БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
СПАДЧЫНА № 5-6/2002

Праваслаўная царква ў жыцці ўкраінцаў і беларусаў 
паміж Люблінскай і Берасцейскай уніямі
(1569—1596)

Міхаіл ХАРЫШЫН
(Кіеў—Мінск)

У 1569 г. у Любліне адбылося аб’яднанне Польскага каралеўства й Вялікага Княства Літоўскага ў адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Пры гэтым былі праведзены тэрытарыяльныя змены. Згодна з соймавымі пастановамі ад Літвы, якая захоўвала аўтаномію, да Польшчы адышлі Падляшша, Валынь, Брацлаўшчына, Падолле й Кіеўшчына. Разам з раней далучанымі Галіччынай і Холмшчынай яны стваралі Рускае, Белзскае, Падольскае, Валынскае, Брацлаўскае, а з 30-х гадоў ХVІІ ст. і Чарнігаўскае ваяводствы.

Люблінская унія па-рознаму ацэньвалася даследнікамі й палітычнымі дзеячамі. І. Агіенка (мітрапаліт Іларыён) лічыў 1569 г. «найтрагічным годам нашае гісторыі»1. На думку тагачасных польскіх дзяржаўных дзеячоў, у Любліне адбылося «ўз’яднанне часціны са сваім цэлым, члена са сваім целам і галавою»2. М. Грушэўскі разглядаў Люблінскія пастановы толькі як «далучэнне ўкраінскіх земляў да Польшчы». Паслялюблінскі перыяд вучоны расцэньваў як частку культурна-палітычнага наступу Польшчы, перабудову ўкраінскага грамадскага ладу на польскі ўзор»3. Рух польскай шляхты М. Грушэўскі параўноўваў з «каланізацыйным паходам», паклаўшы гэтую ацэнку ў аснову сваіх меркаванняў.

У савецкай гістарыяграфіі Люблінскі акт трактаваўся як «захоп» ці «прымусовае прыяднанне» Украіны, каланіяльная акупацыя з поўным каланіяльным падпарадкаваннем усіх сфераў украінскага жыцця Польшчай4. Люблінская унія, на думку даследнікаў, дазволіла Ватыкану здзейсніць духоўную экспансію на ўкраінскія землі5.

Супрацьлеглую пазіцыю займаюць некаторыя сучасныя ўкраінскія навукоўцы. У прыватнасці, Н. Якавенка лічыць, што Люблінская унія з прававога пункту гледжання была актам цалкам парламентарным, таму вызначэнне яе як «захопу» не мае пад сабой ні юрыдычных, ні лагічных падставаў. Ніякай каланізацыі ўкраінскага народу, на думку вучонай, «насамрэч не было». «Гістарыяграфічны міф пра татальны каланізацыйны паход польскага этнічнага элементу на Украіну, — сцвярджае яна, — пры бліжэйшым разглядзе аказваецца памылкаю, якая ўзяла пачатак з-за недастатковага вывучэння персаналіяў украінскай шляхты»6.

Бальшыня замежных украінскіх даследнікаў лічыць паўнійны (1569) рэжым акупацыйным для Украіны. Такой думкі, між іншым, прытрымліваецца амерыканскі вучоны ўкраінскага паходжання В. Жыла. «З польскай акупацыяй на ўкраінскіх землях, — піша ён, — насталі цяжкія часы, таму што польская адміністрацыя не перабірала ў спосабах, а старалася як мага хутчэй здзейсніць свае вялікадзяржаўныя амбіцыі». Дзеля здзяйснення сваіх планаў Польшча найперш імкнулася выкарыстаць царкву. Да гэтага яе актыўна падштурхоўваў ордэн Езуітаў. Даследнік перакананы, што ў выніку працы езуітаў Польская дзяржава, якая яшчэ ў часы Жыгімонта ІІ Аўгуста лічыла сябе найбольш вальнадумнай, а пры ягоных наступніках — Стэфану Баторым і Жыгімонту ІІІ — стала «рэлігійна нецярпімаю і наскрозь...». Пад уплывам езуітаў нянавісць польскіх каталікоў павярнулася супраць пратэстантаў (лютэранаў, кальвіністаў, арыянаў), а таксама праваслаўных, якіх імкнуліся не дапусціць «да вышэйшых пасадаў у дзяржаўных установах»7.

Менавіта езуіты, на думку В. Жылы, «звярнулі асаблівую ўвагу на справу царкоўнай уніі». Разам з тым, Берасцейскую унію 1596 г. даследнік называе «рэвалюцыйнай падзеяй у тагачасным рэлігійным жыцці», якая змусіла праваслаўных «перайсці да барацьбы супраць уніі і заняць цвёрдае кансерватыўнае становішча». Іхная барацьба прывяла «да ўсеагульнага культурнага ўздыму, а самае галоўнае — да ўздыму нацыянальнай сведамасці, што ў выніку адыграла галоўную ролю ва ўкраінскім нацыянальным адраджэнні канца ХVІ і пачатку ХVІІ ст.»8.

Такім чынам, Люблінская унія пачала новы этап у гісторыі ўкраінскага народу. Гэта адносіцца і да праваслаўя, выразнікам і гарантам якога мелася выступаць Кіеўская мітраполія, якая прадстаўляла тады нацыянальную царкву ўкраінцаў і значнае часткі беларусаў.

Што ж уяўляла сабой мітраполія, якімі правамі й прывілеямі яна карысталася, якія працэсы развіваліся ў самой Царкве, сярод праваслаўнага насельніцтва Украіны, Беларусі й усяе Рэчы Паспалітай? Зразумела, што дэталёва абазначыць яе тагачасныя межы практычна немажліва. Замест гэтага паспрабуем вызначыць пункты польска-літоўскай дзяржавы, паміж якімі знаходзіліся ўладанні Царквы. На захадзе краіны Кіеўская мітраполія прасціралася да мястэчка Яблычна і Берасця (Берасцейскае ваяводства), падыходзячы такім чынам да самое сталіцы Рэчы Паспалітай — Варшавы. На паўночным захадзе яна прасціралася да Вільні, Трокаў і Коўна (Віленскае ваяводства). На паўночным усходзе ўладанні мітраполіі сягалі Віцебску і нават трохі далей9. На ўсходзе дзяржавы ў яе склад уваходзілі ўласна ўкраінскія землі («казацкая Украіна»), асноўную частку якіх складала мітрапаліцкая епархія10. Гаворачы пра епархіі, неабходна адзначыць, што колькасць перыядычна змянялася і на працягу часу іх было ўсяго дзесяць: 1. Кіеўская (мітрапаліцкая); 2. Бранская ці Чарнігаўская; 3. Уладзімір-Валынская; 4. Луцкая; 5. Холмская; 6. Галіцка-Львоўская; 7. Перамышльская; 8. Смаленская; 9. Полацкая; 10. Тураўская11.

Як бачым, Кіеўская мітраполія распаўсюджвала дзейнасць не толькі на ўкраінскія, а і на значную частку беларуска-літоўскіх земляў, насельніцтва якіх у сваёй бальшыні было праваслаўным. Не ўлічваць гэтых абставінаў польскі ўрад, зразумела, не мог. Таму ў сваіх прывілеях, жалаваных [граматах. — Рэд.] «абывацелям» прылучаных ваяводстваў, неаднаразова падкрэслівалася, што на іх і далей распаўсюджваюцца ўсе законы Літоўскага статуту (акрамя тых, што супярэчылі існуючаму польскаму заканадаўству), а разам «са старымі звычаямі і правамі» надаюцца «вольнасці і свабоды Кароны ў адпаведнасці з станам, становішчам і маёмасцю кожнага». Апроч таго, ім надавалася права, калі неабходна, змяняць, а то і зусім адмяняць цэлыя артыкулы Статуту. Кароль «уладай уласнай і сойму» абяцаў пацвярджаць змены. Справаводства, акрамя «справаў, якія датычыліся магдэбургскага права альбо іншых правоў згодна са звычаем каронным караля і двара прызначаных» павінны былі і надалей «быць пісаны ніякай іншай мовай, як толькі рускай» (гэта значыць, мовай украінцаў і беларусаў)12.

Украінская, а таксама і беларуская праваслаўная шляхта, якая жыла менавіта на прасторах тадышняе Польскае Кароны, ураўноўвалася ў правах з каталіцкай і мела магчымасць браць удзел у кіраванні дзяржвай, між іншым, праз паноў-рады. Дзяржава брала абавязак «усе вольныя пасады і званні надаваць абывацелям аселым, шляхоцкага стану». Набытыя раней князямі й «іншымі жыхарамі ды іхнымі нашчадкамі як рымскага, так і грэцкага веравызнання, годнасці і становішча зберагаюцца».

Наконт Праваслаўнае Царквы дзяржава брала на сябе абавязак «як рымскага, так і грэцкага веравызнання не прыніжаць, не абмяжоўваць і цалкам зберагаць»13. У грамаце караля Жыгомонта ІІ Аўгуста Кіеўскаму мітрапаліту Іаану ІІІ Пратасовічу гаварылася, што ўладыка мусіць і надалей кіраваць Праваслаўнай Царквою ў Рэчы Паспалітай і пастаўляць ёй, адпаведна звычаю, епіскапаў, архімандрытаў, ігуменаў14. Права і прывілеі Праваслаўнае Царквы шматкроць пацвярджаліся польскімі каралямі15. Пра прывілеі Царквы і духавенства гаварылася ў грамаце мітрапаліту Анісіфару Дзевачцы караля С. Баторага16. Аб правах Кіеўскай мітраполіі нават у 1595 г. пісаў у сваіх лістах і кароль Жыгімонт ІІІ17. Непрыхільны да праваслаўя, ён, аднак, у гэтым жа годзе падпісаў прывілей пра ўраўнанне правоў праваслаўнага духавенства Рэчы Паспалітай з каталіцкім і змацаваў яго пячаткай18. Ніводзін з польскіх манархаў у першыя дзесяцігоддзі пасля 1569 г. не парушыў прывілей свайго папярэдніка караля Жыгімонта І Старога, у якім, між іншым, гаварылася: «Усе члонкі, каторыя выпісаны суть у світку правоў дахоўных іх Закону Грэцкага, гэтым нашым лістом пацвярджаем то ўсё на вечнасць»19.

Такім чынам, Люблінскай уніяй і прынятымі пасля яе пастановамі юрыдычна замацоўваліся правы і прывілеі Кіеўскай мітраполіі і гарантавалася свабода веравызнання. Праваслаўная царква ў прававых адносінах нароўні з каталіцкай станавілася паноўнай у Рэчы Паспалітай.

Але гістарычны аналіз тагачасных падзеяў і дакументаў дае падставы сцвярджаць, што такое становішча Кіеўскай мітраполіі насіла больш фармальны характар, а засілле польскага чынавенства і ўсяго каталіцтва ў сапраўднасці было скіравана на знішчэнне праваслаўя, як галоўнага чынніку рускай народнасці, менавіта ўкраінцаў і беларусаў. На жаль, прадстаўнікі вышэйшага духавенства Кіеўскай мітраполіі не скарысталі сваіх правоў, праявілі пры гэтым згубную для праваслаўя пасіўнасць.

Вядома, што ў той час яшчэ не існавала падставаў для аддзялення Царквы ад дзяржавы. Царква была неад’емным атрыбутам дзяржаўнасці, яе сталым інстытутам. Адштурхоўваючыся ад сярэднявечнага правіла «cujus regio, eujus religio»20, — становіцца зразумелым, што Польшча, як дзяржава каталіцкая, не магла аб’ектыўна доўга цярпець на сваёй тэрыторыі існавання іншай рэлігіі альбо веравызнання, незалежна ад таго, хацеў гэтага кароль і ягоныя аднадумцы ці не. З адыходам украінскіх земляў да Польшчы ва Ўкраіну рынулася шмат польскіх магнатаў. Разам са шляхтаю прыйшлі і размаітыя ордэны, якія пачалі актыўную місіянерскую каталіцкую працу. Сярод іх асабліва вылучаліся дамініканскі, францішканскі й бернардынскі ордэны. Іхныя чальцы, паходжаннем выключна палякі, разам з каталіцызмам пашыралі і паланізацыю. У 1540 г. Каталіцкая Царква заснавала ордэн езуітаў, які сканцэнтраваў выдатныя інтэлектуальныя сілы і ўзяў у свае рукі выхаванне моладзі з дапамогай высокаадукаваных педагогаў у школах розных ступеняў. Запрошаныя ў Польшчу езуіты пасля Люблінскай уніі пашырылі сваю дзейнасць ва Ўкраіне і Вялікім Княстве Літоўскім. Яны адчынілі школы ў Вільні (1570), калегіі ў Яраславе, якія сталі цэнтрам езуіцкай прапаганды ў Галіччыне (1571), Полацку (1579), школы ў Оршы, Любліне, Нясвіжы, Львове, Камянцы, Перамышлі, Вінніцы, Фаставе, Астрозе, Ноўгарадзе-Северскім і іншых месцах21. Амаль уся Украіна пакрылася сеткаю іхных школаў, у якія ахвотна ішлі і дзеці праваслаўных, выносячы адтуль, разам з навукаю, ідэі каталіцызму. Езуіты захоплівалі вышэйшыя асяродкі грамадства, станавіліся настаўнікамі, апекунамі.

У палітычнай сферы ордэн езуітаў стварыў тэорыю адзінства царквы і дзяржавы, звычайна каталіцкай. Адначасова езуіты прапагандуюць ідэю польскага месіянізму: прызначэнне Польшчы быць апірышчам каталіцызму, які б абараняў хрысціянскі свет ад дзікуноў-рутэнаў. Палітыка Польшчы была дакладна вызначана: лацінізаваць і ў той жа час дэнацыяналізаваць Украіну. А для гэтага трэба было знішчыць найперш яе Праваслаўную Царкву. Гэтая задача магла вырашацца трыма шляхамі: 1) ліквідацыяй царкоўна-нацыянальных святыняў і каштоўнасцяў мінулага; 2) падзеннем прэстыжу праваслаўнае царквы; 3) выкліканнем пачуцця сораму за прыналежнасць да гэтае царквы22. Такія ж падыходы тычыліся і праваслаўных беларусаў.

Кіеўская мітраполія вельмі мала ўвагі ўдзяляла адукацыі праваслаўнай моладзі, падрыхтоўцы кадраў для ўкраінскае царквы. У выніку праваслаўная царква значна саступала ў гэтым каталіцкай. Да сярэдзіны ХVІ ст. значна заняпала і праваслаўная літаратура, якая абмяжоўвалася толькі царкоўна-богаслужбовымі кнігамі, а гэтага было ўжо вельмі мала для адукаванага чалавека. Таму вельмі часта ўкраінская і беларуская шляхта мусіла аддаваць сваіх дзяцей у лаціна-польскія школы, а сама карыстацца польскімі выданнямі. Але ні мітрапаліт, ні епіскапы, не гаворачы пра ўрад Рэчы Паспалітай, выпраўляць сітуацыю не збіраліся. Толькі напрыканцы стагоддзя, дзякуючы апецы князя Канстанціна Астрожскага й рэфарматарскай дзейнасці брацтваў, ва Ўкраіну пачалі прыбываць адукаваныя грэцкія духоўныя асобы, вучоныя, багасловы, якія дагэтуль ненадоўга затрымліваліся ў межах Кіеўскай мітраполіі. Толькі ў 80—90-я гады ХVІ ст. астрожскі асяродак пачаў адчувальна ўплываць на развіццё праваслаўнага кнігадрукавання і адукацыі і тым самым прабіваць шлях да царкоўнае рэформы.

На працягу ХVІ ст. занепадаў аўтарытэт і самога мітрапаліта, які працягваў тытулавацца «Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі»23. Гэта выяўлялася найперш у тым, што ўладыка фактычна страціў мажлівасць паўнавартасна кіраваць царкоўнымі справамі. Кароль, выкарыстоўваючы так званае права «надання хлябоў духоўных» і «будучы, — са словаў Стэфана Баторага, — надаўцам і абаронцам усіх касцёлаў і цэркваў»24, г. зн. і тых «добраў», якія належалі Кіеўскай мітраполіі, парушаючы звычаі праваслаўнае царквы і законы, што былі падпісаныя ім самім і ягонымі папярэднікамі, бярэ на сябе абавязак прызначаць (замест папярэдняй практыкі зацвярджаць) епіскапаў на кафедры. Вельмі хутка такое правіла стала нормаю; удзел духавенства, шляхты й іншых міранаў у выбарах архірэяў амаль спыніўся. Права «надавання» ставіла вышэйшую іерархію ў залежнасць ад свецкай улады і рабіла катэдры прадметам спекуляцыяў з боку людзей, якія не мелі на гэтыя катэдры ні маральнага, ні фармальнага права.

Катэдры, як і важнейшыя архімандрыі, надаваліся выключна праваслаўным шляхцічам — свецкім асобам за ваенныя альбо іншыя заслугі. Граматы на епіскапства выдаваліся ў бальшыні выпадкаў папярэдне, з правам заняць катэдру, як толькі яна стане свабоднай. На гэтай глебе часта ўзнікалі злоўжыванні, спрэчкі, барацьба між прэтэндэнтамі, таму што кароль у некаторых выпадках абяцаў адну і тую епархію двум або нават тром асобам. Як правіла, барацьба не абмяжоўвалася толькі словамі, у некаторых выпадках заканчвалася кровапраліццем25. Здабыўшы ўрэшце катэдру, такі намінат пераапранаўся ў расу, на скорую руку высвячаўся і адразу станавіўся епіскапам, прайшоўшы за некалькі дзён усе духоўныя працэдуры.

Правілам стала атрыманне епіскапства ці архімандрыі па пратэкцыі, праз сувязі альбо грошы. Такія людзі, стаўшы епіскапамі, выкарыстоўвалі сваё становішча дзеля паляпшэння асабістага дабрабыту, у бальшыні выпадкаў зусім не займаліся царкоўна-рэлігійнымі справамі. Бывала, калі людзі атрымлівалі епіскапства па пратэкцыі высокапастаўленага дзяржаўнага чыноўніка і не спяшаліся прымаць духоўны сан, а гадамі кіравалі епархіямі, застаючыся свецкімі асобамі. Нават пасля хіратоніі яны і надалей мала чым розніліся ад шляхты і працягвалі захоўваць свецкія звычкі: ездзілі на паляванне, ладзілі банкеты, распуснічалі, рабілі наезды на суседзяў (свецкіх і духоўных) і да т.п. Такіх выпадкаў, як сведчаць дакументы, на працягу ХVІ стагоддзя было нямала. Значныя страты цярпелі і гаспадаркі святароў, разбой і рабункі ахапілі й уладанні кіеўскага мітрапаліта26.

Варта адцеміць, што і мітрапаліты не вельмі розніліся сваімі паводзінамі ад шляхты і падпарадкаваных ім архіерэяў. Рэч у тым, што кароль калі-нікалі зацвярджаў на мітрапаліцкую катэдру не абранага саборам кандыдата, а таго з епіскапаў, які сам прасіў манарха пра «абдорванне хлебам духоўным Кіеўскай мітраполіяй». Які вялікі разлад існаваў у Кіеўскай мітраполіі, відаць з ліста галіцкай шляхты да мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі, у якім, між іншым, пішацца: «Ты сам даеш адкрытыя лісты жыдам супраць Царквы Божае на пацеху ім, і вялікую знявагу нашага святога закона. У святых манастырах замест ігуменаў і братчыкаў жывуць ігумены з жонкамі, дзецьмі і валодаюць і кіруюць цэрквамі Божымі, і з вялікіх хростаў робяць малыя, а з таго, што пададзена ў гонар і ўхвалу Богу, здзяйсняюць святакрадства і вырабляюць сабе паясы, ложкі, злосчасныя пасудзіны для свайго юру; з рыз робяць саяны, з епітрахіляў — бармы. Але найжурботнейшым ёсць тое, што ваша міласць сам адзін пастаўляеш епіскапаў, без нас браціі сваёй, чаго і правілы не дазваляюць. І пры такім незаконным прызначэнні высвечваюцца ў вялікі сан людзі нягодныя, якія на паруганне святога закону, на епіскапскім седбішчы без усялякага сораму жывуць з жанчынамі і раджаюць дзяцей»27.

Распаўсюджанай з’явай таксама было «дваяжэнства», гэта значыць, паўторнае шлюбаванне святара, што забаранялася Праваслаўнаю Царквой. За «дваяжэнства» ў 1589 г. на Тэрнопальскім саборы канстанцінопальскі патрыярх Ерамія пазбавіў катэдры кіеўскага мітрапаліта А. Дзевачку. Гэта мусіла стацца перашкодаю дзеля атрымання духоўнага сану, тым больш епіскапскага. Праўда, на думку М. Грушэўскага, А. Дзевачка быў не горшым за іншых епіскапаў. «Ліхая доля, — пісаў вучоны, — прысудзіла яму быць ахвярным казлом усіх грахоў украінскай іерархіі ХVІ ст.»28.

Акрамя права «надання», якое тычылася царкоўных вярхоў, значную шкоду для Праваслаўнае Царквы прыносіў яшчэ і так званы «патранат» свецкіх людзей над храмамі і манастырамі, які, у сутнасці, быў тым самым «падаваннем» у дачыненні да дробнага духавенства. Узнікшы як спосаб дапамогі цэрквам і манастырам, што лічылася справай гонару кожнага заможнага чалавека, яно паступова стала спадчынным і перадавалася згодна завяшчанню. У асабліва нясцерпныя ўмовы траплялі цэрквы і манастыры, калі іхныя патроны станавіліся каталікамі альбо пераходзілі ў адзін з накірункаў пратэстантызму. У такіх выпадках патранат замест апекі ператвараўся ў пераслед і знявагу праваслаўных святароў і міран, якія знаходзіліся пад вяршэнствам такога патрона. А іх на працягу стагоддзя ўсё большала.

Пра гэта з сумам паведамляў нам сведка тых падзеяў Мялецій Сматрыцкі, аўтар «Трынасу, альбо Плачу Усходняе Царквы». У сваім творы ён змясціў даўжэзны спіс праваслаўных родаў, якія перайшлі ў каталіцызм, а менавіта: князі — Астрожскія, Луцкія, Збаражскія, Заслаўскія, Пронскія, Горскія, Вішнявецкія, Сангушкі, Ружынскія, Саламярэцкія, Масольскія, Сакалінскія, Лукомскія, Пузыні й іншыя; шляхоцкія роды — Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі, Сапегі, Дарагастайскія, Тышкевічы, Гарнастаі, Сямашкі, Гулевічы, Чалганскія, Каліноўскія, Кердзеі, Загароўскія, Багавіціны, Пацеі і іншыя. «Дзе дарагія і аднолькава неацэнныя для кароны каштоўныя каменні — значныя рускіх князёў роды, неацэнныя сапфіры і бясцэнныя дыяменты?», — пытаецца аўтар «Трынаса»29. Украінцы й беларусы гублялі сваю інтэлігенцыю, страчвалі выразную культурную адметнасць. Гэта прыводзіла да таго, што мала хто з прыстойных людзей жадаў высвеціцца ў святарскі сан. Сучаснікі з болем адзначалі, што ў праваслаўныя святары ідзе «людское смецце», галоднае і неадукаванае, тыя, каго хутчэй можна сустрэць у карчме, чым царкве.

На наш погляд, вельмі ўдала ахарактарызаваў становішча Праваслаўнай Царквы канца ХVІ ст. вядомы ўкраінскі даследнік Д. Дарашэнка. «Сама знаходзячыся ў становішчы вялікага бязладдзя, дэзарганізацыі і заняпаду, — пісаў вучоны, — Праваслаўная Царква не магла выконваць як след заданне, якое выпала на яе долю разам са стратаю ўкраінскім народам дзяржаўнасці: падтрымліваць старую духоўную традыцыю, падтрымліваць асвету і пісьменнасць і тым самым зберагаць сваю народнасць»30. Разам з тым, у свядомасці «рускага» народу «руская» вера, праваслаўная вера заставалася сінонімам народнасці; не быць праваслаўным азначала не быць украінцам ці беларусам.

У такі скрутны час з Рыма ад папы прысылаюцца лісты ва Ўкраіну і Літву. Праўда, іх было яшчэ шмат, затое яны насілі дакладна вызначаны характар. З сярэдзіны ХVІ ст. да 1595 г. украінска-беларуская праблематыка ўздымалася ў дзевяці папскіх пасланнях. Шэсць з іх належалі Грыгору ХІІІ і датаваліся 1582—1583 гг. Адно пасланне тычылася адкрыцця Віленскай езуіцкай калегіі, астатнія адрасаваліся ўкраінскім і беларускім магнатам Канстанціну Астрожскаму, ягонаму сыну Янушу Астрожскаму і Юрыю Алелькавічу Слуцкаму. Грыгоры ХІІІ імкнуўся схіліць да сябе наймагутнейшыя магнацкія роды і з іх дапамогаю вырашыць спрэчку паміж праваслаўем і каталіцызмам у Рэчы Паспалітай. У лісце да Юрыя Алелькавіча Слуцкага адкрыта паведамлялася пра аб’яднанне цэркваў31.

Менавіта ў гэты крытычны момант на грамадскую арэну выступае мяшчанства, якое да гэтага часу адыгрывала нязначную ролю ў грамадскім жыцці Украіны. Арганізаванае ў царкоўныя брацтвы, яно энэргічна бярэцца за выратаванне веры, а значыць і народнасці. Гэтаму спрыяла і царкоўная рэформа, праведзеная антыахійскім патрыярхам Іякімам у 1586 г., якая была пацверджаная ды пашыраная ў 1586 годзе канстанцінопальскім уладыкам Ераміем. Рэформа прадугледжвала пераадоленне царкоўнага разладу, што існаваў у Кіеўскай мітраполіі. Для яе паспяховага правядзення брацтвам (найперш Львоўскаму і Віленскаму) надаваліся асаблівыя правы. Акрамя таго, Львоўскае Успенскае брацтва атрымала ганаровы тытул стаўрапігіі й асаблівыя паўнамоцтвы, права нагляду за духавенствам і свецкімі людзьмі, за іх «добрасумленнасцю і маральнасцю». Брацтва атрымлівала імунітэт ад мясцовага ўладыкі і мела кантроль над епіскапскім судом. Зрэшты, усе брацтвы мусілі быць заснаваныя на ўзор львоўскага і знаходзіцца пад ягоным кантролем.

Такія дзеянні патрыярхаў спрыялі ўздыму аўтарытэту і вагі гэтых арганізацыяў у грамадскім жыцці, узнікненню новых і рэфармаванню старых брацтваў на ўсёй тэрыторыі Украіны: у Рагаціне, Львове, Перамышлі, Камарным, Сатаневе, Галічы, Краснаставе, Бельску, Кіеве, Луцку і ў іншых больш-менш знаных гарадах32. Дзейнасць брацтваў, у якія пачалі прымаць і жанчын, як сёстраў, стала надзвычай разнапланавай. Яны выдавалі кнігі, выступалі супраць патранату (калі ён іх не задавальняў), супраць польска-каталіцкае прапаганды, супраць нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў. Братчыкі высмейвалі амаральны лад жыцця пэўных духоўных асобаў, імкнуліся ўплываць на высвячэнне годных пашаны людзей, складалі пратэстацыі, выступалі на судах, абараняючы ў тым ліку і царкоўную маёмасць. У сутнасці, брацтвы сталі адзінымі абаронцамі праваслаўя.

Разам з тым рэформа, праведзеная без уліку традыцыйнага царкоўнага ўкладу, мела і небяспечныя моманты (кантроль брацтваў над духавенствам, а таксама змяншэнне ўлады епіскапаў), якія прывялі ў хуткім часе да негатыўных наступстваў. На гэтай аснове пастаянна ўзнікалі канфлікты, асабліва паміж львоўскім епіскапам Гедэонам Балабанам і «шаўцамі, сядзельнікамі і кажамякамі» Успенскага брацтва, пра што сведчаць шматлікія скаргі мітрапаліту33. Умяшальніцтва львоўскіх братчыкаў у справы епіскапа калі-нікалі даходзіла да абсурду. Гнат Хаткевіч, вядомы ўкраінскі дзеяч і вучоны, сцвярджае, што яны нават хацелі забараніць свячэнне пасак на Вялікдзень, лічачы гэтае дзеянне некананічным. Толькі рашучае ўмяшальніцтва Г. Балабана не дазволіла здзейсніць іхныя намеры34. Брацтва магло не толькі судзіць, караць праваслаўнага, але і адлучаць ад царквы; прычым нават патрыярх не мог адмяніць адлучэння.

Наданне брацтвам новага статусу, адлучэнне канстанцінопальскім патрыярхам з мітрапаліцкай катэдры А. Дзевачкі і хіратанія М. Рагозы, абранага толькі свецкім саборам, і, нарэшце, прызначэнне луцкага епіскапа Кірылы Цярлецкага экзархам канстанцінопальскага ўладыкі з правам кантраляваць кіеўскага мітрапаліта — усё гэта паклала канец бяздзейнасці праваслаўных іерархаў. Епіскапат паступова прыходзіў да ўсведамлення слабасці Царквы. Першым жаданнем стала аднавіць традыцыйную епіскапскую ўладу. Да таго ж іерархія сутыкнулася з вымаганнем патрыярхата высылаць у Канстанцінопаль грашовыя сумы, маючы невялікія спадзяванні атрымаць адтуль рэальную дапамогу ў барацьбе супраць націску абноўленай Каталіцкай Царквы і пагрозы, якая навісла над «рускай» самабытнасцю. Усе ж беды Праваслаўнае Царквы, на думку вышэйшага духавенства, узніклі «ні з якай іншай прычыны, а толькі праз нязгоды з рымскімі епіскапамі»35.

Таму напрыканцы 1589 — пачатку 1590 г. львоўскі епіскап Гедэон Балабан упершыню ўзняў пытанне пра аб’яднанне з папскім стальцом. Неўзабаве да яго далучыліся Кірыла Цярлецкі — епіскап луцкі, Лявонці Пяльчыцкі — епіскап пінскі й тураўскі і Дыянісі Збіруйскі — епіскап холмскі і белзскі. У чэрвені 1590 г. яны на прыватнай нарадзе ў Белзе падпісалі дэкларацыю пра гатоўнасць да царкоўнай уніі з Рымам. Пра рашэнне епіскапы паведамілі каралю Жыгімонту ІІІ.

На саборах праваслаўных епіскапаў, якія штогадова склікаліся ў пачатку 90-х гадоў ХІ ст., пытанне уніі пастаянна абмяркоўвалася. Нарэшце, у 1594 г. на чарговым Саборы ў горадзе Сокале была падрыхтавана дэкларацыя, да якой пазней далучыліся ўсе епіскапы Кіеўскай мітраполіі, акрамя аднаго (імя невядома)36. Праз нейкі час кіеўскі мітрапаліт М. Рагоза атрымаў каралеўскую грамату, дзе Жыгімонт ІІІ загадваў правесці Сабор наконт «яднання з усяленскім касцёлам, вамі [праваслаўнымі епіскапамі] пачатага, да жаданага заканчэння»37. У снежні 1594 г. у Наваградку быў распрацаваны мемарандум. Аформлены пасля ў трыццаць тры пункты «Артыкулаў Уніі», ён быў прыняты ўсімі ўладыкамі, якія бралі ўдзел у апошнім даўнійным Берасцейскім Саборы ў чэрвені 1595 г.38.

Згодна з каралеўскім прывілеем, аб’яднаўчы Сабор працаваў у Берасці з 6 па 10 кастрычніка 1596 г. На саборы іерархі ратыфікавалі ўнійнае пагадненне, зацвержанае папаю Кліментам VІІІ яшчэ 23 снежня 1695 года, зафіксаваўшы тым самым разрыў з Канстанцінопалем і аб’яднанне з Рымам. Кіеўская мітраполія, зберагаючы ўсе свае абрады, звычаі, правы і прывілеі, падпарадкавалася папскаму стальцу.

Гісторыя сведчыць, што на гэты акт вялікія спадзяванні ўскладала не толькі праваслаўнае духавенства, якое бачыла ў уніі адзіны спосаб аздаравіць царкоўную атмасферу мітраполіі, зберагчы цэласнасць Царквы, яе даўнія правы і прывілеі, але таксама і ўкраінска-беларуская шляхта. Між іншым, князь Канстанцін Астрожскі, адзін з наймагутнейшых абаронцаў праваслаўя ва Ўкраіне, бачачы заняпад праваслаўнае царквы, дапускаў яе аб’яднанне з каталіцкай. Свае погляды ён выклаў у вядомых умовах-«артыкулах» і адправіў на Сабор 1593 г., якія, аднак, там не былі абвешчаныя. К. Астрожскі згаджаўся на аб’яднанне цэркваў як раўнапраўных, а не ў форме далучэння ці падпарадкавання адна адной. Акрамя таго, згода ўсходніх патрыярхаў была для яго абавязковай умовай любога ўнійнага пагаднення з Рымам39. Дарэчы, з-за адсутнасці такой перадумовы К. Астрожскі стаў зацятым праціўнікам аднабаковай ініцыятывы праваслаўных епіскапаў, звязаных з уніяй. Падтрымліваў злучэнне цэркваў з надзеяй выправіць сітуацыю, якая склалася ў Кіеўскай мітраполіі, і Тэадор Цішкевіч, «адзін са стаўпоў Праваслаўнае Царквы» ў Рэчы Паспалітай.

Бясспрэчна, у здзяйсненні царкоўнай уніі не менш была зацікаўленай і папская курыя. Асабліва актыўна падтрымліваў гэтую ідэю папа Клімент VІІІ, імкнучыся такім чынам пашырыць уплыў Каталіцкай Царквы. На 1596 г. прыпадае найбольшы паток папскай карэспандэнцыі ва Ўкраіну і Вялікае Княства Літоўскае. Акрамя «буллы уніі» Клімент VІІІ накіраваў 26 лістоў, у якіх цікавіўся падзеямі на ўкраінскіх і беларускіх землях40.

У царкоўным аб’яднанні была зацікаўлена і Польская дзяржава. У параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі Польшча выглядала адносна талерантнай, але яе цярпімасць дыктавалася неабходнасцю, а не перакананнем. Яна вымушана была згадзіцца з фактам, што руская (украінска-беларуская) меншасць, якая складала найменей трэцюю частку, а магчыма і палову насельніцтва Рэчы Паспалітай, ніколі не пагодзіцца прыняць лацінскі абрад. Найлепшая альтэрнатыва, на якую можна было разлічваць, — гэта адзінства веры з розніцаю ў абрадзе, хоць бы на першым часе. Ліквідацыя міжканфесійных супярэчнасцяў давала мажлівасць ураду Рэчы Паспалітай падтрымліваць у дзяржаве адносны спакой, а за Польшчай замацаваць тэрытарыяльныя ўладанні ва Ўкраіне і Беларусі.

Але сцвярджаць, што царкоўная ўнія 1596 г. адбылася па віне (ці дзякуючы) польскага ўраду і Рымскага стальца, было б не зусім правільна, хоць і неабходна прызнаць іхную галоўную, можна сказаць, стратэгічную ролю ў набліжэнні гэтай падзеі. Гэтая роля праявіла сябе галоўным чынам у нярэдка дэструктыўным умяшальніцтве чынавенства ў справы Кіеўскай мітраполіі і актыўнай місіянерскай дзейнасці Каталіцкае Царквы. Згубная пры гэтым пасіўнасць епіскапата Праваслаўнае Царквы, які, выкарыстоўваючы свае вялікія правы і прывілеі, замацаваныя дзяржавай, па сутнасці, замкнуўся на вырашэнні толькі матэрыяльных праблемаў, і прывяла ў выніку да царкоўнага разладу і ўтварэння новай — Грэка-каталіцкай Царквы. Паміж тым разлікі польска-каталіцкай партыі аказаліся памылковымі. Створаная царква не толькі не адмовілася ад традыцыйнай нацыянальнай абраднасці, не толькі не звязалася з польскаю ўладай, наадварот, «стала галоўным апірышчам украінскай народнасці супраць паланізацыі»41. Ды і сама Польшча, як паказала гісторыя, удзяляла ўвагу уніі ў вельмі абмежаваным значэнні, толькі дзеля дасягнення большай аднароднасці супольнасці.


ЗАЎВАГІ

1 Огієнко І. Українська Церква. — К., 1993. — С. 159.

2 Довнар-Запольский М. К истории Люблинской унии // Киевская старина. 1896. № 2. С. 57.

3 Грушевський М. Илюстрована история Україны. — К., 1990. — С. 188, 193.

4 История Украинской ССР. Т. 2. — К., 1982. — С. 230.

5 Гл.: Плохий С. Борьба украинского народа с католической экспансией ХVІ—ХVІІ веков. — Днепропетровск, 1987. — С. 63.

6 Яковенко Н. Здрадливий перевертень чи цементуючий фермент нації // Наше минуле. — К., 1993. — С. 186, 191.

7 Жила В. Національно-релігійні особливості католіцької полемічної літературы в Україні кінця ХVІ — початку ХVІІ сторіч. // Збірник праць Ювілейного Конгресу. — Мюнхен, 1988/1989. — С. 180, 181.

8 Тамсама. С. 182, 184.

9 Титов Ф. О заграничных монастырях Киевской епархии в ХVІІ—ХVІІІ вв. // Труды Киевской Духовной Академии. 1905. № 3. С. 460.

10 Пределы Киевской епархии в древнее и нынешнее время // Киевские епархиальные ведомости. 1861. № 1. С. 10.

11 Мітрополит Іларіон. Українська Церква за час Руїни. — Вінніпег. 1956. — С. 153.

12 Volumina legum.T. 2. — СПб., 1859. — С. 81—83.

13 Тамсама. С. 84—87.

14 Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Кіеве (далей — ЦДГА Украіны), ф. 2227, воп. 1. спр. 185, арк. 1.

15 Тамсама, арк. 1—2.

16 Тамсама, воп. 1, спр. 8, арк. 3.

17 Тамсама, ф. 223, воп. 1, спр. 133. арк. 1—2.

18 Тамсама, ф. 2227, воп. 1, спр. 193, арк. 1—3.

19 Тамсама, спр. 8, арк. 1—2.

20 «Чыя ўлада, таго і рэлігія» (лац.).

21 Огієнко І. Українська Церква. С.113—114.

22 Лужницький Г. Українська Церква між Сходом і Заходом. — Філадэльфія, 1954. — С. 214.

23 ЦДГА Украіны, ф. 2227, воп. 1, спр. 8, арк. 3.

24 Акты Юго-Западной Росии (АЮЗР). Ч. 1. Т. 1. — К., 1859. № 13. — С. 59.

25 АЮЗР, ч. 1, т. 1. № 4, с. 7—12; № 5, с. 12—15.

26 ЦДГА Украіны, ф. 22, воп. 1; ф. 221, воп. 1.

27 Акты Западной России. Т. 3. — СПб., 1848. № 146. — С. 289.

28 Грушевский М. До біографії Онисифора Дівочки // Записки Наукового Товариства імені Т. Г. Шевченка. Т. 74. — Львів, 1906. — С. 5—9.

29 OPHNO to jest lament jedyney s. powszechney apostolskiey wschodneiy cerkwie. Rzez Theophila Ortologa. W Wilnie, 1610. 16 k.

30 Дорошенко Д. Нарис історії України. Т. 1. — К., 1981. — С. 167.

31 Плохий Н. Борьба украинского народа с католической экспансией ХVІ—ХVІІ вв. С. 9.

32 Огієнко І. Українська Церква. С. 120.

33 ЦДГА Украіны, ф. 2227, воп. 1, спр. 214, арк. 3.

34 Хоткевич І. Історія України. — К., 1992. — С. 172, 175.

35 Гудзяк Б. Історія відокремлення: Київська митрополія, Царьгородський патріархат і генеза Берестейскоi унії // Ковчег. — Львів, 1993. — С. 13, 16.

36 Тамсама. С. 15—16.

37 Китченко Ф. Иноверцы в Волынской губернии // Вестник Юго-Западной и Западной России. Т. 4. 1863. С. 53, 54.

38 Гудзяк Б. Історія відокремлення: Київска митрополія, Царьгородский патріархат і генеза Берестейскоi уніi. С. 19.

39 Полонська-Василенко Н. Історія України. Т. 1. С. 389.

40 Плохий Н. Борьба украинского народа с католической экспансией ХVІ—ХVІІ вв. С. 9.

41 Дорошенко Д. Українська Церква в минулому й сучасному жицці українського народу. — Берлін, 1940. — С. 33.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія