|
САМАВАР
Апавяданне з жыцця
Людвіка ЖЫЦКА
Так, пані мая! Было нам калісь добра. Мелі мы на Сніпішках малую крамку, у якой можна было набыць не толькі запалкі і селядцоў, але і ўсякія крупы, муку, фігавую каву і колаты цукар, свечы і газу. Муж і я змяняліся па чарзе, каб абслужыць пакупнікоў. Вечарамі ён пісаў рахункі і падлічваў грошы, я клала спаць двух малодшых дзяцей, а самы старэйшы, Ясь, што ўжо хадзіў у школку, вучыў урокі за перагародкай з дошак, абклееных прыгожай папяровай абіўкай у жоўтыя і чырвоныя ружы.
Як сёння бачу гэтае наша жытло! Два малыя пакоі, але чыстыя і ціхія, потым, калі ўжо ўсе трое засыналі, я падкідвала вуглі да самавара, і мы ўдваіх з мужам сядалі за гарбату, доўга размаўляючы ўначы пра нашы інтарэсы, пра ўдачы і страты ў гандлі, пра дзяцей і пра ўсё, што на сэрцы ляжала.
А самавар жа, пані мая, быў у нас парадны. Выходзячы замуж, я атрымала яго на памяць ад сваёй хроснай маці. Новы, мусіў каштаваць дорага, бо вялікі быў, меў добрую цягу, хутка награваўся і доўга захоўваў цяпло. А комінак меў такі жоўты, як ён сам; такі комінак дадаюць толькі да дарагіх самавараў, бо звычайныя комінкі, прыстаўленыя для цягі, — бляшаныя. Бывала, начышчу яго ў нядзелю цёртай цэглай, дык як да люстра падыходзілі людзі і глядзеліся ў яго.
Шанавала я яго вельмі: не бракавала ў ім ані краткі, ані жароўні, аніводнага драўлянага шарыка на накрыўцы, аніводнай ручкі. Не пагнуты быў і не падрапаны — адным словам, самавар найвыдатны, на які мне ўсе кумы і суседкі зайздросцілі.
Ад першага дня нашага з мужам шлюбу гэта быў таварыш наш і прыяцель і сведка ўсяго нашага жыцця.
Было жыццё, было тады ўсё, пані мая. І кожнае Божае Нараджэнне альбо Вялікдзень, кожныя імяніны мужа (зваўся Пятром), кожныя хрысціны нашых дзяцей бачыў гэты светлы і цёплы памочнік маёй хатняй гаспадаркі. Часам, бывала, муж прыйдзе хмурны з крамкі, а тут я занята мыццём, спазнілася згатаваць абед; ужо пачынае бурчаць і кідае на стол шапку ў гневе. Але як я закручуся і, хапіўшы мужаў стары бот, выдзьмухаю самавар, дык праз дзесяць хвілін пара валіць клубамі, аж накрыўка ад імбрычка падскоквае на ім. Тады муж адразу сціхае, сядае за стол, пацірае рукі і праз хвіліну п’е гарачую гарбату, а я з другога боку праз слуп пары гляджу на яго і цешуся, што ўжо ўсё добра!
О! Бо я ведала, што ён любіў тыя ўспаміны першага года пасля нашага вянчання, калі былі толькі мы ўдваіх і самавар.
Потым з’явіліся на свет дзеці, хваробы, страты ў гандлі і ў нашай крамцы; прыйшлі гады завірухі; людзі не ведалі, чаго хочуць адны ад адных, і набытак змарнаваўся на вачах. Крамку мы прадалі за бясцэнак, муж доўга хварэў і потым не мог знайсці сабе ніякага занятку, а я, наймаючыся для мыцця і для розных паслуг падзённа, вярталася дадому змучаная, і не прыходзіла мне думка паставіць самавар, які стаяў у куце, накрыты старой хусткай.
І прыйшоў такі вечар, калі муж, што ўжо некалькі тыдняў ляжаў у пасцелі, сказаў мне: «Эвуся! Пастаў самавар: лепей мне сёння, нап’ёмся гарбаты з цукрам».
Ускочыла я, «духам завілася» — і была гарбата! Дзеці ўжо спалі, абедзве малодшыя дачкі і сынок старэйшы, а мы размаўлялі, размаўлялі да паўначы пры самавары каля ложка.
Божа мой! Такі ён быў вясёлы тады. Вылічаў, што купіць у дом, як толькі ўстане і ўладкуецца на абяцаную працу — запісваць дошкі на лесапільні, і цешыліся мы абое, што цяпер ужо нам будзе добра.
Пані мая! Пад раніцу заснула я моцна і раптам ускочыла на абедзве нагі, пачуўшы нейкае дзіўнае хрыпенне. Ужо канаў!
Вось так! Як свяча, пастаўленая на скразняку, згас на маіх руках.
Не памятаю нічога з пахавання, толькі спевы ля труны, пакуль яе неслі праз вуліцу, толькі плач дзяцей, якія чапляліся за маю спадніцу, і толькі грукат змерзлай зямлі, насыпанай на труну.
Апрытомнела на парозе дома, куды мяне адвялі людзі; як належыць у такіх выпадках, радня, і нябожчыкава, і мая, сышлася і з’ехалася з вёскі. Кабеты закруціліся ў абодвух пакоях, каб навесці парадак, бо я была як нежывая. Адна з іх заслала стол і паставіла нейкую ежу, якую звычайна гатуюць на пахаванне; сваякі дасталі аднекуль нейкія бутэлькі, і паміж імі я заўважыла выцягнуты з кута самавар, які пыхкаў парай.
Ад ягонага віду я апрытомнела. Зірнула на пусты ложак, потым на імбрычак, які ён сам некалі купіў на Новы год, — і як выбухнула плачам, пані мая, як павалілася на падлогу, дык і праляжала пасля два тыдні, як тая бяроза падсечаная. Ой! Доўга мяне людзі міласэрныя даглядалі і лячылі, няхай іх Бог узнагародзіць за гэтых маіх дзяцей, што не засталіся сіротамі!
А як устала я і набралася сіл, дык трэба было жыць і працаваць. Пачала хадзіць на розныя «паслугі»: на кухні розных вялікіх паноў, у пральню, гандлявала на рынку, дапамагаючы перакупшчыцам: зелянінай, бульбай, чым давядзецца. Разносіла пірагі з пякарні па школах і шпіталях. Эх! Пані мая, ды хто ж гэта, зрэшты, падлічыць, чаго я ні насіла, пачынаючы з чыстай вады, і чаго ні выносіла, заканчваючы памыямі.
Трэба было накарміць і апрануць траіх дзяцей! Не было для мяне дня, ночы ані свята.
А вучыцца дзяцей таксама пасылала. А як жа, пані мая! Хіба ж гэта можна чалавека, як дзікага, без навукі расціць! Знайшліся добрыя людзі, якія абедзвюх маіх дзяўчынак навучылі катэхізісу, чытаць і пісаць.
Вось так, бывала, вечарамі ў маім пакойчыку вучаць уголас усе трое, што ім зададзена. Бо сынка трэба было аддаць у гарадскую школку, а як жа, хлапчук! А і плаціць казалі, бо там нельга іначай! Маеш ці не маеш — плаці! А не — дык адашлюць табе дзіця дадому, і рабі сабе што хочаш. Ой! На тую аплату, пані мая, дык распрадала ўсё, што засталося ад маёй хваробы пасля смерці мужа.
Раптам на пачатку восені паведамляе хлопчык, што яго не прымаюць у школу, бо кажуць, што яшчэ штосьці не заплочана за навуку з мінулага года. І сядае хлапчук у куце, а слёзы ў яго з вачэй, як тыя сярэбраныя пацеркі, падаюць адна за другой на шэрую кашулю.
Мяне, пані мая, агарнуў такі жаль да дзіцятка, што ён, быццам прысаромлены беднасцю сваёй, сядзіць у смутку, што я буду глядзець, як ён пойдзе бадзяцца па вуліцы, нічога не ўмеючы, што толькі пагладзіла яго па галоўцы, агледзеўшы пакой, схапіла самавар і пабегла з ім у ламбард. Нічога даражэйшага ў пакоі ўжо не было.
Бегла на адным дыханні, так, што людзі азіраліся мне ўслед, думаючы, напэўна, што я нясу ўкрадзеную рэч.
Цяжка зрабілася ў мяне на душы, калі з маіх рук чужы чалавек забраў прыяцеля і сведку ўсяго майго жыцця са дня вяселля. Пазвінеў па ім пальцамі гэты чужы пан, паглядзеў, узважыў, штосьці запісаў і даў мне пяць рублёў і квіток на ружовай паперцы.
Пабачыла я, выходзячы, як мой самавар за ручку выносілі на склад, і, пані мая, скажу шчыра, што слёзы пацяклі з маіх вачэй, грэшныя гэта слёзы, пэўна, бо да марных рэчаў, да нежывых рэчаў так прывязвацца не можна! Чалавек мусіць кахаць — бліжніх! Але вось! Старыя вочы зазірнулі ў сваё сэрца, паглядзелі на мінулыя гады і расплакаліся, што сыходзіць ад іх таварыш шлюбу, хрысцін, свят і пахавання нябожчыка! Слабыя вочы!
Але мой сын вучыцца, як іншыя, каб вырасці чалавекам. Гарбату п’ём усе з бляшанага імбрыка, а працэнты рэгулярна плачу ў ламбард: ужо два разы па сорак капеек заплаціла, але выкупіць яго яшчэ не магу. Збяру часам рубель, паўтара... дзе ж там! Далёка да пяці!
Але прыйдзецца зноў плаціць за школу, і не хопіць таго, што маю штомесяц, уладкавалася яшчэ на адну службу — насіць ваду і дровы на трэці паверх, бо кухарка там нейкая такая шумная, што рабіць гэтага не можа! Пані дарагая, я б рабіла штосьці яшчэ ніжэйшае і раблю, як здарыцца: падмятаю двары, чышчу ўсе куты, змываю чорныя лесвіцы, і няма для мяне дня, ночы ані свята. Ва ўсякую пару раблю што трапіцца. Трэба жыць і дзяцей апрануць і вывучыць.
Вось! Цяпер я ўжо ахвяравала штодзень прамаўляць у пост ружанец на Перамяненне Панскае ранкам, а гадзінкі* аб Пакуце Панскай — увечары, каб мне толькі Бог даў зарабіць пяць рублёў. Выкуплю самавар і падчас кірмашу на св. Казімера, распрадаючы гарбату, зараблю, можа, колькі рублёў. Ого! Як холадна, дык людзі п’юць, і на абаранках таксама можна штосьці зарабіць, бо ў пякарні ўступяць трохі, на некалькіх шнурах. Тады ўжо наконт гэтай школы супакоюся да лета. А дзеці? От бы пацешыліся, калі б самавар зноў з’явіўся ў нас на стале, хоць бы на нейкі час! Толькі надта вялікі капітал — гэтыя пяць рублёў, яшчэ і з працэнтамі. Ці я збяру столькі за месяц, апрача таго, што на жыццё патрэбна? Пані мая! Ці я іх збяру?
Пераклад з польскае мовы Святланы Ішчанкі.
* Гадзінкі (польскі godzinki) — тут: малітвы.
Заўвага. Апавяданне было надрукавана ў «газеце з малюнкамі для ўсіх» «Zorza wileńska» 26 лютага (11 сакавіка) 1909 г.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |