|
Паважаныя чытачы!
Пераадольваючы зразумелыя цяжкасці, звязаныя з унікальнасцю беларускай сітуацыі, дзе вядучае выданне, прысвечанае гісторыі культуры, не толькі акуратна выплочвае ўсе падаткі як звычайны ўдзельнік эканамічнай дзейнасці, але і не падтрымліваецца дзяржавай, мы чарговы раз прыходзім да вас. Прыходзім са спазненнем, бо, шчыра прызнацца, папросту не можам утрымліваць адпаведны штат супрацоўнікаў, каб гарантаваць больш рытмічную працу. Магчыма, вас суцешыць хоць бы такая інфармацыя: індывідуальныя падпісчыкі і пакупнікі ў шапіках атрымліваюць “Спадчыну” ўдвая танней сабекошту, а ведамасныя — па сабекошце, але без нацэнак — дзякуючы заніжаным коштам, якія выстаўляе рэдакцыя, разумеючы сваю задачу — падтрымаць развіццё ведаў пра нашую найбагацейшую культуру ў часы, калі дзяржаўным дбаннем народ даведзены да скрайне высокіх пакупніцкіх магчымасцяў.
Часткова з гэтае прычыны два бліжэйшыя нумары — гэты і наступны — вельмі індывідуалізаваныя і асабістыя па падборы публікацый. Бягучы прысвечаны спажывецкай культуры Беларусі ў рэтраспектыве, тэме, асабіста блізкай сэрцу аднаго з найбольш актыўных чальцоў нашае Рэдкалегіі Алеся Белага. Толькі адзінкі з матэрыялаў нумара падабраныя не ім асабіста. Ягоная праца аказалася настолькі эфектыўнай, што ў сувязі з перавышэннем аб’ёму падвоенага нумара давялося зняць два матэрыялы (у прыватнасці, артыкул рэдактара пра фінансавае ўтрыманне мастакоў у ВКЛ ХVІІІ ст.), якія мы прадставім вам пазней. Наступны нумар таксама плануецца падвоеным, за ягоны змест асабістую адказнасць нясе рэдактар — у выпуску йдзецца пра гісторыю архіўных і музейных калекцыяў, захаванне помнікаў мастацкай культуры, рукапісаў, кніг, музычных трактатаў ды іншыя блізкія тэмы. Нарэшце, апошні нумар 2003 г. будзе політэматычным — назавем гэта лацінскім тэрмінам varia. Наш чытач больш прызвычаены да такой будовы часопіса ў папярэднія гады, і мы хочам падтрымаць тых, хто, магчыма, засумаваў ад суцэльнай плыні тэматычных выпускаў. Зрэшты, мы схільныя раіцца наконт новых тэматычных ракурсаў выдання. Пішыце, дасылайце матэрыялы (асабліва будзем усцешаныя з’яўленнем новых імёнаў). Часам тэмы дыктуе жыццё — прыкладам, вельмі перспектыўным здаецца зварот да гісторыі фізічнай культуры і спорту Беларусі (складанай часткі агульнай культуры), асабліва ў святле таго, што ад нядаўняга часу нашая краіна зрабілася ўнікальнай дзяржавай у свеце, якою кіруе прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Спадзяемся, што смелы эксперымент дапаможа ўзняць узровень спартыўнага жыцця грамадзянаў Беларусі і адужаць хваробу, не ўласцівую нашаму культурнаму коду — паўсюднае штодзённае п’янства.
Што тычыцца арганізацыйных момантаў, то мусім давесці дзве важныя навіны. Першая, самая значная: у сувязі з тым, што наш партнёр “Белпошта” забыўся паставіць у чарговым падпісным каталозе кошты на выданне, рэдакцыя, адмовіўшыся ад ідэі мітусліва даводзіць падпісны кошт праз кожнае паасобку аддзяленне сувязі, вырашыла скарыстацца парадаю той жа “Белпошты” і часова праз Міністэрства інфармацыі ўнесці змены ў свой Статут — перайсці часова на выхад 4 разы на год. Такім чынам, тыя, хто падпісаў “Спадчыну” на першае паўгоддзе 2004 г., атрымаюць гадавую падпіску 2004 (праўда, 3 адзінарныя нумары звычайнага фармату). У падпісным каталозе 2005 г. “Спадчына” будзе прысутнічаць, хутчэй за ўсё, таксама як выданне квартальнае. Такім чынам рэдакцыя спадзяецца пазбавіцца прыкрай практыкі падвойваць нумары і нарэшце дагнаць час рэальнага календара. Мы ўсё ж прыхільнікі рэгулярнага чытання. І другая навіна — мы пашыраем склад рэдакцыйнай калегіі, дадаючы рэдакцыйную раду. Гэта крок, накіраваны на пашырэнне супрацоўніцтва часопіса з аўтарытэтнымі і знанымі навукоўцамі і грамадскімі дзеячамі, якія, як мы спадзяемся, падтрымаюць часопіс у яго памкненнях да дынамічнага развіцця на карысць справе росквіту беларускай культуры.
Яшчэ раз нагадаем, што ў Інтэрнэце “Спадчыну” можна чытаць:
http://kamunikat.net.iig.pl/spadczyna.htm
Аляксей ХАДЫКА
Тэма нумару
Спажывецкая культура
Алесь БЕЛЫ
Бадай, не трэба даказваць, што нават у нашай небагатай краіне разгортваецца няўхільны працэс «кансумерызацыі» грамадства (ад англ. consumer — «спажывец»). Традыцыйнае стаўленне да яго з боку інтэлігенцыі, выхаванай у савецкай, а больш глыбока — у руска-візантыйскай традыцыі, адназначна адмоўнае. «Бездухоўнасць» — самы бяскрыўдны і банальны эпітэт у бок гэтай «заходняй пошасці». Але калі ўсё ж паспрабаваць разважаць рацыянальна, дык давядзецца прызнаць, што «кансумерызацыя» — працэс непазбежны, і «змагацца» з ім — бессэнсоўна.
Лічыцца, што «кансумерызацыя» знішчае культуру. Больш дакладна — стварае пагрозу культуры, найперш праз неразборлівасць. Але культура, каб абараніць сябе ў новых умовах, можа дзейнічаць больш разважліва ды цярпліва. Трэба знаходзіць спосабы «ўбудавання» культуры ў спажыванне. Насамрэч выдзеліць «чыста духоўную» ці «чыста матэрыяльную» культуру немагчыма — сёння, як і рэтраспектыўна ў кожную мінулую эпоху. Нізкі ўзровень культуры ў Беларусі як «духоўнай», так і «матэрыяльнай», выяўляецца ў неразборлівасці, непатрабавальнасці да якасці жыцця, калі чалавеку (спажыўцу) усё роўна, у якім доме ён жыве, якую кілбасу-сыр-бульбу есць, якое віно-піва п’е, якія відовішчы глядзіць, дзе вучацца ягоныя дзеці і г.д. Новыя тэхналогіі апрацоўкі мазгоў праз масмедыя не спрыяюць выхаванню разборлівасці (= высокай культуры) — у гэтым сэнсе яны дзейнічаюць інстынктыўна-салідарна з ідэалагічным апаратам таталітарнай дзяржавы.
Калі прыняць, што спажыванне — не чыста фізіялагічны (біяхімічны) працэс і што ён так ці інакш вымагае разважання над спажывецкім прадуктам, дык высокай культуры трэба засяродзіцца на змесце гэтага разважання. Спажыванне прадуктаў з даўняй гістарычнай традыцыяй (сыр «Roquefort», гарбата «Twinings», піва «Paulaner» ці «Leffe» і г.д. — або Наваградскі рыцарскі фэст або Мюнхенскі “Oktoberfest”, традыцыйная беларуская батлейка і г.д., якія таксама можна разглядаць як спажывецкія прадукты) у людзей, якія гэтую традыцыю ўсведамляюць і культывуюць, адбываецца не толькі праз рэцэптары смаку, зроку і г.д., але і праз пэўныя культурныя асацыяцыі. Задача культуры — развіць і ўдасканаліць, «ашляхетніць» гэтыя асацыяцыі. Больш таго, спажыванне ў мностве выпадкаў можна спалучыць з творчасцю — яскравым прыкладам чаго служыць кулінарыя. Можна пыхліва-паблажліва ставіцца да захаплення хатніх гаспадынь той жа кулінарыяй, але калі гутарка ідзе пра ўзнаўленне нейкіх даўніх гістарычных страў, звязаных з пэўнымі падзеямі, вядомымі асобамі, — хіба ж гэта не творчасць і не культура?
Вядома, буйным транснацыянальным манаполіям, вытворчым і інфармацыйным, патрэбны іншы тып спажыўца — які кіруецца не свядомасцю, а рэфлексамі (загадзя сфармаванымі прафесіяналамі тэхналогіяў апрацоўкі масавай свядомасці). Такім спажыўцом (можна сказаць, такім грамадзянінам, калі разглядаць дзяржаўнае кіраванне як спецыфічную «паслугу») прасцей кіраваць, ён гарантуе ўстойлівы збыт прадукцыі, за якасць якой можна не клапаціцца.
У Беларусі амаль адсутнічаюць высокія стэрэатыпы спажывання, традыцыйныя прадукты, якія б культываваліся і ўдасканальваліся з пакалення ў пакаленне, якія б годна рэпрэзентавалі краіну, фармавалі яе твар. Няма больш «смаргонскіх абваранкаў», урэцкага ды налібоцкага шкла, «літоўскага» сыру, дзісенскага масла, свержанскага фаянсу, слуцкіх ды горадзенскіх паясоў і г.д. Густы, спажывецкія прыхільнасці нашых суграмадзянаў не маюць гістарычнай пераемнасці, маюць асацыятыўныя сувязі, самае даўняе, з савецкім мінулым, і ўсё часцей — «наваробы» іміджмэйкераў постмадэрнісцкай эпохі. Вядома, разбурэнне традыцыяў ідзе нават у такіх «моцных» краінах, як Англія, Францыя ці Італія — але, магчыма, для нас гэта гістарычны шанц? У нас усё так дрэнна, што можа быць толькі адносна лепш.
Спадзяемся, усё гэта — аргументы на карысць таго, што спажывецкія традыцыі, спажывецкую культуру Беларусі трэба вывучаць і перафармулёўваць нанава. Маем на ўвазе і гісторыю, і сучасны стан — а галоўнае, пошук пераемнасці паміж імі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |