БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 1/2003

Пад знакам Каліёпы і Кліа
Паэма А. Рымшы 
«Дзесяцігадовая аповесць ваенных справаў... князя Крыштафа Радзівіла»

Сяргей КАВАЛЁЎ
(Мінск)

Неўзабаве пасля заканчэння Інфлянцкае вайны (1558—1582) у шматмоўнай паэзіі Беларусі з’явіўся шэраг героіка-эпічных твораў. Паэты Вялікага Княства Літоўскага, непасрэдныя відавочцы і ўдзельнікі ваенных дзеянняў, бяруцца за пяро, каб захаваць у памяці нашчадкаў подзвігі «ліцвінскіх Гектараў і Улісаў». Характэрнай асаблівасцю героіка-эпічнай паэзіі Беларусі канца XVI ст. ёсць тое, што прысвечана яна ваенным заслугам прадстаўнікоў аднаго роду, адной сям’і: Радзівілаў біржайскай лініі. Менавіта біржайскія Радзівілы былі ў гэты час правадырамі кальвінізму ў краіне, не дзіўна, што сярод беларуска-літоўскіх паэтаў з іхнага атачэння пераважалі кальвіністы (Францішак Градоўскі, Андрэй Рымша, Галляш Пельгрымоўскі, Ян Казаковіч, Ян Радван). Зрэшты, подзвігі Мікалая Радзівіла Рудога і ягонага сына, Крыштафа Радзівіла Перуна, услаўлялі не толькі мясцовыя аўтары, але і польскія, каталікі па веравызнанні (Мацей Стрыйкоўскі, Ян Каханоўскі).

Перамога гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога над ракой Улай услаўляецца ў паэме М.Стрыйкоўскага «O porażeniu 30000 Moskwy z kniaziem Piotrem Szujskim... nad rzeką Ułą... r. 1564» і ў паэме Я.Радвана «Radivilias... sive de vita et rebus... Nikolai Radivili» (Вільня, 1588).

Найбольш прыцягальным з усіх эпізодаў шматгадовае вайны аказаўся для паэтаў паход польнага гетмана літоўскага Крыштафа Радзівіла Перуна па тылах маскоўскіх войскаў восенню 1581 г. Першым даў падрабязнае апісанне радзівілаўскага паходу Ф.Градоўскі ў паэме «Hodoeporikon Moschicum... Christophori Radivilonis» (Вільня, 1582). Усяго праз год подзвігі Крыштафа Радзівіла ўславіў Г.Пельгрымоўскі ў паэме «Panegyrika Apostrophe... ad Christophorum Radivilum» (Кракаў, 1583). Абодва яны былі непасрэднымі ўдзельнікамі ваеннай кампаніі, абодва прызначалі свае лацінамоўныя творы не толькі для айчыннага, але і для еўрапейскага чытача. У 1583 г. у Кракаве пабачыла свет яшчэ адна паэма пра радзівілаўскі паход — «Jezda do Moskwy» Я.Каханоўскага.

Але найбольш падрабязнае паэтычнае апісанне паходу К.Радзівіла выйшла з-пад пяра беларускага паэта Андрэя Рымшы: «Deketeros akroama, to jest Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krysztofa Radziwiła...» (Вільня, 1585). Паэма Ф.Градоўскага налічвае 790 радкоў, паэма Я.Каханоўскага — 410, паэма А.Рымшы — 2184 радкі (без уступнай часткі). На нашу думку, «Дзесяцігадовая аповесць...» — найбольш значны твор з радзівілаўскага цыклу і з мастацкага пункту гледзішча.

Пасля М.Стрыйкоўскага А.Рымша — самы вядомы сёння з паэтаў Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI ст., прычым вядомы як паэт беларускі. Імя паэта згадваецца ва універсітэцкіх падручніках, артыкул пра А.Рымшу ёсць у біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі»1 .

Нарадзіўся А.Рымша (каля 1550 — пасля 1599) у вёсцы Пянчын пад Наваградкам, у шляхоцкай сям’і герба Паўкозіч. З 1572 г. жыццё А. Рымшы звязана з дваром князя К. Радзівіла Перуна. У 1581 г. ён удзельнічаў у паходзе Крыштафа ўглыб маскоўскіх земляў, пазней суправаджаў князя ў падарожжы па Лівоніі. З 1589 па 1599 г. выконваў абавязкі падстарасты (прэтора) Біржаў — радавога ўладання Радзівілаў. Хоць веравызнаннемпаэт быў кальвіністам, але паходзіў, відаць, з праваслаўнае сям’і.

Невядома, якую А.Рымша меў адукацыю. У 1581 г. у астрожскай друкарні І.Фёдарава выйшаў у свет вершаваны твор А.Рымшы «Которого ся месяца што за старых веков дело короткое описание», якое атрымала ў навукоўцаў назву «Храналогіі» (у самім творы такога слова няма). На падставе гэтага факту К.Харламповіч выказаў меркаванне, што, магчыма, А.Рымша вучыўся альбо выкладаў у Астрожскай брацкай школе2 . Праўда, ужо У.Ператц слушна адзначыў, што «ўзровень адукацыі Рымшы быў вышэйшы, чым у вучня брацкай школы канца XVI ст.»3 . Прынамсі, у 1581 г. аўтар «Храналогіі» дакладна не вучыўся ў астрожскай школе: А.Рымшу было на той час каля 30 гадоў і ён браў удзел у ваенных дзеяннях пад даводствам Крыштафа Радзівіла.

Вершы А.Рымшы на старабеларускай мове прыцягвалі ўвагу даследнікаў яшчэ з часоў У.Ператца, М.Грушэўскага, Я.Карскага, але галоўны твор паэта — «Дзесяцігадовая аповесць ваенных справаў князя Крыштафа Радзівіла» — параўнальна нядаўна стаўся аб’ектам даследавання. З беларускіх літаратуразнаўцаў першы прааналізаваў паэму А.Рымшы І.Саверчанка, вылучыўшы такія рысы твору, як гістарызм, патрыятызм, наяўнасць баталістычных сцэнак і замалёвак прыроды, адсутнасць псіхалагізму ў апісаннях паводзінаў героя, перавага агульнага над індывідуальным4 . І.Саверчанка разглядаў «Дзесяцігадовую аповесць...» як паэму гістарычную, як паэма героіка-эпічная «Дзесяцігадовая аповесць...» аналізавалася ў манаграфіі «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХVІ ст.» разам з вышэйзгаданымі паэмамі Ф.Градоўскага і Я.Радвана; гэтыя творы былі аб’яднаны ва ўмоўны «радзівілаўскі цыкл» на падставе іх генетычнага і тыпалагічнага падабенства5 .

Але ёсць сэнс параўнаць паэму А.Рымшы яшчэ з двума творамі, прысвечанымі подзвігам Крыштафа Радзівіла Перуна: «Паходам на Маскву» Я.Каханоўскага і «Панегірыкам... Крыштафу Радзівілу» Г.Пельгрымоўскага. Асабліва важным бачыцца нам параўнанне паэмаў А.Рымшы і Я.Каханоўскага, бо дадзены выпадак дазваляе гаварыць не толькі пра наяўнасць уплыву вялікага польскага пісьменніка на паэтаў Вялікага Княства Літоўскага, але і пра факты паэтычнага спаборніцтва.

Адразу ўзнікае пытанне пра агульную залежнасць паэмаў Я.Каханоўскага, Г.Пельгрымоўскага і А.Рымшы ад «Апісання маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла» Ф.Градоўскага — першага па часе ўзнікнення твору пра радзівілаўскую выправу 1581 г. Польскі вучоны С. Лэмпіцкі яшчэ ў 1947 г. выказаў меркаванне, што паэма Ф.Градоўскага паслужыла ўзорам для напісання і адной з крыніцаў інфармацыі для Я.Каханоўскага6 . А.Сайкоўскі падтрымаў думку С.Лэмпіцкага і дадаў, што яшчэ адной крыніцай інфармацыі для Я.Каханоўскага мусіў служыць падрабязны Дыярыуш радзівілаўскага паходу, напісаны, магчыма, А.Рымшам: сляды існавання такога Дыярыушу захаваліся ў тэксце «Дзесяцігадовай аповесці...» і на яе палях7 .

Катэгарычна аспрэчыў меркаванне пра залежнасць «Паходу на Маскву» ад «Апісання маскоўскага паходу...» Ю.Новак-Длужэўскі, які звярнуў увагу на наяўнасць у паэме Я.Каханоўскага фактаў, не адлюстраваных у паэме Ф.Градоўскага. На думку гэтага даследніка, падабенства двух твораў вынікала выключна з карыстання двума паэтамі адным Дыярыушам радзівілаўскага паходу, прычым польскі паэт выкарыстоўваў чужы Дыярыуш больш сумленна, бо нічога не скарачаў і не змяняў. Ю.Новак-Длужэўскі лічыў, што «Апісанне маскоўскага паходу...» аказала ўплыў не на «Паход на Маскву», а на «Дзесяцігадовую аповесць...», бо сам А.Рымша ў прадмове да твору нібыта прызнаваўся ў гэтым8 .

Сапраўды, у празаічнай прадмове да «Дзесяцігадовай аповесці...», адрасаванай князю Крыштафу Радзівілу, А.Рымша з павагай выказваўся пра кнігу Ф.Градоўскага: «Przeto tymi czasy napierwej pan Fronc Gradowski Jego Krol Miłości sekretarz historyją zacnych a przeważnych spraw wojennych W. K. M. w osobliwych książkach, którem i ja widział, nadobnym wierszem łacińskim prawie heroico, statecznie i porządnie napisał a wydrukowawszy miedzy zacne ludzie podał, do których czytania wszyscy ludzie mądrzy a uczeni z pilnością się udali wychwalając zacne a mężne sprawy W. K. M»9 [S. 140—141]. Па прыкладу Градоўскага вырашыў напісаць паэму пра подзвігі Крыштафа Радзівіла і А.Рымша, але не па-лацінску, а па-польску, адрасуючы свой твор не мудрым і вучоным людзям, а «...według prostoty mojej, wszystkim prostakom — ile takim, którzy siĺ lepiej szablą sylogismować, kopiją argumentować, czymburem konfirmować, niżli łaciną dysputować, nauczyli...» [S. 141].

З прадмовы вынікае, што А.Рымша ставіўся да паэмы Ф.Градоўскага як да натхняльнага прыкладу, а не як да ўзору для наследавання, і свядома намерваўся напісаць твор іншага кшталту, чым «Апісанне маскоўскага паходу...» Паэмы Я.Каханоўскага і Г.Пельгрымоўскага ў датаванай 10 красавіка 1583 г. прадмове не згадваюцца, бо на той час яны яшчэ не існавалі альбо не былі выдадзены. «Дзесяцігадовая аповесць...» пісалася недзе паміж 17 кастрычніка 1582 г. (у гэты дзень адбыўся шлюб Крыштафа Радзівіла з Кацярынай Тэнчынскай, апісаны ў заключным раздзеле паэмы) і 31 сакавіка 1583 г. (гэтай датай пазначана заканчэнне працы над творам). Паэмы А.Рымшы, Я.Каханоўскага, Г.Пельгрымоўскага ствараліся амаль адначасова і амаль адначасова мусілі пабачыць свет — у 1583 г. Але ў адрозненне ад твораў Я.Каханоўскага і Г.Пельгрымоўскага, «Дзесяцігадовая аповесць...» была выдадзена толькі праз два гады — з вялікім спазненнем, як на тыя часы, — і на ўласныя сродкі аўтара.

Відаць, Крыштаф Радзівіл не выказаў цікавасці да паэмы свайго «сціплага служкі» Андрэя Рымшы, «паставіўшы» на гучнае імя Яна Каханоўскага. Можна ўявіць сабе рэакцыю А.Рымшы — непасрэднага відавочцы і ўдзельніка радзівілаўскага паходу — на выхад у свет яшчэ двух твораў пра подзвігі Крыштафа Радзівіла, асабліва ў выпадку, калі Ф.Градоўскі і Я.Каханоўскі насамрэч карысталіся ягоным празаічным Дыярыушам для стварэння сваіх паэмаў. На нашую думку, выданне аўтарскім коштам «Дзесяцігадовай аповесці...» — гэта плён творчых амбіцыяў А.Рымшы, а не вынік незадаволенасці мецэната-заказчыка паэмай Я.Каханоўскага, як лічыў А.Сайкоўскі10 .

Заўважым, што ў дыскусіі польскіх вучоных не згадваецца «Панегірык... Крыштафу Радзівілу» Г.Пельгрымоўскага, і гэта не выпадкова. Па-першае, Г.Пельгрымоўскі, як і А.Рымша, непасрэдна ўдзельнічаў у выправе Крыштафа Радзівіла, і чужы Дыярыуш для напісання ўласнага твору яму не быў патрэбны. Па-другое, «Панегірык...» тыпалагічна розніцца ад паэмаў Ф.Градоўскага, Я.Каханоўскага і А.Рымшы, ён створаны зусім паводле іншай мадэлі.

Паэма Ф.Градоўскага належала да папулярнага ў тагачаснай еўрапейскай паэзіі жанру hodoeporikon, які аб’ядноўваў рознага роду апісанні падарожжаў, у тым ліку — і ваенных выправаў. Безумоўна, выбар жанру падказала Градоўскаму тэма твору: паход гетмана К.Радзівіла углыб маскоўскіх земляў восенню 1581 г. Вершаванымі апісаннямі радзівілаўскай выправы ёсць таксама паэмы Я.Каханоўскага і А.Рымшы, што пацвярджае выснову Л.Шчарбіцкай-Сленк: на пераломе Рэнесансу і Барока развіццё гістарычнай эпікі ў Рэчы Паспалітай адбывалася пад знакам hodoeporikon11 .

Паэма Г.Пельгрымоўскага да жанру hodoeporikon не адносіцца, яна ўяўляе сабой апісанне і ўслаўленне дзяржаўных і ваенных заслуг не толькі Крыштафа Радзівіла, а ўсяго радзівілаўскага роду (у тым ліку, і заслуг у пашырэнні «праўдзівай веры» — кальвінізму), выправа Крыштафа Радзівіла углыб маскоўскіх земляў у 1581 г. паказана як важны, але толькі эпізод у слаўнай гісторыі роду Радзівілаў12 . Усім вышэйзгаданым творам у той ці іншай ступені быў уласцівы панегірызм, але толькі ў паэме Г.Пельгрымоўскага непасрэднае рытарычнае ўслаўленне героя і ягоных продкаў з’яўляецца асноўнай формай выкладу матэрыялу: ваенныя подзвігі Крыштафа Радзівіла не апісваюцца, а пералічваюцца, прыводзяцца як прыклады для падмацавання лагічных аргументаў і квяцістых фігураў урачыстага красамоўства. «Панегірык... Крыштафу Радзівілу» Г.Пельгрымоўскага нагадвае не «Апісанне маскоўскага паходу...» Ф.Градоўскага, а паэму Базыля Гіяцынта «Panegyricus in excidium Polocense...» (Падуя, 1580), дзе не столькі апісваецца ўзяцце Полацка, колькі ўслаўляюцца заслугі і дабрачыннасці караля Стэфана Баторага, князя Мікалая Радзівіла Рудога ды іншых беларуска-літоўскіх магнатаў.

Панегірычная зададзенасць адлюстравана ў саміх назвах паэмаў Б.Гіяцынта і Г.Пельгрымоўскага, як у назвах паэмаў Ф.Градоўскага і Я.Каханоўскага заяўлена іх жанравая спецыфіка.

Назва паэмы А.Рымшы сведчыць, што аўтар «Дзесяцігадовай аповесці...» ставіў перад сабой больш амбіцыйную задачу, чым апісанне радзівілаўскай выправы 1581 г.: стварыць вершаваную хроніку подзвігаў Крыштафа Радзівіла на працягу дзесяці гадоў, прасачыць удзел свайго патрона ў ваенных аперацыях з 1572 па 1581 год.

Паэма Я.Каханоўскага дакладна наследуе кампазіцыю паэмы Ф.Градоўскага: у экспазіцыі ўслаўляецца перамога Мікалая Радзівіла Рудога над арміяй Пятра Шуйскага ў 1564 г. (у гэтай бітве атрымаў баявы хрост і юны Крыштаф Радзівіл), сцісла пералічваюцца іншыя воінскія подзвігі маладога Радзівіла, а асноўная ўвага факусуецца на радзівілаўскім рэйдзе па тылах маскоўскіх войскаў 5 жніўня — 24 кастрычніка 1581 г. А.Рымша адмаўляецца ад такога — выйгрышнага ў мастацкіх адносінах — пачатку, які дазваляў паказаць пераемнасць справаў бацькі і сына, і пачынае першы раздзел паэмы са сціплага «летапіснага» запісу пра смерць караля Жыгімонта Аўгуста: Roku od Chrysta Pana nam narodzonego Tysiąc pięćset pisano siedmdziesiąt wtorego, Kiedy Parce niezbędne nam Króla świętego Augusta prze śmierć wzięły, a Bóg jako swego Do nieba doprowadził <...> [S. 144—145].

Звернем увагу на характэрнае спалучэнне ў першых жа радках паэмы вобразаў грэцкай міфалогіі і рэлігійных перакананняў аўтара: караля Аўгуста пазбавілі жыцця няўмольныя Паркі, а на неба яго ўзяў хрысціянскі Бог. Перад намі тыповы вынік наследавання рэнесансавым паэтам антычных узораў; гэтаксама ў «Прускай вайне» Я.Вісліцкага перамагчы крыжакоў дапамагае Ягайлу хрысціянскі Бог, а жонку старому каралю выбіраюць багі алімпійскія.

У адрозненне ад Я.Каханоўскага, які проста пераказаў змест «Апісання маскоўскага паходу...» і нейкага Дыярыушу, А.Рымша істотна дапоўніў звесткі Ф.Градоўскага апісаннем падзеяў 1572—1581 гг. (раздзелы I—VIII) і больш падрабязна распавёў пра сам радзівілаўскі рэйд (раздзелы IX—XXII), дбаючы пра каштоўнасць свайго твору як гістарыяграфічнай крыніцы. За пачатак аповеду 1572 г. выбраны таму, што ў гэтым годзе Крыштаф Радзівіл стаў польным гетманам літоўскім, і таму, што з гэтага часу ў атачэнні князя з’яўляецца аўтар паэмы, які ў вершаванай прадмове ўрачыста абяцае чытачу: O tym rzecz swą prowadzę, na co oczy nasze Patrzyły i chcą patrzac bez przestanki zawsze [S. 144].

Непасрэдны ўдзельнік паходу Крыштафа Радзівіла, А.Рымша неаднаразова падкрэслівае сваю ролю відавочцы многіх апісаных у паэме падзеяў, даты якіх падаюцца ў тэксце альбо на палях. Прынцып гістарычнай дакладнасці лічаць мастацкай асновай «Дзесяцігадовай аповесці... » яе даследнікі, называючы твор А.Рымшы паэмай-хронікай13 , мемуарнай паэмай14 .

Сімптаматычна, што Ф.Градоўскі ва ўступнай эпіграме просіць кіраваць ягонай лірай Каліёпу — музу эпічнай паэзіі15 , а А.Рымша ў паэтычнай прадмове называе сваімі апякункамі дзвюх музаў: Каліёпу і Кліа — музу гісторыі [S. 143]. Як і М.Стрыйкоўскі, А.Рымша ўсведамляе сябе паэтам-гісторыкам, піша вершаваную хроніку дзесяцігадовага служэння Крыштафа Радзівіла Айчыне. Услед за М.Стрыйкоўскім, А.Рымша арыентуецца не на вергіліеўскую, а на луканаўскую мадэль эпасу, а як вядома, «...уся рымская эпіка перад Вергіліем была вершаванай хронікай»16 .

Несумненная творчая ўдача А.Рымшы — вобраз Крыштафа Радзівіла. Толькі ў асобных фрагментах (напрыклад, у прамове Славы да свайго мілага «каханка») гучыць панегірычнае ўслаўленне польнага гетмана літоўскага, часцей А.Рымша паказвае свайго героя ў дзеянні, распавядае пра яго сапраўдныя рыцарскія подзвігі і жаўнерскія заслугі: Sam ustawicznie jezdził srtaży doglądając, Jednych zwodzi, a drugich na to miejsce dając. Nic to wstać o pułnocy, jeździć po obozie, By lud prześpiesznie leżał, sam strzeże na mrozie. Gdy z Łuk Moskwa uchodzić chciała ręką mocną, Swą osobą w okrutną plutę strzegł straż nocną. Wkoło zamek objachał i szańce nawiedził, Sam nam był przewodnikiem i wbrod nas uprzedził [S. 167].

Побач з вобразам галоўнага героя ў «Дзесяцігадовай аповесці...» паказаны калектыўны вобраз беларуска-літоўскіх жаўнераў, якія бралі ўдзел у радзівілаўскай выправе. Баталістычных сцэнак у паэме няшмат, але напісаны яны маляўніча і экспрэсіўна: Wnet wsze zacne rycerstwo hetmanowi swemu Dzięki dawszy, pośpieszno szli ku zamku temu Mężnym sercem, aż kryk ich niebo usłyszało; Echo milczeć musiała, głosu jej nie stało. Już drzewca tkwią pod dachy z smolanemi snopy, Drudzy już w zamku biją tam te harde chłopy. Zewsząd wielka kurzawa, aż groza i pojrzeć, Dali wsystko ogniewi i trwiącemu pożrzec [S. 151].

Падобных разгорнутых апісанняў мы не знойдзем у паэме Я. Каханоўскага, які ў чатырох радках змяшчаў звычайна інфармацыю пра ўзяцце гораду і знішчэнне некалькіх вёсак (адзінае выключэнне — падрабязнае апісанне бітвы пад Сокалам). Параўнаем, напрыклад, як Я.Каханоўскі і А.Рымша апісвалі пераправу радзівілаўскіх харугваў праз Мядзведжае балота.

У «Паходзе на Маскву», напісаным у форме звароту паэта да асобы Крыштафа Радзівіла, знаходзім лаканічнае чатырохрадкоўе: Idąc dalej Turosno twoie konie piły, Ale zaś na Starynie drogi złej użyły, Topiąc sye na niedźwiedzym na niebespiecznym błocie Rzadko tam w której było bez chromego w rocie17 .

Працытаваны ўрывак адэкватна адлюстроўвае стыль паэмы Я.Каханоўскага, слушна названай гісторыкамі літаратуры «падрабязным вершаваным дзённікам»18 , «рыфмаванай справаздачай»19 , «каталогам занятых і знішчаных мясцовасцяў»20 . Вершаванае паведамленне Я.Каханоўскага сваёй сцісласцю і сухасцю нагадвае дзённікавы запіс А.Рымшы на палях «Дзесяцігадовай аповесці...»: «17 aug od Żarkow nad jezioro Turosno mil 5 uszli. 18 august wojsko szło przez starynę barzo topką i zarąbaną na mil pułtory, przećsię uszli w ziemię moskiewską mil 4. Tę starynę Moskwa zowie Niedźwieżoje Błoto» [S. 175].

У асноўным, вершаваным, тэксце «Дзесяцігадовай аповесці...» гэтаму эпізоду радзівілаўскай выправы прысвечаны ажно трыццаць два радкі. Параўнаўшы ўслед за Ф.Градоўскім пераход Радзівіла праз Мядзведжае балота з пераходам Ганібала цераз Альпы і Ксеркса цераз гару Атос, А.Рымша малюе затым каларытную сцэнку пераправы радзівілаўскіх жаўнераў праз небяспечнае месца: Jedni drzewo rąbają na trzy sążnie wkoło, Drudzy gacą chrost kładąc topkie błoto ono. Inszy drzewo, co jedno na drugim leżało, Zwalają, aby prześciu nic nie zawadzało. Nie znać było, gdzie Hetman, abo gdzie paniątko, Pokalali sie błotem jak lecie prosiątko. Fauni, Panes, Sylwani takież Satyrowie Radują sie, że w lesie polgnęli panowie. Wołają: «Bracie rata, ulgnąłem do szyje», Inszy z błota wylazszy, błotem błoto myje. Mniema, że sie już umył, a on po staremu Błota pełen, a patrząc śmieje sie drugiemu [S. 176].

Працытаваны фрагмент зусім не падобны на дакументальны запіс у хроніцы ці ў Дыярыушы, перад намі — яскравы ўзор мастацкага тэксту, створанага пры дапамозе аўтарскай фантазіі.

Як і Ф.Градоўскі, А.Рымша ўмела ўводзіць у прысвечаную гістарычным падзеям канца XVI ст. эпічную паэму неад’емныя атрыбуты класічнага гераічнага эпасу: апісанні войскаў, прамовы палкаводцаў, звароты герояў да багоў па дапамогу, апісанні бітваў, умяшанні бостваў у ваенныя справы, урачыстыя пахаванні загінуўшых воінаў. Ад гэтай традыцыйнай эпічнай атрыбутыкі амаль цалкам адмовіўся чамусьці выдатны знаўца антычнай літаратуры Я.Каханоўскі: у «Паходзе на Маскву» ён абмежаваўся панегірычным услаўленнем Крыштафа Радзівіла на пачатку паэмы і сухім пералікам фактаў у асноўнай частцы твору.

Распавядаючы пра ваенныя аперацыі Крыштафа Радзівіла, А.Рымша робіць экскурсы ў старажытную гісторыю, згадвае тактыку Ганібала, Ксеркса, Кая Сульпіцыя. Паэт ахвотна параўноўвае Крыштафа Радзівіла з легендарнымі героямі Грэцыі і Рыма, прычым ставіць польнага гетмана літоўскага вышэй за старажытных герояў. Цікава, што ў гэтых параўнаннях заўсёды прысутнічае доля гумару: Курцый не можа зраўняцца з Крыштафам, бо ён толькі аднойчы скочыў дзеля Айчыны ў яміну і ўжо адтуль не вылезе [S. 155], Адысею далёка да стрыманасці і аскетызму Радзівіла, бо хітры грэк шэсць гадоў забаўляўся з Каліёпай, забыўшыся на сваю жонку Пенелопу [S. 219].

Аўтар «Дзесяцігадовай аповесці...» быў добрым знаўцам грэцкай і рымскай міфалогіі: лугі, палі, лясы, азёры і рэкі таямнічай Масковіі па волі паэта густа населены шматлікімі боствамі і міфалагічнымі істотамі, якія разам з мірнымі жыхарамі церпяць ад нягодаў вайны. У паэме шмат апісанняў прыроды, і ў большасці выпадкаў гэтыя апісанні міфалагізаваныя: Pola piękne, wesołe, mało nie jak w raju, Wsi wszędy wkoło pełno, ani widać gaju. Alić Ceres w kłosianym wieńcu buczno chodzi, Chłop sierzpem ostrzębnym zboże rzezać godzi. Bog Sylwanus Cererze pola ukazuje, A Pan swoje pastyrze z owcami szykuje... [S. 180].

Найчасцей ідылічны малюнак прыроды ёсць у паэме прэлюдыяй да з’яўлення харугваў Радзівіла і пачатку баявых дзеянняў. Другі тып замалёвак прыроды ў «Дзесяцігадовай аповесці...» таксама звязаны з мілітарнымі матывамі, але створаны яны ўжо без аглядкі на класічны эпас. Замалёўкі гэтага тыпу можна назваць замалёўкамі з натуры, важную ролю ў іх адыгрывае мастацкая дэталь: Rano gdy już namioty słońce ogrzewało, Mroz już ginie, a wdzięczne ciepło nastawało. Zbroje z potu mroźnego już poocirali, A gęstą mgłę trąbami w szelinę zagnali [S. 205].

Падобных трапных замалёвак з натуры мы не знойдзем у Я.Каханоўскага, у «Паходзе на Маскву» пра існаванне прыроды нагадвае ўсяго некалькі радкоў кшталту: «Nazaiutrz kiedy słońce z morza wychadzało...»21 .

Ацэньваючы вынікі творчага спаборніцтва Я.Каханоўскага і А.Рымшы ў стварэнні героіка-эпічнай паэмы пра подзвігі князя Крыштафа Радзівіла Перуна, даводзіцца канстатаваць, што пераможцам з гэтага спаборніцтва выйшаў не польскі класік, а малавядомы паэт з-пад Наваградка. Галоўнай прычынай «паразы» Я.Каханоўскага была, вядома, не адсутнасць таленту, а адсутнасць спецыяльнай зацікаўленасці тэмай твору і недастатковае веданне гістарычнага матэрыялу.

Апісваючы паход Крыштафа Радзівіла, Я.Каханоўскі проста выконваў заказ мецэната, а А.Рымша ўзнаўляў старонкі свайго ўласнага жыцця, сваіх жаўнерскіх прыгодаў пад даводствам польнага гетмана літоўскага. У «Дзесяцігадовай аповесці...» А.Рымша прадэманстраваў веданне антычных першаўзораў і ўменне творча наследаваць ім, але найбольш каштоўнымі рысамі паэмы з’яўляюцца праўдзівасць, дакладнасць, маляўнічасць апісання ваенных дзеянняў і жаўнерскага побыту.

На мову «Дзесяцігадовай аповесці...», відавочна, аказала ўплыў беларуская мова, на што слушна звярталі ўвагу польскія даследнікі22 . Мовазнаўца А.Піган выказала меркаванне, што ў рукапісе паэмы было значна больш фанетычных і граматычных «дыялектызмаў», але іх выправіў перад публікацыяй твору друкар Д.Лэнчыцкі (лексіку выправіць было цяжэй, бо парушаўся рытм верша)23 . Прамовы вялікага князя Івана IV і мірных рускіх жыхароў дадзены ў паэме ў «арыгінале», а фактычна — на мяшанай руска-беларускай мове, у чым выявілася эксперыментатарства А.Рымшы (пазней такі прыём выкарыстае Г.Пельгрымоўскі).

Уплыў беларускай мовы адчуваецца ў польскамоўных творах мноства тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага: М.Стрыйкоўскага, Я.Казаковіча, Г.Пельгрымоўскага, Я.Пратасовіча. Але з іх толькі А.Рымша зрабіў рашучы крок да беларускамоўнай творчасці, стаўшы ў гісторыі беларускай літаратуры «заснавальнікам жанру панегірычнай паэзіі»24 , «вядучым прадстаўніком эмблематычнай паэзіі канца XVI ст.»25 . Пасля выхаду ў свет «Дзесяцігадовай аповесці...» паэт змяшчае ў віленскіх выданнях Мамонічаў тры эпіграмы на старабеларускай мове: «На герб ясневельможного пана Остафея Воловіча...» (1585), «На гербы... Льва Сапегі» (1588), «На гербы ясневельможного пана... Теодора Скуміна» (1591). Ёсць падставы меркаваць, што ў паэта было значна больш вершаў на старабеларускай мове: у лістах Саламона Рысінскага Я.Парэцкі адшукаў згадку пра эпіграму на «народнай мове» А.Рымшы ў гонар Радзівілаў, два варыянты перакладу гэтай эпіграмы на лацінскую мову і ўпамін пра існаванне дзённіка беларускага паэта26 .

Апошняя вядомая нам літаратурная праца А.Рымшы — выдадзены Я.Карцанам пераклад на польскую мову сачынення Ансельма Паляка «Chorographia albo topographia, to jest osobliwe a okolne opisanie Ziemie Świętej...» (Вільня, 1595). Тытульны ліст «Хараграфіі...» упрыгожаны вершаваным двухрадкоўем паэта, у якім высмейваецца псеўдаадукаванасць і невуцтва выпускнікоў замежных універсітэтаў: Napatrzyłem się tego, gdy kto iezdził do Włoch: Jak ztąd duren wyłachał, tak się zwrocił płoch27 . На адвароце тытульнага ліста змешчана эпіграма на герб Астрожскіх, завяршае кнігу вершаванае чатырохрадкоўе прэфацыйнага зместу. Але значна большую цікавасць, чым гэтыя сціплыя вершы, выклікае загадкавы фрагмент празаічнай прадмовы А.Рымшы да Альжбеты з Астрожскіх, жонкі Крыштафа Радзівіла: «To się też dotycze tego, abych miał tu przypominać wielka Zacność y podniebiosną Sławę domu y przodkow W. X. M., tego w tej małej książecce teraz mi wypisować nie zdało się, wolę z tym Czytelnika do Kroniki odesłać, tam się każdy doczytać będzie mogł męstwa, dzielności j mądrej rady do wszelakich spraw Książęcia Ostroskiego, Getmana Wielk. Księst. Litewskiego...»28 .

У «Дзесяцігадовай аповесці...» не ўслаўляюцца подзвігі прадстаўнікоў роду Астрожскіх. Узнікае пытанне: якую хроніку пісьменнік меў на ўвазе? «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага ці ўласную «Хроніку...», якую напісаў сам А.Рымша? Менавіта ў сярэдзіне 90-х гг. з’яўляецца шэраг героіка-эпічных твораў пра воінскія подзвігі князя Канстанціна (Канстанцінавіча) Астрожскага: «De bello Ostrogiano» i «Rozprawa przygody sławnego żołnierza»29 . Аўтарам першага твору быў грэк Сімяон Пекалідас, аўтарам другога, выдадзенага ананімна, гіпатэтычна мог быць А.Рымша. Выданне «Храналогіі» ў Астрогу сведчыць пра існаванне сувязяў А.Рымшы з астрожскім культурным асяродкам, якім спрыялі шлюбы ягонага хлебадаўцы Крыштафа Радзівіла з Кацярынай Астрожскай у 1578 г. і Альжбетай Астрожскай у 1593 г.

Нагадаем, што Я.Казаковіч яшчэ ў 1585 г. называў свайго сябра знакамітым паэтам, які «jużeś niebo osławił nieraz swoim zdaniem I ziemiś pięknie służył książek swych wydaniem»30 . Вучоным вядомы толькі адзін твор, які А.Рымша апублікаваў перад «Дзесяцігадовай аповесцю...»: «Храналогія» (1581). Такім чынам, Я.Казаковіч альбо перабольшваў заслугі сябра, альбо лепш за сучасных бібліёграфаў ведаў ягоную творчасць.

Верш Я.Казаковіча, лісты С.Рысінскага, працытаваны фрагмент з прадмовы А.Рымшы да Альжбеты Радзівілавай прыводзяць да наступнай высновы: Андрэй Рымша быў адным з самых вядомых паэтаў Беларусі эпохі Рэнесансу і пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну, толькі частка якой захавалася да нашага часу. Пра гэта ж сведчыць і мастацкі ўзровень «Дзесяцігадовай аповесці ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла» — аднаго з лепшых героіка-эпічных твораў у гісторыі беларускай літаратуры.


ЗАЎВАГІ

1 Коршунаў А. Рымша Андрэй // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 5. — Мн., 1995. С. 188—190.

2 Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVIІ века, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви. — Казань, 1898. — С. 252.

3 Перетц В. Малорусския вирши и песни в записях XVI—XVIІ вв. // Известия ОРЯС Императорской Академии Наук. 1899. Т. IV. С. 882.

4 Саверчанка І. Старажытная паэзія Беларусі. XVI — першая палова XVII ст. — Мн., 1992. — С. 94—103.

5 Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХVІ ст. — Мн., 1993. — С. 40—71.

6 Łempicki S. Dwie «Jezdy do Moskwy» // Sprawozdania z czynności i posiedzeń PAU. 1947. № 3. S. 71—72.

7 Sajkowski A. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. — Poznań, 1965. — S. 20—21.

8 Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Pierwsi królowie elekcyjni. — Warszawa, 1969. — S. 139—141.

9 Rymsza A. Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... // Archiwum Literackie. T. XVI. S. 133—223. Далей «Дзесяцігадовая аповесць...» цытуецца паводле гэтага выдання, у дужках пазначаецца старонка.

10 Sajkowski A. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. S. 20.

11 Szczerbicka-Ślęk L. W kręgu Klio i Kalliope. Staropolska epika historyczna. — Wrocław i inn., 1973. — S. 6. Назва нашага артыкулу ўзыходзіць да назвы манаграфіі польскай даследніцы. Л. Шчарбіцка-Сленк прысвячае паэме А.Рымшы да крыўднага мала ўвагі, хоць менавіта гэты твор — яскравы прыклад сінтэзу паэзіі і гістарыяграфіі.

12 Pilgrimovius H. Panegyrica Apostrophe… ad Christophorum Radivilum. — Cracoviae, 1583. — S. 1—12.

13 Саверчанка І. Старажытная паэзія Беларусі. XVI — першая палова XVII ст. С. 96—97.

14 Sajkowski A. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. S. 33.

15 Gradovio F. Hodoeporicon Moschicum... Christophori Radivilonis. — Vilnae, 1582. — S. 4.

16 Lewis C.S. Historycyzm // Lewis C. S. Ziarna paproci i słońce. — Warszawa, 1986. — S. 46.

17 Kochanowski J. Jezda do Moskwy // Kochanowski J. Dzieła wszystkie. № 2. — Warszawa, 1924. — S. 318.

18 Кондратович Л. (Сырокомля). История польской литературы. Т. 1. — М., 1861. — С. 451.

19 Brückner A. Wstęp // Kochanowski J. Dzieła wszystkie. T. 2. S. 62.

20 Krzyżanowski J. Historia literatury polskiej. Alegoryzm — preromantyzm. — Warszawa,1964. — S. 179.

21 Kochanowski J. Jezda do Moskwy. S. 325.

22 Rzepka W., Sajkowski A. Andrzeja Rymszy «Dziesięćroczna powieść wojennych spraw...» // Archiwum Literackie. T. XVI. S. 129.

23 Pihan A. Leksykalne wpływy wschodniosławiańskie w języku «Dziesięćrocznej powieśći» Andrzeja Rymszy (1585) // Studia Polonistyczne. 1979. T. 6. S. 100.

24 Коршунаў А. Рымша Андрэй. С. 188.

25 Саверчанка І. Старажытная паэзія Беларусі. XVI — першая палова XVII ст. С. 41.

26 Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // «Неман». 1969. № 2. С. 186—187.

27 Polak A. Chorographia albo topographia, to jest osobliwe a okolne opisanie Ziemie Świętej. — Wilno, 1595. — S. 1.

28 Ibidem. S. 6.

29 Nadolski B. Poezia polsko-łacińska w dobie Odrodzenia // Odrodzenie w Polsce. №. 4. — Warszawa, 1956. — S. 210.

30 Rymsza A. Deketeros akroama, to jest Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krysztofa Radziwiła... S. 136.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія