|
СЛОВА РЭДАКТАРА
Ад мяжы XV–XVI стст., калі музеі як тыпалагічна аформленая з’ява паўсталі ў еўрапейскіх краінах, да сённяшнаяга дня музейныя зборы застаюцца ўніверсальным інструментам пазнання часу і навакольнага свету. Вельмі характэрная назва першых невялікіх італьянскіх збораў, змешчаных у кабінеты для заняткаў і роздумаў – «студыёла» (studiolo). Што розніцы, калі класічныя кунсткамеры – узгадаем таксама гэтую пашыраную назву – аб’ядноўвалі розныя па характары зборы, творы чалавечых рук і натхнення і стварэнні прыроды пад адным дахам, а сучасныя кунсткамеры з’яўляюцца аб’яднаннямі разнастайных згодна профілю музейных інстытуцыяў пад адной шыльдай. Прыгадаем больш за дваццаць разнастайных буйнейшых амерыканскіх музеяў, злучаных у структуру Smithsonian Institution.
Беларускі збіральніцкі рух істотна не спазняўся ў параўнанні з падобнымі ініцыятывамі еўрапейскіх суседзяў. Справа рухалася коштам намаганняў вялікакняскай і магнацкіх сем’яў. Вялікія калекцыі Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, уключаючы бібліятэку і зборы мастацкіх тканінаў, не горшыя па якасці набыткі Мікалая Радзівіла Чорнага і ягонага сына Мікалая Хрыстафора Сіроткі ў Нясвіжы распачынаюць гісторыю беларуска-літоўскага прыватнага калекцыянавання.
У XIX ст., наследуючы агульную тэндэнцыю адукаванай Еўропы, беларускія прыватныя калекцыянеры спрыяюць узнікненню публічных музеяў, першым з якіх у 1856 г. стаўся ініцыяваны Яўстахам Тышкевічам Віленскі музей старажытнасцяў. Перажываючы цяжкасці, звычайна звязаныя з няпростымі момантамі палітычнай гісторыі краіны, як той жа акт цэнзуры Віленскага музею М.Мураўёвым пасля паўстання 1863 г., музейная справа Беларусі ў XIX–XX стст. развівалася, увасабляючыся ў новыя задумы і праекты, новыя зборы ў Вільні, Віцебску, Мінску, Горадні, Гомелі, Полацку.
21–22 траўня 2004 г. часопіс «Спадчына» наладзіў канферэнцыю «Аспекты супольнай гісторыі і культуры народаў былой Рэчы Паспалітай». Так адзначалася
25-я гадавіна адкрыцця Музею старажытнабеларускай культуры Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, а таксама ўшаноўвалася светлая памяць яго першай дырэктаркі – Вольгі Васільеўны Церашчатавай, з якой мы развіталіся 30 сакавіка 1992 г. Успаміны Ю.Хадыкі пра ўзнікненне Музею, буйнейшай народнай ініцыятывы ХХ ст. у Беларусі, артыкулы былых і сённяшніх яго супрацоўнікаў – В.Бажэнавай, М.Віннікавай, Ю.Піскуна – увайшлі ў гэты нумар (дзякуем за афармленне М.Мельнікаву). У іх, няхай фрагментарна (далёка не ўсе сабраныя матэрыялы публікуюцца), адлюстравана гісторыя ўзнікнення калекцыі і методыка працы даследніка, заснаваная на пошуках аўтэнтычных аб’ектаў культуры і іх навуковым вывучэнні. Актуальная праблематыка, якая дазваляе даць вартасную адзнаку сапраўдным музеям на фоне сучасных муляжоў прыдуманай гісторыі, такіх, як «лінія Сталіна». Канферэнцыя 2004 г. і яе другая частка, што адбывалася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, дазволіла сабраць і прадставіць у гэтым выпуску часопіса некалькі матэрыялаў па беларускім музейніцтве розных гістарычных часоў. Немагчыма было абмінуць лёс Беларускага музею Івана Луцкевіча ў Вільні. Толькі апошнія 15 гадоў гучыць тэма музейнага жыцця часоў нямецкай акупацыі другой сусветнай вайны.
Як сапраўдная кунсткамера, не абышоўся музейны нумар часопіса без матэрыялаў кніжных калекцыяў і рукапісаў. Унікальнай з’яўляецца публікацыя рукапісу М.К.Агінскага, прапанаваная С.Немагай, – сведчанне не толькі тэарэтычнага узроўню беларускага арыстакрата-музыкі, але і захаплення даўніной, на якой грунтуецца праца яе збіральнікаў.
Рэдакцыя часопіса зычыць чытачу прыемнага чытання, прыносіць глыбокія прабачэнні за доўгі перыяд спазнення, абумоўлены часовай адсутнасцю сродкаў на выданне, і запэўнівае, што бліжэйшы нумар, тэматычна прысвечаны «далітоўскай» гісторыі Беларусі і хрысціянска-дэмакратычнай думцы, выйдзе з друку без затрымкі.
Аляксей ХАДЫКА.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА
|