|
Пад патранатам Святога Мікалая
Віцебскія цэхі ў дарасейскі перыяд.
Анатоль ЦІТОЎ
(Менск) Бурлівая гісторыя Віцебска, блізкасць яго да дзяржаўнае мяжы не маглі спрыяць захаванасці архіўных дакументаў. Наяўнасць рамесных брацтваў у горадзе фіксуецца даволі позна — галоўным чынам у першай палове ХVІII ст. Гэта, праўда, не выключае магчымасці існавання рамесных і купецкіх аб’яднанняў у больш раннія часы.
1. АБ’ЯДНАНЫ МЫДЛЯРСКА—КУРНІКОЎСКА—ФАРБАВАЛЬНА—КАНВІСАРСКІ ЦЭХ. Першае наданне яму статуту дакументальна фіксуецца 20 сакавіка 1676 г. Адпаведна з ім, быў створаны цэх мыдляроў і крамнікаў. Усе майстры, што далучыліся да гэтага брацтва, мусілі даць “на залажэнне” скрынкі, сродкі з якой ішлі на агульныя патрэбы, па 20 злотых. Цэх меў свае харугву, бубен і “усялякую армату”, з якімі братчыкі, разам з другімі цэхамі ўдзельнічалі ва урачыстасці на свята Божага цела. Наступнае зацвяржэнне цэха, ў якім аб’ядналася ўжо не дзве, а больш спецыяльнасцяў, адбылося “ў годзе 1738 месяца снежня 12 дня”. Тады ж мела месца і паўторнае наданне статуту. Ён налічваў 14 артыкулаў, якія прадпісвалі “на новае лета рускае” (паводле праваслаўнага календара –А.Ц.) абіраць чатырох старэйшых пасродку людзей добрых, аселых. З іх двое ставіліся захавальнікамі ключоў ад цэхавай скрынкі. Рамеснікі выконвалі “цэхавую павіннасць” у брацкай царкве Св.Мікалая, “ў рынку”. Па прыкладу іншых цэхаў братчыкі мелі сваю харугву і “паводле магчымасці” вайсковы рыштунак. Разам з іншымі цэхамі яны ўдзельнічалі ва ўрачыстай працэсіі пад час свята Божага цела .
2.АБ’ЯДНАНЫ ПЕКАРСКА — АЛЕЙНІЦКА — РЫБАЦКА
— ЛІНЯРСКА — (ВЯРОВАЧНА) — ВОСКАБОЙНІЧА
— СВЕЧНІКОЎСКА — ПЕРАКУПНІЦКА — КРУПНІЦКА
– МАЛЕЎНІЦКА — ТКАЦКА — КРУХМАЛЬНІКОЎСКА
— ШАПАВАЛЬНЫ ЦЭХ. Яго статут зацвержаны “у годзе 1738 месяцы снежні 12 дня”. Дакумент налічваў 14 артыкулаў, якія прадпісвалі “на новы год рускі” абіраць чатырох старэйшых, з якіх двум перадавалі на захаванне ключы ад цэхавай скрынкі. Братчыкі выконвалі “цэхавую павіннасць” у царкве Св. Мікалая, “ў рынку”. І гэтыя рамеснікі мелі сваю харугву, мусілі “паводле магчымасці” мець вайсковы рыштунак і разам з іншымі цэхамі прымаць ўдзел ва ўрачыстасці на Божае цела .
3. АБ’ЯДНАНЫ РЭЗЧЫЦКА – СТАЛЯРСКА — СТЭЛЬМАХОЎСКА—ЦЯСЕЛЬСКА — БАНДАРСКА --- ШКЛЯРСКА -- СІТНIКОЎСКІ ЦЭХ. Прывілей на стварэнне цэху атрыманы “ў годзе 1738 месяца снежня 12 дня” ад караля Аўгуста ІІІ. Паводле дакуманту, рамеснікі абіралі чатырох старэйшых “на новае лета рускае”. Братчыкі спраўлялі агульнае набажэнства і мелі “цэхавую павіннасць” у царкве Св.Мікалая, “ў рынку лежачай”. Старэйшым рамёстваў, якія ўваходзілі ў цэх, і ўсяму цэху увогуле дозвалялася “мець харугву (як агульную, так і асобную, для кожнае спецыяльнасці) [...] на аздобу места [...] рыштунак (узбраенне—А.Ц.) ведлуг магчымасці” і пад час фэсту Божага цела, на загад магістрата ўдзельнічаць ва ўрачыстай працэсіі. Дакумант унесены ў ратушныя актавыя кнігі “ў годзе 1760 месяца чэрвеня 17 дня”.
4. АБ’ЯДНАНЫ САЛАДОЎНІЧА—ПІВАВАРНА—ВІНАКУРНЫ ЦЭХ. Створаны па прашэнню мяшчанаў. Статут атрымаў “у годзе 1738 месяца снежня 12 дня”. Ён налічваў 14 артыкулаў, якія загадвалі “на новае лета рускае” абіраць чатырох старшых. З іх двое атрымоўвалі пасаду захавальнікаў ключоў ад цэхавай скрынкі. Братчыкі выконвалі “цэхавую павіннасць” у царкве Св.Мікалая, “ў рынку”. На ўзор іншых цэхаў рамеснікі мелі сваю харугву і ім дазвалялася, нават прадпісвалася “паводле магчымасці” мець вайсковы рыштунак. Разам з іншымі цэхамі яны прымалі ўдзел ва ўрачыстасці на Божае цела.
5. КУПЕЦКІ ЦЭХ. Стыхійная кансалідацыя віцебскіх мяшчанаў супраць канкурэнтаў адбывалася ўжо ў сярэдзіне ХVІ ст., калі жаловали (скардзіліся) бурмистры райцы и всё поспольство, каралю праз свайго ваяводу кн. Збаражскага, аб тым што «купцы приежаючие до того места Витебского» гандлююць паміж сабой. Ад гэтага віцяблянам великая шкода деет. Сваім лістом году 1559 месяца верасня 20 дня кароль пастанавіў, што забараняецца прыезжым купцам з иншими торговати только з местичи витебские. Наданне прывілею на стварэнне “Купецкай ізбы” (брацтва) адбылася ў годзе 1738 месяца снежня 12 дня. У статуце налічвалася 14 артыкулаў, ён пачынаўся са скаргі мясцовых мяшчанаў і купцоў, якія “ў купецтве і гандлях не маюць парадку”, паколькі “прыезжыя людзі, аселыя ў розных юрыдыках у месце і на прадмесцях і за местам” захапілі ўсялякі гандаль “вольны, водны і партовы”. У сувязі з гэтымі абставінамі віцебскія купцы і мяшчане “прыйшлі да вялікага ўбоства і згубы”. Адпаведна з апошнім статутам, ніхто ня меў права гандлю ў Віцебску, покуль не “ўпішацца” да “Купецкай ізбы” і не прыме прысягу. Парушальнік губляў свой тавар: палова ішла на прыбытак дзяржаўнаму скарбу, другая – Купецкай ізбе. Брацтва было ўладкавана наступным чынам – генеральная сходка адбывалася на дзень Св.Мікалая, калі абіралі шасцярых старэйшых купцоў, якія ўзначальвалі цэх на працягу трох гадоў (і, на ўсялякі выпадак, аднаго “рэзервовага”, калі нехта з абраных датэрмінова па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах страціць свае паўнамоцтвы). Купецкія сходкі праводзіліся штоквартальна і пачыналіся а восьмай гадзіне раніцы. Таго, хто праігнараваў гэтае мерапрыемства, чакаў штраф у 24 грошы. Старшыні мусілі абавязкова мець свае нарады, якія праводзіліся “па справах купецкіх” двойчы на тыдзень – па аўторках і чацвергах а дзевятай гадзіне. Той, хто не з’явіўся на такую нараду, мусіў заплаціць штраф у шэсць грошай, а хто б асмеліўся на гэты час, без слушнай прычыны, з’ехаць з места, плаціў дзве капы грошай. Артыкул 12 статуту агаворваў, што “для спраў пры скрыні купецкай [трэба мець – А.Ц.] агульную пячатку купецкую з выявай герба – Св. Мікалая, для пячатавання тавараў, калі госць з госцем гандляваў… і ў іншых купецкіх справах…” .
6.РЭЗНІЦКІ ЦЭХ — статут пакуль не знойдзены. Ускосныя звесткі дазваляюць меркаваць, што ён існаваў ўжо ў 1700 годзе. Так ў справе паміж віцебскімі рэзнікамі і тутэйшымі манахамі бернардынамі, фігуруюць, пісьмовыя абавязкі братчыкаў (ад гэтага году) пастаўляць сала для лампады Св.Антонія ў Бернардынскім саборы, якое яны не выконвалі. Рамеснікі давялі ў судзе, што гэты дакумент не з’яўляецца праўдзівым і сфальшаваны манахамі. Праўда, нідзе ў справе яны не заяўляюць, што цэх ў гэты час яшчэ не існаваў. Мясцовы магістрат ў 1776 г. падтрымаў ў гэтай справе братчыкаў і вынес дэкрэт на іхнюю карысць. Ў другім дакуменце, ад году 1771 сакавіка 16 дня, рэзніцкія цэхмістры Дзімітры Бык і Амельян Лерка выступаюць супраць канкурэнтаў – віцяблянаў, якія “куплялі быдла, з яго мяса салілі і прадавалі, а з таго салення і продажу падаткі не плацілі”. Нават шляхетныя Пётра і Казімір Дыманы “ў кадках пасаліўшы мяса хацелі сплаўляць яго ў Рыгу”.
Анатоль ЦІТОЎ
(Менск)
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |