БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 1/2003

Дзесяцігадовая Аповесць

Андрэй Рымша

ДРУГАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Пана з Францыі, Генры1 , выбралі па згодзе —
Пестуна немалога — у вялікім родзе.
115Ён, пражыўшы нядоўга ў Польшчы між палякаў2 ,
Ліцвінам іхняй чэсці паказаў адзнакі,
Годнасць рыцараў вольных надаваў ім смела;
Часта, яўна вялікасць мужнасці яснела.
Падарункаў без меры даў ён Радзівілу,
120Той жа больш песціў славу, як людскую сілу.
Прагнуў ён у Айчыне ладу ды спакою,
Каб квітнела ў міры, не жыла вайною;
Там бо добра, дзе цнота згодная са славай,
Там honestum не месца, utile3 пад лавай.
125Ці ж патрэбна, каб разам сіла іх злучыла?
Ды хто мае virtutem4 , мае й гонар мілы.
Знай жа пэўна, хоць юны: добра — гэта значыць
Publicum promovere5 , пра свае не дбаці
З добрай собскай волі, толькі б цнотаў сіла
130Праз жыццё ўсё натхняла, продкаў як натхніла.
Хлопец гэты раўнівы да дзядоўскай славы,
Ён, нібы Аляксандар6 , зведаўшы пра справы,
Што ўчыніў быў Ахілій — воін, што Гамерам,
За адвагу ў вершах славіцца без меры, —
135Мовіў так: «Ах багі вы, ці ж вам цяжка даці
Мне таксама Гамера? Ці ж вам не падбаці,
Каб мае ён уславіў справы перад светам,
Хоць такіх небагата? Бо маўчаць паэты:
Не ствараюць нічога для маёй ухвалы.
140Ці ж у гэткім я веку ды не зведаў славы?
Зведаў пэўна! дзе ж годны справу ўзняць такую?
Шчэ яго і не бачу нават, і не чую».
Юнака таго справы ўсім, што ёсць, паэтам
Ды гісторыкам славіць да сканчэння свету.
145Res praeclaras7 часамі з цяжарам даюцца,
І з таго яшчэ болей іх пісаць імкнуцца [...].

ПЯТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

А маскаль, як убачыў, што ўжо блізка госці,–
Прэцца моцнай навалай, поўны лютай злосці;
305Як агледзеў, што маем мы няшмат жаўнераў,–
Рвецца ў бой, стрымгаловы, прэ навалай смела.
Ды наўрад ці чакае хуткай перамогі — 
Лучнікоў у каноплях мае для падмогі.
Гэтым толькі ахвоты нашым паддавалі
310Маскалі, страляніны з замка й не спынялі.
Гэты выбрык маскоўскі добра гетман бачыў,
І жаўнераў для бітвы з ворагам прызначыў.
Вораг стаў тут сцяною, нашых — жменя будзе,
Ды адвагу ў іх гетман гэткім словам будзіць:
315«Вам не першы раз, воі, з гэтым смердам біцца;
Ўтаймаваці ім пыху ці з вас хто збаіцца?
І не бойцеся зараз, што яны ў засадзе,
Вось убачыце — будуць хутка ў заняпадзе» [...].
З замка рэха ад стрэлаў громам расплылося,
Жах такі, што валоссе дыбам паднялося.
Гетман вояў заклікаў духам тут ажыці
330Ды хутчэй па каноплях маскалёў душыці;
І з канопляў стральцоў тых жах уміг выпетрыў,
І кладуцца пад шабляй, як снапы пад ветрам.
Пад сцяной з маскалямі іншы полк таўчэцца,
Той забіты, а іншы йшчэ за смерцю прэцца.
335Нашы — хто прытаміўся — тут жа адступаюць,
Роты новыя конна замак акружаюць.
Гульні з гэтаю бандай доўжылі нямала,
Аж масква ўжо нарэшце спіну паказала.
Хтосьці ў замку схаваўся, іншых рэчка губіць:
340Хоць паны ацалелі — патанулі слугі.
Гетман даў адступленне, загадаў трубіці,
Ды раз’юшана войска — воям не спыніці
Бітвы той. Ужо гетман сам іх супыняе,
Каб не трапілі ў нерат, перасцерагае;
345Бо масква замку сілы шле на дапамогу,
І з таго мае гетман моцную трывогу.
Потым, як не трубою — голасам іх склікаў,
Вязняў выслаў наперад, а ваярству ўсыпаў [...].

ШОСТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

405Супраціву маскоўцы потым не згарнулі:
Патрабуюць, каб Полацк ім назад вярнулі.
Каралём князю шкода мае аплаціцца —
Так, маўляў, толькі можам з вамі замірыцца.
А Стафан шле пасланца ды склікае раду,
410Як завершыць з Маскоўскім Князем тую зваду [...].
435Потым з Вільні йшло войска да самога Менска,
А маскаль аж жахнуўся — думаў, да Смаленска.
З Менска ў Чашнікі войска праз Барысаў мкнецца,
Дзе з усім сваім войскам меў кароль сустрэцца.
І Крыштаф сваіх вояў выстраіў з нагоды:
440Як ён служыць Айчыне, паказаў народу.
Потым, хай нешырока, хоць дакладна й звязна,
Абяцаўся з тым войскам паслужыць прыязна
Каралю, свайму пану, і айчыне любай —
Сеч галовы маскоўцам з іхняй шыі грубай.
445Стуль да Віцебска з войскам быў кароль падаўся,
Дзе застаць іншых вояў моцна спадзяваўся.
Там агледзеў жаўнераў, што паспеў сабраці;
Хто іх бачыў — не мог бы ганьбы пачуваці [...].
455Вось кароль з панам троцкім войска ўзначаліў,
На вайне як прынята воінскім звычаем.
Першы — Крыштаф, а ззаду і кароль памалу,
Потым варта ды іншых гуфаў процьма стала.
Там абраў ён дарогу — бачыў Бог, якую, —
460У Літве нават сцежку не знайсці такую [...].
475Рана ўстаўшы назаўтра, войска зноў пад замак
Строем, конна, з вазамі ўзяло напрамак.
Доўга войска балота тое памясіла,
Ды масква стралянінай іх не застрашыла.
Гайдукі мігам чоўны на ваду спусцілі,
480Ды сцяжкі перад замкам тут жа ўстанавілі.
А масква не здаецца — ўпартасць ёй кіруе,
І што з ёй мае стацца, шчэ таго не чуе [...].

СЁМАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Аж да Лукаў трывогі войска не зазнала,
Вёрст за сем хіба трохі; зрэшты, вельмі мала.
545Сам за мілю ачоліў войска пан ад Лукаў,
І капыт раздаваўся плёскатам і стукам,
Бо на той час залева з ветрам усчаліся.
Маскалі гэтым часам на вайну сышліся
Са спадзевам: ліцвіны дзесь сядзяць ва ўкрыцці
550І не ўдасца ім лёгка языка здабыці.
Вартавых для палону ледзь не пахапалі —
Слугі троцкага пана моцна закрычалі.
Троцкі пан ды князь Януш8 на маскву напалі
З гаршчай слугаў, і тыя адышлі і сталі.
555Юнакі тут з абозу на падмогу рвуцца,
Праз мяне пан загад ім шле назад вярнуцца.
Прыхаваў ён у лесе дворных для пагоні —
Маскаля раптам зноўку чорт які прыгоніць.
Знік маскаль, ды трывога вояў ахапіла —
560Войска з тылу пра тое нават і не сніла.
А залева без спыну ўсіх, бадай, знудзіла,
Ды што ёй — да паўночы з неба ўсё крапіла.
Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху,
Што казаці было тут пану не да смеху:
565Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлі,
І ляжаў у адзенні, да касцей прамоклы.
І назаўтра ўжо толькі, як агонь займелі,
Накармілі Крыштафа ды цяплом сагрэлі.
Перш, аднак, чым насуха ён пераапрануўся,
570Да світанку задоўга, ледзь адно ачнуўся,
Мне прыслаў ён у лагер полацкага пана,
Каб мы разам з ім варту спраўдзілі ад рана.
Покуль войска сабралі, колькі дзён стаялі
Ды пад замкам дасхочу смела гарцавалі.
575Маскалі ўсё да моста вывед пасылаюць,
Перад нашымі спешна хвост свой падбіраюць [...].

АДЗІНАЦЦАТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

865Шлях з Масквы да Смаленска ўжо застаўся ззаду,
Перад імі — лес цёмны з багнаю-засадай.
Лес Мядзведжым балотам вораг называе,
Там капыт конскі багна мігам паглынае.
Ганібал, цераз Альпы як перабіраўся9 ,
870З гэткай цяжкасцю, пэўна, там не запазнаўся,
Нават Ксеркс, калі Атас воцатам адужыў10 ,
Мала клопату зведаў — сілай горы зрушыў;
Толькі тут, каб балотам здолець перабрацца,
На сябе, а не хлопаў, маеш спадзявацца.
875Тут хто дрэва рубае сажні з тры ў абхваце,
Хто трысцём тую багну на балоце гаціць.
Іншы дрэва, што накрыж на другім ляжала,
Коціць, каб для праходу не перашкаджала.
Не пазнаць было, хто там гетман, хто паняты:
880У гразі ўсе таўкліся, нібы парасяты.
Фаўн і Пан, і Сільванус, ды сатыры11 разам
Рады вельмі, што панства ў лесе тым загразла.
Крыкі: «Браце, дай рады — абняло па шыю!»,
Той, хто збыўся балота, гразь гразёю мые.
885Думаў, пэўне, што ўмыўся, аж глядзіць, нябога, —
Поўна гразі; смяецца ўсёадно з другога.
Лес прасекамі накрыж маскалі прадзелі —
Перад войскам літоўскім страх вялікі мелі.
Тую мелі надзею, што сюды як дойдзе,
890Пэўна рушыць дадому, а далей не пойдзе.
Толькі тая надзея ім не паспрыяла,
Бо і дзетак, і горла ў многіх адабрала [...].

ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Годны наш Радзівіле, мужу найслаўнешы,
О чаму ж не спаслаў нам век цябе даўнейшы,
Як масква па літоўскіх сёлах гарцавала? —
1100Веліч рыцарскіх справаў праз цябе зазнала б.
Да Дняпра не ступілі б ворагі ніколі,
Бо й цяпер каля Волгі не бароняць долі.
Ты зрабіў, што задумаў шчэ ў юначых летах:
«Па Маскве б мне прайсціся ў завалжскіх паветах».
1105Што й зрабіў, перайшоўшы Волгу, як прызначыў,
Ды і сам князь маскоўскі добра тое бачыў.
Будуць людзі нашчадкам пра цябе казаці,
Песні пекныя будуць пра цябе складаці,
Слаўны ў свеце, як Вітаўт, будзеш род за родам,
1110Годны вечнай любові між усіх народаў.
Ды яшчэ большай славы ў свеце ты зазнаеш,
Што і справы, і веліч Пану прысвячаеш [...].

ШАСНАЦЦАТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Языкоў тых варожых каралю паслаўшы,
Загадаў гетман войску, шлях свой скіраваўшы
Аж пад Ям Акавецкі, лагер разбіваці,
1240На начлег тое войска ў Яме прыпыняці.
Селіжарава12 нашым спаці не давала,
Места тое надвое Волга праразала.
На ўзбярэжжы нямала цэркваў збудавана,
Частка з дрэва, а рэшта — з цэглы муравана.
1245А цагляных тых цэркваў восем налічылі,
Дваццаць два храмы з дрэва у агні спалілі.
Места тое, як кажуць, пылам распусцілі,
Не пакінулі скарбу, жытлы разбурылі.
А бацькі ўжо галосяць, як дзяцей хапаюць,
1250З жытлаў, цэркваў пад неба іскры далятаюць.
Гора дзецям — з бацькамі трэба развітацца,
Добрых шатаў пазбыцца, жабракамі стацца.
Дзетак родных на плечы мацяркі ўзвалілі,
У палон муж патрапіў — будзе свет нямілы.
1255Лагер быў побач з местам, нейкія тры мілі,
Тое места дарэшты ў полымі спалілі.
Гетман меў тую волю — ўсё агню аддаці
І ніякае рэчы там не пакідаці.
Толькі, воям час даўшы разам зноў сабрацца,
1260Мусіў там жа пан гетман шчэ на ноч застацца.
Трыста новых баяраў сілы тут злучылі,
Слугаў мелі нямала — тых мы не лічылі.
З Тарапца яны выйшлі князю падсабіці,
Ды па шляху нагайца здолелі схапіці.
1265А як вораг на лагер наш напаў знянацку,
Выслаў гетман Пуцяту. Тут масква па-хвацку —
У кусты; кожны з нашых біць маскву ахвотны,
Ды схаваўся ўжо вораг у хмызняк балотны.
Вось трубы хрыплай голас ціха далятае:
1270Час у шлях падавацца — вестку пасылае.
Роты конных і пешых гетман аб’язджае,
Казакоў у загоны езных рассылае.
Варту ў тыл і на флангі бочныя адправіў,
Вояў лепшых, гарматы пры сабе паставіў.
1275Да гары падаліся Паўла (называюць
Шчэ Высокай іначай), там спыніцца маюць.
Шчэ з’язджаюцца воі, пану веставыя
Вестку шлюць: слугі, пане, вашыя жывыя
І чатырыста вояў з маскалёў забілі,
1280І ніводнага ў бітве з іх не прапусцілі,
І паспольства без ліку шабляй парубалі,
І дзяцей, і жанчынаў як авечак бралі [...].
1295Як сабраліся воі, бы да маткі пчолкі,
Адышло стуль дадому войска за пагоркі.
Хоць дарога ліхая ім бакі адбіла,
Ды нішто ўсё: фартуна добра паслужыла.
Той дарогай тры мілі войска йшло і стала,
1300Бо мяжа ржоўскіх земляў перад ім ляжала.

СЕМНАЦЦАТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Шчэ царкву па дарозе воі аглядалі,
1340Што за Вітаўта часаў быццам збудавалі;
А яе, калі звесткам гэтым веры даці,
Як Літвы крэс з Масквою мусім разглядаці.
Здолеў Вітаўт касцёл там ляшскі залажыці,
А масква на свой рускі лад перарабіці.
1345Кракаў — месца, дзе гэты Вітаўт быў хрышчоны,
Да таго ж, быў паганцам, як маскоўцаў гоні
Ваяваў і пустошыў, пра царкву не дбаў ён,
Толькі мужнай адвагай быў па свеце слаўны.
Мог крыніцу ўскапаці, што цяпер завецца
1350Вітальда вытокамі й праз гушчар пляцецца.
Больш праўдзіва, што лазню справіў ён татарам,
Для ардынскай княгіні быў жахлівай карай.
Праз Угру пераходзіў, як патрэбу бачыў,
Бо Літвы па той рэчцы князь мяжу пазначыў.
1355Ці з будоўляю цэркваў меў той князь турботы,
Будзем жывы-здаровы, зразумеем потым [...].

ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

1770Шкода князю, баіцца ён пазбыцца Пскова,
Страх вялікі навокал, сам князь не здаровы,
Бо пабачыў, нябога: чорны дым віецца,
Люд сякуць, іншых вяжуць, скарб паўсюль бярэцца.
Хто жывы, той да князя ў Старыцу ўцякае,
1775Кожны прэцца прэч з хаты, госцяў не чакае.
Вестка з весткай нясецца, люд бяжыць крывавы,
Кожны ў страху вялікім ад жахлівай явы.
Перад ім за айчыну плачуцца паціху,
Іншы з ранаў нязносных валіцца без дыху.
1780Адусюль далятае толькі:13 «Горе, болі,
Господару, змілуйся — згінем ляда колі14 .
Грэхі нашы чы твоі всіх нас погубілі,
Ужо літва полцарства твоего выбілі.
Ты хотел был Літву всю взять несправедліво,
1785Отож Літва самого воюет страшліво.
Час се умілосердіть вжо тобе над намі,
Любо15 нас Літве оддай з детьмі і жонамі.
Вжо край бельскі і ржовскі, і селіжаровскі,
Торопецкі, шоломскі, вжо і старорускі
1790Былі первей шырокі, тепер велмі малы,
Не найдеш там цэлого, усі порубаны,
А што жыво зостало, то в полон побрано,
Нічого нам ні тобе не зоставовано.
Манастыры і места зо всімі цэрквамі
1795Всі выбраны, а потом пожжоны огнямі.
Тэпер ужо в порховскі край се обернулі
І тамо не одному голову скінулі.
Под городом як дома собе росказуют,
Увесь тот край шаблею і огнём воюют».
1800Тое іх нараканне слухаў Князь Вялікі,
Хоць тыран, ды заплакаў шчыра і з уздыхам.
Раду меў з Пасевінам16 , пасланцом папежскім,
Ды пытаў, што рабіці з гневам каралеўскім [...].
Покуль быў гетман з войскам ля таго Пархова,
Часта люд забаўляўся маскалёў абловам.
1820Шмат людзей і жывёлы воі там пабралі,
А баяры-маскоўцы ў сіло траплялі.
А што дзетак маленькіх! — аж вазмі вазілі,
Спрэс Літву імі й Польшчу хутка наваднілі.
Скажаш часам якому: «Дай мне хлопца, браце», —
1825У адказ: «Што за справа! можаш двух узяці!» [...]

ДВАЦЦАЦЬ ПЯТАЯ ЧАСТКА АПОВЕСЦІ

Прызадумаўся гетман: цяжка быць самому
2125Без жанчыны, без жонкі быці халастому.
Рады ў бацькі пытае ды сяброў бліжэйшых,
За якіх быць не можа іншых наймілейшых;
Тыя добраю радай пану паспрыялі,
Разам з ім неадкладна шлях свой скіравалі
2130Да князёўны, што славай пекнай знакаміта,
Удава хоць, ды ганьбай не была пакрыта.
Князю слуцкаму жонкай колісь панна стала,
З дому слаўных Тэнчыньскіх род свой пачынала17 .
Бацька быў ваяводам кракаўскім той панны,
2135Вышняй радай у Польшчы, пасланцом старанным [...].
У палёх незаўважна лісце з дрэў апала,
2155Нам жа радасць вяліка, як вясной, настала.
Дзён сямнаццаць кастрычнік адлічыў абраным —
З бацькам, шляхтай пан троцкі едзе ўжо да панны,
З братам адзінародным едзе вельмі гожа
На вяселле пан гетман; ўбраныя прыгожа
2160Што іх слугі, што самі — не адрозніць пана,
На кані кожны, шаты — не для параўнання.
Луншчыне тут не месца — ззяе ўсё гранатам,
Дзіўных фарб аксамітам, свеціцца шарлатам18 .
Хоць палі ў наваколлі снегам забялелі,
2165Ды ад строяў дзівосных разам расквітнелі.
У Турэц19 госці едуць, з дружкамі князёўна
Годна госцяў прымае. Дня таго ж апоўдні
Князь са слаўнай князёўнай шлюб свой змацавалі,
Рэшту дня на банкеце між гасцей спраўлялі.
2170Шмат дарункаў прысутным госцям раздавалі,
Піва я й не прыкмеціў — малмазію20 бралі.
Дня таго ж адбылося, што спаўняюць людзі
З права шлюбу; хай Пану Богу слава будзе.
Caetera nox et vos et thorus conscius novit21 [...].

Канец Аповесці

У Дзявянішках року 1583, марца апошняга дня паводле зламанага свету22 .

Пераклад са старое польскае мовы й каментар
Алеся ДЗІТРЫХА 
(Мінск)


ЗАЎВАГІ

1 Генры — Генрых Валуа быў абраны каралём 11 траўня 1573 г., каранаваны 21 лютага 1574 г.

2 Генрых Валуа пакінуў Кракаў у ноч з 18 на 19 чэрвеня пасля атрымання ад сваёй маці, Кацярыны Медычы, паведамлення пра тое, што пасля смерці караля Карла, ягонага брата, вызваліўся французскі сталец.

3 Гонар; подласць, ліслівасць (лац.).

4 Мужнасць, адвагу (лац.).

5 Аддае перавагу грамадскім справам (лац.).

6 ...нібы Аляксандар... — маецца на ўвазе Аляксандр Македонскі.

7 Выбітныя творы (лац.).

8 Януш — сын Канстанціна Астрожскага, ад 1585 г. кашталян валынскі.

9 Ганібал, цераз Альпы як перабіраўся... — адбылося гэта ў 218 г. да н.э., у час ІІ Пунічнай вайны.

10 Ксеркс... Атас воцатам адужыў... — у час свайго паходу ў Грэцыю ў 480 г. да н.э. Ксеркс загадаў выкапаць для свайго флоту канал праз паўвыспу Халкідыка, абмінаючы такім чынам гару Атас. Рымша памылкова прыпісвае Ксерксу ўчынак Ганібала, які, пераходзячы з войскам праз Альпы, у крытычны момант, калі скала перакрыла адзіны шлях, ужыў наступны спосаб: воіны пассякалі шмат дрэваў, абчасалі іх і склалі ў вялікі стос; калі дрэвы разгарэліся, чаму паспрыяў раптоўны моцны вецер, на разагрэтую скалу вылілі воцат і выклікалі тым самым яе разбурэнне.

11 Фаўн — рымскі бог лясоў і палёў, апякун статкаў жывёлы і пастухоў. Пан — гэтае боства шанавалася як апякун паляўнічых, пастухоў, бортнікаў і рыбаловаў; у некаторых мясцовасцях Грэцыі шанаваўся як памочнік у вайне. Сільванус — Сільван, старажытнаіталійскае лясное боства, якое першапачаткова атаясамлівалася з Панам; пазней пачало ўважацца за захавальніка дома і маёнткаў; выяўляўся ў сялянскай вопратцы, з сярпом і пладамі. Сатыры — ніжэйшыя лясныя боствы, дэманы ўрадлівасці, увесь час занятыя танцамі й гульнямі.

12 Селіжарава — даўней горад на Волзе, за 100 км на паўночны захад ад Ржэва; цяпер — вёска ў Цвярской вобл. Расеі.

13 Прыведзены ніжэй урывак падаецца ў транслітараваным выглядзе з захаваннем аўтарскага напісання.

14 Ляда колі — у адваротным выпадку.

15 Любо — ці, або.

16 Раду меў з Пасевінам — пасрэднікам у перамовах пра заключэнне міру паміж С.Баторым і Іванам IV быў папскі пасол, езуіт Антоніё Пасевіна. Аўтар не раскрывае прычынаў настойлівых і зацікаўленых дзеянняў папскага легата і звяртае ўвагу толькі на міралюбства і гуманнасць Пасевіна, які даказваў абсурднасць вайны паміж хрысціянскімі дзяржавамі. Як сведчаць дакументы таго часу, сапраўдныя памкненні легата былі скіраваныя на распаўсюджванне рыма-каталіцкага веравызнання на тэрыторыю Масковіі.

17 Маецца на ўвазе Кацярына Тэнчыньская, удава князя Юрага Алелькавіча Слуцкага (пам. у 1578 г.).

18 Луншчына — гатунак простага сукна з Англіі і Галандыі. Шарлат — гатунак багатага сукна.

19 Турэц — маёнтак Радзівіла пад Карэлічамі.

20 Малмазія — гатунак (пераважна гішпанскага, французскага ды італьянскага) віна.

21 Пра астатняе ведае ноч, вы і шлюбнае ложа (лац.).

22 Паводле зламанага свету — у 1582 г. папам Рыгорам XIII была праведзена рэформа юліянскага календара, у адпаведнасці з якой за 4 кастрычніка 1582 г. ішло не 5, а 15 кастрычніка. У ВКЛ новы каляндар быў уведзены Стэфанам Баторым у 1584 г. Гэтую акалічнасць і мае аўтар пад выразам «зламаны свет».


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія