі, улічваючай прынцыпы заходнееўрапейскай навукі [39]. Кіеўская калегія, пазнейшая Магілянская акадэмія, брала прыклад з езуіцкіх калегій. Латынізацыя школьніцтва не абазначала парвання з праваслаўным воблікам вучэльні. Магiлёўскi епiскап Сільвестр Косаў у 1635 г. выступіў у абарону школы ў творы «Exegesis, to jest danie sprawy o szkołach kijowskich i winnickich». Кіеўская школа, на яго думку, не з’яўляецца прыемнай для уніятаў, не спрыяе астатнім іншаверцам: «Тыя, што цяпер вучацца ў кіеўскіх і вінніцкіх школах, з бацькоў грэчаскай рэлігіі ў ёй умацаваных, вучыліся ў рымскіх акадэміях у Польшчы, Літве і Імперыі. Вучаць па-латыні, ні ў чым рэлігіі старажытнай грэчаскай не парушаючы». Сiльвестр Косаў цешыўся, што «бедную Русь з гэтай пары дурной называць нельга. У Польшчы латынь неабходная. Калі бядняга русін апынецца на сейме, без латыні не рушыць ні кроку». Далей уладыка указваў на дабрадзейнасць школ для царквы. «Твае адтуль цэрквы свяшчэннікамі, пры богабаязнасці, умелымі напоўнены будуць. Твае кафедры красамоўнымі прапаведнікамі расквітнеюць, твае нашчадкі ў бацькоўскай веры аратарска, філасофска, юрыдычна ўмацаваныя на агульных сеймах, справядлівых трыбуналах, судах, галасаваннях, спрэчках праславяцца» [40]. Кіеўска-Магілянская акадэмія стала самым важным праваслаўным інтэлектуальным цэнтрам, які ўздзейнічаў на ўсю Усходнюю Еўропу. Яе выпускнікі адыгралі асаблівую ролю ў жыцці Рускай праваслаўнай царквы ў XVIII ст.

Ролю школ у жыцці царквы і фарміраванні стаўлення да рэлігіі разумелі стваральнікі Пінскай кангрэгацыі. У пастановах ад 3 ліпеня 1791 г., якія рэфармавалі праваслаўную царкву ў Рэчы Паспалітай, запісаны быў артыкул аб царкоўным школьніцтве. Мела яно абымаць дзяцей духоўных, шляхты і мяшчан, «а нават і сялянскіх дзяцей, паводле краёвых праваў». «Бакалаўрамі могуць быць дзядулі, якія ўмеюць чытаць і пісаць па-польску і па-руску ўмеючыя, але калі б яны былі моцна заняты царкоўнай паслугай, тады асобных ад дзядуль бакалаўраў утрымоўваць трэба». Абавязак засноўваць і ўтрымоўваць прыхадскія школы ўскладаўся на настаяцеляў прыходаў ды ігуменаў манастыроў [41]. Назначаная Пінскай кангрэгацыяй Вышэйшая кансісторыя 9 снежня 1791 г. загадала ігуменам манастыроў вучыць вернікаў прынцыпаў праваслаўнай веры і арганізаваць прыхадскія школы. Царкоўныя ўлады пачалі падрыхтоўку падручнікаў па рэлігіі і дапаможных матэрыялаў. Увядзенне рэформы школьніцтва паспрыяла развіццю асветы сярод праваслаўнай грамадскасці. Але гэты працэс быў неўзабаве абарваны. Падзенне Рэчы Паспалітай перакрэсліла пастановы Пінскай кангрэгацыі і яе асветныя рэформы.

Праваслаўная асветная сістэма выконвала важную задачу, садзейнічаючы росту агульнага інтэлектуальнага ўзроўню беларускага грамадства. Яно ўзнікла з патрэбы царквы. Выхаванне маладога пакалення ў праваслаўным духу стала галоўнай задачай адукаваных слаёў грамадства. Брацкія, манастрыскія і царкоўныя школы мелі быць элементам гэтай праграмы. Правасалаўнае школьніцтва фарміравала рэлігійнае жыццё, дазваляла захаваць канфесійную і нацыянальную тоеснасць. Аб яго значэнні сведчыць факт, што толькі тыя мясцовасці захавалі «грэчаскую веру», у якіх пры манастырах існавалі школы. Вышэйшыя школы, у прыватнасці Магілянская акадэмія, фарміравалі тадышнюю эліту, якая адыграла істотную ролю ў гісторыі царквы Рэчы Паспалітай і суседніх краін.

Прадстаўлены нарыс мінулага праваслаўнага школьніцтва ў ВКЛ указвае, што іерархія і духавенства прыдавалі вялікае значэнне развіццю багаслоўскіх школ. Усведамленне неабходнасці адпаведнай падрыхтоўкі кадраў у далёкім і менш даёкім мінулым пацвярджае высокі стан рэлігійнай свядомасці праваслаўнай эліты. Багаслоўскія школы адыгрывалі і адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні пазіцый духавенства і вернікаў. Школы дастаўляюць неабходных душпастырскіх кадраў, фарміруюць праваслаўныя культурныя і навуковыя асяроддзі. Багаслоўскія школы заўсёды былі неабходным элементам правільнага функцыяніравання праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве.


[1] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII века […]. Казань, 1898; Павловский И.Ф. Приходские школы в старой Малороссии и причины их уничтожения. Киев, 1904; Миропольский С.И. Очерк истории церковноприходской школы от первого ее возникновения на Руси до настоящего времени. 2‑е изд. СПб., 1910; Савич А. Западнорусские униатские школы XVI–XVII вв. // Труды Белорусского государственного университета в Минске. 1922. № 2/3; Крип’якевич I.П. З історії галицького шкільницьтва XVI–XVII ст. // Рідна школа (Львів). 1933. № 2; Медынский Е.Н. Братские школы Украины и Белоруссии в XVI–XVII вв. и их роль в воссоединении Украины с Россией М., 1954; Wańczura A. Szkolnictwo w starej Rusi. Lwów, 1923.

[2] Флеров И.Е. О православных церковных братствах, противоборствовавших унии в Юго-Западной России в XVI, XVII и XVIII столетиях. СПб., 1875; Каманин И.М. Еще о древности братства и школы в Киеве // ЧИОНЛ. Т. 11. Киев, 1885; Папков А.А. Братства: Очерк истории западнорус. православ. братств. СПб., 1900; Шоколо В.А. До питання про історію братств і іх шкіл на Україні в кінці XVI і в початку XVII ст. // Наукові записки Донецького педагогiчного iнститута. Вип. 4. Донецьк, 1956; Iсаєвич I.Д. Братства та іх роль у розвитку української культури XVI–XVII ст. Київ, 1966; Исаевич И.Д. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии // Книга и графика. М., 1972; Mironowicz A. 1) Szkolnictwo prawosławne na ziemiach białoruskich w XVI–XVII wieku // BZH. 1994. № 2; 2) Prawosławne szkolnictwo teologiczne na terenie Rzeczypospolitej // Wiadomości PAKP. 2001. № 7/8; 3) Kościół prawosławny w dziejach dawnej Rzeczypospolitej. Białystok, 2001.

[3] Возняк М. Письменницька діяльність Івана Борецького на Волині і у Львові. Львів, 1954; Науменко Ф.I. Педагог, гуманіст і просвітитель Іов Борецький. Львів, 1963; Хізняк З.I. Києво-Могілянська академія. Київ, 1981.

[4] АЗР. Т. 4. СПб., 1853. № 25.

[5] Тамсама. № 48 (зноскі 4, 5).

[6] Тамсама. № 63; Mironowicz A. Szkolnictwo prawosławne... S. 22.

[7] АЗР. Т. 4. № 79.

[8] Тамсама. С. 111–113.

[9] Тамсама. Т. 3. СПб., 1848. № 144. — Другая брацкая школа дзейнічала ў Львове. У 1568 г. брацтва атрымала спецыяльную прывілею ад антыяхійскага патрыярха Іаакіма (Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 287–311).

[10] Тамсама. С. 281.

[11] Флеров И.Е. О православных церковных братствах... С. 94–96; Mironowicz A. Szkolnictwo prawosławne... S. 23–24.

[12] Флеров И.Е. О православных церковных братствах... С. 108.

[13] Больш падрабязна гл.: Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 287–296.

[14] АСД. Т. 11. Вильна, 1890. С. 6.

[15] АЗР. Т. 4. № 28.

[16] Тамсама. № 33.

[17] Тамсама. № 63.

[18] Тамсама. № 3.

[19] Тамсама. С. 215; АрхЮЗР. Ч. 1, т. 1. Киев, 1883. № 220.

[20] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 335.

[21] Флеров И.Е. О православных церковных братствах... С. 99–102.

[22] Тамсама. С. 103–104.

[23] Тамсама. С. 97; Жудро Ф. А. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев, 1890.

[24] АЗР. Т. 4. № 119.

[25] Могилевские губернские ведомости. 1845. № 41.

[26] АСД. Т. 2. Вильна, 1867. № 22.

[27] РГИА, ф. 823, оп. 1, № 430, л. 1.

[28] Topolska M. B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu i baroku. Wrocław, 1984. S. 63.

[29] АЗР. Т. 4. № 36.

[30] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 337.

[31] АВАК. Т. 11. Вильна, 1875. № 36.

[32] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 337.

[33] Миропольский С.И. Очерк истории церковноприходской школы… С. 10.

[34] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 363–373; Mironowicz А. Szkolnictwo prawosławne... S. 29–32.

[35] Флеров И.Е. О православных церковных братствах... С. 114.

[36] Kempa Т. Konstanty Wasyl Ostrogski, wojewoda kijowski i marszałek ziemi wołyńskiej. Toruń, 1997. S. 102–103.

[37] Мицко I. I. Острозька слов’яно-латинська академія (1576–1636). Київ, 1990. С. 26.

[38] Харлампович К.В. Западнорусские православные школы… С. 362.

[39] Jabłonowski А. Akademia Kijowsko-Mohylańska. Kraków, 1899/1900. S. 86–89.

[40] Mironowicz А. Sylwester Kossow, biskup białoruski, metropolita kijowski. Białystok, 1999. S. 9–12.

[41] Sakowicz Е. Kościół prawosławny w Polsce w epoce Sejmu Wielkiego 1788–1792. Warszawa, 1935. S. 205–206; Mironowicz А. 1) Cerkiew prawosławna na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1772–1795 // Ziemie północne Rzeczypospolitej polsko-litewskiej w dobie rozbiorowej 1772–1815. Warszawa; Toruń, 1996. S. 81–94; 2) Ihumen Sawa Palmowski. Białystok, 2001. S. 33–62.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Белорусского Сборника"

  кантакт з рэдакцыяй: rarebook@nlr.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster