БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
СПАДЧЫНА № 5-6/2002

Наша «кіеўская» й «літоўская» спадчына

Ігар МАРЗАЛЮК
(Магілёў)

ihar_marzaljuk@hotmail.com 

Аднаўленне беларускай незалежнасці ў 1991 г. справакавала павышаны інтарэс да праблематыкі існавання беларускай дзяржаватворчай традыцыі ў мінулым. Пэўныя гісторыкі ўвогуле адмаўляюць магчымасць успрымання насельніцтвам Беларусі Кіеўскай Русі як пачатковага перыяду ўласнай дзяржаўнасці. Калыскай будучай Беларусі яны лічаць толькі Полацкае княства — цалкам незалежную дзяржаву. На наш погляд, найважнейшай у вырашэнні гэтага пытання з’яўляецца гістарычная самаідэнтыфікацыя насельніцтва беларускіх земляў у XIV—XVII стст. Пісьмовыя крыніцы дазваляюць прасачыць гістарычныя стэрэатыпы, якія існавалі ў асяродку адукаваных русінаў: духавенства, набілітэту і мяшчанаў. Гэтае пытанне шчыльна звязанае таксама з дыскусіяй пра тое, які з усходнеславянскіх народаў мае больш падставаў лічыць сябе спадкаемцам Кіеўскай Русі.

Дыскусія гэтая доўжыцца не адну сотню гадоў. Ужо ў XIII ст. укладальнікі Галіцка-Валынскага летапісу лічылі Галіч «другім Кіевам» — спадкаемцам першай Кіеўскай дзяржавы. Адпаведна да гэтага складзеныя на Валыні летапісныя кодэксы кшталту Іпатаўскага ўключалі «Аповесць мінулых гадоў», Кіеўскі летапіс XII ст. і, урэшце, Галіцка-Валынскі летапіс XIII ст. У сваю чаргу, складзены ва Уладзіміра-Суздальскай зямлі Лаўрэнцеўскі летапіс пасля «Аповесці мінулых гадоў» падаваў уладзіміра-суздальскія паведамленні1. Відавочна рознілася ад гэтых дзвюх традыцыяў і летапісанне Вялікага Ноўгарада2. Ужо тады паўсталі прынцыпова адрозныя схемы гісторыі Усходняй Еўропы, якія, зазнаўшы пэўныя трансфармацыі і мадыфікацыі, працягваюць сваё існаванне ў якасці афіцыйных нацыянальных версіяў украінскай і вялікарасейскай гістарыяграфіяў.

Уяўленні, што менавіта Кіеў ёсць сталіцай Русі, у ВКЛ працягвалі захоўвацца. Ягайла называў Кіеў «адвечнай сталіцай усіх рускіх земляў»3. Вывучэнне старажытнейшых беларуска-літоўскіх летапісаў І збору дазволіла В. Чамярыцкаму прыйсці да высноваў, што летапісец, скарыстоўваючы расейскія летапісы, спрабаваў упершыню стварыць гісторыю Літвы і Літоўскай Русі (Беларусі і Украіны) у яе сувязі з гісторыяй Русі Маскоўскай і ў яе пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі. Вельмі істотныя назіранні Чамярыцкага пра характар рэдактарскай працы ўкладальніка першага збору з помнікамі вялікарасейскага летапісання. Даследнік аргументавана паказаў, што «агульны сэнс усіх гэтых скарачэнняў і апрацовак тэксту рускіх летапісаў укладальнікам першага беларускага зводу зводзіўся да аднаго — змякчыць або і зусім зняць негатыўную характарыстыку літоўскіх князёў, адмоўную ацэнку іх дзеянняў, пададзеную рускімі летапісцамі»4. На сённяшні дзень амаль усе даследнікі лічаць, што большасць твораў, з якіх складзены Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., напісаны ў Смаленску і што натхняльнікам гэтай справы быў епіскап (пазней мітрапаліт) Герасім, патрыёт ВКЛ і прыхільнік захавання яго цэласнасці5.

Такім чынам, у гэтым летапісе адлюстраваныя погляды праваслаўнага русінскага набілітэту ВКЛ. Летапісы гэтага збору змяшчаюць у пачатковай частцы скарочаныя варыянты «Аповесці мінулых гадоў» і спісы ўсходнеславянскіх князёў, «Сказание о верных святых князеи руських». Перад намі паўстае схема гісторыі Усходняй Еўропы, паводле якой першапачатнай формай уласнай дзяржаўнасці русінаў ВКЛ выступае Кіеўская Русь. Традыцыі Кіева пераймае Вільня, і, адпаведна, ВКЛ трактуецца як легітымная пераемніца Кіеўскай Русі, як «свая» дзяржава. Паказальна, што ў летапісах І збору нічога не гаворыцца пра гісторыю ВКЛ ды пра заваёвы літоўскіх князёў на сучаснай тэрыторыі Паўднёва-Заходняй і Паўночна-Усходняй Беларусі. Адзіны вынятак — апісанне барацьбы за Смаленск, але і тут зацемліваецца, што ў горадзе існавала шматлікая «літоўская» партыя6. Узнікненне гэтай канцэпцыі абумоўлена завяршэннем працэсу фармавання ў сярэдзіне — другой палове XV ст. адзінага літоўска-русінскага «палітычнага народа»7.

Гэтая канцэпцыя пазней будзе пакладзена ў падмурак афіцыйнай версіі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Праўда, пачынаючы ад Восіпа Турчыновіча і Адама Кіркора, беларускія гісторыкі на месца Кіева пачнуць ставіць Полацк8. Для абгрунтавання гэтай тэзы яны вымушаны будуць звярнуцца да позніх летапісных збораў, створаных у Маскоўскай дзяржаве. Менавіта ў Маскве ў час барацьбы за ўсходнеславянскія землі ВКЛ быў створаны міф пра паходжанне літоўскай дынастыі ад полацкіх князёў. У такім выпадку Гедымінавічы не мелі права на землі, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, бо «вотчынай» полацкіх князёў было толькі іхнае княства, а права кіравання астатнімі ўсходнеславянскімі ўладаннямі яны былі пазбаўленыя9. На перамовах 1562 г. аб Інфлянтах маскоўскі бок заяўляў: «Только вспомнить старину, каким образом гетманы литовские Рогволодовичей Данила да Мовкольда на Литовское княжество взяли и каким образом великому государю Мстиславу Владимировичу Мономашу к Киеву дань давали, то не только что Русская земля вся, но и Литовская земля вся — вотчина государя нашего»10. Некрытычнае запазычанне гэтай тэзы прывяло да ўзнікнення надзвычай пашыранага ў айчыннай папулярнай літаратуры міфу пра беларускае паходжанне вялікіх князёў літоўскіх.

Новыя гістарыяграфічныя канцэпцыі ў Маскоўскай дзяржаве і Кароне Польскай, якія прэтэндавалі на землі ВКЛ, патрабавалі годнага адказу. Такім адказам сталі беларуска-літоўскія летапісныя зборы XVI ст., пакліканыя аспрэчыць як маскоўскія, гэтак і польскія прэтэнзіі, выразна сфармуляваныя ў знакамітай працы Яна Длугаша. Паводле польскага храніста легендарны «Рус», продак русінаў, быў не братам, а адным з нашчадкаў Леха. Таму нашчадкі Руса трактаваліся ім як частка польскага народу. Кіеўскіх палянаў ён атаясамліваў з палякамі, а Кія называў польскім князем. Аскольд і Дзір, паводле Длугаша, — нашчадкі Кія, былі гвалтоўна знішчаныя варажскімі князямі-ўзурпатарамі. Тады экспансіянісцкая ўсходняя палітыка Кароны ў дачыненні да Галіцка-Валынскай Русі ды імкненне да інкарпарацыі ВКЛ выглядала ўзнаўленнем старажытнай сувязі паміж часткамі адзінага калісьці народу. Легенда пра рымскае паходжанне літоўцаў у Длугаша таксама была скіраваная супраць балцкай эліты ВКЛ, якая адстойвала ў той час неабходнасць самастойнага існавання Вялікага Княства. Длугаш лічыў, што продкі літоўцаў — уцекачы з Італіі — пасяліліся на зямлі, якая належала рускім князям, і жылі тысячу гадоў пад іх уладаю як «servile vulgus». Калі «рускія» — нібыта частка польскага народу, то і літоўцы жывуць на спрадвечна польскіх землях11.

У сваю чаргу, у маскоўскіх зборах зацемлівалася, што адзінымі легітымнымі пераемнікамі першай Кіеўскай дзяржавы ёсць маскоўскія ўладары, а літоўскія князі былі заўсёды залежнымі ад іх ды трымаюць «чужыя», маскоўскія, вотчыны12.

Менавіта дзеля абвяржэння гэтай канцэпцыі была створана легендарная частка II беларуска-літоўскага збору. У ім «рымская» легенда набывае выразна антыпольскую скіраванасць, падмацоўвае тэзу пра прамую перадачу ўлады ў Літву з імперскага Рыма і такім чынам падкрэслівае «ад старыны» больш высокі статус літоўскіх манархаў і нобіляў у параўнанні з польскай арыстакратыяй13.

У найбольш разгорнутай і завершанай форме гэтая канцэпцыя знайшла адлюстраванне ў III беларуска-літоўскім летапісным зборы — «Хроніцы Быхаўца». Першапачатковая «простасць» і «плебейскасць» польскай шляхты ў параўнанні з літоўскай бачная ў сюжэце пра наданне польскіх гербаў літоўскай шляхце. Летапісец выразна cупрацьпастаўляе вобраз Ягайлы — легітымнага ўладара Літвы зборнаму вобразу палякаў, польскай шляхты. Пакліканне Ягайлы на каралеўскі пасад пад пяром храніста выступае як справа, палякамі вымушаная, абумоўленая вайсковымі поспехамі Літвы14.

Падкрэсліванне самастойнасці Літвы і перамог над татарамі ў часы нашэсця Батыя скіраванае і супраць Маскоўскае дзяржавы, бо залежнасць ад Арды на стагоддзі выключыла яе ўладароў — даннікаў хана з кола раўнапраўных суверэнаў. Нагадванне пра мінулую залежнасць у Маскве ўспрымалі надзвычай балюча, як абразу. Калі ў 1566 г. паслы Жыгімонта Аўгуста, спасылаючыся на хронікі, нагадалі пра залежнасць Маскоўскае дзяржавы ад Арды, у адказ пачулі: «И мы того не слыхали, чтобы татарове Москву воевали, того не написано нигде, а в свои кроники что захотите, то пишите!»15.

Разам з тым, у летапісах XVI ст., што ўтрымліваюць легендарную частку пра паходжанне вялікіх князёў, увага ўдзяляецца не толькі легітымацыі панавання літоўскае дынастыі над усходнеславянскімі землямі княства, але і ўлічваюцца інтарэсы праваслаўнай знаці, складовай часткі «палітычнага народу ВКЛ». Паводле легендарнай часткі летапісаў, далучэнне большасці земляў сучаснай Беларусі адбылося мірным шляхам. Літоўская дынастыя прыходзіць сюды пасля спусташэння іх татарамі і выступае як вызваляльнік ад ханскага ярма, а не як заваёўнік і захопнік16. Усе летапісы і хронікі, а таксама М. Стрыйкоўскі адзначалі, што наваградскія вялікія князі завалодалі паўднёвым захадам Беларусі без аніякага супраціву з боку мясцовага насельніцтва і нават мелі падтрымку. Войны супраць валынскіх князёў і татараў паказаны як абарончыя17. Ва ўсіх летапісах ІІ збору, як і ў «Кроніцы...» Стрыйкоўскага, «Русь» з паўднёва-заходніх земляў сучаснай Беларусі выступае не толькі як пасіўны аб’ект, на які скіраваныя дзеянні літоўскіх князёў, але як актыўны ўдзельнік, як творца, што супольна з літоўцамі бярэ ўдзел у будаўніцтве новай дзяржавы. Паўсюль выдзяляецца значэнне (у асобных летапісах яно выглядае галоўным) у перамогах над валынскімі і татарскімі войскамі менавіта рускіх ваяроў з паўднёва-заходняй Беларусі. Вялікая ўвага і значэнне надаюцца Наваградку і наваградскім дружынам. Паводле летапісаў, поўнае аб’яднанне трох складовых частак дзяржавы адбылося пры легендарным наваградскім князю Свінтарогу, які пасля смерці Утэнуса становіцца таксама князем Літвы і Жмудзі. Пасля гэтага дзяржава стала называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Жамойцкім і Наваградскім і Рускім, прычым аб’яднанне адбылося без скарыстання сілы. Паданне пра Палямона і ягоных нашчадкаў, як гэта паказаў у выніку скрупулёзнага даследавання М. Улашчык, узвышае ролю Наваградскае зямлі ў параўнанні з уласна Літвой і Жмуддзю. Каля 80% тэксту легенды пра Наваградак і Наваградскае княства, толькі ягоныя ўладары носяць тытул вялікага князя. Праўдападобна, уладарылі Наваградкам, і толькі ім, прамыя нашчадкі Палямона, а князі Літвы і Жмудзі — нашчадкі васалаў Палямона, другарадных дзеячоў18. Недарэчна выглядае ў сувязі з гэтым ігнараванне даследавання М. Улашчыка (ягонай фундаментальнай працы няма нават у спісе літаратуры) літоўскім гісторыкам Томасам Баранаўскасам у даследаванні, прысвечаным Наваградку. Здзіўляе досыць павярхоўны аналіз даследнікам легендарных паведамленняў II беларуска-літоўскага збору. Прыняць тэзу, што «ў другой рэдакцыі Літоўскага летапісу аб Наваградскім княстве расказваецца толькі як аб незалежным уладанні, кіраваным князямі, якія прыйшлі з глыбіні Літвы (Жмудзі)»19, можна толькі ў выпадку поўнага ігнаравання інфармацыі, змешчанай ва ўсіх спісах II збору. Немагчыма ў такім выпадку растлумачыць і рэальныя сюжэты з гісторыі Наваградка. Калі ён быў толькі перыферыйным цэнтрам пачатковага ВКЛ, то як растлумачыць, што менавіта гэты, а не які-небудзь іншы горад, у першую чаргу не Полацк, стаў сталіцай першапачатковай праваслаўнай літоўскай мітраполіі20?

Ні ў аднаго з летапісцаў не выклікала сумневу, што легітымнымі ўладальнікамі гэтых земляў «ад старыны» з’яўляліся менавіта «Кіеўскія манархі», і толькі нашэсце Батыя змяніла сітуацыю на карысць літоўскіх князёў. Войны супраць напаўміфічных літоўскіх князёў Рынгольта, Скірмунта, што вялі валынскія князі, выкліканыя іх «дзедзічным» правам на гэтыя землі, якога іх пазбавілі літоўскія ўладары, праўда, у выніку іх асабістай слабасці ды падпарадкавання татарам21.

Пра распаўсюджанасць уяўленняў аб мірным далучэнні ўсходнеславянскіх земляў да Літвы ў асяродку палітычнай эліты ў XVI ст. сведчыць і «Размова Паляка з Ліцвінам». Тут сцвярджаецца, што «Русь» добраахвотна пасля перамогі літоўцаў над татарамі ўступіла ў падданства да Літвы. Цікава, што падобныя погляды агучваў не русін, а літовец, віленскі войт Аўгустын Ратундус22. Тэза аб добраахвотным далучэнні была надзвычай важная найперш для прадстаўнікоў русінскага набілітэту Княства, бо дазваляла ім сцвярджаць, што іх землі не заваяваныя правінцыі, а часціна шырэйшай дзяржавы, якая зберагла паўнапраўную суверэннасць у сярэднявечным разуменні in dominium Suum rex imperator est (падданы вызнае вышэйшага ўладара з умоваю зберажэння неабмежаванага панавання на ўласнай тэрыторыі). Пра тое, якая важнасць надавалася характару менавіта мірнага далучэння, красамоўна сведчыць прыклад Жмудзі. У 1554 г. на Віленскім вальным сойме ў адказах вялікага князя на просьбы Жмудзі казалася: «[...] иж на привилею предков его кролевское милости, славное памети королей их милости, великих [князей], никто вам примовляти не маеть, абы есте через меч або зброю были добыты и ку послушенству предков его кролевское милости прывернены, але предкове вашы сами добровольно предком его кролевское милости подали ся суть»23. Гэткія ідэі былі шырока распаўсюджаны і ў першай палове XVII ст. сярод праваслаўнай украінскай эліты, якая імкнулася давесці факт добраахвотнага, а не прымусовага далучэння ўкраінскіх земляў да Кароны Польскай24.

Аднак калі агульнадзяржаўныя летапісы II збору ўтрымлівалі кампрамісную версію ўзнікнення ВКЛ, то ў творах, калі можна так назваць, уласна літоўскай нацыянальнай гістарыяграфіі сярэдзіны XVI ст. і легенда аб рымскім паходжанні літоўцаў, і інтэрпрэтацыя далучэння ўсходнеславянскіх земляў да ВКЛ набывае выразную «антырусінскую» скіраванасць. Маем на ўвазе гістарычныя інтэрпрэтацыі Міхалона Ліцвіна і Аўгустына Ратундуса. Русіны ў Міхалона Ліцвіна выступаюць як народ, культурна і цывілізацыйна ніжэйшы за літоўцаў. Міхалон, абапіраючыся на паданне аб рымскім паходжанні літоўцаў і іх мовы, падкрэсліваў чужароднасць старабеларускай моўнай традыцыі для літоўцаў, называў маскоўскім пісьмом старабеларускую кірыліцу: «рутэнская мова (idioma Ruthenuva) чужая нам, ліцвінам, гэта значыць італьянцам, паходзячым ад італійскай крыві. Супрацьпастаўляецца свабода і незалежнасць літоўцаў у параўнанні з «залежнасцю» і «рабствам» рутэнаў, над якімі тады, як і над маскавіцянамі, панавалі заволжскія татары. Толькі літоўцы з’яўляюцца стваральнікамі Вялікага Княства; яны (і толькі яны) без дапамогі мясцовага русінскага насельніцтва вызваляюць землі сучаснай Украіны і Беларусі ад мангола-татараў: «Тады з уласцівай ім адвагай, выбавіўшы рутэнскі народ (populis Ruthenicis), землі і крэпасці ад татарскага і баскакскага рабства, яны падпарадкавалі сваёй уладзе ўсё ад мора Жамойцкага, званага Балтыйскім, да Понта Эўксінскага [...] распаўсюдзіліся на поўнач да самай ускраіннай і самай блізкай да стольнага горада Масковіі крэпасці, [называнай] Мажайскам»25. Падобныя погляды былі характэрныя і для Аўгустына Ратундуса. Сапраўдная літоўская літаратурная мова — лаціна, таму яе патрэбна ўвесці ва ўжытак у законах, пасланнях і нават у паўсядзённым жыцці ў якасці гутарковай мовы. «Руская» (старабеларуская) мова кваліфікавалася ім як мова чужая, грубая і варварская26.

Такая схема русінскай гісторыі выразна кантраставала з «Кронікай…» Мацея Стрыйкоўскага. Знакаміты храніст імкнуўся паказаць гісторыю Кіеўскай Русі ў непарыўным адзінстве з гісторыяй Літвы. Для яго спадкаемцамі гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі былі русіны беларускіх і ўкраінскіх земляў ВКЛ. Вельмі паказальныя ў сувязі з гэтым згадкі Стрыйкоўскага, што той ці іншы знакаміты род Вялікага Княства паходзіць ад князёў Кіеўскай Русі27. Стрыйкоўскі выступаў выразнікам інтарэсаў усяго шматэтнічнага «палітычнага народу» ВКЛ28, але ягоныя сімпатыі ўсё ж схіляліся да русінаў. Калі ніводны спіс агульнадзяржаўнага летапісу II збору XVI ст. не ўтрымлівае нават згадкі аб першапачатковай залежнасці літоўскіх плямёнаў ад Русі, Стрыйкоўскі дэталёва апісаў у «Кроніцы...» факты першапачатковай данніцкай залежнасці літоўцаў, шматлікія перамогі ўсходнеславянскіх князёў над сваімі суседзямі-балтамі, падкрэсліваў культурную перавагу Русі над Літвой. Толькі феадальная дробнасць, унутраныя звады сярод «рускіх» князёў ды мангола-татарскае нашэсце прывялі да таго, што колішнія магутныя «рускія» ўладары мусілі падпарадкавацца сваім былым даннікам, а слаўная традыцыя Кіеўскай манархіі перайшлa да Вільні29. Менавіта таму «Кроніка…» Стрыйкоўскага карысталася надзвычайнай папулярнасцю на беларускіх і ўкраінскіх землях. Ніякая іншая крыніца так часта не цытавалася і не прычынілася да ўмацавання русінскай гістарычнай ідэнтычнасці, як гэты слынны твор. Дзякуючы друкарскаму варштату «Кроніка…» атрымала шырокае распаўсюджанне не толькі ў шляхоцкіх, але і ў мяшчанскіх колах.

Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што пачатак сваёй гістарычнай традыцыі адукаваная частка насельніцтва Беларусі ў XIV—XVI стст. адназначна звязвала з Кіеўскай Руссю. Цікава, што ў беларуска-ўкраінскіх хранографах (г. зв. заходнерускіх) ёсць вылучаныя ў асобны раздзел звесткі па гісторыі Кіеўскай Русі, але практычна адсутнічаюць паведамленні, што маюць дачыненне да Маскоўскае дзяржавы. Затое ў гэтай групе хранографаў маецца разгорнутае апісанне гісторыі заходнееўрапейскіх і заходнеславянскіх народаў, складзенае на падставе хронікі М. Бельскага30. Такім чынам, гістарычная спадчына Кіеўскай Русі была «актуальным мінулым», важным для ўкладальнікаў-хранографаў, адрозна ад гісторыі ўсходняга суседа. У XVI ст. у Беларусі, напэўна, быў жывы былінны эпас «Кіеўскага цыклу», рэшткі якога прасочваліся ў беларускім фальклоры яшчэ ў канцы XIX — пачатку XX ст.31. Пра шырокую вядомасць былінных сюжэтаў у XVI ст. сведчыць ліст Філона Кміты-Чарнабыльскага да Яўстафа Валовіча. Аршанскі стараста, скардзячыся на неспрыяльныя ўмовы службы на маскоўскай мяжы ў 1574 г., эмацыйна ўсклікаў: «Нещасный есьми дворанин, згиб есьми з нендзы, а больш з жалю: люди на кашы переели кашу, а я з голоду здох на сторожи! Помсти, боже государю, грехопадение, хто разумеет! Бо прийдет час, коли будет надобе Илии Муравленина и Соловья Будимировича прийдет час, коли будет служб нашых потреба!»32. Відаць, Валовічу сэнс выразу быў apriori зразумелы, бо інакш аршанскі стараста або растлумачыў бы гэтую згадку, або не рабіў бы яе ўвогуле. Значыць, у адукаваных беларускіх колах XVI ст. шэраг былінных персанажаў быў вядомы33.

Бясспрэчна, пераважная большасць праваслаўнага набілітэту і мяшчанства беларускіх земляў у сярэдзіне XV—XVI ст. ужо ўспрымала ВКЛ як «сваю» дзяржаву і выказвала лаяльнасць да яе ўладароў. Праваслаўная эліта ўжо ў часы Казімера Ягайлавіча стала складовай часткай «палітычнага народу» ВКЛ, а ў XVI ст. яе пазіцыі яшчэ больш умацаваліся34. Праваслаўнай цывільнай знаці, баярству, духавенству і мяшчанству быў уласцівы дзяржаўны патрыятызм35. Паказальнай ёсць сітуацыя ў Смаленску на пачатку XVI ст. Праваслаўнае смаленскае духавенства ў час барацьбы за Смаленск (1512—1514) дэманстравала адданасць «свайму» каталіцкаму (!) ураду ў Вільні, а не «Маскве». Смаленскі ўладыка Варсанофі загадаў у час аблогі горада войскам Васіля III служыць ва ўсіх цэрквах службы аб дараванні Богам перамогі над маскоўскім непрыяцелем. Захоп Смаленска ў 1514 г. яскрава прадэманстраваў, якую ўладу праваслаўная эліта лічыла сваёй: 50 баярскіх радоў уцякло ад маскоўскіх парадкаў на тэрыторыю ВКЛ36. Смаленскае баярства атрымала ўладанні ў наваколлі Нарачы ды на тэрыторыі этнічнай Літвы37. Акрамя баяраў, родны горад назаўжды пакінуў і шэраг уплывовых мяшчанскіх праваслаўных родаў, большасць з якіх знайшла сабе прытулак у Магілёве38.

Яшчэ адзін прыклад ацэнкі тае вайны ды знакамітай перамогі пад Оршай 8 верасня 1514 г. знаходзім у Валынскім кароткім летапісе. Для праваслаўнага русіна, які напісаў панегірык слыннаму гетману ВКЛ Канстанціну Астрожскаму, перамога над маскоўскім войскам сінанімічная перамозе над ворагам веры Хрыстовае: «Так своею верною послугою господарю своему, великому королю Жикгимонту радость вчинил: напръвеи церкви божьи христианьскии и многых мужеи и жон от их насилованья оборонил. [...] Великославному господарю королю Жикгимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского, а гетману его, вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому даи боже здоровье и щастье вперед лепшее как ныне; побил силу великую московскую, абы так побивал силную рать татарскую, проливаючи кров их бесурменьскую»39. Як слушна заўважыў Станіслаў Думін, «словы гэтыя напісаны не на латыні, не па-польску: яны належаць «русіну», які бачыў у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім сваю дзяржаву, а ў Маскоўскім Вялікім княстве — супраціўніка, такога ж небяспечнага, як драпежныя крымскія мурзы»40.

Інфлянцкая вайна не прывяла да змены ў настроях на карысць «Масквы». Мяшчане і шляхта засталіся вернымі свайму «прыроджанаму гаспадару»41. Полацкая шляхта масава ўцякала з акупаваных войскамі Івана IV земляў, захоўваючы адданасць ураду ВКЛ42.

Праваслаўныя русіны з беларускіх земляў бралі актыўны ўдзел у выведных мерапрыемствах супраць Маскоўскае дзяржавы, складалі касцяк тых «шпегаў» і «рыскуноў», якія, рызыкуючы сваім жыццём, здабывалі каштоўную інфармацыю, захоплівалі маскоўскіх «языкоў»43. Гэта былі розныя людзі, але не апошняе месца сярод іх займалі беларускія месцічы. Сабраная праваслаўным барысаўчанінам Фёдарам Якімовічам інфармацыя пра маскоўскае войска істотным чынам прычынілася да бліскучай перамогі войска ВКЛ на Уле. За свой учынак Ф. Якімовіч у 1568 г. быў набілітаваны44. У тым жа годзе за аналагічныя паслугі ад «гаспадара» (з рэкамендацыі аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага) атрымаў «два селцы за Днепром на границы Московскои» аршанскі мешчанін Ігнат Міхайлавіч45.

Такім чынам, праваслаўнае русінскае насельніцтва ўспрымала ВКЛ як «сваю» дзяржаву. Аднак, як вынікае з наратыўных крыніц, ВКЛ успрымалася імі толькі як «сучасная Бацькаўшчына», якая ў кантэксце пэўных абставінаў заняла месца «даўняй Бацькаўшчыны» — Кіеўскай Русі. Cітуацыя істотна не змянілася і ў XVII ст. У пратэсце Віленскага Свята-Духаўскага брацтва супраць Іпація Пацея (1601) знайшлі выразнае адлюстраванне параметры гістарычнай самаідэнтыфікацыі праваслаўных русінаў: «[...] ведомо есть и его королевской милости не естесьмо сектаре, ани якое новое веры, одно старожитное религии, которую веру приняли продкове наши в той Малой России за окрещеньем великого князя Володимира — самодержца Руское земли, от патриархи Константинопольского Фотея, который патриарх зараз з столицы подал до Киева першого митрополита Леонтея»46. Сільвестар Косаў, які паходзіў з Беларусі і быў шмат гадоў праваслаўным епіскапам мсціслаўскім, аршанскім і магілёўскім, у сваім знакамітым «Патериконе» выразна засведчыў аналагічныя ўяўленні пра гістарычнае мінулае беларуска-ўкраінскай Русі. Для яго Кіеў — спрадвечная «сталіца княстваў народаў рускіх»47. Шматлікія энцыклапедычныя рукапісныя зборнікі, створаныя на тэрыторыі Беларусі ў XVI—XVII стст., як правіла, пачыналіся гістарычнай часткай: «Сказанием о русских князьях от кого кто родился», дзе пералічваліся ўсе вялікія князі кіеўскія. У Чэццях-Мінеях, іншых жыційных зборніках, створаных у беларускіх скрыпторыях у XVI—XVIII стст., абавязкова змяшчалася «Пахвала» князю Уладзіміру Хрысціцелю і ягонай бабулі княгіні Вользе, жыціі Барыса і Глеба. Гэтая традыцыя была характэрная і для праваслаўных, і для уніятаў48.

У канцы XVI — першай палове XVII ст. пачынаецца працэс дывергенцыі адзінай русінскай свядомасці на беларускую і ўкраінскую. Працэс гэты пачаўся пасля Люблінскай уніі і набраў яшчэ большую моц пасля Берасцейскай царкоўнай уніі. Ён быў абумоўлены таксама развіццём такой спецыфічнай з’явы ўкраінскай гісторыі, не тыповай для Беларусі, як казацтва49. Узорныя для ўласна ўкраінскай гістарыяграфіі палажэнні, што знайшлі адлюстраванне ў «Палинодии» Захарыя Капысценскага (1621). Гістарычная канцэпцыя Захарыя Капысценскага грунтуецца на наступных тэзах: у мінулым існавалі самастойныя «панствы Роскія», сцвярджаецца факт існавання некалькіх адметных «Руских народов», якія аб’яднаны толькі праваслаўнай верай. Для яго — гэта «Велікая Россія» і «Россія Малая [...] то ест Кіев и Литва». Але з кантэксту вынікае, што пад «Малой Россіяй» у вузкім, этнічным сэнсе аўтар разумее сучасную Украіну. Менавіта народ гэтай краіны, паводле Капысценскага, спадкаемца Кіеўскай і Галіцкай традыцыяў дзяржаўнасці, а сучаснымі носьбітамі былое славы продкаў выступаюць запарожскія казакі: «[...] другая часть Яфето-Роского поколенья, з Малой Россіи выходячи, а на за- порогах живучіи козаки-татары и места Турецкіа на мори чолном воюют»50. Гэтыя ідэі сталі вызначальнымі для ўкраінскай гістарыяграфіі ў XVII ст. і атрымалі далейшае развіццё ў XVIII ст.51.

Каштоўны помнік беларуска-ўкраінскай гістарыяграфіі — «Вялікая хроніка», хранограф эпохі барока, укладзены ў першай палове XVII ст. Паводле В. Чамярыцкага яго ранняя рэдакцыя — беларускага паходжання, больш позняя — украінскага. У хранографе змешчана «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», якая грунтуецца на «Кроніцы…» Стрыйкоўскага. Дадатковымі крыніцамі паслужылі «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» і беларуска-літоўскі летапіс тыпу Быхаўца52. Дадзеная кампіляцыя, якая паўстала ў перыяд зацятай барацьбы паміж праваслаўнымі і уніятамі, прадстаўляе версію гістарычнага мінулага, якая лічылася «сваёй» у асяродку праваслаўнай русінскай эліты ў пачатку XVII ст. Услед за Длугашам і Стрыйкоўскім, грунтуючыся на іх сведчаннях, укладальнік «Хронікі…» надаваў большую даўнасць гістарычнай традыцыі Русі ў параўнанні з Літвой, акцэнтаваў увагу на першапачатковай данніцкай залежнасці літоўскіх плямёнаў ад «рускіх» манархаў. Працэс уваходжання большасці беларускіх земляў у склад ВКЛ паказаны як мірны, абумоўлены слабасцю «рускіх» княстваў пасля нашэсця Батыя. Аднак для стваральніка «Вялікай Хронікі» кіеўскі перыяд гісторыі разглядаецца як найважнейшы, як першы перыяд гістарычнага быцця русінаў. «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» у «Вялікай Хроніцы» папярэднічае раздзел «О преславном столечном всего народа росского головном место Киеве». Кіеўская Русь тут трактуецца не проста як княства, але як царства, якое ў выніку гістарычных абставін спачатку здэградавала да ўзроўню княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а потым да ваяводства. Пры гэтым укладальнікам «Вялікай Хронікі», як і іх папярэднікам у XVI ст., быў, безумоўна, характэрны ліцвінскі патрыятызм. Дзеянні «маскалёў» у час Лівонскае вайны трактуюцца як захопніцкія, а вяртанне Полацка ў склад ВКЛ аўтар адназначна разглядае як вызваленне: «И так Полоцк, славная столица княжат давных з рук московских выдертая естъ»52.

Зварот да пісьмовых крыніцаў, створаных усходнебеларускімі мяшчанамі, дазваляе скласці ўяўленне аб іх гістарычнай самаідэнтыфікацыі. Для магілёўскага паэта Фамы Яўлевіча, аўтара паэмы «Лабірынт» (1627), «Русь» — гэта не толькі Беларусь, але і Украіна. «Свае» гарады для яго — і Вільня, і Кіеў, і Галіч, і Львоў. Кіеўская традыцыя дзяржаўнасці ўспрымаецца ім як родная, якой ён супрацьстаўляе «байкі» аб жалезным ваўку54. Надзвычай цікавая для нас і гістарычная самаідэнтыфікацыя ягонага суродзіча, Ігнацыя Яўлевіча. Маецца на ўвазе напісаны ім польскамоўны гістарычны трактат пра лёсы славянства ўвогуле і Беларусі ў прыватнасці. Трактат мае лацінамоўны загаловак «Quod felix faustum fortunatum» («Чаму шчасліваму спадарожнічае лёс»). Як адзначалася Г. Галенчанкам, тэкст «Quod felix...» уяўляе сабой кампіляцыю з «Кронікі…» Стрыйкоўскага55. Дадамо, што аўтар добра ведаў і скарыстоўваў пры напісанні тэксту таксама творы Я. Длугаша і С. Герберштэйна. Цікавая сама па сабе канцэпцыя таго гістарычнага мінулага, якое І. Яўлевіч лічыў «сваім». Ведаючы, што ён заняў у час «Патопу» масквафільскую пазіцыю і пракламаваў сваю адданасць маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу, маем магчымасць азнаёміцца з уяўленнямі аўтара, прыхільнага да Расіі, які стварыў гэты тэкст у Полацку, падкантрольным на той момант маскоўскаму ўладару. Скарыстаныя І. Яўлевічам факты выразна сведчаць пра ягонае імкненне прыпісаць «рускім» народам большую цывілізаванасць у параўнанні з палякамі. Тэкст пачынаецца з апісання вайны ў 790 г. паміж грэцкім цэзарам «Кураплатасам, Міхаілам іменем» з «Балгарамі, Славакамi, народу Рускага», якія перамагаюць у бітвах грэкаў, у выніку чаго апошнія вымушаны шукаць з імі згоды і «прыяцельства» ды на памяць аб гэтым атрымліваюць ад грэкаў алфавіт, глаголіцу. У выніку «Балгары, Сербы, Далматы, Харваты і Русацы» з гэтага моманту «тымі літарамі справы свае і хронікі пісаць пачалі». Далей ідзе інфармацыя аб тым, што палякі атрымалі сваё пісьменства з «Рыма» толькі ў 967 г. Такім чынам, Русь апераджала палякаў і па даўніне сваёй гісторыі, і па даўніне пісьменства. Потым пераказваецца папулярны ў тагачаснай славянскай гістарыяграфіі сюжэт пра выключную ваяўнічасць славян у часы Аляксандра Македонскага (змешчаны ў «Аляксандравым дары» — грамаце, нібыта нададзенай «уладаром свету» славянам на адвечнае валоданне іх землямі). Далей паведамляецца, што «Сарматы Русцы» неаднакроць перамагалі рымскіх цэзараў — такім чынам Яўлевіч адхіляў сцверджанні Я. Длугаша пра залежнасць «рускіх» князёў ад Рыма. Палемізуючы з польскім храністам, Яўлевіч паслядоўна адмаўляў і «худароднасць» ніжэйшасці «рускіх» князёў. Паводле магілёўскага інтэлектуала XVII cт., Рурык, Сіневус і Трувар вялі свой радавод «з рымскіх паноў цэсарскага пакалення», як і «вялікія князі маскоўскія», якія паходзілі ад «рускіх» князёў. Больш за тое, адсюль нібыта вынікае, што яны былі альбо прамымі нашчадкамі Палямона, альбо яго бліжэйшымі таварышамі, і разам з 500 радамі рымскай шляхты прыплылі да Жмудзі. Такім чынам абгрунтоўвалася, што землі ВКЛ на падставе першародства павінны належаць нашчадкам дынастыі Рурыкавічаў, спадкаемцам легендарнага Палямона.

Сярод легендарных нашчадкаў прабацькі славянскіх народаў «Мосаха, сына Яфетава і ўнука Ноева» на першае месца паводле старшынства ён ставіць Руса, а ўжо потым Леха і Чэха, ад якіх паходзяць «усе Русацы, Палякі, Масква, Балгары, Чэхі» ды іншыя славянскія народы. «Свая» гісторыя для І. Яўлевіча — гэта найперш гісторыя Кіеўскай Русі. Першыя «рускія князі» — Кій, Шчэк і Харыў. Пасля адбываецца запрашэнне варагаў — і ад Рурыка, Сіневуса і Трувара паходзяць усе «рускія» і «маскоўскія» князі. Уладзімір Святаслававіч, «наш» князь, хрысціў «нашу» Русь56.

Падобна выглядала гістарычная самаідэнтыфікацыя і магілёўскага храніста XVII ст. Трафіма Сурты і стваральнікаў напісанага ў XVIII ст. віцебскага летапісу — Панцырнага і Аверкі. Праўда, Сурта, адносячы свой народ да Русі і называючы важнейшымі гарадамі Русі «Кіеў, Чарнігаў і Магілёў», выразна ўсведамляў існаванне пэўнай этнічнай адметнасці ўкраінцаў. У запісе за 1682 г. ён згадвае «горад Чыгірын, украінскую сталіцу, што была пад уладаю Масквы»57.

Выключная роля ў легендарных радаводах князёў Друцкіх надавалася паходжанню роду ад вялікіх князёў кіеўскіх. Звычайна даследнікі звяртаюць увагу на легендарнае паведамленне беларуска-літоўскіх летапісаў пра паходжанне гэтага слыннага роду ад вялікага кіеўскага князя Дзмітрыя, які ўцёк з Кіева ў часы мангольскага нашэсця ды заснаваў Друцк: «[...] повстал цар Батыи и пошол на Рускую землю, и всю Рускую землю звоевал, и князеи руских постинал, а иншых у полон вывел, и столец всее Руское земли город Киев зъжог и пуст учынил. А князь великии киевскии Дмитр, боечыся великое силы и моцы его, збег с Киева до города Чернигова, и потом доведался, што город Киев сожжон и вся земля Руская спустошона. И слышал, иж мужыки мешкають без господара а зовутся дручане. И он, собравшыся з людми своими, и пошол ко Друцку, и землю Друцкую посел, и город Друческ зарубил, и назвался великим князем Друцким»58. Акрамя гэтага агульнавядомага сюжэту легендарнага радаводу Друцкіх, намі знойдзены надзвычай цікавы варыянт родавай легенды, які паходзіць з XVII ст. Тут радавод Друцкіх выводзіцца непасрэдна ад Уладзіміра Святаслававіча, які называецца першым друцкім князем: «Тут свеціць як ясны месяц Уладзімір Друцкі, Чорнай і Белай Русі адзінаўладца і князь кіеўскі [...] У год 980 Уладзімер з Друцку хрост святы прыняўшы (каб памяткі хросту святога з памяці сваёй і патомства не зніклі, за герб крыж або месяц крыжовы з чатырма паўмесяцамі прыняў), каторы шмат цэркваў набудаваў і оныя гойна і багата надаў»59.

Ад вялікіх князёў кіеўскіх выводзіліся і князі Агінскія, што лічылася бясспрэчным у моўна спаланізаваным асяродку каталіцкай беларускай шляхты нават у 1680-я гг. Пра гэта сведчыць інтэрмедыя 1689 г. на герб Агінскіх Брама, створаная і пастаўленая маладымі шляхцічамі — навучэнцамі менскай езуіцкай калегіі ў гонар свайго фундатара канцлера ВКЛ князя Марцыяна Агінскага. Менавіта ад «Глеба і Барыса, княжат рускіх, мучанікаў Хрыстовых» па прамой лініі, як сцвярджалася ў інтэрмедыі, паходзяць князі Агінскія, а іхны герб Брама — родавы герб, атрыманы ў спадчыну ад святых князёў. Менскія шкаляры скарысталі для інтэрмедыі сюжэт з «Аповесці мінулых гадоў» пра забойства Святаполкам высакародных продкаў дома Агінскіх. З інтэрмедыі вынікае, што і князі Агінскія, і князі Друцкія паходзяць ад «Святога Уладзіміра Адзінаўладцы Рускага»60. На польскай мове з падмосткаў школьнага тэатра ажывала кіеўская гісторыя, якая ў гэты час яшчэ была «сваёй» і для Марцыяна Агінскага, і для маладых езуіцкіх шкаляроў. Усе яны ўжо размаўлялі па-польску і былі каталікамі, але іхная гістарычная памяць не дазваляла забыцца на свае этнічныя карані ды папярэднюю канфесійную прыналежнасць.

Насуперак канфесійным канфліктам першай паловы XVII ст. тагачасныя праваслаўныя беларусы дэманстравалі дзяржаўны патрыятызм. Паказальная пазіцыя гараджанаў Віцебска і Магілёва ў часы Смаленскай вайны. Віцябчане ў 1633 г. атрымалі ад Уладыслава IV прывілей на вяртанне магдэбургскага права (страчанага ў выніку забойства Язафата Кунцэвіча) як узнагароду за вайсковыя дзеянні супраць маскоўскай арміі. «Але так як у час нашэсця непрыяцеля-маскавіціна на дзяржавы нашыя жыхары гэтага горада выпрабоўвалі вялікімі небяспекамі сваё жыццё і шматкроць грамілі ворага, выратавалі як сам горад Віцебск, так і межы дзяржавы нашай ад яўнай небяспекі і перадалі нашаму гетману Вялікага Княства Літоўскага шмат палонных і сцягоў, аб якой іх мужнасці і адвазе на ўсялякія небяспекі дастаткова засведчыў нам [...] віленскі ваявода, польны гетман Крыштаф Радзівіл»61. Не менш вызначыўся ў гэтай вайне і другі цэнтр барацьбы за праваслаўе ды супраць уніі ў гістарычнай Белай Русі — Магілёў. У 1633 г. «Уладыслаў IV вызваліў законам горад Магілёў ад жаўнерскіх пастояў, а гэта за дапамогу з горада гарматамі, порахам, кулямі, рознай амуніцыяй, а найбольш харчамі, для здабывання Смаленска»62.

Крывавы «Патоп» 1654—1667 гг. падзяліў беларускае грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў маскоўскай улады. Але нават на першым этапе вайны Аляксей Міхайлавіч не дачакаўся адназначнай падтрымкі праваслаўным насельніцтвам Беларусі. Здача гарадоў была абумоўлена шмат якімі фактарамі, але найперш — немагчымасцю атрымаць дапамогу, усведамленнем безвыходнасці сітуацыі. Тым не менш Смаленск бараніла не толькі войска ды шляхта, але і гараджане. Прыклады надзвычайнай трываласці прадэманстраваў Стары Быхаў63.

Спробы перамоваў эліты ВКЛ з Масквой аб аб’яднанні на ўмовах уніі, як вядома, не далі плёну64. Але сам факт перамоваў сведчыць, што найважнейшым для магнатаў і шляхты было захаванне цэласці Княства, дзеля чаго было магчыма ахвяраваць хаўрусам з Польшчай, што ўрэшце і зрабіў Януш Радзівіл у Кейданах у 1655 г. на карысць уніі са Швецыяй. Прысяга на вернасць маскоўскаму манарху таксама была выклікана ўсведамленнем безвыходнасці становішча — уся шляхта ВКЛ у зоне маскоўскай акупацыі прысягнула на вернасць цару, канфесійная прыналежнасць істотнай ролі ў гэтым выпадку не адыгрывала65.

Вядома шмат прыкладаў, калі праваслаўнае брацкае духавенства, праваслаўная шляхта ратаваліся ўцёкамі ад войскаў Аляксея Міхайлавіча. Вельмі цікавая крыніца — тэстамент 1662 г. Якава Палікарповіча, аршанскага праваслаўнага пратапопа. Гэты дакумент хутчэй нагадвае міні-дыярыуш ды заслугоўвае асобнай публікацыі66. Зараз звернемся толькі да ўспамінаў святара аб ваенным ліхалецці. Набліжэнне да Оршы маскоўскіх ратнікаў у Якава Палікарповіча захаплення не выклікала: «[...] уносячы здоровъе свое от рук непрыятельских московских запровадилем был всю убогую маетность в Старый Быхов». У абложанай фартэцыі аршанскі пратапоп перахоўваў не толькі ўласную маёмасць, але і ўратаваныя ім з аршанскай брацкай царквы каштоўнасці, кнігі і архіў. Пасля захопу Быхава ўсё гэта было разрабавана: «[...] за взятем тогож Старого Быхова през неприятелей московских тоеж моее розное маетности на золотых пятнадцат тысяч взяли [...] и аппараменты церкви брацкое Оршанское. То ест ризки двое злочоные, евангелие среброное опракос, кадильница сребреная и келихов два серебреных [...] крест злоцистый с каменями. А вси аппараменты церковные тогож братства оршанского з розными справами на розных людей и кредиторов мне служачым з записами, декретами, протестациями и листами заручными ест побрано»67. Аршанка Ганна Камар у 1655 г. уцякла «ад непрыяцеля, сучаснай няшчаснай вайны з Масквіцінам, з маетнасці маёй, дому, названага Камароў, у павеце Аршанскім лежачага, у краі Літоўскія, аж на Падляшша, да ваяводства Берасцейскага». Далёка ад дому, адчуваючы набліжэнне смерці, адно прасіла яе «пахаваць [...] дзе найбліжэй царквы, а калі пры царкве не маглі свяшчэнніка, Благачэсція будучага, да пахавання цела дастаць, хоць праз уніяцкага»68.

Тастамант мсціслаўскага шляхціча Аляксандра Варанца (1659) дэманструе здзіўляючую адданасць гэтага чалавека Рэчы Паспалітай. Шчыры праваслаўны, ахвяруючы грошы на праваслаўныя храмы і шпіталь, канаў ад ранаў, атрыманых у час другой маскоўскай аблогі Мсціслава: «[...] я, Александр Григорович Воронец, будучи тут, в замку Мстиславском в так тежком облеженю от неприятеля московского, будучи постреленым на вылезце з замку Мстиславского от того ж неприятеля московского». Адыходзячы на той свет, ён згадваў нешчаслівы лёс сваёй сястры: «[...] которая сестра моя, при взятю першом трубецком замку Мстиславском от неприятеля Московского Трубецкого через меч в полон взята», ды патрабаваў, каб («если бы пан Бог з ласки своей светое онаю з неволи вызволит рачыл») ёй была вернута спадчынная ўласнасць69.

Асабістая трагедыя праваслаўнай шляхоцкай сям’і паўстае з тастаманту мсціслаўскае шляхцянкі Ганны Безвадзіцкай: «[...] маетнасць мужа майго, пана Васіля Безвадзіцкага засталася мне асірацелай праз няшчасце ад нашэсця непрыяцеля-маскаля. Бо, калі ў тысячным шэсцьсот пяцьдзесят чацвертым годзе вераломны непрыяцель маскаль пад правадырствам князя Трубяцкога з вялікай моцай апанаваў замак Мсціслаўскі, тады муж мой, пан Васіль Безвадзіцкі, баронячы з усімі замак Мсціслаўскі, быў пасечаны і забіты тым жа непрыяцельскім войскам, а сын наш, Ян Васілевіч Безвадзіцкі, забраны ў няволю маскалямі»70.

Падобны лёс напаткаў зямяніна Івана Дурасевіча, шклоўскага праваслаўнага братчыка. У сваім тастаманце (1679) ён ахвяраваў вялікія сумы на цэрквы Шклоўшчыны і шпіталі, даручаў дачцэ Пелагеі і зяцю Міхаілу Багданавічу Дварэцкаму пахаваць яго цела «ў цэркві Брацкай Васкрасенскай [...] у месце Шклове стаячай [...] парадкам і абрадам рэлігіі праваслаўнай Грэцкай, не ў уніі будучай», ды са скрухай згадаў: «[...] вядома добра Пану Богу і ўсім людзям, што ўся мая субстанцыя падчас інкурсіі Маскоўскай з дзеткамі маімі ад першага шлюбу да сталіцы Маскоўскай заправоджана і там усё згінула, а самі з паветра ў Казані памерлі»71.

Палітыка Масквы на беларускіх землях, сталыя рабаўніцтвы і гвалт прыводзілі да страты лаяльнасці да Расіі нават тымі, хто першапачаткова яе меў. Пра гаротны лёс Полаччыны ці не найбольш эмацыйна выказаўся праваслаўны архіепіскап полацкі і віцебскі Каліст у гнеўным лісце да расейскага ваяводы Полацка Івана Хаванскага (1661). Часы маскоўскай акупацыі для Полацкага ваяводства, паводле архіепіскапа, што прысягнуў на вернасць цару, сталіся Галгофай! Бо праваслаўныя беларусы дачакаліся ад аднаверцаў «[...] хищения волчага, лисия хитрости, досада братия, грабления казацкага, узения разбойническая, мучительскага томления; словом овьемля, людскими телесы питаше, кровию и слезами вдовиц питие [...] клевета, хищения, мучительства и убийства, во граде, в весе, на пути и в лесах и на поли [...] плач и слезы, на всяком месте проливаются»72. У выніку гэтага на занятых тэрыторыях выбухнула партызанская вайна, у якой бралі ўдзел і шляхта, і сяляне, а на апошнім этапе вайны дайшло да серыі антымаскоўскіх гарадскіх паўстанняў73.

ВЫСНОВЫ

1) У XIV—XVII стст. насельніцтва і беларускіх, і ўкраінскіх земляў разглядала гістарычную спадчыну першай Кіеўскай дзяржавы як «сваю», хоць далейшая інтэрпрэтацыя гістарычнага працэсу ў дзвюх версіях істотна рознілася (маецца на ўвазе XVII ст.), што знайшло сваё адлюстраванне ў першую чаргу ў ацэнцы ВКЛ і казацкага руху.

2) Для насельніцтва Беларусі быў характэрны дзяржаўны патрыятызм, устойлівае ўспрыманне ВКЛ як «сваёй» дзяржавы. Нават у сярэдзіне XVII ст. праваслаўныя жыхары Беларусі, нягледзячы на востры канфесійны антаганізм, працягвалі трактаваць ВКЛ, Рэч Паспалітую як «сваю» дзяржаву (адрозна ад украінцаў, казацкая старшына якіх выступіла ў гэты час з уласнай дзяржаўна-палітычнай праграмай)74.

Успрыманне «Кіеўскай» і «Літоўскай» спадчыны як «сваёй» гістарычнай мінуўшчыны ў свядомасці народу злучалася ў адно цэлае, што найбольш красамоўна знайшло адлюстраванне ў беларускай песні, дайшоўшай да нас у запісах XIX ст. Яе крыніцай была апакрыфічная «Иерусалимская беседа». У тэксце беларускага варыянту гэтай песні паўстаюць злучаныя ў адну асобу два ці не самыя велічныя гістарычныя персанажы «кіеўскай» і «літоўскай» эпохаў — Уладзімір Святаслававіч і Вітаўт Кейстутавіч75.

3) Менавіта ў XVI — першай палове XVII ст. аформіліся зыходныя архетыпы ўсіх важнейшых канцэпцыяў генезы ВКЛ, якія пазней былі ўвасобленыя ў нацыянальных гістарычных канцэпцыях кожнага з народаў — прэтэндэнтаў на спадчыну дзяржавы. У пэўных мадыфікацыях яны дажылі да сённяшняга дня. Гэта тычыцца як уласна літоўскай, монацэнтрычнай версіі, дзе толькі літоўцы выступаюць творцамі дзяржавы, гэтак і кампраміснай, агучанай у помніках дзяржаўнага летапісання ВКЛ XVI ст. У апошняй, з аднаго боку, паказвалася выключная роля ў стварэнні дзяржавы літоўскіх князёў і знаці, з другога, падкрэсліваўся пераважна мірны характар уваходжання земляў Беларусі ў склад ВКЛ. Да яе шчыльна прымыкала і ўласна беларуска-ўкраінская версія, неаднаразова агучаная ў помніках палемічнай літаратуры першай паловы XVII cт., дзе сцвярджаўся цалкам добраахвотны характар уваходжання Русі ў склад ВКЛ ды гарантаваны прывілеямі вялікіх князёў літоўскіх прававы статус, які ў дзяржаве мела «руская» царква і «руская» эліта76.


ЗАЎВАГІ

1 Приселков М. История русского летописания XI—XV вв. — Ленинград, 1940. — С. 49, 55—56, 72—73; Ісаевіч Я. Україна давня і нова. — Львів, 1996. — С. 23.

2 Лихачев Д. Русские летописи и их культурно-историческое значение. — Москва—Ленинград, 1947. — С. 205.

3 Цытуецца паводле: Грушевський М. Нарис історії Київськоi землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. — Київ, 1991. — С. 512.

4 Чамярыцкі В. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. — Мн., 1969. — С. 47—48, 183—184, 188.

5 Улащик Н. Введение в изучение Белорусско-Литовского летописания. — Москва, 1985. — С. 27.

6 Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 35. — Москва, 1980. — С. 30—31, 52.

7 Suchocki J. Formowanie się i skład narodu politycznego w Wielkim Księstwie Litewskim póżnego średniowiecza. // Zapiski historyczne. T. XLVIII. Z. 1—2. 1963. S. 31—77; Kłoczowski J. Młodsza Europa. — Warszawa, 1998. — S. 452.

8 Живописная Россия. Т. 3, ч. 2. — Мн., 1993. — С. 290—293; Галубовіч В. Перыядызацыя як праблема гістарыяграфіі Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 7. — Гродна, 2002. — С. 5.

9 Пашуто В. Образование Литовского государства. — Москва, 1959. — С. 75—76; Флоря Б. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во второй половине XVI — начале XVII в. — Москва, 1978. — С. 20.

10 Цытуецца паводле: Соловьев С. Сочинения. Кн. III. Т. 5—6. — Москва, 1989. — С. 556.

11 Флоря Б. Русь и «русские» в историко-политической концепции Яна Длугоша // Славяне и их соседи. Этнопсихологические стереотипы в средние века. — Москва, 1990. — С. 16—28.

12 Дмитриева Р. Сказание о князьях владимирских. Москва—Ленинград, 1955. — C. 86—100, 145, 178; Подобедова О. Миниатюры русских исторических рукописей русского лицевого летописания. — Москва, 1965. — С. 112—115.

13 Zachara-Wawrzynczyk. M. Geneza legendy o rzymskim Pochodzeniu Litwinów. // Zeszyty Historyczne. T. III. — Warszawa. 1963. — S. 5—35.

14 Беларускія летапісы і хронікі. — Мн., 1997. — C. 106, 124.

15 Цытуецца паводле: Юзефович Л. Как в посольских обычаях ведется... — Москва, 1988. — С. 26.

16 Пашуто В. Образование Литовского государства. С.71; Улащик Н. Введение в изучение Белорусско-Литовского летописания. — Москва, 1985. — С. 152—154.

17 Улащик Н. Введение в изучение Белорусско-Литовского летописания. С. 155; Капыскі З. Беларуска-літоўскія летапісы XV—XVI стст. як помнікі гістарычнай думкі. // Весці Акадэміі навук. Серыя грамадскіх навук. № 4. — Мн., 1986. — С. 80—87.

18 Улащик Н. Введение в изучение Белорусско-Литовского летописания. С. 143, 150—156, 159, 167; Филюшкин А. К вопросу о редакциях белорусско-литовских летописей (в связи с развитием легенды о Палемоне) // Старонкі гісторыі Магілёва. — Магілёў, 1998. — С. 41—50; Пазднякоў В. Палемон // БГЭ. Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 384.

19 Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum. Зборнік навуковых прац. — Баранавічы, 2002. — С. 29—44.

20 Русская историческая библиотека (далей — РИБ.) T. VI, ч. 1. — Спб., 1880. — Сл.76; Chodynicki K., Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska. — Warszawa, 1934. — S. 13.

21 ПСРЛ. Т. 35. С. 92, 130, 147.

22 Мыльников А. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. — Санкт-Петербург, 1999. — С. 238.

23 РИБ. Литовская Метрика. Книги публичных дел. Т. 30, отделы 1—2, ч. 3. Т. 1. — Юрьев, 1914. — С. 259.

24 Величенко С. Володарі і козаки: Заміткі до проблеми історичної легітимності і тяглости в українской істориографії XVII—XVIII стст. // Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Т. 1. — Київ, 1992. — С. 117—121.

25 Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян. — Москва, 1994. — С. 86—87.

26 Свяжынскі У. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага // METRICIANA. Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. I. — Мн., 2001. — С. 112.

27 Рогов А. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения. — Москва, 1966. — С. 36—37.

28 Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVII w. — Warszawa, 1970. — S. 70—72.

29 Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódska i wszystkiej Rusi. ?. 1. — Warszawa, 1846. — S. 202, 216, 217, 219—221, 233, 234.

30 Творогов О. Древнерусские хронографы. — Ленинград, 1975. — С. 200—201.

31 Карскі Я. Беларусы. — Мінск, 2001. — С. 553—561.

32 Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. — Мн., 1975. — С. 89.

33 Мыльников А. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности. XVI — начало XVIII века. — Санкт-Петербург, 1999. — С. 336—337.

34 Грыцкевіч А. Палітычнае становішча Беларусі ў эпоху Скарыны // Спадчына Скарыны. Зборнік матэрыялаў першых скарынаўскіх чытанняў (1986). — Мн., 1989. — С. 21—29; Suchocki J. Formowanie się i skład narodu politycznego w Wielkim Księstwie Litewskim póżnego średniowiecza. S. 31—77.

35 Думин С. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское). // История Отечества: люди, идеи, решения. Очерки истории России IX — начала XX века. — Москва, 1991. — С. 77—78, 120, 124—125; Думін С. Пра вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. // З гісторыяй на «Вы». Вып. 1. — Мн., 1991. — С. 28—35. Кромм М. Меж Русью и Литвой. — Москва, 1995. — С. 114—118, 183—190, 198—199, 219; Граля Г. Прадзяржаўнае веравызнанне? Долі й нядолі «грэцкай веры» ў Вялікім Княстве Літоўскім // Альтэрнатыўная Гісторыя. Беларуска-польская сустрэча. — Варшава, 2001. — С. 15—23; Jablonowski H. Westrussland zwischen Wilen und Moskau. — Leiden, 1955. — S. 132.

36 Кромм М. Православные иерархи между Вильно и Москвой (смоленский епископ Варсанофий: 1509—1514 гг.) // Наш Радавод. Кн. 4, ч. 2. — Гродна, 1992. — С. 262—266.

37 Lietuvos Metrika (1499—1514). Kn. № 8. Uzrasumu knyga 8. Vilnius, 1995. Литовская метрика (1427—1506). Кн. зап. № 8. — Вильнюс, 1995. — C. 172, 200—201, 329, 358—359; Lietuvos Metrika (1518—1523). Kn. № 11. Uzrasumu knyga 11. Vilnius, 1997. Литовская метрика (1518—1523). Кн. зап. № 11. — Вильнюс, 1997. — С. 101,102; Lietuvos Metrika (1522—1530) 4-oji Teismu bylu knyga. Vilnius, 1997. Литовская метрика (1522—1530). 4-я кн. Судн. Дел. — Вильнюс, 1997. — С. 356, 394, 396.

38 Беларускія летапісы і хронікі. С. 180; Lietuvos Metrika (1522—1530). 4-oji Teismu bylu knyga. Vilnius, 1997. Литовская метрика (1522—1530). 4-я кн. Судн. Дел. — Вильнюс, 1997. — С. 170.

39 ПСРЛ. Т. 35. С. 126—127.

40 Думин С. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское). С. 121.

41 Янушкевіч А. Вайна і грамадства: адносіны насельніцтва паўночна-ўсходняга памежжа ВКЛ да палітыкі дзяржаўнай улады ў перыяд Інфлянцкай вайны 1558—1570 // Castrum, urbis et bellum. С. 415—421.

42 Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (1544). Кн. зап. № 44. — Мн., 2001. — С. 95—99, 101.

43 Канановіч У. Інфармацыйна-выведная служба ў Вялікім Княстве Літоўскім у познім сярэднявеччы // Castrum, urbis et bellum. С. 195—218.

44 Lietuvos Metrika (1566—1574). Kn. № 51. Uzrasumu knyga 51. Vilnius, 2000. Литовская метрика (1566—1574). Кн. зап. № 51. — Вильнюс, 2000. — С. 160—161.

45 Тамсама. С. 164.

46 Акты Виленской археографической комиссии (далей — АВАК.) Т. VIII. — Вильна, 1875. — С. 44—45.

47 Косов С. Патерикон. Киев, 1635. Арк. 3. // Музей книги Российской государственной библиотеки (далей — МК РГБ).

48 Торжественник XV ст. // Отдел рукописей Российской государственной библиотеки. (далей — ОР РГБ), ф. 256, № 435, л. 395; Пролог XVI ст. // ОР РГБ, ф. 256, № 325, л. 746 обр. — 749; Служебник униатский. Гомель. 1768. // ОР РГБ, ф. 256, № 404, л. 608—609.

49 Сагановіч Г. Царкоўная вунія 1596 г. і пытанне нацыянальнай тоеснасці беларусаў у XVII ст. С. 353—357; Яковенко Н. Українска шляхта з кінця XIV до середини XVII ст. С. 77.

50 РИБ. Т. 4. Сл. 883, 1032.

51 Иконников В. Опыт русской историографии. Т. 2. Кн. 2. — Киев, 1908. — С. 1545—1549, 1561—1597; Величенко С. Володарі і козаки: Заміткі до проблеми історичноi легітимності і тяглости в украінской істориографіi XVII—XVIII стст. С. 117—121; Толочко О. «Русь» очима «Украiні»: в пошуках самоідентифікаціi та континуiтету // Сучасність. 1994. Ч. 1. С. 111—117; Момрик А. Біблійна генеалогія в етногенетичних концепціях польских та українських хронїстів // Mediaevalika Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Т. 5. — Київ, 1998. — С. 111—117; Яковенко Н. Паралельний світ. Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI—XVII ст. — Київ. 2002. — C. 270—295.

52 Чамярыцкі В. Вялікая Хроніка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — С. 437.

53 ПСРЛ. Т. 32. С. 17, 118, 214.

54 Старостенко В. «Лабиринт» Фомы Иевлевича. — Могилев, 1998. — С.15—16.

55 Голенченко Г. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. — Мн., 1989. — С. 129—130.

56 РГАСА, ф. 381, воп. 1, адз. зах. 389, арк. 4—10; ф. 381, воп. 1, адз. зах. 390, арк. 95.

57 Беларускія летапісы і хронікі. С. 259—260, 284—285, 300.

58 ПСРЛ. Т. 35. С. 146.

59 Ginkiewicz M. Kazanie na pogrzebie dobrey pamieci iey mości P. P. Zofiey z Drucka Lybeckiey Pawłowey Laskowskiey. — Wilno, 1649. — Арк. 17, 17 адв. // РГАДА, БМСТ/ИН № 2642.

60 Brama tryumfalna Bogu w. n. sakramencie utaionemu w S. S. swych Hlebie y Borzsie trzumfuiącemu... Vilna, 1689. Apk. 1. адв. // МК РГБ.

61 Витебская Старина. Т. 1. — Витебск, 1883. — С. 113.

62 Беларускія летапісы і хронікі. С. 289.

63 Археографический сборник документов. Вильна, 1908. Т. XIV. С. XXIX; АВАК. Т. IV. С. 47; Ткачоў. М. Замкі і людзі. — Мінск, 1991. — С. 82—84.

64 Мальцев А. Россия и Белоруссия в середине XVII века. — Москва, 1974. — С. 143—146.

65 Памятники истории Восточной Европы. Крестоприводная книга шляхты Великого Княжества Литовского 1655 г. Т. IV. Москва—Варшава, 1999.

66 Аўтарам рыхтуецца да друку даследаванне «Магілёўскія тэстаменты як гістарычная крыніца».

67 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 1817, воп. 1, адз. зах. 24. Актавая кніга Магілёўскага магістрата. 1662 г., арк. 544 адв.

68 Историко-Юридические материалы (далей — ИЮМ). Вып. XXVI. — Витебск, 1895. — С. 390—392.

69 ИЮМ. Вып. XXVIII. — Витебск, 1900. — С. 127.

70 Тамсама. С. 139—140.

71 ИЮМ. Витебск, 1895. Вып. XXVI. С. 375—377.

72 РГАДА, ф. 381, воп. 1, адз. зах. 390, арк. 38.

73 РГАДА, ф. 144, воп. 2, адз. зах. 109. Дело о подавлении восстания полоцкой шляхты, посылка против них войск, распросные речи взятых языков. Декабрь1658 г. — апрель 1659 г., арк. 1—207; Мальцев А. Россия и Белоруссия в середине XVII века. С. 196—217 ; Ткачоў. М. Замкі і людзі. С. 145; Мялешка В. Войны сярэдзіны XVII ст. // Нарысы гісторыі Беларусі. — Мінск, 1994. — С. 210—211, 216—228; Сагановіч. Г. Невядомая вайна. — Мінск, 1995. — С. 103—104; Гардзееў М. «Под час небеспеченства от Москвы...» // Т. 6. Сш. 1—2. БГА. — Мн. 1999. — С.202—221.

74 Флоря Б. Отношение украинского казачества к Речи Посполитой во время казацких восстаний 20—30-х годов XVII века и на начальном этапе народно-освободительной войны. // Славяноведение. № 2. — Москва, 2002. — С. 36—51.

75 Карскі Я. Беларусы. С. 567.

76 Голенченко Г. Идейные и культурные связи восточнословянских народов в XVI — середине XVII в. С. 196—197.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія