БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
СПАДЧЫНА № 2-3/2003       Спажывецкая культура

Гутарка старога прафесара, альбо Беларускі Маркс

Георгі НАВІЦЫЯН 
(Georgius Novicianus)

— ...Такім чынам, можна ўпэўнена казаць, што шмат пунктаў тэорыяў Маркса не спраўдзіліся. — Праз руцінную атмасферу універсітэцкае лекцыі чуўся голас прафесара. — Хоць ягоныя акадэмічныя здольнасці заслугоўваюць пашаны і аналіз капіталістычнай сістэмы ўтрымлівае шмат слушных думак, высновы наконт будучыні гэтае сістэмы часта былі занадта катэгарычныя ці занадтна неадэкватныя. Напрыклад, ён прадказаў каласальны рост вытворчае магутнасці капіталізму, дасягнуты праз нястомнае ўвядзенне тэхнічных і інтэлектуальных інавацыяў. Пры гэтым лічыў, што некантраляваны рост прадукцыйнасці будзе адным з тых унутраных фактараў, якія й прывядуць да заняпаду капіталістычнай сістэмы, што, як вядома, так і не спраўдзілася.

— Не скажыце, прафесар. — Фонавае гудзенне аўдыторыі перарвалася.

Прафесар узняў вочы. Прадказальна, рэпліка зыходзіла ад Міхала, старасты курса, разумнага, але амбітнага хлопца. Міхал захапляўся неамарксісцкімі тэарэтычнымі пабудовамі, не ў апошнюю чаргу з-за таго, што яны ў бальшыні падыходзілі да цяперашніх эканамічных тэндэнцыяў у краіне і таму зусім не шкодзілі ягоным кар’ерным планам. Хоць юнацкае непрыманне агульнапрынятых (прынамсі ў свеце) аўтарытэтаў таксама адыгравала сваю ролю. Таму іх слоўныя сутычкі з прафесарам пераважна правых поглядаў увайшлі ў трывалы звычай і нікога надта не здзіўлялі.

— Капіталізм не ўратаваўся ад непазбежнага. Ён не выжыў, а адцягнуў свой заняпад шляхам стварэння і развіцця мадэлі кансумерысцкае, ці то спажывецкае эканомікі. Такая мадэль прадугледжвае паглынанне вынікаў гэтага каласальнага росту прадукцыйнасці праз узровень спажывання, нашмат большы не тое што за неабходны, але проста разумны. Рознымі шляхамі спажыўцоў прымушаюць купляць тавары і паслугі, у прынцыпе ім непатрэбныя. Мала таго, што гэта само па сабе заганна з эканамічнага погляду, але гэта яшчэ вядзе і да неэфектыўнага размеркавання грамадскага дабрабыту. Тое, што магло быць накіравана на сацыяльныя патрэбы ці доўгатэрміновае развіццё грамадства, знікае ў куфрах вялікіх карпарацыяў. З іншага боку, поспехі Барана і іншых сучасных паслядоўнікаў Маркса ў распрацоўцы сацыяльна арыентаваных мадэляў эканомікі даводзяць, што марксізм рана яшчэ спісваць з рахункаў, — працягваў Міхал. — А калі ўжо казаць пра прымальнасць розных эканамічных тэорыяў для асобных краінаў, то для Беларусі з нашымі традыцыямі пераразмеркавання прыбытку і буйное дзяржаўнае ці грамадскае ўласнасці, а таксама адсутнасцю кансумерысцкіх тэндэнцыяў, марксісцкія тэорыі — ці не найлепшы шлях вырашэння нашых эканамічных праблемаў, бо блізкі да нашай ментальнасці. Да таго ж, і Баран, мяркуючы па ягоным прозвішчы, можа паходзіць з Беларусі.

Прафесар стрымаў усмешку.

— Ну, калі ўжо разважаць пра ўласцівасць ці неўласцівасць вольнае стыхіі капіталізму і спажывецтва, ў прыватнасці, нашай ментальнасці і пры гэтым спасылацца на поспехі выхадцаў з Беларусі, то можна знайсці і зусім іншыя прыклады. Не даводзілася чуць пра іншага Маркса, Майкла Маркса?

Міхал разгубіўся.

Прафесар паглядзеў на аўдыторыю.

— Добра, паставім пытанне інакш. Хто-небудзь з курса быў за мяжой у крамах сеткі «Маркс і Спэнсэр»?
— 
Колькі чалавек ляніва гукнула ў адказ.

— Выдатна. Сам факт вашага візіту туды даводзіць, што спажывецтва беларусам не чужое. Тады вам цікава будзе ведаць, што карані адной з найбуйнейшых гандлёвых імперыяў у свеце паходзяць з Беларусі. Я думаю, што мы можам адкласці канспекты і ў апошнія пяць хвілінаў лекцыі паразмаўляць пра гэта.

Аўдыторыя, улучна з Міхалам, трохі ажывілася ў надзеі расслабіцца пасля лекцыі і пачуць штосьці цікавае пасля сухой тэорыі.

Прафесар працягваў.

Дык вось, той самы Майкл Маркс нарадзіўся ў Слоніме ў 1859 годзе. Яшчэ ў ранняй маладосці ён эміграваў у Ангельшчыну і атабарыўся там у Лідсе. Ангельскамоўныя крыніцы называюць яго «польскім эмігрантам з Расеі», але, як нам зразумела, ён быў беларускім гэбраем. Напачатку яго веданне ангельскае мовы было слабым, што ён кампенсаваў кемлівасцю, якая і прывяла яго да дзвярэй кампаніі «Барран» у Лідсе, якая наймала на працу гэбрайскіх эмігрантаў. Выдатнае дзелавое пачуццё і здаровы сэнс завялі яго яшчэ далей і дазволілі ў 1884 годзе пазнаёміцца з Айзекам Д’юхерстам, які валодаў гуртовым складам, і заключыць з ім дамову на продаж тавараў са складаў у мясцовасцях вакол Лідса. Наш Маркс дамогся ў гэтым такога поспеху, што хутка мог арандаваць шапік на адкрытым гарадскім рынку. Але ён не задаволіўся роляй простага местачковага гандляра і пачаў актыўна пашыраць сваю справу. Таленту яму хапала, а намаганняў ён не шкадаваў. Маркс арандаваў месца на новым крытым рынку Лідса. Ягоная крама працавала шэсць дзён на тыдзень, а адзін з шапікаў гандляваў выключна таварамі цаной у адзін пені. 

Запамінальны рэкламны плакат звяртаў на гэта ўвагу. Пакупнікі імгненна ацанілі новаўвядзенне, якое дазваляла ім не гандлявацца і не наракаць на цэны, а купляць тавар хутка і па больш прымальнай цане. У наступным годзе Маркс адчыніў падобныя шапікі па ўсім Ланкашыры і Ёркшыры. У 1893 годзе пераехаў у Манчэстар і праз год адчыніў яшчэ адну краму, у будынку, дзе жыў сам. 

Але гэта было толькі пачаткам. Ён адчуваў, што стаіць на мяжы стварэння буйное гандлёвае кампаніі й мае патрэбу ў надзейным кампаньёне. Яго стары партнёр Д’юхерст не стаў рызыкаваць, але перадаў Марксаву прапанову свайму касіру Тому Спэнсэру. Той даўно сачыў за поспехамі слонімскага эмігранта і не збаяўся ўкласці ў справу 300 фунтаў на раўнапраўных з Марксам падставах. Маркс займаўся непасрэдна гандлем, у той час як Спэнсэр сачыў за цэнтральным офісам і складамі. Са старых часоў ён меў добрыя кантакты з вытворцамі і мог атрымліваць ад іх тавары па зніжаных цэнах. Дарэчы, гэта стала адной з вызначальных рысаў бізнэс-мадэлі кампаніі ў будучыні. Паступова «Маркс & Спэнсэр» цалкам перайшлі ад шапікаў да крытых крамаў. У 1903 г., калі прадпрыемства стала кампаніяй з абмежаванай адказнасцю, яно ўжо магло называцца гандлёвай імперыяй. Сталіца яе знаходзілася ў Манчэстары, а аддзяленні былі ў Бірмінгеме, Ліверпулі, Брыстолі, іншых гарадах. У Лондане іх было аж сем. Спэнсэравы трыста фунтаў былі цяпер вартыя 15000. Праз год стары касір вырашыў сысці ў адпачынак, а яшчэ праз год і памёр. Наш зямляк перажыў яго на два гады і памёр 31 снежня 1907 году на вяршыні свайго поспеху. Ягоная ж імперыя, як многія з вас мелі магчымасць пабачыць на ўласныя вочы, квітнее і да сённяшняга дня.

Прафесар абвёў аўдыторыю вачыма. Хтосьці займаўся сваімі справамі, хтосьці зацікаўлена слухаў. На твары Міхала блукала крывая ўсмешка.

— Прабачце, прафесар, не хацелася б выказваць непавагу да вашых словаў, але ж ці вось гэтая калядная гісторыя пра беднага эмігранта, які сам дабіўся вялікіх грошай упартай працай, даводзіць нешта? Ці можа яна служыць аргументам супраць марксізму ці, наадварот, на карысць кансумерысцкае эканомікі? І якую каштоўнасць гэты досвед можа мець для Беларусі?

Хвілінку разважыўшы, прафесар загаварыў.

— Найперш гісторыяй Маркса я хацеў абвергнуць выказаны вамі стары стэрэатып, што рынкавая капіталістычная ментальнасць і імкненне да спажывецтва неўласцівыя Беларусі. Вашае наведванне крамаў «Маркс і Спэнсэр», дый, я думаю, і штодзённыя звычкі лепей за розныя тэорыі даводзяць не проста ўласцівасць, але натуральнасць спажывецтва для беларусаў, як зрэшты, і ўсіх іншых нацый. Досвед жа Майкла Маркса паказвае, што выхадцы з Беларусі могуць быць не толькі пасіўнымі спажыўцамі, але і ўдзельнічаць у спажывецкай эканоміцы па той бок паліцы. 
— 
Вядома, можна сказаць, што сваім поспехам Маркс абавязаны падтрымцы гэбрайскай дыяспары ў Англіі; што ён шмат чаму навучыўся ў ангельцаў і пераняў іх даўнія гандлёвыя традыцыі. Але ж яму немагчыма было набыць прыроджанае пачуццё да гандлю і дзелавы талент. Гэта было тое, што жыло ў яго крыві. Тое, чаму ягоныя продкі і сваякі-гэбраі, ды і іх суседзі-беларусы гэтаксама, вучыліся стагоддзямі гандлю паміж сабой на рынках і ў крамах Слоніма і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. Спажывецтва і гандаль былі вялікай часткай эканамічнага жыцця ў нашым краі і былі для нас сваімі. На жаль, нашыя гандлёвыя таленты дагэтуль лепш праяўляюцца ў замежжы і гэта адна з нашых бед. Але за гісторыяй нашага Маркса стаіць нашмат больш, чым проста праява ментальнасці. Сваімі інавацыйнымі метадамі Маркс стварыў і пашырыў гандлёвую імперыю, якая з’яўляецца найлепшым практычным прыкладам паспяховага выкарыстання рынкавых ідэяў на глебе менавіта спажывецтва і мадэль якой стала ўзорам для многіх іншых кампаніяў. Але паколькі размова пра гэта патрабуе дэталёвае падрыхтоўкі, прапаную перанесці яе на наступны занятак. У мяне ёсць матэрыялы, якія, думаю, будуць вам і іншым цікавымі і карыснымі.

***

На пачатку наступнае лекцыі прафесар дастаў з тэчкі стос раздруковак з Інтэрнэт-сайтаў і каляровы праспект. Павітаўшыся са студэнтамі, ён асобна кіўнуў Міхалу і, пачакаўшы, пакуль сціхне гоман, распачаў гутарку.

— Панове, да пачатку лекцыі вернемся ненадоўга да беларускага Маркса. Да гэтае тэмы варта звяртацца не толькі, каб звярнуць увагу на спрыт і кемлівасць нашага земляка, але й таму, што ён здолеў гэтую кемлівасць сістэматызаваць і ператварыць у вартую пераймання бізнэс-мадэль. Па-першае, як я ўжо казаў, з самага пачатку кампанія кантактавала непасрэдна з вытворцамі. У 1920-я гады гэтая схема набыла пануючы характар, што дазволіла скараціць страты і ўзняць прыбыткі. Надалей, з 1928 году, кампанія распачала продаж тавараў пад уласным брэндам «Сэнт Майкл». 
— 
Па-другое, ужо з 1948 году ў «Маркс і Спэнсэр» пачалі ўжываць прынцып самаабслугоўвання, што было вельмі зручна для пакупнікоў і, вядома ж, прыйшлося ім даспадобы. Фактычна, такі крок насустрач пакупнікам быў працягам і развіццём «шапіку аднаго пені» і іншых ідэй старога Маркса. У 1985 годзе яны ўвялі ўласную картку аплаты за тавары. 

У 1999 годзе кампанія пайшла яшчэ далей, арганізаваўшы анлайнавы продаж тавараў. А зусім нядаўна, у верасні 2002 году, яны далі пакупнікам магчымасць самім прабіваць і пакаваць набытыя тавары. Па-трэцяе, «Маркс і Спэнсэр» удала дыверсіфікавалі асартымент тавараў, дадаўшы з 1931 году харчовыя тавары, у 1973 — віно, а ў 1986 — мэблю. З 2000 году яны пачалі продаж дызайнерскай вопраткі па разумных цэнах. Як вынік — цяпер яны маюць больш за 400 крамаў у 29 краінах свету (акрамя, вядома, Беларусі), з 67 000 работнікаў і гадавы зварот больш за 8 мільярдаў фунтаў. Уражвае? Сутнасць марксавае мадэлі заключалася не ў тым, каб «уцюхаць», даруйце мне слэнгавае слова, пакупнікам непатрэбныя тавары, а ў тым, каб утварыць заключнае звяно ланцужка эканомікі, гэта значыць данесці тавар да спажыўца. Гэта тое, для чаго ён, уласна кажучы, і быў выраблены. Заўважце, поспех «Маркс і Спенсер» грунтаваўся не на масіраванай рэкламнай кампаніі ці хітрай сістэме зніжак, якая заахвочвае купляць болей і болей. Кампанія дамаглася поспеху, па-першае, за кошт разумнай цэнавай палітыкі, па-другое, максімальнага спрашчэння працэсу купляння шляхам выязных шапікаў і самаабслугоўвання і, па-трэцяе, забеспячэння доступу да вялікага асартыменту тавараў праз дыверсіфікацыю гандлю. Цяжка запярэчыць што-небудзь супраць спажывецтва такога кшталту.

Міхал скептычна ўсміхаўся.

— Гэта гаворыць толькі пра гандлёвыя поспехі, то бок аб удалым пераразмеркаванні грамадскага дабрабыту на сваю карысць. А калі паспрабаваць падаць поспех не толькі ў манетарных паказальніках? Якую агульную карысць для грамадства нясе такое спажывецтва? Якім чынам яно дапамагае ўстойліваму развіццю сваіх краінаў?

— Ну, напрыклад, улетку мінулага году яны атрымалі ўзнагароду ад арганізацыі «Бізнэс у супольнасці» за выкарыстанне найбуйнейшае ў Злучаным Каралеўстве схемы занятасці. «Маркс і Спэнсэр» з 1933 году маюць уласную сістэму сацзабеспячэння для работнікаў, якая датычыцца грамадскага харчавання, аховы здароўя і пенсій. Яны займаюць 28-е месца сярод лепшых для працы кампаніяў Злучанага Каралеўства паводле версіі «Файнэншл Таймс» і маюць узнагароды за стварэнне добрых умоваў працы для людзей сталага ўзросту. Прадбачыў вашае наступнае пытанне наконт «занядбаных краін трэцяга свету», таму скажу, што ў 1999 годзе яны апублікавалі свой кодэкс мінімальных стандартаў для пастаўшчыкоў, каб гарантаваць годныя ўмовы для работнікаў з розных краінаў.
— 
Міхал не здаваўся.

— Добра, сяго-таго вакол сябе яны пад сваё крыло ўзялі. Але ж можна яшчэ згадаць, што наш свет далёка не бязвоблачнае месца і краінам часам даводзіцца перабудоўваць сваю эканоміку на ваенны лад, гуртуючы ўсе рэсурсы на вырашальным напрамку. Між тым спажывецкая эканоміка з’яўляецца дзейным помнікам нерацыянальнаму выдаткаванню рэсурсаў на патрэбы штодзённага спажытку. Якім чынам спажывецтва, прынцыпова скіраванае на максімальны расход усіх даступных рэсурсаў, можа адужаць такую нагрузку?

Прафесар пагартаў раздрукоўкі.

— Калі, скажам, Другая сусветная вайна можа быць нейкім паказнікам напружання эканомікі, то вось вам факты. Кафетэрыі ў крамах «Маркс і Спэнсэр» забяспечвалі танную, здаровую і грунтоўную ежу для людзей і былі прыкладам рацыянальнага выкарыстання абмежаваных запасаў харчавання ў гады вайны. З 1939 да 1945 году кампанія ўжывала распрацаваную адмыслоўцамі схему практычнага адзення, якая дазваляла вырабляць якаснае адзенне ў адпаведнасці з абмежаваннямі ваеннага часу. Тэхналогіі, заўважце, былі папярэдне адпрацаваныя на модным спажывецкім асартыменце. А на сродкі, сабраныя работнікамі кампаніі, для Каралеўскіх узброеных сіл у 1941 годзе быў закуплены знішчальнік Spitfire, які атрымаў мяно «Марксман», ці «трапны стралец». 
— 
Як бачыце, такія рэчы можна рабіць не толькі ў сацыялістычным добраахвотна-прымусовым парадку. А вы ведаеце, чаму яны гэта робяць? З карпаратыўнае салідарнасці. Спажывецтва спрыяе вертыкальным карпаратыўным сувязям са сваімі работнікамі, гарызантальным — з пакупнікамі і партнёрамі. Такія сувязі ў выніку прасякаюць усё грамадства і трымаюць яго вельмі моцна, бо выгодныя абодвум бакам. Пры сувязях, заснаваных на такой, здавалася б, меркантыльнай рэчы, як узаемная выгода спажыўца і гандляра, грамадзянін адчувае нацыянальныя інтарэсы вельмі моцна, бо ўсведамляе свае ўласныя інтарэсы часткай нацыянальных, што і даводзіць гісторыя са Спітфайрам. З майго пункту гледжання, такая нацыя нашмат устойлівейшая за нацыю з сацыялістычнымі традыцыямі, дзе людзі адчуваюць сваю салідарнасць толькі ў безабароннае роўнасці перад рэпрэсіўным урадам, які адвольна адбірае і пераразмяркоўвае іх дабрабыт.

Ён паглядзеў на гадзіннік.

— Увогуле, наколькі б гэтая тэма ні была цікавай, але надышоў час перайсці да асноўнае тэмы занятку. На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што думка пра неўласцівасць спажывецкіх традыцыяў беларускай ментальнасці, на маю думку, ідэалагічны міф. Зусім неабавязкова беларусы ёсць фатальна антырынкавай ды антыспажывецкай нацыяй. І яшчэ больш неабавязкова яны мусяць з прычыны гэтага ўспрымаць нібыта блізкія ім марксісцкія тэорыі. Наадварот, прыклад Майкла Маркса яшчэ раз даводзіць, што эканамічныя рэаліі Беларусі могуць выхоўваць людзей, здольных генераваць ідэі, якія знаходзяць паспяховае выкарыстанне нават на заходніх рынках і становяцца вартымі пераймання прыкладамі. Больш за тое, калі вы рупіцеся аб адпаведнасці мадэляў эканомікі нацыянальнай ментальнасці, у вас ёсць гатовая для выкарыстання мадэль. Вядома, я не ідэалізую кансумерысцкую эканоміку. Ажыццяўленне кожнай ідэі, даведзенай да абсурду, выглядае жахліва. Многія недахопы кансумерызму ўяўляюць сабой вялікія праблемы, сур’ёзнасці якіх не ацанілі пакуль ні эксперты, ні сама маса спажыўцоў. Але ж Беларусь не дасягнула нават сярэдняга ўзроўню развіцця індустрыі і культуры спажывання. Таму цяпер нас чакае шпаркі рост гандлёвага сектару, так бы мовіць, рост наўздагон. Не выключана, што камусьці з вас давядзецца працаваць там на высокіх пасадах. Тады вы зможаце выкарыстоўваць досвед «Маркс і Спэнсэр», не лічачы яго нечым чужым.

***

Пасля лекцыі Міхал падышоў да прафесара і папрасіў матэрыялы па «Маркс і Спэнсэр» на пэўны час, каб мець магчымасць вывучыць іх больш дэталёва. Прыйшоўшы дадому, ён адчыніў дыпламат і дастаў з-пад стосу падручнікаў, канспектаў лекцыяў і дакументаў БРСМ праспект «Маркс і Спэнсэр». Ён пачаў гартаць праспект ад першай старонкі, дзе разумна і стрымана ўсміхаўся Майкл Маркс, да старонак з эканамічнай статыстыкай і, нарэшце, да старонак, дзе прыгожыя жанчыны рэкламавалі модную вопратку. Потым Міхал адклаў праспект убок і сеў у фатэль. Ён думаў.
 


10 цікавых фактаў аб кампаніі “Маркс і Спенсер”

1. Кампанія афіцыйна лічыць сваёй місіяй зрабіць навышэйшую якасць даступнай усім.

2. З 1956 году ўсе тавары кампаніі прадаюцца толькі пад уласнай гандлёвай маркай.

3. У 2003 годзе “Маркс і Спенсер” былі прызнаныя лідэрам сярод сусветных гандлёвых кампаній у адпаведнасці з індэксам устойлівасці Доў Джонса і занялі першае месца сярод брытанскіх і гандлёвых кампаній паводле індэксу найбольш паважаных кампаній свету “Файнэншл Таймс”.

4. Толькі ў Вялікай Брытаніі ў крамах кампаніі штотыднёва абслугоўваюцца 10 мільёнаў пакупнікоў.

5. У крамах кампаніі ў Вялікай Брытаніі і Ірландыі кожную хвіліну прадаецца 45 станікаў і 60 пар майтак.

6. У крамах “Маркс і Спенсер” пакупнікам садзейнічае віртуальны асістэнт па продажах Лайса з дапамогай інтэрактыўнага экрана, які рэагуе на дотыкі рукі.

7. У 1995 годзе кампанія ўвяла ў дзеянне кодэкс экалагічных правіл, каб узмацніць бяспечнасць тавараў кампаніі для здароўя пакупнікоў.

8. “Маркс і Спенсер” былі першай кампаніяй, якая наладзіла выраб і продаж мужчынскіх гарнітураў, прыдатных для мыцця ў пральнай машыне.

9. Кампанія мае пагадненне са славутым футбалістам Дэвідам Бекхэмам, які аказвае кампаніі дапамогу ў распрацоўцы калекцыі вопраткі для дзяцей і падлеткаў. Ў калекцыі выкарыстоўваюцца імя і твар Бекхэма.

10. Бліжэйшая да Беларусі крама “Маркс і Спенсер” знаходзіцца ў Польшчы ў Варшаве на Еразалімскіх алеях. Крамы кампаніі таксама ёсць у Чэхіі і Польшчы.

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster