|
Панамі будзеце, панамі! aбо Навошта дзядзька ездзіў у Вільню
Андранік АНТАНЯН (Вільня)
Алесь БЕЛЫ (Менск)
Сярод усяго, што напісана за апошняе стагоддзе па-беларуску, паэме Якуба Коласа “Новая зямля” належыць асаблівае месца. Магчыма, нават сярэднестатыстычны выпускнік сярэдняй школы, не вельмі абазнаны ў айчыннай літаратуры, першыя дзесяць гадоў нешта цьмяна памятае пра герояў паэмы ці хоць бы ведае на памяць некалькі радкоў, пачынаючы ад “Мой родны кут…“. Пра змест і абставіны напісання паэмы, пра яе “вытокі, веліч, хараство” напісаныя дзесяткі кніжак і сотні артыкулаў. Здаецца, "Новая зямля" вывучаная ўдоўж і ўпоперак. Але ці так гэта? (Уступны абзац)
Галоўная сюжэтная лінія паэмы - спроба звычайнай сялянскай сям’і выбіцца з нястачы і татальнай залежнасці ад моцных гэтага свету, набыўшы ўласную зямлю. Цэнтральнае ж месца ў творы Коласа займае віленская выправа дзядзькі Антося, - нездарма ж “Новая зямля” і пачалася з гэтага эпізоду. Як вядома, упершыню сюжэт з паездкай дзядзькі ў Вільню выведзены Коласам у вершаваным апавяданні “Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў”, надрукаваным у газеце “Вольная Беларусь” у 1918 г.. Як сведчыў сам Колас, вершаванае апавяданне, якое пазней у перапрацаванай форме склала XXVII-XXIX раздзелы паэмы, напісанае ім у сакавіку-траўні 1911 г. у мінскім астрогу, куды Канстантын Міцкевіч трапіў за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Рашэнне разгарнуць аўтабіяграфічныя нататкі са свайго дзяцінства і сваё тлумачэнне маштабных грамадска-палітычных падзеяў, якія з неверагоднай імклівасцю на вачох змянялі звыклае аблічча роднага краю, у вялікі мастацкі твор прыйшло да Коласа пазней. Але спачатку - дзядзька выпраўляецца ў даўнюю сталіцу ВКЛ, у банк, каб… І адразу ж пачынаюцца таямніцы, недакладнасці, непаразуменні, якія чамусьці дагэтуль амаль не трапілі ў поле зроку прафесійных літаратуразнаўцаў ды гісторыкаў, не кажучы пра паспалітага чытача.
Трэба здаваць сабе справу, што Міцкевіч-Колас у 1911 г., падчас мінскай “адседкі”, у 1918 г., калі было на поўны голас заяўлена пра Беларускае нацыянальнае адраджэнне і калі пачалася публікацыя асобных фрагментаў паэмы, і ў 1923 г., калі ў Савецкай Беларусі разгортвалася кволая беларусізацыя, а “Новая зямля” ўпершыню выйшла поўным асобным выданнем - зусім розныя асобы. Прычым гэты пералік датаў - няпоўны. Як мы ўбачым ніжэй, у храналогію стварэння “Новай зямлі” трэба ўвесці яшчэ і дату 1907 г., і 1900-1901 гг. - калі мы сапраўды жадаем разумець, якія падзеі адбываюцца на старонках паэмы, а не адно звыкла прабягаць іх вачыма, час ад часу абвяшчаючы завучаныя, дзяжурныя, банальныя, патэтычныя лозунгі.
Паводле вершаванага апавядання 1911 г., напісанага ў разгар сталыпінскай аграрнай рэформы, Колас “пасылае” дзядзьку ў Вільню, каб ПРАДАЦЬ абрыдлую зямлю:
На шчот зямлі. Прадаць мы хочым;
Ужо тры гадкі, як усё хлапочам
І з ёй ні можам развязацца.
Уляцелі здорава, прызнацца,
Як тая сучка у рашчыну,
Адна разруха, трасяніна.
Яе былі мы перш купілі,
І процьму грошай прасадзілі,
Такое дрэннае здарэнне!
Але наколькі характэрным для эканамічнай сітуацыі пачатку XX ст., ды і ўвогуле для ўсяго парэформавага 50-годдзя, было расчараванне селяніна ў прыватным валоданні зямлёй? Ці мы рачэй маем справу з поглядамі самога Коласа-сіцыліста, перадвызначанымі неаспрэчнай інтэлектуальнай модай стогадовай даўніны, калі кожнаму адукаванаму чалавеку было ясна як Божы дзень, што ўсе чыста беды чалавецтва - ад прыватнай уласнасці? Дзядзька Антось “узору 1911/1918 гг.”, здаецца, не столькі вырашае канкрэтную гаспадарчую праблему, колькі выкарыстоўвае сямейную няўдачу як нагоду заявіць рашучы пратэст усяму буржуазнаму свету з яго няшчырасцю ды прыватнасцю, быццам апераджаючы на некалькі дзесяцігоддзяў рух хіпі ці забавы парыскіх студэнтаў 1968 г.
Куды ж знікае гэты Коласаў пафас усяго за 5 гадоў, паміж 1918 і 1923 гг.? Мэта паездкі ў банк у першым поўным выданні паэмы, якое, уласна кажучы, і стала вядомым шырокаму чытачу і дайшло да нас у амаль нязменнай рэдакцыі, нечакана робіцца дыяметральна процілеглай!
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля - вось што аснова!
Што ж паўплывала на такую радыкальную змену настрояў Коласа? Пад канец турэмнага тэрміну ён быў ужо не юнаком (амаль 29 гадоў), і да моманту публікацыі першай рэдакцыі асобных раздзелаў паэмы (амаль 36), магчыма, перажыў тыповы для гэтага прамежку жыцця мужчыны midlife crisis. Здавалася б, можна было чакаць, што ягоныя погляды набудуць закончанасць і манументальнасць. Але трэба аддаць належнае ягоным мужнасці й інтэлектуальнай сумленнасці: насуперак пануючаму пафасу рэвалюцыйнага абнаўлення і сваім уласным ранейшым перакананням ён кардынальна пераглядае фабулу выправы ў Вільню ды ўсёй паэмы. Змена сімвалічная, асабліва зважаючы на час, калі яна адбылася. Хто б разумны наважыўся “інвеставаць” у зямлю пасля рэвалюцыі? Вядома, не рызыкнуў бы і сам Колас. Але радыкальную змену мэты дзядзькавага падарожжа можна назваць менавіта інвестыцыяй у будучыню. Хіба няма ў гэтым крутым развароце пэўнага сігналу, зашыфраванага паслання наступным пакаленням? Эзопавай мовы? Разважыўшы над тым, што адбывалася і ў Беларусі, і ва ўсёй былой Імперыі за апошнія 5 гадоў, ці не перагледзеў Колас свае ранейшыя погляды, хоць абвяшчаць свае высновы адкрыта цяпер не было магчымасці? Што было таму галоўнай прычынай - нядаўна абвешчаны НЭП, глухія звесткі пра крывавую сялянскую вайну Антонава, якія даносіліся да курскага настаўніка з недалёкай Тамбоўшчыны, паведамленні ад сваякоў ды аднавяскоўцаў з польскага боку мяжы, назіранні над савецкай рэчаіснасцю? Пра гэта мы можам здагадвацца, але з пэўнасцю ўжо наўрад ці калі даведаемся.
Так ці інакш, у канчатковым варыянце паэмы Антось едзе ў Вільню, каб КУПІЦЬ зямлю. Урэшце рэшт, гэта ёсць сумленная канстатацыя рэальнага стану рэчаў. Вядома, што Міцкевічы сапраўды набылі зямлю ў Смальгаўку на мяжы Слуцкага і Бабруйскага паветаў. Але рэальныя абставіны гэтай здзелкі з зямлёй вельмі цьмяна вядомыя нават нашчадкам паэта, не кажучы пра ўсю астатнюю нацыю. А нам бы хацелася даведацца пра пэўныя эканамічныя падрабязнасці. Цяпер, падчас агоніі сістэмы, якая здолела “акукліць” “Новую зямлю” і выкарыстаць яе як элемент сваёй прапагандысцкай машыны, гэтыя падрабязнасці ізноў падаюцца надзвычай істотнымі і павучальнымі.
Пачнем, бадай, з узнаўлення маршруту дзядзькі Антося ў банк. Мусім прызнацца, што наўрад ці мы здолеем аднавіць маршрут блукання Антося Міцкевіча - прататыпа аднайменнага героя паэмы. Нас больш цікавіць, як рухаўся віленскімі вулкамі (дакладней, у свядомасці Коласа) менавіта літаратурны герой. З аднаўленнем (наколькі дазволіць тэкст паэмы) маршруту і іншых акалічнасцяў Антосевай адысеі, віленскія раздзелы “Новай зямлі” набрыняюць жывой крывёй, і тады банальны сюжэт з візітам селяніна ў места набудзе рэалістычнасць і рэльефнасць хоць і аналагавую, але не менш пераканаўчую за 3D і Dolby Digital. Магчыма, гэта дазволіць сучаснаму чытачу лепш уявіць схаваныя за друзам часу рэаліі паэмы, рэальныя клопаты нашых продкаў, так адрозныя ад нашых і так падобныя на нашыя.
Нягледзячы на тое, што амаль ніводная тапаграфічная кропка Вільні не названа сваім імем (за выняткам хіба Замкавай гары і лёгкапазнавальнага “праспекту”), уяўляецца магчымым з пэўнай доляй дакладнасці пракласці нанава Антосеў маршрут.
Для пачатку акрэслім храналагічныя рамкі магчымай вандроўкі ў Вільню. Яна магла адбыцца паміж дзьвюма важнымі падзеямі ў жыцці Міцкевічаў - агледзінамі зямлі і смерцю Міхала. Сучаснае коласазнаўства не выпрацавала адназначнай даты смерці бацькі паэта. Адны даследнікі лічаць, што Міхал памёр 8 лютага 1903 г., іншыя - 8 лютага 1902 г. Першыя спасылаюцца на ўспаміны сясцёр паэта, другія - на яго малодшага брата Юзафа. Але на баку другіх, здаецца, яшчэ і надпіс “1902” на магільнай пліце ў Церабяжы - могільніку, дзе пахаваны бацька. Таму дата 8 лютага 1902 г. здаецца нам больш пераканаўчай. Агляд зямлі мусіў адбыцца ўвосень папярэдняга году, магчыма, нават 1900-га, бо ад агляду да смерці Міхала мінуў пэўны час:
А грошы йшлі, плылі, як сліна,
Аж высякалася чупрына
І брала нейкая нудота,
І адпадала ўся ахвота
Зямлю купляць і нават жыць -
Такая хваля набяжыць.
А колькі гэтай валакіты!
Тады будзем лічыць, што вандроўка Антося адбывалася недзе ў 1900-1901 гг. Было б лагічна зрабіць выснову, што падзеі, апісаныя ў паэме, таксама адносяцца да гэтага перыяду. Аднак мы верым, што падарожжа “дзядзькі Антося” як літаратурнага героя відавочна адбывалася значна пазней. Так меркаваць дазваляе той факт, што сам Якуб Колас, як сведчыць фундаментальны біяграфічны даведнік М. Мушынскага, а таксама аўтабіяграфічныя лісты да Л.Клейнбарта, у Вільню, бадай, упершыню трапіў у канцы 1906 г., а наступны раз - у траўні 1907 г. Так, вядома, што паэтаў дзядзька быў добрым апавядальнікам, але гарадскія рэаліі, Колас, праўдападобна, апісваў на падставе ўласнага досведу, ці, прынамсі, з улікам яго. Адпаведна, віленскія “здымкі з натуры” паходзяць рачэй з 1906-1907, чым з 1900-1901 гг.
Мэта візіту ў Вільню - атрыманне ў неназваным віленскім зямельным банку пазыкі пад заклад зямлі, якую так прагнулі набыць:
А першым дзелам справа пільна -
Паехаць трэба ў банк у Вільню
Навесці спраўкі, сёе-тое
Ці разрашэнне там якое.
Антось даехаў да Вільні на цягніку, маршрутам Стоўпцы-Баранавічы-Вільня. Характэрна, што герой не надта ўяўляў, якія транспартныя выдаткі яго чакаюць:
І думаў дзядзька, каб танней як,
Хоць бы за трыццаць пяць капеек -
А чым танней, тым лепш, вядома…
Але самы танны квіток ад станцыі Баранавічы да Вільні (у 3-м класе), каштаваў 2 рублі 59 капеек. Такія значныя выдаткі на транспарт не прадугледжваліся Антосем, і ён быў вымушаны ехаць “зайцам”. Дарэчы, ці апісанне дзядзькавай паездкі на цягніку не ўзнаўляе абставінаў уцёкаў Коласа ў Вільню са Стаўпецкае лясное каморы ў Цёмных Лядах ў траўні 1907 г.? Апроч эканоміі, у яго меліся і дадатковыя прычыны, каб падарожнічаць incognito, бо паліцыя ўзяла з усіх удзельнікаў нелегальнага настаўніцкага з’езду падпіску аб нявыездзе.
У тэксце паэмы няма згадкі, а якой гадзіне Антосеў цягнік прыходзіў у Вільню. Але ўскосна гэта можна вылічыць па аўтарскай згадцы, што, калі дзядзька ехаў па дарозе з Баранавічаў у Вільню - узыходзіла сонца.
І вось наш дзядзька едзе “зайцам”.
Тым часам сонейка ўсхадзіла,
Палёў узгоркі залаціла,
І белаватаю смугою
Туман навіснуў над вадою.
Расклад руху цягнікоў на Палескай чыгунцы, наколькі можна меркаваць з даступных нам дакументаў, заставаўся амаль нязменным цягам доўгіх гадоў. Прынамсі, і ў 1904, і ў 1913 г. ён быў фактычна адным і тым жа. Вывучэнне раскладу наводзіць на думку, што, хутчэй за ўсё, дзядзька Антось прыехаў (ці мог прыехаць) у Вільню тавара-пасажырскім цягніком №8 Палескай чыгункі “Сарны-Вільня” ці “Роўна-Вільня”, які выходзіў з Баранавічаў-Палескіх а 3:43 (ці 3:45) раніцы. То праз нейкі час па ад’ездзе мог назіраць узыход сонца. Гэты цягнік прыходзіў у Вільню а 9:50 раніцы. Наступны, 28-мы цягнік з Валыні ў былую сталіцу ВКЛ выпраўляўся з Баранавічаў а 7:17 раніцы і ў Вільні мусіў быць каля паловы другой апоўдні - але тады дзядзьку зусім бы не засталося часу на ягоны доўгі шлях да банку, знаёмства з Грышкам Верасам, на паспяховае завяршэнне крэдытных справаў, шпацыр да Замкавае гары ды яшчэ філасофскае сузіранне гораду з яе вяршыні… Калі прыняць, што падарожжа адбылося неўзабаве пасля агляду зямлі ў “Заблонні” (пад восень прад сяўбою), дык найбольш верагодна, што дзядзька ездзіў у Вільню ў верасні.
Такім чынам, на гарадскім гадзінніку 9 гадзінаў 50 хвілінаў: верасень 1900 ці 1901 году.
Антось да Вільні пад’язджае
І свой гарнітур папраўляе.
Знаёмства дзядзькі з Вільняй, калісьці слаўнай сталіцай вялікай дзяржавы, а тады губернскім горадам Расейскай імперыі, пачалося менавіта з чыгуначнага вакзалу.
Машына стала. Валіць валам
Люд у тунелі пад вакзалам,
А з ім і дзядзька цісне збоку,
Ад шэрых світ непадалёку.
Віленскі вакзал будаваўся ў 1861-1862 гг., калі праводзілася чыгунка Пецярбург-Варшава, паводле тыповага праекту, агульнага для станцыяў лінейнага тыпу, пабудаваных таксама ў той час ў Дзвінску, Коўне, Кібартах і г.д. Паводле значэння места вакзал быў аднесены да ІІ класу (вакзалы І класу мелі Пецярбург, Масква і Адэса). Цягнік прыбыў далёка не на першую платформу, і таму, каб патрапіць у места, дзядзька мусіў прайсці праз падземны тунель.
Дзівіўся дзядзька тут нямала,
Йдучы тунелем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!
А колькі вулачак і ходаў,
Палітурованых усходаў!
Там, угары, над галавою,
Ідуць вагоны чарадою!..
Калі б вандроўка Антося адбылася ў нашыя дні, то нават яму, жыхару глухога кутка, сённяшні віленскі чыгуначны вакзал не падаўся б месцам шматлюдным. Чыгуначны транспарт апошнія дзесяцігоддзі спакваля саступае ў папулярнасці аўтамабільнаму.
Першым паваротам, зробленым самастойна ў маршруце да банку, першым экзістэнцыяльным выбарам у гарадской прыгодзе, стала рашэнне, якой дарогай выходзіць з вакзалу:
Тунель тым часам раздзяляўся,
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі,
Ні відам латанай сярмягі.
Чаму люд падзяліўся на дзве часткі паводле сацыяльнай прыкметы? Найбольш простым (і для сучаснага чалавека - найбольш відавочным) было б тлумачэнне, што сяляне і просты люд трымаліся правага боку, бо канчатковай мэтай прыезду для бальшыні сялянаў магло быць наведванне Хлебнага рынку (цяпер рынак Гале), які знаходзіўся (і знаходзіцца па гэты дзень) на Базыльянскай вуліцы, г.зн з правага боку ад будынку вакзалу. З таго ж правага боку і галоўная каталіцкая святыня краю - Вострая Брама. Але думка, што на правы бок падаліся пераважна пілігрымы, досыць спрэчная, бо культ віленскай Маці Божай Вастрабрамскай быў пашыраны сярод усіх сацыяльных слаёў каталіцкага насельніцтва краю, а не толькі сярод сялянаў.
Так ці іначай, наш герой трапляе на Прывакзальную плошчу і ўпершыню на ўласныя вочы бачыць Вялікае Места :
Як выйшаў дзядзька наш з вакзала,
Яму аж моташна нейк стала:
Такое пекла - шум страшэнны,
Застой паветра і дух дрэнны;
Народ таўчэцца каля конкі,
Па бруку б’юць падковы звонка,
Грымяць павозкі, буды, колы,
Аж проста глушаць балаголы -
І гэта процьма ўсякіх зыкаў
Злілася ў гул адзін вялікі,
Дзе з непрывычкі вуху цяжка.
Герой Якуба Коласа дрэнна ўяўляў свой будучы маршрут. Які банк быў яму патрэбны? У кожным сучасным, стэрэатыпным, кананізаваным выданні “Новай зямлі” сустракаецца (тройчы) толькі азначэнне “зямельны”. Але на рубяжы ХІХ і ХХ стст. у Вільні былі, прынамсі, 4 установы, якія можна назваць “зямельным банкам”. На наша шчасце, 3 з іх займалі ўсяго два будынкі, якія і да нашага часу стаяць адзін насупраць аднаго на галоўнай віленскай вуліцы. То задача ўзнаўлення дзядзькавага маршруту значна спрашчаецца.
Самы стары з віленскіх зямельных банкаў так і называўся: Віленскі зямельны банк - найбуйнейшы з усіх акцыянерных іпатэчных банкаў Расейскай імперыі. Надзвычай важная ў гісторыі нашага краю ўстанова. Дастаткова паглядзець на публікацыі Ф.Багушэвіча ў пецярбургскім “Краі” - ніякай іншай установе і, бадай, ніякаму іншаму прадмету Багушэвіч-журналіст не ўдзяляе столькі ўвагі, як Віленскаму зямельнаму банку. Прынамсі, 10 публікацыяў Багушэвіча згадваюць гэтую ўстанову, прычым пераважна прыхільна, асабліва вызначаючы заснавальніка, князя Пятра Вітгенштэйна.
У зямельным банку вялікі рух:
адначасова з тэрмінам аплаты падаткаў,
кантрыбуцыі і найбольшых выдаткаў у
сельскай гаспадарцы, а таксама разам з
затрымкаю продажу лясоў - набліжаецца
апошні тэрмін выплаты складак за першае
паўгоддзе. Тым часам лік зямельных
уладанняў, якія банк пагражае прымусова
прадаць, значны. Напэўна, шмат уладальнікаў
уратуюцца ў апошнюю хвіліну коштам дарагой
прыватнай пазыкі, абы толькі адсунуць
катастрофу крыху далей, бо іншых крыніц
няма. І ўсё ж, несумненна, ахвяры будуць. Ф.
Багушэвіч, 1888 .
Уласны будынак Віленскага зямельнага знаходзіўся па адрасе: Георгіеўскі праспект, 8 (цяпер праспект Гедыміна, 6). У доме, выбудаваным у 1889-1891 гг. у стылі неакласіцызму паводле праекту Вінцэнта Гарэцкага, у розныя часы частка памяшканняў аддавалася ў арэнду іншым банкаўскім установам. Досыць доўга здымаў тут памяшканне Віленскі Прыватны Камерцыйны банк, які быў арыентаваны на крэдытаванне гандлю і прамысловасці. Абодва банкі мелі шырокія агентурную і кліенцкую сеткі ва ўсім Паўночна-Заходнім краі, пераважна сярод землеўладальнікаў і прадпрымальнікаў каталіцкага веравызнання. Гэта была тыпова “клубная” ўстанова, няпісанымі правіламі амаль закрытая для чужынцаў, адна з легальных арганізацыяў ненадзейных ліцвінаў, гатовых уцячы з расейскага дзяржаўнага карабля пры першай нагодзе.
Сёння ў гэтым будынку рэзідэнтуе Банк Літвы (нацыянальны, ці цэнтральны эмісійны паводле сваіх функцыяў). Хутчэй за ўсё, не гэты зямельны банк, з яго элітарнай, багатай, спецыфічнай кліентурай, быў канчатковай мэтай дзядзькавага падарожжа.
Скажы, паночак, як далёка
Мужычы банк?
- пытаецца ў мінака дзядзька Антось у пачатковай версіі паэмы 1911-1918 г.. Такім чынам, “зямельны” і “мужычы”… Канчаткова высветліць пытанне, у які банк ездзіў герой “Новай зямлі”, дапамагае адзін з рэдакцыйных артыкулаў “Нашай Нівы” за 1907 г.:
На “Крестьянскій поземельный банк” (мужыцки зямельны банк) правицельства цяпер кладзець ўсе сваи надзеи, думаючы, што гэты банк паложыць канец мужыцким бунтам за зямлю… Дарма надзею пакладае правицельства на банк крэсцянски, на ўселякие камиссии зямельные: усе ихние спосабы ня могуць палепшыць доли мужыцкай. И зямельную справу упарадкуе тольки сам народ праз сваих выбарных людзей, а не казённые чыноўники, гдзе б яны не сядзели: ў банку, чы ў камиссиях.
Зрэшты, “выбарныя людзі” з народу вельмі лёгка робяцца бескантрольнымі і некампетэнтнымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, а грамада-грамадства паспяхова замяшчае таталітарную дзяржаву. Што лепш за ўласнаць, недатыкальнасць асобы, прававую дзяржаву могуць абараніць і найпышнейшага магната, і апошняга жабрака? Так ці інакш, з артыкулу “Каму служыць «Крестьянски банк»?” недвухсэнсоўна вынікае, што пад “мужычым банкам” трэба разумець дзяржаўны “Крестьянский поземельный банк”, які ў канцы ХІХ - пачатку ХХ-га стст. з’яўляўся найбуйнешым аператарам зямельнага рынку ў Паўночна-Заходнім краі. Хутчэй за ўсё, канчатковай мэтай падарожжа Антося - прынамсі, Антося літаратурнага - быў менавіта гэты банк. У беларускай мове пачатку ХХ ст. слова “мужык” было блізкім сінонімам слова “селянін” - фактычна рэдакцыя “Нашай Нівы” пераклала для сваіх чытачоў рускае слова крестьянский менавіта як мужыцкі.
Будынак, які мусіў знайсці ў незнаёмым горадзе дзядзька-рызыкант, літаральна праз дарогу ад будынку Віленскага зямельнага, а сёння Банку Літвы, з’явіўся на мапе Вільні ў 1886 г. Пабудаваў яго шляхціч Андрэй Снядэцкі паводле праекту Юльяна Янушэўскага. У меркаваны час дзядзькавай выправы домам валодалі пэўныя Балінскі і Завістоўскі, але на пачатку ХХ ст. ён ізноў вярнуўся да сям’і Снядэцкіх. Сёння ў гэтым будынку знаходзіцца Віленскі паштамт (Гедыміна, 7), а стагоддзе таму тут арандавалі памяшканні дзве дзяржаўныя ўстановы: Віленскае аддзяленне Дзяржаўнага шляхоцкага зямельнага банку і Віленска-Ковенскае аддзяленне Сялянскага Пазямельнага банку. З 1896 г. абодва аддзяленні ўзначальвала адна і тая ж асоба: стацкі саветнік Іван Аляксеевіч Літвінаў, праваслаўнага веравызнання. Можам нават пафантазіраваць - якой жа п’яўцы мусіў дзядзька Антось даць рубля за спраўку? Памочніку справавода Васілю Кудзінцаву ці памочніку бухгалтара Канстанціну Стралецкаму? Памятныя кніжкі Віленскай губерні захавалі для нас спісы банкаўскіх супрацоўнікаў. Зрэшты, мы забягаем наперад.
Сялянскі Пазямельны банк, агульнадзяржаўная ўстанова Расейскай імперыі, пачаў сваю дзейнасць 10 красавіка 1883 г. з мэтай “аказваць сялянам садзейнічанне для набыцця ва ўласнасць прапануемых для продажу зямель”. Банк выдаваў пазыкі асобным сялянам і вясковым грамадам тэрмінам ад 13 да 51.5 гадоў у памеры 80-90% ад кошту набыванай зямлі. Аддзяленні Сялянскага банку былі ўва ўсіх губернскіх гарадах Беларусі і Літвы. І нідзе больш у Імперыі дзейнасць банку не была настолькі паспяховай, як у “Паўночна-Заходнім Краі”. Па выніках першага дванаццацігоддзя дзейнасці банка (1883-1895) Магілёўская губерня займала 1-е месца па плошчы набытай сялянамі зямлі, а Менская - 6-е. Пры гэтым у Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губернях ў гэты перыяд увогуле не было выпадкаў вяртання зямлі за нядоімкі па плацяжах, а ў Менскай і Віленскай доля такіх асабістых сялянскіх няўдач склала адпаведна 1% і 3% ад усіх фінансаваных банкам выпадкаў куплі зямлі. Так упарта ўчапляўся тутэйшы селянін (вядома, працавіты і заможны) у тую самую бедную ды неўрадлівую зямельку, на якой, лічылася, растуць адны падаткі. Такіх бездапаможных бедакоў, каб вяртаць зямлю банку, якім выглядае дзядзька Антось у вершаваным апавяданні 1911 г., у нас амаль і не было. (Хадыка ў паэме прадае зямлю не банку, а непасрэдным пакупнікам, і тое дзеля таго, каб на атрыманыя грошы заняцца гандлем). Затое ў чарназёмных ды ўрадлівых Варонежскай, Пензенскай і Курскай губернях сяляне мусілі вельмі хутка развітацца адпаведна з 59, 57 і 50 % набытых у крэдыт земляў. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў наступнае дзесяцігоддзе (1895-1905): сярод усіх эканоміка-статыстычных раёнаў Расейскай імперыі “Паўночна-Заходні край” упэўнена займаў першае месца па колькасці закладзенай у банку зямлі.
Досыць сухой статыстыкі. Спынімся і паразважаем, што за ёй стаіць. Забітая ўскраіна імперыі, прыкметна адстаючы ад прамысловых раёнаў і наваколляў шыкоўных сталіц у тэмпах тэхналагічнага прагрэсу і ў сярэднедушавых даходах, аказваецца, лідзіравала па адным вельмі важным паказчыку: тэмпах узросту рынкавай капіталізацыі зямлі, яе мабілізацыі. Значыцца, нідзе больш у Расейскай імперыі, як у Беларусі, так хутка не йшоў працэс ліквідацыі феадальнай сістэмы і пераводу аграрных стасункаў на капіталістычныя рэйкі.
Як ні дзіўна, працэс гэты быў выгадны абодвум бакам аграрнага канфлікту. Абачлівыя абшарнікі, паны-прыгнятальнікі, адчуваючы, што зямлі ўсё роўна не ўтрымаць, спяшаліся перавесці свае капіталы ў іншую, больш надзейную форму - у гарадскую нерухомасць, у фабрыкі і заводы, ў каштоўныя паперы. Сяляне ж набывалі магчымасць заняцца той справай, у якой яны маглі найлепш праявіць свае таленты і ўпартасць. Рэнтабельнасць зямлі ў сярэднім штогод зніжалася, а кошты яе раслі. Парадокс? Толькі на першы погляд. У першае парэформавае дваццацігоддзе дабрабыт былых прыгонных рэзка ўзрос, як і нараджальнасць у сялянскіх сем’ях. Але гэтае новае насельніцтва мусіла сябе недзе заняць, а брак адукацыі ды інэрцыя светапогляду не дазвалялі сотням тысячаў сялянскіх дзяцей хутка перакваліфікавацца. У горад, з яго кволай, у параўнанні з вялікарасейскімі губернямі, прамысловасцю, падавацца не выпадала: у межах “рысы аселасці” на кожнае працоўнае месца там ужо мелася шмат прэтэндэнтаў з гэбрайскай галечы. На было ў Беларусі буйных будоўляў і індустрыяльных гігантаў, хаця шмат нашых землякой падаліся у пошуках лепшай долі на украінскія шахты, у імперскую сталіцу і нават за акіян.
Выяўлялася, што ў краі сяляне могуць пракарміцца толькі з зямлі, на якой шляхцічу заставалася ўсё менш месца. Не тое каб з філантропіі, але з цвярозага разліку ён разумеў, што зямлю ўрэшце рэшт давядзецца прадаць, - але, вядома, як мага даражэй. Ці выйграў бы шляхціч, калі б нейкім чынам прадбачыў наступныя катаклізмы і паспяшаўся ўлагодзіць сацыяльны канфлікт, прадаўшы зямлю танна і хутка, - і эвакуяваўшы ў горад прынамсі частку капіталу, заміж таго, каб губляць усё ? Нават сёння, ведаючы дакладна, што адбылося за апошняе стагоддзе, вельмі цяжка адказаць на гэтае пытанне адназначна.
Парадаксальна, але, што б ні рабіў шляхціч цягам усяго ХІХ ст., незалежна ад таго, што ён думаў сабе пыхліва пра хлопа, ішло апошняму на карысць. Менавіта шляхта заходніх губерняў на працягу першых дзвюх трацей ХІХ ст. выступала ініцыятарам скасавання прыгону. Нават трагічная памылка, ліхаманкава-неабдуманы фальстарт 1863 г., абярнулася на карысць тутэйшага селяніна, з самага пачатку паставіўшы яго ў лепшыя ўмовы набыцця зямлі, чым ягонага велікарускага класавага брата.
Не дзіва, што, выкрываючы рабаўнічую эканамічную палітыку Сталыпіна ў рэдакцыйным артыкуле “Ацэнка зямлі ў крэст. банку” ад 25 траўня 1907 г., “Наша Ніва” найбольш красамоўныя прыклады пераацэнкі зямлі на карысць абшарнікаў, якая выціскала з новых уласнікаў усе сокі і часта вяла да разарэння, падавала з Варонежскай, Саратаўскай, Уладзімірскай губерняў. Але сітуацыя ў велікарасейскіх і беларускіх губернях рознілася карэнным чынам! Прыкра, што адраджэнцы-сіцылісты ўпарта не хацелі гэтага заўважаць. Махавік рэвалюцыйнага пафасу і экспрапрыятарскай рыторыкі, якія ў выніку ўкрадуць у Беларусі прынамсі стагоддзе гісторыі, калі ўвогуле не надзею на выжыванне як самастойнай нацыі, раскручваўся ўсё шпарчэй.
Паспрабуем жа быць справядлівымі да паноў-прыгнятальнікаў. Пры ўсіх заганах і выбрыках, ці не яны здолелі перадаць сваім былым прыгонным гэты імпульс імкнення да ўласнасці і незалежнасці, які паходзіць яшчэ з тых часоў, калі Вітаўт, апошні “ўсенародны суверэн” Літвы, няздольны ўтрымаць у адных руках агульнанародную ўласнасць, быў вымушаны пачаць яе раздаваць найбольш набліжаным асобам? Не задумваючыся пра гэта, Міцкевічы і Ўлашчыкі падсвядома наследавалі ідэялу, які пачаў афармляцца за 4-5 стагоддзяў да іх. Гэта і меў на ўвазе Хвядос Хадыка, калі прарочыў: “Панамі будзеце, панамі!”. Не збылося. Самая вялікая трагедыя краю, належным чынам не асэнсаваная дагэтуль, - у тым, што 100 гадоў таму Міцкевічы і Ўлашчыкі, а за імі і ўсе мы, закалыханыя сіцылістычнай дэмагогіяй, упусцілі шанец зрабіцца панамі - гаспадарамі сваёй зямлі, свайго лёсу, сваёй краіны. Таму мы і клічам цяпер адзін аднаго - “слыш, мужык”, а не “прошэ, пане” - таму што Новую Зямлю не ўдалося ўтрымаць у руках.
Няўменне адрозніваць уласнасць ад карыстання, уласцівае першабытнаму чалавеку, “Наша Ніва”, а за ёй і ўсё Беларускае нацыянальнае адраджэнне ХХ ст. зрабілі быццам бы абавязковым атрыбутам беларуса, які паспяхова трывае да гэтага дня і цалкам акрэслівае межы нашага існавання. Падсвядомая прага ўласнасці, самастойнасці і сапраўднай, не сфальсіфікаванай, годнасці так і не прабілася на паверхню нашай свядомасці, - ці не ў гэтым патаемны сэнс сну Міхала пра ваўка, які тоне, адчайна спрабуючы выкараскацца са здрадніцкай палонкі?
А сто гадоў таму ўсё выглядала досыць аптымістычна. Дзесяткі тысячаў новых “мікрамагнатаў”, энэргічных гаспадароў, Міцкевічаў ды Ўлашчыкаў, з неверагоднай хуткасцю паўставалі на месцы нядаўніх сотняў “даменаў вялікіх князёў”. Гэтая драматычная гісторыя 1864-1914 гг., адзінага паўстагоддзя ў гісторыі нашага краю, калі ўсе ягоныя жыхары карысталіся абмежаванай і адноснай, але асабістай свабодай, прынамсі эканамічнай, і яе працяг у Заходняй Беларусі да 1939 г., ніколі не была належным чынам засвоеная беларускай літаратурай, навукай, ды мастацтвам - калі не лічыць “Новай зямлі”.
Вернемся, аднак, да дзядзькі Антося і правядзем яго прынамсі да банку, калі ўжо давесці яго і дайсці самім да годнага жыцця пакуль не ў нашай абладзе.
Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
А дзе ж той банк? - карціць пытанне,
Так правандруеш да змяркання,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма звядзеш.
Самым геаметрычна простым для Антося быў бы маршрут: вуліца Завальная (Pylimo) - Георгіеўскі праспект. І ўсяго нейкіх 250 метраў па праспекце ў бок Катэдральнай плошчы. Аднак дрэнна абазнаны ў тапаграфіі Вільні Антось ускладняе сваю задачу, бо пытанні, якія ён задае мінакам, застаюцца без адказу.
І дзядзька наш стаў прыглядацца,
Ў каго б дарогі запытацца,
Бо ён зрабіў адну ўжо спробу,
Спытаў чумазую асобу,
Дык тая так яму сказала,
Што лепш бы ёй няхай зарвала!
Тут дзядзька кроку падбаўляе
І пана з цэшкай наганяе;
Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,
Да пана коціцца ён бокам;
А пан не бачыць ці не хоча
Глядзець, як дзядзька наш клапоча
І ў ім патрэбу дужа мае,
Ідзе і палачкай махае.
Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,
Рукою пана дакрануўся:
- Скажы, паночку, як далёка
Зямельны банк? - Пан кінуў вока
На дзядзьку скрыва так і строга:
- Спытай аб тым гарадавога! -
Сказаў і кроку пан прыбавіў.
Не дачакаўшыся адказу, дзядзька ўсё ж вырашыў сам знайсці дарогу, тым больш, што першы шок ад знаёмства з урбаністычнай культурай у яго, відавочна, прайшоў:
Памалу стаў ён разглядацца.
Э, што! няма чаго баяцца!
Ідзе вальней, глядзіць смялей.
На сэрцы стала весялей,
І трохі карк ён падымае,
На крамах вывескі чытае…
Ідылія цягнецца не так доўга, як бы хацелася герою. Вельмі хутка, страціўшы пільнасць, уцягнуты ў разгляданне шыльдаў, гэтых гіперспасылак ХІХ ст., дзядзька раптам натыкаецца на слуп і заўважае, што трапіў у тупік, ці тупіковы завулак.
Сцяна прад ім і сцены збоку,
Ўпярод не ступіш ані кроку -
Прапала вуліца, ды годзе!
Таўчэцца дзядзька, як у бродзе
Той сом, прыціснуты плытамі,
Што ў букце век жыў пад карчамі.
“Бадай ты спрахла! дзе ж дарога?
Нагвалт крычы гарадавога!
Куды нялёгкая загнала!”
Аж проста дзядзьку страшна стала
І з перавулачка глухога
Ідзе шукаць гарадавога.
Цяпер самы час спыніцца і паспрабаваць зарыентавацца: куды ж завялі шыльды Антося? Відавочна, што ён даволі хутка збіўся з Завальнай вуліцы, якая павінна была без асаблівых прыгодаў давесці яго да банку.
Нічога надзвычай цікавага - масавых забаваў, пілігрымак, нейкіх прыкметных помнікаў архітэктуры - на шляху Антося альбо не траплялася, альбо ён проста нічога не заўважаў. Мяркуем, што калі б дзядзька прайшоўся маршрутам: вул. Вакзальная - Базыльянская - Вострая Брама - Вялікая, - дык хоць бы нейкая дэталь віленскага ландшафту (парк каля Вострай Брамы, сама Вострая Брама, касцёл Св.Тэрэзы, Ратуша) ці землякі-пілігрымы павінны былі прывабіць вока бізнес-турыста з-пад Стоўпцаў. Але нічога такога ў паэме няма - толькі агульныя словы пра брук і тратуар. Хутчэй за ўсё, Антось абраў (ці Антося абраў) шлях, менш насычаны архітэктурнымі дзівосамі. Няма згадак пра тое, што Антось пераходзіў якую-небудзь вуліцу з інтэнсіўным транспартным рухам. Не знойдзем мы і знаку таго, што герой разважаў “пайсці налева ці направа”. Відавочна, ён рухаўся “куды ногі нясуць”. Калі ўважліва разгледзець мапу Вільні 1898 г., то робіцца відавочным, што “перавулачка глухога” можна знайсці хіба побач са скрыжаваннем Лідскага завулку і вул. Св.Мікалая. Трапіць туды ён мог наступным чынам: вул. Завальная - вул.Усіх Святых (Visų Švientųjų) - завулак Жмудскі (цяпер вул. Šiaulių - „Стралковая“). Але цікава, што ў некалькіх кроках ад гэтага сапраўды глухога завулку, ў тыя часы знаходзіўся і Глухі завулак (сапраўдная афіцыйная назва!), які зусім не быў глухім, бо злучаў Лідскі завулак (цяпер вуліца Lydos) і вуліцу Троцкую (Trakų). У сучаснай Вільні былы Глухі завулак называецца Kėdainių (вул. Кейданская). Здаецца, дзядзька мусіў заблукаць недзе ў гэтым раёне.
Мінут праз колькі з перавулка
На свет ён выбіўся, дзе гулка
Нясліся зноў страшэнна зыкі,
Дзе горад гуў многаязыкі.
“Мінут праз колькі з перавулка” можна было выбрацца альбо зноўку на Завальную альбо на Нямецкую.
Больш дакладна зарыентавацца на мясцовасці нам дапаможа дыялог Антося з гарадавым:
- Скажыце, як мне ў банк папасці?
Мне па зямельнай трэба часці.
- А вось як пойдзеш, чалавеча,
Таму касцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, -
Пачаў казаць служака бравы, -
Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка.
На Завальнай вуліцы, калі не лічыць Рэфармацкага збору (цяпер. Pylimo, 30) ані цяпер, ані тады не было будынкаў, якія б гарадавы мог назваць “касцёлам”. Тым больш, калі дзядзька заставаўся на правым баку Завальнай, ён проста не здолеў бы пабачыць гэты арыентыр, бо збор ані тады ані цяпер не дамінаваў над астатнімі будынкамі гэтай вуліцы.
Калі ж уявіць, што дзядзька выйшаў праз вул. Св.Мікалая (Šv.Mykolo) прасіць паратунку на Нямецкую (Vokiečių), хоць і разы ў тры вузейшаю, чым цяпер, але тым не менш ці не самую ажыўленую ў Вільні, дык ўсё ўстае на свае месцы. Да Другой Сусветнай вайны менавіта Нямецкая была галоўнай гандлёвай артэрыяй гораду, і лепшае месца, дзе мінаку можна было паглядзець на прыгожыя шыльды, цяжка ўявіць. Зрэшты, сучаснікі Антося былі ў меншым захапленні ад Нямецкай вуліцы, чым сённяшнія госці сталіцы Літвы. Ф.Дабранскі ў шляхаводзе па Вільні 1890 г. так апісвае Нямецкую: “Вуліца выключна яўрэйская, напоўненая бруднымі і цёмнымі крамкамі і майстэрнямі яўрэяў. Па ажыўленню і руху - яна першая ў горадзе”.
Адусюль з Нямецкай відаць двухгаловы барочны касцёл Св. Кацярыны (цяпер. Vilniaus, 41), акурат за якім направа адыходзіць Бенедыктынская (Benedektinų) вуліца, якая злучае Віленскую (Vilniaus) і Татарскую (Totorių).
Зрабіўшы два-тры павароты,
Людзей спытаўшы раз мо ў соты
Спыніўся дзядзька каля банка.
Натуральна, што Антось мог прайсціся і па Людвісарскай (Liejyklos), якая таксама злучае Віленскую і Татарскую. Але першая вуліца направа - гэта Бенедыктынская, і наўрад ці ён стаў бы рызыкаваць, ігнаруючы падказку гарадавога.
Колас нідзе не кажа, што дзядзька трапіў на праспект менавіта праз Татарскую, а не праз Віленскую вуліцу. Але ўскосным сведчаннем таго, што Антось дайшоў да банку па Татарскай, можа служыць апісанне такога каларытнага для вяскоўца месца, як галоўны праспэкт “амаль сталічнага” гораду. Яно пачынаецца толькі пасля таго, як Антось са сваім новым знаёмцам больш-менш паспяхова залатвіў свае справы ў банку. Ад Віленскай да Татарскай адлегласць не такая малая для селяніна, які ўпершыню трапіў у Вільню (каля 200 м), - амаль такая ж, як і далейшы шлях ад банку да Катэдральнага пляцу (250 м), апісанне якога займае ў Коласа ледзь не сотню радкоў. А вось ад скрыжавання праспекту ды Татарскай да банку - літаральна два крокі, і таму, відаць, дзядзька - рэальны ці літаратурны - адразу кінуўся да мэты сваёй адысеі, не гледзячы па бакох. І ўжо толькі выйшаўшы, пачаў азірацца. Каб трапіць у памяшканне Сялянскага пазямельнага банку, дзядзьку трэба было перайсці праз праспект, але ў паэме пра гэта нічога не гаварыцца.
Самы час падсумаваць нашу рэканструкцыю Антосевай адысеі. Герой паэмы, магчыма, рухаўся па віленскіх вуліцах паводле наступнага маршруту: Прывакзальная плошча - Завальная вуліца - вуліца Усіх Святых - завулак Жмудскі - у раёне скрыжавання Лідскай, Св.Мікалая і Францішканскага завулку Антось мог заблукаць - на Нямецкую трапіў праз вул. Св.Мікалая, з Нямецкай выйшаў на Віленскую, затым павярнуў на Бенедыктынскую, а адтуль па Татарскай вуліцы дайшоў да Георгіеўскага праспекту і:
Спыніўся дзядзька каля банка,
Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,
Шырокі крок яго стрымалі.
Месца гэтае Колас ведаў выдатна. У кватэру нумар 10 у доме Хандзінскага па Георгіеўскім праспекце, 4 (праз дом ад “мужыцкага” банку, але на працілеглым баку) у красавіку 1907 г. Барыс Даніловіч перавез са старога памяшкання на рагу праспекту і Татарскай выкупленую ў Ізраіля Немзера бібліятэку “Знание”. З гэтага часу 10-я кватэра ў доме Хандзінскага зрабілася адным з галоўных пунктаў распаўсюду “Нашай Нівы” ў Вільні. Колькі разоў давялося бываць тут будучаму аўтару “Новай зямлі”? У пачатку траўня-чэрвені, пакуль паліцыя не выслала яго з гораду, і з верасня па снежань таго ж 1907 г. ён, магчыма, некалькі дзесяткаў разоў прайшоў паміж двума банкаўскімі будынкамі ў дом Хандзінскага. Дарэчы, ў гэтым жа доме на Георгіеўскім праспекце, 4, месцілася і Галоўная агентура Санкт-Пецярбургска-Тульскага пазямельнага банку па Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губернях - апошні, чацвёрты “зямельны банк” Вільні - ўсе чатыры на прамежку праспекту карацей за 100 метраў! Гэтага банкаўскага “пятачку” было, бадай, не мінуць нікому, хто хацеў прадаць ці купіць зямлю - прынамсі ў Віленскай, і ў значнай ступені, ў Ковенскай ды Гарадзенскай губернях. Падчас трох першых наведванняў Коласам Вільні (1906-1907 гг.) “Наша Ніва”, як, бадай і ўся рэвалюцыйная прэса Расейскай імперыі, асабліва часта пісала пра дзейнасць Сялянскага пазямельнага банку. Ніколі на працягу гісторыі гэтай установы яе дзейнасць не выклікала такога гучнага грамадскага рэзанансу, як у гэты час. З канца 1906 г. менавіта Сялянскі пазямельны банк зрабіўся галоўным інструментам сталыпінскай аграрнай рэформы. Яму былі выдзеленыя дзяржаўныя грошы, і ён пачаў актыўна сам выкупляць абшарніцкія землі (не пад канкрэтнага пакупніка), выдаючы сялянам ільготныя пазыкі на іх набыццё.
Вось менавіта за 1906-1917 гг., без рэвалюцый, бунтаў, паўстанняў, сялянскае землеўладанне ў Беларусі перавысіла шляхоцкае. І гэта было ўладанне на праве прыватнай уланаснасці, асвечанае і абароненае законам, які забяспечыў пераемнасць нават пры змене дзяржаўнай улады з рускай на польскую, як да гэтага, на працягу больш як 120 гадоў, ад падзелаў Рэчы Паспалітай аж да рэвалюцыі 1917 г., рускі ўрад не мог у цэлым аспрэчыць легітымнасць сістэмы ўласнасці на далучаных землях. Мэтай Сталыпіна было стварыць у вёсцы сацыяльную базу манархіі, апірышча не на убогих и пьяных, а на крепких и сильных. Менавіта на такіх, як Міхал і Антось. Такімі іх хацеў бачыць царскі ўрад, і такімі ж, праз нейкі час, - урад адроджанай ІІ Рэчы Паспалітай, - вядома, пры ўмове, што яны складуць апірышча менавіта гэтага, а не суседняга, ураду. Вось толькі беларускаму руху ці, прынамсі, большасці беларускіх інтэлектуалаў ХХ ст. Міхал і Антось і сотні тысячаў іх суседзяў, аднавяскоўцаў і класавых таварышаў у розных кутках краю былі, здаецца, мілейшымі менавіта нягеглымі і бездапаможнымі. Бо рыторыка артыкулаў “Нашай Нівы”, якія крытыкавалі Сялянскі пазямельны банк, накіраваная не толькі і не столькі супраць гэтай канкрэтнай установы, дарагоўлі зямлі ці адноснай складанасці працэдур яе набыцця. Сам факт таго, што зямля можа знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і ў эканамічным абароце, выклікаў праведны гнеў: як, хіба неабвержна не даказана найлепшымі вучонымі-гуманітарыямі нашага часу, што ад прыватнай уласнасці і паходзіць усё сацыяльнае зло? Коласу давялося прачытаць багата такіх артыкулаў, магчыма, ён нават удзельнічаў у напісанні некаторых.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў працоўны клас адбіў у непрацоўнага цэлы шэраг даброт. Ён пераўзыйшоў свайго праціўніка памерамі пазямельнай плошчы, памерамі пасеваў, памерамі збору збожжа, ён, нарэшце, стаў зраўноўвацца з непрацоўнай гаспадаркай уменнем карыстацца палепшанай тэхнікай… Валоданне матэрыяльным базісам бясспрэчна падводзіла беларускае сялянства да барацьбы за ўладу, за кіраванне ў далейшым палітыкай краіны .
М.В.Доўнар-Запольскі. Гісторыя Беларусі, 1926.
Несумненна, што менавіта тады, у 1907 г., падчас штодзённых праходак уздоўж сходаў чыстых, як шклянка і роздуму пра нялёгкія спробы ідэйна няразвітых бацькі-нябожчыка і яшчэ жывога дзядзькі набыць хоць драбочак, хоць сіняпёсу, але свайго, - гэтыя ўспаміны амаль рэфлекторна ўсплывалі з памяці пры кожным позірку на шыкоўны фасад дома Снядэцкіх ці на фасад Віленскага зямельнага, што насупраць - Канстантына Міцкевіча ўпершыню вось гэта думка напаткала: напісаць вялікі, ідэялагічна вытрыманы верш, можа, нават паэму, пра марнасць спадзяванняў на сталыпінскую аграрную палітыку, пра няўдалую спробу селяніна набыць зямлю, пра немагчымасць дасягнення індывідуальнага шчасця ва ўмовах эксплуататарскага грамадства…
Невялічкі нарыс “У горадзи” у “Нашай Ніве” за 21 чэрвеня (ст. ст.) 1907 г., падпісаны Ганнай Крум - адным з псеўданімаў К.М.Міцкевіча - можна лічыць адпраўным пунктам апавядання пра дзядзьку. Герой нарысу, бедны рабочы, якога адусюль прагналі і які навярэдзиў сваю руку, працягаючы да багачоў, каторые шли кале яго, - гэта ў нечым сам Колас (якому нядоўга засталося жыць у Вільні - ці не назаўтра паліцыя затрымала яго як нелегала і ўзяла абяцанне тэрмінова пакінуць горад), а ў нечым - будучы дзядзька Антось, які ніяк не можа дапытацца дарогі ў “паноў”. Жах перад горадам, перад чужой заходняй урбаністычнай цывілізацыяй выказаны ў гэтым нарысе амаль тымі словамі, як пазней і ў вершаваным апавяданні пра дзядзьку, і ў “Новай зямлі”:
"Людзи, чужые адзин аднаму, жэдныя да ўсяго пустого и непатрэбнаго, шли и шли, як хвили рэчные, абганяли адзин другога, кудысь-то сьпешалися,пхалися, таўклися, як мухи над гаршчком.
Горад шумеў як дзень, так ноч, тысячами галасоў. Лекатали лёгкия каляски, грукали доўгие, цяжкие, наваленые паклажаю вазы. Тут жэ часами нясьмела пастукваў мужычы воз, мизэрны коник дробна перабираў нагами па цьвёрдаму бруку. Ўсё гэта зьливалося ў нешта адно цэлае, и ўся гэта стракатасць грамады била ў вочы..."
Ганна Крум. У горадзи, 1907.
Рэдакцыйныя клопаты, вандроўкі, арышты ды суд адклалі ажыццяўленне гэтай задумы на тры з паловай гады. Але вясной 1911, трэцяга году зняволення, успаміны пра колішнія гарачыя спрэчкі бацькі і дзядзькі, пра ўласны віленскі журналісцкі досвед, пра адзінадушнае ў 1907 г. абурэнне перадавой часткі грамадства сталыпінскай аграрнай рэформай паліліся на паперу яшчэ не зусім адшліфаванымі радкамі: хоць так, хоць нечым наблізіць той дзень, калі межы ды капцы больш не будуць спрыяць усеагульнаму адчужэнню ды запануюць па ўсім свеце тры французскія словы (пад пільным наглядам міжнароднага чынавенства). Магчыма, забойства Сталыпіна, літаральна за некалькі дзён да выхаду Коласа з турмы ў верасні 1911 г., мусіла падмацаваць паэта ў ягоных тагачасных перакананнях.
Паказаў мне ляснік Ермаліцкі і колішнія палосы Міхалевіча, Шэўчыка і Кунцэвіча, які пасля адкупіў зямлю ў Антося. Трактар даўно зраўняў тут межы, і як кінуць вокам, зелянее збажына на калгасным палетку.
С.Х.Александровіч. Па дарозе ў Заблонне, 1965.
Дык вось, Антось дасягае нарэшце мэты сваёй віленскай выправы. Тое, што абодва аддзяленні дзяржаўных зямельных банкаў - і Шляхоцкага, і Сялянскага - месціліся ў адным доме, дапамагае ўлагодзіць супярэчнасць, чаму ў мужычым банку
паны туды-сюды снавалі.
На вялікі жаль, зайшоўшы сёння на Віленскі паштамт, дзе калісьці месціўся мужычы банк, не зможам пабачыць прасторнай, чыстай, светлай залы, бо ў 1969 г. гэты будынак рэканструяваны архітэктарамі Насвіцісамі і ў першапачатковым выглядзе захаваўся толькі ягоны фасад.
У банку Антось пазнаёміўся з чалавекам, які “Грышкам Верасам назваўся” і які стаў для дзядзькі віленскім Вергіліем. Бо чалавекам у юрыдычнай ды банкаўскай справах ён быў значна больш дасведчаным за дзядзьку.
Ён знаў чыноўніцкія сеці -
Недарма ж соваўся па свеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
Па завяршэнні банкаўскіх клопатаў:
- Ну, што ж? - пытае дзядзька Грышку.
Хіба дзе выпіць па кілішку
Ды падкрапіцца б мала-мала?
Я з дому ўзяў кавалак сала,
І хлеба ёсць крышан са мною,
Чаго ён сохне сіратою?
- Падмацавацца б не мяшала,
Бо ў жываце штось заспявала,
А нашча чарачку кульнуць -
Усё адно што ў рай зірнуць.
Новыя сябры не рызыкнулі скарыстацца з паслугаў прадпрыемстваў масавага харчавання тагачаснае Вільні - 88 рэстарацыяў, 97 сталовак і ажно 450 піўных, паводле стану на 1910 г., праз іх дарагоўлю (а вось у Стоўпцах дзядзька не пагрэбаваў станцыйным буфетам), а вырашылі падсілкавацца хатнімі прыпасамі.
Сябры ўстаюць, ідуць спавагу
І на прашпект нясуць сярмягу.
Рухаліся яны праспектам Гедыміна ў бок Катэдральнай плошчы. Як толькі не называлася галоўная сёння вуліца Вільні за 165 гадоў свайго існавання! Алея (пазней праспект) Св. Георгія (па-польску Świętojerska), за ІІ Рэччу Паспалітай - вул. Міцкевіча, пасля 1939 г. - Гедыміна, за Саветамі - праспект Сталіна, потым Леніна, і, нарэшце, з 1989 - ізноў праспект Гедыміна. Забудову двухкіламетровай магістралі, якая злучала Катэдральны пляц з прадмесцем “Звярынец”, распачалі ў 1836 г., а большая частка дамоў, што трапіліся на вока нашаму герою, будавалася напрыканцы ХІХ ст. Значыцца, падчас гістарычнага дзядзькавага візіту былі яны яшчэ зусім новыя, што ўзмацняла ягоны шок ад знаёмства з горадам. Што там дзядзька, калі і ягоны сучаснік, славуты руска-літоўскі мастак Мсціслаў Дабужынскі, які зусім не ў глухім лесе нарадзіўся, таксама быў адначасова і прыгнечаны, і зачараваны тагачаснай Вільняй! Зрэшты, значна больш за архітэктуру гораду дзядзьку цікавілі і бянтэжылі ягоныя жыхары. Менавіта публіка, што шпацыравала па галоўнай вуліцы, прымушала пасланца традыцыйнай, сярмяжнай беларускай вёскі пачувацца ніякавата.
Ну ж і паноў! не дай ты Божа!
Антось стрымацца ледзьве можа -
Няхай ім дрэннае прысніцца, -
Каб тым панам не пакланіцца.
Аднак да абавязковых у глухім кутку паклонаў не дайшло. Добры Вергілій са смехам растлумачыў Антосю, што адвечная для беларускай вёскі дыхатамія “паны-сяляне” ў Вільні хоць і існуе, але яе фармальныя знешнія прыкметы не такія выразныя:
- Ты не ўважай, што ён убраўся,
Гальштук павесіў і манішку,
А каб раздзець яго, брацішку,
То пэўна ходзіць без кашулі,
На ланцужку - кусок цыбулі.
Па віду пан і ходзіць панам,
А спіць напэўна пад парканам.
Хіба не з сябе, з жыцця свайго і сваіх калегаў - амаль жабрацкага, хоць знешне інтэлігентнага, - на 5 капеек штодзень, у нашаніўскі перыяд, іранізуе тут Колас? Так ці інакш, культурны шок дзядзькі паступова праходзіў, тым больш што ён, нягледзячы на сваю рустыкальнасць, быў гатовы прыняць і ацаніць дасягненні гарадской цывілізацыі:
Чым болей дзядзька разглядаўся,
Ён тым мацней тут захапляўся.
Які тут рух і беганіна!
Як ззяюць вокны магазінаў!
Нягледзячы на разважанні пра сацыяльную несправядлівасць, якая, на думку Антося, і стала падмуркам такога ўзвышэння і надзвычайнага хараства Вільні, -
А колькі слёз у ім, пракляцця?
Якія брычкі і карэты!
А для каго ўся роскаш гэта?
Антосю стала чагось смутна.
ён даволі хутка змог абстрагавацца ад гэтай думкі, балазе архітэктурнае хараство яго захапіла не на жарт.
- Ото, брат, горад! от дамішчы,
Ото дзе сыпалі грашышчы!
Якія вежы і касцёлы!
Як толькі іх трымаюць долы!..
І тут жа ўзнікае на даляглядзе пункт, які і стаў мэтай шпацыру дзядзькі Антося і Грышкі Вераса.
Зірні, зірні: гара якая!
На ёй і будка цагляная...
Ото б адтуль зірнуць на горад! -
Забыўся дзядзька і пра голад
І падбівае сябра Грышку
Ўзысці на тую гару-вышку
“Зірні, зірні! Гара якая” вырываецца ў Антося, калі яны выходзяць на Катэдральны пляц, у даўнюю “даліну Швінтарога”. Бо з ніводнай кропкі сучаснага праспекту Гедыміна Верхні Замак не разгледзіш - панараму перакрывае Катэдральны касцёл Св.Станіслава. І толькі праз некалькі радкоў, ўжо удакладняючы, Колас нібы за кадрам паведамляе:
Прашпект, касцёл сябры мінулі
І ў сквер зялёны павярнулі.
Гэта можа навесці няўважлівага чытача на думку, нібы спачатку сябры мусілі ўбачыць “будку цагляную”, а ўжо потым выйсці з праспекту. Насамрэч убачыць Замкавую гару яны мусілі паміж выхадам з праспекту і тым, як абагнулі касцёл. Фразы “праспект, касцёл сябры мінулі” - ўвогуле няма ў першай версіі апавяданні пра дзядзькаву выправу.
Пад касцёлам тут, відавочна, маецца на ўвазе будынак віленскай Архікатэдры - цытадэлі хрысціянства ў колішняй паганскай Літве, пабудаванай пры Міндоўгу на месцы паганскай святыні. Шматкроць перабудаваная, сучасны выгляд Катэдра набыла ў 1820 г. пасля завяршэння праекту архітэктара Міхала Шульца. У такім жа прыкладна выглядзе заспеў яе і дзядзька.
“Сквер зялёны” таксама існуе і па гэты дзень. Ён закладзены ў 1881 г. на месцы руінаў Ніжняга Замку, пасля таго як пляцоўку расчысцілі і пасадзілі дрэвы. Да 1899 г. сквер заставаўся фармальна безназоўным, а жыхары Вільні называлі яго “Цялятнікам”, бо раней на гэтай пляцоўцы на працягу ХІХ-га ст. быў выган, дзе пасвіліся цяляты. Цяпер ён носіць назву “Парк моладзі”. Чамусьці ў Коласавым апісанні места зусім не прысутнічаюць два помнікі, якія з’явіліся на гэтым шляху паміж магчымай паездкай у Вільню Антона Міцкевіча і першым побытам там самога Коласа. Гэта помнікі Аляксандру Пушкіну (з 1899 г. - ад гэтага часу і сквер пачаў называцца Пушкінскім), і Кацярыне ІІ (з 1907 г.).
Сябры тым часам сквер мінулі,
Налева ўгору павярнулі;
Тут з будкі стораж іх спыняе:
- Куды йдзяце? - сяброў пытае.
- Куды ж? на гору, ёсць вядома.
- А ці вам правіла знаёма,
Што безбілетным ход запынен?
Сапраўды, ад 1880-х гг. гарадскія ўлады, пасля зыходу з Замкавае гары расейскага гарнізону, паспрабавалі ператварыць гару ў фешэнебельнае месца адпачынку. Вось што піша ў шляхаводзе па Вільні 1904 г. А.Вінаградаў: “Цяпер Замкавая гара, пакрытая цяністымі дрэвамі, зрэзаная ў розных кірунках сцежкамі, і стракаціць цэлым шэрагам лавачак і альтанак. Дзякуючы цудоўнаму выгляду з Замкавай гары на места яе ахвотна наведваюць аматары шпацыру”.
І дзядзька стоража пытае:
- А колькі той білет каштуе?..
Ніяк у Вільні не шанцуе!
- Ўсяго шэсць грошаў. Заплацеце,
Тады сабе, здаровы, йдзеце.
Названая сума была, відавочна, за 2 квіткі. Бо ў 1904 г. уваход на гару каштаваў 3 капейкі, а вучні мелі права наведваць яе бясплатна.
Чым вышэй сябры караскаюцца па стромкіх схілах Замкавай гары, тым больш узнёслы настрой, па волі аўтара, іх ахоплівае. Прыходзяць думкі, звычайна неўласцівыя земляробу, прыціснутаму шэрай штодзённай працай: пра сэнс жыцця, прыроду чалавека, пра гістарычнае мінулае ўсяго краю, які рэальны дзядзька Антоні наўрад ці ўсведамляў адзіным цэлым. Віленскімі раздзеламі “Новай зямлі”, і асабліва эпізодам на Замкавай гары, Колас выводзіць свайго дзядзьку з патрыярхальна-тубыльскага ладу жыцця ў свет эканамічных дачыненняў, самастойных, адказных рашэнняў, у пэўным сэнсе - нават сталічнай палітыкі. Рабі пільна - і тут будзе Вільня! Ацалелыя парэшткі вежы Верхняга замку, якія памятаюць столькі стагоддзяў, нечакана прымушаюць Антося нават бліснуць гістарычнай эрудыцыяй:
Твардоўскі пан быў - мо чувалі? -
Яму ўсе чэрці слугавалі
І ўсе выконвалі жаданні,
І што ж? шчаслівы быў? нізвання!
Ці чуў калі пра Твардоўскага рэальны Антон Міцкевіч? Рачэй ужо легенду пра славутага чарнакніжніка, “польскага Фаўста”, які нібыта выклікаў несуцешнаму Жыгімонту Аўгусту здань яго каханай Басі і здзейсніў яшчэ нямала магічных цудаў, “падчапіў” у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі сам Колас. Жудаснымі гісторыямі пра Твардоўскага любілі палохаць адно аднаго яшчэ студэнты Полацкай езуіцкай акадэміі, як мы добра ведаем дзякуючы Яну Баршчэўскаму, то, відаць, і семінарыстам у Радзівілавым Нясвіжы гэты “элітарны фальклёр” быў зусім не чужы.
Ці маем мы права сказаць, што “Новая зямля” - гэта апошні сігнал (знак-не-бяды) нашаму краю з далёкай дарасейскай / дасавецкай эпохі, у якой кляйнот Радзівілаў - R з каронай, легенды пра чарнакніжніка Твардоўскага, прыватная ўласнасць на мераную валокамі зямлю і банкі, што выдаюць пазыкі пад яе заклад - маюць паўнапраўную прапіску? Гэта рэаліі жыцця, неаспрэчныя “структуры штодзённасці”, з якімі дзядзька не спрабуе “змагацца”. Ён уладкоўваецца ў іх - не без перашкод, але і не без поспехаў - праз уласную працу і ашчаднасць, праз пераадоленне страхаў і комплексаў, смела пазіраючы ў вочы рэальнасці. Як жа хацелася б верыць, што і наша будучыня пасылае нам такія ж сігналы!
Сябры на верх гары ўзняліся,
Аж упацелі, засапліся,
І ногі іх спынілісь самі.
А слаўны від перад сябрамі
З гары высокай адчыняўся!
Сапраўды, “хто відам тым не любаваўся?”. Дзядзька пачынае аглядаць:
Агромны горад, цесна збіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Найперш ён зірнуў уніз на сквер, праз які яны з Грышкам толькі што прайшлі.
Як бы разоркі паміж збожжа,
Дарожкі роўныя, крывыя.
Над імі дрэвы маладыя
Ў сваёй пакоячай цішы
Сплялі жывыя салашы.
Першым асобным будынкам, заўважаным сябрамі з Замкавай гары, быў палац віленскіх генерал-губернатараў, перабудаваны ў 1824-1832 гг. у стылі позняга класіцызму, на падмурку, вядомым, прынамсі, з ХІV ст.:
А дзе васпанам адзінокім,
Расцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Хто толькі не жыў, не спыняўся ў гэтым славутым палацы: Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Аляксандр І, Кутузаў, Напалеон, Людовік ХVІІІ, Мураўёў-вешальнік, Юзаф Пілсудскі… Цяпер у гэтым будынку месціцца Палац Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі (плошча Даўканта, 3).
Колас дае даволі дакладныя арыентыры - у якім кірунку глядзеў з вежы наш Адысей:
Налева, між гор крутабокіх,
У берагах сваіх высокіх,
Па камянях, бы тая змейка,
Вілася шумная Вілейка…
З правага боку адпаведна:
А справа ўніз свабодным махам
Лягла другая рэчка шляхам,
Як бы сталёвая пружына;
То Вілія, Літвы дзяціна.
Адсюль вынікае, што сябры стаялі тварам на Новы горад, на захад.
З апісання Новага гораду можна вылучыць хіба што Набярэжную вуліцу (якая ў міжваенныя гады называлася Зыгмунтоўскай, а цяпер Жыгімонтаў - Žygimantų).
Па левым беразе ў шнурочак
Зялёных дрэў пралёг радочак,
Як стрэлка, роўненька, пад меру,
Як тыя буквы на паперу.
Дамы, каменныя грамады,
Палацы, пышныя пасады,
Крутыя горы з жоўтым скатам,
Пяскамі, глінаю багатым,
Ўвесь правы бераг абступалі.
Віленскі Стары горад для Антося застаўся хіба нейкай вялікай і невыразнай плямай, якую разнастаіла толькі безліч бажніц розных канфесіяў.
А між высокіх дамоў-градак,
Свой пэўны маючы парадак,
Віліся вулачкі так-гэтак
Густою тканню цёмных клетак.
Ўгары, высока над дамамі,
Пазалачонымі крыжамі
Блішчалі цэрквы і касцёлы,
Узняўшысь к небу галавамі,
На сонцы ззяючы вярхамі.
Апошняя, вартая увагя, дэталь віленскага ландшафту, апісанай ў паэме, - гармата, што стаяла, відавочна, на заходнім схіле гары:
Сябры назад з гары звярнулі,
Шырокім крокам сціганулі.
- Пастой! а там што? - Там - гармата.
Відаць, гармата была адзінай віленскай цікавосткай, пра якую быў начуты дзядзька Антось. На заўвагу Грышкі, што гармата “мо старая або хвальшывая якая” і што страляць з яе ў горадзе проста небяспечна, Антось заўважае:
- А вось я чуў, што і страляюць -
Якраз тут поўдзень выбіваюць
- Хіба мо ў гору, - Грышка здаўся, -
Ў людзей пра гэта не пытаўся.
Нягледзячы на тое, што дзядзька быў у Вільні ўпершыню, ён меў рацыю. Як паведамляе турыстычны даведнік Вінаградава, “штодзень апоўдні з гары раздаецца стрэл гарматы, які рэгулюе Віленскі час, які адрозніваецца ад Пецярбургскага на 20 хвілінаў назад”.
На Замкавай гары, уласна, і сканчаецца вандроўка дзядзькі Антося па Вільні. Але не сканчаюцца нашыя пытанні да Коласа, да ягонай геніяльнай паэмы. Застаецца безліч загадак, процьма зашыфраваных паміж радкоў паэмы пасланняў у будучыню. Калі б у нашым краі за апошнія 100 гадоў не былі да такой ступені выкарчаваныя заходнія культурныя традыцыі, закладзеныя ў 1385 г. Ягайлам, высвятленне ўсіх акалічнасцяў шараговай здзелкі з зямлёй, ператворанай паэтычным геніем Коласа ў эпічную падзею, і ўсіх яе непасрэдных і аддаленых наступстваў магло б стаць чымсьці накшталт масавай нацыянальнай гульні, ці то ў бісер, ці то ў калектыўнага дэтэктыва-аматара. Адказы на пытаннi, якія правакуе “Новая зямля”, куды больш важныя, чым здагадкі пра тое, хто і навошта забіў Лору Палмер. Пры пэўных умовах пошукі гэтых адказаў, зразумелыя як нацыянальная звышзадача, маглі б стаць лакаматывам развіцця комплексу гуманітарных навук у краіне, якія дагэтуль не могуць узняцца над узроўнем чырвонай прафесуры рабфаку:
- Калі Міцкевічы звярнуліся па пазыку ў Сялянскі пазямельны банк і на якіх умовах яна была ім выдзеленая?
- Увогуле, ці рэальны, а не літаратурны, дзядзька Антось ездзіў у Вільню? Бо і Альбуць-Парэчча, дзе жылі Міцкевічы, і набыты ў “мінскага гарамыкі” Хвядоса Хадыкі (Мікалая Міхалевіча?) надзел у Смальгаўку - гэта Мінская губерня, а ў Мінску было сваё аддзяленне Сялянскага пазямельнага банку - на Захар’еўскай, 79, у доме Ругера. Магчыма, McDonalds адчыніў сваю першую “кропку” ў РБ менавіта на гэтым месцы (праспект Ф.Скарыны, 23), каб падкрэсліць, што ніхто больш не адгародзіцца ад глабальнага свету прыватным парканам? Па інстанцыі, здаецца, Антосю належала звяртацца менавіта ў Менск, які да таго ж у некалькі разоў бліжэйшы. Ці не адрываецца ў Коласа абагульнены вобраз Антося ад ягонага роднага дзядзькі - дзеля надання яму праз сталічную прыгоду большага эпічнага маштабу? Вядома, паэма настолькі сфармавала свядомасць нашчадкаў Коласа і яго герояў, ды і ўсёй нацыі, што цяпер ніхто не сумняваецца ў рэальнасці віленскага падарожжа. Але “каго больш” у дзядзьку-Адысею - Антося ці Кастуся Міцкевіча?
Ці сапраўды той кавалак зямлі у Смальгаўку каштаваў 3000 рублёў? Якую плошчу ён займаў - сапраўды валоку? Але тая валока выглядае надта пераацэненай: 3000 руб. за валоку - 156 руб. за дзесяціну. Цэны, як ні круці, не гэтых гадоў, не за жыцця Міхала. У 1893-97 у Менскай губ. дзялянкі ад 10да 50 дзесяцінаў прадаваліся па 47-38 руб. за дзесяціну . Ды і пазней цэны не так выраслі. З 1907 па 1914 г. (у сярэднім па 5 заходніх губернях) - з 88,8 да 118,4 руб. за дзесяціну.
Цікава было б аднавіць паводле дакументаў абрысы тае зямлі: культавай, легендарнай, адзінай і непаўторнай, прывабнай і дагэтуль недасягальнай Новай Зямлі. Дзякуй Богу, мы ўжо да драбніц ведаем гісторыю радзімы іншага Міцкевіча, фальварку Завоссе, з усімі зменамі яго гаспадароў, ад якіх нас аддзяляе значна больш часу, чым ад прыгодаў сям’і Міцкевічаў-Коласаў стогадовай даўніны. Хто, калі, за колькі купіў-саступіў-арандаваў Завоссе, дзе ў якім годзе праходзіла ягоная мяжа, вядома абсалютна дакладна, з дадаткам усіх магчымых планаў і актавых выпісак. Ці не таму, што гэта найбольш цікавіць нашых заходніх суседзяў? А гешэфт паміж Міцкевічамі-“Коласамі” ды Хвядосам Хадыкам - Мікалаем Міхалевічам цікавы “ўсяго толькі” нам самім? Бо дома можна хадзіць négligé? Ці, магчыма, кананічная беларушчына можа захаваць сваю першабытную шчырасьць толькі застаючыся па-за эканомікай, па-за правам, па-за тэхналогіяй?
Заснавальнікі вёскі [Віцкаўшчына] куплялі зямлю праз банк, прычым 60 працэнтаў кошту яны мусілі ўнесці адразу, а астатнія - выплаціць на працягу 40 гадоў. Такім чынам, за дзесяціну плацілі адразу па 42 рублі. Колькі грошай мелі пакупнікі на той час і пазней, вызначыць немагчыма, бо кожны сваю гатоўку старанна ўтойваў. Вядома толькі, што селянін, які набыў 31 дзесяціну, перад купляю меў 800 рублёў, а значыць, мог цалкам заплаціць амаль за 20 дзесяцін. Такім чынам, на астатнія 11 ён мусіў пазычыць не меней 500 рублёў .
Мікалай Улашчык. Была такая вёска, 1979.
Дзіўнае супадзенне - магчыма, іронія бязлітаснага лёсу: зямля, якую Міцкевічы гэтак упарта намагаліся набыць, - на радзіме Людвіка Кандратовіча, славутага нашага лірніка вясковага Ўладзіслава Сыракомлі. Можа, калі б кола гісторыі шчасліва замкнулася, і Новую Зямлю ўдалося б утрымаць у прыватнай уласнасці, Беларускае нацыянальнае адраджэнне пайшло б зусім іншым шляхам, захаваўшы пераемнасць з заходнімі культурнымі традыцыямі, з традыцыямі Сыракомлі, Міцкевіча, Баршчэўскага, Ельскага, Кіркора, без пагрому савіцкага маёнтку Эдварда Вайніловіча ў 1918-м і забойства Рамана Скірмунта ў 1939-м? Ці мусім мы лічыць дасягненнем, вызваленнем ад панскага прыгнёту тое, што сучасны беларускі „мужык” пазбаўлены магчымасці і неабходнасці звяртацца ў банк па пазыку, не мае сваёй уласнасці і не імкнецца да гэтага дый увогуле выключаны з эканамічных і прававых дачыненняў, уласцівых еўрапейскай цывілізацыі, за выняткам набыцця солі, мыла і запалак?
Нягледзячы на звыклую а танную рыторыку пра “нацыянальную эпапею”, “энцыклапедыю сялянскага жыцця”, “гімн чалавеку працы” і г.д., мы да крыўды мала ведаем пра пратапластаў паэмы. Так, “Новая зямля” - насамрэч нацыянальная эпапея, але пакуль што “інфраструктура” гэтай эпапеі знаходзіцца ў жахліва занядбаным стане. Магчыма, стан вывучэння і інтэрпрэтацыі “Новай зямлі” містычным чынам звязаны з эканамічнай і прававой сітуацыяй у краіне? Тады, бадай, неістотна, з чаго пачынаць - са стогадовым спазненнем! - сапраўдныя буржуазныя рэформы. З юрыдычных ініцыятываў ці дасканальных штудыяў “Новай зямлі”? Новая Зямля - НЗ - недатыкальны запас, які дастаюць са сховаў толькі ў чорныя часы, і, здаецца, гэтыя часы надышлі. Апошнія 10 гадоў беларускай гісторыі славутая паэма Коласа ўсё больш відавочна актуалізуецца. “Новая зямля” лямантуе па асабістай трагедыі адной сям’і, але, па сутнасці, не аспрэчвае самога працэсу ўтварэння нацыянальнай буржуазіі.
Як магіла Невядомага жаўнера персаніфікуе тыповы трагічны лёс ананімнага чалавека ў эпоху вайны, татальнага знішчэння матэрыяльных ды культурных здабыткаў, так і выправа дзядзькі Антося, рэальнага ці сапраўднага, у Сялянскі Пазямельны банк, віленскі ці мінскі, пад пэўным вуглом зроку можа разглядацца як кульмінацыйны момант усёй беларускай гісторыі, магчыма, важнейшы за бітву пад Грунвальдам ці нават публікацыю Скарынавай Бібліі. Пакуль застаюцца хоць бы мізэрныя шанцы вярнуцца на Новую Зямлю, гэтая гісторыя няскончаная.
Андранік АНТАНЯН (Вільня) antanian@centras.lt
Алесь БЕЛЫ (Менск) bely@infonet.by
P.S. Рэканструкцыя аўтараў не прэтэндуе на абсалютную дакладнасць і вычарпальнасць, але зробленая з усёй магчымай сумленнасцю
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |