|
Аб прэстыжным шляхоцкім кані
Святлана IШЧАНКА
«Ды яшчэ абiраць дужага, з жылаватым цвёрдым целам, чорнымi, яснымi, не замружанымi вачамi, мясiстымi шырокiмi лапаткамi, такiмi ж грудзьмi, моцнымi i пляскатымi задам i косцю*, сухiмi, кароткiмi й моцнымi нагамi, пляскатымi й прыўзнятымi капытамi, рэбрамi, падобнымi да валовых, кароткiм хрыбтом, галавой таксама сухой, а каркам прысадзiстым, аднак жа не абцяжаным; семеннiкамi i машонкай вялiкiмi, але не абвiслымi, бо гэта азначае слабасць. А напрыканцы — з целам, прапарцыянальным росту, моцным, сцiслым, дужым, [са спiнай] не праседжанай».
* ...Косцю — тут маецца на ўвазе маклок.
(Крыштаф Мiкалай Дарагастайскi. «Гiпiка, альбо Кнiга пра коней».
Кнiга I, раздзел ХII: «Як выбраць стаеннiка».)
Што ёсць неад’емным атрыбутам «новага беларуса»? Прадметам ягонага гонару і клапатлівай увагі, паказнікам дасягнутага высокага жыццёвага ўзроўню? Сродкам не толькi перамяшчэння, але, безумоўна, i дэманстрацыі сацыяльнага статусу, якi дазваляе апярэджваць падзеi, адчуваць сябе гаспадаром часу i прасторы, дэманстраваць рэспектабельнасць, мужнасць i, разам з тым, зухаватасць i спрыт кiроўцы?.. Канешне ж, гэта, «крутая тачка», кажучы па-сучаснаму, — «BMW» сёмай мадэлi, «Ферары», «Мерседэс» або «Порш», у чыiм рухавiку трымцяць i рвуцца наперад «конскiя сiлы» цэлага табуна.
Але яшчэ не дашчэнту сцерліся з нашае памяці часы, калі сапраўдныя мужчыны здабывалi гонар i славу, маючы пад сабой толькi аднаго каня! Без каня ды мяча або шаблi i рыцар быў бы не рыцар, i шляхцiч — не шляхцiч. Усё жыццё было знiтаванае з гэтым чатырохногiм памочнiкам. Конна i збройна рушылi ў паход на татараў, туркаў, шведаў цi маскавiтаў. Коньмi цi конна ехалi ў госцi да суседа, у касцёл. Конна кiраваўся шляхцiч на элекцыю аддаваць голас за караля... У рыцарскай культуры конь з’яўляўся сiмвалам Прыгажосцi i Моцы, разам са святым Юр’ем увасабляў перамогу Дабра над Злом, храбрасць, самаахвярнае служэнне. Вершнік узнімаў меч на дзяржаўным гербе Вялікага Княства — «Пагоні», а на родавых гербах i нагрудных даспехах нярэдка красавалiся выявы то аргамака, то цугляў, стрэменi, падковы. Гаспадары даражылi добрымi коньмi, бо конь — стварэнне жывое, надзеленае i кемлiвасцю, i пачуццямi. Ад паразумення з iм залежала жыццё вершнiка ў баi. Паны выхвалялiся адзiн перад адным пародзiстымi вярхоўцамi.
Для тых, хто сапраўды любіць коней, сённяшні культ аўтамабіля — бледны цень колішняй «гіпаманіі», калі не пародыя на яе, хоць і развіваецца аўтаманія шмат у чым падобным чынам. Давайце сцісла агледзімся, якiя конскiя пароды мелiся ў Вялікім Княстве ды Рэчы Паспалітай i якiя з iх лiчылiся найбольш прэстыжнымi?
На Грунвальдскую бiтву ваяры Вiтаўта прыбылi на калматых конiках, падобных да лясных тарпанаў — маларослых, але вёрткiх ды жвавых. Нашыя конныя харугвы, паводле апiсання бiтвы, «зрывалiся ў палёт накшталт незлiчонага птаства, iшлi адразу, паводле звычаю, наўскач». Лiтоўскiя, або жмудскiя, конi гадавалiся даўней i на тэрыторыi Беларусi, і дагэтуль пароду расплоджваюць на Вiленскiм конзаводзе. Выкарыстоўвалiся унiверсальна. Непатрабавальныя да корму, трывалыя ў працы, вельмi ўстойлiвыя да хваробаў, яны спрычынiлiся да стварэння не адной новай пароды. Схільны да заходняй вытанчанасці, Жыгiмонт Аўгуст не грэбаваў, аднак, мець жмудскiх матак у сваiм племянным кнышынскiм статку.
У XVI ст. набываюць папулярнасць iмпартаваныя пароды. Сярод капiйнiчых коней (г.зн. для цяжкаўзброеных вершнiкаў) нярэдка сустракалiся вараныя фрызы паходжаннем з Галандыi — высокiя, магутныя, «сырога» целаскладу, тугавуздыя i напорыстыя. На каралеўскiх i магнацкiх стайнях бывалi велiчныя iспанскiя ды iтальянскiя «курсоры» i «дзянеты» — верхавыя i для экiпажаў.
Аднак для засваення прастораў дзяржавы, якая раскінулася ад Балтыйскага мора да Чорнага, для аховы межаў узрастала патрэба ў лёгкай кавалерыi. I шляхта ўпадабала коней усходнiх крывей — гарачых, iмклiвых, здольных да доўгага бегу, па-сабачы адданых гаспадару i да таго ж прыгожых той адмысловай, вытанчанай прыгажосцю, якая вiдавочная ўсiм, але напоўнiцу сэнс яе адкрываецца толькi знаўцам.
Вершнік, сын віхру і перамогі, горды сваёй постаццю і панскай пышнасцю свайго каня — будзе паглядаць на пехацінца як на чалавека другога гатунку. «Афіцэр дзьмецца, як бугай», — скажуць з’едліва аб камандзіры пешага аддзелу і дададуць аб ім згодна з духам часу ў макаранічнай манеры дасціпную фразу, у якой змяшчаецца ўсё пачуццё кавалерыйскай вышэйшасці: «Qui non habet kobyłkam — piechotare debet!»*. Стройныя, шумныя і ганарыстыя, з плюмажамі на конскіх галовах, з пазалочанымі лукамі сёдлаў, з сярэбранымі або пазалочанымі страмёнамі на путлішчах, з накручанымі грывамі аргамакаў з лёгкімі завітымі хвастамі, з гунькамі, якія змяняюцца перад вачамі цэлай мазаікай фарбаў Усходу — едзе пасольства Рэчы Паспалітай у Порту, Рым ці да нямецкага імператара. Трыста польскіх коней пасярэбранымі падковамі тапоча тады ў брукі чужаземных гарадоў і абуджае здзіўленне той Рэччу Паспалітай, якая павінна быць «вечнай і нястомнай». У краіне шляхта спаборнічае ў пышнасці конскага рыштунку і адзення.
Застаўся, а пастаўся — «Закладзіся, але пакажы сябе!» — бачылі б вы раскошна апранутага, які горда выязджае на элекцыйнае поле, на кані найцудоўным, у збруі, дзе кожная падпінка аброці, наперсніка ці кантара слепіць вочы бляскам пазалоты ды іскрамі камянёў...
Гэта каларытны звычай Усходу, прыняты цэлым народам разам з прыхільнасцю да яркіх тканін, дзе пышнасць рыцарскай постаці блішчыць і захоплівае раскошай багацця.
(Janusz Wiłatowski. Koń u żyćciu polskim. S. 63.)
* Хто не мае кабылкі — мусіць ісці пешшу!
У 1603 г. у Кракаве з друкарнi Анджэя Пётркоўчыка выйшла «Гiпiка, альбо Кнiга пра коней». Першы ў Рэчы Паспалiтай дапаможнiк па конегадоўлi i коннай яздзе напiсаў вялiкi маршалак лiтоўскi Крыштаф Мiкалай Дарагастайскi, iлюстрацыi выканаў славуты мастак Тамаш Макоўскi. Аўтар «Гiпiкi» шмат увагi ўдзялiў якасцям добрага баявога каня, падбору жарабца i кабылы для атрымання здаровага, «фартуннага» жарабяцi.
Як для Дарагастайскага, жаўнеру найлепш пасуе цёмна-гняды цi сiвы ў яблыкi, у «чорную грэчку» конь без плямаў. Розным «мяшаным» масцям ён не давяраў. Белыя ногi, «зорачкi» i iншыя прыкметы маглi азначаць як заганы характару, хваравiтасць, так i падлегласць няшчасным выпадкам. Несумненна вартым працягнуць род быў жарабец, якi сам вырваўся з пашчы ваўка, вытрываў разам з гаспадаром ваенныя прыгоды, раны. Вельмi хвалiў вялiкi маршалак арабскiх, персiдскiх i турэцкiх коней: «...з вельмi тонкай i вострай кемлiвасцю i вялiкай памяццю... кожнага з якiх за адзiн месяц прывучыш да таго, да чаго iншых — анi за дванаццаць». Прыродная гнуткасць i падатлiвасць, уласцiвыя гэтым пародам, аказалiся вельмi прыдатнымi для фехтавальных двубояў, дзе рухi адбываюцца паводле кругавога прынцыпу.
Асаблiвае замiлаванне паноў-гадоўцаў выклiкалi арабскiя конi. У Рэчы Паспалiтай склаўся, без перабольшання, культ гэтай пароды! «Хто не сядзеў на сiвым — не сядзеў на добрым», — прыказка мела на ўвазе распаўсюджанасць сiвой масцi ў арабчыкаў. Агромнiстыя табуны падзялялiся здаўна на гетманскiя й султанскiя, у апошнiх заводчыкi старалiся захоўваць чысцiню ўсходнiх крывей. Славiлiся статкi Любамiрскiх, Вiшнявецкiх, Сабескiх, а пазней — Радзiвiлаў, Патоцкiх, якiя не саступалi найлепшым табунам падзiшаха. Атаман Канасевiч-Сагайдачны выводзiў выдатных светла-шэрых жарабцоў з чорнай скурай. Ганаровае званне султанскiх мелi таксама статкi князёў Сангушкаў у Заслаўi, Бранiцкiх i Ржэвускiх, заслужанага ў конегадоўлi, багатага роду Гiзыцкiх.
Хто хацеў мець прыгожых коней, мусіў мець прыгожых жарабцоў і кабыл — таму не адзін чырвоны дукат вандраваў у паганскія краі, каб з «пясчанай Аравіі» ці далёкага Егіпта прыводзіць у польскія стайні шляхетныя стварэнні, калі здабытых неставала, а новых набораў супраць паганцаў не прадбачылася. Але, перадусім, мілыя, найдарагія, вартыя найбольшых ушанаванняў і павагі — былі ўласна коні «чыстай арабскай крыві».
Так мог выглядаць жарабец Casus Belli, якога жарабём купіў іхмосць пан берасцейскі ваявода ў Бучачу каля 1630 г.: «Шырокі роўны лоб, на ім віхор у форме зоркі, які значыць высокі розум і вернасць. Вушы тонкія, гладкія, трапяткія, вочы пабліскваюць, цёмныя, як азёры, — вочы, што ведаюць рэчы нязнаныя і ад людзей утоеныя. Храпа дрыготкая, і гарачая, і мяккая, і чулая толькі ў пяшчоце. Грудзі, як скляпеністая брама, на іх другі віхор, віхор адвагі, якую нічым не адолець. Шыя лебядзіная гладкая, а тут ужо трэці віхор, доўгай стралой, якая знамянуе недасягальны палёт. На чорнай скуры поўсць колеру блакітнай сталі... Блікі на ёй, як па вастрыі шаблі. Цёмныя пяцікратныя плямы, званыя пальцамі Магамета».
Апісанне з усходняй літаратуры, запісанае ўнучкай непараўнанага аматара коней Юліюша Косака, пані Соф’яй Шчуцкай (J. Wiłatowski. Koń u żyćciu polskim. S. 39).
Палякi збераглi племянныя лiнii сваiх арабскiх коней аж да пачатку ХХ ст. — насуперак усiм войнам, крызiсам i стратам. Пагiбельным для iх стаў прыход бальшавiкоў, якiя, напрыклад, у Славуце вынiшчылi завод лепшых высакародных арабчыкаў. Тых, што ацалелi пасля правалу паходу Тухачэўскага, вывезлi гiтлераўцы ў Нямеччыну.
Кроў усходнiх вытворнiкаў мелi ў сабе лепшыя тутэйшыя пароды. Так, на прыволлi ўкраiнскiх стэпаў гадавалiся падольскiя конi, якiя неслi ваяроў да перамог пад Кiрхгольмам, Хоцiмам, Венай... Падольскiх коней было вельмi шмат, але ў вынiку шматлiкiх войнаў яны страчаны.
Вартасць, перавагі падольскага каня сведчылі на ягоную карысць. У той час, калі на захадзе Еўропы шукалі ў кані максімум добрых якасцяў, якія б акупляліся ў баі, полі й доме — паляк, акрамя іх, шукаў у сваім кані прыемнасці, малайцаватасці, славы. Хацеў, каб конь гэты выратаваў яго з «цяжкіх тэрмінаў» на полі бітвы, спраўна працаваў на ягонай раллі, быў жвавым і ахвочым, калі трэба было ехаць з сокаламі на дрофаў, сайгакаў ці зайцоў, — ажно каб знайсці ў ім выйсце для сваёй шчодрасці і фантазіі, энергіі, каб здабыць на ім права на славу, каб яго не падвёў нідзе і ў ніводнай патрэбе, — такім уласна быў падольскі конь.
(Януш Вілатоўскі пра падольскага каня. С. 31.)
Таксама не пашанцавала i каню польскаму, якi служыў патрэбам шляхты як Кароны, так i ВКЛ, — гэты тып канчаткова знiк у пачатку ХХ ст. Конi польскiя былi вядомыя сваёй энергiчнасцю i дужасцю амаль ва ўсёй Еўропе, iх, а таксама вершнiкаў, малявалi Абрахам дэ Бруiн, Шарль Эрард, Ян Элiяс Рыдынгер, Рэмбрант ван Рэйн. «Досыць рослыя — менш хуткiя за турэцкiх, аднак мацнейшыя i прыгажэйшыя за iх, ходзяць пераважна iнахаддзю», — пiсаў пра iх папскi нунцый Фульвiо Руджэры. Насуперак перасцярогам К. М. Дарагастайскага, сярод коней польскiх, мяркуючы па вядомых выявах і лiтаратурных крынiцах, былi распаўсюджаны пярэстая й тарантаватая масцi. Таму, верагодна, яны паслужылi Уладзiмiру Караткевiчу прататыпам дрыкгантаў («Дрыкгант» (састар.) — жарабец.)
Iншаземцы нямала дзiвiлiся багаццю ўпрыгажэнняў шляхоцкiх коней — так гаспадары паказвалi не толькi заможнасць i густ, але i сваю павагу да чатырохногiх сяброў. У XVI ст. у татараў быў запазычаны вайсковы звычай падвешваць на агалоўi аброцi з барвянай скуры, пад конскiм горлам, бунчук — кутас з сiвога (у шараговых) цi з чорнага (у камандзiраў) конскага воласу ў форме цыбулiны, апраўлены ў шарык з латунi цi каштоўных металаў. Паводле гусарскае моды на грудзях каня звязвалi лапамi шкуру рысi цi iншага драпежнiка. Сёдлы-кульбакi, падобныя да мексiканскiх, пакрывалi таксама шкурамi альбо найдарагiмi тканiнамi.
Выязджаць на неўпрыгожаным кані, нават на поле бітвы, лічылася благім тонам. Падчас венскага паходу кароль Ян Сабескі аглядаў пры першай сустрэчы свайго даўняга суперніка па стальцы, князя Карла Латарынгскага. Не прамінуў падрабязна і з лёгкай іроніяй напісаць каханай Марысеньцы, як аб рэчы важнай, якую ўпускаць не варта: «Конь нядрэнны — сядло старое, аброць на кані простая, раменная, дрэнная вельмі і старая. У гэтым усім няма выгляду купца ані італьянца, ані пачцівага чалавека з пасадай».
(Janusz Wiłatowski. Koń u żyćciu polskim». S. 63—64.)
Апагею раскошы i нават вычварнасцi конскiя аздабленнi дасягнулi ў XVIII ст., калi Рэч Паспалiтая пераняла ад Заходняй Еўропы манежную язду, конныя каруселi, дрэсуру коней. У другой палове XVIII ст. на багатых стайнях часта меўся неапалiтанскi конь, якi лiчыўся тады найлепшым для вышэйшай школы коннай язды, — рослы, з доўгiмi нагамi, высокай i тонкай шыяй, маленькай галавой. Ён высока падымаў ногi й грацыёзна iх ставiў. На такім, відаць, кані, ездзіў Граф у «Пане Тадэвушы». Для шасцiконных высокiх карэтаў у часы Аўгуста III Саса (1733—1763) куплялi вялiкiх нямецкiх, дацкiх, прускiх, сiлезскiх, iспанскiх коней. А паколькi ногi ў iх былi грубыя i калматыя, поўсць выскрабалi шклом, каб выглядалi гладкiмi ды стройнымi. У запрэжку падбiралi жывёлаў аднолькавых масцi, росту, складу, ды яшчэ каб яны прыгожа выносiлi ногi ў бегу.
Апошні кароль і вялікі князь Станiслаў Аўгуст Панятоўскi захапляўся Ангельшчынай — яе парламенцкай сiстэмай, яе паркамi, фабрыкамі, манерамі яе джэнтльменаў. Услед за каралём прыдворных ахапiла англаманiя, i, адпаведна, самай прэстыжнай пародай стала чыстакроўная верхавая. Дзякуючы ёй шляхта пераняла ў брытанцаў скáчкi ды парфарснае паляванне. Як паведамiў аўтарцы гэтага артыкулу галоўны захавальнiк кабiнету польскiх малюнкаў Нацыянальнага музею ў Варшаве Кшыштаф Заленскi, першыя пробныя скачкi чыстакроўных верхавых адбылiся ў Варшаве ў 1777 г., выйграў конь графа Ржавускага, апярэдзiўшы на фiнiшы на 40 крокаў каня ангельскага пасла. У 1841 г. у Варшаве ж прайшлi ўжо афiцыйныя спаборнiцтвы.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай i страты незалежнасцi нацыянальны дух знаходзiў выражэнне i апiрышча ў творах мастакоў Аляксандра Арлоўскага, Януарыя Сухадольскага, Юлiюша i Войцеха Косакаў, Максiмiлiяна Герымскага i iнш. Пад iх пэндзлямi паўставалi атакі крылатых гусараў, сцэны панскага дабрабыту, ажывалi даўнiя традыцыi. I паўнапраўнымi героямi карцiнаў побач з людзьмi былi конi, намаляваныя з любоўю i веданнем прадмету, конi як сiмвалы непераможных рамантычных iдэалаў — свабоды, мужнасцi, высакародных памкненняў.
...I льюцца песняю з напевам сумным, родным:
Пра беднага салдата, што брыдзе лясамi,
Нядоляй змораны i голадам, часамi,
I ўрэшце падае з каня, бо страцiў сiлу,
А конiк ножкай рые для яго магiлу.
Старая песня! Як яе паслухаць мiла!
Пазналi ўсе яе, дык войска абступiла
Цясней музыку. Слухалi i ўспамiналi
Той страшны час, калi радзiму пахавалi.
(«Пан Тадэвуш»)
У любасцi да коней некаторыя ўладальнiкi даходзiлi амаль што да абагаўлення iх, выклiкаючы нараканнi святароў. Выдатным скакунам прысвячалi вершы, ставiлi помнiкi з эпiтафiямi. Конь быў апошняй надзеяй паўстанца, даючы яму адчуванне волi i няўлоўнасцi для ворагаў, i апошняй уцехай збяднелага гаспадара. З канём i коннай яздой лучылiся найшчаслiвыя жыццёвыя ўспамiны i нават — як пiсаў Януш Вiлатоўскi — «любоў да Айчыны, дзе гэты конь уласна ад жарабяцi рос».
I цяперашняе з’яўленне i памнажэнне, прынамсi ў сталічным Менску, клубаў аматараў коней i прыватных конеўладальнiкаў — цi не сведчыць пра тое, што ніякія высілкі дызайнераў ды тэхнолагаў, ніякія цуды цюнінгу не могуць цалкам задаволiць людскiя пачуццi? Бадай, і сёння, як стагоддзі таму, толькi ў судакрананнi жывых iстотаў, у звароце да сiлаў прыроды й генетычнай памяцi продкаў магчыма перажыць нi з чым не параўнальныя адчуваннi шчасця, радасцi, дабрынi, душэўнае i цялеснае разняволенасцi, уласнае моцы.
Лiтаратура
1. Cękalska-Zborowska H. Koń malowany. Warszawa, 1981.
2. Dorohostajski K. M. Hippika o koniach. Kraków, koło 1730.
3. Wiłatowski J. Koń u żyćciu polskim. Warszawa, 1927.
Крыштаф Мікалай Дарагастайскі
Гіпіка, альбо Кніга пра коней
Кніга I
Раздзел ХІ.
Пра постаць і прыгажосць
Не досыць засвоіць прыкметы, па якіх можна вызначыць добрага каня — варта таксама ведаць, якога кшталту [ён] павінен быць, каб, угледжваючы гэта, ты хутчэй заўважыў, што пры добрых знаках аздабляе, а што псуе. Таму я пачну апісанне прыгожага і добрага каня не сам са сваёй галавы, але з Вергілія, які піша ў «Георгіках», кнізе 3-й, гэтак:
Тых, каго вырашыў ты гадаваць у надзеі на племя,
Пільнай турботай сваёй атачы ад самога маленства.
Перадусім, жарабя найпякнейшых заводаў на лузе
Высакародней ступае і ногі сгінае шляхетней;
Першым бяжыць па дарозе і скочыць у вірныя плыні,
Смела сябе давярае яшчэ невядомаму мосту;
Шумаў пустых не палохаецца; яго шыя крутая,
Пругкі жывот, найзграбнейшая мыса, крамяная спіна,
Моцныя грудзі наліты цягліцамі. Найпрыгажэйшай
Лічыцца масцю гнядая й мышастая, колер найгоршы —
Белы й буланы. Ледзь толькі здалёк данясецца шум бітвы,
Конь ужо мкнецца наперад, трымціць і вушамі варушыць,
Поўніцца полымем і выдыхае яго цераз ноздры,
Грывай густою трасе, праваруч на плячо адкідае.
А паміж рэбраў лагчына праходзіць хрыбта. Аб зямлю ён
Б’е капытом — і далёка чуваць, як грыміць рагавіна.
(Пераклаў Андрэй Хадановіч)
Тут Вергілій, апісваючы конскую прыгажосць, успамінае як найлепшую гнядую масць, [але] ганіць белую і паловую. Платон жа ставіць сівую над усімі іншымі, не згаджаючыся з ім, але прыгадвае іншыя крытэрыі прыгажосці. Гамер надае добраму каню вартасці ад трох істотаў: ад ваўка — вочы, пражэрлівасць і моц у перадзе; ад лісіцы — малыя і вострыя вушы, густы й доўгі хвост, прыўзнятую, лёгкую і прывабную хаду; ад жанчыны — грудзі, хараство й касу, то бок прыгожую грыву, ды ласкавасць пры пасадцы й цярплівасць. Іншыя дадаюць яшчэ двух звяроў: ільва, да якога [конь] павінен быць падобны вялікім розумам, дужасцю і смеласцю, і зайца, у якога мусіць запазычыць лёгкі й доўга трывалы бег, а таксама гнуткасць. Не забывае пра гэта, апісваючы тых жа звяроў, Камерарый1; Кардан2 жа ў 10-й кнізе de Subtilitatibus3 хоча, каб конь меў 25 упрыгожанняў, узятых ад дзевяці звяроў, што пералічваць было б занадта доўга. Бо, на маю думку, яны бяруць шмат; я вазьму траіх звяроў, адкінуўшы іншых, і прыраўняю да каня: ільва, аленя і лісіцу. Ад ільва [конь] павінен узяць падобныя вочы, грудзі, хараство, смеласць, няхуткую гняўлівасць, моц як спераду, так і ззаду, і ў карку, гнуткасць і пражэрлівасць. Ад ліскі ж — хаду прыгожую, лёгкую і хуткую, вушы, хвост (а што разумею пра хвост, тое таксама і пра грыву), і чуласць, і асцярожнасць. А ад аленя — галаву, сківіцы, шырокае горла, шыю, ад галавы тонкую, а ля грудзей тоўстую, ногі, [капытны] рог, бег і поўсць з кароткім бліскучым воласам. У гэтых трох звярах можа змяшчацца ўсё тое, што іншыя прыпісваюць многім. Бо што датычыцца цярплівасці і спакойнай пасадкі, гэта паходзіць не столькі з натуры, колькі з добрай выездкі, пасля чаго можа з’явіцца мноства розных вартасцяў.
Але найпільней разглядаць павабнасць конскай знешнасці трэба, пачынаючы ад капытоў (бо гэта фундамент цялеснай махіны, на чым [конь] ходзіць і стаіць) аж да галавы. Адсюль перш за ўсё [важна], каб капыт быў чорны, шырокі, пакаты, знутры жалабкаваты. Пятка — высокая, бабка нізкая, не калматая, калена акруглае і каб выдавалася хутчэй наперад, чым назад; нага акруглая, дужая, сухая і жылаватая, але не мясістая. Грудзі — шырокія, не абвіслыя. Лапаткі плоскія, шырокія, не прадаўгаватыя. Шыя прыўзнятая, але не тоўстая, сціслая. Карак дужы, вушы маленькія, вытанчаныя, жылаватыя, унутры не калматыя, трохі нахіленыя ўперад. Галава невялікая, сухая, паміж вушэй шырокая, сківіцы шырокія, але не мясістыя, вока чорнае выпуклае, вусны цвёрдыя і не абвіслыя, ноздры ёмістыя. Бакі акруглыя, чэрава не пукатае, сцёгны падцягнутыя, аднак жа не мелкія; спіна ўздоўж хрыбта быццам раздзеленая папалам, зад плоскі, не востры. Грыва і хвост доўгія, а валасы ў іх рассыпістыя і трохі кучаравыя. Паколькі ўсё гэта разам — рэдкая знаходка, калі ўбачыш такога [каня], можаш яго горача палюбіць і трымацца за яго, як п’яны за плот, бо рэдкі Fœnix4 на свеце.
ЗАЎВАГІ
1 Камерарый Іаахім (Camerarius, 1500—1574) — выдатны нямецкі вучоны, прафесар у Нюрнбергу, Цюбінгене і Ляйпцыгу. Пакінуў некалькі адметных працаў па філалогіі, палітычнай і царкоўнай гісторыі.
2 Кардан Джыралама (Cardanus Hieronimus, 1501—1576) — італьянскі ўрач, матэматык і філосаф.
3 «Пра вытанчанасць» (лат.).
4 Fœnix — фенікс, міфічная птушка; тут у значэнні: унікум, адзіны ў сваім родзе.|
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |