Беларусіка XVII–XVIII стст. у зборах Швэцыі
А. С. Катлярчук
Кнігазборы Швэцыі маюць адну з найлепшых калекцый беларускіх старадрукаў і рукапісаў. Амаль усе яны паходзяць з часoў актыўнай шведскай палітыкі ў ВКЛ. Гэта кніжная спадчына, створаная на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай, габрэйскай, літоўскай, латышскай мовах.
Пашыраным стэрэатыпам ёсць тое, што, маўляў, усе кніжкі шведы захапілі ў часе шматлікіх войнаў. Адносна Беларусі ля вытокаў гэтага стэрэатыпу магчыма стаіць гісторык Станiслаў Пташыцкі, які лічыў, што ў часе вайны 1655–1660 гг. «шведы захапілі Літоўскую метрыку […], частка якой затанула ў Балтыйскім моры» [1]. Да апошняга часу гэтую недарэчнасць падтрымлівае шэраг беларускіх гісторыкаў [2]. Памылковасьць гэтай версіі яшчэ ў 1984 г. даказала амэрыканская даследчыца П. Грымстэд [3]. Як вядома, у вайне 1655–1660 гг. ВКЛ на чале з Радзівіламi было хаўруснікам Швецыі. Таму шведы ўспрымалі Літву й Беларусь як частку новапрыдбанай зямлі, таму й не практыкавалі вываз культурных каштоўнасцяў. Калі з Польшчы сапраўды была вывезена Каронная метрыка, абрабаваны шэраг кнігазбораў, дык ВКЛ гэты лёс тады не крануў [4]. Iншая справа, што ў часе Вялікай Паўночнай вайны шведы лічылі ўладанні прарасейскіх магнатаў (Агінскіх, Пацаў, Радзівілаў) за варожыя, таму практыкавалі вываз архiўных папераў. Да прыкладу, у 1702 г. звязы Карла ХІІ абрабавалі архіў Ашмянскага павету [5]. Зрэшты, увесь абозны архіў шведскага войска 1708–1709 гг. загінуў (ці быў знішчаны) пасля Палтавы.
Звычайна шведаў цікавілі юрыдычныя помнікі. Ва ўласным кнігазборы губернатара Лівоніі Магнуса Дэлагарды захоўваюцца чатыры рукапісы, якія паходзяць з ВКЛ. Гэта інвэнтары каралеўскіх эканомій: «Inwentarz zamku, miasta, miasteczek… oekonomiey Mohilowskiey», «Rewisia oeconomiey Olitskiey», «Rewizye oekonomiey Szawelskiey księstwa Żmudzkiego» 1649 г., «Inwentarz oekonomiey Grodzieńskiey» 1650 г. Усе гэтыя акты мелі вялікае практычнае значэнне для шведаў, бо Магілёў, Гародня, Аліта й Шаўлі былі каралеўскімі эканоміямі й па Кейданскай уніі 1655 г. перайшлі ва ўласнасць шведскага караля Карла Х. Аніякіх іншых кніжок з ВКЛ у кнігазборы Дэлагарды не было [6].
Між тым зборы толькі універсiтэцкай бібліятэкі Упсалы налічваюць сотні адзінак кніжнай спадчыны ВКЛ. Паўстае пытанне: адкуль паходзяць гэтыя кніжкі? Па-першае, ужо ў XVII ст. упсальская бібліятэка купляла кніжкі з Рэчы Паспалітай, у тым ліку й ВКЛ. Па-другое, большасць старадрукаў ды рукапісаў з ВКЛ на беларускай ды царкоўнаславянскай мовах паходзіць з калекцый двух выдатных шведскіх славістаў канца XVII й пачатку XVIII ст. — Юхана Спарвенфельда (1655–1727 гг.), якi прывёз у Швецыю з Масквы Cтатут ВКЛ 1588 г., слоўнік Сімяона Полацкага, куцеiнскае выданне слоўніка Памвы Бярынды [7], й шведскага лютэранскага пастара з Нарвы, пазней генерал-суперінтэндэнта Лівоніі Нікалаўса Бергіуса (1658–1706 гг.). З кнігазбору Бергіуса ў бібліятэку Упсалы трапілі рукапіс (рукою Стэфана Зізанія) «Казанье Кирилла, патриарха иерусалимского, об антихристе» 1596 г., друкаванае «Зерцало богословия» Кірыла Транквіліёна (Чернигов, 1646) ды іншыя творы [8].
На сёння буйныя зборы беларусікі ў Швецыі маюць тры бібліятэкі — універсiтэту Упсалы («Carolina rediviva»), каралеўская бібліятэка ў Стакгольме ды гарадская бібліятэка места Вестэрос. Гаворка йдзе пра сотні кніжок, шмат з якіх няма ў Беларусі, некаторыя наагул з’яўляюцца унікальнымі. Толькі ў кнігазборы «Carolina rediviva» рэпрэзантаваны друкарні Вільні, Магілёва, Куцейны. Сярод віленскіх выданняў — Статут ВКЛ 1588 г., «Молитвы повседневные» 1609 г., граматыка Мялецiя Сматрыцкага 1619 г., Псалтыр 1630 г., «Букварь славенскага языка» 1645 г., «Дневник всегдашних молитв» 1652 г., Полуустав 1695 г.
Асобае значэнне маюць два асобнікі Катэхізісу (Вільня, 1585; шыфры: Kyrkslav 1, Kyrkslav 157). Дагэтуль лічылася, што гэтай кніжкі цалкам не захавалася. Былі добра вядомы толькі 10 бачынак, якія належаць кнігазбору РНБ. Аўтару гэтых радкоў пашанцавала пагартаць гэтае унiкальнае выданне. Нягледзячы на назву «Кiтэхизмъ или наоука всъм православным хрстiяном к повченпю вельми полезно з латинского языка на русскій языкъ ново преложено. Друкованъ оу Вильни року (1585) з дозволеньем старшихъ» выданне гэта каталіцкае. Падрыхтавалі яго віленскія езуіты, пра што сведчыць класычная езуіцкая формула: «з дозволеньем старшихъ». Зроблена гэта было ў мэтах пашырэння каталіцкіх уплываў сярод праваслаўных Вільні. Тагды ў Вільні адначасова была выдадзена тры каталіцкія катэхізісы на беларускай, літоўскай і латышскай мовах. Пра характар катэхізіса сведчыць перадусім каталіцкі Сiмвал веры. Падрабязна тлумачыцца сутнасць каталіцкага касцёлу: «С(вя)тая царква повселенная: Первое же есть храм Б(о)жій единый разумей во едином дусе Исусавым Хр(ысто)вым, во единой вере и сакраментах, во единой главе владети царквой повселенную то ж есть в настоянію Исус Хрыстовым намесцу Петровом». Асобная частка прысвечана «схізматыкам» (праваслаўным): «Которые суть от царквы удалены надтож схысматицы которые сами от едности и покою повселейнаго удаляются… еретиков и схисматиков, яко поветра злога страшного стеречися и отрицатися треба». Досыць цікавая мова твору. Каталіцкія перакладнікі атрымалі цяжкую задачу. Не мая права ўжываць царкоўнаславянскую мову, яны вырашылі карыстацца «простай рускай моваю» [9]. На той час гэта была вельмі складаная задача, бо трэба было фактычна ўпершыню распрацаваць беларускую тэалягічнаю тэрміналёгію. На маю думку, невядомыя перакладнікі цудоўна справіліся з гэтай задачай. Дзеля прыкладу працытуем колькі фрагмэнтаў: «Которые добродетели грехом главным суть противны тых седмъ: Покоренiе, Гоiность, Чистота, Ласкавость, Зычливость, Мерность i охота ку службе Божіей. Которые же суть учинки телесныя с(вя)тый Павел так их вычитае: Нечистота, Скверность, Виеточность, Каженie й долохвальство, Чары и спрыязни, свары, ненависть, гнев, свады, незгоды, распры, зайздрость, моужеубийство, паньство, объядание и тым подобит. Колико есть учинков милосердных духовных, також седм: Грешного от греха отводитi. Неразумнага наказати. Вопливаму добро порадитi. За блiжнего Г(оспо)да Бога просити. Смутнаго потешити. Неправды претерпети. Досажение отпустити».
Сёння гэты унікальны здабытак беларускай культуры абавязкова трэба перавыдаць.
Сярод магілёўскіх выданняў Упсалы — Буквар славенскага языка 1649 г., Псалтыр 1693 г., Молитословец 1695 г., Часослов 1697 г. ды іншыя. Выданні Куцейна прадстаўленыя праз Псалтыр 1642 г., «Диоптру или зерцало…» 1651 г., «Лексикон славено-росскiй» Памвы Бярынды 1653 г.[10]
Варты ўвагi унікальны «Alfabetum Rutenorum», выдадзены ў Стакгольме ля 1638 г. Мэта гэтага выдання была растлумачыць шведскаму чытачу асаблівасці кірылічнага алфавiта. Як заўважыў А. Шоберг, яно мае цесную сувязь з беларускай традыцыяй, бо мы сутракаем у iм тыпова старабеларускую літару э, каторая трапіла ў расейскую пісьменнасць толькі ў 1735 г.[11] Магчыма, алфавiт, якi шведы збіраліся выкарыстоўваць для пастараў Эстоніі й Інгерманляндыі, рыхтаваў у Швецыі невядомы ліцвін з ліку палонных вайны 1605–1629 гг.
З рукапісаў адзначым перадусім польска-царкоўнаславянска-старабеларуска-расейскі слоўнік, які належаў калісьці Сімяону Полацкаму [12]. Вельмі цікавыя ёсць два асобнікі Ірмалагіёна беларуска-ўкраінскага распеву XVII ст.
Апроч гэтага кнігазбор Упсалы мае шматлікія выданні ВКЛ на польскай, габрэйскай, літоўскай, латышскай мовах. Сярод іх каля сотні дысертацый («Assertiones»), якiя былi абароненыя у Віленскай езуіцкай акадэміі, i грунтоўная калекцыя пратэстанцкай літаратуры, між іншым такія рэдкія выданні, як «Katechizm zborów ewangelickich» (Nieśwież, 1563), «Katechizm albo krótkie… zebranie wiary» (Wilno, 1594), «Pieśni pospolite przy obraniu ministrów albo seniorów» [13]. Шмат друкаванай у Вільні лацінскамоўнай паэзіі, сярод творцаў якой сустракаюцца выразна славянскія прозвішчы. Прыгадаем таксама польскамоўнае праваслаўнае выданне «Modlitwy doktorów według S. Wschodniey Cerkwie…» (Wilno, 1656) [14], кніжку Міхала Вайніловіча пра мсціслаўскага ваяводу Яна Агінскага «Snieg ogien. Iasnie oswieceni Ierzy woiewodzic Trocki, Ian marszałek Brasławski z Kozielska Oginscy…» (Wilno, 1680), першую латышскую кніжку, каталіцкі катэхізіс, выдадзены Даніэлем Ленчыцкім у 1585 г. у Вільні [15].
Сярод беларускіх рукапісаў каралеўскай бібліятэкі Стакгольму — уніяцкае «Жыцiе й новыя цуды св. Васiлія» («Vita & miracula S. Basilii nova»), пісанае па царкоўнаславянску з відавочнымі беларусізмамі: паньство, Тройца. Гэты самы канвалют змяшчае «Повесть о Таксіоте воіне» на старабеларускай мове. Іншы цікавы рукапіс, які належаў матэматыку й астраному, прафэсару Віленскага унівэрсытэта Марціну Пачобуту-Адляніцкаму (1728–1810 гг.), — «Pamiątka złożona w Wilnie 1783 roku». З друкаванай беларусікі гэтага збору адзначым «Poemаte» Мікалая Сарбэўскага (Vilnae, 1757), першае выданне «Historia Lithuanae pars prior» Войцэха Каяловіча (Dantisci, 1650); гісторыю беларуска-літоўскіх езуітаў «Lithuanicarum Societatis Jesu historiarum provincialium partes prima et altera» Станіслава Растоўскага (Vilnae, 1768), «Historia Poloniae et M. Ducat. Lithuaniae» у чатырох тамах (Varsaviae, 1761).
Паміж старадрукамі, якія захоўваюцца ў гарадзкой бібліятэцы Вестэрос, вылучым поўны асобнік Берасцейскай Бібліі 1563 г., «Евхологион, альбо Молитвослов» Пятра Магілы (Киев, 1646), «Latina gramatica» Ільі Капіевіча (Amstelodami, 1700), «Regni Poloniae, Magnuque Ducatus Lituaniae… novissima descriptio…» Андрэаса Цэларыя (Amstelodami, 1659), «Sarmatiae Europeae descriptio…» 1581 г. Аляксандра Гваньіні. Як вядома, італьянец паходжаннем, Гваньіні прыканцы XVI ст. служыў у Віцебску. Прыгадаем першую публікацыю аднаго з найцікавейшых твораў старабеларускай літаратуры — «Hierosоlymitana peregrinatio…» Мікалая Крыштофа Радзівіла (Braunsberg, 1601), а таксама малавядомыя «Rituale sacramentorium» (Vilnae, 1648), шэраг кніжак Сімяона Полацкага: «…Обед душевный» (М., 1681), «Вечеря душевная» (М., 1681–1683), «Комидия или действие еваггельския притчи о блудном сыне» (М., 1685) [16].
Каштоўныя матэрыялы з беларускай гісторыі захоўваюцца ў архівах Швецыі, перадусім Нацыянальным архіве (Riksarkivet). Гэта, напрыклад, лісты магнатаў Яна Караля Хадкевіча, Льва й Казімiра Сапегаў, Багуслава й Януша Радзівілаў да шведскіх каралёў і генералаў, арыгінал дзённіка Льва Сапегі за 1608–1611 гг.
Такім чынам, кнігазборы й архіўныя сховішчы Швецыі захоўваюць унікальныя дзеля беларускай нацыянальнай культуры здабыткі й маюць вялізны патэнцыял што да будучых даследаванняў.
[1] Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887. C. 11.
[2] Гл., ды прыкладу: Свяжынскі У. Беларусіка ў Швэцыі (паводле вынікаў паездкі ў 1993 г.) // Замежная архіўная беларусіка. Мн., 1998. C. 50.
[3] Grimsted P.К. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Reconstructing the archives of the Grand Duchy of Lithuania. Cambridge (Mass.), 1984. P. 12.
[4] Pilichowski Cz. Straty bibliotek i archiwów polskich podczas szwedzkiego «potopu» 1655–1660 // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 2. Wrocław, 1957. S. 451–457.
[5] Jankowski Cz. Powiat Oszmiański: Materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1. Pb., 1896. S. 11–12.
[6] Arnestedt C. Uppsala universitets biblioteks historia untill år 1702. Stockholm, 1894. S. 88–99.
[7] Birgegаrd U. Лексикографические работы И. Г. Спарвенфельда и их место в истории русской лексикографии // Slavica Lundensia. Т. 3. Lund, 1975. Р. 39.
[8] Davidsson K. Собрание славянских рукописей в библиотеке университета в Уппсале // Ibidem. P. 72–73.
[9] «Простай» яна называлася не таму, што была моваю сялянаў, — гэта была кнiжная, лiтаратурная мова — але таму, што выкарыстоўвалася выключна па-за царквою, у свецкім жыцці (пра характар i статус «простай мовы» гл.: Успенский Б.А. История русского литературного языка (XI–XVII вв.). 3‑е изд. М., 2002. С. 388–404).
[10] Kjellberg L. Catalogue des imprimés slavons des XVIe, XVIIe, et XVIIIe siècles conservés à la Bibliothèque de l’université royale Uppsala. Uppsala, 1951.
[11] Sjöberg A. Первые печатные издания на русском языке в Швеции // Slavica Lundensia. Т. 3. Р. 20.
[12] Котлярчук А.С. Польска-царкоўнаславянскі слоўнік Сімяона Полацкага ў зборах Carolina Rediviva // Кантакты і дыялогі. 2001. № 6. С. 31–32.
[13] Trypucko J. Polonica vetera Upsaliensia: Catalogue. Uppsala, 1958.
[14] Апошнi каталог польскiх выданняў ВКЛ XVII в. (Ivanovic M. XVII a. Lietuvos lenkiškos knygos: Kontrolinis sąrašas. Vilnius, 1998) яго не ўзгадвае.
[15] Sprawozdanie z poszukiwań w Szwecyi dokonanych z ramienia Akademii Umiejętności przez E. Barwińskiego, L. Bikkenmajera i J. Losia w Krakowie. Kraków, 1914.
[16] Гл.: Gawryś E. Slavica Arosiensia. Katalog över slaviska handskrifter och tryck från 1500-, 1600-, och 1700-talet i stifts- och landsbiblioteket i Västerås. Bd. 1–3. Västerås, 1956–1961.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі "Белорусского
Сборника"