|
Марцін Святы — губіцель гагаты
Алесь БЕЛЫ (Менск)
10 лістапада ўвечары жыхары самай паўднёвай шведскай правінцыі Сконэ збіраюцца на вечарыны ў рэстаранах ці дома ў сяброў, каб адсвяткаваць канун Дня Святога Марціна. Традыцыя, закладзеная яшчэ ў тыя даўнія часы, калі Швецыя была каталіцкай краінай, — больш за 500 гадоў таму, але захаваная і ў лютэранстве.
Меню свята абавязкова ўключае ў сябе печаную ці смажаную гусь а таксама густы востры кісла-салодкі «чорны суп» (svartsoppa) з гусіных вантробаў ды гусінай (часам свіной) крыві. Усё гэта заядаецца яблычным пірагом (spettekaka) амаль метровай вышыні, на які выдаткоўваецца неверагодная колькасць цукру ды яечных жаўткоў. Невыпадкова старадаўні звычай гэтак папулярны менавіта ў Сконэ, дзе жыве і пасвіцца большасць шведскіх гусей. Але паўтара стагоддзя таму, у 1850-х гг., традыцыю, тады амаль забытую, ці, прынамсі, непрэстыжную, ажывілі інтэлектуалы Стакгольма. Адраджэнне нашай нацыянальнай гусінай міфалогіі, відаць, яшчэ чакае сваёй чаргі — бо прыкладна ў cярэдзіне ХІХ ст. у нас пра марцінову гусь толькі пачалі забывацца...
Дзень Святога Марціна, які каталіцкі касцёл святкуе 11 лістапада, быў калісьці адным з самых прыкметных у каталіцкім календары (урачыстасці ў ягоны гонар доўжыліся тры дні, з 10-га па 12-е), а сам Марцін — адным з самых улюбёных святых з агульнаеўрапейскім культам. Калі Беларусь была інтэгральнай часткай заходняга свету, гэты культ быў пашыраны і ў нас.
З даўніх часоў на Дзень Святога Марціна прынята рэзаць гусей ды адзначаць свята рознымі стравамі, асабліва печанай (ці смажанай) гуссю – “птушкай Марціна” (avis Martini). У славянаў-каталікоў — палякаў, чэхаў, славакаў, харватаў і славенцаў патрон гусей — Св. Марцін. У Харватыі на Марціна гусей не рэжуць, але пачынаюць адкормліваць да каляднага стала. Беларусам-каталікам гэтая традыцыя не чужая. Захавалася некалькі беларускіх прыказак на гэты конт. Самая вядомая з іх: Марцін Святы — губіцель гагаты1.
Марцін, адзін з самых славутых святых Рымскага касцёлу, нарадзіўся каля 316—317 гг. у рымскай правінцыі Панонія (сучасная Венгрыя). Ягоны бацька быў легіянерам, даслужыўся да пасады трыбуна і заставаўся перакананым прыхільнікам паганства. Таму свядома назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны. Kалі пазней бацьку перавялі служыць у італьянскую Павію, Марцін пазнаёміўся з тамтэйшымі хрысціянамі і стаў катэхуменам, але да хросту не дайшло, бо тамтэйшы біскуп папросту баяўся хрысціць 10-гадовага хлапчука, каб не наразіць на сябе гнеў уплывовага бацькі. Толькі больш як праз 10 гадоў здарыўся выпадак, які канчаткова вызначыў выбар Марціна, на той час ужо легіянера. У 338 г., падчас побыту ў гарнізоне Ам’ена, ён у лютую зімовую сцюжу спаткаў жабрака і аддаў яму палову свайго плашча. Уначы ён сасніў Хрыста, апранутага ў ягоны плашч, які казаў анёлам: «Глядзіце, як мяне Марцін-катэхумен апрануў!» Вясной 339 г., на Вялікдзень, як было тады прынята, Марцін хрысціўся. Пасля звальнення з вайсковае службы Марцін з некалькімі таварышамі заклаў першую пустэльню ў Галіі (360), зрабіўшыся пачынальнікам гальскага (пазней французскага) манаства, і хутка слава пра ягонае святое жыццё разнеслася i па захадзе, і па ўсходзе Рымскай імперыі.
Святы Марцін памёр 8 лістапада 397 г. у заснаваным ім кляштары Мармуцье за 14 км ад Тура, а праз тры дні яго цела перавезлі Луарай у Тур і урачыста пахавалі — таму дзень ягонай памяці святкуюць менавіта 11 лістапада. З цягам часу ён быў абвешчаны святым патронам Францыі. Каля 700 населеных пунктаў Францыі, а таксама больш за 3600 французскіх парафіяў носяць ягонае імя. У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых шанаваных святых, якому было прысвечана больш за 200 касцёлаў (большая частка гэтых парафіяў, прынамсі ў Польшчы, захавалася да нашых дзён). Шмат стагоддзяў ягоны дзень быў абавязковым касцельным святам. Найбольш гарлівыя каталікі ў Рэчы Паспалітай распачыналі Адвэнт, як аналаг 40-дзённага посту перад Вялікаднем, адразу па Св. Марціну, 12 лістапада. У палякаў налічваецца да 44 прыказак і прымавак, звязаных з гэтым днём. Найбольш іх назбіраў Юльян Крыжаноўскі3.
Адкуль такая трывалая сувязь Марціна з гусямі? У 371 г. памёр біскуп гальскага г. Тура. Святары й цывільныя вернікі прагнулі бачыць на турскай катэдры менавіта Марціна, але ён не хацеў пакідаць свой прыстанак. Тады прыхільнікі ўжылі падман. Адзін з паважаных грамадзянаў Тура папрасіў, каб Марцін, які славіўся цудоўнымі ацаленнямі, адведаў ягоную хворую жонку. Заманіўшы пустэльніка да сябе пад такім годным прэтэкстам, турскія мяшчане гвалтам зацягнулі яго ў катэдру і пакорна-настойліва ўпрасілі, каб прыняў годнасць біскупа. Пасля доўгіх намоваў ён урэшце пагадзіўся і 4 ліпеня 371 г. быў высвечаны на біскупа Тура.
Папулярная традыцыя сцвярджае, што Марцін спачатку здолеў уцячы ад сваіх надакучлівых прыхільнікаў і схавацца ў гусятніку, але колішнія выратавальнікі Рыма выдалі яго сваім гергетаннем. Таму першым учынкам разгневанага пустэльніка на новай пасадзе быў нібыта загад засмажыць адну са «здрадніц». Паводле іншай легенды, гусі аднойчы перапынілі казанне Марціна, чым і наразілі ягоны гнеў. Афіцыйная каталіцкая агіяграфія на гэты конт маўчыць — сапраўды, такі імпульсіўны ды помслівы учынак дрэнна стасуецца з хрысціянскай разважнасцю ды стрыманасцю. Хутчэй за ўсё, гэтая легенда паўстала значна пазней за рэальныя падзеі, праз шмат гадоў па смерці святога. Але ж на чымсьці такое трывалае атаясамліванне Марціна з гусямі мусіць грунтавацца? Мо справа ў тым, што гусі лічыліся ў рымлянаў свяшчэннымі птушкамі Марса, у гонар якога і быў названы будучы святы? На біскупскай пасадзе Марцін праявіў сябе бескампрамісным змагаром з паганствам, руйнуючы капішчы паганскіх багоў і усяляк выкараняючы старыя вераванні. Ці не сімвалізуе прыпісаная яму нянавісць да гусей свядомае ды паслядоўнае адрачэнне ад рымскага паганства, ад традыцыі, у якой намагаліся яго выхаваць бацькі — якіх Марціну, дарэчы, незадоўга да іх смерці ўдалося схіліць да хросту?
Зрэшты, агульнаеўрапейская традыцыя забіваць гусей у першай палове лістапада склалася задоўга да ІV ст., а потым толькі была афіцыйна прызнаная хрысціянствам і «прымацаваная» да дня найбольш прыкметнага святога. Разнастайныя марціновыя рытуалы найбольш пашыраныя ў германскіх народаў, і, здаецца, свята Марціна наклалася на колішняе паганскае, магчыма, прысвечанае Одыну4. Але і гэтае вельмі старажытнае свята мела свае эканамічныя ды кліматычныя падставы. Гусі робяцца найбольш тлустымі менавіта на пачатку лістапада — далей зіма ўжо не дае ім назапашваць тлушч. Дакладней, корму бракуе, каб пракарміць зімой усіх птушак, таму лішніх забіваюць.
Свежая гусяціна — толька адна з прыкметаў гэтага першага зімовага свята, хоць, бадай, самая яскравая. У італьянцаў, іспанцаў, бельгійцаў, швайцарцаў Марцін атаясамліваўся таксама і з заканчэннем вінаградарскага сезону, таму віно новага ўраджаю было абавязковай часткай пачастунку5. Нават у Польшчы, не самай багатай на віно краіне, гэтая традыцыя была калісьці адчувальнай, як сведчыць прыказка: Wesele Marcina, gęś i dzban wina. У некаторых краінах на Марціна Дзень раскладалі рытуальныя вогнішчы, запальвалі свечкі — каб лягчэй пратрываць цёмную зіму6, якую адлiчвалi з гэтага дня.
Марцін падводзіў вынікі гаспадарчага году. У гэты дзень па ўсёй Еўропе разлічваліся са старымі даўгамі, сплочвалі розныя падаткі, наймалі на новы тэрмін працаўнікоў7. Паступова гэты заходні звычай распаўсюдзіўся і на Рэч Паспалітую8. Напрыклад, надаючы ў 1586 г. Магдэбургскае права Нясвіжу, Стэфан Баторы вызначыў, што справаздачу перад гаспадаром і гараджанамі пра даходы і выдаткі магістрат мусіць трымаць на Св. Марціна.
У Вялікім Княстве Літоўскім, калі там яшчэ панавала старажытнаруская даўніна, гусі былі абавязковай часткай «дзякла», штогадовай натуральнай даніны. «Устава на валокі» (1557) вызначыла яе традыцыйную норму ў дзяржаўных маёнтках — 1 гусь з аднае валокі (21,36 га): «С кождое волоки всякого кгрунту мають давати гусь альбо полтора грошa»9. У прыватных маёнтках гэтая звычайная норма таксама пратрымалася некалькі стагоддзяў10. Трохполле, якое прадпісвалася валочнай сістэмай, стварала спрыяльныя ўмовы для гадоўлі гусей, бо трэцяя частка зямлі выдзялялася пад папар.
Па грудной костцы печанай марціновай гусі гадалі пра будучую зіму. Напрыклад, пляма ў сярэдзіне косткі азначала, што зіма не будзе ранняй, белая костка прадказвала сухую і ўстойлівую зіму або снежную ды марозную, плямістая — няўстойлівую, цёмная — вільготную, слотную, мяккую, рабая — снежную, завейную11. Гадалі пра надвор’е і па палёце дзікіх гусей (біскуп турскі лічыцца патронам усіх пералётных птушак), і па надвор’і ўласна Марціновага дня. У Мінскай губ. у 1860-я гг. зафіксаваная прыкмета: Марцінова гусь па вадзе — Божае Нараджэнне на лядзе (г.зн., калі на Марціна рэкі яшчэ не замерзлі, на Божае Нараджэнне трэба чакаць моцных маразоў)12. І наадварот: калі на Марціна гусь выйдзе на лёд, то, бадай, будзе яшчэ плаваць па вадзе на Божае Нараджэнне. Аналагічныя прыказкі ды прыкметы існуюць у палякаў ды ўкраінцаў — сведчанне пра наша агульнае гістарычнае мінулае13. Гадалі на Марціна не толькі пра зіму, але і пра будучае лета...
Сухая рэшта лета, дажджлівая восень, суровыя маразы, неглыбокі снег, позняя вясна — усё гэта радуе ці маркоціць сэрца беларуса, узбуджае ягоную ўяву і служыць тэмай бясконцых размоў накшталт наступных: «Калі гусі дзікія і іншыя пташкі рана ляцяць у вырай нізка, то значыць: хутка будзе зіма. Калі на Марціна дождж, то будзе мокрае лета...14.
Апроч іншага, біскуп турскі лічыўся яшчэ і патронам млынароў. На ягоны дзень заканчвалася праца на вадзяных млынах, тым больш што замярзалі рэкі. Тым, хто наважваўся працаваць на свята, Марцін нібыта мог адпомсціць — пераламаць пальцы або, прынамсі, млынавыя колы15. У Ашмянскім павеце ў ХІХ ст. млынары адзначалі свята гарэлкай, на каменным млынавым коле16.
З Марцінавага дня пачынаецца зіма17 — сцвярджае яшчэ адна забытая беларуская прыказка-прыкмета. (Падобная польская — Od Świętego Marcina zima się poczyna — вядомая прынамсі з XVI ст.18.) Адсюль і старадаўні дзіцячы вершык:
Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне свінню,
Бо зіма падходзіць,
Свіння боса ходзіць
Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне кота,
А калі не ўмееш —
Прывяжы да плота19.
Наша даўняя кулінарыя ведала нямала страваў з гусяціны. Любілі найбольш гусь, засмажаную ці запечаную цалкам — адну з разнастайнасцяў «пячыстага»20. Аўтар «Прамовы Мялешкі», уздыхаючы пра незваротна страчаныя далюблінскія часы, прыгадвае: добрая была гуска з грыбкамі, кашка з перчыкам. Але насамрэч вестэрнізацыя ХVІІ ст. гусцы з грыбкамі нічым не пагражала. Енджэй Кітовіч, галоўны сведка звычаяў і густаў саскай эпохі, згадвае тагачасны дэлікатэс: гусяціна, вараная са смятанай і з дробна парэзанымі сушанымі грыбамі, ячнай кашай засыпаная.
Што
гуска з грыбкамі яшчэ доўга
ўспрымалася як наша нацыянальная
страва, сведчыць Альгерд Абуховіч,
прыгадваючы парыжскае здарэнне каля 1860
г. — таксама на пачатку лістапада, хоць
не на Марціна, а на Дзяды: «Было гэта ў
Францыі, з паміж маладзёжы я адзін быў з
Беларусі, дык злажыўся праект, што я
павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча
на гэта прыстаў я і выступіў з
пачастункам. Былі пячоныя гусі з
грыбкамі, а замест крупніку — добра
запраўленае le vin chaud»21.
Яшчэ адна згаданая Кітовічам страва саскіх часоў, гусь «па-чорнаму», вымагала б ад сучаснага спажыўца пэўнай мужнасці: «Чорная гусь, якую ў меншых паноў гатавалі так: кухар паліў на попел вехаць саломы, выцягнутай, калі не было чыстай, у поспеху з ботаў, дадаваў да гэтага лыжку або больш свежага мёду, даліваў да ўсяго паводле патрэбы якога моцнага воцату, мяшаў з той спаленай саломай, засыпаў перцам і імбірам — і тады ўся гусь рабілася чорнай; гэту страву вельмі любілі і падавалі ў час самых пышных банкетаў»22.
Бацькі аддалі яго, малога, у школу Нясвіжскага дамініканскага кляштара. Там манахі ўпіхвалі ў дзіцячыя галовы, як кашу ў гусь, мудрасці лаціны, матэматыкі, фізікі, рыторыкі... В.Місявічус. Мядзведжая акадэмія.
Не ўсіх птушак, забітых на Марціна, з’ядалі адразу. З адных вытаплівалі тлушч (шмалец), які асабліва цанілі гэбраі23, з іншых рабілі паўгусак — аддзялялі мяса ад грудкі, завівалі ў цесны рулон, шнуравалі і вэндзілі. Такая «кансерва» захоўвалася досыць доўга і лічылася дасканалай закускай да гарэлкі24. Гусіную кроў, гэтак неабходную для шведскага чорнага супу svartsoppa, а калісьці і для нашай поліўкі, а таксама для соўсу да гусіных вантробкаў — таксама збіралі. Каб не згарнулася, яе змешвалі з соллю, а перад тым як уліць у булён, дадавалі муку ды сухары25. Рабілі кішкі з гусіных пячонак — адмысловую, вельмі смачную каўбасу26, якую сёння наўрад ці дзе пакаштуеш. На Віцебшчыне, як адзначалі этнографы П.Шэйн і М.Нікіфароўскі, вельмі папулярным калісьці быў студзень, прыгатаваны з гусіных галоў, ног і крылаў27. А паштэты з гусінай пячонкі, а пух на падушкі, а гусіныя пёры, якія захавалі для нас столькі думак і ўражанняў даўно мінулых часоў... Мела рацыю славутая літоўская гаспадыня Ганна Цюндзявіцкая, калі з захапленнем пісала: «Гусь — адна з самых вартых свойскіх птушак. Усё ад яе прыдатна для выкарыстання чалавекам — пух, пер’е, мяса, тлушч, вантробы, усё прыносіць нам выгаду»28. Мо не варта надта іранічна ставіцца да сакраментальнага выказвання Панікоўскага: «Гусь — узнёслая, высакародная птушка!».
На малацэ крупеню густу
Дае ўволю, толькі еш.
І з пастаялкай жур сцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны смажонай
Уволю ўсім багом было.
Вэнджанымі паўгускамі славілася старадаўняя Літва (і Беларусь, вядома). «Смажанай паўгускі, язык халодны, скрылікі агузка» — абавязковы набор вэнджаніны на сняданне, увекавечаны ў «Пане Тадэвушу». Эмігрантам, якія былі вымушаныя пакінуць край пад уціскам чужой улады, літоўскія паўгускі здаваліся адным з сімвалаў страчанай Радзімы, прадметам нацыянальнага гонару, якім з годнасцю частавалі іншаземцаў. Ю.Немцэвіч настальгічна прыгадваў у выгнанні святочны «крупнік з паўгускамі...»29. Наша легендарная верашчака, прынамсі, у адным з варыянтаў, уяўляла сабою густы суп з кілбасой, паўгускамі ды абавязковай ячнай кашай30. У 1809 г. у сталіцы створанага Напалеонам Варшаўскага герцагства, куды збіраліся з усіх бакоў «недабітыя» патрыёты Рэчы Паспалітай, каб яшчэ раз паспрабаваць вярнуць забраны край, князёўна Гелена Радзівілаўна трактавала гасцей традыцыйным «вясковым» снеданнем, якое на яе замову падавалі па чарзе пяць славутых варшаўскіх рэстарацыяў. Славутыя літоўскія паўгускі былі «цвіком» праграмы ў адной з іх, «Добрых лікёрах»31.
Зрэшты, у ХІХ ст. пачало распаўсюджвацца меркаванне, што стравы з гусяціны — ежа, бадай, прасцяцкая, хатняя, непрыдатная для раскошных арыстакратычных прыёмаў. «На ніякім абедзе выстаўным гусь месца мець не можа», — катэгарычна сцвярджаў адзін са снобаў пазамінулага стагоддзя32. Ці не на першую палову ХІХ ст. прыпадае заняпад попыту на птушку Св. Марціна?
Нa паўгусак трэба гусей добра адкарміць. Звычайна для гэтага ўжываюць гарох, грэцкіх круп, авёс, кукурузу ці боб, а найхутчэй гусь таўсцее ад клёцак з розных гатункаў мукі, разведзенай вадой або малаком. Жадаючы, каб гусі мелі вялікую пячонку, трэба ім корм добра саліць, а таксама гарох змочваць папярэдне ў салёнай вадзе. Чыстай вады ніколі не павінна гусям бракаваць, таксама добра даваць ім калі-некалі вугаль, сцёрты ў парашок, што запабягае гніенню коруа ў страўніку. Калі гусі пачынаюць задыхацца, трэба пакінуць іх карміць, бо тлушч можа іх задушыць. Забіўшы і абскубаўшы гусь, адняць вантробы, хрыбет i cцёгны, выразаць грудзi, як мага больш збіраючы мяса, нацерці моцна соллю з салетрай, беручы на 10 паўгусак фунт солі і лют салетры. Пасля належнага націрання соллю з абодвух бакоў, скласці паўгусак у драўлянае начынне, перасыпаючы соллю і карэннямі: ядлоўцам, перцам простым і ангельскім ды размарынам, прыкрыць вечкам i прыціснуць кaменем. Так паўгускі мусяць ляжаць не даўжэй за тыдзень, а па праміненні гэтага часу іх трэба абгарнуць паперай і вэндзіць 2 дні. Заміж паперы можна паўгускі проста з солі абваляць у пшанічным вотруб’і, а затым увэндзіць у лёгкім агні. Такім чынам вырабленыя паўгускі ядуць без далейшай апрацоўкі33.
I птушкi ў небяспецы — вось гусей грамады,
Нашчадкi тых, што ратавалi Рым ад здрады,
Дарэмна гагаюць, iх крык людзей не ўзрушыць.
Ўварваўся Конаўка ў катух, адных з iх душыць,
Другiх за пояс затыкае, цягне, глушыць.
Надарма гускi б’юцца, шыi выгiнаюць,
А гусакi шыпяць i ворага шчыпаюць,
Бяжыць ён цераз двор, акрыты светлым пухам,
Зусiм як несены гусiных крылляў рухам,
Як быццам стаў дамавiком — крылатым духам.
На момант скасавання прыгону гадоўля гусей не была надта пашырана ў сялянскіх гаспадарках Беларусі. Ды і елі птушынае мяса досыць рэдка. «Птушкаводства не было значнай галіной гаспадаркі, бо віцкаўцы мелі толькі курэй і вельмі рэдка — гусей, качак і цацарак», — згадвае М.Улашчык34.
З хатніх птушак сяляне трымаюць кур — ад 3 да 15, іншыя трымаюць і гусей ад 3 да 7, якія звычайна выводзяць ад 14 да 60 гусянятаў. Увосень жа іх усіх прадаюць... Птушыным мясам сяляне звычайна не карыстаюцца для свайго стала, выключаючы толькі тыя выпадкі, дзе таго патрабуе ўсталяваны знакону рэлігійны абрад. Так, напрыклад, на засеўкі ці дасеўкі жыта яны да абеду абавязкова зарэжуць пеўня ці гусака. А апроч падобных выпадкаў сяляне нашы ні за што не наважацца зарэзаць курыцу ці кураня, нават падчас сур’ёзнай хваробы...35.
Але аграрны крызіс канца ХІХ ст. узмацніў развіццё сялянскай птушкагадоўлі ў Беларусі, як і на ўсім захадзе Расійскай імперыі (асабліва ў Літве). Самай папулярнай, бо найбольш эканамічна выгаднай, была менавіта гадоўля гусей, якія пераважна вывозіліся ў Германію36 (часам іх гналі ўвосень ва Ўсходнюю Прусію сваёй хадой). Нашы паўночныя суседзі, літоўцы, за часы міжваеннай незалежнасці зазналі сапраўдны «гусіны бум». У 1933—1937 гг. у Літве (без Віленскага краю) было ў сярэднім 500 000 дарослых гусей, з якіх 272 000 прызначаліся выключна для рынку37. У Літве яшчэ памятаюць, як падчас Вялікай дэпрэсіі 1929—1933 гг. урад загадаў частку зарплаты чыноўнікам плаціць гусямі, каб падтрымаць сельскую гаспадарку. Хрушчоўскі ўрад, наадварот, за 1960—1970 гг. амаль звёў гусінае пагалоўе. Гэта пры тым, што ў паваенным Савецкім Саюзе літоўскія гусі мелі вельмі высокую «рэпутацыю». Яшчэ ў канцы ХІХ — пач. ХХ ст. сфармаваліся дзве пароды літоўскіх гусей: «чародныя» (pulkinės) і «курыныя» (vištinės). Апошнія былі больш пашыраныя дзеля большай вагі ды хутчэйшай гадоўлі. «Курыныя» паходзяць ад «чародных», скрыжаваных з усходнепрускімі, часткова — з эмдэнскімі ды памеранскімі38. Відаць, тыя самыя пароды разводзілі на мяжы ХІХ—ХХ стст. і ў нас, прынамсі на паўночным захадзе, бо тады яшчэ наша з літоўцамі гаспадарка ўяўляла сабою адзіны арганізм. Нават беларускае слова «гергетанне» — літоўскага паходжання...
Аматары нашай старадаўняй кухні, якія хочуць уваскрасіць былыя стравы, могуць пачаць хоць бы з рэцэптаў, сабраных у «Старадаўняй беларускай кухні» Г.Тычкі і Э.Зайкоўскага. Шмат якія са згаданых там страваў уваходзілі ў меню на Дзень Св. Марціна, у тым ліку і гусіныя вантробы з чорным соўсам (або, напрыклад, са слівовым), гэтак папулярныя ў польскіх, шведскіх ды іншых гурманаў39.
Стары добры, з недасяжных дарасейска-дасавецкіх часоў, дашчэнту забыты фэст: гусь на Марціна. Традыцыя, за апошнія паўтара стагоддзя цалкам сцёртая з памяці субсідаванымі Генштабам Расійскай імперыі этнографамі, метадыстамі-арганізатарамі афіцыёзных народна-савецкіх святаў ды марксісцкімі этнакультуролагамі нашага часу. Усе элементы нашай культуры, што маюць лацінскае паходжанне, усё, што нагадвала пра нашу лучнасць з заходнім (асабліва з заходнеславянскім) светам, знішчалася бязлітасна, паслядоўна і мэтанакіравана, і дасёння да гэтага «падступнага» лацінства ставяцца, сама меней, падазрона. Апошняе стагоддзе, здаецца, усе, ад каго гэта залежала, адзінадушна імкнуліся накіраваць развіццё беларускай культуры не па «фламандскім», а па «папуаскім» шляху.
Калі б уяўны эксперыментатар прымусіў нас жыць толькі тым, што ў нас «нацыянальнае», і фантастычным спосабам ампутаваў у шараговага француза ўсе звычкі, думкі і пачуцці, нададзеныя яму іншымі народамі кантынента, вынік быў бы жахлівы. Выявілася б, што небараку няма чым жыць, што ўвесь яго ўнутраны здабытак на чатыры пятых складаецца з безгаспадарнага еўрапейскага скарбу.
Х. Артега-і-Гасэт. Паўстанне масаў.
У сённяшнім амаль 2-мільённым Менску гусь вельмі цяжка купіць у любы сезон. Зрэшты, сучаснаму падарожніку па захадзе краіны мусяць кінуцца ў вока чароды свойскіх гусей — абавязковы элемент ландшафту. Дзяржаўныя птушкафабрыкі не разводзяць марціновых птушак, не цікавяцца імі і буйныя імпарцёры «ножак Буша», то ніша гэтая сёння, як і 100 гадоў таму, вольная для выяўлення прыватнай ініцыятывы.
Фэсты, што надаюць структуру хаатычнай плыні часу, патрабуюць чыіхсьці высілкаў. Калі яны нязмушаныя ды арганічныя — валанцёраў-энтузіястаў, якія ў арганізацыйных клопатах выяўляюць сваю індывідуальнасць і сцвярджаюць годнасць нацыянальнай культуры. То чым наша (агульная з палякамі ды іншымі заходнімі славянамі, а таксама са шведамі, венграмі, швайцарцамі, немцамі, аўстрыйцамі, латышамі, эстонцамі) марцінова гусь горшая за амерыканскую індычку на Дзень Удзячнасці?
ЗАЎВАГІ
1 Ляцкий Е. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. — М., 1898. — C. 20; Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Скл. Ф.Янкоўскі. — Мн., 1992. — С. 87; Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мн., 1993. — С. 174.
2 Андрэй Шпунт. Рэлігійныя гарадскія гербы Беларусі // Наша Вера, № 2(20)/2002, с. 69; Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской. Вып. 17. — Витебск, 1888. — С. 100.
3 Krzyżanowski J. Św. Marcin i gęsi // Mądrej głowie dość dwie słowie. T. I. — Warszawa, 1994. — S. 385—387.
4 Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. ХІХ — начало ХХ в. Зимние праздники. — М., 1977. — С. 68, 139, 180, 192.
5 Тамсама. С. 18, 54, 71, 180.
6 Тамсама. С. 69.
7 Тамсама. С. 162, 179.
8 Bystron J.S. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. Wiek XVI—XVIII. Т. 2. — Warszawa, 1994. — S. 66.
9 Устава на волоки. — Юрьев, 1913. — С. 13.
10 Лойка П. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ—ХVІІІ ст. — Мн., 1991. — С. 43—45, 83 ды інш.
11 Гура А. Символика животных в славянской народной традиции. М., 1997.
12 Зеленский И. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Минская губерния. Ч. I. — СПб., 1864. — С. 343.
13 Гура А. Гусь // Славянские древности. Этнолингвистический словарь. Т. 1. — М., 1995. — С. 573. Аналагічная польская прыказка: Gdy Marcinowa gęś po wodzie, Boże Narodzenie po lodzie.
14 Шейн П. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.1. — СПб, 1887. — С. 245.
15 Bystron J.S. Dzieje obyczajów… T. 2. S. 67.
16 Берман И. Календарь по народным преданиям в Воложинском приходе, Виленской губ., Ошмянского у. — СПб., 1874. — С. 28.
17 Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мн., 1993. — С. 180.
18 Bystron J.S. Dzieje obyczajów… T. 2. S. 66.
19 Ішоў Бай па сцяне. У дапамогу педагогам-выхавальнікам. — Мн., 1995. — С. 26.
20 Похлебкин В. Национальные кухни наших народов. Основные кулинарные направления, их история и особенности, рецептура. — М., 1990. — С. 188-189; Шейн П. Материалы для изучения... Т. 3. — СПб., 1902. — С. 34.
21 Абуховіч А. Творы. — Мн., 1991. — С. 47. le vin chaud — грэтае віно.
22 Kitowicz J. Opis obyczajów za panowania Augusta III. — Warszawa, 1985. — S. 226.
23 Шейн П. Материалы для изучения... Т. 3. С. 38; Літоўская гаспадыня. — Мн., 1993. — С. 109.
24 Kowecka E. W salonie i w kuchni. — Warszawa, 1989. — S. 131—132; Литовская кухня. — Мн., 1991. — C. 199.
25 Зайкоўскі Э., Тычка Г. Старадаўняя беларуская кухня. — Мн., 1995. — С. 68—69.
26 Літоўская гаспадыня. С. 128.
27 Никифоровский Н. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. — Витебск, 1895. — С. 25; Шейн П. Материалы для изучения... Т. 3. С. 34; Навагродскі Т. Традыцыі народнага харчавання беларусаў. — Мн., 2000. — С. 32.
28 Літоўская гаспадыня. С. 101.
29 Kuchowicz Z. Obyczaje staropolskie XVII—XVIII w. — Lоdź, 1975. — S. 20; Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ ст. — Мн., 2001. — С. 352.
30 Kowecka E. W salonie i w kuchni. — Warszawa, 1989. — S. 244.
31 Bockenheim K. Przy polskim stole. — Wrocław, 2003. — S. 134—135.
32 Kowecka E. W salonie i w kuchni. S. 122.
33 Bockenheim K. Przy polskim stole. S. 196.
34 Улашчык М. Была такая вёска // Выбранае. — Мн., 2001. — С. 83.
35 Шейн П. Материалы для изучения... Т. 1. С. 82. Такімі ж этнографы занатавалі парэформавыя звычаі і літоўскіх сялянаў.
36 Бейлькин Х. Аграрный кризис конца XIX в. и структурная реконструкция сельского хозяйства Беларуси. — Мн., 2001. — С. 136.
37 Jackūnas K., Logminas V. Žąsys // Tarybų Lietuvos Enciklopedija. Т. 4. — Vilnius, 1988. — P. 638.
38 Jackūnas K. Lietuvos žąsys // Tarybų Lietuvos Enciklopedija. Т. 2. — Vilnius, 1986. — P. 606—607.
39 Зайкоўскі Э., Тычка Г. Старадаўняя беларуская кухня. С. 33—34, 68—69, 73—74.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |