|
Нізкi рынaк у Менску (1853 г.)
Нататкі Паўла Шпілеўскага 150-гадовай даўніны даюць досыць яскравае ўяўленне, наколькі тагачасны спажывецкі рынак Беларусі адрозніваўся ад агульнарасейскага. Трывалыя запатрабаванні спажыўцоў, абумоўленыя іх прыналежнасцю да некалькіх, істотна адрозных ад расейскай, культурных традыцый, якія стваралі попыт на экзатычныя, з сучаснага пункту гледжання, прадукты – не перажылі сацыяльных катаклізмаў апошніх паўтара стагоддзяў. Вобразы-здані зніклага менскага рынку сведчаць: культура, не ўвасобленая ў спажывецкіх шаблонах, не можа быць здольнай да самастойнага існавання і непазбежна расчыняецца ў суседніх, не абавязкова больш дасканалых, культурах.
У памяць замка захавалася назва вуліцы Замкавай: яна ідзе ад Свіслачы ўздоўж Нізкага рынку і, пераразаючы вуліцу Ракаўскую ля гэбрайскай школы, упіраецца ў падэшву гары Высокага рынку і тым быццам вызначае межы старога гораду. Вуліца гэтая даволі брудная і населена пераважна цэхавымі мяшчанамі, нібы ў напамін аб правах старажытнага Мінска, выдадзеных у замку; ёсць тут і жыды, дробныя гандляры: яны маюць сякія-такія крамкі, напоўненыя гаршкамі, драўляным посудам, казіным сырам, маслам, малаком і дзёгцем: не здзіўляйцеся — у некаторых крамках усё гэта прадаецца разам. Паблізу Замкавай вуліцы ёсць так званы Смачны куток (Вкусный угол), нешта накшталт абжорнага рада, дзе за пяць капеек срэбрам частуюць крупнікам (супам з круп) і кавалкам ялавічыны, таксама калдунамі (пірменямі) і валовай пячонкай.
Да помнікаў даўніны Ніжняга рынку, гэта значыць, старажытнага Мінска, належыць Няміжская вуліца, якая атрымала назву ад ракі Нямігі, што некалі існавала ў цяперашніх яе межах, пра якую згадваецца апошні раз у актах XVII ст. Па нейкіх таямніцах прыроды рэчышча гэтай ракі высахла і цяпер нагадвае пра сябе часам вясной, у перыяд раставання снегу і моцных дажджоў. Памятаю, як не раз мне даводзілася бачыць Нямігу, якая з’яўлялася ў Няміжскай вуліцы на некалькі дзён і потым зноў знікала: пачынаючы ад Феліцыянскай і Раманаўскай вуліц, уздоўж Рыбнага рынку ўтвараецца імклівы паток і нясе свае воды ў Свіслач паблізу Замчышча. Паколькі паток гэты бывае часам даволі вялікі, дык для пераправы праз яго ладзяцца масткі; аднак хуткая вада зносіць масткі ў той жа дзень, як іх пакладуць, і тады даводзіцца пераязджаць у наёмных рамізніцкіх калясках (накшталт венскіх gelendwagen), так званых герцумеролікаў... якія налятаюць да берагоў Новай Нямігі ў незлічонай колькасці і збіраюць з седакоў капейкі за перавоз.
Што ж такое Нізкі рынак у старым Менску?
Пад імем Нізкага рынку разумеецца ўласна невялікая квадратная, брудная плошча, якая ніколі не высыхае (бо тут раней былі балоты, і цяпер яны прасочваюцца на паверхню плошчы, нягледзячы на тое, што плошча выбрукавана каменем), абрамленая незлічонымі шкапікамі, то бок крамкамі, якія складаюць чатыры суцэльныя сценкі з некалькімі ўваходамі; шкапікі гэтыя на некаторай адлегласці ад свайго падмурку пакрытыя бляшаным дахам, прымацаваным да слупкоў і парэнчаў. Гэта мінскі кірмаш. На шкапіках сядзяць розныя гандляркі ды гандляры з харчамі: на першым плане, проста насупраць Бернардзінскай вуліцы, убачыце некалькіх жыдовак, якія гандлююць збітнем, але збітнем беларускім, мінскім, прыгатаваным з бярозавага лісця, аеру, ліпавага цвету і патакі; збіцень кіпяціцца ў вялізных, не надта прыгожых самаварах і разліваецца ў кубкі са сподачкамі. Побач са збіценшчыцамі месцяцца булачніцы, або, правільней, пекаркі, з абаранкамі поснымі і маслянымі (на яйках), сітніцамі (кісла-салодкі хлеб), крэндзелямі, булкамі, сухарамі і куханамі (асаблівага гатунку белы хлеб накшталт бліноў), усіх магчымых гатункаў: з каровіным маслам, кменам, чарнушкай, алеем і нават з цыбуляй. На другім плане, насупраць мосту, знойдзеце розныя крупы і соль, далей — вэнджанае свіное сала, здор (свіная плеўка з тлушчам, што ўжываецца паміж простанароддзя замест каровінага масла), шынку, каўбасы (вельмі смачныя, адзначу мімаходзь), сальцісоны і бітую дзічыну. Трэцяя сценка кірмашу, што насупраць жыдоўскіх корчмаў, уся заваленая скрынкамі і мяшкамі з рознай мукой, соллю і чорным хлебам. Нарэшце, з чацвёртага боку, шкапікі кірмашу застаўлены бачуркамі з селядцамі і селядцовай юшкай (селядцовы лёк — гэбрайскі ласунак); большая частка селядцоў парэзана на дробныя кавалачкі, якія прадаюцца па грашах; каля селядцоў, на драўляных кружках, валяюцца скрылі сыру і смажанай рыбы; па суседству з імі ў скрыначках прыкрыты гарачыя піражкі з варэннем, ватрушкі, таўкачыкі (грэцкія булачкі) і картафляшкі (піражкі з бульбы з макам). Але сказанае мной дасюль датычыцца толькі шкапікаў, або сценак кірмашу; унутранасць жа кірмашу мае сваю фізіяномію. Уся нутраная пляцоўка напоўнена незлічонымі разнароднымі лаўкамі, лавачкамі, крэсламі, сталамі, кошыкамі і клеткамі, якімі загадваюць выключна жыдоўкі. Найперш кідаюцца ў вочы рады лавак з ночвамі (драўляныя жалабы), напоўненымі яйкамі, арэхамі і цыбуляй; далей — краткі і кошыкі з курамі і куранятамі, гусямі ды індычкамі. Нарэшце, за імі стаяць рады з палатном, кашулямі і ўвогуле з гатовай бялізнай... Усё гэта на пляцоўцы кірмашу — уласнасць жыдовак! Заўважце, жыдовак: яны сядзяць тут з ранку да вечара, тут яны і ядуць, і шыюць свае сукенкі, і вяжуць панчохі, і цыруюць рознае рыззё абадранцаў — дзяцей сваіх, якія нярэдка спяць тут жа на бруку на каленях мацярок; пры кожнай з іх улетку і ўзімку каля ног стаіць гліняны гаршчок з гарачым вуголлем. На гэтай пляцоўцы, калі вы ні прыйдзеце (акрамя суботы), заўсёды пачуеце крык, шум і лаянку гандлярак, заўсёды ўбачыце бруд, заўсёды заўважыце шмат народу. Тое ж самае ўбачыце і пачуеце вакол усяго кірмашу, дзе таксама адбываецца дробны гандаль крупамі, гарохам, бабамі, насеннем, лістовым тытунём і мінскімі цыгарамі, канатамі, ніткамі, вапнай, крэйдай, цвікамі, гаршкамі, жалезам і рознымі сухімі бальзамічнымі зёлкамі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |