|
Палкоўнік Ілля Галота і Загальская бітва 1649 г. у святле новых дакументаў
Юры МЫЦЫК
(Кіеў)
Гісторыя нацыянальна-вызвольнай вайны ўкраінскага народу 1648—1658 гг., скіраванай супраць каланіяльнага гнёту Рэчы Паспалітай, пакуль што даследавана недастаткова. Адным з цяжкіх наступстваў савецкай гістарыяграфіі ёсць забыццё ролі асобы ў гісторыі, у выніку чаго гісторыя паўставала спрошчана безасабовай. Праўда, асобныя постаці, у першую чаргу правадыры, прываблівалі ўвагу навукоўцаў, але ў такіх выпадках ляпіліся іконападобныя воблікі, як уласна сталася з Багданам Хмяльніцкім, якога патрабавалася падаваць толькі як адданага прыхільніка Масквы ды «воссоединения». Сярод паплечнікоў гетмана Украіны (адных толькі палкоўнікаў у часы гетманату Хмяльніцкага ў 1648—1657 гг. было звыш паўтараста, не лічачы іншае генеральнае старшыны) асобных, надта сціслых і тэндэнцыйных, біяграфічных даследаванняў былі ўдастоены толькі Максім Крыванос, Іван Багун, Даніла Нячай ды яшчэ некалькі. Пра такіх жа змаганцаў за волю, як Іван Выгоўскі, Рыгор Лісніцкі, Тымін Носач, за якімі ў расейскай гістарыяграфіі замацавалася таўро «изменники», нават і згадваць не дазвалялася, хіба што ў адмоўным кантэксце.
За апошнія дзесяцігоддзі, у гады існавання самастойнай Украінскай дзяржавы, гэты прагал стаў паступова абжывацца. Сведчаннем гэтага ёсць найперш дзве кнігі: «Уладары гетманскай булавы» (К., 1994; 2-е выданне ў 1995 годзе), прысвечаная жыццяпісам гетманаў Украіны; «Палкаводцы Войска Запарожскага» (т. 1), якая змяшчае ў сабе 29 жыццяпісаў пераважна паплечнікаў Багдана Хмяльніцкага. На чарзе — другі том гэтага вельмі актуальнага выдання. Між тым, шэраг біяграфіяў асвятліць надзвычай цяжка з-за элементарнай нястачы крыніцаў. Тыповым прыкладам ёсць постаць палкоўніка Багдана Хмяльніцкага Іллі Галоты, што фактычна быў яго наказным гетманам на літоўскім фронце на пачатку кампаніі 1649 года. Пра Галоту шмат хто пісаў з украінскіх летапісцаў (Самавідзец, Вялічка), іншаземных храністаў (Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, Альберт Войцех Каяловіч, Й.-Г. Шледзер ды іншыя), амаль усе даследнікі нацыянальна-вызвольнай вайны. Ёсць пра яго згадкі ва ўкраінскіх энцыклапедыях, але апрача мінімальных звестак як пра кіраўніка паўстанцкіх войскаў, што прайгралі бітву пад Загаллем 1649 г., не падавалася амаль нічога. Пра Загальскую бітву таксама пісалі надта скупа. Не ёсць выключэнне нават аўтар класічнае манаграфіі пра Міхайла Крычэўскага ды Лоеўскую бітву 1649 г. Вячаслаў Ліпінскі. Былі вельмі кволымі і публікацыі дакументаў. Можна назваць выданне толькі некалькіх лістоў (Я. Радзівіла да караля Яна Казімера ад 28.06.1649 г., а таксама ананімнага аўтара, які пісаў каралеве ад 10.07.1649 г.), дзе ўтрымліваліся звесткі пра бітву пад Загаллем1. Між тым, гэтая бітва ў свой час мела дужа значны розгалас і пра яе нават склалі песні2.
Нядаўна выяўленыя крыніцы дазваляюць праліць святло на постаць Галоты і на Загальскую бітву, і мы на іх падставе падаём нарыс жыццяпісу гэтага выдатнага паплечніка Багдана Хмяльніцкага. Падчас нашай стажыроўкі ў Канадзе на базе Канадскага інстытуту ўкраіназнаўчых даследаванняў (КІУД) у Альбердскім універсітэце (Эдмантон) мы мелі нагоду азнаёміцца з калекцыяй мікрафільмаў архіўных матэрыялаў з розных архівасховішчаў свету, створаную вядомым гісторыкам Фрэнкам Сысіным (ЗША—Канада). Сярод іх ёсць мікрафільм унікальнага крыніцазнаўчага збору — дзённік паходнай канцылярыі князя Януша Радзівіла, польнага гетмана літоўскага, фактычнага вайскавода Вялікага Княства Літоўскага (вялікі гетман літоўскі Януш Кішка быў стары ды хворы і не кіраваў войскамі на полі бітвы). Гэты комплекс дакументаў (яго асноўная частка захоўваецца ў фондзе «Архіў Радзівілаў» [далей — АР] Галоўнага архіву старажытных актаў у Варшаве (аддзел VІ, дадатак, № 36), а меншая — у аддзеле рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве, але ён і дасюль неапрацаваны і нават не мае нумарацыі старонак) ахоплівае перыяд 1649—1653 гг. Ён дае магчымасць як на далоні пабачыць ход ваенных дзеяў на паўночным фронце (Севершчына, Палессе, Паўднёвая Беларусь), менавіта таго рэгіёну, які амаль не прыцягваў да сябе ўвагі даследнікаў нацыянальна-вызвольнай вайны (за выняткам М. Грушэўскага, В. Ліпінскага ды некаторых іншых). Улічваючы вагомасць гэтага крыніцазнаўчага збору, КІУД ды Інстытут украінскай археаграфіі і крыніцазнаўства імя Грушэўскага НАН Украіны плануюць яго выдаць друкам у бліжэйшыя 2—3 гады. (Дарэчы, і польскія археографы на чале з варшаўскім гісторыкам М. Нагельскім таксама плануюць выдаць дадзены помнік.) Гэта, аднак, не перашкаджае выкарыстанню матэрыялаў пры асобных навуковых пошуках, як і ў гэтым артыкуле, пабудаваным пераважна на выкарыстанні новых звесткаў. Мы паўсюль указваем старонкі выкарыстання дакументаў, а ў дадатках падаём найцікавейшыя з тых, што датычаць асобы Галоты і бітвы пад Загаллем.
Пра жыццё Іллі Галоты да 1649 г. нічога не вядома; невядома, дзе ён нарадзіўся і калі, якога быў роду-племені. Мяркуючы з ускосных звестак, ён быў маладзейшы ад Багдана Хмяльніцкага, верагодна, выхадзец з Канеўшчыны ці з Севершчыны, але, праўдападобна, не з прывілеяванага стану. Ягонага бацьку, пэўна, звалі Грыгорам, меў і брата, які меў такое сама імя і яго называлі Грышкам або Грышаем. Не выключана, што прозвішча Галота ў дадзеным выпадку пайшло ад мянушкі. Галотаю, або «чэрню», «гаротнікамі», у тыя часы называлі прадстаўнікоў шараговага казацтва, якія нават не траплялі ў рэестры. Верагодна, з тых колаў і паходзіў Ілля Галота, але неўзабаве дамогся пераходу ў стан рэестравых казакоў. Не бракавала ў ягоным жыцці паходаў супраць Асманскай імперыі і Крымскага ханства. Спакусліва спалучыць Іллю Галоту з постаццю героя ўкраінскай народнай думы пра казака Галоту, які вызначыўся ў змаганні супраць ардынцаў, забіў радавітага турка ці ардынца ў Кіліі — тадышняй турэцкай абарончай цвердзі ў горле Дуная. Калі ўлічыць, што ўкраінскія думы апявалі пераважна гістарычных асобаў, напрыклад, Дзмітра Вішнявецкага («казак Байда»), Самойлу Кішку, Багдана Хмяльніцкага, Максіма Крываноса, Данілу Нячая, Івана Сірка, Івана Брухавецкага («Фесько Андзібер»), дык у гэтым няма нічога неверагоднага. І ўсё ж пакуль што няма дакладных крыніцазнаўчых звестак, якія б пацвердзілі гэтую версію.
З выбухам нацыянальна-вызвольнай вайны ўкраінскага народу Галота, верагодна, адразу бярэ ў ёй удзел. Маўчанка крыніцаў у гэтым выпадку тлумачыцца, напэўна, тым, што Галота дзеіў у паўднёвай Беларусі або на Севершчыне — найменш асветленаму гісторыкамі абшару Украіны ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, або знаходзіўся сярод абаронцаў Запарожскай Сечы, бо і там трэба было камусь быць падчас вайны, што ахапіла амаль усе этнічныя ўкраінскія землі. Быў ён тут і на мяжы 1648—1649 гг.
На пачатку 1649 г. стала відавочна, што падпісанае ў снежні 1648 г. Багданам Хмяльніцкім і каралём Янам Казімерам замірэнне адкрыта парушаецца Рэччу Паспалітай. Першым перайшоў у наступ польны гетман літоўскі Януш Радзівіл, агнём і мячом прыдушваючы паўстанне на тэрыторыі ўкраінска-беларускага памежжа. Ён выбіў паўстанцкія залогі з Пінска, Мазыра, Бабруйска і іншых мясцінаў рэгіёну, адзначаючы шлях свайго войска пблямі і шыбеніцамі. Новае замірэнне, дасягнутае ў лютым 1649 г., таксама не было моцным і трывалым. Напрадвесні пачаліся цяжкія баі на Валыні і Падоллі. Між тым шляхта ўжо спрабавала вяртацца ў свае колішнія маёнткі, чуліся пагрозы жорстка расправіцца з паўстанцамі. Мірная місія Смяроўскага — пасла Рэчы Паспалітай — насамрэч была спробай інспірацыі перавароту ва Ўкраінскай дзяржаве і адхілення ад улады Багдана Хмяльніцкага. Пры такіх абставінах вайна станавілася немінучай, тым больш што масы дабіваліся ад кіраўніцтва, сярод якога нямала было і згоднікаў, рашучых дзеяў.
Хмяльніцкі пасля рады на Расаві пачаў там, каля Масловага Ставу, збіраць войска для новага паходу. Якраз у гэты момант з’яўляецца з вернымі яму запарожцамі (не менш як 200) і Галота. Менавіта ён належаў да ліку найрадыкальных палкоўнікаў — прыхільнікаў неадкладных ваенных дзеяў, і, верагодна, учыніў моцны ціск на гетмана. З гэтага канфлікту Хмяльніцкі лёгка выйшаў, надаўшы ўласна Галоту шырокія паўнамоцтвы і паслаўшы яго на поўнач, дзе ён павінен быў змагацца супраць войска Вялікага Княства Літоўскага. Гетман даў яму прыналежнасці ўлады: булаву (як наказному гетману), бубны, гэта значыць літаўры, свае паўнамоцныя ўніверсалы на права набору добраахвотнікаў у Войска Запарожскае, а таксама штандар. Як сведчаць крыніцы, Галота меў, як мінімум, тры штандары, кожны з якіх меў належаць адной з трох частак ягонага войска. Калі войска налічвала каля 3000 (пераважна казакі), дык у такім разе кожная тысяча складала асобную залогу са сваім штандарам. Тыя штандары потым былі захоплены ворагам, і ў дакументах збярогся вопіс двух. Першы быў чырвонага колеру з выявай ільва ды белага крыжа: «Chor№giew czerwona z herbem lwem i krzyїem biaіym, wziкta w koronie», што значыць «чырвоная харугва з гербам ільвом і белым крыжам, узятая ў Кароне». Калі слова «карона» напісана з вялікай літары, дык гэта трэба разумець як «узятую ў Кароне (Польскай)», магчыма, трафейную. Сапраўды, колеры нагадвалі пра польска-літоўскую традыцыю, што ёсць істотным, калі ўлічыць наданне гетманам Хмяльніцкім Галоту права на ўладаранне тадышняю «Літвою», менавіта Вялікім Княствам Літоўскім (уласна Літвою, Беларуссю, часткова і паўночнымі раёнамі Украіны). Але магчымае і іншае разуменне тэксту, пры якім «wziкta w koronie» можна перакласці як «укаранаваную». Дадамо, што выява льва ёсць рэдкасцю ва ўкраінскай геральдычнай традыцыі. Тут трэба шукаць аналогіі не ў галіцкім Львове, што мае падобную выяву на гарадскім гербе, а ў Самары (цяпер — Новамаскоўск Днепрапятроўскай вобласці), што ў ХVІІ—ХVІІІ стст. была цэнтрам Самарскай паланкі, якая разам з Кадацкаю належала да найбольшых паланкаў Войска Запарожскага3. Магчыма, такая сымболіка прызначалася нагадваць пра асаблівую ролю ў палку запарожцаў, згуртаваных Галотам, а магчыма, і пра сувязь Галоты з Самарскаю паланкаю. Другі штандар, дадзены Хмяльніцкім, быў чатырохкутным з выявай арла, які трымаў у лапах меч. («Chor№giew... quarcianna adamaszkowa znakiem orіa, w nodzie jednej miecz trzymaj№cego».)
Галота атрымаў ад Хмяльніцкага канкрэтнае заданне: ісці на Рэчыцу (цяперашні райцэнтр Гомельскай вобласці), якая была тады месцам канцэнтрацыі войскаў Радзівіла, авалодаць ёю, а значыць, і Лоевам, і такім чынам узяць у свае рукі стратэгічны вузел, які дазваляў кантраляваць Дняпро і Сож — важныя артэрыі, па якіх ажыццяўлялася лучнасць Беларусі з Украінай, забеспячэнне войскаў боепрыпасамі, правіянтам, прытым на значнай адлегласці. Калі б Радзівіл узяў у свае рукі Рэчыцу і Лоеў, дык тым самым паставіў бы ў скрутнае становішча казацкі гарнізон у Гомелі (гэтае места было яшчэ раней здабыта аддзеламі Чарнігаўскага палка М. Небабы 3 красавіка 1649 г., якраз у велікодную суботу), перапыніў бы сувязь гомельцаў з Кіевам па Сажы і Дняпры. Пасля Галота, адусюль збіраючы войскі, гуртуючы новыя паўстанцкія залогі з украінскага ды беларускага сялянства і мяшчанства ў першую чаргу, фармуючы сотні і палкі на чале з дасведчанымі запарожцамі, меў рухацца на Магілёў, а адтуль на самую сталіцу Вялікага Княства — Вільню. Стаўшы ж уладаром ВКЛ, Галота мусіў выйсці на польска-літоўскія межы, аб’яднацца з Б. Хмяльніцкім і ўмацавацца разам з ім на берагах Віслы. Верагодна, намеснікам Галоты быў Кісель, якога пазней у 1649—1650 гг. згадвае Рэестр Войска Запарожскага сярод старшыны Чарнігаўскага палка — «Мікіта Кісель»4. Поруч з Галотай бачым і ягонага брата Грыгора, і колішняга мазырскага палкоўніка Сідляра, які кіраваў абаронай Мазыра і цудам уратаваўся ад рэпрэсіяў. Пісарам Галоты быў Сільвестр Дубіна — польскі шляхціч з Камянца-Падольскага, што жыў у Кіеве. На жаль, ён падчас вырашальнай бітвы перайшоў на бок ворага. Пра яго, дарэчы, вядома, што ён быў дваяжэнцам. Адна ягоная жонка (верагодна, першая) жыла пад Клецкам пры двары мачахі літоўскага стражніка С. Мірскага, а другая — у Кіеве. Быў поруч з Галотай і Адынец, вядомы, бадай, яшчэ з часоў Сагайдачага казацкага роду, быў сёй-той і з праваслаўнае шляхты. Два казакі былі ў Войску Запарожскім яшчэ з тае пары, калі Сагайдачы хадзіў паходамі на Маскоўскую дзяржаву. Яны трапілі ў палон і былі знішчаны карнікамі 6 ліпеня 1649 года. Адзін з іх — Януш Рамашэўскі, празваны казакамі Іванам Бугаём, быў колішнім падданым князя Багуслава Радзівіла і паходзіў з Рэймашова, а другі — з-пад Рэчыцы. Вядома таксама імя Паўла Яхненка-Барзні, сотніка, які потым загінуў у бітве, а ягоны сын, падлетак Грыгор, трапіў у палон. Услед за Галотай меўся ісці іншы палкоўнік — Пеняк (такое імя больш не сустракаецца ў крыніцах, не выключана, што мова ідзе пра Пішка — будучага кіеўскага палкоўніка). Пеняк меўся ачоліць два палкі, дакладней, іх аддзелы: Каніўскі полк, казакоў з Кіеўскага і Чарнобыльскага палкоў. Рэшта на чале з палкоўнікам Гарнастайпільскага палку (Гарнастайпіль з-пад Чарнобыля) Піліпам Лапушкаю (Лапушненкам) меліся даць падмогу ў першую чаргу. Пеняк наважваўся ўзяць з сабою ў паход гарматы, якія знаходзіліся ў Трахцеміраве, а Прыпяць павінен быў фарсіраваць у Бабічах. Потым меліся рушыць у паход палкі трэцяга эшалону наступу: Нежынскі (палкоўнік Пракоп Шумейка), Чарнігаўскі, полк Пятра Галавацкага з аддзеламі Віюка, Кізіменкі і іншымі. Цікава, што булаву і бубны Хмяльніцкі прыслаў у Чарнігаў нейкаму Карыцкаму, але такога палкоўніка іншыя крыніцы не згадваюць5. Полк Галавацкага нібыта меркаваў ісці першым, амаль адначасова з Пеняком, але трымаць курс непасрэдна на Рэчыцу. Што датычыць Нежынскага палка, які налічваў 11 000 казакоў, дык асноўная яго частка (15 харугваў) на чале з Шумейкам павінна была застацца на Украіне і ісці з Хмяльніцкім на Збараж. Меншая частка (5 харугваў) пад кіраўніцтвам наказнога палкоўніка Барсука мелася ісці з Крычэўскім. Дадамо, што гэтага Барсука бачым у Рэестры Войска Запарожскага 1649—1650 гг. у якасці сотніка Нежынскае сотні («Іван Барсук»)6. Са сведчанняў палоненых паўстанцаў вынікае, што з Крычэўскім меркавалі ісці і аддзелы Пераяслаўскага палка (12 харугваў), над якімі старшым быў Сямён Грабянка (яўны родзіч летапісца ХVІІІ стагоддзя гадзяцкага палкоўніка Грыгорыя Грабянкі). Сапраўды, у адной канфесаце (пратаколе допыту) гэтае прозвішча пададзенае як «Колегребінко» або «Кологривенко». Пазней камандаваць гэтымі войскамі Хмяльніцкі прызначыць кіеўскага палкоўніка Міхайлу Крычэўскага. У Чарнобылі вышэйзгаданы Міхайла Панкевіч, празваны Паповічам, бо ён сапраўды быў сынам святара з Чарнобыля і нарадзіўся ў гэтым сумна вядомым цяпер на ўвесь свет горадзе. (У крыніцах ёсць звесткі, якія датычаць, верагодна, Панкевіча, згодна з якімі ён нібыта меўся потым, праз год-два, пастрыгчыся ў манахі, будучы палкоўнікам.)
З усяго бачна, што Хмяльніцкі мусіў вельмі спяшацца. Ён не мог кінуць у бой адразу ўсе тры эшалоны, бо яшчэ не завяршылася іх камплектаванне. Дастаткова сказаць, што палкі трэцяга эшалону стаялі яшчэ па дамах і толькі частка Пераяслаўскага палка, пра які гаварылася вышэй, прыбыла ў Казелец і Остру. Між тым Радзівіл ужываў магчымыя захады, каб захапіць найважнейшыя пункты, асабліва спяшаючыся да дняпроўскіх пераправаў. Сам князь пасля ўзяцця Бабруйска, як сведчыць літоўскі храніст сярэдзіны ХVІІ ст. А. Каяловіч, знаходзіўся ў Слуцку, а сваё войска падзяліў на 4 часткі. Яго асабістыя аддзелы сталі ў Рэчыцы, а людзі Валовіча — у Загаллі. (Сам Валовіч часова перадаў камандаванне загальскім гарнізонам, або «загальскім палком», палкоўніку Валерыяну Фалецкаму (Фаленцкаму).) Сілы Гансеўскага трымалі абарону каля Дняпра, а таксама стаялі каля Рагачова7. Радзівіл, дарэчы, меў выдатную агентурную сетку, якая хоць і саступала паўстанцкай, але яе недахопы кампенсаваліся пастаяннымі актыўнымі дзеямі польска-літоўскіх вайсковых аддзелаў, якія амаль штодня прыводзілі да Радзівіла і ягоных военачальнікаў «языкоў» — палоненых паўстанцаў. Несумненна, ён ведаў з агентурных данясенняў пра паход Галоты і ягоны намер ударыць на Загалле. Варта адзначыць, што войска Вялікага Княства Літоўскага, хоць і саступала кароннаму, але дзеела, па-першае, на другасным фронце, да таго ж такім, што там цяжка было весці наступ з-за асаблівасцяў рэльефу, вялікую колькасць лясоў, рэчак і балот, а па-другое, мела моцнае войска наймітаў.
Януш Радзівіл быў пратэстантам, як і шэраг ягоных военачальнікаў, найперш літоўскі стражнік Грыгоры Мірскі. Гэта спрыяла ягонай асаблівай папулярнасці сярод ваяроў пратэстанцкай Еўропы (немцы, шведы, галандцы, шатландцы і іншыя), і яны ахвотна пагаджаліся служыць на чале князя, тым больш што Радзівіл плаціў досыць шчодра і своечасова. Дык вось, невыпадкова актыўную ролю ў карных аперацыях на Украіне і Беларусі адыгрывалі залогі наймітаў (шатландца Джона (Яна) Данавая і ягонага сына, Данавая-малодшага, ангельца Мантгамеры, немцаў Отэнгаўзэна, Нольда, Гротуса і іншых). На моцны гарнізон Загалля ў прыватнасці ўказвалі гісторыкі В. Ліпінскі, О. Пераяслаўскі, якія сцісла асвятлілі ход бітвы пад Загаллем8. Варта таксама адзначыць, што Януш Радзівіл быў дасведчаным і таленавітым военачальнікам, а змаганне з такім ворагам было асабліва цяжкім. Дарэчы, ён разгадаў верагодны накірунак украінскіх паўстанцкіх войскаў і паставіў свае моцныя гарнізоны якраз у Рэчыцы, Мазыры ды Загаллі, а сам спачатку стаў у Бабруйску. Ён прагнуў як мага баржджэй умацаваць загальскі гарнізон. Так, 15 чэрвеня да Загалля прыбыў свежы загон драгунаў (102 вершнікі), яшчэ адзін загон пад камандаваннем Эсмана (50 драгунаў з харугвы Раманоўскага) ды іншыя былі адпраўлены да Загалля 18-га чысла (у самой бітве ён не паспеў узяць удзелу, але згадзіўся карнікам у змаганні з паўстанцамі, што адступілі з поля бою) (с. 2—3). Военачальнікі Радзівіла (Гансеўскі, Мірскі, літоўскі абозны Камароўскі, літоўскі пісар Валовіч, літоўскі харужы Пац) вызначаліся вайсковым талентам, былі ініцыятыўнымі, адважнымі і адначасова люта ненавідзелі паўстанцаў, цвёрда стоячы на абароне інтарэсаў Рэчы Паспалітай. Цікава, што «ліцьвіны» ставілі сябе як ваяроў, вышэй за каронныя войскі, недалюблівалі каталіцкі фанатызм палякаў, паколькі, як ужо зазначалася, нямала сярод іх было пратэстантаў. Папрокі выклікала і спроба «Кароны» дамінаваць над «Літвою», тактыка паступова-павольнага абмежавання ёю суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага. Потым, у 1655 годзе, у часы «патопу» тыя людзі нават паспрабуюць дабіцца ўсамастойнення Вялікага Княства Літоўскага, на чале якога стаў сам Януш Радзівіл, але ў 1648 годзе і польскія, і літоўскія феадалы ў сваёй масе былі адзінымі ў намерах прыдушыць нацыянальна-вызвольную вайну ўкраінскага і беларускага народаў [вызначэнне аўтара. – Рэд.], якую яны трактавалі як «рабункі» (бунт) чэрні.
Між тым на Масловым ставе збіралася ядро войска Галоты. Да яго нібыта меліся прыбыць і данскія казакі, але пра якіясь іх значныя аддзелы казаць не выпадае. Урэшце Галота рушыў на поўнач, а дарогаю звярнуў на Кіеў. Яго на падыходзе да места вітала праваслаўнае духавенства, славячы войска на змаганне з ворагам. Галота з удзячнасцю ўспрыняў добрыя словы і ўступіў у Кіеў. Тут ён узначаліў, калі сам не падбухторыў, магутныя антышляхоцкія выступленні. У часы, калі ўжо лілася кроў украінцаў ад рук Радзівілаў, Вішнявецкіх і іншых, калі ўсё гучнейшымі рабіліся шляхоцкія галасы пра помсту, расправу з казакамі, агітацыя Галоты ўпала на добра падрыхтаваную глебу. У выніку ў Кіеве выбухнулі хваляванні, у ходзе якіх было забіта звыш пяцідзесяці чалавек. Гэта былі надзвычай жорсткія акцыі, падчас якіх на паверхню ўсплылі і асобныя крымінальныя элементы, якіх, на жаль, не бракуе ніводнаму грамадству, у розныя часы, асабліва ваенныя. Аднак асобныя звесткі не варта браць на веру, тым больш, калі яны паходзяць з вуснаў перабежчыкаў. Гэта ёсць плён тэндэнцыйных выдумак, як, скажам, звесткі пра тое, што казакі варылі ў катлах шляхоцкіх дзяцей. Не варта браць на веру і сведчанні з тых жа колаў пра неміласэрныя рабункі Галотай кіеўскіх і чарнобыльскіх шляхцічаў, мяшчанаў і нават казакоў. Так, робіцца націск на рабаванні імі зброі і коней, але пазней самі ж карнікі прызнавалі, што ў войску Галоты было 50, максімум 70 вершнікаў. Кіеўскія каталіцкія кляштары і касцёлы былі разбураныя яшчэ ў 1648 г., а іхняя маёмасць перайшла пераважна да папярэдніх уласнікаў — праваслаўных цэркваў і манастыроў. І ўсё ж у Кіеве яшчэ дзейнічала пэўная колькасць каталіцкіх касцёлаў, і, мабыць, менавіта галотаўцы данішчалі іх.
Пасля Кіева Галота рушыў пераважна водным шляхам на Чарнобыль, дзе з ягонае волі ўчыніліся значныя рабункі, нават і самім казакам. Згаданыя акцыі наводзяць на думку, што ў войску Галоты было зашмат злюмпенізаванай «чэрні», «здабытчыкаў», аналогіі якім лёгка знайсці на Захадзе часоў Трыццацігадовай вайны (згадаем несмяротнае тварэнне Ганса Грымельсгаўзэна «Сімпліцысімус»). Дадамо, што такія дзеі Галоты ў Кіеве і Чарнобылі забралі пэўны каштоўны час, які нельга было страчваць, асабліва калі ўлічыць энэргічныя захады Радзівіла па ўмацаванні абароны Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля Чарнобыля Галота на чаўнах паплыў далей. Паўстанцы высадзіліся на левым беразе ракі Прыпяць каля Краснаселля. Далей дарога вяла на Загалле (Загале, Жагале). Цяпер гэта невялікае паселішча на берагах вузенькай рачулкі Вуці (Уці) на шляху з Юравічаў на Хойнікі. Але ў ХVІІ стагоддзі гэта было мястэчка, амаль места, якое да таго ж было добра ўмацаваным, у якім стаяў моцны варожы гарнізон. Варта адзначыць, што тутэйшы люд у пераважнай бальшыні падтрымаў Галоту, паказваў яму дарогі ў спракаветнай пушчы, парэзанай велізарнай колькасцю балотаў, папярэджваў наконт варожых дзеяў, прычым найчасцей віжы паходзілі з Брагіна. На брак звестак пра ворага Галоце не даводзілася наракаць. Урэшце северцы — украінцы і беларусы — уліваліся ў полк Галоты, назва якога (менавіта полк) згадана ў адной з крыніцаў, але якраз тое месца зазнала механічныя пашкоджанні, з-за чаго тэкст стаўся нечытэльным. Аналізуючы сведчанні розных крыніцаў, прыходзім да высновы, што ў войску Галоты было 2500—3000 казакоў, у тым ліку і крыху данскіх, прычым асноўную масу складала пяхота. Конніцы ў гэтым войску было не больш як 70 (50—70). Было ў ягоным войску і нямала новапрыбышоў ад жыхароў Кіеўшчыны, Чарнобыльшчыны, Северскага краю, Паўднёвай Беларусі. Гэта былі ў сваёй масе ўкраінскія і беларускія сяляне, якія праглі здабыць волю, і заклік расправы са шляхтай быў ім дужа блізкім. Агульную колькасць іх цяжка вызначыць, але, мяркуючы па ўсім, наўрад ці было іх звыш 2 тысячы. Дык вось разам з казакамі лічба загону Галоты не перавышала 5 тыс. душ. У сувязі з гэтым трэба зазначыць на яўную памылковасць вызначэння агульнага ліку войска Галоты — 30 тысяч, як гэта падае сучасная «Гісторыя Беларусі»9.
Галота паўсюль рассылаў сваіх людзей, заклікаючы на паўстанне, разлічваючы і на мозырцаў, якія ацалелі пасля ўзяцця іхнага роднага места войскамі Радзівіла. Менавіта мясцовыя сяляне павялі паўстанцкае войска лясамі ды балотамі і прывялі пад самае Загалле ў ноч на 17 чэрвеня 1649 года.
Галота разумеў, што малымі сіламі, не маючы гарматаў, амаль без конніцы, яму нельга было здзейсніць рэгулярнай аблогі Загалля, нельга даваць і бой у чыстым полі. Але і чакаць падмацавання было немагчыма, бо ворагі, што ведалі пра блізкі падыход паўстанцаў, самі маглі навязаць бой у неспрыяльных для ўкраінскага войска ўмовах. Заставаўся адзіны выйгрышны варыянт: неадкладна пайсці на штурм, здзейсніўшы яго як мага раптоўней. Сам Радзівіл пазней аддасць належнае плану ўзяцця Загалля паўстанцамі, назаве яго «майстэрскім і хітрым». Дык вось, Галота вырашыў рызыкнуць, пайсці «ва-банк», застаўшы гарнізон Рэчы Паспалітай у Загаллі знянацку.
Ён пад покрывам начной цемры падзяліў войскі на тры часткі, і яны меліся адначасова ўдарыць з трох бакоў. Зноў жа, распыленне сілаў было абумоўлена абраным планам дзеянняў. Сам Галота стаў на правым крыле, імкнучыся ўдарыць у найслабейшае месца абароны Загалля: уязная брама, якая стаяла там, дзе абаронны паркан-«частакол» (драўляныя завостраныя палі) быў яшчэ недабудаваны. На зыходзе ночы Галота загадаў выступаць перадавой групе ў 10 асобаў. Яна перад тым перахапіла селяніна пана Захарэўскага. Пераапрануўшыся ў простае адзенне, група мелася пад выглядам сялянаў шляхціча Захарэўскага рабіць выгляд, што прывезла ў Загалле «стацію», г. зн. назначаны харчовы падатак. Яны меліся цішком знішчыць варту, а потым тры часткі войска мусілі адначасова пайсці на штурм. Але фатальныя выпадковасці ад самага пачатку пераследавалі Галоту. У час набліжэння да варты ў кагосьці з казакоў перадавой групы стрэліў «самапал» (традыцыйная для тае пары ўкраінская назва ручніцы набірае тут іншы, злавесны змест). Стрэл стаў сігналам для трывогі, вартавыя ўсчалі страляніну. (Пра гэта сведчаць паказанні шляхціча Шчасновіча, дадзеныя Радзівілу 27 чэрвеня.) Але не ўсё яшчэ было страчана, і, разумеючы гэта, Галота падняў сваё войска на штурм, спадзеючыся на плячах варты ўварвацца ў Загалле. Варту ўдалося часткова перабіць, часткова загнаць у места, але ў бой тым часам уступілі іншыя варожыя часткі. А да ўсяго здарылася трагічнае непаразуменне, калі казакі пачалі біцца свае са сваімі, не адрозніўшы ў начной цемры ворагаў ад сваіх. А ў гэты час на падмогу прыбыў загон на чале з палкоўнікам Валяерыянам Фалецкім, намеснікам камандуючага гарнізонам літоўскім пісарам Валовічам. Закіпеў адчайны бой, у ходзе якога Фалецкага двойчы паранілі куляю ў грудзі, а таксама загінула шмат ягоных ваяроў. Але быў выйграны час, які даў магчымасць ворагу зрабіць конную вылазку. Удару вершнікаў паўстанцы не вытрымалі. Левае крыло атакуючых першым кінулася наўцёкі ў блізкія лясы і балоты, за ім даў лататы і цэнтр, які, праўда, адбегшыся ад сценаў, паспрабаваў акапацца ў лесе (іх было там 805 душ). Яны хацелі ўступіць у перамовы наконт выхаду з акружэння без зброі і штандару, але такія прапановы карнікі адхілілі. Пасля чарговага штурму, у якім брала ўдзел не толькі варожая пяхота, але і спешаная конніца, гэтая частка паўстанцаў кінулася ўцякаць у лес... Засталіся толькі войскі правага крыла, дзе быў і сам Галота. Гэты загон мусіў адступіць ад абаронных сценаў, спасцігнуўшы цяжкія страты (амаль 500 забітых); на полі бою яны пакінулі нават свой штандар з арлом, але Галота адступіў недалёка. Каля блізкага лесу і балота паўстанцы ўраз акапаліся і нават стварылі досыць надзейнае ўмацаванне. Тады ўся варожая сіла навалілася на загон. З вялікімі стратамі былі адбітыя, як мінімум, два штурмы (Смольскі сведчыць, што некалькі), прычым на дапамогу карнікам прыбыў свежы загон драгунаў з Рэчыцы. Сітуацыя паўстанцаў не была, аднак, безнадзейнай. Вось-вось мелася прыйсці падмацаванне на чале з Пенякам. На жаль, яно знаходзілася значна далей, чым спадзяваўся Галота. Да таго ж, даведаўшыся пра няўдалую спробу ўзяць Загалле, камандаванне гэтага паўстанцкага палка, што стаяў у Вадзевічах, не толькі не прыйшло на дапамогу, але і адступіла. Гэтага не маглі дараваць чарнобыльцам, якія складалі бальшыню ў палку, тыя, хто ўцалеў у цяжкай Загальскай бітве (найперш брат Іллі Галоты — Грыгоры). Такім чынам паўстанцы падмогі не атрымалі.
Тым часам зайшло сонца і бітва спынілася. Апоўначы большая частка абложаных уцякла ў блізкае балота. Уранку карнікі ўзялі табар Галоты, зламаўшы супраціў ужо нешматлікіх абаронцаў. Сам Галота быў цяжка паранены яшчэ 17 чэрвеня. Варожая куля трапіла ўніз жывата. Гэта было вельмі цяжкае раненне, а ў сутычцы пры захопе табару варожыя жаўнеры нанеслі яму смяротныя раны. Потым ягонае цела паказалі перабежчыкі, прычым выявілася, што Галота яшчэ дыхаў, і тады яго дабілі. Праўда, у сведчаннях перабежчыкаў знаходзім звесткі, паводле якіх яго дабілі самі паўстанцы, каб не пакутаваў, асобныя нават сцвярджаюць, што гэта яны зрабілі з помсты, бо не маглі прабачыць свайму правадыру цяжкай паразы і вялікіх стратаў. У гэтым выпадку больш дакладнымі выглядаюць сведчанні, якія належаць самому Радзівілу і актыўнаму ўдзельніку Загальскай бітвы ротмістру Смольскаму, што камандаваў апошнім штурмам казацкага табару. Дык вось Смольскі ў сваім лісце да Радзівіла ад 20.06.1649 года і сам Радзівіл у сваім лісце да караля Яна Казімера (ад 28.06.1649 г.) зазначалі, што Галоту дабілі ліцвінскія ваякі, не ведаючы, праўда, што гэта правадыр паўстанцаў (с. 27). Паводле сведчання нямецкай хронікі «Тэатр Еўропы» Галоту на загад камандуючага загальскім гарнізонам пасадзілі на кол, дзе ён і сканаў.
Са сведчанняў ротмістра Смольскага войскі Радзівіла кінуліся даганяць паўстанцаў, але марна. Ім удалося ўсяго толькі схапіць некалькі дзесяткаў у лесе. Нямала паўстанцаў загінула пры адступленні ў лясах і балотах, дзе іх даганялі ворагі. Іх страты ацэньваюць ад 1000 да 1500 (Радзівіл меркаваў, што загінула звыш 1600 паўстанцаў). Значныя страты панесла і войска Радзівіла. Гэта прызнавалі і карнікі, пра што сведчыць, напрыклад, ліст удзельніка бітвы шляхціча Лажэцкага да Радзівіла ад 21.06.1649 года з Загалля, у якім зазначаецца, што бітва закончылася: «немалою шкодаю і ранай, мяркуй, з-пад кожнай харугвы». Быў паранены і сам Лажэцкі. Збярогся і няпоўны рэестр забітых і параненых з трох харугваў Валовіча, падхаругваў (казацкай і драгунскай) палкоўніка Фалецкага, падхаругваў (дзвюх драгунскіх і татарскай) палкоўніка Данавая, татарскай (род лёгкай конніцы ў войску Рэчы Паспалітай) падхаругвы Дазельніцкага, пяхотных падхаругваў Куноўскага і Лавецкага. Страты карнікаў былі значна меншыя, чым паўстанцаў, і яны, бадай, не перавышалі некалькіх сотняў забітымі, але і гэта паважна занепакоіла Радзівіла, тым больш што генеральная бітва яшчэ была наперадзе, і гэта змушала яго быць вельмі асцярожным. Камандаванне загальскага гарнізона, напалоханае звесткамі пра паход 16000 паўстанцкага войска з Канеўскага, Кіеўскага і іншых палкоў, прасіла тэрміновай дапамогі.
Нямала паўстанцаў трапіла ў варожы палон. Пераважна гэта былі простыя сяляне, якія далучыліся да казакоў-паўстанцаў, але былі і важныя асобы. Найперш варта назваць шляхціча Івана Мацкевіча з Камянца-Падольскага, які зрабіў досыць шмат разгорнутых прызнанняў на допытах і, ратуючы сваё жыццё, запэўніваў, што да паўстанцаў далучыўся толькі пад пагрозай быць забітым. Але большасць палонных паўстанцаў праявілі нязломную сілу духу, пра што са здзіўленнем пісалі карнікі, якія вялі допыты: «Такія былі тыя казакі зацятыя, што ніводны не прасіў памілавання, а нават добраахвотна выцягваў шыю да смерці (пад меч ката. — Ю. М.), нібы да мёду. А калі ў вязняў пыталіся: «Чаго вы сюды, мужыкі, прыйшлі?», яны адказвалі: «Дык бачыце, што не цялятаў пасвіць; а пайшлі ляхаў біць!».
Пасля бітвы ворагі пасцягвалі трупы паўстанцаў у адно месца (іх налічылі тысячу) і насыпалі над імі чатыры курганы. Потым сталі звозіць з суседніх лясоў і балот. Такім чынам выраслі яшчэ тры курганы, у адным з якіх знайшоў свой апошні прыстанак і Ілля Галота. Пра тыя сем курганоў пісала нямецкая фундаментальная хроніка «Тэатр Еўропы», тыя курганы бачыў на пачатку ХХ ст. В. Ліпінскі. У верасні 1999 г. аўтару гэтых радкоў давялося пабыць у Рэчыцы на навуковай канферэнцыі (2-я чытанні, прысвечаныя памяці беларускага гісторыка М. В. Доўнар-Запольскага), і тады былі зроблены захады даведацца пра месца бітвы. На жаль, і тутэйшыя жыхары, і гісторыкі амаль не ведалі пра Загалле, не кажучы пра якіясь курганы — брацкія магілы паўстанцаў сярэдзіны ХVІІ ст. Але надзея застаецца, што тое памятнае месца будзе ўрэшце знойдзена і на ім узвысіцца хоць бы сціплы знак, які нагадае ўкраінцам і беларусам пра тых, хто загінуў за нашу і вашу свабоду, за незалежныя Ўкраінскую і Беларускую дзяржавы...
2 ліпеня 1649 г. у табар войскаў Рэчы Паспалітай пад Рэчыцай прыбыў польны гетман літоўскі князь Януш Радзівіл. У наступны дзень ён наладзіў агляд свайго войска, менавіта тады палкоўнік Данавай і ротмістры перадалі яму «штандары і бубны, узятыя ў бітве пад Загаллем». Князь і надалей пажадаў прытрымлівацца абарончай тактыкі. Для такой асцярожлівасці былі падставы. Было зразумела, што гэта толькі першая спроба наступу паўстанцаў у кампаніі 1649 г. на гэтым накірунку. Таму Радзівіл абмежаваўся ўмацаваннем гарнізонаў у Загаллі і Рэчыцы і высланнем віжавальных дазораў, праўда, часамі досыць вялікіх. Адзін з такіх дазораў моццу ў 600 ваяроў (300 драгунаў, 300 казакоў — лёгкая кавалерыя войска Радзівіла) пад камандаваннем Эсмана і Мялешкі пайшоў на Брагін і Бабічы. 24 чэрвеня 1649 г. яны паланілі некалькіх паўстанцаў з ліку тых, што біліся пад Загаллем. Сярод іх былі якісьці слынны сотнік, а таксама шляхціч-паўстанец з-пад Жукава. Абодва здолелі ўцячы (потым Радзівіл загадае арыштаваць тых, хто ўпусціў палонных, і правесці дазнанне). Аднаго з уцекачоў дагналі, але ён не даўся жывым у рукі ворага і гераічна загінуў. Другі (менавіта сотнік) дастаўся ў Бабічы і прынёс паўстанцам вестку наконт прыбыцця Радзівіла ў Рэчыцу. Карнікам удалося прывесці толькі двух палонных, аднаго з якіх пакаралі, а другі (шляхціч з Камянца-Падольскага Іван Мацкевіч) вымушаны быў даць паказанні.
29 чэрвеня іншы карны загон разбіў дазор паўстанцаў, а дзесяцёх з іх захапіў у палон. Першыя двое з тых дзесяці — згаданыя вышэй запарожцы, якія змагаліся яшчэ пад штандарамі Сагайдачнага. Трэцім быў Захар Валасар, ураджэнец Остра, два наступныя паходзілі з Гогаля (Гогалева — ?) — Кірыла ды Іван. Шосты паўстанец быў родам з сяла Перызу — маёнтку князя Вішнявецкага, сёмы зваўся Багданам і быў з Брагіна. Восьмы (Фірс з Бабчына) быў колішнім падданым князя Ярэма Вішнявецкага. Два апошнія таксама былі сялянамі. Адзін з іх (Пятро з сяла Мокіша) раней быў падданым Мікалая Патоцкага, вялікага гетмана кароннага, а другі (Міхед з сяла Савічы) ужо быў казаком сотні Малка. Ротмістр Смольскі з трывогай даносіў Радзівілу, што на «Літву» ідзе 4000 пад камандаваннем кіеўскага палкоўніка Самойлы Бялецкага. Тут, верагодна, ідзецца пра наказнога кіеўскага палкоўніка, які, дарэчы, браў удзел у пазнейшай Лоеўскай бітве і значыцца ў рэестры 1649—1650 гг. у складзе Кіеўскага палка пятым па ліку «Яцко Белецкі»10. На чале гэтага палкоўніка мелася быць 6 сотняў, якія ўзначальвалі Грыцько Пешчанка, Хвінец (?), Цішко, Свосько (?), Перац з Чыгірына, Кульш (Куліш або Культа).
Але параза пад Загаллем не прывяла да страты паўстанцамі ініцыятывы, тым больш што ад войска Галоты засталося ў жывых каля паловы ваяроў. Яны хутка перагрупаваліся і абралі сваім новым правадыром Грыгорыя (Грышая) Грыгоравіча Галоту, брата памерлага палкоўніка. Грыгоры Галота аб’явіў сябе брагінскім палкоўнікам і жвава пачаў збіраць пад штандары Брагінскага палка паўстанцкіх украінскіх і беларускіх сялянаў, наладжваючы каардынацыю дзеяў з казацкімі палкамі другога эшалону. Яму ўдалося хутка сабраць 1500 вершнікаў і 500 пехацінцаў, з якімі ён тыдзень прастаяў у Бабічах. Тут наладзіў агляд свайго войска, павыганяў з яго рабаўнікоў і пачаў высылаць свае загоны пад Петрыкаў. Толькі пасля паведамлення, што Радзівіл прыбыў у Рэчыцу, Галота адступіў да Чарнобыля, а потым са сваім, ужо пяцітысячным брагінскім палком, далучыўся да войска новага наказнога гетмана, кіеўскага палкоўніка Крычэўскага. Адынец і Сідляр з Бабічаў адступілі да Мазыра і на пэўны час апанавалі гэтым местам, сабралі чаўны і рушылі вадою ў Чарнобыль (Адынец) і ў Бабічы (Сідляр) . Потым апошні таксама пайшоў на Чарнобыль вадою і сухадолам, але ягоныя дазоры пранікалі ў глыбокі тыл, прычым Грыгоры Галота хацеў дайсці і да Турава. Такія дзеі тым больш змушалі князя Радзівіла быць асцярожным, бо ён рыхтаваўся да супраціву наступу 30-тысячнага войска, якім камандаваў Міхайла Крычэўскі. Наперадзе была Лоеўская бітва...
Бітва пад Загаллем, хоць і была прайграная, але на пэўны час затрымала Радзівіла і не дала яму магчымасці ўдарыць у тыл арміі Хмяльніцкага, якая наступала на Збараж. У гэтым і ёсць найперш значэнне дадзенай падзеі ў гісторыі нацыянальна-вызвольнай вайны ўкраінскага народу 1648—1658 гг.
Як зазначалася вышэй, мы падаём некалькі важных дакументаў моваю арыгіналу. Перадача тэксту абумоўлена правіламі, якія ўжо былі намі патлумачаны11. Адзначым толькі, што рукапіс, асабліва на першых аркушах, мае шэраг механічных пашкоджанняў, у выніку чаго загінула частка тэксту дакументаў. Такія прагалы абазначаюцца намі кропкамі, узятымі ў дужкі і асаблівым значком, кшталту: (...)*. Гэтыя дакументы, без сумневу, прыдадуцца даследнікам не толькі для вывучэння біяграфіі Іллі Галоты або бітвы пад Загалем, але і пачатковага этапу нацыянальна-вызвольнай вайны ўкраінскага народу 1648—1658 гг, асабліва на Севершчыне і ў паўднёвай Беларусі.
ЗАЎВАГІ
1 Grabowski A. Ojczyste spominki w piśmach do dziejów dawnej Polski. — Kraków i Witebsk, 1859. — S. 366—367; Jakuba Miehałowskiego, wojskiego lubelskiego, a później kasztelana księza pamiętnicza... — Kraków, 1864. — S. 416—417.
2 Возняк М. Битва під Загалем у сучаснай польскій пісні. // Записки наукового товариства ім. Шевченка (ЗНТШ). Т. 147. — Львів, 1927. — С. 477.
3 Гл.: Мицик Ю. А., Мосьпан Н. В. Плохій С. М. Місто на Самарі. Дніпропетровск, 1994.
4 Рэестр Війска Запорозького 1649 року. — К., 1995. — С. 477.
5 Гл.: Z dziejów Ukrainy. — Kijow, 1912. — S. 425.
6 Рэестр... С. 469.
7 Гл.: Плохий С. Освободительная война украинского народа 1648—1654 гг. в латиноязычной историографии середины ХVII века. — Днепропетровск, 1983. — С. 49.
8 Гл.: Переяславський О. Лоiв (Loiv). — Каліш (Kalisz) 1935. — С. 32—33).
9 Гісторыя Беларусі ў 2-х частках. Ч. 1. — Мінск, 2000. — С. 194.
10 Рэестр... С. 291.
11 Мицик Ю. Із листування українських письменників-полемістів / 1621—1624 рр. // Записки наукового товариства ім. Шевченка. — Львів, 1993. — Т. 225. — С. 310—347.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА
|