БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 1/2003

Сімвалы самакіравання

Алег ТРУСАЎ
(Мінск)

XVI ст. у Беларусі характарызуецца росквітам гарадоў, імкненнем іх да самакіравання — атрымання права.

Магдэбургскае, ці майдэборгскае, як яго часцей называлі нашы продкі, права ўзнікла ва ўсходне-нямецкім горадзе Магдэбургу ў ХІІІ ст. і ўяўляла звод правоў і прывілеяў жыхароў еўрапейскага феадальнага гораду. Юрыдычныя нормы, замацаваныя ў магдэбургскім праве, спрыялі развіццю эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці гараджанаў, вызначылі іх стан і маёмасныя правы. Потым яно распаўсюдзілася на розныя гарады Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі, паступова прыйшоўшы на тэрыторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Першым з сённяшніх беларускіх гарадоў магдэбургскае права атрымала старажытнае Бярэсце (1390).

За некалькі гадоў да гэтай падзеі, у 1387 г., Ягайла адпаведным прывілеем надаў магдэбургскае права сталіцы ВКЛ — гораду Вільні.

У XVI — першай палове XVIІ ст. яго мелі ўсе вялікія, сярэднія і бальшыня дробных беларускіх гарадоў. Магдэбургскае права забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначала месца і стан гараджанаў у феадальным грамадстве, бараніла іх ад уціску шляхты і вялікакняскай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству.

Горад, які атрымліваў магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарны орган самакіравання — магістрат. У яго склад уваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў жыццём у горадзе і месціўся звычайна ў спецыяльным будынку — ратушы.

Ратуша ў перакладзе з нямецкай азначае «дом сходаў». Першыя такія «дамы» з’явіліся ў Заходняй Еўропе ў ХІІ ст. і з часам набывалі больш манументальныя формы.

Будынак ратушы, звычайна прастакутнай формы, будаваўся ў цэнтры гораду, пасярэдзіне плошчы, дзе адбываліся кірмашы. Ратушу амаль заўсёды ўпрыгожвала вежа, што выконвала ролю назіральнай вышкі (у выпадку пажару альбо варожага нападу). Галоўным памяшканнем ратушы была зала паседжанняў магістрату на другім паверсе асноўнага будынку. Вакол ратушы месціліся гандлёвыя рады і крамы.

Напрыканцы XVI ст. усе вялікія беларускія гарады мелі ратушы, у асноўным драўляныя. У час шматлікіх пажараў яны часта гарэлі, і таму там, дзе магістраты мелі значныя сродкі, узводзілі мураваныя будынкі.

Цікавы шлях розных пераўвасабленняў і перабудоваў прайшла віленская ратуша. Першая вядомая нам выява сягае 1545 г. і аздабляе цэнтральную частку гораду на гарадскім плане Вільні, зробленым Ф.Хогенбергам. На малюнку бачым невялікі выцягнуты ў плане прастакутны будынак з невялікім купалам над цэнтральнай часткай і вострай спічастай вежай. Зусім іншы выгляд мае Віленская ратуша на малюнках Т.Макоўскага, зробленых у пачатку XVIІ ст. Будынак ратушы нагадвае гатычны касцёл з высокім трохкутным франтонам і высокай вежай, пасярэдзіне якой зроблены балкон, па ўсім перыметры вежы. Найбольшую цікавасць выклікае малюнак М.Янушэвіча, зроблены ў 1835 г. з арыгінальнага малюнку другой паловы XVIІІ ст. Па гэтым малюнку мы бачым пасярэдзіне ратушнай плошчы комплекс рознапавярховых камяніц, якія з усіх бакоў абступаюць двухпавярховы будынак ратушы. Вокны другога паверху маюць паўцыркульныя абрысы, дах пакрыты чырвонай дахоўкай, а на ратушнай вежы з’явіўся вялікі гадзіннік. Дарэчы, абрысы ратушы ў XVIІІ ст. вельмі нагадваюць стромкі гмах ратушы ў Віцебску. У канцы XVIІІ ст. будынак Віленскай ратушы быў цалкам перабудаваны ў стылі класіцызму. Знікла вежа, а перад двухпавярховым будынкам зрабілі вялікі порцік, які абапіраўся на круглыя калоны.

Адна з самых старажытных мураваных ратушаў у Беларусі пабудавана ў канцы XVI ст. у Нясвіжы. Яна некалькі разоў перабудоўвалася і захавалася да нашых часоў без верхніх паверхаў вежы, якія нядаўна былі адноўлены.

Значныя памеры, кампазіцыя плана надаюць Нясвіжскай ратушы манументальны выгляд. Яе абрысы нагадваюць рэнесансавыя прапорцыі замкаў і кальвінскіх збораў. Гандлёвыя рады, што прымыкаюць да ратушы з трох бакоў, складаюць разам з асноўным будынкам архітэктурны ансамбль, які ўпрыгожвае гарадскую плошчу.

Вонкавы дэкор ратушы просты і строгі. Яго арганічна дапаўняюць фасады гандлёвых радоў, аздобленыя аркамі, лапаткамі і прастакутнымі нішамі.

У канцы XVI ст. (у 1591 г.) пачынаецца будаўніцтва мураванай ратушы ў Мінску. Яна размяшчалася ў цэнтры былога Высокага рынку (цяпер плошча Свабоды). Гэтая мясціна з XVI ст. да 30-х гадоў ХХ ст. з’яўлялася галоўным гандлёвым, адміністрацыйным і культурным цэнтрам нашай сталіцы. Вандроўнікі, якія наведвалі Мінск у XVIІ ст., пісалі, што ратуша — адзін з самых славутых будынкаў на плошчы. У канцы XVIІІ ст. мінскі архітэктар Ф.Крамер перабудоўвае ратушу і надае ёй рысы класіцызму.

Паводле праектных чарцяжоў, гэта быў прастакутны ў плане двухпавярховы будынак, пасярэдзіне якога ўзвышалася вежа са шпілем. Тарцы галоўнага фасаду і порцік перад уваходам упрыгожаны калонамі іанічнага ордэру.

Памяшканні ратушы ў канцы XVIІІ — пачатку ХІХ ст. займалі гарадскі суд, магістрат і гаўптвахта. У 30-я гг. ХІХ ст. тут знаходзілася музычная школа, а з 1844 г. і гарадскі тэатр. Але ў 60-я гады ХІХ ст. будынак ратушы быў

ушчэнт разбураны. Падчас раскопак 1978 і 1988 гг. археолагі выявілі падмуркі ратушы і фрагменты цаглянай муроўкі сценаў, знайшлі рэшткі цаглянай падлогі і зялёныя паліваныя кафлі ад пячэй. Цяпер ратушны будынак аднаўляецца паводле распрацаванага рэстаўратарамі праекта.

Адна з самых велічных ратуш у Беларусі — Магілёўская — была ўзведзена ў другой палове XVIІ ст. на Гандлёвай плошчы (цяпер Савецкая плошча). Гэта мураваны двухпавярховы будынак з высокай васьміграннай вежай пасярод галоўнага фасаду. Пасля пабудовы ратушы Гандлёвая плошча стала галоўным адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам Магілёва.

Кіраваў будаўніцтвам майстар Феска. Ён збудаваў толькі прастакутны ў плане (30х15 м) будынак. Для пабудовы ратушнай вежы магілёўцы запрасілі іншаземца Крузберга. Але вежа, узведзеная ім на вышыню 40 локцяў (каля 26 м), нечакана завалілася. Праз некалькі гадоў, разабраўшы папярэдне рэшткі няўдалай канструкцыі Крузберга, складаную працу па ўзвядзенні вежы выканаў беларускі дойлід Ігнат са сваёй арцеллю.

Захавалася шмат матэрыялаў Магілёўскага магістрату, на падставе якіх, а таксама па аналогіі з іншымі ратушамі XVIІ ст. мы паспрабуем апісаць інтэр’еры ратушы ў Магілёве.

На першым паверсе знаходзіліся сені, вялікая «ізба» — памяшканне, дзе адбываўся суд над кіраўніцтвам войта, канцылярыя, дзе сядзелі пісары, і пакой (ратушная святліца), у якім захоўваліся бягучыя справы магістрату. Другі паверх займалі таксама сені, судовая «ізба» — месца магістрацкіх судоў, вялікая зала — месца паседжанняў магістрату і некалькі падсобных памяшканняў.

У цокальным, паўпадвальным, паверсе размяшчаліся скарбніца, склады і турма. Усе памяшканні ацяпляліся печамі, аздобленымі тэракотавай і паліванай кафляй зялёнага колеру. Першы паверх, верагодна, быў перакрыты скляпеннямі. Лесвіцы ўпрыгожаны разнымі драўлянымі балясінамі.

Асноўнай мэбляй былі лавы і зэдлі, а таксама вялікія сталы, пакрытыя сукном. У канцылярыі і архіве стаялі шафы для службовых папераў і кніг. Вокны ратушы мелі прыгожыя алавяныя рамы — ваканіцы, у якія ўстаўляліся круглыя шыбы. Завешваліся вокны фіранкамі з зялёнага гарусу. Парадныя памяшканні ўпрыгожвалі абразы, партрэты каралёў і харугвы цэхаў. Падлога была з адмысловай цэглы, а сцены заўсёды бяліліся.

Звонку ратуша была абтынкавана, мела два ганкі — нізкі і высокі (парадны). На высокі ганак вялі ўсходы з разнымі балясінамі. Ратушную вежу аздабляў балкон з металічнымі кратамі і, магчыма, вялікі гадзіннік.

Ратуша пад стромкім дахам, накрытым плоскай чырвонай дахоўкай, велічна ўзвышалася сярод нізкіх драўляных і мураваных крамаў, ад якіх яе аддзяляў драўляны плот з мураванай брамай, пакрытай гонтам. Яшчэ здалёк падарожнік, які ўваходзіў у горад праз Алейную браму, бачыў пазалочаныя ветранікі (флюгеры) на франтоне ратушы, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі.

У 1773 г. будынак ратушы капітальна перабудавалі. Фасады, аздобленыя шырокімі гарызантальнымі паясамі, якія падзялялі паверхі, рустоўка на ніжнім і дэкаратыўныя ліштвы над вокнамі другога паверху зрабілі яе падобнай да грамадскіх будынкаў губернатара і віцэ-губернатара, якія былі пабудаваны ў стылі класіцызму побач з ратушай на Гандлёвай плошчы ў канцы XVIІІ ст. Пяціпавярховая вежа стала асноўнай вертыкальнай дамінантай гораду разам са званіцай Богаяўленскага сабора.

У такім выглядзе ратуша захавалася да апошняй вайны, у час якой моцна пацярпела, але асноўны корпус і вежа ацалелі. На жаль, у 1957 г. гэты каштоўны помнік, які можна было аднавіць, быў разбураны разам з рэстаўрацыйнымі рыштаваннямі. Нядаўна на месцы былога будынку ратушы праведзены археалагічныя раскопкі. Знойдзены падмуркі і рэшткі сценаў, зробленыя з тонкай (5—5,5 см) цэглы-пальчаткі. Падмуркі складзены з вялікіх камянёў, прамежкі паміж імі закладзены цэглай на вапнавай рошчыне. Архіўны і археалагічны матэрыял дазволіў рэстаўратарам стварыць праект адбудовы Магілёўскай ратушы. У адноўленым будынку мяркуецца размясціць Палац шлюбаў.

У XVIІІ ст. мураваныя ратушы будуюцца ў Горадні, Віцебску, Чачэрску, Шклове, невялікія памерамі ратушы ўзводзяцца ў Слоніме і Шарашове. Яны не маюць вежаў (акрамя Віцебскай і Шклоўскай), але таксама разам з гандлёвымі будынкамі ствараюць адзіны ансамбль.

Беларускія ратушы — цікавая група помнікаў грамадзянскай архітэктуры. Яны сведчаць пра тое, што акрамя прыватнаўласніцкага ў Беларусі пачынаючы з XVI ст. вядзецца шырокае гарадское будаўніцтва, складваецца сапраўдная архітэктурная школа, якая к канцу XVIІІ ст. сфармавалася ў самастойны накірунак гарадскога дойлідства.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія