БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
СПАДЧЫНА № 5-6/2002

Беларускае студэнцтва ва ўкраінскіх вышэйшых школах 
у Чэха-Славаччыне ў 1920—1930-я гг.

Вольга ЯМКОВА
(Кіеў)

У 1920—1930-я гг. Чэха-Славаччына ў шэрагу іншых краінаў Цэнтральнай і Заходняй Эўропы была адным з галоўных цэнтраў антыбальшавіцкай эміграцыі з абшараў былой Расейскай імпэрыі. Сюды палітычныя выгнаньнікі й уцекачы траплялі рознымі шляхамі. У прыватнасьці, украінцы — у выніку паразы нацыянальна-вызвольнага змаганьня супраць расейскага бальшавізму ў 1917—1920-я гг. і ўсталяваньня савецкай улады ва Ўкраіне. Яны эмігравалі разам з установамі ўраду Ўкраінскае Народнае Рэспублікі і фармаваньнямі нацыянальнага войска. Гэта была палітычная эміграцыя, якая прымала актыўны ўдзел у палітычных працэсах ва Ўкраіне. Сваё становішча выгнаньнікаў яны лічылі часовым, таму галоўныя эміграцыйныя хвалі з Цэнтральнай і Ўсходняй Украіны, Галіччыны і Букавіны былі накіраваны ў бліжэйшыя суседнія краіны Эўропы, у прыватнасьці — у Чэха-Славаччыну.

Сытуацыя зь беларускай эміграцыяй у міжваенны пэрыяд істотна розьнілася ад украінскай. Дзеячы Беларускае Народнае Рэспублікі, што знайшлі палітычны прытулак у Празе, у агульнай масе беларускай калёніі ў Чэха-Славацкай Рэспубліцы (ЧСР) складалі нязначную частку. Наплыў беларускіх эмігрантаў у ЧСР у гэты пэрыяд быў зьвязаны з наступствамі Рыскай дамовы 1921 г., заключанай паміж Польшчай і бальшавіцкай Расеяй, паводле якой Беларусь была падзелена на дзьве часткі — польскую й савецкую. Важнейшым фактарам у чыннасьці беларускай эміграцыі ў Чэха-Славаччыне быў сацыяльны і менш — палітычны. У 1923 г. з 300 чалавек, выхадцаў зь Беларусі, што апынуліся ў ЧСР, 90% складалі ўраджэнцы Віленшчыны і Горадзеншчыны, дзеці сялянаў з заходнебеларускіх вёсак, і ва ўмовах палітычнага рэжыму ІІ Рэчы Паспалітай не маглі атрымаць на радзіме вышэйшае адукацыі. Гэта былі маладыя людзі зь няпэўнымі палітычнымі поглядамі (мноству ня споўнілася яшчэ і 20 гадоў), якія прыехалі атрымаць у Чэха-Славаччыне вышэйшую асьвету. Пра інтэлектуальную слабасьць і палітычную нетрываласьць бальшыні прадстаўнікоў беларускай эміграцыі канстатаваў прафэсар Украінскага пэдагагічнага інстытуту імя Міхайлы Драгамана ў Празе Шэлухін, які адзначаў, што «інтэлігенцыі ў іх [беларусаў. — В. Я.] вельмі мала, шырокія слаі насельніцтва не актыўны, і пры першай магчымасьці яны могуць зрабіць крок супраць нас [украінцаў]».

Масавы прыток эмігрантаў з былой Расейскай імпэрыі ў Чэха-Славаччыну пачаўся з 1921 г. У гэты год у краіну прыбыло звыш 6 тыс. чал. Ужо ў 1923 г. паток эмігрантаў дасягнуў 23 тыс. чал., у 1925 г. — 25 тыс., 1932 — 10,5 тыс., 1936 — каля 9 тыс.1. Трэба зацеміць, што ня ўсе эмігранты ўлічваліся афіцыйнай статыстыкай, значную частку зь іх складалі г. зв. «нелегалы», таму дакладную лічбу іх вызначыць цяжка. Тым больш што Чэха-Славаччына для некаторых зьяўлялася своеасаблівым «перавалачным пунктам» на шляху ў больш заможныя краіны Заходняй Эўропы ці была часовым месцам знаходжаньня, дзе можна было атрымаць адукацыю ў прэстыжных вышэйшых школах Прагі, Брно і Братыславы, каб потым крочыць далей у пошуках працы ў Францыі, Нямеччыне, Аўстрыі ды г. д.

Урад Чэха-Славацкае Рэспублікі ў адрозьненьне ад урадаў бальшыні іншых эўрапейскіх дзяржаваў заняў асобную пазыцыю ў дачыненьні да эмігрантаў з абшараў былой Расейскай імпэрыі. Сваю палітыку ў гэтым пытаньні кіраўніцтва ЧСР праводзіла ў адпаведнасьці са зьнешнепалітычнымі прыярытэтамі сваёй краіны. Прыхільнасьць «айцоў» чэскага нацыянальна-вызвольнага руху Т. Масарыка, К. Крамаржа і Э. Бэнэша да ідэяў «паступовага панславізму» яшчэ ў пэрыяд змаганьня за нацыянальную дзяржаўнасьць адыграла не апошнюю ролю ў фармаваньні палітыкі «добрай рукі» ў дачыненьні да «ўсходняй» хвалі эміграцыі. Кіраўніцтва Чэха-Славаччыны пільна сачыла за падзеямі ў Савецкай Расеі (пазьней Савецкім Саюзе), спадзеючыся на хуткую зьмену там палітычнага рэжыму. Яшчэ ў 1919 г. пры міністэрстве замежных справаў ЧСР быў створаны асобны аддзел або сэкцыя (вызначалася грыфам ІІ/2), якая павінна была сачыць за сытуацыяй у суседніх краінах, галоўным чынам, на ўсходзе ад Чэха-Славаччыны. Акрамя таго, супрацоўнікі вышэйузгаданага аддзелу рэгістравалі эмігрантаў, што прыбывалі ў краіну, кантралявалі іх грамадзкую й палітычную чыннасьць, пераважна тых, хто нэгатыўна ставіўся да палітычнага ладу ў ЧСР: экстрэмістаў-радыкалаў як левага, так і правага кірунку (камуністаў, скрайніх манархістаў, пазьней — прыхільнікаў фашысцкай ідэалёгіі). Аддзел ІІ/2 фінансаваў дзейнасьць у Празе Славянскай бібліятэкі й Расейскага замежнага гістарычнага архіву. У 1921 г. аддзелу было даручана падрыхтаваць г. зв. «Рускую акцыю» (Ruska pomocnб akcй), падчас якой плянавалася аказваць матэр’яльную дапамогу эмігрантам з былой Расейскай імпэрыі й іхным арганізацыям2. Прэзыдэнт ЧСР Т. Масарык і першы прэм’ер-міністар К. Крамарж, якія трымаліся антыбальшавіцкіх пазыцыяў, афіцыйна абвесьцілі ў дачыненьні да Савецкай Расеі «прыхільны нэўтралітэт», г. зн. неўмяшальніцтва ў яе нутраныя справы, насамрэч усяляк падтрымлівалі вайскоўцаў былой расейскай белай арміі й прадстаўнікоў антыбальшавіцкіх палітычных партыяў на абшарах сваёй краіны. Яны спадзяваліся, што пасьля краху бальшавіцкага рэжыму ў СССР менавіта посткастрычніцкая эміграцыя па вяртаньні на радзіму будзе адыгрываць галоўную ролю ў адраджэньні «новай Расеі», яе «рэканструкцыі» і «эўрапеізацыі», а таксама прапагандаваць шчыльную супрацу з Чэха-Славаччынай у палітычнай, эканамічнай і культурнай сфэрах. Менавіта нацыянальнымі прыярытэтамі сваёй краіны, дзеля ўзьняцьця міжнароднага аўтарытэту ЧСР, узмацненьню ейных пазыцыяў ва Ўсходняй Эўропе, а ня столькі альтруістычнымі меркаваньнямі кіравалася кіраўніцтва гэтай краіны, калі працягвала руку дапамогі эмігрантам з былое царскае Расеі. Гэтыя прынцыпы і былі закладзеныя ў праграму дапамогі антыкамуністычнай апазыцыі. Значная частка фінансавай падтрымкі з фондаў «Рускай акцыі», безумоўна, ішла на патрэбы расейскай эміграцыі, але чэха-славацкі ўрад не адмаўляў у дапамозе і прадстаўнікам іншых нацыянальнасьцяў, якія апынуліся ў іхнай краіне: украінцам, беларусам, армянам, грузінам ды інш. Спачатку акцыя разьвівалася ў 2-х кірунках: першы складаўся з дапамогі галадаючым у самой Савецкай Расеі, другі — накіраваны на падтрымку эмігрантаў. У 1921 г. Чэха-Славаччына выдаткавала каля 10 млн. кронаў для Расеі і Ўкраіны. Увогуле на дапамогу галадаючым урадам ЧСР было выдаткавана каля 13 млн. кронаў3.

Аднак у сярэдзіне 1922 г. чыннасьць дабрачынных місіяў у Савецкім Саюзе была забаронена. З гэтага часу пад «Рускай акцыяй» разглядаліся толькі мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку эмігрантаў на тэрыторыі Чэха-Славацкай Рэспублікі. Аднак фінасаваньне расейскіх, украінскіх ды іншых эміграцыйных структураў мела месца толькі ў першай палове 1920-х гг. Фінансаваньне праграмы ў тым памеры, як гэта прадугледжвалася Міністэрствам замежных справаў ЧСР, бюджэт маладой сувэрэннай дзяржавы на працяглы час вытрываць ня мог. Таму зь сярэдзіны 1920-х пачаўся яе перагляд у бок зьмяншэньня выдаткаў.

Кульмінацыяй «Рускай акцыі» стаў 1924 г., калі на патрэбы эміграцыі ўрадам ЧСР было выдаткавана 99.775 млн. кронаў4. У сьнежні 1926 г. міністар замежных справаў Э. Бэнэш паведаміў парляманту ЧСР пра тое, што Рада Міністраў плянуе ў хуткім часе згарнуць праграму. Ужо ў пачатку 1927 г. міністэрствам замежных справаў Чэха-Славаччыны быў распрацаваны плян паступовага скарачэньня фінансаваньня эміграцыі. У гэтым годзе міністэрства нутраных справаў выдаткавала на «Рускую акцыю» ўсяго 52.137 млн. кронаў, міністэрствы народнай адукацыі і сельскай гаспадаркі зусім адмовіліся выдзеліць на гэтыя мэты сродкі. Пасьля 1928 г. памер асігнаваньняў яшчэ больш скараціўся, у сувязі з чым пачалося закрыцьцё расейскіх і ўкраінскіх навучальных установаў у ЧСР. Пасьля прызнаньня дэ-юрэ Чэха-Славаччынай Савецкага Саюзу ў 1935 г. падтрымка расейскай белай эміграцыі ў краіне была афіцыйна спынена. Нягледзячы на складанасьці ў правядзеньні «Рускай акцыі», становішча эмігрантаў у ЧСР было значна лепшае, чым у іншых краінах Эўропы.

З правядзеньнем «Рускай акцыі» зьвязана чыннасьць Украінскага грамадзкага камітэту (УГК), які быў утвораны ў Празе ў 1921 г. зь ініцыятывы ўкраінскай палітычнай эміграцыі сацыялістычнага кірунку на чале зь Мікітам Шапавалам. 1 ліпеня таго ж году статут УГК быў зацьверджаны Міністэрствам нутраных справаў ЧСР, а 7 ліпеня адбыўся ўстаноўчы сход арганізацыі, на якім было абрана ягонае кіраўніцтва ў складзе Мікіты Шапавала, Нікіфара Грыгор’ева, Алеся Міцюка, Рыгора Грыцая. Першапачатна ў плянах чэха-славацкага ўраду чыннасьць УГК мусіла абмежавацца рольлю пасярэдніка паміж уладамі ЧСР і ўкраінскай эміграцыяй. Але з часам УГК значна пашырыў сфэру дзейнасьці і галоўнаю мэтай стала адстойваньне інтарэсаў эмігрантаў перад урадам Чэха-Славаччыны, арганізацыя для іх рабочых месцаў, адукацыі для моладзі, выдавецкай справы, правядзеньне культурна-асьветных мерапрыемстваў. Значную матэр’яльную й арганізацыйную дапамогу Камітэт аказваў студэнтам-эмігрантам, якія вучыліся ў вышэйшых і сярэдніх школах Прагі, Падэбрадах, Брно, Пшыбрамы і Братыславы.

Вядома, што на 1 ліпеня 1924 г. Украінскі грамадзкі камітэт апекаваўся 5209 эмігрантамі. Бальшыня зь іх (2884) — выхадцы з Прыдняпроўя, Кубані, г. зв. Зялёнага Кліну. Разам з украінцамі, зарэгістраванымі ва ЎГК (4925 чал., ці 94,6%), грамадзянства Ўкраінскае Народнае Рэспублікі задэкляравалі 126 (2,4%) жыдоў, 34 (0,7%) беларусы, 49 (0,9%) чэхаў, 16 (0,4%) расейцаў ды інш.5.

Важную інфармацыю пра нацыянальную й канфэсійную прыналежнасьць, узроставы склад эмігрантаў, якія знаходзіліся ў Празе ў 1921—1924 гг., утрымліваюць зьвесткі анкетаваньня, праведзенага зь ініцыятывы Чырвонага Крыжа Чэха-Славаччыны ў чэрвені 1924 г. У апытаньні бралі ўдзел толькі прадстаўнікі нерасейскіх народаў з былой царскай імпэрыі. Пры аналізе статыстычных зьвесткаў, пададзеных у анкетах, высьвятляецца, што значная частка моладзі прыбыла ў ЧСР з Польшчы, а менавіта 1367 асобаў (74,9% агульнай колькасьці апытаных). З Заходняй Беларусі сюды трапіла і большасьць беларусаў (57 з 82)6.

Украінцы-эмігранты з Прыдняпроўя, Галіччыны, Букавіны, Валыні, Холмшчыны сяліліся ў асноўным у Празе, Падэбрадах, Брно, а эмігранты-беларусы — пераважна ў чэскай сталіцы. Увогуле Прага была галоўным цэнтрам разьмеркаваньня студэнтаў-эмігрантаў з рэгіёнаў былой Расейскай імпэрыі. У Карлавым Унівэрсытэце ды іншых вышэйшых школах сталіцы ЧСР навучалася каля 68% эмігрантаў7.

Паводле інфармацыі з анкетаў Чырвонага Крыжа ўкраінцы склалі 93,6%, а беларусы — 4,5% усяго студэнцтва, якое прымала ўдзел у апытаньні. 90,8% (1521) украінцаў назвалі сваёй роднай украінскую мову, у той час, калі ўсе апытаныя беларусы і грузіны адзначылі, што роднай мовай для іх зьяўляецца, адпаведна, беларуская й грузінская8. Галоўнай задачай як для ўкраінскай, так і беларускай эміграцыі, быў працяг змаганьня за незалежнасьць сваёй бацькаўшчыны, вызваленьне яе ад замежных акупантаў, абраньне дэмакратычным шляхам уласных заканадаўчых, выканаўчых і судовых дзяржаўных органаў. Але дзеля дасягненьня гэтай мэты, на думку большасьці апытаных, яны павінны былі атрымаць вышэйшую асьвету і фахавую спэцыяльнасьць, каб забясьпечыць сваю будучыню, падвысіць інтэлектуальна-прафэсійны ровень. Нягледзячы на тое, што беларуская эміграцыя ў ЧСР, у параўнаньні з расейскай і ўкраінскай, была адносна нешматлікай, зь якой мала хто лічыўся, ёй хапіла сілы й інтэлектуальнага патэнцыялу, каб выпрацаваць уласную ідэалёгію і пачаць «уцелаішчываць» праграму змаганьня за незалежную Беларусь. У перадавіцы «Заданьні эміграцыі» штомесячніка «Беларускі студэнт» за 1923 г. (№ 6, кастрычнік), які выдаваўся ў Празе, заяўлялася: «Беларуская эміграцыя, праўда, не такая вялікая, як украінская ці маскоўская, але досыць значная, каб зрабіць дзеля Бацькаўшчыны патрэбную работу. Першае заданьне кожнай эміграцыі — гэта знаёміць чужыя ўрады й грамадзянствы зь ідэямі й дамаганьнямі свайго народу. [...] Беларуская эміграцыя павінна наўперед паказаць чужым народам, што беларусы дамагаюцца свайго незалежнага быцьця, што яны патрабуюць і могуць мець сваe асобнае гаспадарства...»

Лічачы сваё становішча ў эміграцыі часовым, украінцы й беларусы актыўна стваралі на тэрыторыі Чэха-Славаччыны грамадзкія, палітычныя, вайсковыя арганізацыі, праводзілі культурна-адукацыйную чыннасьць сярод землякоў, гартавалі сябе для змаганьня за свабоду роднага краю.

Цікавыя зьвесткі, якія адлюстроўваюць прыбыцьцё ў Чэха-Славаччыну беларускіх абітурыентаў, іх кароткія біяграмы з фотаздымкамі, выяўленыя аўтарам гэтых радкоў у зборы Ўкраінскага грамадзкага камітэту ў Празе, што захоўваецца цяпер у Цэнтральным дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны (ЦДАВО) у Кіеве (гл. Дадатак). Сярод гэтых дакумэнтаў ёсьць сьпіс беларусаў-студэнтаў, якія прыбылі ў чэскую сталіцу з Заходняй Беларусі на вучобу і спадзяваліся атрымаць стыпэндыю ад Чэска-Ўкраінскага камітэту дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам. Тут мы бачым вядомых у будучым беларускіх палітычных і грамадзкіх дзеячоў: Тодара Анісковіча, Пятра Орсу, Юрку Муху-Мухноўскага ды іншых.

Разам з Украінскім грамадзкім камітэтам матэр’яльную падтрымку эмігрантам-студэнтам аказваў Чэска-Ўкраінскі камітэт дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам (ЧУК), створаны ў лістападзе 1921 г. Камітэт фінансаваўся зь дзяржаўнага бюджэту ЧСР, таму маладыя ўкраінцы і беларусы атрымлівалі зь яго фонду стыпэндыі й аднаразовыя грашовыя дапамогі. У пункце 3 статуту ЧУК запісана (падаецца па-ўкраінску): «Нести матеряльну і моральну поміч студіюючим Українцям і Білорусинам»9. Чэска-Ўкраінскі камітэт складаўся з 8 чэскіх прафэсараў і студэнтаў, 4 прафэсараў Украінскага вольнага ўнівэрсытэту, 4 прадстаўнікоў украінскага студэнцтва, 8 — Украінскага грамадзкага камітэту, 2 — ад арганізаванага беларускага грамадзянства, прадстаўнікоў іншых арганізацыяў (паводле п. 4 статуту ЧУК)10.

Камітэт актыўна й дзейсна падтрымліваў бедных і малазабясьпечаных студэнтаў-эмігрантаў, пра што сьведчаць наступныя факты. З 1921 па 1923 гг. колькасьць асобаў, якія атрымлівалі ад ЧУКа стыпэндыю (500 крон), павялічылася з 557 да 1606 чал. За 10 гадоў (1921—1931 гг.) стыпэндыятамі Камітэту сталі 1.992 украінскія студэнты (зьвесткі пра беларускіх студэнтаў адсутнічаюць). Акрамя таго, ЧУК ствараў для эмігрантаў студэнцкія інтэрнаты, дапамагаў вопраткай, лекамі, забясьпечваў вучэбнай літаратурай, арганізоўваў для іх лячэньне ў санаторыях, падчас вакацыяў ладзіў экскурсіі па краіне, турыстычныя вандроўкі за межы Чэха-Славаччыны.

У фондзе ЧУК у ЦДАВО выяўлены пэрсанальныя студэнцкія лісты беларускіх студэнтаў, што навучаліся ў вышэйшых школах ЧСР у 1923—1924 гг. У іх, што вельмі важна для дасьледнікаў, маюцца фатаграфіі і сьціслыя біяграмы наступных асобаў: Аніськевіча Віктара, Аўчыньнікава Ігара, Бабровіча Янкі Казімера, Бусла Сяргея, Вукдэлічанкі Ядвігі, Геніюш Янкі, Грыневіча Ўладыслава, Дзехцярова Пятра, Дзьмітрыева Аляксандра, Зяньковічанкі Любові, Галубянкі Марыі, Лабоцкага Міколы, Лаўскага Вячаслава, Лябецкага Францішка, Мамонькі Язэпа, Пяткевічаў Францішкі й Вацлава, Шаха Аляксандра. Гэтыя дакумэнты маюць значную цікавасьць для гісторыкаў, што займаюцца дасьледаваньнем беларускага нацыянальна-вызвольнага руху міжваеннага часу.

У Чэха-Славаччыне падчас правядзеньня «Рускай акцыі» стваралася сетка ўкраінскіх сярэдніх і вышэйшых школаў: Украінскі вольны ўнівэрсытэт у Празе (утвораны ў 1921 г.), Украінская гаспадарчая акадэмія ў Падэбрадах (1922), Украінскі пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава ў Празе (1923), Украінскі сацыялягічны інстытут (1927), Украінскія курсы плястычнага мастацтва ў Празе (1923), Украінская рэальная гімназія ў Празе (1925), некалькі матуральных курсаў (навучальныя ўстановы, якія дазвалялі абітурыентам па паскоранаму курсу атрымаць сярэднюю адукацыю) ды інш. Менавіта ў навукова-адукацыйнай сфэры Ўкраінскі грамадзкі камітэт дасягнуў найбольшых посьпехаў. Сярод студэнтаў украінскіх матуральных курсаў і вышэйшых школаў былі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў: беларусы, расейцы, жыды і нават чэхі (гл. Дадатак).

Найбольшая колькасьць беларускіх студэнтаў ды матурыстаў, якія навучаліся ва ўкраінскіх вышэйшых школах і на падрыхтоўчых курсах у ЧСР, знаходзілася пры Ўкраінскай гаспадарчай акадэміі ў Падэбрадах. Калі, напрыклад, ва Ўкраінскім пэдагагічным інстытуце імя М. Драгаманава ў 1920-я гг. навучаліся толькі дзьве беларускі — Людміла Краскоўская і Вукдэлічанка Ядвіга, дык у Акадэміі й на матуральных курсах пры ёй у 1923 г. налічвалася 16 беларусаў. Украінская гаспадарчая акадэмія ў Падэбрадах (УГА) была адной з найбольш паважаных украінскіх навучальных установаў у эміграцыі. 31 студзеня 1922 г. на агульным сходзе Ўкраінскага грамадзкага камітэту была абрана Арганізацыйная камісія па ўтварэньні УГА на чале з М. Шапавалам. Апошні наладзіў кантакты з Усеўкраінскім хаўрусам сельскагаспадарчых тэхнікаў, сядзіба якога знаходзілася ў г. Тарнаве (Польшча), каб апошні дапамог арганізаваць украінскую вышэйшую тэхнічную школу. Сябры Хаўрусу І. Шаўгенаў, Б. Іваніцкі, В. Чэрадзііў, Л. Фралоў, І. Шарамецінскі, А. Міхайлоўскі ды інш. распрацавалі праект школы. Акрамя таго, Хаўрус прадставіў асноўны кантынгент прафэсарска-выкладчыцкага складу, а таксама сфармаваў першы прэзыдыюм новаўтворанай Акадэміі, у які ўвайшлі І. Шаўгеніў (рэктар), Б. Іваніцкі (прарэктар), І. Шарамецінскі (сакратар рады прафэсараў)11.

Арганізацыйнай камісіі пры УГК па стварэньні Гаспадарчай акадэміі за вельмі кароткі час удалося дасягнуць юрыдычнае рэгістрацыі новай навучальнай установы (19.5.1922 г.), знайсьці фінансавыя сродкі для яе чыннасьці й пачаць прыём студэнтаў на 1922/23 навучальны год. Бальшыня студэнтаў атрымала стыпэндыі ад Міністэрства замежных справаў ЧСР, якому да 1928 г. у адміністратыўных і гаспадарчых пытаньнях падпарадкоўвалася Акадэмія.

Сваю чыннасьць УГА афіцыйна распачала 22 красавіка 1922 г. Спачатку курс навучаньня ў новай навучальнай установе прадугледжваўся тры гады, пазьней быў павялічана да чатырох12. Пры ўтворанай вышэйшай тэхнічнай школе дзейнічалі 3 факультэты: 1) агранамічна-лясны (19 катэдраў) з агранамічным і лясным аддзеламі, 2) эканоміка-каапэратыўны (20 катэдраў) з эканамічным, каапэратыўным і статыстычным аддзеламі, 3) інжынерны (20 катэдраў) з гідратэхнічным і хіміка-тэхналягічным аддзеламі. Агульнае кіраўніцтва УГА зьдзяйсьняла Рада прафэсараў, а выканаўчым органам апошняй быў Сэнат у складзе рэктара, прарэктара, сакратара Рады прафэсараў і дэканаў факультэтаў. У выкладчыцкі склад Акадэміі на 1 лютага 1923 г. уваходзіла 9 прафэсараў, 16 дацэнтаў і 8 лектараў.

Матэр’яльнае забесьпячэньне УГА пры яе стварэньні было даволі сьціплым (70.000 кронаў штомесячна), але датацыі чэха-славацкага ўраду на патрэбы Акадэміі паступова павялічваліся. У розныя гады памер фінансаваньня гэтай вышэйшай школы істотна адрозьніваўся: 2.777.848 кронаў у 1927 г. і 1.600.000 кронаў у 1931 г. У канцы 1920-х гг. пачалося значнае скарачэньне фінансаваньня Акадэміі ўладамі ЧСР. У 1928 г. Міністэрства сельскае гаспадаркі ЧСР забараніла кіраўніцтву УГА прымаць у бягучым навучальным годзе новых студэнтаў і загадала распачаць паступовую ліквідацыю навучальнай установы13. Прычынаў такіх зьменаў у дачыненьні да эміграцыі было некалькі: па-першае, пачатак згортваньня чэха-славацкім урадам «Рускай акцыі», па-другое, цяжкі эканамічны крызыс у краіне і ва ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Эўропе ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х г. У гэты няпросты пэрыяд жыцьця ўкраінскае калёніі ў Чэха-Славаччыне зачынілася некалькі ўкраінскіх навучальных установаў. У 1933 г. быў зьліквідаваны Украінскі пэдагагічны інстытут у Празе, Украінская гаспадарчая акадэмія пратрымалася да 1935 г.

Зьвернемся да сыстэмы арганізацыі навучальнага працэсу ва Ўкраінскай гаспадарчай акадэміі. Многія эмігранты ня мелі закончанай сярэдняй асьветы, таму кіраўніцтва Акадэміі пры фінансавай падтрымцы УГК у 1922 г. арганізавала матуральныя курсы, якія закончылі за ўвесь час 127 чал. У 1923 г. курсы для зручнасьці былі пераведзены ў Прагу, на базе якіх у сакавіку 1924 г. была ўтворана Ўкраінская 3-гадовая рэальная вучэльня.

Матэр’яльную падтрымку студэнтам УГА, акрамя датацыяў ад чэха-славацкага ўраду, аказвалі таксама грамадзкія дабрачынныя арганізацыі: Камітэт дапамогі студэнтам і Дабрачынны камітэт. Першая арганізацыя складалася з прадстаўнікоў прафэсуры й студэнтаў Акадэміі й ладзіла сваю чыннасьць пры падтрымцы фінансава-гаспадарчай камісіі, другая, дзякуючы дабрачынным унёскам грамадзкіх арганізацыяў і прыватных асобаў, апекавалася тымі студэнтамі, якія не атрымлівалі стыпэндыяў.

Студэнцтва акадэміі гуртавалася ў рознага роду грамады, таварыствы, гурткі, клюбы і г. д. Агульнастудэнцкімі арганізацыямі ў навучальнай установе лічыліся «Акадэмічная грамада УГА» і «Грамада студэнтаў пры УГА». Абедзьве арганізацыі ўваходзілі ў склад Цэнтральнага хаўрусу ўкраінскага студэнцтва (ЦХУС), клапацілася пра матэр’яльнае становішча й інтэлектуальныя правы сваіх сябраў. Пры ўзгаданых арганізацыях дзейнічалі бібліятэкі, чытальні, спартовыя клюбы, хор, аркестар, гурток бандурыстаў, іншыя гурткі. Пры акадэмічнай грамадзе існавала таксама Бюро, якое займалася працаўладкаваньнем выпускнікоў акадэміі. Слухачы вышэйшай тэхнічнай школы арганізавалі шэраг прафэсійных студэнцкіх таварыстваў: аграномаў, каапэратараў, пчаляроў, гідратэхнікаў, меліяратараў ды інш., дзейнічаў таксама Хаўрус украінскіх меліяратараў. Пасьля заканчэньня вучобы й пасьпяховай здачы іспытаў, выпускнікі атрымлівалі адпаведныя дыплёмы і званьне інжынэра.

Разнаістае па нацыянальнаму складу студэнцтва Акадэміі гуртавалася па зямляцтвах і культурна-асьветных гуртках, празь якія прапагандавалі сваю культуру і мастацтва, разьвівалі тэатральную самадзейнасьць, друкаванае слова на роднай мове. Пры Акадэміі дзейнічала Кубанскае зямляцтва. Гурток студэнтаў з паўночна-заходніх земляў Украіны, Беларуская грамада. На працягу некалькіх гадоў (1925—1927) пры УГА існаваў нешматлікі Беларускі студэнцкі гурток. Паводле свайго статуту арганізацыя мела «прафэсійна-нацыянальны й апалітычны характар», а галоўная мэта гуртка — «групаваньне беларускага студэнцтва ... дзеля ўзаемнай матэр’яльнай і маральнай дапамогі». Статут арганізацыі на беларускай і ўкраінскай мовах быў зацьверджаны Сэнатам УГА 4 лютага 1925 г., але выданьне ўласнага часапісу беларусам дазволена ня было. Распаўся гурток у красавіку 1927 г. з-за палітычных рознагалосьсяў сярод сябраў (5 чалавек выйшлі зь яго складу ў знак нязгоды з прасавецкай пазыцыяй старшыні Яна Бабровіча)14.

Былі выпадкі, калі паміж студэнтамі Акадэміі ўзьнікалі непаразуменьні, якія часам даходзілі да кулачных боек. Жыцьцё ў выгнаньні, цяжкія матэр’яльныя ўмовы, фізычная і духоўная зьнясіленасьць, якая суправаджалася дэпрэсіямі, накладвалі свой адбітак на псыхалягічны стан многіх эмігрантаў. Некаторыя так і не прыстасаваліся да новых абставінаў, не знайшлі нічога лепшага, як бавіць час у корчмах за куфлем таннага чэскага піва ці за келіхам бэхераўкі, потым спаганяць сваю незадаволенасьць жыцьцём на іншых. Нярэдка гэта прыводзіла да канфліктаў, якія часам азмрочваліся міжнацыянальнымі прэтэнзіямі: расейцаў да ўкраінцаў, украінцаў да беларусаў, беларусаў да расейцаў ці наадварот. На жаль, было і так. Адзін з такіх інцыдэнтаў на «ідэалягічнай глебе» адбыўся паміж беларускімі й украінскімі студэнтамі ў чэрвені 1923 г. Удзельнікамі яго зь беларускага боку сталі студэнты УГА Язэп Мамонька і Сяргей Бусел. Мамонька быў вядомы ў асяродку беларускіх незалежнікаў як актыўны змагар за незалежную Беларусь. Ягонае імя ўжо стала легендарным: неаднойчы ён трапляў у вязьніцы бальшавіцкага ЧК—ГПУ і польскае дэфэнзівы, ня раз яму пагражаў расстрэл. Пасьля таго як цудам вырваўся з чэкісцкіх капцюроў, у 1922 г. паехаў з рэкамэндацыі Ўраду БНР на вучобу ў Чэхію, але тут, у эміграцыі, так і не знайшоў свайго месца, закінуў вучобу, амаль не наведваў заняткі, паціху дэградаваў і сьпіваўся. Пад уплывам апошняга апынуўся ягоны паплечнік па партыі беларускіх эсэраў, актыўны ўдзельнік антыбальшавіцкага Слуцкага збройнага чыну 1920 г., 23-гадовы Сяргей Бусел.

Спрэчка і кулачная бойка паміж імі і ўкраінцамі, ураджэнцамі Ўсходняй Галіччыны, адбылася ў адной зь піўных Падэбрадаў. У архіве захавалася тлумачальная запіска ўкраінскіх студэнтаў, у якой яны распавядалі пра абставіны сутычкі (падаецца на мове арыгіналу): «16 цього червня в реставрації готелю «Централь» стався слідуючий випадок: ... ми нижчепідписані прийшли... випить пива за пів години туди ж прийшла компанія чехів... Незабаром до них приєдналися студ. Мамонько і Бусел на підпитку обидва. Студ. Мамонько що до нас тримався демонстративно, а студент Бусел напівголос радив чехам припинити з нами балачки, бо мовляв ми монархісти німецької орієнтації, та ще щось, чого ми вже не чули. З боку чехів після чого почалися ворожі випади у наш бік і коли залишили ми реставрацію нас виправили співом «Deutschland uber alles». На вулиці ми вирішили викликати студента Бусела до нас для зясовання його поведінки в реставрації... Студент Бусел вийшов до нас, але пояснення не дав, вернувшись до білорусів. Ми вирішили чекати його та зробити з ним те, що роблять з провокаторами. До першої години ночі ми чули співи московських пісень, які галасали пяні Мамонько та Бусел. Нарешті вони вийшли. Ми дали їм відійти... й тоді вже розділалися з Буселом у відповідний спосіб. Мамонька не чіпали з огляду на його благання й запевняння, що він битись із товаришами українцями не хоче, а коли поближчали якісь чехи, він став кричать істеричним голосом, що українську бандіти ізбивають білорусів. На цьому ми їх залишили.

Студенти Ковердинський, Ржевуцький, Кузнеців, Чирський»15.

Рада Акадэмічнае грамады пры ЎГА, пасьля разгляду дадзенага выпадку вынесла наступны вэрдыкт: «Рада... констатує негативне явище кулачної розправи й осуджує його, що ж торкається студентів Мамонька та Бусела то їх діяльність підбурювання чеських громадян проти студентів Академії немов би монархістів німецької орієнтації і потім скарга безпосередньо до поліції... є явищем недопустимим в академічному житті і постільки студенти Мамонько та Бусел не визнають шкідливости свого вчинку та не заберуть скарги від поліції [...] і не дадуть Академічній Громаді [...] обіцянки більш нічого подібного не робити вважати їх перебування в Академії шкідливим...»

Іншы пункт гледжаньня на інцыдэнт быў у мясцовай грамады беларускіх студэнтаў. На скліканым для разгляду гэтага пытаньня сходзе пасьля тлумачэньняў сваіх паводзінаў Буслом і Мамонькам беларусамі было пастаноўлена наступнае:

«1) прычынаю інцыдэнту была насьмешка вышэй азначэных паноў [Кавэрдынськага, Ржевуцькага, Кузьняціва, Чырськага. — В. Я.] з Чехаў, якіе сьпевалі Расейску песьню «Волга», кепско вымоўляючы расейскіе словы.

2) Размова т. Бусла з знаeмымі чэхамі была цалком прыватна да якоі не абавязково кожнаму прыслухацца.

3) Што ў паводжэный т. Бусла нічога абражаючага для п. п. Кузнеціва і інш. не было, бо абражацца за песьню, яка ходзіць між чэхами пра пэўных Укр. Студэнтаў — можно толькі на сябе, тым балей, што чэхі тэй песьнею адказалі на насьмешкі гэтых жэ студэнтаў.

4) Што сваім ганебным учынкам (нападом чатырох чалавек на адного ў начы) п. п. Кузнеців і ін., баронячы быццам національну Украінску чэсць, абразілі ў такім разе у ліцы т. Бусла чэсьць Бел. Студенства» [...] Пратакол (№ 6) быў датаваны 19 чэрвеня 1923 г. і падпісаны старшынём сходу16. На наступным сходзе, які адбыўся праз 2 дні, Беларуская грамада хадайнічала перад кіраўніцтвам УГА пра перагляд ім свайго рашэньня ў дачыненьні да іх сяброў17.

Па-іншаму адрэагавалі на гэты інцыдэнт прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў у Чэхіі. Прынамсі, апанэнты беларускіх эсэраў, сябры «Беларускага сялянскага саюзу» ў Празе, якія 4 ліпеня 1923 г. прынялі наступную рэзалюцыю за подпісам старшыні арганізацыі Янкі Станкевіча: «Выслухаўшы даклад сябры Язэпа Сака аб інцыдэнце ў Падзебрадах студэнтаў Беларусаў Яз. Мамонькі і Бусла з украінскімі студэнтамі, прызнае паступак Мамонькі й Бусла компромітуючым беларуское імя, асуджае іх і паведамляе аб гэтым беларускія і ўкраінскія студэнцкія організацыі»18.

Старшыня Беларускай грамады ў Празе, ветэран беларускага нацыянальнага руху Мікалай Вяршынін у сваім лісьце рэктару ЎГА за 27 чэрвеня 1923 г. асуджаў паводзіны Я. Мамонькі, але ў той жа час спрабаваў апраўдаць у нейкім сэнсе С. Бусла, спасылаючыся на ягоную маладосьць: «Да Беларуское Громады ў Празе дайшлі неясные чуткі аб тым, што нашы студенты ў Подебрадах Мамонька і Бусел не слушна вядуць сябе, а іменна: напіваютца у карчме і робяць скандалы. Так яни адзін раз пьяные пачалі бітца з украінскімі студэнтамі; у гэты скандал як бы ўмяшалася паліцыя, і потым уся справа была передана на разсудак паважанай Управы гаспадарскай Акадэміі і матурытных курсаў. Калі дапраўды гэты інцыдэнт стаўся, то мы вельмі шкадуем, бо eн кідае цень і на другіх, сусім невінных беларускіх студэнтаў, у вачах якіх Мамонька стаіць вельмі нізка. Нас не дзівіць тое, што Мамонька може дапусьтіцца ня слушнага паступка, бо з самага початку сваяго прыезда ў Чэхію eн вельмі дрэнна зарэкамендавав сябе паміж беларускім студэнствам сваімі скандаламі. На яго ў Грамадзе eсьць дзве жалабы, якімі eн абвіняеца ў публічнай клявеце, але ад Грамадскаго Суда ўкланяетца. У нас ужо не раз падымалася пытане а выключені Мамонька з Грамады. Што таркаеца Бусла, то гэты малады хлопец усe цэла знахадзіцца пад уплывам Мамонькі і слухае яго демагогіі»19.

Пасьля таго як Мамонька й Бусел дэманстратыўна ня выканалі пастановы кіраўніцтва Акадэміі, Сэнат УГА сваім рашэньнем ад 4 ліпеня 1923 г. вынес апошнім па другой вымове і прапанаваў добраахвотна пакінуць сьцены навучальнай установы. У асабістай справе Мамонькі маецца наступны запіс: «Постановою Професорської Ради Академії з дня 14-го липня 1923 р. звільнений за порушення студентських правил»20. Яшчэ прыкладна каля 2 гадоў Мамонька, кінуты жонкай, будзе туляцца беспрацоўным па Празе, жывучы на падачкі сяброў, потым зьедзе ў Рыгу, пасварыцца з усімі тамтэйшымі беларускімі працаўнікамі, пераедзе ў Вільню, дзе таксама доўга не затрымаецца. Маральна й фізычна спустошаны, ён пагодзіцца пераехаць у БССР, ужо не адчуваючы небясьпекі, што пагражала ад бальшавікоў. На цягніку, з савецкім пашпартам у кішэні, даедзе толькі да польска-савецкае мяжы, будзе схоплены супрацоўнікамі ГПУ і на гэты раз зь іхных капцюроў ня вырвецца, хутка будзе расстраляны.

Сяргей Бусел будзе таксама звольнены са складу студэнтаў Акадэміі рашэньнем Сэнату ЎГА ад 14 лістапада 1923 г., але, дзякуючы заступніцтву Вяршыніна, будзе пераведзены вучыцца ў Праскую вышэйшую політэхнічную школу21. Пасьля заканчэньня вучобы ў Празе, атрымаўшы званьне інжынэра, пераедзе ў Вільню, будзе браць чынны ўдзел у беларускім грамадзкім і палітычным жыцьці. У кастрычніку 1939 г., калі ў Вільню ўвайшлі савецкія войскі, будзе схоплены НКВД і вывезены ў Менск. Далейшы лёс невядомы, але можна ўпэўнена сказаць, што жывым зь вязьніцы ці гулагаўскага канцлягеру ён ужо ня выйшаў.

Ня менш трагічны лёс быў і ў былога старшыні гуртка беларускіх студэнтаў пры ЎГА Яна Казімера Бабровіча. Вельмі таленавіты і здольны да навукаў, ён зьвяжа свой лёс з камуністычным рухам, пазьней стане адным зь лідэраў Камуністычнае партыі Заходняй Беларусі, але ў 1937 г., ужо ў Менску, будзе беспадстаўна арыштаваны НКВД і рэпрэсаваны.

Мала хто з той міжваеннай беларускай эміграцыі, якія вучыліся ў вышэйшых школах Чэха-Славаччыны, у тым ліку і ва ўкраінскіх грамадзкіх навучальных установах, застанецца ў жывых пасьля другое сусьветнае вайны. Але ўсе яны будуць зь цеплынёй успамінаць гады вучобы ў Празе і Падэбрадах, узгадваць украінскіх сяброў і дабрадзеяў, што дапамагалі ім у цяжкую хвіліну, дзяліліся апошнім. Беларуска-ўкраінскае сяброўства трымаецца не на нейкіх абстрактных рэчах, а на гэтых канкрэтных прыкладах узаемавыручкі й братэрскай салідарнасьці.

[дадатковыя дакументы]


ЗАЎВАГІ

1 Віднянський С. Політика чехословацького уряду щодо української еміграції в міжвоєнний період // Міжнародні зв’язки України: Наукові пошуки і знахідки. — Кіеў, 1993. — С. 42.

2 Мушинка О. Український Громадський Комітет у Чехо-Словаччині та його роль у розвитку україністики // Від Наукового товариства ім. Шевченка до Українського Вільного Університету. Матеріали міжнародних конференцій. — Кіеў, 1992. — С. 275.

3 Сладек З. Русская эмиграция в Чехословакии: Развитие «Русской акции» // Славяноведение. 1993. № 4. С. 31.

4 Тамсама. С. 36.

5 Три роки праці УГК в ЧСР. — Прага, 1924. — С. 13—14.

6 Шрамченко Л. Українське, білоруське та грузинське студенство на високих школах в Чехословацькій республіці. — Подэбрады, 1926. — С. 2—3.

7 Тамсама. С. 3—4.

8 Тамсама. С. 5.

9 Тамсама, ф. 3920, воп. 1, спр. 1, арк. 9.

10 Тамсама.

11 Наріжний С. Українська еміграція: Культурна праця української еміграції між двома світовими війнами. Ч. 1. — Прага, 1942. — С. 137.

12 Тамсама.

13 Тамсама. С. 139.

14 Тамсама. С. 327.

15 ЦДАВО, ф. 3801, воп. 1, спр. 288, арк. 24.

16 Тамсама, арк. 28—29.

17 Тамсама, арк. 5, 12—12 адв.

18 Тамсама.

19 Тамсама, арк. 27.

20 Тамсама, ф. 3795, воп. 1, спр. 1577, арк. 1—1 адв.

21 Тамсама, арк. 4—4 адв.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія