БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 1/2003

Беларускія палітыкі й пратэстанты.
Ад «Гомона» да Грамады

Алег ЛАТЫШОНАК
(Беласток)

latyszon@poczta.onet.pl
 

Канфесійны падзел беларускага грамадства на праваслаўных і каталікоў быў асноўнай перашкодай, якую мусіў пераадолець беларускі нацыянальны рух на шляху да стварэння сучаснай нацыі. Каталіцкія дзеячы спосабам вырашэння гэтай праблемы лічылі новую унію. Прыхільнікамі уніі былі сябры віленскага гуртка Адама Г. Кіркора, выдаўцы «Мужыцкай праўды» з Канстанцінам В.Каліноўскім на чале і дзеячы кола «Нашай нівы», перш за ўсё браты Іван і Антон Луцкевічы.

Правал унійных планаў Луцкевічаў схіліў частку беларускіх дзеячоў да далейшых пошукаў «трэцяга шляху». Гэтыя дзеячы звярнуліся да пратэстантызму, які на зломе ХІХ і ХХ стст. стаў адраджацца ў Беларусі ў выніку дзейнасці г. зв. свабодных пратэстанцкіх цэркваў. Першыя канвертыты ў баптызм з’явіліся пад канец 70-х гг. ХІХ ст. У наступныя дзесяцігоддзі баптызм (і звязаны з ім г. зв. штундызм) ды евангеліцызм знаходзілі штораз больш прыхільнікаў, перш за ўсё сярод звязанага з рынкавай гаспадаркай сялянствa1 . З’яўленне новых пратэстантаў заўважылі беларускія народнікі. Невядомы аўтар далучанай да 2-га нумара «Гомона» стацці, прысвечанай нацыянальнаму пытанню, даказавючы, што беларускі народ не забіты і не інертны, скарыстоўвае і такі аргумент: «Появление и быстрое распространение штундизма (в Могилевской губ.) свидетельствует о достаточной умственной и нравственной высоте народа»2 . Хоць колькасць пратэстантаў, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў і праваслаўнае царквы, расла сапраўды хутка, да першай сусветнай вайны было іх усяго некалькі тысячаў, перш за ўсё баптыстаў. Пратэстантызм і беларускі нацыянальны рух развіваліся асобна (народнікі праграмна былі рэлігійна індыферэнтныя), хоць звяртае ўвагу адначасовасць абодвух адраджэнняў.

Ідэйна спалучыў беларускасць з пратэстантызмам Гальяш Леўчык (сапр. Ляўковіч), супрацоўнік «Нашай нівы», які перайшоў у метадызм. Ідэі стварэння беларускай нацыянальнай царквы Ляўковіч прысвяціў усё сваё жыццё3 .

Прынцыповы паварот у дачыненнях беларускага й пратэстанцкага рухаў адбыўся толькі ў сярэдзіне 20-х гг. ХХ ст. у Заходняй Беларусі. Ляўковіч, які ў той час быў сакратаром метадысцкага Амерыканскага камітэту ў Варшаве, у 1924 г. скантактаваў беларускіх дзеячоў з Метадысцкай царквой. У выніку паспяховых уступных перагавораў беларусы стварылі ў Вільні г. зв. Віленскі Амерыканскі камітэт у складзе: сенатар Аляксандр Уласаў, пасол Браніслаў Тарашкевіч, старшыня варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэту Адам Більдзюкевіч, настаўнік беларускай гімназіі Язэп Гаўрылік, пастар Нядзведзкі і Вера Тарашкевічава. Падобны камітэт стварыўся ў Радашкавічах4 . У Доме метадыстаў у Варшаве з 1925 г. месціўся Беларускі нацыянальны камітэт, якога сакратаром быў Ляўковіч5 .

Царква метадыстаў успамагала беларускі рух фінансава. Асаблівую ўвагу метадысты звярталі на моладзь, фундуючы школы або інтэрнаты ў Радашкавічах, Вільні, Слоніме і Клецку6 . Характэрна, што сімпатыкі метадызму стаялі на чале Таварыства беларускае школы ў Польшчы (Уласаў і Радаслаў Астроўскі) і Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (Канстанцін Езавітаў і С.Краснеўскі)7 . Метадысты падтрымоўвалі таксама Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры з сядзібай у Варшаве. Старшынёй Інстытуту быў Більдзюкевіч, а сакратаром Ляўковіч. Навучаючы рэлігіі ў фінансаваных сабою школах, метадысты ўплывалі на інтэлект будучай беларускай эліты. Са свайго боку, беларускія дзеячы памагалі Царкве метадыстаў, якая толькі пачынала місійную дзейнасць на абшарах, населеных беларусамі. Дзякуючы гэтай дапамозе, метадысты стварылі колькінаццаць грамадаў на беларускай вёсцы8 .

Важнай падзеяй для беларускіх прыхільнікаў метадызму была інспекцыя беларускіх метадысцкіх грамадаў, праведзеная Янам Эмануілам Віттам, шведскім місіянерам, які ў 1925 г. пераехаў з Рыгі ў Старое Сяло ў Слонімскім павеце. Увосень гэтага году прымалі яго Астроўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў і Луцкевіч. Вітт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але таксама праблемамі беларускага нацыянальнага руху9 . З гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у Царкве метадыстаў.

Гэтая царква не была адзінай пратэстанцкай царквой, да якой далучаліся беларускія палітыкі. Беларускія дзеячы не прэцызавалі, каторая пратэстанцкая царква павінна стаць беларускай нацыянальнай царквой, вызначаючы толькі агульны накірунак перамены. Дарэчы, беларускія пратэстанты цесна супрацоўнічалі. Сімвалам гэтага супрацоўніцтва стаў пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Перакладам заняліся пастар баптыстаў, адданы нацыянальны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч1 0. Луцкевіч у той час быў ужо пратэстантам. Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм па фармальных прычынах (развод і другі шлюб) і сапраўды быў атэістам1 1, усё ж мацаваў інтэлектуальна беларускі пратэстантызм. Расчараваўшыся ў уніі, перанёс на пратэстантызм свае спадзяванні на стварэнне беларускай нацыянальнай царквы.

Спачатку кожная праява беларушчыны апрабавалася беларускімі патрыётамі, нягледзячы на іх палітычныя погляды й канфесійную прыналежнасць. Сведчыць пра тое характэрны прыклад: будучы пастар метадыстаў і ідэйны пераймальнік Ляўковіча Ян Пятроўскі, тады яшчэ праваслаўны, з метадызмам сустрэўся першы раз, калі з групай каталіцкай моладзі пайшоў на метадысцк на беларускай мове проста з памяшкання хадэцкай «Беларускай крыніцы»1 2. З часам поспехі пратэстантызму ў беларускім асяродку і яго палітычныя сувязі сталі палохаць прадстаўнікоў традыцыйных цэркваў.

«У такіх абставінах, замест рошчыны Хрыстовай, нараджаецца фермент, выкліканы метадыстамі і камуністамі, якія скарыстоўваюць нашую абыякавасць у службе сваёй справы. Метадысцкая прапаганда пераконвае беларусаў праз беларускія евангеллі, беларускія псалмы, беларускія казані, беларускія катэхізмоўкі. [...] Беларуская інтэлігенцыя звяртаецца en masse да метадызму або атэізму», — падымаў трывогу ў 1926 г. беларускі каталіцкі святар кс. Андрэй Цікота1 3. У ягоных воклічах, безумоўна, было шмат перабольшання, тым не менш ёсць і вялікая доля праўды.

З пратэстантызмам звязалася асяроддзе арганізатараў і правадыроў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. БСРГ была створаная ў 1925 г. Да пачатку 1927 г. у партыю ўступіла больш за 100 тысяч чалавек. Грамада сапраўды была не столькі партыяй, колькі агульнанацыянальным рухам, які аб’ядноўваў беларусаў розных грамадска-палітычных поглядаў. У пытанні рэлігіі БСРГ праграмна выказвалася за раздзел Царквы (Касцёлу) ад дзяржавы й палітыкі ды супраць выкарыстоўвання веравызнанняў з мэтай паланізацыі або русіфікацыі. Бальшыня заснавальнікаў Грамады была рэлігійна індыферэнтна, тым не менш падтрымоўвала кантакты з пратэстанцкімі цэрквамі. Паводле польскай контрразведкі Цэнтральны камітэт гэтай партыі складаўся выключна з пратэстантаў: старшыня Б. Тарашкевіч меўся быць метадыстам, намеснікі старшыні С.Рак-Міхайлоўскі — баптыстам, Р.Астроўскі — метадыстам, скарбнік П.Мятла — штундыстам, сакратар Бурсевіч — метадыстам. Да таго ў баптызм быццам бы перайшоў пасол ад Грамады Я.Гаўрылік1 4. У вузкае кола кіраўнікоў партыі ўваходзіў і А.Луцкевіч, намінальны кальвініст.

Не ўсе названыя польскай контрразведкай дзеячы сапраўды сталі фармальна пратэстантамі. Напрыклад, сужонства Тарашкевічаў, каталік Браніслаў і праваслаўная Вера, толькі хадзілі на метадысцкія набажэнствы1 5. З іншага боку, Бурсевіч напэўна быў метадыстам, і нават у турме іншыя зняволеныя лічылі яго «біскупам» метадыстаў1 6. Вядома таксама, што, як глыбока рэлігійны чалавек, прыняў смерць на Салоўках Язэп Гаўрылік. Таму варта тут успомніць грамадска-палітычныя погляды ідэйнага правадыра беларускага метадызму Ляўковіча: «Я сабе выабражаю: эвангелічны сацыялізм ці камунізм з Хрыстом на чале. Ня словы толькі, фразэалёгія, а факты дзеяньня, жывое жыцьцё, жывая кроў існаваньня чалавека — вось змест і мэта! У эвангелі праца не для капіталізму і капіталістых, а для людзёў жывой патрэбнай працы ў поце і сьлёзах... Інакш і трэйцяе тысячагодзьдзе пяройдзе і хрыстыянізм не ўскарэніцца ў сэрцы чалавечым...»1 7.

З 1926 г. амаль усе сябры ЦК БСДГ адначасова тайна належалі да Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, партыі, якая была за камунізм без Хрыста. Першым, які ўступіў у кампартыю, быў Тарашкевіч; ён і пацягнуў за сабою астатніх. Наўрад ці Тарашкевіч быў перакананым камуністам. Магчыма, паверыў, што ў БССР будуецца «Беларускі Дом». Магчыма, як спрактыкаваны масон, уважаў, што ў гэтай гульні ён раздае карты і скарыстае грошы Камінтэрна дзеля беларускай справы, як, дарэчы, выкарыстоўваліся і грошы пратэстантаў. Так ці інакш, ён трагічна памыляўся. У 1927 г. польскія ўлады арыштавалі кіраўніцтва Грамады і развязалі партыю. Праз некалькі гадоў кіраўнікоў Грамады палякі выдалілі ў Савецкі Саюз, дзе ўсе былі знішчаны.

Сувязі з правадырамі Грамады сталі прычынай пераследу Царквы метадыстаў польскімі ўладамі. Сярод метадысцкіх дзеячоў органы дзяржбяспекі правялі шмат арыштаў, дакараючы іх у дзейнасці на шкоду польскай дзяржавы. Гэтыя арышты спынілі развіццё Царквы метадыстаў у Польшчы1 8.

Гэтым разам супроць метадыстаў востра выступілі і беларускія каталіцкія й праваслаўныя колы. Хадэцкая «Беларуская крыніца» сцвердзіла, што метадыстаў прывялі беларусы, якія ні з Каталіцкім касцёлам, ні з Правaслаўнай царквой, ды наогул з ніякай рэлігіяй нічога супольнага не маюць, сацыялісты, бязбожнікі й матэрыялісты, якія падтрымоўваюць метадызм, каб аслабіць Касцёл і Царкву. Паводле рэдакцыі часопісу, метадызм прыводзіў да братняй нянавісці й аслабляў яшчэ больш беларускі нацыянальны арганізм, і так ужо гістарычна падзелены на два лагеры, каталіцкі й праваслаўны1 9. На жаль, гэтыя дакоры шмат у чым былі справядлівыя.

Тым не менш пратэстантамі або прыхільнікамі пратэстантызму былі ў той час не толькі дзеячы Грамады, але й альтэрнатыўных да яе груповак, як Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры (Більдзюкевіч і Ляўковіч) ці правай плыні нацыянальнага руху (метадызм падтрымоўвалі Ян Станкевіч і Францішак Умястоўскі)2 0.

Апагей сувязяў беларускай палітыкі з пратэстантызмам выпаў на другую палову 20-х гг. Татальная параза беларускага нацыянальнага руху, якім было падзенне Грамады, — гэта таксама выразная цэнзура ў гісторыі беларускага пратэстантызму. Аказалася, што ва ўмовах чужой, да таго недэмакратычнай дзяржавы, пратэстантызм не менш за каталіцызм і праваслаўе падатлівы на прэсію з боку ўладаў.


ЗАЎВАГІ

1 Верещагина А. Зарождение и развитие протестантских сект на территории Белоруссии во второй половине ХIX — начале ХХ века. // Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ — пач. ХХ ст.». Гродна, 29 верасня — 1 кастрычніка 1992 г. Кн. 4, ч. 3, с. 659—670.

2 Публицистика белорусских народников. Нелегальные издания белорусских народников (1881—1884). — Минск, 1983. — С. 114.

3 Пятроўскі Я. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце. Кн. І. — Слуцак—Гэйнсвільль, 1988. — С. 154.

4 Krótki zarys zagadnienia białoruskiego (машынапіс). — Warszawa, 1928. — S. 368.

5 Туронак Ю. Пра Гальяша Леўчыка. Беларускі Каляндар, 1980. — Беласток, 1980. — С. 156.

6 Krótki zarys... S. 368.

7 Picarda G. The Heavenly Fire. A Study of the Origins of the Byelorussian New Testament and Psalms (1931); «Božym Šlacham», 1975, nr. l—2 (143—44), p. 10, 14.

8 Krótki zarys... S. 368.

9 Тамсама. С. 369.

10 Гл.: Picarda G. The Heavenly Fire...

11 Інфармацыя Лявона й Юркі Луцкевічаў, сыноў Антона.

12 Пятроўскі Я. Мэмуары... С. 100.

13 Picarda G. The Heavenly Fire... P. 23.

14 Krótki zarys... S. 368—369.

15 Інфармацыя Лены Глагоўскай ад Веры Ніжанкоўскай, 1 v. Тарашкевіч.

16 Bergman А. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. — Warszawa, 1984. — S. 256—261.

17 Пятроўскі Я. Мэмуары... С. 154.

18 Krótki zarys... S. 369.

19 Беларуская крыніца, 1928, № 28.

20 Тамсама. Метадысткай была жонка Я.Станкевіча; да гэтай Царквы належаць і ягоныя сыны. Інфармацыя Юркі Станкевіча.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія