|
РЭЦЭНЗІІ
Український голокост. 1932—1933: Свідчення тих, хто вижив / Упоряд. Ю. Мицик. — К.: Вид. «КМ Академія», 2003. — 296 с.
Паважаны а. Ю.Мыцык пры дапамозе сваіх студэнтаў больш за 10 гадоў збіраў звесткі тых, хто перажыў адну з найжахлівейшых трагедый чалавецтва — голад 1932—1933 гг., — гісторыі, якія б хацелася забыць. Аснову гэтай унікальнай кнігі склалі ўспаміны, як выжывалі людзі ў экстрэмальных умовах, як паміралі, меркаванні сведкаў наконт таго, хто вінаваты. З 200 інтэрв’ю 124 з Днепрапятроўскай вобласці, 25 — з Кіеўскай, 13 — з Чаркаскай, 10 — з Кіраваградскай і г.д. У дадатках змешчаны матэрыялы, знойдзеныя ў архівах, артыкулы і вытрамкі з кніг, успаміны людзей пра голад 1946—1947 гг.1.
Першая ў свеце «сацыялістычная» дзяржава знішчыла ранейшыя эканамічныя сувязі, а новыя стварыць не змагла і доўгі час паразітавала на атрыманых у спадчыну людскіх і прыродных рэсурсах. Індустрыялізацыя патрабавала велізарных затратаў і мільёнаў рабочых рук: сродкі і людзі былі ўзяты з вёскі па-варварску. Летам 1932 г. засухі не было, але голад пачаўся менавіта ў вытворчых збожжавых раёнах Украіны, Паўночнага Каўказа, Ніжняй і Сярэдняй Волгі, Паўднёвага Урала, Заходняй Сібіры і Казахстана. Галадалі дзесяткі мільёнаў.
Кніга не пакідае раўнадушным нікога. Людзі, якія перажылі голад, распавядаюць пра падзеі амаль 70-гадовай даўніны. Немагчыма без болю гэта чытаць і нашаму пакаленню, якое, на шчасце, не ведала ні войнаў, ні голаду. Простыя людзі простымі словамі распавядаюць пра няпростыя рэчы. Уражвае гэта значна больш, чым калі чытаеш пра тое ж навуковыя трактаты ці нават архіўныя дакументы: «Няма на свеце большага жалю, як паміраюць з голаду дзеці. З 5-гадовага ўзросту дзеці ішлі самастойна шукаць ежу невядома куды, паміралі скрозь: і дома, і на чужых дварах, каля саломы і на полі, паміралі моўчкі і доўга» (с.39); «Жахліва ўспамінаць пра няшчасце, што прыйшло ў сям’ю майго дзядзькі, роднага бацькавага брата, у яго памерла 14 дзяцей» (с.73); «Мы ішлі да школы [...] Ішлі ўсе моўчкі, не хацелася ні весяліцца, ні гаварыць, хацелася есці. Некаторыя вучні не даходзілі да школы. Не маглі далей ісці, садзіліся дзесь пад сараем і паміралі. Калі настаўнік рабіў пераклічку вучняў у класе, мы паведамлялі: там і там памерлі Ваня і Валя — не дайшлі...»; «У Мікіты і Аксаны Лазарэнкаў было сямёра дзяцей, адзін аднаго меншы. Калі настаў голад, Мікіта пайшоў на заробкі на Кіеўшчыну, але не вярнуўся. Дзеці сталі паміраць, і засталося іх толькі двое [...] Па дарозе Настуся заблукала і дадому вярнулася толькі праз тыдзень. А маці і сястра былі ўжо мёртвыя. У маці былі абгрызены рукі. Па тым, як яна ляжала, можна было зразумець, што гэта яна іх сама грызла» (с.78); «Трупы ляжалі на тых самых месцах, але ў іх ужо была павырывана мякаць. Даведзеныя голадам да адчаю людзі пачалі есці людзей. Трупаў, якія валяліся на вуліцах сяла, было так шмат, што іх проста не было каму хаваць» (с.82); «Бывала і жывых хавалі. Суседка свайго сына несла ў яму, а ён яшчэ пазіраў, ды хіба толькі яна. Яму толькі раз у тры дні выкапаюць, а як памрэ, можа ямы не быць» (с.85); «На вуліцах сяла часта ляжалі людзі, якія яшчэ дыхалі, па іх поўзалі мухі, мурашкі, лезлі ў нос, рот, вочы. Збольшага гэта былі дзеці, відаць, старэйшыя памерлі яшчэ раней. Трапляліся дзеці і падлеткі, якія яшчэ хадзілі, але ніяк не рэагавалі на людскую мову, іхні выгляд хутчэй нагадваў шкілет» (с.97); «Было так, што з дзесяці хат траплялася адна, у якой яшчэ жылі людзі, а дзевяць зарастала бур’яном» (с.111); «А як страшна было глядзець паміраючаму ў вочы, якія моляць толькі хлеба, а ты сама галодная і дапамагчы ім нічым не можаш, таму што праз некалькі дзён цябе чакае такі ж лёс» (с.41).
У той час, як вядома, дзейнічаў жорсткі закон аб «Пяці каласках». Вастрыё гэтага бесчалавечнага закону было накіравана супраць сялянаў, якія, ратуючы сваіх дзяцей і сябе ад галоднай смерці, вымушаны былі прыносіць дадому з току ці поля кілаграм-другі, а то і жменьку, зерня, якое яны ж і вырасцілі: «Палі моцна ахоўваліся, і каго заставалі на полі, то каралі і нават саджалі ў турму. Адзін чалавек ужо не мог ісці ад голаду і таму папоўз да пшанічнага поля. Там ён пачаў рваць каласкі, якія яшчэ не паспелі, і есці іх. У той час праязджаў «товарищ» з раённага ўпраўлення. Ён схапіў апухлага чалавека, прывёз у сяло, здзекваўся з яго, потым адвёз да міліцыі. Што пасля сталася з тым чалавекам, невядома. Ды багата было такіх людзей, каб усіх запомніць...» (с.131).
Замест здабытага цяжкай працай хлеба, гародніны, малака, мяса, гвалтоўна забраных уладамі, людзі павінны былі ратавацца тым, што знойдуць самі: «Ужывалі ў ежу ўсё, што можна. Елі здохлых жывёл, і шмат людзей пасля гэтага памерла ад атручвання» (с.73); «Елі ў той час, мабыць, усё: мёртвых коней, катоў, сабак, мышэй...» (с.32); «Жаб, верабьёў лавілі і елі» (с.34); «Скублі ўсё, што зелянець пачало. Рвалі крапіву, тмінку, лебяду. Увогуле, елі ўсё, хто што бачыў: бур’ян, грыбы... Людзі паміралі ад атручвання» (с.33); «На лугах збіралі шчавель, дзікі часнок, цыбулю, а яшчэ елі лебяду, голыя качаны з кукурузы, рагіз, чарот. На полі ставілі мышалоўкі і лавілі мышэй, у хаце ўжо ні катоў, ні мышэй не было — іх даўно паелі... У той час нават гаўкання сабак не было чуваць — паелі ўсіх» (с.34); «З пацяпленнем галодная смяротнасць трохі знізілася, але як з’явіліся зялёныя абрыкосы, яшчэ больш паміралі людзі, ужо ад атручванняў (с.57); «Яшчэ і зараз памятаем, як хацелася есці...» (с.59).
Жахліва гучаць расповеды пра канібалізм: «Наша суседка — баба Вара — зарэзала свайго малога сына. Тры дачкі збеглі, а ён застаўся. Дык яна яго з’ела. Яе забралі ў турму, дзе яна і памерла ад голаду» (с.40); «Дзеці елі бацькоў, бацькі дзяцей. Секлі тапарамі і елі» (с.49); «Як-та мы зайшлі ў адну хату, а там жанчына з краснымі звар’яцелымі вачыма. Мы пасля людзей запыталі, што з ёй здарылася. А нам адказалі: у яе было трое дзяцей, яна печ распаліла, напусціла чаду, сама выйшла і дзверы зачыніла. А калі дзеці ўчадзелі, яна іх і паела» (с.49); «Падчас вобыску ў дзежцы былі знойдзены рэшткі засоленых целаў яе дзяцей» (с.97); «Маці схапіла малодшага сына і загадала старэйшаму стукнуць яго па галаве. Старэйшы разбіў галаву малатком малодшаму брату, а маці пасекла на кавалкі цела, кінула на стол і сказала, каб елі. Г.Грэненка, яе сястра і яшчэ адзін брат узялі па кавалку. Маці і старэйшы брат даелі ўсё. А.Антыпкіна [сведка, якая паведаміла гэтую гісторыю] неяк сустрэла Г.Грэненка з унукам. Тая сказала: «Ваджу за руку ўнука, а ў вачах стаіць мой малодшы брацік» (с.115)...
Аднам з найбольш жахлівых месцаў кнігі з’яўляецца ўспамін сябра Саюза журналістаў Украіны Галоўка С. пра дзіцячы дом, які месціўся ў ягонай вёсцы (в. Маламына, цяпер в. Адамаўка). Сама ж улада большасць з гэтых дзяцей зрабіла беспрытульнымі сіротамі, саслаўшы ці ўвогуле знічшыўшы іх бацькоў, а пасля і іх асудзіла на доўгую пакутлівую смерць: «Дзіцячаму дому, не ведаю з якіх фондаў, пастаўляліся прадукты харчавання. Звычайна небагата, але і тыя прадукты не даходзілі да дзяцей, яны раскрадваліся абслугаю, актывістамі сяла і мясцовымі кіраўнікамі. Наведваліся сюды і чыноўнікі [...] Асабліва ўзрасла смяротнасць сярод дзетдомаўцаў з пачатку ранняй вясны 1933 г., калі пастаўка прадуктаў спынілася. У той час дапаможнаму працаўніку дзетдома працы было нямала, бо тут не было ніякага транспарту, таму ён браў воз з вялікім яшчыкам, загружаў яго мёртвымі, а то і напаўмёртвымі, а ўночы развозіў іх у парожнія сіласныя ямы, траншэі, канавы [...] сабакі за ноч разрывалі трупы і разносілі часткі целаў памёршых па сяле. Прахожыя раніцай бачылі то тут, то там косці рук, ног, тулаваў, абгрызеныя сабакамі [...]». С.Галоўка давялося ў той час наведаць дзетдом: «Тут перад намі адкрылася жахлівая карціна. На голай падлозе покатам ляжалі напаўголыя мошчы (адныя косткі і скура) — дзеці. Адны ўжо мёртвыя, іншыя толькі ратамі зявалі, бо не малі сіл, каб вымавіць слова» (с.61).
Няма і не можа быць прабачэння таму, хто мог нават дапусціць, не тое што ініцыяваць ТАКОЕ.
Гісторыкі яшчэ доўга будуць спрачацца наконт сапраўдных прычынаў галадамору. Сведкі ж падзеяў у сваіх меркаваннях даволі катэгарычныя: «У 1932 г. засухі не было. Ураджай быў добры, проста ўсё ў людзей пазабіралі. Забіралі ўсё. Высыпалі ўсё з мяшочкаў, гаршчочкаў, даставалі ўсё з печы» (с.20); «Актывісты ўрываліся ў хату ў любы час, шукалі хлеб. Калі знаходзілі, то забіралі ўсё да астатняга зерня» (с.24); «Ураджай 1932 г. быў сярэдні, яго, мусіць, увесь вывезлі на элеватар. Тое, што людзі пакінулі сабе, узімку забіралі таксама...» (с.29); «Ураджай таго году быў не скажу каб багаты, але і не паганы. Голад пачаўся так. Глава калгасу і некалькі актывістаў партыйных пачалі хадзіць па хатах і збіраць хлеб. Як забралі хлеб і здалі дзяржаве, то пачалі забіраць апошнія харчы. Бралі ўсё» (с.89); «Актывісты з нашага сяла, мужчыны, а часцей жанчыны, хадзілі гуртам па хатах з жалезнымі крукамі, палкамі, стукалі па падлозе, калупалі зямлю, шукаючы, каб нічога з прадуктаў не пакінуць. Яны пераварочвалі ўсё ў двары, шукалі хлеб у сараі, на гарышчах, а знайшоўшы, забіралі і вывозілі. Заглядалі ў печ, дзе што варылася з ежы ў гаршках. Правяралі нават калыскі, дзе былі малыя дзеці, каб хто-небудзь не схаваў там вузлік з зернем. Забіралі насенне, якое збіраліся пасеяць увесну. Забіралі худобу, курэй, свіней. Знішчалі жорны і ступы, каб людзі не таўклі схаванае зерне і сушаны бур’ян, апошнюю надзею на выжыванне. Людзей высялялі з уласных хат» (с.32); «Многія ўжо тады разумелі, што голад быў выкліканы штучна, людзі ж не сляпыя» (с.49); «Той голад зрабілі таму, што людзі не хацелі ісці ў калгасы. А такім чынам іх вымушалі да таго» (с.68).
Думка наконт таго, што голад быў наўмысна інспіраваны дзяржавай дзеля таго, каб паказаць, што лепш змірыцца з калектывізацыяй, ці быць пакараным за дрэнную працу ў калгасе і барацьбу супраць апошніх (г.зв. «перавыхаванне»), мела месца і сярод сялянства падчас голаду, і сярод даследнікаў галадамору.
Сапраўды, аналізуючы падзеі таго часу, цяжка пазбавіцца ад думкі, што голад быў створаны наўмысна. Гвалтоўная калектывізацыя прывяла да сапраўднай сялянскай вайны. Значная колькасць выступленняў прыпала якраз на Украіну, прычым пад лозунгам незалежнай Украіны. Але бальшыню складалі стыхійныя выступленні сялянаў, скіраваныя супроць нарыхтоўчай палітыкі бальшавікоў. З 1934 г. паведамленні пра масавыя выступленні знікаюць са зводак спецорганаў... Голад прынёс перамогу партыі над вёскай. На гэтай падставе выснова аб тым, што голад быў створаны з мэтай «паставіць вёску на калені», загнаць яе ў калгасы, выглядае не бясспрэчнай, але лагічнай. Гэта ж пацвярджаюць і словы тагачаснага ўкраінскага партыйнага кіраўніка П.Постышава, што абавязковыя збожжапастаўкі з’яўляліся не толькі сродкам забеспячэння дзяржавы хлебам, але і «прыладай», «метадам перавыхавання». Прымушаючы калгаснікаў выконваць план, улады прывучалі іх да сацыялізму і калгасаў2.
У сучаснай гістарыяграфіі існуе тэорыя, згодна з якой сталінскае кіраўніцтва ўстанавіла такія аб’ёмы хлебанарыхтовак на Украіне і ў рэгіёнах населеных кубанскімі казакамі (Паўночны Каўказ) ці немцамі (Паволжа), якія выклікалі голад, дазволілі задушыць нацыяналізм і пераадолець супраціў сялянаў калектывізацыі. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй разглядае праблему і Ю.Мыцык, які ва ўводзінах да кнігі піша пра голад як акцыю «свядома спланаваную сіламі, варожымі ўкраінскаму народу» (с.7), пра «злавесную ролю імперскай Масквы ў свядомым правядзенні палітыкі генацыду ўкраінцаў [...]» (с.13). Аўтар называе голад 1932—1933 гг. «халакостам» (?!), мэтай якога было «не дапусціць усплеску нацыянальна-вызваленчай барацьбы ўкраінскага народу, яго чарговай пасля 1917—1920 гг. спробы здабыць уласную незалежную дзяржаву» (с.13).
Аўтар ніводным словам не ўзгадвае, што ў той час дзе-небудзь акрамя Украіны становішча было аналагічным. І чытач насамрэч будзе перакананы, што з’ява мела месца толькі тут і з’яўлялася спецыяльна скіраванаю супраць Украіны. А адсюль ужо недалёка і да эвалюцыі тэрміна «тэрор голадам» — «генацыд» — і, нарэшце, «халакост».
Шырокае геаграфічнае распаўсюджванне голаду 1932—1933 гг. сведчыць, што ён з’яўляўся вынікам мноства арганізацыйных і палітычных прычынаў. Разам з тым, нельга не пагадзіцца з амерыканскім даследнікам М.Таўгерам, які адзначае, што «Голад быў у асноўным вынікам правалу эканамічнай палітыкі «рэвалюцыі зверху» і менш за ўсё вынікам «паспяховай» нацыянальнай палітыкі, быццам бы накіраванай супраць украінскага і іншых народаў»3.
Выклікае пытанне і прыведзеная лічба ахвяраў голаду: «Трагедыя халакосту — штучнага галадамору 1932—1933 гг., — піша Ю.Мыцык, — забрала 9—14 мільёнаў жыццяў украінскіх сялянаў» (с.13).
Пытанне пра колькасць загінуўшых да гэтага часу канчаткова не вырашана, існуюць розныя методыкі падліку прамых і ўскосных ахвяраў. Некаторы час максімальна прыбліжанай да рэальнай лічылася лічба ў 3—4 млн. чалавек4. Расійскія гісторыкі на грунце раней невядомых крыніцаў прыходзяць да высновы, што насельніцтва СССР з восені 1932 г. да красавіка—мая 1933 г. скарацілася (галоўным чынам, за кошт вясковага насельніцтва) на 7,7 млн. чалавек5. Падкрэслім — у СССР, а не на Украіне.
У кожным выпадку, маштабы голаду выглядаюць катастрафічнымі. 3 ці 14 мільёнаў чалавек — гэта сухія, хоць і страшэнныя лічбы. У кнізе паказаны лёс кожнага асобнага чалавека, які перажыў тое.
За голад нясе адказнасць савецкі ўрад, асабіста Сталін, якія павінны былі разумець, што падвышэнне квоты дзяржпаставак без уліку рэальных патрэбаў сялянаў можа пагражаць голадам. Трагедыя заключалася і ў тым, што ўлады афіцыйна голад у краіне не прызналі, не прынялі тэрміновых мераў пасля таго як ён пачаўся. Больш таго, натоўпы людзей, якія запаўнялі вакзалы і быццам прывіды блукалі ў пошуках ежы, лічыліся парыямі грамадства. Ахвяры, на мове газет таго часу, «спрабавалі інсцэніраваць голад», займаліся «сімуляцыяй голаду і галадання», жабракі «выдавалі сябе за разрабаваных калгаснікаў» і з’яўляліся ўвогуле не ахвярамі голаду, а «прапагандыстамі-антысаветчыкамі, якія распаўсюджвалі чуткі аб голадзе з мэтай дыскрэдытацыі савецкай улады і калгаснага ладу». А паколькі невыкананне нарыхтоўчых планаў Сталін расцаніў як сабатаж сялянства, то і дастатковая дапамога галадаючым аказана не была. Дзяржава ж вывозіла збожжа на продаж за мяжу. А гэты хлеб мог выратаваць многіх людзей...
Так, магчыма, гэта генацыд. Але скіраваны не супраць асобнага народу, а супраць сялянства ў цэлым.
Гістарыяграфія галадамору велізарная, аднак даследаванне трагедыі не скончана. Значным укладам у далейшые вывучэнне гэтага пытання стала кніга, укладзеная паважаным Ю.Мыцыкам.
Ірына РАМАНАВА.
ЗАЎВАГІ
1 Український голокост. 1932—1933: Свідчення тих, хто вижив / Упоряд. О.Ю. Мицик. — К.: Вид.дім «КМ Академія», 2003. — 296 с.
2 Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. Социальная история Советской России в 30-е годы: деревня. — М., 2001. — С. 90.
3 Судьбы российского крестьянства. — М., 1995. — С. 314.
4 Данилов В. Дискуссия в западной прессе о голоде 1932—1933 гг. и «демографической катастрофе» 30—40-х годов в СССР // Вопросы истории. 1988. №3. С. 161—121; Осокина Е. Жертвы голода: сколько их? // История СССР. 1991. № 5. С. 23.
5 Зеленин И., Ивницкий Н., Кондрашин В., Осколков Е. О голоде 1932—1933 годов и его оценке на Украине // Отечественная история. 1995. № 6. С. 262.
Кніга пра халакост у Беларусі
У Тэль-Авіве на рускай мове выйшла кніга доктара гістарычных навук Леаніда Смілавіцкага «Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944» (Тель-Авив, 2000). Леанід Львовіч Смілавіцкі — былы дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Беларускага універсітэту культуры, які пэўны час працаваў на гэтай кафедры пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі. Як сам адзначае, на кафедры ён удасканальваў сваю метадалагічную падрыхтоўку ў падыходзе для далейшых навуковых даследаванняў.
Доктор гістарычных навук Леанід Смілавіцкі, які выдаў кнігу, працуючы ў Інстытуце гэбрайскай дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце, займаецца гісторыяй гэбраяў у Беларусі ў ХХ стагоддзі. Кніга пра халакост — адна з тэмаў ягоных даследаванняў.
Кніга Л. Смілавіцкага вылучаецца сярод выданняў і артыкулаў на гэтую тэму, аўтарамі якіх з’яўляюцца гісторыкі ў Беларусі, галоўным чынам гэбрайскага паходжання. Публікацыі апошніх звычайна ўяўляюць апісанні жахлівых падзеяў часоў нямецка-фашыскай акупацыі з невялікім наборам высноваў-клішэ яшчэ савецкіх часоў. У адрозненне ад гісторыкаў, грамадзянаў Беларусі, Леанід Смілавіцкі больш глыбока аналізуе катастрофу, дае абагульненыя лічбы, якія абапіраюцца на багаты архіўны матэрыял і шматлікую літаратуру, якую гісторыкі ў Беларусі не заўсёды ведаюць і выкарыстоўваюць. Аўтар разглядае гістарыяграфію катастрофы. Такім чынам, даследаванне Л. Смілавіцкага мае значна большае навуковае значэнне.
Акрамя аўтарскага тэксту, у кнізе Л. Смілавіцкага прыведзены дакументальныя матэрыялы пра знішчэнне гэбрайскага насельніцтва ў гарадах і мястэчках нашай краіны, як усходняй яе часткі, так і заходняй. Даецца гісторыя гета ў гэтых мясцовасцях. У кнізе прыведзена літаратура на розных мовах, табліцы (у тым ліку статыстычныя), карты, слоўнік адмысловых тэрмінаў і імёнаў, а таксама індэксы прозвішчаў, геаграфічных назваў і фотадакументы.
Аўтар сканцэнтраваў у сваім даследаванні ўвагу на асноўных пытаннях разгляданай тэмы. Найперш гэта жыццё гэбраяў у гета, куды нямецкія акупанты сагналі ўсё гэбрайскае насельніцтва, ізаляваўшы яго ад беларускага за калючым дротам. Палітыка нацыстаў была накіравана не толькі на знішчэнне гэбраяў, бо знішчалі і беларусаў. Мэтай гітлераўцаў перадусім была дэмаралізацыя вязняў гета, абмежаванне харчавання й метадычнае, паслядоўнае іх знішчэнне.
Леанід Смілавіцкі прыводзіць прыклады супраціву акупантам у некаторых гета, арганізаваных уцёкаў. Бадай, упершыню ў гістарычнай літаратуры адзначана не толькі выратаванне гэбраяў хрысціянскімі вернікамі (у савецкай і постсавецкай літаратуры гэта называлася «дапамогай савецкіх людзей»), але, пра што ў Беларусі раней не згадвалася, і дапамога, і выратаванне гэбраяў (у большасці маладых гэбраек і дзяцей) нямецкімі афіцэрамі. Асобна аўтар кнігі напісаў пра лёсы гэбрайскіх дзяцей падчас гітлераўскай акупацыі Беларусі, а таксама пра канфіскацыю гэбрайскай уласнасці.
Адмысловы раздзел кнігі Леаніда Смілавіцкага прысвечаны барацьбе гэбраяў супраць фашысцкай палітыкі генацыду, хоць пра гэта шмат напісана і ў ранейшых даследаваннях у Беларусі. Аднак і ў гэтым раздзеле аўтар па-новаму разглядае пэўныя падзеі і факты. Так, у адпаведным падраздзеле разглядаецца дзейнасць гэбраяў і палякаў у партызанскіх атрадах савецкага партызанскага руху. Аўтар у асобным падраздзеле ўзняў пытанне пра антысемітызм у партызанскім руху, што ў савецкай і постсавецкай літаратуры ў Беларусі, натуральна, не разглядалася. Гаворыцца і пра бандыцкія групы, якія рабавалі насельніцтва.
У цэлым кніга Л. Смілавіцкага напісана цікава і па-новаму падае гісторыю халакосту ў Беларусі.
Разам з тым па зместу кнігі ёсць і заўвагі. Так, аўтар называе партызанаў у Беларусі «беларускімі». Гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Калі гаварыць увогуле пра партызанскі рух, то ён меў больш складаны змест, а з 1942 г. амаль цалкам перайшоў пад кантроль савецкіх органаў кіраўніцтва гэтым рухам з Масквы і быў накіраваны на ўзнаўленне камуністычнай дыктатуры пасля выгнання нямецкіх акупантаў. У некаторых месцах кнігі аўтар адмоўна (з былога погляду савецкіх гісторыкаў) гаворыць пра «беларускіх нацыяналістаў». Аднак і гэтая з’ява не такая простая, як яму падаецца. Аўтару трэба б было звярнуць увагу на працу «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, Мінск, 1995) і іншыя даследаванні па гэтай тэме.
А ўвогуле можна адзначыць кнігу Леаніда Смілавіцкага як унёсак у раскрыццё адной з важкіх старонак гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Несумненна, яна зацікавіць не толькі гісторыкаў-спецыялістаў у Беларусі, але і больш шырокага чытача.
Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ
(Мінск)
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА
|