|
Рэдкая ды дарагая забава
Арганізацыя турніраў пры дварах каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх
у ХV—ХVІ стст.
Юрась БОХАН (Менск)
ХV—ХVІ стст. былі ў Вялікім Княстве Літоўскім перыядам росквіту г.зв. «рыцарскай культуры», характэрнай для ўсёй сярэднявечнай Еўропы. Але да нас яна прыйшла тады, калі яе «залатыя часы» ў найбольш развітых еўрапейскіх краінах пачыналі адыходзіць у нябыт. У адрозненне ад краёў, дзе рыцарства як з’ява фармавалася стагоддзямі, традыцыйна абрастаючы спецыфічнымі традыцыямі і рытуаламі, Літва і землі г.зв. «літоўскай Русі», якія, дзякуючы свайму статусу паганскай ці «не зусім хрысціянскай» дзяржавы, разглядаліся рыцарамі Еўропы пераважна як аб’ект крыжацкага націску і таму заставаліся трохі ўбаку ад гэтага працэсу.
Крэўская унія 1385 г. і дынастычная унія з Польшчай, а ў далейшым і з шэрагам іншых еўрапейскіх дзяржаваў (Чэхія, Венгрыя), зрабілі магчымым для феадалаў ВКЛ рэзкае й імклівае далучэнне да шматвяковых рыцарскіх традыцыяў сваіх заходніх суседзяў. Гэта ў больш ці менш поўнай меры адбылося на працягу жыцця некалькіх пакаленняў феадалаў, што бачна і ў працэсе іх далучэння да еўрапейскай турнірнай практыкі.
Даследнікі, якія звяртаюць увагу на распаўсюджанне сярод паноўнага стану ВКЛ навінак заходняй культуры, адзначаюць вялікую ролю ў гэтым працэсе вялікакняскага двара. Двор служыў аб’ектам наследавання для магнатаў, а ў далейшым і для шляхты. Пашырэнне моды на баявыя гульні не было ў гэтым сэнсе выключэннем. Да канца ХVІ ст. кракаўскі і віленскі двары Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемнікаў былі галоўнейшымі цэнтрамі турнірнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства, прычым роля гэтых цэнтраў знаходзілася ў непасрэднай сувязі з тым, у якім з іх знаходзіўся ў той ці іншы час манарх са сваім бліжэйшым атачэннем.
Найвялікшы ўсплеск турнірнай практыкі назіраўся ў ХVІ ст. пры кракаўскім і віленскім дварах апошніх Ягелонаў. Нагодай для правядзення падобных мерапрыемстваў служылі ўсе больш-менш вартыя ўвагі здарэнні — каранацыі, прыём высокапастаўленых асобаў, хрэсьбіны, шлюбы, прычым не толькі каранаваных асобаў, але і іх дваранаў. У такіх выпадках удзел у турнірах абавязкова браў жаніх або ягоныя прадстаўнікі. Такім чынам, турніры з’яўляліся не толькі баявымі практыкаваннямі, але і важным элементам святочных урачыстасцяў, якія выступалі як важныя падзеі культурнага жыцця тагачаснага грамадства і прыцягвалі вялікую колькасць гледачоў.
Калі больш падрабязна спыніцца на практыцы правядзення турніраў пры віленскім вялікакняскім двары, то ці не лепшыя свае часы яна зазнала падчас знаходжання тут Жыгімонта Аўгуста ў 1544—1548 гг., які вызначаўся надзвычайнай схільнасцю да рыцарскіх забаваў і арганізоўваў іх пры кожнай нагодзе. Так, у сакавіку 1546 г. быў наладжаны турнір з выпадку побыту ў Вільні герцага прускага. Шыкоўнае відовішча было арганізавана 22 лютага 1547 г. Яго турнірная праграма складалася з трох частак — турнір, гусарскія спаборніцтвы і, нарэшце, напэўна, самы відовішчны пункт — здабыванне ўмацаванага замку. Па сваёй завядзёнцы прыняў у ім непасрэдны ўдзел і Жыгімонт, які сутыкаўся са сваім падчашым, панам Лігензам і дваранінам Фрыкачам. Пікантным момантам праграмы быў удзел у спаборніцтвах прастытуткі — нейкай Зоф’і Длугай (Доўгай). За шчодрую ўзнагароду з гаспадарскага скарбу яна дала сябе ўзброіць і сышлася ў «паядынках», відавочна імітацыйных, з панамі Гербутам і Лашчам. Эратычная атмасфера, дамагчыся стварэння якой прагнуў Жыгімонт, была цалкам зразумелай на фоне яго рамана з князёўнай Барбарай Радзівілянкай, якая ўражвала сучаснікаў не толькі прыгажосцю, але і лёгкасцю сваіх паводзінаў1. Такім чынам, праявы Рэнесансу, з яго куртуазнасцю, любоўю да жыцця, якая межавала з бессаромнасцю, з характэрнай для тае эпохі насмешкай над традыцыямі, знайшла сваё адлюстраванне і ў турнірнай практыцы.
У 1562 г. у Вільні адбыўся шлюб фінляндскага княжыча Яна з каралеўнай польскай Катажынай Ягелонкай, на якім прысутнічаў кароль польскі і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. «Тыдзень цэлы тое вяселле трывала. Сутычкі на тупых й вострых коп’ях, турніры нямецкія і гусарскія, музыкі там жа і ўсялякія забавы і пачцівасці адбываліся, пры каторых турнірах такія лютыя сутыкненні бывалі, што [удзельнікі] самі сябе жорстка пакалечылі і коней пад самой пазабівалі; таксама і іншыя справы на вяселлі значылі нешта трывожнае і смутнае, як і на самой справе потым хутка выявілася»2.
Акрамя турніраў, росквіт пры віленскім двары перажывалі і іншыя свецкія забавы — піры, касцюмаваныя балі, феерверкі, паляванні. Так, у лютым 1546 г. на вяселлі ў наваградскага ваяводы Кежгайлы быў наладжаны маскарад, на якім прысутнічаў сам вялікі князь і восем ягоных дваранаў у масках. Яшчэ адзін падобны маскарад быў арганізаваны ў ліпені таго ж году віленскім ваяводам Глябовічам.
Наладжваў багатыя прыёмы і сам Жыгімонт. У маі і жніўні 1546 г. у новым палацы за Віліяй былі арганізаваныя абеды, якія суправаджаліся спевамі і музыкай. Значная роля тут адводзілася прыдворнай капэле, якая складалася з пятнаццаці чалавек, пераважна італьянцаў, і ўзначальвалася Мацеем Чэмюркам. У 1547 г. у капэлу ўваходзілі 5 лютністаў, столькі ж трубачоў, 2 барабаншчыкі і арфіст. Паводле прыкладу манарха сталі арганізоўвацца капэлы і пры дварах магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. З усяе краіны сцякаліся тады ў Вільню канатаходцы, фокуснікі, жанглёры, вандроўныя музыкі і камедыянты, блазны.
Подзвігі Жыгімонта на турнірах і паляванні закліканы былі ўвекавечыць мастакі, з якіх вялікі князь асабліва шанаваў Антонія Віда. У 1545 г. за карціну палявання на зуброў ён атрымаў 105 польскіх злотых, а ў 1546 г. за карціну, дзе быў адлюстраваны турнір — 16 коп літоўскіх грошаў3.
Прыярытэт манаршых двароў альбо двароў найбуйнейшых магнатаў у справе арганізацыі турнірных відовішчаў цалкам вытлумачальны. Падобная арганізацыя была звязана з вялікімі выдаткамі, якія, калі гаварыць пра фінансавы бок, не акупляліся.
Сам удзел у турнірных забавах быў справай нятаннай, асабліва ў пазнейшыя часы, калі спаборніцтвы патрабавалі спецыяльнага рыштунку. У сярэдзіне ХVІ ст. гетман Вялікага Княства Рыгор Хадкевіч набываў турнірны рыштунак для сваіх сыноў у прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна, прапануючы ўзамен некалькі літоўскіх коней, якія, відаць, даволі высока цаніліся ў Еўропе4. Выйсце было знойдзена ў тым, каб удзельнікі турніраў (прынамсі некаторыя з іх) забяспечваліся зброяй і даспехамі за кошт арганізатараў. Немалая колькасць спецыяльнага турнірнага рыштунку мелася ў асноўных рэзідэнцыях Радзівілаў, асабліва ў Нясвіжы. Больш таго, часам такое ўзбраенне высылалася з асноўнай рэзідэнцыі ў іншыя маёнткі. Відаць, пыхлівыя рыцары не жадалі адмаўляць сабе ў задавальненні папрактыкавацца ў баявых гульнях і ў сваіх другарадных сядзібах. Напрыклад, два даспехі «штэхцойг» для сутыкненняў на тупых коп’ях былі высланыя ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц5.
Важным момантам падрыхтоўкі турніраў з’яўлялася запрашэнне ўдзельнікаў, іх размяшчэнне (часам разам са шматлікімі слугамі), забеспячэнне харчаваннем, фуражом, рамесніцкімі паслугамі і г.д. Падобныя паслугі маглі быць прадстаўлены толькі ўладальнікамі досыць значных гарадоў ці вялікіх замкаў. Найбольшы клопат вымагала размяшчэнне тытулаваных асобаў. Падчас згаданых вясельных урачыстасцяў фінляндскага княжыча Яна з Катажынай Ягелонкай, што адбываліся ў Вільні ў 1562 г., «Былі прадстаўлены гасподы (пастаялыя двары) князю Яго М[іласці], якія найсумленнейшым чынам паводле патрэбы ў віленскім месце маглі быць дадзены; усё ж, калі ўжо шлюб быў, тады княжычу Яго М[іласці] пакоі што найлепшыя на замку і з каралеўнай Яе М[іласці] прызначаны [былі]»6.
Пэўных высілкаў вымагала падрыхтоўка месца турніраў — рысталішча, ці, як яго называлі ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскаім, «шранкі». Гэта мог быць пляц у горадзе, замкавы дзядзінец ці нават вялікая зала. Уздоўж аднаго з даўжэйшых бакоў рысталішча ўзводзіліся трыбуны для гледачоў. Калі турніры праводзіліся ў горадзе, гледачы маглі за пэўную плату назіраць за яго правядзеннем з вокнаў дамоў, размешчаных на плошчы. Калі ў 1583 г. у Кракаве праводзіўся турнір з нагоды вяселля гетмана Яна Замойцкага і пераможнага завяршэння Інфлянцкае вайны, то «ўсе камяніцы каля касцёла П.Марыі ў рынку, для паноў і паняў зарэзерваваныя былі, асабліва адна ў Яна Шпіглера, мешчаніна і райцы, у каторай кароль з каралевай сядзеў. Гэты, цешачыся з таго, што кароль дом ягоны наведаў, упамінак падараваў, які кароль, узяць загадаўшы, годна ласкай сваёй узнагародзіў». Апроч таго, «былі дзве трыбуны (spectaculo) на рынку, на адным было шмат паняў і паненак, на другім — суддзі і сам гетман»7.
Важным стымулам да ўдзелу ў еўрапейскіх турнірах было, асабліва на ранніх этапах развіцця турнірнай практыкі, імкненне паправіць сваё фінансавае становішча. Да пераможцы пераходзілі конь і даспехі пераможанага суперніка. Акрамя таго, практыкаваўся захоп праціўнікаў у палон і атрыманне за іх выкупу. Некаторыя, асабліва спрактыкаваныя і ўдачлівыя рыцары зараблялі на гэтым вялікія грошы. Аднак у далейшым узнагарода пераможцы за кошт праціўнікаў стала насіць сімвалічны характар: ён атрымоўваў толькі частку баявога рыштунку, напрыклад, шпору ці ўпрыгожанне са шлема суперніка. Галоўная ж узнагарода, часам вельмі каштоўная — узбраенне, баявыя коні, кубкі, паляўнічыя сокалы й інш. — прадстаўлялася арганізатарам турніра. У традыцыі Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага прыз за перамогу называўся на нямецкі манер, dank, які найчасцей выступаў у выглядзе каштоўнасцяў — кляйнотаў. Сярод іх крыніцы ХVІ ст. узгадваюць залатыя ланцугі, пярсцёнкі і вянкі8.
Як і ў іншых краях Еўропы, пераможцаў на турнірах пры двары Ягелонаў вызначалі суддзі, якія прытрымліваліся пэўных крытэраў. Адмысловыя дадатковыя балы прысуджаліся за скрышэнне коп’яў, траплянне ў шчыт праціўніка, калі гэта прымушала апошняга адкінуць яго, выбіванне суперніка з сядла. Кап’ё трэба было скіроўваць у шлем, шчыт ці нагруднік праціўніка. Штрафныя балы чакалі тых, хто наносіў удары ніжэй нагрудніка, у бар’eр, дакранаўся кап’ём зямлі, раніў непрыяцельскага каня. Пры змаганні на мячах падчас пешых турніраў перамога прысуджалася таму з удзельнікаў, хто наносіў пяць удараў і не выпускаў зброю з рук. Узнагароджанне адбывалася ў два этапы. Адразу пасля турніру, яшчэ ў шранках, уручаўся т.зв. малы dank, а пасля вячэры — галоўная ўзнагарода9.
У выпадку прысутнасці на турнірах высокапастаўленых гасцей, усе яны, незалежна ад таго, перамаглі яны на гульнях ці не, забяспечваліся каштоўнымі падарункамі. У 1401 г. у Кракаве мела месца вартая ўвагі падзея з удзелам князя Вітаўта (які меў хрысціянскае імя Аляксандр), а менавіта зашлюбіны аўдавелага да таго часу Ягайлы з Ганнай, унучкай былога караля польскага Казімера. Святкаванні былі «ўдастоеныя прысутнасцю вялікага князя літоўскага Аляксандра і ягонай жонкі Ганны, а таксама многіх князёў і графаў з розных краёў, якія з’ехаліся на запрашэнне. Калі ж абвясцілі на двары каралеўскім турніры, князі, графы і рыцары на працягу многіх дзён змагаліся паміж сабой на коп’ях і забаўляліся. Па заканчэнні ж вясельных урачыстасцяў як вялікаму князю літоўскаму Аляксандру і ягонай жонцы Ганне, так і астатнім князям, графам і гасцям кароль польскі Уладыслаў аказаў гонар цудоўнейшымі падарункамі»10.
Істотным артыкулам выдаткаў, звязаных з арганізацыяй турніраў, было забеспячэнне ўдзельнікаў і гасцей прадуктамі харчавання. Часткова яны маглі быць кампенсаваныя шляхам назапашвання мяса ў выніку масавых паляванняў. У 1423 г. Ягайла выехаў у Літву, «дзе цэлую зіму правёў, забаўляючыся толькі ловамі і назапашваннем дзічыны ў такой колькасці, каб на прызначаную ўрачыстасць каранацыі (ягонай жонкі Зоф’і Гальшанскай, якое суправаджалася турнірамі. — Ю.Б.) для запрошаных гасцей і прыбываючых асобаў хапіла»11.
Напрыканцы ўзнікае пытанне: наколькі шырокім было ў Вялікім княстве Літоўскім кола ўдзельнікаў турніраў? Выглядае найбольш верагодным, што гэта кола пераважна абмяжоўвалася асобамі, якія стала знаходзіліся пры вялікакняскім двары і складалі бліжэйшае атачэнне манархаў альбо найбуйнейшых магнатаў.
ЗАЎВАГІ
1 Kolankowski L. Zygmunt August wielki książę Litwy do roku 1548. — Lwów, 1913. — S. 324; Kuchowicz Zb. Barbara Radziwiłłówna. Lódz, 1989. S. 106.
2 Kromer M. Historyja prawdziwa o przygodzie zalosnej książecia finlandzkiego Jana i królewny polskiej Katarzyny / Opracował Janusz Maller. — Olsztyn: Pojezierze, 1974. — S. 27—28. Інфармацыя пра гэты турнір ласкава прадастаўленая мне А.Дзярновічам, за што выказваю яму шчырую падзяку.
3 Kolankowski L. Zygmunt August... S. 324—329.
4 История Беларуси (краткий очерк). — Минск, 2002. — С. 34—35.
5 Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłowskie, dz. XXVI, nr. 2. K. 15.
6 Kromer M. Historyja prawdziwa. S. 27—28.
7 Gwanin A. Kronika Sarmacyey Europskiey, w ktorey sie zamyka krolestwo Polskie ze wszystkimi Panstwy, Xiestwy, y Prowincyami: tudziez tez Wielkie Xiestwo Lithew: Ruskie, Pruskie, Zmudzkie, Inflantskie, Moskiewskie y czesc Tatarów. — Kraków, 1611. —S. 223.
8 Górnicki L. Dzieje w koronie Polskiej od r. 1538 do r. 1572. — Sanok, 1855. — S. 45—46; Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dzieł w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T. V. — Pulawy, 1830. — S. 341—344.
9 Chodyński A.R. Zbroje kolcze z gdańskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. — Malbork, 1994. — S. 36—39.
10 Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata 1370—1405. — Warszawa, 1981. — S. 317.
11 Długosz J. Jana Długosza Kanonika Krakowskiego Dziejów Polskich ksiąg dwanaście. T. IV. Ks. XI, XII. — Kraków, 1869. — S. 113, 175, 190, 203, 292, 317.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |