БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 1/2003

Diligite veritatem et pacem![1]
Гісторыя «славянскага» лютэранства й гістарычны кантэкст 

Вялікага Княства Літоўскага

Мікалай ПАЧКАЕЎ
(Лёндан)

mikalaus@yahoo.com 

Існуе некалькі тэзаў наконт таго, дзе ж сканчалася эўрапейская цывілізацыя. Паводле адной, сканчалася яна там, дзе праходзіла мяжа хрысьціянства ўвогуле. Паводле другой мяжою эўрапейскае цывілізацыі была мяжа, якой дасягнула Рыма-Каталіцкая Царква. Паводле іншае тэзы, цывылізацыйная мяжа Эўропы праходзіла там, дакуль сягала Рэфармацыя; дык, зрэшты, найусходнейшы з рэфармацыйных збораў існаваў, наколькі вядома, у Смаленску. Незалежна ад таго, які з гэтых поглядаў больш слушны, здавалася б відавочным, што характар і месца, уласьцівыя эвангеліцкім цэрквам у гістарычна-культурным краявідзе на захад ад Смаленску, істотна розьняцца ад гістарычных акалічнасьцяў гэтых вызнаньняў на ўсход ад старое мяжы Вялікага Княства — а таму невыпадкова, што схемы, звыклыя для акрэсьленьня эвангеліцкай гісторыі ў рэаліях Расеі часта ня надта стасуюцца да рэчаіснасьцяў на землях старое Рэчы Пасталітае. Як і ў суседніх краёх Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, на працягу сваёй больш як 450-гадовай гісторыі ў Беларусі і Літве «абодва эвангелічныя вызнаньні» — лютэранства («аўгсбурская канфэсія») ды кальвінізм («гэльвэцкая канфэсія») — сталіся ўласьцівымі рысамі тутэйшага культурна-гістарычнага краявіду, адметнымі ў параўнаньні з суседзямі на ўсходзе і поўдні. Адначасова эвангеліцкія вызнаньні сфармавалі адметную рэгіянальную ды краёвую рэлігійную культуру.

Гэтак, працяглая наяўнасьць — аж да 1939 г. — гістарычнага «тутэйшага», «славянскага», элемэнту ў лютэранстве ў Беларусі становіць зьяву важную для характарыстыкі ня толькі ўласна гэтай цэрквы — але таксама і дзеля разуменьня самога кантэксту яе гісторыі ў краіне. З гэтае прычыны, абмінаньне ўвагаю такой зьявы ня толькі пазбаўляе паўнаты малюнак мінулага канкрэтнай канфэсіі, але й відавочна паказвае на недаўсьведамленьне адметнасьцяў уласна беларускага гістарычнага кантэксту. Зручным спосабам дэманстрацыі таго, як часам не зусім хапае належнага прызнаньня адметнасьцяў краёвага гістарычнага кантэксту, можа стацца зазначэньне пэўных гістарычных фактаў на «тле» таго, якую падачу мясцовай гісторыі «аўгсбурскага вызнаньня» знаходзім у некаторых узорах беларускай постсавецкай гістарыяграфіі. Што тычыцца гісторыі лютэранства, у якасьці такога «тла» і ўзору спашлёмся на нядаўнія публікацыі В.Грыгор’евай і А.Філатавай: артыкул «Пратэстанцкая царква ў Беларусі ў канцы XVIII — пачатку ХХ стст.», а таксама ранейшы ўнёсак гэтых аўтараў у кнізе «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—ХХ ст.)»2 .

Рацыі гістарычнай дакладнасьці не дазваляюць абмінуць пэўныя фактычныя недарэчнасьці. Гэтак, пачынаючы з назову «Пратэстанцкая царква ў Беларусі...» (і так далей у тэксьце): зусім недарэчна йдзецца пра нейкую «пратэстанцкую царкву» ў адзіночным ліку — як быццам існавала тады ў Беларусі нейкая царкоўная еднасьць між рэфарматамі, лютэранамі, штундыстамі, баптыстамі ды пяцідзесятнікамі. Фактычнай памылкаю зьяўляецца подпіс пад фатаздымкам на стар. 59, дзе бачым нібыта «кальвінісцкую капліцу ў Гайцюнішках»: тымчасам царква ў Гайцюнішках3 , заснаваная Нонгардамі («галендар» Nonhaart) і Храптовічамі ў XVI ст. была заўсёды лютэранскай, доўгі час мела нават асобнага пастара ці, прынамсі, казнадзея, а ў XIX ст. была філіяй («прычэтнай» царквой) Віленскай лютэранскай парафіі4 . Зрэшты, тая ж «кальвінская памылка» прысутная і ў энцыкляпэдычных даведніках, выданых у Беларусі ў апошнія гады5 . Тымчасам спраўдзіць прыналежнасьць «капліцы» можна, зьвярнуўшыся да аўтарытэтнай «Encyklopedii Staropolskiej» Брукнэра і Эстрайхэра6 .

Крытыкаваць гэтыя публікацыі варта і за тое, што, гаворачы пра стаўленьне ўладаў Расейскай імпэрыі да лютэранаў былога ВКЛ, яны, на жаль, не раскрываюць усяго маштабу палітыкі царскага ўраду па зьнівеляваньні якой-кольвечы самабытнасьці мясцовай лютэранскай традыцыі. Тымчасам нагадайма, што ўжо ў 1805 г. расейскай адміністрацыяй быў прадпісаны для набажэнства новы абрад літургіі (падобны да швэдскага) замест ранейшага, што ў «Літве» паходзіў ад старога саскага (саксонскага)7 . У 1830—1832 гг. рэшткі аўтаноміі і самабытнасьці лютэранаў былога ВКЛ былі канчаткова скасаваныя, і з парафіяў беларускіх і літоўскіх губэрняў была сфармаваная 8-я дыяцэзія Курляндзкай кансысторыі, якая кіравалася ўніфікаваным статутам. Адначасова пецярбурскія ўлады зноў увялі лютэранам новы службоўнік — цяпер ужо складзены на прускі ўзор8 ; лютэранскае справаводзтва мусіла весьціся па-нямецку, да перакладу пазьней на расейскую мову. У некаторых мясьцінах улады нават намагаліся перавесьці цэлыя не-нямецкамоўныя лютэранскія парафіі на нямецкую мову набажэнства, аднак, напрыклад, у парафіі Нэйдорф-Нэйброва, куды быў прысланы каля 1868 г. адмысловы настаўнік нямецкае, спробы ўвесьці нямецкую мову былі пакінуты пасьля чатырох гадоў як бязнадзейныя9 !

Гісторыя пра тую няўдалую спробу насаджэньня нямецкай мовы сярод лютэранаў Берасьцейшчыны падводзіць да галоўнай адметнасьці датычна лютэранства на землях былога ВКЛ, якой бракуе належнага зазначэньня ў сучаснай гістарыяграфіі Беларусі ды якая мае істотнае значэньне для характарыстыкі самога беларускага гістарычнага кантэксту. На жаль, аналізуючы розьніцу ў асьвятленьні тэмы ў дзьвюх згаданых публікацыях Грыгор’евай і Філатавай, можна заўважыць наступную рысу: адрозна ад свайго ранейшага варыянту, аўтаркі пазьней гавораць толькі пра нямецкі й латыскі элемэнт у лютэранстве Беларусі. Гэтак, калі ў публікацыі 1998 г. яшчэ згадвалася «невялікая колькасьць палякаў» сярод лютэранаў гістарычнай Віленшчыны10 , то ў 2001 г. аб іх ужо й не гаворыцца. Далей, калі ў выданьні 1998 г. у Беларусі «да лютэранства належала ў асноўным латыскае і нямецкае насельніцтва ... да рэфармацкай — польскае і беларускае»11 , то ў адпаведным месцы артыкулу 2001 г. наўпрост сьцьвярджаецца, што «лютэранства спавядала латышскае і нямецкае насельніцтва ... кальвінізм — палякі і беларусы»12 .

Такая «папраўка» — практычная адмова ва ўвазе «славянскаму» элемэнту ў краёвым лютэранстве — наўрад ці абгрунтаваная. Бо вядома, што яшчэ старажытныя статуты віленскай лютэранскай царквы патрабавалі ад пастараў веданьня польскае мовы, нават прадугледжвалі асобных пастараў для «славянскай» і нямецкай часткаў парафіі — калі б не знайшлося пастара двумоўнага13 . Менавіта польская мова была літургічнай14 , напрыклад, у вышэйзгаданай царкве ў Гайцюнішках15 , як і ў другой16 лютэранскай вясковай парафіі — у в. Валянаве (Ашмяншчына). Многія віленскія пастары17 XVIII ст. — Сэбастыян Федаровіч (1732), Міхал Крупінскі (1738—1758), Якуб Міхал Крупінскі (1764)18 — таксама немцамі не былі. Гэтак і прозьвішчы абшарнікаў Бяркевіча, за кошт фундушу якога ў ХІХ ст. існавала лютэранская царква ў Слуцку, ці Гулькевіча, які ахвяраваў у 1902 г. зямлю для лютэранскай царкоўнай пабудовы19 , нямецкія не нагадваюць. Што, аднак, тычыцца лютэранства замежных каляністаў, то ўжо ад пачатку XVIII ст. польская мова ўжывалася ў якасьці «мовы касьцельнай», напрыклад, у згаданай парафіі «галендраў» Нэйдорф на Берасьцейшчыне20 .

Пра тое, наколькі «тутэйшы» характар мела ў першай палове XIX ст. лютэранства ў Беларусі сьведчыць і апісаны аўтаркамі выпадак 1815 г., калі полацкі лютэранскі пастар скардзіўся на беларускіх уніяцкіх папоў, у якіх лютэране маўляў прымалі хросты, шлюбы і паховіны21 . Але ж сапраўды неверагодна, каб своеасаблівыя абрады і мова беларускіх уніятаў маглі стацца гэтак прывабнымі для прадстаўнікоў нямецка- ці латыскамоўнай ды нацыянальна-культурнай супольнасьці. Сама за сябе гаворыць «Справа аб зьвядзеньні зь лютэранства ў рыма-каталіцтва жонкі селяніна Юрага Думброцкага Дароты й дачкі яе Эвы» (1844—1847)22 .

Тымчасам бальшыня ранейшых абыватэляў краю нямецкага паходжаньня — напрыклад, роды Плятараў, Тызэнгаўзаў, Остэнсакенаў, Лялевеляў, Путкамэраў, Корфаў, як і «старое» нямецкае мяшчанства Вільні, былі ўжо здаўна асыміляванымі й «укарэненымі» (і надзвычай патрыятычнымі) асобымі — і на той час пераважна польскамоўнымі23 . Як згадваецца і ў выданьні 1998 г., нямецкія каляністы ў парафіі24 Нэйброва-Нэйдорф на Берасьцейшчыне25 ўжо «згубілі сваю мову»26 . Таксама і згодна сьведчаньню А.Мілавідава ў Беларусі да сярэдзіны XIX ст. нават многія лютэране з нашчадкаў каляністаў перайшлі ўжо на мясцовую мову й на польскую пісьменнасьць. Ён піша:

«В 1865 году Муравьеву было донесено, что проживающие с XVII в. в Брестском уезде Голландцы, лютеране по вероисповеданию, усвоив под влиянием окружающего населения польский язык, начали принимать от ксендзов лютеранские молитвенники и школьные учебники на польском языке. Рассмотрев это дело... он приказал Голландцев и ксендзов оставить в покое»27 .

Ідзецца тут пэўна пра некалькі лютэранскіх вёсак былога Берасьцейскага павету, што належалі да згаданай вышэй «галендэрскай» парафіі Нэйдорф-Нэйброва (на поўдзень ад Берасьця на беларускім баку Буга). Сапраўды, Курляндзкая Кансысторыя мусіла запрашаць туды пастараў з Царства Польскага — бо нямецкамоўных пастараў гэтая парафія ўвогуле не прымала28 . Даўняя традыцыя царкоўных казаньняў па-польску трывала, прынамсі, да канца XIX ст. і ў іншых парафіях са значнай прысутнасьцю не-нямецкамоўных парафіянаў, як, напрыклад, у Вільні.

Гэткая прысутнасьць польскае мовы29 нават і сярод лютэранаў-каляністаў сьведчыць пра тое, што «аўгсбурскае вызнаньне» ў беларускіх землях былога Вялікага Княства ў істотнай ступені захоўвала свой адметны «краёвы» характар яшчэ і ў XIX ст. Не варта, аднак, лічыць, быццам штодзённая мова, якую, паводле Мілавідава, засвоілі каляністы на Берасьцейшчыне, была сапраўды польскай. Насамрэч гэта быў паўднёва-заходні або «палескі» дыялект беларускай мовы: у «Кроніцы Нэйдорфскага збору» чытаем, што, молячыся і слухаючы касьцельныя казаньні па-польску, «у звычайнай размове многія ўжываюць надбугскую або палескую гаворку»30 . А паводле сучасных расейскіх крыніцаў, нашчадкі тых лютэранаў-«галендраў», што напачатку ХХ ст. перасяліліся з-над Буга ў Сыбір, гавораць «украінска-беларускім дыялектам» аж дасёньня — захоўваючы, як і раней, польскую ў якасьці кшталту мовы «касьцельнай»31 . (Нагадайма, што ніводная з цэркваў у Беларусі не ўжывала ў тыя часы народнае мовы, за выняткам пэўных ізаляваных выпадкаў каталіцкіх казаньняў у «простай мове».)

Зрэшты, у пэўных выпадках нават захаваньне перасяленцамі нямецкае мовы не давала ўжо падставы ў Беларусі залічыць іх да немцаў: пэўныя лютэране на Пружаншчыне, згодна са справаздачай мясцовых уладаў, былі «паводле нацыянальнасьці беларусы, у хатнім побыце ўжываюць нямецкую мову [...], а зь мясцовымі сялянамі размаўляюць на беларускай гаворцы»32 . Пра надта рудымэнтарную «нямецкасьць» віленскіх «нямецкіх лютэранаў» даюць добрае ўяўленьне мэмуары Юльяны Вітан-Дубейкаўскай (народж. Мёнкэ), дзяячкі беларускіх нацыянальных арганізацыяў Вільні ад 1915 г., нарачонай Івана Луцкевіча, пазьней выкладчыцы Віленскай беларускай гімназіі33 .

Натуральна, нельга адмаўляць таго факту, што дыскрымінацыя пратэстантаў у Рэчы Паспалітай у XVIII ст. прывяла да мноства пераходаў у каталіцтва, і напрыканцы XVIII ст. перавага асобаў нямецкага паходжаньня ў агульным складзе лютэранаў34 была цалкам выразнай, а напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ ст. мела месца і «нэа-германізацыя» (і часткова «латвінізацыя») агульнага складу мясцовага лютэранства — у выніку прытоку новых каляністаў. Аднак ступень завершанасьці «германізацыі» лютэранства былога ВКЛ, нават пасьля поўнага ўключэньня ў лютэранскую царкву Расейскай імпэрыі (сапраўды нямецкую), ня варта абсалютызаваць. Важным інстытуцыянальным фактарам захаваньня яго адметнага «краёвага» характару было й то, што — у адрозьненьне ад лютэранства нямецкай калянізацыі, напр., у расейскім Паволжы або на поўдні Украіны — новыя лютэране-перасяленцы на землях Беларусі на працягу стагодзьдзяў (і, фармальна, да 1832 г.) уключаліся ў папярэдне існаваўшую мясцовую лютэранскую царкоўную інфраструктуру ВКЛ, якая разьвівалася неперарыўна ад Рэфармацыі XVI ст., а таму новапрыбылыя лютэране ня толькі прыносілі свой уласны замежны культурны элемэнт, але й ставаліся пераемнікамі мясцовай лютэранскай традыцыі.

Падагульняючы, можна сказаць, што ня мае слушнасьці падыход, які цалкам ігнаруе прысутнасьць гістарычнага («польскамоўнага») лютэранства былога ВКЛ (хай бы і істотна маргіналізаванага ў пэрыяд ад пачатку ХІХ ст. і да часоў ІІ Рэчы Паспалітай — калі «нямецкасьць» у характары лютэранства, у Заходняй Беларусі, істотна саступіла, не без заахвочаньня польскіх уладаў)35 . Да гэтага ўзгадайма, што ніводная з хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі36 не карысталася тады беларускай мовай у набажэнстве, што само, аднак, ня сьведчыць аб іх поўнай «іншаземнасьці» у тых варунках. Што цікава, не падаючы дэталяў аб існаваньні беларускамоўных кальвіністаў у ХІХ ст., Грыгор’ева й Філатава прызнаюць за рэфарматамі пэўны аспэкт беларускасьці — у адрозьненьне ад лютэранаў; гэта пры тым, што, як вынікае, напрыклад, з падсумаваньня лічбаў перапісу 1898 г.37 , болей за 1600 лютэранаў аказаліся тады проста беларускамоўнымі38 . У рэшце рэшт, эмпірычны агляд прозьвішчаў асобаў, пахаваных на лютэранскіх могілках у Беларусі39 ды ўсёй гістарычнай Віленшчыне, таксама выяўляе між імі шмат «славянскіх» (акрамя, натуральна, германскіх і балцкіх). Таму пасьлядоўнае ігнараваньне прысутнасьці гістарычнага «славянскага» лютэранскага фэномэну Беларусі, які цалкам заслугоўвае на пільнае вывучэньне, сапраўды цяжка абгрунтаваць.

Аднак падаецца, што пасьлядоўнае абмінаньне ўвагаю наяўнасьці ў тутэйшым лютэранстве якога-кольвечы «славянскага» кампанэнту40 лягічна паказвае накшталт агульнага ўспрыманьня гістарычнага кантэксту — г.зн., на такую агульную канцэпцыю, у якой для прызнаньня пэўнага краёвага і «гістарычнага» характару, у большай ці меншай ступені захаванага ў лютэранстве Беларусі, не знаходзіцца месца. І сапраўды, аўгсбурскае вызнаньне ў Беларусі падаецца ў згаданых вышэй узорах беларускай постсавецкай гістарыяграфіі як быццам нейкая выключна нямецка-латыская «дыяспаральная» царква — падобна да трактаваньня яго ў Расейскай імпэрыі як «иностранного исповедания». Бо лёгка а нават натуральна пакінуць па-за дужкамі зьяву «славянскага» лютэранства, калі глядзець на Беларусь праз прызму расейскай рэальнасьці — дзе лютэранства сапраўды было адметнасьцю канкрэтных этнакультурных супольнасьцяў «инородцев»: як юдаізм — адметнасьцю канкрэтна гэбрайскай этнакультурнай прыналежнасьці.

Але, мяркую, няма падставаў пераносіць схемы, якія стасуюцца да гісторыі лютэранства ў Расеі, таксама і на землі колішняга Вялікага Княства. Бо прынцыповае адрозьненьне, увасабленьнем і праяваю якога акурат і была зьява тутэйшага «славянскага» лютэранства, палягала ў тым, што, незалежна ад канкрэтных лічбавых суадносінаў прадстаўнікоў «польскамоўнага», асыміляванага ды новапрыбылага элемэнту сярод мясцовых «эвангелікаў» у нейкі канкрэтны гістарычны пэрыяд, — у Беларусі кальвінізм ды лютэранства агулам былі ды заставаліся аж да 1939 г. нашчадкамі Рэфармацыі, а не вынікам, як у Расеі, ці то «инородческих» міграцыяў, ці то інкарпарацыяў абшараў з «инородческим» лютэранскім насельніцтвам. Гэтак, зьява «славянскага» элемэнту ў гісторыі царквы аўгсбурскага вызнаньня (як і кальвінізму) становіць адметную рысу, вельмі істотную для характарыстыкі ня толькі самога мясцовага гістарычнага лютэранства, але і для азначэньня важнай параўнальнай адметнасьці ўласна гістарычнага кантэксту Беларусі ўвогуле.


ЗАЎВАГІ

1 «Любіце праўду і спакой!» — было дэвізам лютэранаў ВКЛ, выбітым на старажытнай пячатцы Віленскага аўгсбурскага збору.

2 Грыгор’ева В., Філатава А. Пратэстанцкая царква ў Беларусі ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст. Беларускі гiстарычны часопiс, № 2, 2001. С. 57—71. Грыгор’ева В., Завальнюк У., Навіцкі У., Філатава А. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—ХХ ст.). Мн., 1998.

3 Польск. Goycieniszki ці Gojcieniszki.

4 Гэтак, напрыклад, у Хроніцы віленскай лютэранскай царквы (нямецкі пераклад з польскае мовы, выданьне з нагоды трохсотгоддзя парафіі) проста гаворыцца пра тую царкву як пра лютэранскую і на той час «філію» віленскай парафіі. «Als der Unterhalt eines besonderen Pfarrers aus den angewiesenen, durch die Kriege aber geschmälerten, Mitteln nicht mehr bestritten werden konnte, so versah diese Stelle der Pastor von Wilna, und die evangelisch-lutherische Kirche zu Goycieniszki ist seitdem eine Tochterkirche (filia) der Wilnaschen», гл.: A.F.A.[damowicz]. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna. Eine Chronik geschrieben zur Freyer des dreihundertjährigen Bestehens der Kirche. … «Übersetzung aus dem Polnischen», Wilna 1855, s. 81, тлусты шрыфт даданы.

5 Напрыклад, у энцыклапедычным даведніку «Архітэктура Беларусі». — Мн., 1993. — С. 140; у фотаальбоме Хрысьціянскія храмы Беларусі на фатаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ ст. — Мн., 2000. — С. 37; а вось А.М. Кулагін відавочна ўключыў тую ж «капліцу» нават у лік каталіцкіх: Каталiцкiя храмы на Беларусi: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2000. — С. 33.

6 Encyklopedia Staropolska (A.Brückner, K.Estreicher). T. 1. — Warszawa, 1939. — S. 798. Тамсама, Baliński M., Lipiński T. Starozytna Polska, pod wzgledem historycznym, jeograficznym, i statystycznym opisana. T. III. — Warszawa, 1846. — S. 258—259. Гайцюнішкі фіксуецца як лютэранская парафія і ў сучаснай літаратуры, напр.: Kosman M. «Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej». Wrocław, 1973. — S. 242; Kot S. La Réform dans le Grand-Duché de Lithuanie. Bruxelles, 1953.

7 Яшчэ ў 1640—1648 гг. лютэранскую літургіку ВКЛ па-польску кадыфікаваў Ян Маліна ў Вільні.

8 A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna… S. 55.

9 Schultz, Edmund H. (ks.) Kronika zboru ewangelicko-luterskiego Nejdorfskiego. Źwiastun Ewangeliczny, 1902 r. [http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf-kronika.htm]: «Ks. Freyer próbował wprawdzie odrobić, co zdzialaly wieki, i przywrócić znowu język niemiecki. Sadził on zapewne, ze tem przypodoba sie zwierzchnosci krajowej. Sprowadzono około 1868 roku umyslnego nauczyciela niemieckiego, ale czteroletnia praca tegoz tylko tyle dokazała, ze dzieci zaspiewały w kosciele pare razy piesni kolendowe, których nie rozumiały, a starsi nauczyli sie wyrazów «guten Morgen» i nic wiecej. Zaniechano predko próby niefortunnej, której chyba nikt wiecej nie powtórzy».

10 Грыгор’ева В. et al. Канфесіі на Беларусі… С. 104.

11 Ibid., c. 43; курсіў даданы.

12 Грыгор’ева В., Філатава А. Пратэстанцкая царква ў Беларусі… С. 57.

13 «Zur Pastor-Wahl mussten stets drey Candidaten vorgestellt werden… Die Predigten wurden stets in deutscher und polnischer Sprache gehalten, bald von einem und demselben Pastor, wenn er beyde Sprachen verstand, bald von Besonderen,» гл.: A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna..., ss. 48—49. У выніку, напрыклад, у 1701 быў у Вільні пастар «Johann Töllner, nur kurze Zeit, und der Conrector Schediny der aber nicht bestätigt wurde, wiel er der polnischen Sprache unkundig war» (ibid., s. 61). А раней, у XVII ст., канфлікты паміж гэтымі дзьвюма (германамоўнай і славянамоўнай) лютэранскімі грамадамі ВКЛ былі нават матэр’ялам для езуіцкіх памфлетаў, напр.: Doliwski Mitiasz, Bitwa ministrуw saskich wilenskich 16 junii, roku 1641. Wilno, 1641.

14 Kosman M., «Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej». S. 242.

15 Тут варта згадаць і імя віленскага пастара Рэчкоўскага (1653), які з тае парафіі паходзіў і немцам ня быў; а гайцюніскі пастар сярэдзіны XVII cт. Марцін Рэкса перакладаў зь нямецкае: «Krótkie powtarzenie Chrzescijanskiéj wiary z Niemieckiego», 1644.

16 Яшчэ адна парафія — філія віленскага «аўгсбурскага збору» — была заснавана Храптовічамі для рамесьнікаў жалезнае мануфактуры ў в. Вішнеў («за 12 міляў ад Вільні»), гл.: A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna... S. 81. Існавала яна яшчэ напрыканцы XVIII ст. (ibid., s. 51).

17 Віленскія пастары ў XVIII — пачатку ХІХ ст. апекаваліся гістарычнай Віленшчынай, другім лютэранскім цэнтрам Беларусі быў Слуцак, а на Жмудзі — Біржы і Коўна. Так, у 1784 г. віленская лютэранская акруга ўключала таксама парафіі ў Гайцюнішках, Горадні, Вішневе, Янаве, Коўне і Гелдышках, гл.: A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna... S. 51.

18 A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna... S. 61.

19 Грыгор’ева В., Філатава А. Пратэстанцкая царква ў Беларусі… С. 58.

20 Schultz, Edmund H. (ks.). Kronika zboru ewangelicko-luterskiego Nejdorfskiego. Źwiastun Ewangeliczny, 1902 r. [http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf-kronika.htm].

21 Грыгор’ева В. et al. Канфесіі на Беларусі… С. 46.

22 Описание рукописного отделения Виленской Публичной библиотеки. Вып. 2. Вильно, 1897, № 65.

23 Сярод віленскіх пастараў XVIII ст. можна прыгадаць пастара зь нямецкім прозьвішчам Ruttich (1712), якога звалі, аднак, Міхал Багуслаў, гл.: A.F.A. Die Evangelisch-Lutherische Kirche zu Wilna… S. 61.

24 Лютэранская парафія каляністаў-«галендраў» у Нэйдорфе-Нэйброве, гл.: Памятная книжка Гродненской губернии на 1888 год. — Гродна, 1887. — С. 204.

25 558 вернікаў у 1857 г. — Słownik Geogrficzny Królewstwa Polskiego. T. VI. — Warszawa, 1885. — S. 949.

26 Грыгор’ева В. et al. Канфесіі на Беларусі… С. 104.

27 Миловидов А. Заслуги графа М.Н. Муравьева для Православной Церкви в Северо-Западном крае. — Харьков, 1900. — С. 35.

28 Schultz, Edmund H. (ks.) Kronika zboru ewangelicko-luterskiego Nejdorfskiego. Źwiastun Ewangeliczny, 1902 r. [http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf-kronika.htm].

29 Польская мова, як вядома, у XVIII і да паловы ХІХ ст. звычайна служыла ў Беларусі ў ролі мясцовай пісьмовай і «публічнай» мовы для ўсяго аўтахтоннага, а таксама «натуралізаванага» жыхарства.

30 Schultz, Edmund H. (ks.), op. cit.: «dzis niejeden w potocznej mowie uzywa narzecza nadbuskiego czy poleskiego, to modła sie wyłącznie po polsku i jedynie na polskie uczeszczaja kazania».

31 «Сибирские голендры: лютеране с польскими корнями», Альманах «Енисей», июль—август 1999 [http://luther.ru/pages/church_history/printversion.php?issue=02.02.2003].

32 Цытуецца ў: Токць Сяргей. «Гарадзеншчына як абшар польска-беларускага этна-канфесійнага памежжа», Białoruskie Zeszyty Historyczne, 19. С. 142.

33 Юльяна Мёнкэ гадавалася ў віленскай сям’і «нямецкіх лютэранаў», паходзіла ў трэцім пакаленьні зь перасяленцаў з Прусіі. Ва ўспамінах распавядае наступнае пра нацыянальна культурнае аблічча сваёй сям’і, перадаючы размову зь Іванам Луцкевічам:
«Іван [Луцкевіч] мне казаў, што ўпершыню быў у гэтак званай нямецкай сям’і на куцьцю і знайшоў, што ніякай розьніцы няма, што ўсё адбываецца паводля краёвых традыцыяў.
— Ну, як-жа можа быць інакш, — адказала я. Бацькі мае радзіліся ў гэтым краі, дзед вырас тутака, а з кім пажывеш, ад таго й набярэш!
— Так, тата пані мае добрую вымову, — сказаў Іван [Луцкевіч].
— Тата і сьпяваць калядныя песьні ў беларускай мове ўмее, — пахвалілася я. — Вось, памятаю, раз на Каляды пасьля пары чарак гэтак павесялеў, што запяяў жартаўлівую калядную беларускую песьню. […]» Вітан-Дубейкаўская, Юльяна. Мае Ўспаміны [New York 1970]. С. 96—97.
Іншае выданьне, Вітан-Дубейкаўская, Юліяна. Мае Ўспаміны. Вільня, 1994.

34 У другой палове ХІХ ст. колькасьць тутэйшых (і асыміляваных) лютэранаў зь ліку адукаваных клясаў яшчэ дадаткова зьмяншалася, бо (згодна расейскіх законаў) дзеці ў шлюбах лютэранаў з праваслаўнымі не маглі пераняць лютэранскае вызнаньне бацькоў – тымчасам як колькасьць праваслаўных сярод чынавенства ў краі рэзка павялічылася пасьля 1863 г. Гэты аспэкт згадваецца м. ін. у: Токць С. (1999) Царскае чыноўніцтва Беластоцкага, Бельскага і Сакалоўскага паветаў у другой палове ХІХ ст. — на пачатку ХХ ст. Białoruskie Zeszyty Historyczne, 11. С. 74.

35 Са зьвестак у кнізе Alabrudzinska E., Kościoły ewangelickie na kresach wschodnich II Rzeczypospolitej (Toruń, 1999) можна зрабіць выснову, што ў пазьнейшы, міжваенны пэрыяд не-нямецкі, ‘польскамоўны элемэнт’ у лютэранстве Заходняй Беларусі істотна ўмацаваўся, дзякуючы палітыцы заахвочваньня польскімі ўладамі. Набажэнствы па-польску зноў сталіся звычайнай зьявай. Пра стаўленьне ў той час лютэранскае ярархіі да беларушчыны можна меркаваць са словаў мэмарандуму 1927 г. пастара (а пазьней сэньёра Віленскай дыяцэзіі) З. Лёппэ: «Як эвангеліцка-лютэранскі пастар у Вільні, які ня толькі ведае сытуацыю, але і сочыць за яе разьвіцьцём, я малю Бога і слугаў Яго: Дайце нам Новы Запавет и Псальмы на беларускай мове!»; гл. Picarda G., The Heavenly Fire: a Study of the Origins of the Byelorussian New Testament and Psalms (1931), Божым Шляхам, № 1-2, 1975, p. 19. Гэтак, З.Лёппэ таксама спрычыніўся да ініцыяцыі праекту, што меў вынікам выданьне ў 1931 г. «Брытанскім і Замежным Біблійным Таварыствам» беларускага Новага Запавету і Псальмоў у перакладзе Антона Луцкевіча і Лукаша Дзекуць-Малея.

36 За выняткам уніяцкіх казаньняў і кантычак ды аналягічных выпадкаў у рыма-каталікоў.

37 Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. — Беласток, 1999. — С. 19—20.

38 Пры аналёгіі з тагачаснай моўнай самаідэнтэфікацыяй «касьцельных палякаў» —каталікоў, трэба меркаваць, што фактычна гэтая лічба была пэўна большай.

39 Так, прыкладам могуць служыць часткова захаваныя лютэранскія могілкі ў Віцебску.

40 Згадайма да гэтага й Юзафа Пілсудзкага, мусіць, самага знакамітага лютэраніна з гістарычнае Віленшчыны, які навярнуўся ў лютэранства ў 1899 г. Хоць яму, вядома, закідалі здраду каталіцтву, аднак — у кантэксьце «віленскай», «крэсовай» польскасьці — нейкай «нямецкасьці» ягонай новай веры яму не закідалася.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія